epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"З дробнага вялікае..."

Multum ех раrvо, parvum ех multo1.

 

Лацінскае выслоўе

З дробнага вялікае, дробнае з вялікага —

Вось ён, існавання пакручасты ход!

Але вечна жыць жывому, што заклікана

Весці ў свет Наступнага чалавечы род.

Хоць зямля варожасцю надвае расколата,

І крывёй гарачаю збарваваны дол,

А жанчыны кволыя нараджаюць волатаў,

Рушыць дух адзінства ў наступ на раскол;

А блакітны сон нябёс, дажджамі вымытых,

Скаланае гул нябачаных ракет;

А з людское волі, нібы з бронзы, выліты

Веку дваццаць першага бачыцца макет.

З дробнага вялікае, дробнае з вялікага:

Бліскавічны след — жыцця кароткі шлях.

Так з вышынь надмесячных

забаўкаю-бліскаўкай

Астранаўту бачыцца Матухна-Зямля!

Чалавечы дух ні з чым не суразмерны,

Ён з драбніц стварае валатовы гмах

Будучыні той, што з нашым часам зверана,

Што, з хвілін народжаная, зажыве ў вяках.

У малым вялікае ўбачыш толькі розумам,

Створана вялікае з дробных велічынь,

Бо раджаюць шолахі навальніцу грозную,

Бо ствараюць кроплі акіянаў плынь!

1971

1 Multum ех раrvо, parvum ех multo — дробнае з

вялікага, вялікае з дробнага.


1971