epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Вертэр

У шыб паўзмрок б’е наўскасяк

Дажджамі стылы вецер...

Не, Вертэр проста быў дзівак,

І ты зусім не Вертэр.

 

Кахання смак зусім не той,

Даспехі ў антыквара,

І цень рамантыкі былой

Не прамільгне на твары...

 

Прасцёр даброт уладны быт

Бар’ер з гардзін і плюшу...

Ім тройчы Вертэр быў бы біт,

Калі б той быт парушыў.

 

Ну што там Вертэр? Чэзлы плод

Натхнення і ўяўлення.

Блукаць самотным ля варот,

Хадзіць па следу ценем.

 

Што Вертэр? Нема абажаць.

Схіляцца ў млоснай цноце.

Ад горкай рэўнасці дрыжаць.

Рыдаць у адзіноце.

 

Кахаць усё жыццё адну

Усёй душой і сэрцам.

Пасля сысці у цішыню,

Прасцей сказаць, памерці?!

 

Ха! Усё лухта! Шуміць праспект,

І па таму праспекту

Доўгавалосы йдзе суб’ект,

Як пудзіла адзеты.

 

Пушок радзюткі на губе,

Пустых вачэй бясцвецце...

Скажы, стварэнне, хто цябе

Такім пусціў па свеце?

 

Ідзе нахабна, спакваля,

З пагардай на абліччы...

І гэта шчупленькая тля

Сябе адменнай лічыць?!.

 

Пазнаны ісціны усе

Яшчэ ў дзевятым класе...

Скубе стварэнне пакрысе

З бацькоўскай шчодрай касы...

 

Паклаўшы ручкі на жывот,

Шчасліва мама квокча:

Зазналі шмат мы ўсе нягод,

Няхай міне іх хлопчык...

 

А «хлопчык» — знаўца ўсіх акрас,

Даступных і прыгожых,

Дзе ўсе спакусы напаказ

Ад плеч да басаножак...

 

Чужы грамадству мот і фат,

Уцех жыццёвых знаўца —

Ну што яму там да брыгад

Камуністычнай працы?

 

Ну што яму, што ўвесь народ

На штурме сямігодкі?!

Гуляе ў скверы абармот

Развінчанай паходкай...

 

Хіба маралі спажыўца

І звычкам эгаіста

Знаёмы шчырасць пачуцця,

Парывы думак чыстых?!

 

Ты хлусіш часу й сам сабе,

Нікчэмнае стварэнне!

Ёсць пачуццё глыбінь глыбей,

Дзе кожнае імгненне

 

Напоўнена да берагоў

Біццём крыві гарачай,

Дзе дружаць праца і любоў —

Сяброўкі дум юначых.

 

Дзе ў сіняй далечы відна

У сонечным убранні

Пачуццяў светлая вясна —

Дум чыстых хваляванне.

 

Яна, сястра чароўных сноў,

Сышоўшы да ўзгалоўя,

Адорыць шэптам дзіўных слоў,

Таемнасцю мелодый...

 

Паўторыць тысячы разоў

Імя адной-адзінай,

Яна, ўсеўладная любоў,

Душ юных гаспадыня...

 

Навучыць шчасцю мілых стрэч

І рэўнасці пакутам,

Абудзіць сілу рук і плеч,

Паскорыць дні й мінуты...

 

І будзе весці па жыцці

Заўжды насустрач ветру

Туды, куды не змог дайсці

Далёкі бедны Вертэр...

1961


1961