epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Веліч

Не мар пра мармур славы ў час бяссоння

Шмат славалюбаў у нябыт сышло,

Хто быць хацеў вышэй за нас, мільёны,

Хто ўладна хмурыў нізкае чало.

 

У пыл пяройдзе мармуру шматтонне,

У тлен — майстры хвалебна-гучных слоў.

Яшчэ ніколі на пустым загоне

Ад славаслоўя збожжа не расло!

 

Лунай, абраннік, горды, нібы сокал,

Ды не забудзь пра зменлівасць жыцця,

Ад велічы да фарсу дзе паўкрока,

 

Дзе той, хто над сабой,

як шчыт, як сцяг,

Узняў цябе, смяротнага, высока,—

Нізрынуць можа ў бездань забыцця!