epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Запаляр'е

Гасне прысак змяркання,

Дачаснаю цемрай задушаны,

Поўнач — сцюж валадар —

У свае уваходзіць правы.

За сцяной галасы

Ці то водгалас спрэчак прыглушаны...

Б’ецца злосна ў замёрзлыя шыбы

Віхор снегавы.

 

Нечы голас прастуджаны

Мкнецца асіліць завею:

«...Адчыні ты паціху калітку...» —

Раве ў цемнаце.

Я ламаю алоўкі,

А ён, адурэлы, шалее:

«...І ўвайдзі ў ціхі сад...

...Увайдзі ў ціхі сад ты, як цень...»

 

Гэта ён, гэта ён

Маіх мук, маіх пошукаў сведка,

Што стаіць на паліцы ў кутку,

Гукавержац-вулкан,

Хоча ўпэўніць мяне,

Што вясною прыгожыя кветкі,

Што дарогі мае —

Толькі пыл, ды туман, ды бур’ян...

 

Хлусіць той барытон...

Нездарма я страчаў непагоду

Твар у твар,

Каб яснелі наступнага чыстыя дні.

Так, напэўна, пілот

Галадуе без кіслароду,

Каб узняць самалёт

Да нябачанай вышыні...

 

Я не госць на зямлі,—

Гаспадар і шукальнік старанны.

У глыбінях мярзлот,

Захаваных яе таямніц

Я багацці знаходжу,

Я ў белых снягоў акіяне

Не трымаю пазнання

У рамках даступных граніц...

 

Гэта мне, гэта мне

Белым крыллем махаюць завеі,

Да мяне белы коннік зімы

Мчыць на белым кані...

Для мяне, для мяне

Дзень палярны ўрачыста святлее,

Для мяне ручаямі вясна

Несціхана звініць...

 

Кожным нервам і мускулам,

Кожнай пульсуючай жылкай

Урачыстага поступу часу

Я рухі лаўлю.

Акрылены упартаю верай,

Дужэй за асілка —

Чалавек, што заклікан

Нашчэнт перайначыць зямлю.

 

Песнапеўца жыцця

І глыбіняў падземных геолаг,

І палацаў паветраных

Муляр і інжынер,

І душы чалавечай

Канструктар руплівы й вясёлы,—

Я ў наступнага крыл

Не бяру напракат, напавер...

 

Я ў наступнае йду,

І палярная ноч ружавее,

І з-за сопак сцюдзёнае сонца

Мне свеціць у твар,

Я іду — і пад ногі

Пакорна кладуцца завеі,

І ўцякаюць спалохана

Зграі пашарпаных хмар...

 

1949


1949