epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Вецер носіць лёгкія сняжынкі..."

Вецер носіць лёгкія сняжынкі —

Гэта восень ходзіць белай павай,

Напявае штосьці пад сурдзінку

На лугах няскошанай атаве...

 

А нічога! Снег яшчэ растане,

Познім сонцам дзень пазалацее,

Прыйдзе, прыйдзе нашае спатканне,

А за ім няхай ідуць завеі...

 

Адшуміць кастрычнік жаўталісты

І надзене белую карону,

Так і ты з усмешкай прамяністай

Прамільгнеш у забыцця сутонне...

 

Салаўю ўсё роўна — абы песня,

Абы сонца ды кавалак ценю.

Супраць буры плыць куды пачэсней,

Чым схіліць пакорліва калені.

 

Пакручастай гэтаю дарогай,

Можа, я вярнуся з падарожжа,

З чыстым сэрцам стану ля парога,

Дзверы мне тады адчыніш, можа?

 

Я прыйду былога напамінкам

Праспяваць жыццю і шчасцю славу...

...Вецер носіць лёгкія сняжынкі,

Ходзіць восень ціха белай павай...

 

1944


1944