epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Залаты алень (Легенда)

Доўгі шлях у падарожжы

Да шляхоў Эгвекінота:

Снегавое бездарожжа,

Запалярпая цямнота.

 

Ні лясоў,

ні гор абапал,

Толькі снег ды снег бясконца.

Ноч схапіла сонца ў лапы,

Ноч схавала недзе сонца.

 

Толькі даль

імжыць пургою,

Туманы ляглі заслонай,

Цішыня над пусткай тою

У бяздонні белым тоне...

 

...Вось і ўсё.

Капец ухабам.

Аганькі насустрач воку.

Цеплынёй прынаднай вабіць

Дом на вуліцы шырокай.

 

З гаспадыняю лагоднай

Адбываецца знаёмства...

Быў бы ты жывы,

Джэк Лондан,

Наглядзеўся б цудаў мноства!

 

У дамах Эгвекінота,

Што як горад

стаў над пусткай,

Ты б убачыў не галоту,

Эскімоскае дзікунства.

 

Ты б убачыў лёс народа,

Што ідзе дарогай шчаснай,

Пастухоў-аленяводаў,

Ўладароў зямель калгасных...

 

...Гаспадар кідае ў сені

Збрую, хутры і кухлянкі,

У тундру ён пусціў аленяў

Папасціся на палянку.

 

Хоць бы што ім сцюжа тая,

Невядома ім і смага,—

Снег капаюць капытамі,

Здабываюць хрусткі ягель.

 

У камінку вугаль тлее,

На стале дымяцца стравы,

Гаспадар садзіцца злева,

Гаспадыня стала справа.

 

Цень ад лямпы на абрусе

Сцелецца ажурным кругам.

Госць з далёкай Беларусі

Стаў для чукчы лепшым другам.

 

Так няветлівая тундра

У дарозе дружбу родзіць.

Ад дзядоў да ўнукаў мудры

Той закон жыве ў народзе.

 

Ці сняданне, ці вячэра

Госцю трошкі неуцямна:

Ўдзень і ўноч пад небам шэрым

Льецца змрок свінцова-цьмяны.

 

За акном гуляюць ветры,

Дзесьці ў снег упала зорка...

Курыць люльку чукча ветлы.

Задушэўная гаворка,

 

Як струмень крынічкі цёплай

Каля той гары бязлюднай...

Словы падаюць, бы кроплі,

У глыбіні цёмнай студні:

 

«Не сягоння і не ўчора,

То было ў далёкім часе:

Гульбавала ў тундры гора,

У народа скрала шчасце.

 

Ноч, як зараз, разляглася,

Над зямлёю стыгла вусціш,

Бракавала ў чумах мяса,

Не было ні кроплі тлушчу.

 

Па-над стойбішчамі скруха,

Голад поўз цынгою згубнай.

Шаманы склікалі духаў,

Шаманы лупілі ў бубны.

 

Бо прагневалі іх людзі,

Награшылі вельмі многа.

У зямлі чужацкай блудзіць

Той алень залатарогі,

 

Што прыносіў людзям шчасце

Рыбакам і зверабоям,

Той, што на рагах гальчастых

Сонца нёс перад сабою.

 

I пачуў алень той голас,

Голас беднага народа,

I пабег ён сухадолам,

Каля ставу, каля броду.

 

Бег удзень, скакаў уночы

Праз каменныя атрогі,

Асвятлялі яму вочы

Невядомую дарогу.

 

Ратаваўся ад пагоні,

Капыты збіваў аб сланец.

Не хацеў алень палону,

Вольнай тундры выхаванец.

 

Бег лясамі Забайкалля,

Праз хрыбты крутых Саянаў,

Пераскокваў цераз скалы,

Праз цясніны Верхаянаў.

 

Бег тайгою прыкалымскай,

Бег чукоцкім узбярэжжам.

З акіяна кідаў пырскі

Вецер родны, вецер свежы.

 

Бег ён коратка ці доўга,

Ды ўзяла сваё знямога,—

Бо гублялі сілу ногі

У аленя залатога.

 

Ад яго святло лілося —

Сонца стала па-над краем.

Пільнаваў жа вораг злосны

Смерць яго ваўчынай зграяй.

 

Стаў алень па-над пратокай,

Бушавала ўпізе мора,

Родны край акінуў вокам

І узняўся ён угору.

 

Не дасяг ён гордай мэты,

Грымнуўся грудзьмі аб скалы,

Кроў, бы кроплі-дыяменты,

Дзіўным бляскам заіграла.

 

Заіграла дзіўным бляскам,

Асвятліла ночы морак.

Рогі ўпалі на Аляску,

Галава упала ў мора.

 

Сам жа тулавам магутным

Захаваўся ў родных нетрах.

Над зямлёю шматпакутнай

Змоўклі буры, сціхлі ветры.

 

І прыйшлі да тундры сцюжнай

Людзі з дальняе дарогі,

Працягнулі рукі дружбы,

Рукі братняй дапамогі.

 

І пабралі ў рукі кайлы,

І праклалі скрозь дарогі,

І аленя залатога

Цела ў нетрах адшукалі.

 

Так спазнаў народ мой шчасце

У прасторах тундры новай,

Дзе жыве алень мышасты

Статкам тысячагаловым».

…......................................................

Цішыня. У раннім змроку

Пралятаюць самалёты,

Асвятляюць шлях далёкі

Ім агні Эгвекінота.

 

1953


1953