epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

За далёкім горным перавалам

(Песня)

За далёкім горным перавалам,

Дзе дажджы вясновыя шумяць,

Золатавалосая казала:

«Ты вяртайся, буду я чакаць!..»

 

Час ідзе, а дні ляцяць, як птахі,

У далёкі твой заморскі край...

Нада мной пурга грыміць па даху,

За акном вятровы дзікі грай.

 

Маладосці дні адшалясцелі,

Пацямнеў свавольны бляск вачэй.

Я здружыўся з песняю мяцеліц,

З белаю маўклівасцю начэй.

 

Памяць сцерла час той незвычайны,

Цеплыню тваіх сумотных слоў.

Я згубіў пярсцёнак заручальны

Дзесьці ля Курыльскіх астравоў.

 

А сягоння на чужой бяседзе

У далёкіх сіверных краях

Я прыпомніў, што сумуе недзе

Золатавалосая мая...

 

Ля затокі Фінскай ходзіць можа,

Мо праводзіць вокам караблі:

«Дзе ж ты, мой харошы, непрыгожы,

На якой няходжанай зямлі?»

 

Што скажу сваёй забытай мілай?

Ці ж вядома дзікаму арлу,

Збіты куляй, дзе ён зложыць крылле,

Паўшы ніц на вострую скалу?

 

Пралягла туды мая дарога,

Дзе шуміць салёны акіян.

Пакахай сабе каго другога,

Золатавалосая мая!..

 

1947


1947