epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Загай

Уступ
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19


Уступ

 

Мой край задуменны!

Пад шолах палёў,

Пад грукат

жалезнага грому,

Праз буры

ты поступам цвёрдым прайшоў,

Браў штурмам

спічастыя стромы.

Я вухам сваім

прыпаду да зямлі,

Біццё яе сэрца

пачую,

Калі на бярозцы

распусціцца ліст,

Сустрэўшы вясну маладую.

Пачую я водгулле

бур-навальніц

І рэха

былых ліхалеццяў,

Што памяць трывожаць —

гані не гані,—

Трымай не трымай яе ў лейцах!

Пачую я водгулле

даўніх гадоў

Праз лёгкі дымок успамінаў,

Што часам нахлынуць

нячутнай хадой,

Світанкам празрыстым

і сінім...

Згадаю:

на хвалях нягод і прыгод,

Рвуць ветразі

ветры тугія...

Адны дасягаюць

сваіх берагоў,

У бездані гінуць

другія...

І часта,

калі я адзін на адзін

З бяссонніцай —

госцяй нязванай,—

Мне вобразы

даўніх трывожных часін

Прымрояцца неспадзявана...

Я рад ім.

Самота — бяссонне й туга,

Паўзуць,

а не мчацца гадзіны...

— Сядайце.

Завуць вас, здаецца, Загай,

А вас, мне здаецца, Галінай...

Я вас не шукаў

на жыццёвых шляхах,

Блукаючы ў пошуках тэмы,—

Прыйшлі, дык жывіце

ў нязграбных радках,

Жывіце, як дома, ў паэме!..

 

 

 

1

Думы, думы! Узлятайце ўвысь,

Быццам птахі!

Адлятае ўсё, як журавы

Млечным Шляхам.

 

Белых крылаў лёгкапёры шум

Сціхне ў далях,

Закране ўспамінамі душу,

Светлым жалем.

 

Прашумела шчасце, як вясна,

Празвінела,

І дзяўчына ходзіць дацямна

Садам белым...

 

Галаву схіліўшы, ружы куст

Ціха дрэмле.

Маладзік рассыпаў па пяску

Блікі срэбра...

 

І павольна дзесьці той парой

Песня гасне:

— Дзе ты, мілы, дзе ты, сокал мой

Сокал ясны?!

 

Можа, крылле сокал паламаў,

Мо загінуў?

Вечар, вечар, не трывож дарма

Ты дзяўчыну!

 

Па садочку я хаджу адна,

Пахаджаю.

Прынясі мне вестачку, вясна,

Я чакаю...

 

Хутка, хутка саду адцвісці

Цветам белым...

Ты ляці, саколік мой, ляці

Горда, смела!

 

А ці крылле сокал паламаў,

Ці загінуў?!

…...............................................

Многа, многа вечар нашаптаў

Дум Галіне.

 

 

2

А час ішоў. Над краем скрозь

Дні новыя ўставалі

У дыяментах ранніх рос,

У пунсавейных далях.

 

Зірні наўкола, стань, пастой,

Дзівіся пекнатою,

Як белы месяц над ракой

Плыве ў нямым спакоі.

 

І калі здолен адчуваць,—

Адчуй усёй душою

Хаду зямнога хараства

Арбітай векавою...

 

Вядзе зямля свой просты шлях

Праз зорак мірыяды...

Салодка дыхае зямля,

Жывому дорыць радасць...

 

У змене тых начэй і дзён

Адчуй яе дыханне,

Вясны чароўны перазвон

І ў сэрцы хваляванне.

 

Маўчыць прастор... Былога гром

Знік водгаласам дальнім.

Рух аднаўлення йдзе суздром

Над прахам руйнавання.

 

Зірні: адноўлен вечны рух,

Пульсуе працай горад,

Што кроквы, нібы сотні рук,

Узняў рашуча ўгору.

 

Тут дойлідства такі размах,

Што глянеш — дух займае...

На жаль, чамусьці тут няма

Таварыша Загая...

 

Чаму? Пажоўклыя лісткі

Чыесьці я гартаю

І пазнаю руку й радкі,

Што пісаны Загаем...

 

 

3

(Лісткі з запісной кніжкі Загая)

 

«...Падобен дзень на дзень.

Ажно не верыцца,

Я ў краі тым,

Дзе неба ды кавыль,

Дзе ночы мяккім аксамітам

Сцелюцца,

Дзе не сціскае боль

Мне галавы...

