epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Жальба

Поўны жалю ў прэсе некралог,

Дзе найпершых прозвішчаў калонка.

А нябожчык жыў сабе, як мог,

Жарт цаніў і вастрасловіў тонка.

 

І такія стрэмкі падпускаў,

Што сябры хапаліся за бокі,

Здатны быў на жарт, на востры сказ,

У «вярхах» бываў на косым воку.

 

Быць заўжды стараўся ў старане

Ад сусальнай пазалоты культу,

Хоць і мусіў граць на той струне,

Што заўжды была пакорнай пульту.

 

Так прайшоўшы свой жыццёвы шлях,

Дажываў свой век забыты ўсімі,

Да папругі ўвесь ў медалях;

Слава ж дзён былых плялася міма.

 

Так вось Богу і аддаў душу.

Хай зямелька будзе яму пухам!

Толькі я сардэчна вас прашу:

Не кідайце словы-пацяруху:

 

«Ён жыве! Ён з намі! Ён між нас!

Будзе вечна жыць у нашых сэрцах!»

Фарысеі! Гучная хлусня

Быць не можа проціборцам смерці!

 

І спыніце свой няшчыры хор

Аб заўчасным нечаканым сконе:

Сябра наш даўным-даўно памёр,

Толькі мы яго хаваем сёння!

 

1991


1991