epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Вясна на поўначы

Зноў вясна. І ў гэтым сэнс

Існавання свету.

Белы заяц акасеў,

Верне дзень на лета...

 

Сонца шчодра прыграе

Голыя узгоркі,

Чысціць кіпцікі свае

Чорная вавёрка...

 

Сабаліныя сляды

На сняжку расталі,

Волас з белага рудым

Стаў у гарнастая...

 

Сланнік з-пад сумёту ўстаў,

Абтрасае голле.

Пастрайнеў прыгожы стан

У лістоўніц голых...

 

А на сонцы, на груду,

Выскачыўшы з ямкі,

Паласаты бурундук

Заклікае самку.

 

Пра каханне ёй пяе

Радасна і звонка...

Значыць, будуць у яе

Два ці тры дзіцёнкі..

 

І, адлежаўшы бакі,

Абсмактаўшы лапы,

Рушыць гаспадар тайгі,

Мішка касалапы...

 

Поўнач, Поўнач! Цішыня,

Веснавая гліца!..

Не змаўкаючы звіняць

Ключыкі-крыніцы...

 

Наталяў шукальнік-зух

Вамі сваю смагу...

...А за прыіскам грызуць

Грунт каўшамі драгі...

 

Тэрыконаў канусы

Неба падпіраюць,

Ды вясёлак паясы

У сем столак граюць...

 

Хараству няма мяжы,

Неба — ў сінім глянцы...

Па шлюзах вада бяжыць,

Прамывае сланцы...

 

Поўнач, Поўнач! Хмарак бег

Па нябёс раскошы!..

Я ж сумую па табе,

Па маёй харошай...

 

Снішся мне ты: ад красы

Я тваёй нямею...

Валасы у дзве касы —

Залатыя змеі

 

Абвілі маю душу,

Паланілі сэрца.

Мару я адну нашу,

Каб з табой сустрэцца.

 

Пачакай жа трошкі хоць —

Вернецца нябога!

За другога не выходзь,

Не любі другога!

 

Поўнач, Поўнач! Край дзівос,

Самародкаў сховы!

Звёў мяне з табою лёс

На шляху жыццёвым.

 

Дружбай злучаны адной

Мы з табой, як з братам.

Залатое тваё дно

Я рукамі кратаў.

 

Ну, а сёння павяло

На радкі паэта

(Не такое гэта зло,

Скажам па сакрэту!).

 

Бо вясна-краса наўкол

Загуляла ліха...

...Пад кустом з бурундуком

Спіць бурундучыха...

 

1947


1947