 

Дзе ноч не мучыць

Чорнымі кашмарамі,

Не глушыць боль

Каробкі чарапной,

Дзе тоне стэп

У ружаватым марыве,

І бліскавіцы

Б’юцца у акно...

 

Дзе ў табунах

Жаробкам так прывольна

Па-маладому вабна

Заіржаць,

Дзе атруціць душу мне

Больш не здольна

Расчараванняў едкая іржа...

 

Палюй на дроф,

Вазьмі ягдташ і лайку,

Паветрам чыстым

Змору з твару змый,

Расчулься —

Вунь вясёлыя малайкі

Табе падносяць

Пеністы кумыс...

 

І схлыне боль

З былой глыбокай раны,

Усплыве ўспамін

Аб дальняй дарагой,

Калі вады сцюдзёнае

З кунгану

Пап’еш ты з рук

Башкіркі маладой.

 

І гэтак смешна

Загарацца вочы,

Як скажаш ёй:

«Рахмэт, якшы кізэм!»1

Ах, біся, сэрца,

У грудзях дзявочых,

Пакут не знала першых балазе!..

 

...Дзень, як джыгіт,

На плечы бурку ўскіне

І ўраз патоне

У начной імгле...

Згадаю ўсё я

Ў гэтую хвіліну:

І мілы вобраз,

Як маланкі след,

І тых сустрэч кароткіх

Прысмак горкі,

І расставанняў нежаданых час...

Чакай працягу

Нашае гаворкі,

Няхай яна

Навекі злучыць нас!..»

 

 

1 «Рахмэт, якшы кізэм!» — «Дзякуй, мілая дзяўчына!» (башк.)

4

А было: над слабадой на ўскраіне

Каміны заводаў не дымяць,

Там, дзе некалі спявалі «барыню»,

Памінаецца чыясьці «маць»...

 

Свішча вецер глоткаю асіплай

Дні над горадам, як вараннё,

Каркаюць над хатамі, дзе Свіслач

Дрэмле ціхім немарасным сном...

 

Галадухі нечаканай гора

Ліхаманкай свеціцца ў вачах.

Спіць трывожна расстраляны горад,

Цемраю спавіты па начах.

 

Каб назаўтра зноў каменным болем

Зеўраць з пашчаў выбітых акон...

Тут клясці дарэмна будзеш долю,

Тут разруха правіць свой закон...

 

Тут дамок на ўскраіне пануры

Пакасіўся моўчкі нежылы,

Толькі дах жалезны бровы хмурыць,

Уздыхае, можа, аб былым?!.

 

Тут калісьці ў сям’і Загаяў

Гадаваўся непакорны сын...

Дом даўно ўжо век свой дажывае,

Драўляныя сняцца яму сны...

 

А ля кожнай маленечкай крамы

Доўгі хвост згаладалай чаргі,

Ды вітрын апусцелыя рамы,

Абаранкаў жалезных кругі...

 

Гэта ўсё, быццам прыкрая небыль

Звар’яцелых заблытаных дзён —

Чорны фунт асцюковага хлеба

Па цане тагачаснай — мільён!

 

Сапраўды, можа, дні звар’яцелі

Ды імчацца шалёна кудысь?!.

Можа, ў скогаце дзікіх мяцеліц

Пагубляліся сцежкі й сляды?!.

 

Не, ёсць адрас і помсце й праклёнам

За пажары, за смерці, за кроў...

...І няспынна плылі эшалоны

Пад жалезны калёсны гром...

 

Навальніца над горадам вісла,

З фронту дзьмулі вятры падзей...

Прычакала дрымотная Свіслач

Свой авеяны зарывам дзень...

 

Дні чырвонай зарой зашугалі,

Над зямлёй загудзеў ураган,

І нястрымнай, разгойданай хваляй

Пракацілася слова «Паўстань!»

 

Хто пракляццем быў катаваны

І хто з голаду вечна пух,

Дзень прыйшоў твой доўгачаканы,

Над развеяным попелам скрух!

 

Дні з імпэтам шалёным пабеглі,

І, спазнаўшы апошні урок,

Цар Міколка — паскрэбак нягеглы —

З Магілёва спалоханы ўцёк...

 

Але сціх той віхор перакатны,

Ды прамоў несціханых град,

Па-ранейшаму гул гарматны

Далятаў з-за далёкіх Карпат...

 

І шугалі здалёку пажары,

І вайна не сціхала грымець,

І касіла свае ахвяры

Ненажэрная хцівая смерць...

