epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Вэтэран

Салдат былой вайны пакульгваючы йдзе.

Зарубцаваны шрам на твары — метка лёсу.

Юнача мой, заўваж па выпраўцы, хадзе,

Што перажыць яму на свеце давялося?!

 

Ты бачыў — буйны град да долу гне калоссе,

Калі ж заціхне гром, паўстане дзе-нідзе

Такое, што зламаць віхурам не ўдалося,

Што без пары к грудзям зямлі не прыпадзе.

 

Такіх пазнаеш ты па мужных рысах твару,

Па рэдкіх слоў вазе і позірку цяжкім,

Дзе нібы тлее жар далёкага пажару

 

Ці водбліск бліскавіц адсвечвае у ім.

З такіх не зробіць страх сабе сляпой ахвяры,

Калі нахлыне бура з рокатам глухім...