epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Здзіўленне

Заўжды хвалюе нас прыход вясны.

І хоць не лёг на гай зялёны колер,

А ўжо, як тонкі гук жывой струны,

Спеў жаўрука звініць над шэрым полем.

 

А ўжо вятры з далёкай стараны

Нясуць цяплынь у залатым прыполе;

А ўжо абрысы ясных дзён відны

І замірае сэрца мімаволі.

 

Глядзі, глядзі айчыне ў чысты твар,

Нямей, нямей ад шчаснага здзіўлення:

Вясна па небе коціць сонца шар

 

Насустрач дням вялікім аднаўлення.

Прымі яго, душа, як лепшы дар,

Напоўнены ўрачыстасцю вясенняй!