epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Зямля мая, любоў мая...

1
2
3
4
5


1

Калі гадоў пражытых чарада

Над галавой шумне крылом арліным

І праплыве за далягляд удаль,—

Не гавары, што свет сышоўся кліпам!

 

Вер — прыйдуць вёсны, грымне гром у дах,

У бліскавічным бляску хлыснуць ліўні,

І, перамыты ў ста буйных дажджах,

Не знікне след твой на шляхах айчыны!

 

Хай рэкі часу назаўжды сплылі,

Здранцвеў пякучы боль былой трывогі,

Ідзі й глядзі уважліва пад ногі —

 

Не так яшчэ ўсё гладка на зямлі:

Не ўсе віхуры сціхлі ад знямогі,

Не ўсе яшчэ завеі адгулі!

 

 

2

І ўсё ж я веру ў роздум чалавечы,

У існаванне шчасця і дабра,

Што свет з палёгкай выпрастае плечы,

Прагнаўшы чорных злыдняў прэч з двара;

 

Што хараства зямнога не знявечыць

Вар’яцкі дух раскутага ядра.

Што возьме верх любоў і чалавечнасць

Над цемрашальскай сілай тапара!

 

І той лятучай верай акрылёны,

Ганю я прэч падманлівы спакой

Туды, дзе доўга нам ісці з табой.

 

Туды, дзе бор гудзе вечназялёны,

Дзе час грукоча песняю натхнёнай,

Пакуль закон жыцця не дасць адбой!

 

 

3

І ўсё ж, калі паселіць не ў пару

Між нас разлад той момант непатрэбны,—

Не ў дол скірую позірк, а ўгару.

Скуль пошчак льецца жаўруковы срэбны.

 

Як сонца жар пунсовую зару,

Агнём душы спалю адчай ганебны.

І, калі сам у тым агні згару,

Шчаслівы буду, што не ўгруз на грэблі.

 

З тае прычыны ўголас я кажу:

Нам жыць ды жыць ды шчасцю

пакланяцца!

Няхай нам сны аб светлых вёснах сняцца—

 

Мы яве верым, а не міражу!

Таму любоў, паэзію і працу

Я ў моцны вузел наглуха вяжу!

 

 

4

Суровы час, не дакарай мяне!

Табе служыў я вераю і праўдай.

Я ў небе плыў, я ў нетрах быў на дне,

Тваёй усмешцы кожнай быў я рады.

 

Крывіць душою яўна не па мне,

Як быць наўзбоч, як жыць чужой парадай.

Мне бальшаком па роснай старане

Ісці пад зыркім градам зарападу.

 

А ты, сяброўка, дзенешся куды! —

Страшней за ўсё жанчыне адзінота!

Зірні, блішчаць у далях гарады,

 

Шуміць тайга і смаліць стэп спякота...

Усё для нас. Хадзем, хадзем туды,

Дзе ззяе дзень нябачанай яснотай!

 

 

5

Вер у наступны дзень, як веру я

У вернасць слову, у любоў зямную.

Нас не стрымае весніц верая,

Як пашыбуем мы праз рунь густую.

 

Вось тут зямля мая — любоў мая!

Цяпло яе грудзей рукой крану я,

Каб зноў, нястомны духам, акрыяў,

Адчуўшы нанаў ласку трапяткую.

 

Ідзі смялей. Яна — ўсім цудам цуд,

Яна — вясёлак гранне веснавое,

Яна — душа матэрыі жывое,

 

Яна — гадоў грымотны перагод,

Яна — ў табе, з табой і над табою,

Зямля бацькоў, твой лёс і твой прысуд!

 

1976


1976