epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Званы (Вянок санетаў)

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15


1

Гулі званы над плошчаю Саборнай,

У ратушы хаваўся магістрат.

Рамесны люд — нашчадак косці чорнай

На белую тачыў касу й булат.

 

А чым суняць гнеў чэрні непакорнай? —

Астрогам, плахай, жалязякай крат?!

Зляталі, калі гнеў яе агорне,

Як гарбузы, галовы акурат.

 

Тады старчма грувасціліся крыгі,

Пабоішчаў тых рэшткі несучы,

Каб зноў цякла лагодная Няміга

 

У сонна-баравую далячынь...

...Пазвоньвалі манашыя вярыгі,

Кружылі над крыжамі крумкачы...

 

 

2

Кружылі над крыжамі крумкачы,

Дзе тлелі косці віцязяў сярмяжных,

І нёс народ на змуляным плячы

Бяды ярмо, ў грудзях жа — дух адважны.

 

Скрыжоўваў з крыжакамі ён мячы.

І з ханскай зграяй. І з дружынай княжнай.

Дух волі ўпарта неслі крывічы,

Як самую каштоўную паклажу.

 

Яны грамілі орды чужаніц

І рыцарства грабежнікаў адборных,

Калі склікалі галасы званіц

 

На пляц Саборны баявую зборню,

Каб згінуў ад мяча, упаўшы ніц,

Хто паднімаў свой меч на край азёрны.

 

 

3

Хто паднімаў свой меч на край азёрны,

Ці ганарысты пан, ці сквапны швед —

Той у зямлі даўно, зарослай дзёрнам,

Згубіў разбойны след, бясслаўны след.

 

А ты ўставаў, мой Мінск, пад небам зорным

І, прашчураў згадаўшы запавет,

Узводзіў новы крэмль са смолкіх бёрнаў

І пракладаў шляхі ў шырокі свет.

 

Каціла Свіслач свае воды плытна,

Чаўны у стольны Кіеў несучы.

Над чарналессем беглі хмары спрытна...

 

Ды зноў званы гудзелі уначы,

І той, хто нёс табе пагібель скрытна,

Не ўпершыню плаціў крывавы чынш.

 

 

4

Не ўпершыню плаціў крывавы чынш

Наняты кат з прыдворнай сабакарні,

Што на цябе употай нож тачыў,

Што спапяліць хацеў на дым выжарны.

 

О, доля, доля! Дзе твае ключы?

Каб пот і кроў народ не траціў марна,

Ён, вілы й косы ў рукі беручы,

Пад сцяг Багдана йшоў самаахвярна.

 

У пушчах глуха вухкалі сычы.

Удзень і ўноч палалі ў кузнях горны,

Дзе кавалі адкоўвалі мячы...

 

А люд ішоў і збройны і бяззбройны,

Каб на Дняпры ці дзесьці на Збручы

Насмерць біць служак хіжае кароны.

 

 

5

Насмерць біць служак хіжае кароны

Ізноў, ізноў прыходзіў твой чарод,

Калі Кастусь падняў на бой няроўны

Самадзяржаўем змучаны народ.

 

Калі ж у снежань Пятага сцюдзёны

Гул дакаціўся й да тваіх варот,

Ты ўслед за Прэсняй сцяг узняў чырвоны

І нёс пад дуламі салдацкіх рот.

 

І нават залп крывавага Курлова

Твой горды дух не змог перамагчы,

Калі работны люд узняў галовы

 

І, падхапіўшы прэсненскі пачын,

Пад марсельезы грамавыя словы

Сам перамогі азбуку вучыў.

 

 

6

Ты перамогі азбуку вучыў,

Калі ў баях Семнаццатага года

Жыцця старога карчаваў карчы,

Каб прарасталі новага усходы.

 

Усё табе, мой горад, па плячы

Было ў гады вялікага паходу.

Быў строгі час, і строга ён лічыў

Твой кожны крок няўхільны ў свет свабоды.

 

Ты ўсё адужаў, выжыў, перажыў

Пад дзікі лямант свалаты адборнай,

Хоць час рабіў крутыя віражы,

 

Хоць і не вабіў выгляд твой знадворны...

Шмат страт было — тужы ці не тужы,—

Аб тым шумяць таполяў гонкіх кроны.

 

 

7

Няхай шумяць таполяў гонкіх кроны,

Што памяць нашу пільна сцерагуць.

Праз кроў і боль, праз смерці дух тлятворны

Ты, мужны з мужных, змог перасягнуць.

 

Падполля дух жывы — не ілюзорны —

Быць ці не быць, магу ці не магу —

Дылем не ставіў. Бой навале чорнай

Даваў на кожным кроку і рагу.

 

Сачыўся дзень крываваю зарою.

Знішчэння дым удушлівы гарчыў.

Адзін загінуў — заступалі трое...

 

Ля абеліска стань і памаўчы:

Тут не згасае памяць аб героях,

Што смерцю смерць змаглі перамагчы.

 

 

8

Мы смерцю смерць змаглі перамагчы

Дзеля жыцця ў шчаслівым новым свеце.

Жыві ў вяках, кастрычніцкі зачын,

Служы вялікай чалавечай мэце!

 

Лязо вайны употай не тачы,

Гісторыяй адкінутае смецце!

