epub
 
падключыць
слоўнікі

Альфрэд Ван-Вогт

Пачвара

На вышыні чвэрці мілі вялізны зоркалёт павіс над горадам. Унізе ўсё насіла сляды касмічнай спустошанасці. Павольна апускаючыся ў энергетычнай гандоласферы, Інэш заўважыў, што будынкі ўжо пачалі развальвацца ад часу.

— Ніякіх слядоў ваенных дзеянняў. Ніякіх слядоў... — штохвілінна паўтараў нежывы механічны голас.

Інэш перавёў настройку.

Дасягнуўшы паверхні, ён адключыў поле сваёй гандолы і апынуўся на акружаным сценамі зарослым участку. Некалькі шкілетаў ляжала ў высокай траве перад будынкам з абцякальнымі імклівымі лініямі. Гэта былі шкілеты доўгіх двухрукіх і двухногіх стварэнняў; чэрап кожнага трымаўся на верхнім канцы тонкага спіннога хрыбта. Усе касцякі яўна належалі дарослым асобінам і здаваліся цудоўна захаванымі, але, калі Інэш нагнуўся і крануў адзін з іх, цэлы сустаў рассыпаўся ў парахню. Выпрастаўшыся, ён убачыў, як Ёал прызямляецца паблізу. Пачакаўшы, пакуль гісторык выберацца са сваёй энергетычнай сферы, Інэш папытаўся:

— Як па-вашаму, варта паспрабаваць наш метад ажыўлення?

Ёал здаваўся заклапочаным.

— Я распытваў усіх, хто ўжо спускаўся сюды ў зоркалёце, — адказаў ён. — Нешта тут не так. На гэтай планеце не засталося жывых істот, не засталося нават насякомых. Перш чым пачынаць якую-небудзь каланізацыю, мы павінны высветліць, што тут адбылося.

Інэш змоўчаў. Падзьмуў слабы ветрык, зашалясцеў лістотай у кронах гайка непадалёк ад іх. Інэш зірнуў на дрэвы. Ёал кіўнуў.

Так, расліннасць не пацярпела, аднак расліны, як правіла, рэагуюць зусім інакш, чым актыўныя формы жыцця.

Іх перапынілі. З прыёмніка Ёала прагучаў голас:

— Прыкладна ў цэнтры горада выяўлены музей. На яго даху — чырвоны маяк.

— Я пайду з вамі, Ёал, — сказаў Інэш. — Там, магчыма, захаваліся шкілеты жывёлін і разумных істот на розных стадыях эвалюцыі. Дарэчы, вы не адказалі мне. Ці збіраецеся вы ажыўляць гэтыя істоты?

— Я пастаўлю пытанне на абмеркаванне савета, — павольна прамовіў Ёал, — але, мне здаецца, адказ не выклікае сумненняў. Мы абавязаны ведаць прычыну гэтай катастрофы. — Ён апісаў няпэўны паўкруг адным з сваіх шчупальцаў і як бы сам сабе дадаў:— Зразумела, дзейнічаць трэба асцярожна, пачынаючы з сама ранніх ступеняў эвалюцыі. Адсутнасць дзіцячых шкілетаў паказвае, што гэтыя істоты, відаць, дасягнулі індывідуальнага бяссмерця.

Савет сабраўся на агляд экспанатаў. Інэш ведаў — гэта пустая фармальнасць. Рашэнне прынята — яны будуць ажыўляць. Апроч усяго іншага, яны былі заінтрыгаваныя. Сусвет бязмежны, палёты праз космас доўгія і нудныя, таму, спускаючыся на невядомыя планеты, яны заўсёды з хваляваннем чакалі сустрэчы з новымі формамі жыцця, якія можна ўбачыць на свае вочы, вывучыць.

Музей быў падобны на ўсе музеі. Высокія скляпеністыя столі, прасторныя залы. Пластмасавыя фігуры дзіўных звяроў, мноства прадметаў — іх было занадта многа, каб усе агледзець і зразумець за такі кароткі час. Эвалюцыя невядомай расы была пададзена паслядоўнымі групамі рэліквій. Інэш разам з усімі прайшоў па залах. Ён з палёгкай уздыхнуў, калі яны нарэшце дабраліся да рада шкілетаў і мумій. Схаваўшыся за сілавым экранам, назіраў, як спецыялісты-біёлагі дастаюць мумію з каменнага саркафага. Цела муміі было перабінтавана палосамі матэрыі ў некалькі столак, але біёлагі не сталі раскручваць сатлелую тканіну. Рассунуўшы яе, яны, як звычайна рабілася ў такіх выпадках, узялі пінцэтам толькі абломак чарапной каробкі. Для ажыўлення прыдаецца любая частка шкілета, аднак найлепшыя вынікі, сама дасканалую рэканструкцыю даюць некаторыя ўчасткі чэрапа.

Галоўны біёлаг Хамар растлумачыў, чаму яны выбралі менавіта гэтую мумію:

— Для захавання цела яны скарысталі хімічныя рэчывы, якія сведчаць пра зародкавы стан хіміі. Разьба ж на саркафагу гаворыць пра прымітыўную цывілізацыю, незнаёмую з машынамі. На гэтай стадыі патэнцыяльныя магчымасці нервовай сістэмы наўрад ці былі асабліва развітыя. Нашы спецыялісты па мовах прааналізавалі запісы гаворачых машын, устаноўленых ва ўсіх раздзелах музея, і, хоць моў аказалася вельмі многа — тут ёсць запіс гутарковай мовы нават той эпохі, калі гэтая істота была жывая, — яны без цяжкасці расшыфравалі ўсе паняцці. Цяпер універсальны перакладнік настроены імі так, што перакладзе любое наша пытанне на мову ажыўленай істоты. Тое самае, зразумела, і з адваротным перакладам. Але, выбачайце, я бачу, першае цела ўжо падрыхтавана!

Інэш разам з астатнімі сябрамі савета пільна сачыў за біёлагамі: тыя замацавалі клямарамі вечка ўваскрашальніка, і працэс пластычнага аднаўлення пачаўся. Ён адчуў, як усё ўсярэдзіне ў яго напружылася. Ён ведаў, што зараз адбудзецца. Ведаў напэўна. Пройдзе некалькі хвілін, і старажытны жыхар гэтай планеты падымецца з уваскрашальніка і стане перад імі твар у твар. Навуковы метад уваскрашэння просты і безадмоўны.

