epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Жыві, міф светлы...

Мне, столькі год прапаўшаму без вестак,

Адпетаму ў астрозе і ў царкве,

Так лашчыць сэрца покліч благавесту,

Што над маім прыстанішчам плыве.

 

Я хрышчаны ў царкве, што на Нямізе,

Якую вернік Жоўтай зваць прывык.

Ад небаскробаў сіратой паблізу

Яна й цяпер стаіць без галавы.

 

Аднак прайшла на безгалоўе мода,

Адродзяць купал і адновяць крыж,

Бо ў будучыню дойліду-народу

Патрэбна вера, а не светлы шыш!

 

І я на той высакароднай хвалі

Дактрыну гэту цвёрда ухваліў,

Чым больш імкнешся ў неба, тым трывалей

Стаіш дзвюма нагамі на зямлі!

 

Сваёй Галгофай горкаснай прайшоў я,

Крывавы смерч не раз у твар хвастаў,

Таму скажу з адкрытаю душою:

Жыві між нас, міф светлы пра Хрыста!

 

1991


1991