Не выдумляйце для вайны прычын,—

Хай будзе мір на стомленай планеце!

 

Мой горад, ты, прайшоўшы ўсе кругі

Не Дантавай — сапраўднай апраметнай,

Цаной крыві і памяццю магіл,

 

Цаной жыцця герояў непрыкметных,

Як птах той з прыску ўстаў, як светлы гімн

І як дакор у памяці сусветнай.

 

 

9

І як дакор у памяці сусветнай,

Не моўкнуць галасы тваіх ахвяр.

Яны засцерагаюць век ракетны:

Не раздзімайце атамны пажар!

 

Няхай нясуць цяплынь тугія ветры,

Хай поўніць грудзі пах вясновых чар.

Чакаюць людзі перамен адметных,

Чад Хірасімы каб не дзьмуў у твар.

 

Ты, горад мой любімы, неаднойчы

Гарэў датла. Куродыму туман

Блукаў па плошчах, вуліцах сірочых,

 

Дзе каркаў непрыкаяны груган...

Не засціць хай табе ніколі вочы

Вайны злавеснай гібельная здань!

 

 

10

Вайны злавеснай гібельная здань

Спакой твой мірны не парушыць болей.

Ты вер — настане чалавецтва рань

Пад ясным небам без пакут і болю.

 

Яна развее подласць і падман,

Як вецер пыл дарожны ў чыстым полі.

І ўжо ні шах, ні хан, ні багдыхан,

Ні хлыст-расіст не спыняць руху волі.

 

Раскуты розум рынецца ў сусвет

Ажыццяўленнем мары запаветнай,

І, як зігзаг маланак, рух ракет

 

Прачэрціць трасы ў далях міжпланетных...

І міжусобных бойняў горкі след

Бясследна знікне ў далечы прыветнай...

 

 

11

Бясследна знікне ў далечы прыветнай

Набегаў жах, гаркотны смак бядот.

І ты, мой горад, сад мой яркакветны,

І ты, працоўны люд, рабочы род,

 

Пад небасхілам сінім, сонцам ветлым

Стагоддзя дваццаць першага прыход

Сустрэнеш юным, радасным і светлым,

З чала сагнаўшы жаль былых нягод.

 

Не, не адзін граніт мемарыялаў

Нясеш ты дням наступнага, як дань,

А мужнасць, адкаваную са сталі,

 

А подзвіг, што праз кроў, і бруд, і твань

Праносіш ты ў вякоў нямыя далі,

Каб рунь рунела, ружавела рань.

 

 

12

Каб рунь рунела, ружавела рань,

Ярчэй свяціла сонца ў мірным небе,

Дух розуму, над цемрашальствам стань,

Не дай яму расці на плоднай глебе!

 

Не дай вар’яцтву перайсці за грань,

Дзе шквал хаосу узнясе на грэбень

Знішчэння вадародны ураган

Крываваму Малоху на патрэбу!

 

Мой родны горад, на сваім вяку

Ты ўсё зазнаў: дым руйнавання едкі,

І посвіст стрэл, і лёт смяротны куль...

 

Твой кожны камень, як маўклівы сведка,

Шапоча у каштаваным цяньку,

Каб на зямлі раслі сады і кветкі.

 

 

13

Каб на зямлі раслі сады і кветкі,

На ёй раслі спачатку курганы,

Крывавым потам злітыя палеткі

Чакалі рук, сахі і бараны.

 

Дваццаты ж век так страсянуў планетку,

Што будзе помніць кожны да труны,

І Бухенвальда уцалелы сведка,

І той, хто чуў хатынскія званы.

 

І ты, з руін адноўлены, мой горад,

Крыху ссівелы ў бітвах ветэран,

Глядзіш вачамі маладымі ўгору,

 

Дзе твой зямляк касмічны акіян

Перасякае на вачах у зорак,

Каб ты не ведаў больш пякучых ран.

 

 

14

Каб ты не ведаў больш пякучых ран,

Цябе такім майстры адбудавалі,

Каб кожны дом, праспект, квартал, фантан

Красой сваёю позірк чаравалі.

 

Красуй, красуй, герой і партызан,

Расці угору, ўшыркі, ў неба, ў далі,

Адзін з братэрства дружнага славян

Увесь са шкла, бетону, кветак, сталі!

 

Жыві, жыві ж у дзейнасці жывой,

Жыві ў штодзённых справах непаўторных!

Хай вечна ззяе неба над табой

 

То сонцам, то зарой, то скопам зорным...

Прысніцца толькі сон табе парой:

Гудуць званы над плошчаю Саборнай...

 

 

15

Гулі званы над плошчаю Саборнай,

Кружылі над крыжамі крумкачы.

Хто паднімаў свой меч на край азёрны,

Не ўпершыню плаціў крывавы чынш.

 

Насмерць біць служак хіжае кароны

Ты перамогі азбуку вучыў.

Няхай шумяць таполяў гонкіх кроны:

Мы смерцю смерць змаглі перамагчы.

 

І як дакор у памяці сусветнай —

Вайны злавеснай гібельная здань

Бясследна знікне ў далечы прыветнай,

 

Каб рунь рунела, ружавела рань,

Каб на зямлі раслі сады і кветкі,

Каб ты не ведаў больш пякучых ран!

 

1978


1978