epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"З табою памяць зрошчана..."

З табою памяць зрошчана. Нявер’е

Хай пажаўцелым лісцем ападзе.

Губляе верасень залочанае пер’е

І ў пераддзвер’е восені вядзе.

 

Няхай. А ты запомні пералівы

Апоўначы раптоўных бліскавіц,

Нясмелы стук усхваляванай слівы

У глухату закрытых аканіц.

 

А ты запомні мяккі жнівень, лівень,

Раскат грымот, маланак апаяс...

Тады, і толькі, ты была шчаслівай,

Аб немагчымым марачы падчас.

 

Запомні плач самотнае каліны

Слязамі лістападаўскіх завей,

Як сэрца — птах у кіпцях сакаліных —

Хацела роспач выклеваць з грудзей...

 

Запомні расставанне без праводзін,

Свіст цягніка і доўгі шлях на ўсход,

Усё, усё, з чым быў з табой не згодзен,

І нават мой раптоўны адыход...

 

Не, я не зрокся даўніх спадзяванняў,

Скрозь дым пранёсшы чыстату душы,

Дзе ўсё — парыў юнацкіх хваляванняў,

Дзе ўсё — імкненне да крутых вяршынь...

 

Запомні, што над словамі маімі

Не ўладны забыцця пабляклы час:

Я сто разоў прайду слядамі тымі,

Дзе ты прайшла, быць можа, толькі раз!

 

1953


1953