 

Па-ранейшаму йшлі эшалоны

Ў пекла, ў лівень гарачы свінца,

Горла Керанскі драў натхнёна:

«Вайна

да пераможнага

канца!»

А горад ашчэрыўся грозна

Спічакамі сваіх вільчакоў.

І па бруку ступаў асцярожна

Папярэднік наступных баёў...

 

Вось тады з пекла фронту й вярнуўся

З незагоенай ранай Загай

Пад загад начміліцыі Фрунзе,

Бальшавіцкай кагорты загад.

 

 

5

Я мушу зрабіць адступленне,

Сюжэт павярнуўшы назад...

Чытач, набярыся цярпення,—

І час усяму свой, і лад.

 

...Дамок пад рачулкай адменны,

Зялёны, абвіты плюшчом,

Стаяў у садку задуменны,

Нібыта агорнуты сном...

 

Даўнютка чыноўнічак нейкі

Асеў ашчасліўлены тут,

Гадамі адкладваў капейкі,

Шчаслівы ствараючы кут...

 

Меў жонку-красуню чыноўнік,

Маленькую Галю-дачку,

Быў смехам дзіцячым напоўнен

Дамок той утульны ў цяньку...

 

Не часта сюды далятала

Далёкае рэха вайны,

І плакалі гукі раяля,

І стогны гітарнай струны...

 

Адсутнічаў, значыць, чыноўнік,

Нявострае меў ён чуццё...

І толькі далёка за поўнач

Сціхала ў тым доме жыццё...

 

Чыноўнік? Трывогай ніякаю

Сабе не псаваў ён настрой,

Сучасны Акакій Акакіевіч

Любіў цішыню і спакой.

 

Любіў грамафон, і пласцінкі,

І Бальманта пару радкоў...

Галінка ж расла, як былінка,

Нібыта ў чужых, між бацькоў...

 

Дзяцінства гады залатыя,

Маленства ружовыя сны,

Лятуць, як віхуры ліхія,

Як дні хуткабежнай вясны!..

 

Гімназія й хатняя школа

Вучылі дзяўчынку штодзень:

Без папы у мамачкі Коля,

А з папай у мамы мігрэнь...

 

Вярнуўся той папа аднойчы,

Хоць заўтра чакалі яго,

У мамінай спальні уночы

Мільгаў ад лампадкі агонь...

 

І, мусіць, вярнуўся не ў пору

Парушыць салодкую ноч,—

Пакінуўшы гонар і шпоры,

Паручнік уцёк праз акно...

 

Не будучы вельмі ахвочым

Да рогападобных аздоб,

Чыноўнік павесіўся ўночы,

І змоўк на паўмесяца дом.

 

Нядоўга трывожыла гора

Парушаны ў доме спакой —

Вярнуўся паручнік той скора,

Дакручваць раман з удавой.

 

Гады, нібы крыгі ў разводдзі,

Сплываюць вясновай парой...

Забралі ў шаснаццатым годзе

Паручніка Колю на фронт.

 

І ціха зрабілася ў доме,

Хоць дзесьці раз’юшаны смерч

У пекле гарматным, у громе

Нёс людзям дачасную смерць...

 

У полымным тым ліхалецці,

Той горка-гаротнай парой

Дзяўчынка Галінка, падлетак,

Расла, расцвітала красой...

 

Крывёю зямля набрыняла,

Грымела ўжо блізка вайна...

...Сястрою ў ваенным шпіталі

Сустрэла Кастрычнік яна...

 

 

6

О, горад! Натоўпы, ватоўкі

На плошчы ўсё льюцца і льюцца,

Ў руках то сцягі, то вінтоўкі —

Кастрычніцкая

Рэвалюцыя!

 

О, горад! Спявай марсельезамі,

Грымі галасоў вадаспадамі,

Хрышчаны агнём і жалезам,

Гартаваны на барыкадах!

 

Пракляцце былога, з вачэй ты

Знікні, развейся ў хмарах,

Усюды Саветы, ячэйкі,

Бальшавікі і камісары...

 

Так, сарваўшы вякоў аковы,

Пракаціўшыся навальніцай над светам,

У муках цяжару шматвяковага

Нараджалася

Рэспубліка Саветаў!

 

 

7

Глухая ноч маўчыць,

Глухая ноч вакол...

Трывожна горад спіць,

Схаваўшы неспакой.

 

На вуліцах пустых

Сабака — рэдкі госць...

І шэпчуцца кусты,

Азяблыя наскрозь...

