epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Вітаю

Не проціборствуй часу. Варты жалю,

Хто спрэчку з ім бяздумна распачне.

Што прошласць? Пыл вякоў, іржа скрыжаляў

І продкаў косці ў бездані на дне?

 

Што час? Дзевяты вал? Цунамі хвалі?

Разгул стыхій, што ўсё жывое гне?

Расколатыя перунамі далі?

І злілавелы сполахамі снег?

 

Не! Час — твой лёс, твой подзвіг непрыкметны.

Не проціборства — еднасці хаўрус,

І вечны рух да грані запаветнай,

 

У свет надзей нязбытных і спакус.

Вітаю век ядра і рух ракетны,

Касмічнай эры мірную зару!