epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Жагнанне

Напоўні мне лёгкія чыстым паветрам,

Пушчанскіх лясоў легкакрылая вея!

Яшчэ лебядзіная песня не спета,

Яшчэ дух бадзяжы ў знямозе не млее!

 

Зарой камунізму надыхаўся ўдосталь,

Ад бляску яго папсаваў сабе вочы.

Нахабная, ў госці прыходзіла проста

Кабета з касою і двойчы, і тройчы;

 

Надыхаўся тхлінай астрожнай да зморы

У чэраве цёмным панурай махіны,

У карцэры мокрым, бы ў скрыні Пандоры

Што сыпала шчодра і здзекі, і кпіны.

 

Надыхаўся чадам атрутным адчаю

На зыбістых хвалях Ахоцкага мора,

Надыхаўся крыкам стрывожаных чаек,

Надыхаўся бляскам астуджаных зорак...

 

Кідаў мяне ў пекла праліў Лаперуза

Пад люкам задраеным цяжкім удушшам,

Не стаў я канвойнікам лішняй абузай,

Выпадкам не трапіў у мёртвыя душы.

 

Надыхаўся водарам даўкім прыбою,

Крыху гаркаватым і саланаватым,

Надыхаўся цемрай і пылам забою,

Блакітам нябёсаў праз частыя краты.

 

Надыхаўся ветрам калымскае сцюжы,

Блатным брыдкаслоўем і матам ад пуза.

Варнацкую долю ўсцілалі не ружы,

Не вельмі ласкава ўсміхалася муза.

 

Была яна найміткай клікі прыдворнай,

Была утрыманкай у сытай эліты,

Служыла душою і целам пакорна...

Пакінем. З гісторыяй мы йшчэ не квіты.

 

Яшчэ наш «любімец» пад тоўшчай бетону

Ляжыць каля самай пачэснай грабніцы,

Да лямпачкі кату мільёнаў праклёны,

Гул воплескаў кату усё яшчэ сніцца...

 

Напоўні мне лёгкія чыстым паветрам

Маёй незалежнай зямліцы, сталіца,

Я чую ўсім сэрцам твой голас прыветны,

Прымаю жагнанне бацькоўскай дзясніцы!

 

1991


1991