 

Ды ў цішыні начной,

Узняўшы раптам пыл,

На вуліцы пустой

Мільгне аўтамабіль...

 

І спіць усё вакол

Трывожна-чулым сном,

Ды толькі лье з акон

Святло адзіны дом.

 

У доме гэтым штаб,

У штабе не да сну,

Цікуе вораг, каб

Зноў навязаць вайну...

 

Зноў віснуць зграі хмар

I гарай пахне зноў...

У штабе камісар

У куртцы скураной.

 

З-за Нёмана чуваць

Трывожны гул гармат,

Зноў ворагі... Стрымаць! —

Ёсць з Піцера загад!

 

Не дрэмле вораг там —

Пільнуе кожны крок.

І словы тэлеграм

Так востра колюць зрок.

 

Паход варожых зграй

Любой цаной адбіць!

І моршчыць лоб Загай,

І пяць начэй не спіць...

 

Світання паласа

Кладзе на шыбы след...

— Таварыш камісар,

З нарочным вам пакет.

 

І скрозь начную муць,

Туману шызы дым

Аўтамабіль шуміць

Па горадзе пустым.

 

 

8

У балотах пінскіх ногі вязлі,

Як мы йшлі паходам на Варшаву...

Акупанты край зрабілі вязнем —

Ожал бялы чорнаю няславай

Зганьбіў сам сябе ганебнай справай...

 

Толькі-толькі узышоў над краем

Золак сотні год чаканай волі,

Наляцела легіёнаў зграя

Здрасаваць, стаптаць чужое поле,

Каб вярнуць ярмо былой нядолі.

 

Год дваццаты... У агні пажараў

Маладой рэспублікі сталіца

З плеч сваіх страсала дыму хмары...

Паміналі не аднойчы ліхам

Ворагі Загая-камісара...

 

У сядле ў нялёгкіх пераходах,

Наймітаў б’ючы Антанты белай,

Вызваленне братняму народу

Неслі мы.

Не помстаю кіпела

Наша кроў,

а полымем свабоды.

 

Адгрымела, сціхла кананада,

Выйшлі ў поле рупныя ратаі

Сеяць зерне, ў сэрцы сеяць радасць,

Каб квітнець параненаму краю...

...Зноў Загай Апанскага загадам

Апынуўся на пярэднім краі...

 

 

9

Горад, горад, зранены гадамі,

Не адразу раны ўсе залечыш...

Бо ляглі гадоў крывавых здані

На твае гранітавыя плечы.

 

З цёмных нор, з закуткаў усялякіх

Абывацель вылез з мешчанінам,

Каб пад шэпт мурлатых ваўкалакаў

Нам прарочыць гібелі хвіліну...

 

Апаўночы ў цемрадзі імглістай

Ці з абрэза, ці з замежнай зброі,

Цэляць прама ў сэрца камуніста,

Каб назад вярнулася старое...

 

А з лясоў, з зялёных нетраў-сховішч

На пажары, на разбой крывавы

Гадам-катам выпаўз Балаховіч,

Белы найміт — майстар чорнай справы...

 

Смецце гэта вымесці ўсё чыста

Загадала праўда нам святая...

Не да сну Апанскаму-чэкісту,

Не да сну паплечніку Загаю...

 

Хто ў ахвярах нас абвінаваціць,

Мы за ўсё расквітваліся дорага!

Пасылала нас краіна-маці

У апошні бой з заклятым ворагам...

 

Каб рассеч навалы збройнай хмары,

Быў народ наш воляй духу змушан

Востры меч рэвалюцыйнай кары

На галовы ворагаў абрушыць.

 

Вось і сёння. Белымі снягамі

Засыпала неспакойны горад,

І трывога гойсала начамі,

І страшней выскальваў зубы голад...

 

Каб жыла краіна маладая,

Каб прыбраць драпежны зброд з дарогі,

Не дрыжалі рукі у Загая,

Свой прысуд выконваючы строгі...

 

...Абступілі чараўніцы-думы,

Маладосці светлыя ўспаміны...

А сняжынкі падалі без шуму

У марознай белаватай стыні...

 

На стале забразгатаў раптоўна

Тэлефон настырнымі званкамі:

— Слухаю... Калі і дзе? Запомню...

Буду сам, уласнымі нагамі...

 

 

10

Нізка неба навісла над горадам,

Вытрасаючы пыл снегавы...

І вятрыска,

атулены моракам,

Як сабака бяздомны, выў...

Адшугалі маланкі

над горадам,

Адубеўшым

на сцюжных вятрах,

І смылела душа

ад голаду

У каменных яго грудзях...

