epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Зялёнае

Зялёнае.

Светабудовы стрыжань.

Цыклоп з чырвонай зрэнкай — семафор.

І — стоп!

І што ні крок, то бліжай, бліжай

Кут салаўіны, дзьмухаўцы, чабор.

 

Тут цішыня.

Тут дзень ад сонца рыжы.

Тут разамлеў спякотаю сыр-бор.

Тут з-пад ялінкі вабіць вока рыжык.

Тут вечарком патрэсквае касцёр.

 

Тут неба — фіялетавым скляпеннем,

Тут водсветы далёкіх навальніц,

Тут вогнішчаў пачварыстыя цені,

 

Тут водар мацыёл і медуніц.

Зялёнае! Змяні душы тамленне

На цішыню і тонкі пах суніц!