Жыццё ўзнікае з процьмы бясконца малых велічынь, на мяжы, дзе ўсё пачынаецца і ўсё канчаецца, на мяжы жыцця і нежыцця, у той цьмянай вобласці, дзе вібравальная матэрыя лёгка пераходзіць з старога стану ў новы, з арганічнай у неарганічную і назад. Электроны не бываюць жывымі або нежывымі, атамы нічога не ведаюць пра адушаўлёнасць або неадушаўлёнасць. Але калі атамы злучаюцца ў малекулы, на гэтай стадыі дастаткова аднаго кроку, сама малога кроку да жыцця, калі толькі жыццю суджана зарадзіцца. Адзін крок, а за ім цемра. Або жыццё.

Камень або жывая клетка. Крупінка золата або травінка. Марскі пясок або такія самыя незлічоныя малюсенькія жывыя істоты, што насяляюць бяздонныя глыбіні рыбінага царства. Розніца паміж імі ўзнікае ў цьмянай вобласці зараджэння матэрыі. Там кожная жывая клетка набывае ўласцівую ёй форму. Калі ў краба адарваць нагу, замест яе вырасце такая самая новая. Чарвяк выцягваецца і хутка падзяляецца на двух чарвякоў, на дзве аднолькавыя страўнікавыя сістэмы, такія самыя пражорлівыя, дасканалыя і ані не сапсаваныя гэтым падзелам. Кожная клетка можа ператварыцца ў цэлую істоту. Кожная клетка «памятае» гэтае цэлае ў такіх найдрабнейшых падрабязнасцях, што для іх апісання проста не хопіць сілы.

Але вось што парадаксальнае — нельга лічыць памяць арганічнай! Звычайны васковы валік запамінае гукі. Магнітная стужка лёгка ўзнаўляе галасы, якія замоўклі стагоддзі назад. Памяць — гэта філалагічны адбітак, сляды, пакінутыя на матэрыі, якія змянілі будову малекул; і калі яе абудзіць, малекулы ўзновяць тыя самыя вобразы ў тым самым рытме.

Квадрыльёны і квінтыльёны абуджаных вобразаў-формаў накіраваліся з чэрапа муміі ў уваскрашальнік. Памяць, як заўсёды, не падвяла.

Вейкі ўваскрэшанага ўздрыгнулі, і ён расплюшчыў вочы.

— Значыцца, гэта праўда, — сказаў ён гучна, і машына адразу пераклала яго словы на мову гэнейцаў. — Значыцца, смерць — толькі пераход у іншы свет. Ды дзе ж усе мае прыбліжаныя?

Апошнюю фразу ён вымавіў разгубленым, жаласным тонам.

Уваскрэшаны сеў, потым выбраўся з апарата, вечка якога аўтаматычна паднялося, калі ён ажыў. Убачыўшы гэнейцаў, ён задрыжаў, але гэта доўжылася нейкае імгненне. Уваскрэшаны быў ганаровы і валодаў своеасаблівай высакамернай мужнасцю, якая цяпер яму спатрэбілася. Неахвотна апусціўся ён на калені, упаў ніц, але тут сумненні адолелі яго.

— Вы багі Эгіпта? — папытаўся ён і зноў устаў. — Што за вырадкі! Я не пакланяюся невядомым дэманам.

— Забіце яго! — сказаў капітан Горсід.

Двухногая пачвара сутаргава тарганулася і растала ў полымі прамянёвай стрэльбы.

Другі ўваскрэшаны падняўся, дрыжучы і бляднеючы ад жаху.

— Божа мой, каб я яшчэ калі-небудзь дакрануўся да праклятага зелля! Падумаць толькі, дапіўся да ружовых сланоў...

— Гэта што за «зелле», пра якое ты ўспомніў, уваскрэшаны? — з цікаўнасцю папытаўся Ёал.

— Пяршак, сівуха, атрута ў фляжцы з задняй кішэні, малако ад шалёнай кароўкі, — чым толькі не пояць у гэтым прытоне, Божа мой!

Капітан Горсід запытальна паглядзеў на Ёала.

Ці варта працягваць?

Ёал, счакаўшы, адказаў:

— Пачакайце, гэта цікава.

Потым зноў звярнуўся да ўваскрэшанага:

— Як бы ты рэагаваў, калі б я табе сказаў, што мы прыляцелі з іншай зоркі?

Чалавек утаропіўся на яго. Ён быў яўна зацікаўлены, але страх аказаўся мацнейшы.

— Паслухайце, — сказаў ён. — Я ехаў па сваіх справах. Дапусцім, я кульнуў пару лішніх чарак, але ва ўсім вінавата гэтае паскудства, якім цяпер гандлююць. Клянуся, я не бачыў другой машыны, і, калі гэта новы спосаб караць тых, хто п'е за рулём, я здаюся. Ваша ўзяла. Клянуся, да канца сваіх дзён болей не вып'ю ні кроплі, толькі адпусціце мяне.

— Ён водзіць «машыну», але ён пра яе зусім не думае, — прамовіў Ёал. — Ніякіх такіх «машын» мы не бачылі. Яны не паклапаціліся захаваць іх у сваім музеі.

Інэш заўважыў, што ўсе чакаюць, калі хто-небудзь яшчэ задасць пытанне. Адчуў, што, калі ён сам не загаворыць, кола маўчання замкнецца. Інэш сказаў:

— Папрасіце яго апісаць «машыну». Як яна дзейнічае?

— Вось гэта іншая справа! — узрадаваўся чалавек. — Скажыце, куды вы хіліце, і я адкажу на любое пытанне. Я магу нарэзацца так, што ў вачах задваіцца, але ўсё роўна машыну павяду. Як яна робіць? Проста. Уключаеш старцёр і нагой даеш газ...

— Газ, — умяшаўся тэхнік-лейтэнант Віід. — Матор унутранага згарання. Усё ясна.

Капітан Горсід падаў знак ахоўніку з прамянёвай стрэльбай.

Трэці чалавек сеў і нейкі час уважліва глядзеў на іх.

— З зорак? — нарэшце папытаўся ён. — У вас ёсць сістэма ці вы трапілі да нас чыста выпадкова?

Гэнейскія саветнікі, што сабраліся пад купалам залы, наёмка закруціліся ў сваіх гнуткіх крэслах. Інэш сустрэўся вачыма з Ёалам. Гісторык быў моцна ўзрушаны, і гэта ўстрывожыла метэаролага. Ён падумаў: «Двухногія пачвары валодаюць ненармальна хуткай прыстасавальнасцю да новых умоў і занадта вострым пачуццём рэчаіснасці. Ніводзін гэнеец не можа дараўняцца да яго ў хуткасці рэакцый».