І глядзелі пустыя вочніцы

Мёртвым позіркам

навакол,

І кульгавыя

цені-паўночнікі

Выпаўзалі

з халодных куткоў...

— Хлеба!

Хлеба! —

гудзе вадаспадам.

У чарзе —

больш як сто чалавек...

— Па-вашаму гэта —

Савецкая ўлада?!

— А па-мойму —

дык гэта

здзек!

З падваротняў

сіпіць абывацель

Пра чэргі,

пра боны,

пайкі...

— У камісараў

усяго багата...

— Вы чулі?

Уцякаюць бальшавікі...

— Што вы?!

— Чэснае слова!

— Дай госпадзі!..

— Я не ілгу...

— Гэй, вы там,

былыя панове,—

Пільнуйце сваю чаргу!

...А на вуліцы

белым паркалем

Слаўся ціха

пушысты снег.

У чарзе

па парадку пісалі

Нумар кожнаму

на спіне...

— Хлеба! —

гучыць няспынна.

— Хлеба! —

гудзе панель.

У сяродку чаргі —

Галіна

З нумарам

на спіне...

Дык вось як

жыццё пазнаецца!

Цяпер

яна ведае ўсё.

Дзяцінства ружовае дзесьці,

Ёй мроіцца,

нібы сон...

Відаць,

на падгніўшых палях

Палац той дзяржаўны

стаяў...

За бульбы асьміну

аддалі

Той самы, той мілы

раяль!..

...Істоту

агортвае стома,

Бясконца

цягнецца

час...

Сварлівая маці

у доме...

І сэрца сціскае

адчай...

І раптам —

адкуль такое? —

У квецені

белы сад...

Шапочуць

пялёсткі ляўконій,

Язмін

лье салодкі чад...

Хапае ў абдымкі,

гушкае

Сонечны

чэрвеньскі дзень...

Аб нечым

Галіна спявае,

Сама —

вясны маладзец...

І хтосьці

чаруе,

і вабіць,

І кліча з сабою

Кудысь...

…..............................................................

— Грамадзянка,

што гэта з вамі?

— Самлела?

— Памерла?

— Вады!

….............................................................

Вечарэла...

Вуліцы пусцелі...

Снег круціўся

белай мітульгою...

Над дзяўчыны распасцёртым целам,

Над шумлівай

хлебнаю чаргою...

І насустрач людзям,

змроку, снегу

Засвяціла фарамі

машына,

І раптоўна,

нібы конь з разбегу,

Стала.

— Што такое?

— Ў чым прычына?

Міг адзін — Загай сярод натоўпу

Нежывую падхапіў дзяўчыну,

І, мінуўшы

плёткі-крыватолкі,

Знікла зноў

удалечы машына...

…..........................................................................

— Вось і ўсё. Вы страцілі прытомнасць,

Як відаць, ад доўгай галадухі,

Так гаворыць доктар наш шаноўны,

Трэба жыць,

не трэба падаць духам!

 

— Вось гарачы чай, а вось галеты,

Піце, вас яны крыху сагрэюць...

— Як я ўдзячна вам за ўчынак гэты!

Я сказаць хацела б, ды не ўмею...

 

— Як завуць вас?

— Галя.

— Галя, Галя...

Скуль імя знаёма мне такое?!.

— Вы ляжалі доўга у шпіталі,

Я ў шпіталі тым была сястрою...

І адразу вас цяпер пазнала...

— Як я рад сустрэчы дзіўнай гэтай!..

— Я таксама...

— Мой анёл-збавіцель,

Каб не вы, не ўбачыў бы я свету.

— Што вы?..

— Праўда, мілая сястрыца...

 

 

11

Сапраўды ж так было:

дні — крылатыя коні

Праляталі над роднай зямлёй.

Толькі сейбіты выйдуць на гоні,

Зноў парушыцца мірны спакой...

 

Бачыш, хмурацца грозныя пушчы...

Чуеш, нетры лясныя шумяць...

Хтосьці цэліцца вокам відушчым,

Хтосьці хоча спакой наш стрымаць...

 

Бачыш — вогнішча... Спалена вёска...

Бачыш, хтосьці схаваўся ў ярку...

Чуеш, плачуць і маткі і сёстры...

Бачыш, хтосьці вісіць на суку...

 

І чыясьці таемная постаць

Падкрадаецца зноў з-за вугла...

І тады уздымае для помсты

Меч каральны рабочы клас!

