epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Усё міне, а праўда застанецца..."

Усё міне, а праўда застанецца,

На ўсё жыццё пакіне росчырк свой.

У тлуме спраў ці раз успамянецца

Тых вечароў нямое хараство:

 

Над цёмнай рэчкай шолах чарацяны,

Размова з небам стогадовых ліп...

Не паўтарыць такога пачуцця нам,

Што раз да нас прыходзіць на зямлі!

 

Спакойна, сэрца! Даўнія падзеі

Пакрыты часу жорсткаю жарствой,

А ты жывеш, празрыстая надзея,

І забыццё не сцерла вобраз твой!

 

А што яшчэ? Не хоча ў тым прызнацца

Душа, усхваляваная былым,

Што ты — яе парываў лепшы знаўца,

Што ты — яе адмоўнасць і уплыў.

 

Хай сплавам дружбы сэрцы будуць зліты,

Яе ж збіралі доўга пакрысе,

Яе, прайшоўшую скрозь полымя іспытаў,

Як цень былых пачуццяў пранясем.

 

Сумнення цень да нас не падкрадзецца,

Не стане здань разладу на мяжы,

Бо ўсё міне, а праўда застанецца,

І толькі ёй адной заўсёды жыць!

 

1954


1954