epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"У гэтую ноч бяззорную, сівую..."

У гэтую ноч бяззорную, сівую

Вятры зімы распачалі грызню...

Я па табе сягоння не сумую,

Цябе чакаць не буду ўпершыню.

 

Узлёт задум маіх імклівых, вышай

Тых стромых гор, што падзялілі нас.

З далёкіх даляў зноў і зноў ты пішаш,

Што прамінуў даўно чакання час...

 

А свет увесь — як снежная пустыня,

Мятуць снягі, схаваўся ў норы звер...

Вось дзверы рыпнулі, і раптам з белай

стыні

Ліст ад цябе ізноў нясе кур’ер.

 

Зноў бісер літар б’е па сэрцы шротам,

Дакор ірве на часткі цішыню...

Я прымірыўся сёння з адзінотай,

Цябе чакаць не буду ўпершыню.

 

1946


1946