epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Вячэрні Мінск

Калі загараюцца ў горадзе родным агні

І мякка кладуцца на сцены яго светацені,

Я Час заклікаю: вярні,

хоць на момант вярні

Стракаты ўспамін

у ружова-праменным спляценні!

 

Па-даўняму на паваротах скрыгоча трамвай,

Блакітныя іскры выкрэшвае сіні тралейбус,

І спіць, не паспеўшы пажоўкнуць,

у парках трава,

Дзе снег прыцярушыў

яшчэ не застыўшую глебу...

 

Мой горад!

Суровай і строгай твая прыгажосць

Стваралася ў дні,

калі памяць вайны не астыла.

І камень твой кожны

любоў сагравала, не злосць,

І сонца Наступнага з кожнае шыбы свяціла.

 

Мой горад,

паклаўшы на сэрца руку, я скажу:

Памножыўшы веру і мужнасць

на гарт і адвагу,

Ніхто з нас не кляўся

ні кнігам святым, ні крыжу,

Каб вернасць табе захаваць,

як пад сцягам прысягу!

 

Праз бедствы ваеннай разлукі

з нас кожны пранёс

Нязменнасць пачуццяў,

высокай любові гарэнне,

Каб шчасцем вяртання,

як токам працятым наскрозь,

Шчакою прыпасці

да цёплых ад сонца каменняў...

 

Як з попелу казачны птах,

ты узняўся з руін

Да светлых вышынь,

перамытых праменным разводдзем,

Каб люд разнамоўны

з далёкіх ці блізкіх краін

Нямеў ад здзіўлення —

кім стаў ты за чвэртку стагоддзя!

 

Я ведаў калісьці

і ведаю гэта цяпер:

Цябе я не ўслаўлю

радком сваім сціплым і сціслым.

А ўсё ж запаветнаму слову паэта павер,

Хай шчырасць прызнання

падслухае ціхая Свіслач:

 

Я твой з нараджэння,

ўлюбёны ў цябе старажыл,

Твой муляр,

Што ўклаў не адну ў твой падмурак цагліну,

Каб пыл руйнавання пракляўшы,

ты тройчы ажыў

Ва ўсім харастве

і ва ўсёй прамізне

строгіх ліній...

 

Калі загараюцца ў горадзе мілым агні

І блізіцца поўнач,

я Часу нагадваю часта:

Старонку жывую пражытага дня адгарні,—

Хай, сонцам заліты,

дзень заўтрашні свеціцца шчасцем!

1970


1970