epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Вечары

Ты чуеш? Мякка крочаць вечары

Над павуціннем высветленых вуліц,

Над пенай хмар, застылаю ўгары,

Над стужкай мілай Свіслачы-крывулі.

 

Гары, душа, ўспамінамі гары!

Ужо й дамы ставокія паснулі

I збеглі цені ў цёмныя двары,—

Цябе ж спакой ніколі не атуліць!

 

Усё шукаць табе знаходку ўдач,

Усё блукаць табе сястрой паэта,

Каб сэрца голас, скрыпкі тонкі плач

 

Пералажыць на строгі рытм санета.

І знаць, што песня лепшая не спета,

І паўтараць штодня: пераінач!