— Хуткасць думкі не заўсёды з'яўляецца прыкметай перавагі, — прамовіў галоўны біёлаг Хамар. — Істоты з марудным, грунтоўным мысленнем займаюць у радзе асобін, якія мысляць, ганаровыя месцы.

«Справа не ў хуткасці, — міжволі падумаў Інэш, — а ў правільнасці і дакладнасці думкі». Ён паспрабаваў уявіць сябе на месцы ўваскрэшанага. Ці змог бы ён вось так адразу зразумець, што навокал яго чужыя істоты з далёкіх зорак? Наўрад ці.

Усё гэта імгненна вылецела ў яго з галавы, калі чалавек устаў. Інэш і астатнія саветнікі не спускалі з яго вачэй. Чалавек хутка падышоў да акна, выглянуў на двор. Адзін кароткі пагляд, і ён павярнуўся да іх.

— Усюды тое самае?

Зноў гэнейцаў здзівіла хуткасць, з якой ён усё зразумеў.

Нарэшце Ёал наважыўся адказаць:

— Але. Спустошанне. Смерць. Руіны. Вы ведаеце, што тут адбылося?

Чалавек падышоў і спыніўся перад сілавым экранам, за якім сядзелі гэнейцы.

— Магу я агледзець музей? Я павінен прыкінуць, у якой я эпосе. Калі я быў жывы, мы валодалі некаторымі сродкаю разбурэння. Які з іх быў прыменены — залежыць ад таго, колькі часу мінула.

Саветнікі глядзелі на капітана Горсіда. Той замяўся, потым загадаў ахоўніку з прамянёвай стрэльбай:

— Сачы за ім!

Потым зірнуў чалавеку ў вочы.

— Нам зразумелыя вашы намеры. Вам хочацца выкарыстаць становішча і забяспечыць сваю бяспеку. Хачу вас папярэдзіць: ніводнага лішняга руху, і тады ўсё кончыцца для вас добра.

Невядома, паверыў чалавек у гэтую ману ці не. Ні адным паглядам, ні адным жэстам не паказаў ён, што заўважыў аплаўленую падлогу там, дзе прамянёвая стрэльба спаліла і ператварыла ў нішто двух яго папярэднікаў. З цікаўнасцю падышоў ён да бліжэйшых дзвярэй, уважліва паглядзеў на другога ахоўніка, які сачыў за ім, і хутка накіраваўся далей. Следам прайшоў ахоўнік, за ім рушыў сілавы экран і, нарэшце, усе саветнікі адзін за адным.

Інэш пераступіў парог трэці. У гэтай зале былі выстаўлены мадэлі жывёл. Наступная прадстаўляла, эпоху, якую Інэш для прастаты назваў сам сабе «цывілізаванай». Тут захоўвалася мноства апаратаў аднаго перыяду. Усе яны гаварылі пра досыць высокі ўзровень развіцця. Калі гэнейцы праходзілі тут першы раз, Інэш падумаў: «Атамная энергія». Гэта ж зразумелі і іншыя. Капітан Горсід з-за яго спіны звярнуўся да чалавека:

— Нічога не чапаць. Адзін няправільны крок — і ахоўнік спаліць вас.

Чалавек спакойна спыніўся пасярод залы. Нягледзячы на пачуццё трывожнай цікаўнасці, Інэш залюбаваўся яго самавалоданнем. Ён павінен быў разумець, які лёс яго чакае, і ўсё-такі ён стаіць перад імі, пра штосьці глыбока задумаўшыся... Нарэшце чалавек упэўнена загаварыў:

— Далей ісці няма чаго. Можа, вам удасца вызначыць больш дакладна, які прамежак часу ляжыць паміж днём майго нараджэння і вось гэтымі машынамі. Вось апарат, які, калі меркаваць па табліцы, лічыць атамы, што ўзрываюцца. Калі іх лік дасягне мяжы, аўтаматычна выдзяляецца пэўная колькасць энергіі. Перыяды разлічаны так, каб прадухіліць ланцуговую рэакцыю. У мой час існавалі тысячы грубых прыстасаванняў для запавольвання атамнай рэакцыі, але для таго, каб стварыць такі апарат, спатрэбіліся дзве тысячы гадоў з пачатку атамнай эры. Вы можаце зрабіць параўнальны разлік?

Саветнікі запытальна глядзелі на Вііда. Інжынер быў разгублены. Нарэшце ён наважыўся і загаварыў:

— Дзевяць тысяч гадоў назад мы ведалі мноства спосабаў прадухіляць атамныя выбухі. Але, — дадаў ён ужо больш павольна, — я ніколі не чуў пра прыбор, які адлічвае для гэтага атамы.

— І ўсё ж яны загінулі, — прамармытаў ледзь чутна астраном Шуры.

Запанавала маўчанне. Яго перапыніў капітан Горсід:

— Забі пачвару! — загадаў ён бліжэйшаму ахоўніку.

У гэта імгненне ахоплены полымем ахоўнік рухнуў на падлогу. І не ахоўнік, а ахоўнікі! Усе адначасова былі змецены і паглынуты блакітным віхрам. Полымя лізнула сілавы экран, адскочыла, ірванулася яшчэ люцей і зноў адскочыла, разгараючыся ўсё ярчэй. Праз вогненную заслону Інэш убачыў, як чалавек адступіў да далёкіх дзвярэй. Апарат, што лічыць атамы, свяціўся ад напружання, ахутаны сінімі маланкамі.

— Пазачыняць усе выхады! — прабрахаў у мікрафон капітан Горсід. — Паставіць ахову з прамянёвымі стрэльбамі! Падвесці баявыя ракеты бліжэй і расстраляць пачвару з цяжкіх гармат!

Нехта сказаў:

— Думкавы кантроль. Нейкая сістэма кіравання думкай на адлегласці. Навошта толькі мы ў гэта ўблыталіся!

Яны адступалі. Сіняе полымя шугала да столі, спрабуючы прабіцца праз сілавы экран. Інэш апошні раз зірнуў на апарат. Мабыць, ён усё яшчэ працягваў адлічваць атамы, таму што навокал яго клубіліся пякельныя сінія віхры.

Разам з астатнімі саветнікамі Інэш дабраўся да залы, дзе стаяў уваскрашальнік. Тут іх прыкрыў другі сілавы экран. З палёгкай схаваліся яны ў індывідуальныя гандолы, вылецелі вонкі і паспешліва падняліся ў зоркалёт. Калі вялізны карабель узняўся ўгору, ад яго аддзялілася атамная бомба. Вогненная бездань раскрылася ўнізе над музеем і над усім горадам.

