epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Знаходка

Ноч. Цішыня крадзецца па праспекту,

Праз сіта хмар прасейвае сняжок.

Спазніўся й я, як той прахожы нехта,

Што прыспяшае свой няцвёрды крок.

 

З акон дамоў святло так шчодра льецца,

Між мноства іх свайго не пазнаю.

Мне родным домам свет увесь здаецца,

Калі ў пад’ездзе ў роздуме стаю.

 

Адгрукацеў мой горад. Дзень пярэсты

За шторамі схаваўся і аціх.

А я свайго й дасюль шукаю месца

 

І ў покуце каляднае куцці.

Мне, столькі год прапаўшаму без вестак,

Сябе самога шчасна так знайсці!