epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Веру

Ці запішуць імя ў кнігу вечнасці,

Ці як пасынка возьме зямля,

Усё роўна, якой недарэчнасцю

Перапыніцца земны твой шлях.

 

Ёсць імя ў чалавечай сардэчнасці,

Брудных слоў у яго не шпурляй,—

Скрозь і так дэфіцыт чалавечнасці,—

Свет гняце вераломства пятля.

 

Хоць граніц не існуе для беднасці,

Хоць для роспачы межаў няма,

Ды жыве ў чалавецтва дух еднасці,

 

Грознай сілай яго не зламаць.

Веру: ў поцемку зможа ён след знайсці

І ўрагану таго не стрымаць!