— А мы ж так і не даведаліся, чаму загінула раса гэтых істот, — прашаптаў Ёал на вуха Інэшу, калі грукат выбуху замёр удалечыні.

Бледна-жоўтае сонца паднялося над гарызонтам на трэцюю раніцу пасля выбуху бомбы. Пайшоў восьмы дзень іх жыцця на гэтай планеце. Інэш разам з астатнімі спусціўся ў новы горад. Ён вырашыў запрацівіцца ўсякай спробе рабіць уваскрашэнні.

— Як метэаролаг, — сказаў ён, — я абвяшчаю, што гэтая планета зусім бяспечная і прыдатная для гэнейскай каланізацыі. Не бачу ніякай неабходнасці яшчэ раз рызыкаваць. Гэтыя істоты праніклі ў тайны сваёй нервовай сістэмы, і мы не можам дапусціць...

Яго перапынілі. Біёлаг Хамар насмешліва сказаў:

— Калі яны ведалі гэтак многа, чаму ж не перасяліліся на іншую зорную сістэму і не выратаваліся?

— Думаю, — адказаў Інэш, — яны не адкрылі нашага метаду вызначэння зорак з планетамі.

Ён абвёў хмурным паглядам кола сяброў.

— Мы ўсе ведаем, што гэта было ўнікальнае, выпадковае адкрыццё. Справа тут не ў мудрасці, — нам проста пашанцавала.

Па выразе твараў ён зразумеў: яны ў думках адхіляюць яго довад. Інэш адчуваў сваё бяссілле прадухіліць непазбежную катастрофу. Ён уявіў сабе, як гэтая вялікая раса сустрэла смерць. Мабыць, яна настала хутка, але не гэтак хутка, каб яны не паспелі зразумець. Занадта многа шкілетаў ляжала на адкрытых месцах, у садах цудоўных дамоў. Здавалася, мужы выйшлі з жонкамі на двор, каб сустрэць гібель свайго народа пад адкрытым небам. Інэш спрабаваў апісаць саветнікам іх апошні дзень многа-многа гадоў назад, калі гэтыя істоты спакойна глядзелі ў твар смерці. Аднак выкліканыя ім зрокавыя вобразы не дасягалі свядомасці яго супляменнікаў. Саветнікі нецярпліва заварушыліся ў крэслах за некалькімі радамі ахоўных сілавых экранаў, а капітан Горсід папытаўся:

— Растлумачце, Інэш, што менавіта выклікала ў вас такую эмацыянальную рэакцыю?

Пытанне прымусіла Інэша замоўкнуць. Ён не думаў, што гэта была эмоцыя. Ён не ўразумеў прыроды наслання — так неўпрыкмет яно авалодала ім. І толькі цяпер ён раптам зразумеў.

— Што іменна? — павольна прамовіў ён. — Ведаю. Гэта быў трэці ўваскрэшаны. Я бачыў яго праз заслону энергетычнага полымя. Ён стаяў там, ля далёкіх дзвярэй, і глядзеў на нас, пакуль мы не ўцяклі. Глядзеў з цікавасцю. Яго мужнасць, спакой, спрыт, з якім ён нас абдурыў, — у гэтым уся справа...

— І ўсё гэта прывяло яго да пагібелі, — сказаў Хамар.

Усе зарагаталі.

— Паслухай, Інэш! — дабрадушна звярнуўся да яго Мэярд, памочнік капітана. — Не хочаце ж вы сказаць, што гэтыя істоты храбрэйшыя за нас з вамі або што нават цяпер, ужыўшы ўсе меры перасцярогі, нам усім трэба баяцца адной уваскрэшанай намі пачвары.

Інэш змоўчаў. Ён адчуваў сябе пагана. Яго ашаламіла адкрыццё, што ў яго могуць быць эмоцыі. Да таго ж не хацелася выглядаць упартым. Тым не менш ён зрабіў апошнюю спробу.

— Я хачу сказаць толькі адно, —злосна прабурчаў ён. — Мне здаецца, што высвятляць, што здарылася з загінуўшай расай, не так ужо абавязкова.

Капітан Горсід падаў знак біёлагу.

— Пачынайце ажыўленне! — загадаў ён.

І, звяртаючыся да Інэша, прамовіў:

— Хіба ты можаш вось так, не скончыўшы ўсяго, вярнуцца на Гэйну і параіць масавае перасяленне? Уявіце сабе, што мы чагосьці не высветлілі тут да канца. Не, мой друг, гэта немагчыма.

Довад быў стары, але цяпер Інэш чамусьці з ім адразу згадзіўся. Ён хацеў нешта дадаць, але забыўся пра ўсё, бо чацвёрты чалавек падняўся ў уваскрашальніку.

Ён сеў і знік.

Настала мёртвая цішыня, поўная жаху і здзіўлення. Капітан Горсід хрыпла прамовіў:

— Ён не мог адсюль выйсці. Мы гэта ведаем. Ён недзе тут.

Гэнейцы вакол Інэша, устаўшы з крэслаў, узіраліся ў пустату пад энергетычным каўпаком. Ахоўнікі стаялі, бязвольна апусціўшы шчупальцы з прамянёвымі стрэльбамі. Бакавым зрокам Інэш убачыў, як адзін з тэхнікаў, што абслугоўвалі ахоўныя экраны, нешта шапнуў Вііду, які адразу пайшоў за ім. Вярнуўся ён, прыкметна спахмурнеўшы.

— Мне сказалі, — прамовіў Віід, — што, калі ўваскрэшаны знік, стрэлкі прыбораў скокнулі на дзесяць дзяленняў. Гэта ўзровень унутрыядзерных працэсаў.

— У імя першага гэнейца! — прашаптаў Шуры. — Гэта тое, чаго мы заўсёды баяліся.

— Знішчыць усе лакатары на зоркалёце! — крычаў капітан Горсід у мікрафон. — Знішчыць усе, вы чуеце?

Ён павярнуўся, бліскаючы вачамі, да астранома.

— Шуры, яны, здаецца, мяне не зразумелі. Загадайце сваім падначаленым дзейнічаць! Усе лакатары і ўваскрашальнікі павінны быць неадкладна знішчаны.

— Хутчэй, хутчэй! — жаласна пацвердзіў Шуры.

Калі гэта было зроблена, яны перавялі дух. На тварах з'явіліся панурыя ўсмешкі. Усе адчувалі змрочнае задавальненне. Памочнік капітана Мэярд прамовіў:

— Ва ўсякім разе, цяпер ён не знойдзе нашу Гэйну. Вялікая сістэма вызначэння зорак з планетамі застанецца нашай тайнай. Мы можам не баяцца адплаты...

