Жую настырна даўкі той верлібр,
Як плод, сарваны не ў пару з галінкі.
Яго з Манмартра нам прывалаклі
Аматары жавальнае рызінкі.
Згадай: даўно, калі вякі гулі,
Прабабкі, прадучы каля камінку,
Складалі песні, што да нас дайшлі,
Што зіхацяць дасюль, як залацінкі.
Не кучу цэглы слаўлю я, а Дом,
Дзе форма — не распад, а Дасканаласць
Чаруе слых і вока хараством,
Як веснаход паэзіі Купалы,
Што льецца зіхатлівым серабром,
Плыве да сэрца меладычнай хваляй!