epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Жанчыны

1. Мадонны
2. Багіня
3. Сінічка
4. Партрэт
5. Фінал


1. Мадонны

Жанчыны мілыя, ў даўгу

Наш род мужчынскі перад вамі.

Жыццё нас гнула у дугу,

Вязала рукі ланцугамі,

І я прызнацца ў тым магу,

Што не да вас было часамі.

 

Калі хапалі за гарляк

Лёс-ёлупень ці доля-сцерва,

У стукачы ішоў зямляк,

Трапалі на кастрыцу нервы

І гналі ў лагерны барак

Багіню мудрасці — Мінерву,—

 

Ці ж да кахання там было?!

А іскарка ў душы гарэла,

Не ператвораная ў тло,

І кожнай клеткай прагла цела

Уваскрашэння, і цяпло

Спагады й ласкі сэрцы грэла...

 

І я згадаў, як між гарэз

Калісьці шкаляром старанным

На ўроку тонкасных славес

Пісаў: «Трагедыя Таццяны

У найславуцейшым рамане

Паводле Пушкіна А. С.»

 

І я згадаў з прычыны той

Мароз-траскун сібірскай ночы,

Як гнаў адкормлены канвой

Аўчаркамі этап жаночы...

Агонь нянавісці святой

На момант высмаліў мне вочы...

 

У лёгкіх плашчыках адны,

Другія — ў туфліках, сукенках,

Відаць, яны ў разгар вясны

Былі заштурханы ў засценкі...

І праглыналі туманы

Іх плач надрыўны, стогны, енкі...

 

Бягом! Бягом! — крычаў канвой,

Брахалі сытыя аўчаркі...

На д’яблаў шабаш ночы той

Спакойна Бог глядзеў з-за хмаркі...

Агонь нянавісці святой

Рваў маё сэрца на кавалкі!

 

І я згадаў напрыканцы

Ізноў трагедыю Таццяны,

Яе расейскія блінцы,

Кроў з малаком ланіт румяных,

Якім так многа прысвяціў

Паэт радкоў свайго рамана!

 

...О, колькі вас лягло, жанкі,

Эльгенскіх лагераў мадонны,

Нявесты, сёстры, мацяркі,

Чые закрэслены імёны!..

Пракляты будзь на ўсе вякі,

Вампір крывавы, кат шалёны!

 

 

2. Багіня

Каханню ўсе мы падуладны,

Як мілы Пушкін гаварыў,

Хоць метад наш цяпер — брыгадны,

І ўсе над ім гаспадары.

 

Таму нам сёння не да цноты,

Яе спяшаемся пазбыць,

Аднак трапляем у цянёты —

І ўрода, і красун любы.

 

Хоць вінаваты Бог, што Еву

Спакуснік-змей увёў у грэх,

Пад манастыр падводзяць дзевы

Падчас і нас курам на смех!

 

Хай на язык мне сядзе прышчык

Калі няпраўду вам скажу,

Таму й нясу на суд ваш прытчу,

Ілжы мінаючы мяжу:

 

У нейкім царстве-гаспадарстве,

Дзе цараваў тыран рабы,

Жылі плямёны зэкаў рабскіх,

Што гнулі ўдзень і ўноч гарбы.

 

Над імі быў наглядчык строгі,

Як поп аб душах іх радзеў,

І той, хто падаў ад знямогі,

Трапляў адразу ж у кандзей.

 

Там за нікчэмную падачку —

Чарпак нішчымнай баланды,

Ганяў і я на шахце тачку

І год, і два, і тры гады.

 

Над галавой не бачыў неба,

Зямлі не чуў я пад сабой.

За ўсё худая пайка хлеба

І газам тручаны забой.

 

Калі ж мы неяк выйшлі з лавы,

Нас асляпіў пасыл нябёс:

Начальнік лагера шалаву

Для ўцехі ўласнае прывёз.