Ён спыніўся і ўжо павольна закончыў:

— Пра што я кажу?.. Мы нічога не зрабілі. Хіба мы вінаватыя ў тым, што здарылася з жыхарамі гэтай планеты?

Але Інэш ведаў, пра што ён падумаў. Пачуццё віны заўсёды ўзнікала ў іх у падобныя моманты. Прывіды ўсіх знішчаных гэнейцамі рас; бязлітасная воля, якая натхняла іх, калі яны ўпершыню прызямляліся; рашучасць знішчыць тут усё, што ім перашкодзіць; цёмныя прорвы маўклівага жаху і нянавісці, што раскрываліся за імі паўсюль; дні страшнага суду, калі яны бязлітасна абпраменьвалі жыхароў мірных планет, якія нічога не падазравалі, смертаноснай радыяцыяй, — вось што таілася за словамі Мэярда.

— Я ўсё ж не веру, што ён мог уцячы, — загаварыў капітан Горсід. — Ён тут, у будынку, ён чакае, калі мы здымем ахоўныя экраны, і тады ён здолее пайсці. Няхай чакае. Мы гэтага не зробім.

Зноў запанавала маўчанне. Яны чакальна глядзелі на пусты купал энергетычнай аховы. Толькі бліскучы ўваскрашальнік стаяў там на сваіх металічных падстаўках. Акрамя гэтага апарата, там не было нічога — ніводнага пабочнага бліка, ніводнага ценю. Жоўтыя сонечныя прамяні пранікалі ўсюды, асвятляючы пляцоўку з такой яркасцю, што схавацца на ёй было проста немагчыма.

— Ахова! — загадаў капітан Горсід. — Знішчыце ўваскрашальнік. Я думаю, што ён вернецца, каб яго агледзець, таму не варта рызыкаваць.

Апарат знік у хвалях белага полымя. Разам з ім знікла і апошняя надзея Інэша, які ўсё яшчэ верыў, што смертаносная энергія прымусіць двухногую пачвару з'явіцца. Спадзявацца болей не было на што.

— Але куды ён мог дзецца? — папытаўся Ёал.

Інэш павярнуўся да гісторыка, збіраючыся абмеркаваць з ім гэтае пытанне. І тут ён убачыў — пачвара стаіць крыху воддаль пад дрэвам і ўважліва іх разглядае. Мабыць, яна з'явілася менавіта ў гэтае імгненне, таму што ўсе саветнікі адначасова разявілі раты і адскочылі. Адзін тэхнік, выяўляючы найвялікшую знаходлівасць, імгненна ўстанавіў паміж гэнейцамі і пачварай сілавы экран. Істота павольна набліжалася, яна была кволая і несла галаву, злёгку адкінуўшы назад. Вочы ў яе ззялі, нібы асветленыя ўнутраным агнём.

Падышоўшы да экрана, чалавек выцягнуў руку і дакрануўся да яго пальцамі. Экран асляпляльна ўспыхнуў, потым затуманіўся пералівамі фарбаў. Хваля фарбаў перайшла на чалавека: колеры сталі ярчэйшыя і ў імгненне разліліся па ўсім яго целе, з галавы да ног. Радужны туман рассеяўся. Абрысы сталі нябачныя. Яшчэ імгненне — і чалавек прайшоў праз экран.

Ён засмяяўся — гук быў дзіўна мяккі — і адразу пасур'ёзнеў.

— Калі я абудзіўся, сітуацыя мяне пацешыла, — сказаў ён. — Я падумаў: «Што мне цяпер з вамі рабіць?»

Для Інэша яго словы прагучалі ў ранішнім паветры мёртвай планеты прысудам лёсу. Маўчанне парушыў голас, настолькі здушаны і ненатуральны голас, што Інэшу спатрэбіўся час, каб пазнаць голас капітана Горсіда.

— Забіце яго!

Калі выбухі полымя апалі знясіленыя, істота, як і раней, стаяла перад імі. Яна павольна рушыла наперад і спынілася крокаў за шэсць ад бліжэйшага гэнейца. Інэш апынуўся ззаду ўсіх. Чалавек нетаропка загаварыў:

— Напрошваюцца два рашэнні: адно — заснаванае на ўдзячнасці за маё ўваскрашэнне, другое — на сапраўдным стане рэчаў. Я ведаю, хто вы і што вам трэба. Так, я вас ведаю — у гэтым ваша няшчасце. Тут цяжка быць міласэрным. Але паспрабую. Дапусцім, — працягваў ён, — вы адкрыеце тайну лакатара. Цяпер, паколькі сістэма існуе, мы больш ніколі не пападзёмся так неразумна, як той раз.

Інэш увесь напружыўся. Яго мозг працаваў так ліхаманкава, спрабуючы ахапіць магчымыя вынікі катастрофы, што здавалася, у ім не засталося месца больш для нічога. І тым не менш нейкая частка свядомасці была адцягнена.

— Што ж адбылося? — папытаўся ён.

Чалавек пацямнеў. Успаміны пра той далёкі дзень зрабілі яго голас хрыплым.

— Атамная бура, — прамовіў ён. — Яна прыйшла з іншага, зорнага свету, захапіўшы ўвесь гэты край нашай галактыкі. Атамны цыклон дасягаў у дыяметры каля дзевяноста светлавых гадоў, куды болей за тое, што нам было даступна. Ратунку не было. Мы не мелі патрэбы да гэтага ў зоркалётах і нічога не паспелі пабудаваць. Да таго ж Кастар, адзіная вядомая нам зорка з планетамі, таксама быў закрануты бурай.

Ён змоўк. Потым вярнуўся да перапыненай думкі.

— Дык вось, сакрэт лакатара... У чым ён?

Саветнікі вакол Інэша ўздыхнулі з палёгкай. Цяпер яны не баяліся, што іх раса будзе знішчана. Інэш з гонарам адзначыў, што, калі сама страшнае засталося ззаду, ніхто з гэнейцаў нават не падумаў пра сябе.

— Значыць, вы не ведаеце тайны? — лісліва прамовіў Ёал. — Вы дасягнулі вельмі высокага развіцця, аднак заваяваць галактыку зможам толькі мы.

З усмешкай змоўшчыка ён абвёў вачыма ўсіх астатніх і дадаў:

— Спадарства, мы можам з поўным правам ганарыцца вялікімі адкрыццямі гэнейцаў. Прапаную вярнуцца на зоркалёт. На гэтай планеце нам болей няма чаго рабіць.

