epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Вясна маладосці

Я чую ўсім сэрцам

прыход твой, жаданая госця,

Лаўлю тваю ўсмешку,

трымценне заранкі ў вачах,

Вясна аднаўлення,

вясна залатой маладосці,

З красою-касою,

з праменняў заплеценай проста,

На зграбных, нягнуткіх

пакатых дзявочых плячах!

 

Уся ты ў абноўках,

сатканых з пярэстых вясёлак,

Ў маністах азёраў,

у стужках завілістых рэк,

Уся ў аксаміце,

што сцелецца рунню па долах,

З брывамі чарнявых бароў

і мігценнем павек

Ідзеш ты, як пава,—

і ўсё ажывае наўкола...

 

Ідзеш —

і прыветна схіляе зялёнае вецце

Танклявых бярозак

крыху сарамяжлівы гурт,

І штосьці нашэптвае вербам

задуманы вецер,

І краскі вітаюць чмялёў барытонавы гуд,

І песня твая разлятаецца рэхам па свеце...

 

Вясна маладосці!

На сонечна-сінім узмежку,

Як помнікі часу,

мы памяць аб тых збераглі,

Хто паў у баях,

хто прайшоў партызанскія сцежкі,

Каб ты маладою красуняй

прайшла па зямлі

Раздорваць

святлістага шчасця праменныя ўсмешкі!..

 

Твой поступ спакойны

назад аніхто не паверне,

Хоць гул навальніц

далятае аднекуль з-за хмар,

Хоць зброяй пабразгвае хтось

ваяўнічы празмерна...

Растуць на зямлі веліканы

з драбнюткага зерня,

Паўвека назад,

што пасеяў народ-гаспадар!

 

Вясна маладосці!

У крузе сяброўскім і цесным

Вітаюць цябе

і юнак і стары ветэран,

І ў гонар табе

узлятае арліная песня,

Зганяючы прэч

чорнай змовы атрутны туман,

Каб чыстым было над Радзімай

тваё паднябессе!

 

1967


1967