 

Хоць, як казаў Астрэйка, штабу

Нідзе такога не было,

Каб не трымаў начальнік бабу

Сабе на радасць, нам назло,—-

 

А наш сябе паводзіў горда

Дый то не мог сябе стрымаць:

Ледзь што не так, заедзе ў морду,

А то — ў кандзей на сутак пяць,

 

І ўсё ж канец і ганарліўцу

Прыйшоў. Падпіўшы, халасцяк

Убачыў раз-другі спадніцу

І ўвесь абмяк, як той хамяк.

 

Хіба ж адвыкнеш ад жанчыны?!

Здалося, Бог паслаў нам цуд,

З вышынь да нас сышла багіня —

Хвала нябеснаму Айцу!

 

Хоць не было дзе пробу ставіць

На кволым целе бажаства,

Яна і ў нашых снах, і ў яве

Жыла як сімвал хараства.

 

Ах, як яна нам спачувала!

Я, кажа, ўсім бы вам дала

Кавалак сэрца, слёзы жалю

І ў пекла грэшніцай пайшла,

Каб воля ў тым мая была!

Ды вельмі строгі ў нас начальнік,

Не спусціць вам, не спусціць мне:

Вас пазаморвае ў капальнях,

Мяне ж у лагер зноў шпурне.

 

...Так ды не так! Закону й права

Узняты меч адной рукой:

За сужыццё з зэка-шалавай

Схапіў начальнік пяць гадкоў!

 

А нашу бедную багіню

Ізноў упякалі за дрот...

...Я да сканальнае хвіліны

Нашу ў душы той эпізод!

 

 

3. Сінічка

Жанчыны мілыя ў даўгу

У вас і я, відаць, да скону,

Што не згінаўся у дугу,

Красою вашай паланёны;

 

Што з той крынічкі хараства

Я піў нагбом да перасыці,

Што я кахаў бяздумна вас

То абы-як, то ў шалым спрыце.

 

Быць можа, ў тым дабро і зло,

Сэнс узаемапрыцягнення,

Што ваша кроў і ваша плоць

Жыве ва мне ад нараджэння;

 

Што я падлеткам падглядаў

Праз шыбку ці праз дзірку ў плоце,

Як бог Эрот дваіх гайдаў

Салодкім спалучэннем плоці!

 

Не даў Тварэц перад канцом

Сваёй рабочай сямідзёнкі

Валодаць пэндзлем ці разцом,

Каб высеч вобраз з рысак тонкіх;

 

Каб здолеў вылепіць я з вас

Нятленны вобраз прыгажосці,

Каб не патоўк крыштальных ваз

Ад захаплення ці ад злосці...

 

Пяро гусінае мне ў дар

Заместа гліны, гіпсу, воску

Ўручыў нябёсаў гаспадар —

Маўляў, давай санеты шпар

Сваёй Лауры з-пад Лагойска!

 

І праўда, што мне гліна, воск —

Халоднай памяці адзнакі?

Мне мяккі шоўк жаночых кос

І слодыч вуснаў больш да смаку!

 

А бляск загадкавы вачэй,

А любай тонкае аблічча

Хіба мой зрок не апячэ,

У свет спакусны не пакліча?

 

Што там лунаць у марах-снах

Між зданяў летуценных недзе?!

Лепш мець сінічку у руках,

Чым жорава ў высокім небе!

 

Тым больш калі сінічкі той

Жывой вагой не так і мала...

Ах, дзе вы дні вясны маёй,

Пары юнацкай гулі-шалы?!

 

Зямны наскрозь сыду ў зямлю

(Тым больш што быў я пад зямлёю!)

З апошнім выдыхам: «Люблю

Усё зямное, ўсё жывое!»

 

 

4. Партрэт

Два цёмных віркі — дзве глыбокія зрэнкі.

Патонеш, зірнуўшы у іх глыбіню.

З трох грацый адна пад шаўковай сукенкай

Схавала цнатлівай красы чысціню.

 

Здагадка і згадка крыві ашалелай,

Памкненняў з нясмеласцю лад неўпапад —

Ах, прага юнацтва, калі б ты умела,

Ах, старасці смага, калі б ты магла!

 

Быць можа, спякотнае неба Таўрыды

Адбілася ў позірку палкіх вачэй,

Быць можа, вар’яцкая кроў тымурыдаў

У жылах тваіх непакорна цячэ?!