Яшчэ нейкі момант, пакуль яны не схаваліся ў сваіх сферычных гандолах, Інэш з трывогай думаў, што двухногая істота паспрабуе іх затрымаць. Але, азірнуўшыся, ён убачыў, што чалавек павярнуўся да іх спіной і нетаропка ідзе па вуліцы.

Гэты вобраз застаўся ў памяці Інэша, калі зоркалёт пачаў набіраць вышыню. І яшчэ адно ён запомніў: атамныя бомбы, кінутыя на горад адна за адной, не ўзарваліся.

— Так проста мы не адмовімся ад гэтай планеты, — сказаў капітан Горсід. — Я прапаную яшчэ раз перагаварыць з пачварай.

Яны вырашылі зноў спусціцца ў горад — Інэш, Ёал, Віід і камандзір карабля. Голас капітана Горсіда прагучаў у іх прыёмніках:

— Мне здаецца... — Пагляд Інэша ўлоўліваў праз ранішні туман бляск празрыстых гандол, якія апускаліся вакол яго. — Мне здаецца, мы прымаем гэтае стварэнне зусім не за тое, што яно ёсць у сапраўднасці. Успомніце, напрыклад — яно абудзілася і адразу знікла. А чаму... Таму што спалохалася. Ну вядома ж! Яно не было гаспадаром становішча. Яно само не лічыць сябе ўсясільным.

Гэта гучала пераканаўча. Інэшу довады капітана прыйшліся па душы. І яму раптам здалося незразумелым, чаму гэта ён так лёгка паддаўся паніцы! Цяпер небяспека паўстала перад ім у іншым святле. На ўсёй планеце ўсяго адзін чалавек. Калі яны сапраўды наважаць, можна будзе пачаць перасяленне каланістаў, быццам яго зусім няма. Ён успомніў, як ужо рабілася ў мінулым не раз. На шмат якіх планетах невялікія групкі карэнных жыхароў пазбегнулі дзеяння смертаноснай радыяцыі і схаваліся ў аддаленых абласцях. Амаль усюды каланісты паступова вылавілі іх і пазнішчалі. Аднак у двух выпадках, наколькі ён памятае, тубыльцы яшчэ ўтрымлівалі за сабой невялікія часткі сваіх планет. У абодвух выпадках было вырашана не вынішчаць іх радыяцыяй — гэта магло пашкодзіць самім гэнейцам. Там каланісты прымірыліся з уцалелымі аўтахтонамі. А тут і тым больш — усяго адзін жыхар, ён не зойме шмат месца!

Калі яны яго знайшлі, чалавек рухава падмятаў ніжні паверх невялікага асабняка. Ён паклаў венік і выйшаў да іх на тэрасу. На ім былі цяпер сандалі і свабодная туніка з нейкай асляпляльна бліскучай матэрыі. Ён ляніва паглядзеў на іх і не сказаў ні слова.

Перамовы пачаў капітан Горсід. Інэш толькі дзівіўся, слухаючы, што той гаворыць механічнаму перакладніку. Камандзір зоркалёта быў гранічна шчыры: так вырашылі загадзя. Ён падкрэсліў, што ганейцы не збіраюцца ажыўляць іншых мерцвякоў гэтай планеты. Падобны альтруізм быў бы процінатуральны, бо орды гэнейцаў, якія ўсё ўзрастаюць, увесь час маюць патрэбу ў новых светах. І кожнае новае значнае павелічэнне насельніцтва ставіла адну і тую праблему, якую можна вырашыць толькі адным шляхам. Але ў гэтым выпадку каланісты добраахвотна абавязуюцца не замахвацца на правы адзінага ўцалелага жыхара планеты.

У гэтым месцы чалавек перапыніў капітана Горсіда:

— Якая ж была мэта такой бясконцай экспансіі?

Здавалася, ён быў шчыра зацікаўлены.

— Дапусцім, вы пазасяляеце ўсе планеты нашай галактыкі. А што далей?

Капітан Горсід абмяняўся незразумелым паглядам з Ёалам, потым з Інэшам і Віідам. Інэш адмоўна пахістаў тулавам з боку ў бок. Ён адчуў жаль да гэтага стварэння. Чалавек не разумеў і, напэўна, ніколі не зразумее. Старая гісторыя! Дзве расы, жыццяздольная і гаснучая, трымаліся супрацьлеглых пунктаў погляду: адна імкнулася да зорак, а другая схілялася перад немінучасцю лёсу.

— Чаму б вам не ўстанавіць контроль над сваімі інкубатарамі? — настойваў чалавек.

— І выклікаць падзенне ўрада? — з'іранізаваў Ёал.

Ён прамовіў гэта паблажліва, і Інэш убачыў, як усе астатнія таксама ўсміхаюцца — з наіўнасці чалавека. Ён адчуў, як інтэлектуальная бездань паміж імі робіцца ўсё шырэй. Гэтая істота не разумела прыродных жыццёвых сіл, што кіруюць светам.

— Добра, — зноў загаварыў чалавек. — Калі вы не здольныя абмежаваць сваё размнажэнне, гэта зробім за вас мы.

Настала маўчанне.

Гэнейцы пачалі касцянець ад лютасці. Інэш адчуваў гэта сам і бачыў тыя ж прыкметы ў іншых. Яго пагляд пераходзіў з твару на твар і вяртаўся да двухногага стварэння, якое так і стаяла ў дзвярах. Ужо не першы раз Інэш падумаў, што іх праціўнік выглядае зусім безабаронным.

«Зараз, — падумаў ён, — я магу абхапіць яго шчупальцамі і раздушыць!»

Разумовы кантроль над унутрыядзернымі працэсамі і гравітацыйнымі палямі, ці спалучаецца ён са здольнасцю адбіць чыста механічны, макракасмічны напад? Інэш думаў, што спалучаецца. Сіла, праяўленне якой яны бачылі дзве гадзіны назад, вядома, павінна была мець нейкія межы. Але яны гэтых межаў не ведалі. І тым не менш усё гэта цяпер не мела значэння. Мацнейшыя яны або слабейшыя — няважна. Фатальныя словы былі вымаўлены: «Калі вы не здольныя абмежаваць, гэта зробім за вас мы!»

Гэтыя словы яшчэ гучалі ў вушах у Інэша, і па меры таго, як іх сэнс усё болей даходзіў да яго, ён адчуваў сябе ўсё менш ізаляваным і адчужаным. Да гэтага часу ён лічыў сябе толькі гледачом. Нават пратэстуючы супраць далейшых уваскрашэнняў, Інэш дзейнічаў як незацікаўленая асоба, што назірае драму збоку, але не ўдзельнічае ў ёй. Толькі цяпер ён з гранічнай яснасцю зразумеў, чаму ён заўсёды ўступаў і ў канчатковым выніку згаджаўся з іншымі. Вяртаючыся ў мінулае, да сама далёкіх дзён, цяпер ён бачыў, што ніколі па-сапраўднаму не лічыў сябе ўдзельнікам захопу новых планет і знішчэння чужых рас. Ён проста прысутнічаў пры гэтым, раздумваў, разважаў пра жыццё, якое не мела для яго значэння. Цяпер гэтае паняцце канкрэтызавалася.