 

Бачыш:

сонца скацілася дзесьці за гай...

Бачыш:

з конным атрадам імчыцца Загай...

Толькі грукат па грунце сухім капытоў,

Толькі рэха ў прасторах зялёных палёў...

І чыя на рэспубліку ўзнята рука,

І скірована кім — разбярэцца ЧК.

На парозе рэспублікі варта стаіць:

Белым бандам не жыць, белым бандам не быць!

І кідаўся Загай у пякельны агонь,

Абміналі варожыя кулі яго...

 

 

12

(Лісткі з запісной кніжкі Загая)

 

«...Кавалачак неба

сіні

Трымціць

над маёй галавой.

На ўзлессі

шапоча асіннік

Таемна

лістотай густой...

Хрусціць буралом

пад нагамі,

Галінкі па твары

сякуць...

Трымай

рукаятку нагана —

Падманная

гэтая муць...

Бо вораг —

каварны і подлы,—

Страляюць падчас

і кусты...

Мы знойдзем

бандыцкае кодла,

Што тоіцца

ў нетрах густых!

Я чую,

як глуха ўздыхае,

Як грудзі ўздымае

зямля...

Хай мірна яна

спачывае,—

За гэта,

не будзь я Загаем,

У ворага

буду страляць!..

Радзіме

не быць паланянкай,

Яна —

на арбіце прамой.

Хай светлым і ясным

заранкам

Дзень шчасны

узыдзе над ёй!

Раз трэба ахвяры,

дык трэба,—

Крывёю акроплен

наш шлях...

...Сінее

кавалачак неба,

Вось-вось і прачнецца

зямля...

…......................................................

...Зноў запіскі свае

я гартаю.

Для чаго іх пішу

і каму?!

Крылы чорныя

ноч расхінае,

Праганяючы

мораку муць.

Вымер свет,—

цішыня...

ні гуку.

Абступіла

цемра з бакоў,

Толькі стукае сэрца

гулка,

Пад прыглушаны тупат

падкоў

Цішыня навакол — нікога.

Конь мой гнеды,

шпарчэй скачы!

Не відаць

папацёмку дарогі,

Толькі вухкаюць

дзесьці сычы...

Вунь на небе

скацілася знічка,

Вунь вятрыска

дыхнуў на гушчар.

А трывожнае сэрца ўсё кліча

У абдымкі няпрошаных мар...

Прэч слабінку!

Пад гэткай аховай

Не знасіць на плячах галавы!

Разгуляўся Булак-Балаховіч

Па дарогах лясных

крыжавых!

Хмурыць бровы суровая поўнач.

Скача конь.

Скача ззаду каўполк...

Будзе сёння

разбіт Балаховіч —

Чорнай зграі

ашчэраны воўк!

Хутарок паказаўся

за гаем,

Лугавінкай папоўз

туманок...

І на гэтым

у кніжцы Загая

Абарваўся

апошні радок...

 

 

13

І было яшчэ:

Што гэта?

— Ціха, таварыш,

ляжыце.

Мы ўжо згубілі

надзею...

Доктару «дзякуй» скажыце.

Ціха,

ляжыце спакойна,

Потым раскажаце ўсё...

Постаць дзяўчыны стройнай

Знікла з вачэй...

Гэта сон?

Белыя сцены...

Глядзіцца

У вокны

садок малады...

Праўда ўсё гэта

ці сніцца?!

Як я патрапіў сюды?!

...І паплылі успаміны,

І абарваліся ўраз...

Помніцца:

крык,

страляніна,

Шабель скрываўленых ляск.

Помніцца:

рэчка і бераг,

Жудасны боль

і кроў...

...Зноў адчыніліся дзверы,

Белая постаць

ізноў...

— Што гэта?

Ява ці казка?

Рвецца

уражанняў ніць,

Зіркам прабег —

павязка,

Боль у грудзях

смыліць...

Голас пяшчотны

і ціхі,

Повен жывой пекнаты:

— Ну, абмінула вас ліха!..

Дайце, папраўлю бінты!..

Тыдні ўжо з два прамінула,

Як вас прывезлі сюды...

Выняў праклятую кулю

Доктар — хірург малады...

Ну, а цяпер папіце

І спачывайце... Пакуль!

...І абрываюцца ніці,

Быццам сляды на пяску...

 

 

14

— Праўда, праўда, мілая сястрыца,

Каб не вы — не жыць бы мне на свеце.

Я чакала вас... магу адкрыцца...

Вы ж пасля шпіталя зніклі дзесьці...

