epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Вячэрні звон

Як гучна льюцца галасы званоў,

Нібы закляцця моц з іх раптам спала

І разарвала ў ланцугу звяно,

Што рух часін на прывязі трымала.

 

Вячэрні звон — палоннік нематы —

Маўчун абезгалоўленай званіцы,

І я маўчаў дзесяткі год, як ты,

Прыкуты да пакутнай калясніцы...

 

Я не вяду падлік хадзе падзей,

Час, летапісец мудры, іх падлічыць.

Я пад зямлёю гінуў і ў вадзе,

Забойцаў бачыў брыдкія абліччы.

 

Той час, як пралля на верацяно,

Намотваў дзей-падзей суровых ніці.

Праз краты сонца не было відно,

І подых волі мог мне толькі сніцца...

 

Я ўсё чакаў, што цемры таўшчыню

Прабіўшы, праз астрожнае ваконца

Загляне, усміхаючыся дню,

Надзеі незаплямленае сонца...

 

Так нас, калісь бяспёрых арлянят,

Вучыў прасцейшай мудрасці Купала,

Што сілу можа даць толькі Зямля

І крылы, што на ўзлёт нам не хапала.

 

Хіба без іх прайшоў бы ўсе кругі,

Што нават Данту не маглі прысніцца,

Дзе залівала Сцікса берагі

Людская кроў — не мутная вадзіца...

 

Была й мая душа ў тых кіпцюрах,

І хоць не стаў сцярвятнікаў здабыткам,

А гнаў яе у пяткі дзікі страх,

Цынга-зладзейка цапала за лыткі.

 

А я жыву. Я чую, як званы

Нясуць свой спеў над Свіслаччу-ракою,

Як гасяць помсты вогнішчы яны,

Разносяць гукі згоды і спакою.

 

І доўга-доўга рэха іх гудзе,

І вечаровы цёплы змрок гусцее,

І на вачах маіх згасае дзень

Яшчэ адной няздзейсненай надзеі...

 

1991


1991