epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Зласлівец

Дабро і ліха трушанкаю ў кучу

Змяшаўшы, славалюбствам жывучы,

Шукае невідушчы завідушчы

У рай зямны таемныя ключы.

 

А як знайсці жар-птушку ў цёмнай пушчы

Ці зорку ў хмарным небе уначы?!

Чакай, калі павіны хвост распушчыць

Ружовага заранку далячынь...

 

Не! Злосць дабра не родзіць. Палахлівы

Не стане смелым, як ні варажы.

Так і зласліваму не стаць шчаслівым,

 

Хоць ад натугі ўшчэнт парве гужы...

Не раз прамчыцца ачышчальны лівень,

Перш чым яго навучыць праўдай жыць!