 

У дзяўчыны вочы, як агаты,

А у іх туга і боль зацяты,

А у іх — удзячнасць за спагаду,

А над імі ўзлёт брывей крылаты...

 

І згадаў Загай шпітальны ложак,

І каханне да сястрычкі ўпотай...

Вінават тут хто? Ці сам, ці, можа,

Без астачы ўсё ўзяла работа?..

 

І занылі дзве старыя раны:

У грудзях адна, другая — ў сэрцы,

І сказаў ён ціха й нечакана:

— Я й цяпер кахаю вас, паверце...

 

 

15

Мара, мара! Голуб лёгкакрылы

Залунае ў думках нечакана,

I жыве ўжо ў сэрцы вобраз мілай,

Можа быць, на ўсё жыццё жаданы...

 

Будзеш ты насіць яго з сабою

Праз усе пакуты й перашкоды,

Хоць жыццё грымець будзе прыбоем,

Хоць шумець вятрамі будуць годы...

 

Сум душу агорне лёгкі нейкі,

Будзе ўяве вобраз любай сніцца,

Як прымружыць ноч свае павекі,

Як бліснуць далёкія зарніцы...

 

Будзеш ты спяшацца на спатканне,

Бо за вечнасць здасца дзень разлукі,

Расчапіць не зможаш да світання

У абдымках сплеценыя рукі...

 

Можа, ты прыйшла занадта позна,

Пачуцця паводка веснавая,

Для такіх, што у паходах грозных

Баранілі будучыню краю;

 

Для такіх, што маладосць у сёдлах

Аддавалі цалкам без астачы,

Каб народ у гарадах і сёлах,

Паспытаўшы волі, жыў іначай.

 

Ці такая думка, ці другая,

Калі йшоў у той дамок зялёны,

Свідравала пачуццё Загая,

Шапацела, нібы лісце клёну...

 

Але вось і ганак, сэрцу мілы,

І з-за штор святла праменьчык цьмяны,

І ты ўвесь ва ўладзе цёмнай сілы,

Што бруіцца з чорных воч каханай...

 

Гаварыла: любы, я кахаю,

Зацвілі у сэрцы маім ружы...

Гаварыла: любы, я чакаю —

Будзь маім гаспадаром і мужам...

 

Ён адказваў: хутка час той будзе,

Адваюю — і да мірнай працы —

Будаваць муры на шчасце людзям

І з табою век не расставацца...

 

...Мара, мара, голуб легкакрылы!

Праляціш і знікнеш светлай зданню...

А ў душы жыве той вобраз мілы,

Што навекі памяццю схаваны...

 

 

16

Адгрымелі суровыя дні,

І завеі даўно адшумелі...

Сваю мэту знайшлі ў іх адны,

А другія яе праглядзелі...

 

На параненым целе зямлі

Зажывалі глыбокія раны,

І плугі ў свае рукі ўзялі

Учарашніх баёў партызаны.

 

І ўставалі з руін гарады,

І над попелам

шчэбнем і друзам

Зноў цвілі маладыя сады,

Зноў цвілі вечна юныя ружы...

 

Але вораг, адкінуты прэч,

Лез ізноў

праз патайныя сховы...

Дыктатуры няступлены меч

Быў заўсёды напагатове.

 

Шмат было тых ахвяр —

не адна,

Быў забіты Вароўскі і Нетэ...

...І агеньчык гарэў давідна

У Загаевым кабінеце...

 

Галя, Галка мая,

пачакай...

Пачакай — адваюемся хутка...

Будзе шчасця і ў нас цераз край,

А цяпер дарагая й мінутка...

 

І хвілінкаю тою скупой

Ён імчаўся пад покрывам ночы

У прытулак,

дзе ласка й спакой,

Дзе любімай бяздонныя вочы...

 

Вось і сёння машына бяжыць

Па раз’езджаным ляхаўскім бруку,

Дождж асенні маркотна імжыць,

Праглынае няясныя гукі...

 

Вось і ганак знаёмы даўно,

Жаўтаватыя кветкі любістку,

Цьмянай лямпы святло праз акно

Скупа льецца на мокрае лісце...

 

Лёгкі стук, і ў адказ мяккі крок...

— Гэта ты?..— І па грудзі прыпала...

Мілы, цёплы, жывы камячок...

— Ну, заходзь, ну, заходзь, што ж мы сталі?..

 

Увайшоў. Над сталом абажур.

За сталом — незнаёмы мужчына.

— Калі ласка, сядайце... банжур!

