epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Вернасць

Ты пабыла ў чысцілішчы агня,

Ты спрабавана цвёрдай сталлю часу,

Ты — праўды пульс жывы, а не хлусня,

Аздобленая таннаю прыкрасай.

 

Адзін цябе на дабрабыт змяняў,

Другога ты сама ў свой час зраклася.

Ты маладушным зроду не радня,

Ты мужных сэрцам гонар і акраса.

 

З табою мы здружыліся даўно,

З табою разам бралі перашкоды,

З табой і ў цемры нам было відно.

 

Цяпер, прайшоўшы слоты і нягоды,

Я аддаю цябе свайму народу,

Як сейбіт глебе чыстае зярно.

 

1956


1956