epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Успамін

Зубчастых гор зігзаг няроўны

Асветлен бляскам масянжовым.

У гушчары драмалі жоўны,

Крычалі ў зарасніку совы.

 

Бяздонны свет абліты срэбрам,

А цішыня, як груз свінцовы,

Лягла на сланцавыя рэбры,

На трыснягі і на ядловец.

 

Рачушка бегла без аглядкі,

Пятляла па шырокім логу,

Дзе нашы белыя палаткі

Стаялі ў рад каля дарогі.

 

Дымок круціўся колцам едкім,

Трашчалі смольныя карчагі.

Тут пачыналі мы разведку,

Тут першыя стаўлялі штагі.

 

Тут па адхонах скалаў голых

Шукалі кварцавыя жылы,

Тут мы — тапограф і геолаг —

Калісьці моцна падружылі.

 

Як зараз бачу стан дзяўчыны

Каля трыногі нівеліра:

Нібы ўвесь свет вачам адчынен

І ў іх — здзіўлення позірк шчыры.

 

У парфірыт, у даламіты —

Гор непадатлівыя целы —

Мы білі штольні дынамітам,

Мы тою працаю гарэлі.

 

Мы дамагаліся, каб сцерці

На карце краю таямніцы,

А таямніцам нашых сэрцаў

Не стала часу, каб раскрыцца...

 

1954


1954