Ён болей не мог, не хацеў працівіцца магутнай хвалі пачуццяў, якія яго захліснулі. Цяпер ён думаў і адчуваў заадно з неабдымнай масай гэнейцаў. Усе сілы і ўсе жаданні расы бушавалі ў яго крыві.

— Слухай, двухногі! — зароў ён. — Калі ты спадзяешся ажывіць сваё мёртвае племя — пакінь гэту надзею!

Чалавек паглядзеў на яго, але змоўчаў.

— Калі б ты мог нас усіх знішчыць, — працягваў Інэш, — то даўно знішчыў бы. Ды ўся справа ў тым, што ў цябе не хапае сілы. Наш карабель пабудаваны так, што на ім немагчымая ніякая ланцуговая рэакцыя. Усякай часцінцы патэнцыяльна актыўнай матэрыі супрацьстаіць антычасцінка, якая не дапускае ўтварэння крытычных мас. Ты можаш зрабіць выбухі ў нашых рухавіках, але гэтыя выбухі застануцца таксама ізаляванымі, а іх энергія будзе эвернута на тое, для чаго рухавікі прызначаны, — пераўтворыцца ў рух.

Інэш адчуў дотык Ёала.

— Пасцеражыся! — шапнуў гісторык. — У гарачцы ты можаш выбалбатаць адзін з нашых сакрэтаў.

Інэш строс яго шчупальцы і злосна агрызнуўся:

— Хопіць наіўнічаць! Гэтай пачвары дастаткова было зірнуць на нашы целы, каб разгадаць амаль усе тайны нашай расы. Трэба быць дурнем, каб думаць, быццам яна яшчэ не ўзважыла сваіх і нашых магчымасцей у гэтай сітуацыі.

— Інэш! — зароў капітан Горсід.

Пачуўшы металічныя ноткі ў яго голасе, Інэш адступіў і адказаў:

— Слухаюся.

Яго лютасць астыла гэтак хутка, як і ўспыхнула.

— Мне здаецца, — працягваў капітан Горсід, — я здагадваюся, што вы меліся сказаць. Я цалкам з вамі згодзен, але як найвышэйшы прадстаўнік улады Гэйны лічу сваім абавязкам прад'явіць ультыматум.

Ён павярнуўся. Яго рагатае цела навісла над чалавекам.

— Ты адважыўся вымавіць словы, якім няма даравання. Ты сказаў, што вы паспрабуеце абмежаваць рух вялікага духу Гэйны.

— Не духу, — перапыніў яго чалавек. Ён ціхенька рассмяяўся. — Зусім не духу!

Капітан Горсід пакінуў без увагі яго словы.

— Таму, — працягваў ён, — у нас няма выбару. Мы лічым, што з часам, сабраўшы неабходныя матэрыялы і вырабіўшы адпаведныя інструменты, ты здолееш пабудаваць уваскрашальнік. Паводле нашых разлікаў, на гэта спатрэбіцца сама меней два гады, нават калі ты ведаеш усё. Гэта незвычайна складаны апарат, і сабраць яго адзінаму прадстаўніку расы, якая адмовілася ад машын за тысячагоддзе да таго, як была знішчана, будзе вельмі і вельмі няпроста.

Ты не паспееш пабудаваць зоркалёт. І мы не дамо табе часу сабраць уваскрашальнік. Магчыма, ты зможаш прадухіліць выбухі на нейкай адлегласці вакол сябе. Тады мы паляцім да іншых мацярыкоў. Калі ты перашкодзіш і там, значыць, нам спатрэбіцца дапамога. Праз шэсць месяцаў палёту з найвышэйшым паскарэннем мы дасягнем кропкі, адкуль бліжэйшыя каланізаваныя гэнейцамі планеты пачуюць наш заклік. Яны пашлюць вялізны флот: яму не змогуць супрацьстаяць усе твае сілы. Скідаючы па сотні або па тысячы бомбаў у хвіліну, мы знішчым усе гарады, так што ад шкілетаў твайго народа не застанецца нават пылу.

Такі наш план. І гэтак яно і будзе. А цяпер рабі з намі што хочаш — мы ў тваёй уладзе.

Чалавек паківаў галавой.

— Пакуль я нічога не буду рабіць, — сказаў ён і падкрэсліў: — Пакуль нічога.

Памаўчаўшы, дадаў задумліва:

— Вы разважаеце лагічна. Вельмі. Зразумела, я не ўсемагутны, але мне здаецца, вы забыліся пра адну маленькую дэталь. Якую, не скажу. А цяпер бывайце. Вяртайцеся на свой карабель і ляціце куды хочаце. У мяне яшчэ шмат спраў.

Інэш стаяў нерухома, адчуваючы, як лютасць зноў разгараецца ў ім. Потым, зашыпеўшы, ён скочыў, растапырыўшы шчупальцы. Яны ўжо амаль дакрануліся да кволага цела, як раптам нешта адкінула яго...

Апрытомнеў Інэш на зоркалёце.

Ён не памятаў, як апынуўся ў ім, ён не быў паранены, не адчуваў ніякага ўзрушэння. Ён турбаваўся толькі пра капітана Горсіда, Вііда, Ёала, але ўсе трое стаялі побач з ім такія ж здзіўленыя. Інэш ляжаў нерухома і думаў пра тое, што сказаў чалавек: «Вы забыліся пра адну маленькую дэталь...» Забыліся? Значыць, яны яе ведалі! Што ж гэта такое? Ён усё яшчэ раздумваў над гэтым, калі Ёал сказаў:

— Неразумна спадзявацца, што нашы бомбы хоць што-небудзь зробяць!

Гэта была праўда.

Калі зоркалёт аддзяліўся ад Зямлі на сорак светлавых гадоў, Інэша выклікалі ў залу савета. Замест прывітання Ёал сумна сказаў:

— Пачвара на караблі.

Яго словы як громам ударылі Інэша, але разам з іх грукатам на яго найшло раптоўнае азарэнне.

— Дык вось пра што мы забыліся! — здзіўлена і гучна прамовіў ён нарэшце. — Мы забыліся, што ён пры жаданні можа перамяшчацца ў касмічнай прасторы ў межах... — як гэта ён сказаў?.. у межах дзевяноста светлавых гадоў.