 

Ёсць штось ад анёлаў, ёсць штосьці ад гурый

У постаці пругкай, у руху бядра...

Такіх апраналі ў звярыныя шкуры,

Трымалі ў парчова-шаўковых шатрах...

 

Такіх выкрадалі ў разбойным набегу,

Як толькі ўчарнее над стэпам імгла,

Далёкія продкі твае — печанегі,

Шпурнуўшы з наскоку на луку сядла...

 

Такіх на фелюгах пад ветразем алым

Вазілі піраты на рынкі рабынь,

Каб дзева ў гарэме красуняю стала,

Чый позірк — маланка, а вусны — рубін!

 

Такіх па хаценню юрлівага хана

Пад гук тамбурынаў, пад стогны зурны

Скакаць прымушалі на фоне фантана,

Каб вока усцешыць красой галізны...

 

Я ўсё прачытаў гэта ў позірку палкім

Тваіх грахаводных чароўных вачэй...

Віват, срэбны рог,— заздароўная чарка,

Вар’яцкія прымхі паўднёвых начэй!..

 

...Вось тут бы й паставіць апошнюю кропку,

Дык не — дух няўпынным штурхае: лаві

З распушчанай грывай дзікунку-жаробку,

Пакуль не астыла шаленства ў крыві!..

 

 

5. Фінал

Прыклаўшы да грудзей руку,

Скажу я так, мая Лаура:

— Ці варта йсці за Сцікс-раку

У панства ценяў — свет пануры?!

 

Не вельмі пнуся я туды

Каб мог, дык прашмыгнуў бы міма,

На жаль, як спрынтары, гады

Бягуць, суняць іх немагчыма!

 

Пакуль быў гнаны быстраком,

Мінаць падвох падводны мусіў,

Стаў неўпрыкмет старым хрычом,

Лаўра ж — Бабкаю Ягусяй.

 

Шпурне, як кажуць, той сіндром

І нас пад колы катафалкаў.

Я, грэшнік, стану Лесуном,

А вы — хвастатаю русалкай.

 

І ў прыцемку ці ў вогкі змрок

Вяршыцьмем справы неблагія:

Заманьваць дурняў у вірок,

Усмешкай вы, я проста кіем.

 

Зялёных вашых зрэнак бляск —

Найлепшы сродак спраў сурочных.

Бліскучых зорак цыферблат

Прыпыніць нас у час паўночны...

 

А што жыццё наша? Гульня!

Як роў карцёжнік утрапёны

(Пазбегнем рыфмы непрыстойнай),

Няма ні вечка ёй, ні дна!

 

За рожкі ўхопім маладзік,

На хмарцы седзячы пуховай,

Зямны забудзем тлум і бзік,

Рамансік збацаем не новы:

«Ах, зачем эта ночь

Так была хороша,

Не болела бы грудь,

Не страдала душа...»

 

Не прыме нашых грэшных душ

Нябесная наменклатура —

Ні Бог-Айцец, ні Сын, ні Дух,

Ні штат анёлаў, сад амураў...

 

Каб не забрудзілі мы там

Нябёсаў чыстых колер сіні,

Ілля-прарок падкоціць нам

Свае грымотныя драбіны...

 

І ўсё. Нагамі дагары

Шпурнуць нас у вярцеп пякельны,

Хоць сінім полымем гары,

А хоць ліжы сабе патэльню...

 

Быў пеклам нам зямны наш дом,

Дык не памром і тут ад смагі,

Нальём Мядзведзіцы каўшом

Хоць першачка сабе, хоць брагі...

 

Пяюць жа песню пра той свет,

Што «лучше нету того свету»,

Тым больш што ты і сам паэт,

А тут жа й месца для паэта!

 

Тут ні герой, ні цар, ні сват —

Ніхто не дасць табе падмогі,

Са свежых грэшнікаў разбрат

Прыпаднясе гарсон двухрогі...

 

Усё зямное, што змаглі,

Пакаштавалі мы з ахвотай,

Дык па пакінутай зямлі

Не загрызе туга-згрызота!

 

1949—1992