epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"За парогам восень енчыць..."

За парогам восень енчыць

Бабаю-ягою.

Дробна стукае ў акенца

Касцяной рукою...

Агалеў шыпшыннік чахлы,

Сцеле сланнік голле.

На адной назе, як чапля,

Пад акном таполя.

Паківае галавою,

Голлямі-рукамі,

Пашапочацца са мною,

Здыме з сэрца камень...

Мо журба змяіным джалам

Сэрца мне працяла?

Можа, ты не ўсё сказала,

Можа, схітравала?

Змрок кладзе на твары рэтуш,

Значыць, дзень канае...

Прыгадаю ўсе сустрэчы,

Дні перагартаю...

Зажуруся, можа, трошкі

Па табе, нязванай...

Спелай ягадай марошкай

Адцвіло каханне...

Не шукаў цябе па свеце,

За былое — ўдзячан...

...За акенцам енчыць вецер,

Ціха восень плача...

 

1945


1945