Распалі самаварчык, Галіна.

 

— Гэта — муж мой, другі... Мікалай,

—Пазнаёмцеся!.. Ах, як я рада!

Гэта Галін таварыш, Загай...

Пабягу, навяду там парадак...

 

Выйшла. Моўчкі паглядваў Загай.

Штось знаёмае ў твары мужчыны

Мільганула... І раптам — згадаў!

І маланкай прабеглі ўспаміны:

 

...Ноч. Над Прыняццю гарадок

Нібы курчыўся ў дыме, пажары...

Стрэлы, крыкі і енкі... Здалёк

Бачна — горад налёту ахвяра...

 

Кінуў з ходу атрад свой у бой

На знішчэнне звярынае зграі.

Раптам бачыць перад сабой:

Ад пагоні жанчына ўцякае,

Тупат конскі бліжэй што ні крок,

Дзіцянё к сэрцу туліць жанчына...

А над ёю занесла клінок

З перакошанай мордаю псіна...

 

Вось яна, за сталом! Трэба браць!

Бо крадзецца рука да кішэні...

— Імем рэвалюцыі... Устаць!

Раптам — цемра, звон шкла, чорным ценем

З падваконня і ў палісад...

«Браць жывога, хутчэй!» — мільганула.

— Стой, нікуды не дзенешся, гад!

Прасвістала над вухам куля...

І калішні паручнік Коля

Быў дастаўлены у ЧК...

Лёс яго не цікавіць нас болей...

 

Ну, а Галя?

Дарэмна чакаў

З дня на дзень наш герой засмучоны

Ад яе хоць радка, хоць слаўца...

Дні ж, нібыта крылатыя коні,

Праляталі над морам жыцця...

 

Па закону суровага часу

Маці Галі саслалі кудысь...

Не піла з тае горкае чашы

Наша Галя ў гадзіны бяды...

 

І адказу ў яе не спыталі

За чужыя цяжкія грахі...

Не хавайце, блакітныя далі,

Шапаценнем надрэчных ракіт,

Лёгкім пошумам спелых калоссяў

Лёгкім ценем лясной цішыні

Вобраз той, што аднойчы увосень

Завалодала сэрцам маім...

 

Навальніцы хадой несціханай

Прагрымелі над нашай зямлёй...

Зноў занылі Загаевы раны,

Боль сціскаў пакручастай пятлёй...

 

І тады па загаду Наркома

Без пярэчанняў — на спачын!

Так вось сталі яму родным домам

Стэп кавыльны ды неба сінь...

 

 

17

Кавылі, кавылі, кавылі,

Песня жаўрука над галавою,

Цёплы подых айчыны-зямлі

І жыцця трапятанне жывое!

 

Статкі хмарак па небу плывуць,

Як у стэпе авечак атара...

Чую клеткаю кожнай: жыву,

А з жыццём ажываюць і мары...

 

Дні гарачыя, дні-скакуны!

Я джыгіт ваш, імчуся ў страмёнах,

У абдымкі блакітнай вясны,

За жыццём у няспыннай пагоні...

 

Сёння я здаравей, чым калісь.

Сёння я шчаслівейшы на свеце,

Вось, чытайце ў руках маіх ліст,

Сонца, белыя хмаркі ды вецер!..

 

Вось што піша яна: «Родны мой,

Я чакаю, даўно ўжо чакаю,

Дык вяртайся хутчэй ты дамоў,

Маё сэрца ў тузе і адчаі...

Дзе б ні быў ты, ўсё роўна ты мой,

Па табе я сумую і плачу,

Абдымаю...

Р. S. Адрас твой

Даў мне друг твой. Пішу я наўдачу.

Галя».

 

 

18

Грукай жа, колавы гром,

Ліся, ліся, чыгунная песня!

Я ахоплены шчасцем суздром,

Майму сэрцу ў грудзях стала цесна.

 

Прамільгнулі Самара, Разань,

Вёрсты доўгія шпарка мінаюць...

Вобраз мілы, са мной побач стань,

Круг я новы з табой пачынаю!..

 

Ты імчыся, імчыся, цягнік,

Як жыццё, у няспынным імкненні!

Я вітаю чароўныя дні,

Я вітаю сваё абуджэнне!

 

 

19

Я стаўлю кропку... Дзён віхуры

Шумяць, гудуць над галавой.

І чую я праз той прыбой:

«А ён, зацяты, просіць буры,

Нібыта ў бурах ёсць спакой!»

 

1929


1929