Інэш зразумеў. Гэнейцы, якім даводзілася карыстацца зоркалётамі, вядома, не падумалі пра такую магчымасць. І дзівіцца тут не было чаго. Паступова рэчаіснасць пачала страчваць для яго значэнне. Цяпер, калі ўсё адбылося, ён зноў адчуў сябе змучаным і старым, ён зноў быў адчайна адзінокі.

Для таго каб увесці яго ў курс справы, спатрэбілася ўсяго некалькі хвілін. Адзін з фізікаў-асістэнтаў па дарозе ў кладоўку заўважыў чалавека ў ніжнім калідоры. Дзіўна толькі, што ніхто са шматлікай каманды зоркалёта не ўбачыў пачвары раней.

«Ды мы ж, зрэшты, не збіраемся спускацца або набліжацца да нашых планет, — падумаў Інэш. — Такім чынам, ён зможа нас выкарыстаць, толькі калі мы ўключым відэа?..»

Інэш спыніўся. Ну, вядома, у гэтым уся справа! Ім прыйдзецца ўключыць накіраваны відэапрамень, і, як толькі кантакт будзе ўстаноўлены, чалавек зможа вызначыць патрэбны кірунак.

Рашэнне Інэш прачытаў у вачах сваіх супляменнікаў — адзінае магчымае ў гэтых умовах рашэнне. І ўсё ж яму здавалася, што яны нешта ўпусцілі, нешта вельмі важнае. Ён павольна падышоў да вялікага відэаэкрана, устаноўленага ў канцы залы. Карціна, адлюстраваная на ім, была такая яскравая, такая велічная і цудоўная, што непрывычны розум уздрыгваў перад ёй, як ад успышкі маланкі. Нават Інэша, хоць ён бачыў гэта не раз, ахоплівала здранцвенне перад неймавернай, недаступнай розуму безданню космасу. Гэта было адлюстраванне часткі Млечнага Шляху. Чатырыста мільёнаў зорак ззялі, быццам у акуляры гіганцкага тэлескопа, здольнага ўлоўліваць нават міганне чырвоных карлікаў, аддаленых на трыццаць тысяч светлавых гадоў. Відэаэкран быў дыяметрам дваццаць пяць ярдаў — такіх тэлескопаў проста не існавала нідзе, і да таго ж у іншых галактыках не было столькіх зорак.

І толькі адна з кожных двухсот тысяч зіхатлівых зорак мела прыдатныя для засялення планеты.

Менавіта гэты факт каласальнага значэння прымусіў іх прыняць фатальнае рашэнне. Інэш стомлена абвёў усіх вачыма. Калі ён загаварыў, голас яго быў спакойны:

— Пачвара разлічыла цудоўна. Калі мы паляцім далей, яна паляціць разам з намі, завалодае ўваскрашальнікам і вернецца даступным ёй спосабам на сваю планету. Калі мы пакарыстаемся накіраваным прамянём, яна рушыць уздоўж прамяня, захопіць уваскрашальнік і таксама вернецца да сябе раней за нас. У любым разе, перш чым нашы караблі даляцяць да планеты, двухногі паспее ажывіць дастатковую колькасць сваіх супляменнікаў, і тады мы будзем бяссільныя.

Ён скалануўся ўсім целам. Разважаў ён правільна, і ўсё ж яму здавалася, што недзе ў яго думках ёсць прабел. Інэш павольна гаварыў далей:

— Цяпер у нас толькі адна перавага. Якое б рашэнне мы ні прынялі, без машыны-перакладніка ён пра яго не даведаецца. Мы можам выпрацаваць план, які застанецца для яго тайнай. Ён ведае, што ні мы, ні ён не можам узарваць карабель. Нам застаецца адзінае выйсце. Адзінае.

Капітан Горсід парушыў цішыню:

— Дык вось, я бачу, вы ведаеце ўсё. Мы ўключым рухавікі, узарвём прыборы кіравання і загінем разам з пачварай.

Яны абмяняліся паглядамі, і ў вачах ва ўсіх быў гонар за сваю расу. Інэш па чарзе дакрануўся шчупальцамі да кожнага.

Праз гадзіну, калі тэмпература ў зоркалёце адчувальна паднялася, Інэшу прыйшла ў галаву думка, якая прымусіла яго рушыць да мікрафона і выклікаць астранома Шуры.

— Шуры! — крыкнуў ён. — Успомні, Шуры, калі пачвара абудзілася і знікла... Ты памятаеш? Капітан Горсід не мог адразу прымусіць тваіх памочнікаў знішчыць лакатары. Мы так і не папыталіся ў іх, чаму яны марудзілі. Папытайся ў іх! Папытайся цяпер!..

Маўчанне, потым голас Шуры слаба данёсся праз грукат перашкод:

— Яны... не маглі... пронікнуць... адсек... Дзверы... былі замкнёныя.

Інэш мяшком асеў на падлогу. Вось яно! Значыць, яны ўпусцілі не толькі адну дэталь! Чалавек ачуняў, усё зразумеў, стаў нябачны і адразу рушыў на зоркалёт. Ён адкрыў тайну лакатара і тайну ўваскрашальніка, калі толькі не агледзеў яго ў першую чаргу. Калі ён з'явіўся зноў, ён ужо ўзяў у іх усё, што хацеў. А ўсё астатняе спатрэбілася толькі для таго, каб штурхнуць іх на гэты акт адчаю, на самазабойства.

Цяпер, праз некалькі імгненняў ён пакіне карабель у цвёрдай упэўненасці, што хутка ні адна чужая істота не будзе ведаць пра яго планету, і ў такой жа цвёрдай упэўненасці, што яго раса адродзіцца, будзе жыць зноў і больш ужо ніколі не загіне.

Узрушаны Інэш захістаўся, чапляючыся за рыклівы прыёмнік, і пачаў выкрыкваць у мікрафон апошняе, што ён зразумеў. Адказу не было. Усё заглушаў роў неверагоднай, ужо некіроўнай энергіі. Гарачыня пачала размякчаць яго браніраваны панцыр, калі Інэш, запінаючыся, паспрабаваў дабрысці да сілавога рэгулятара. Насустрач яму рванулася барвовае полымя. Крычучы і ўсхліпваючы, ён кінуўся назад да перадатчыка.

Некалькі хвілін пасля ён усё яшчэ нешта пішчаў у мікрафон, калі магутны зоркалёт нырнуў у жудасны горан бела-сіняга сонца.



Пераклад: Ліна Каўрус