epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

У тайзе

На світанні ў шэрай стыні

Устае марозны дзень.

Рогі на спіну закінуў

І бяжыць тайгой алень.

 

Змоўкне хруст у стылых нетрах.

Прыпыніўшы раптам бег,

Ён абнюхвае паветра,

Капытом б’ючы аб снег.

 

Ловіць шолах таямнічы

Ён над мёртвай цішынёй:

Ці не ходзіць паляўнічы

Тою дзікай стараной?!

 

Цішыня. У сінім ранку

Расплываецца туман,

Дым клубіцца над ярангай,

Дзе відаць качэўя стан...

 

Стрэл! Упаў ён на калені,

Снег зачырванеў крывёй,

І смяротны крык аленя

Аглушыў тайгі спакой...

 

...Можа, так і я загіну,

Ідучы па сцежцы той,

І ў вачах маіх застыне

Водбліск знічкі залатой...

 

1946


1946