упершыню апублікаваны ў Беларускі календар «Нашай нівы» на 1915 г. − Вільня, 1915
Хоць які парадак дай,
Адно тое, братка, знай,
Што крутнёю ўсё пакруціш
I найлепша − збаламуціш.
Льва-манарха воўк прасіў,
Каб вайтом яго зрабіў.
Бо авечкі скрозь ў бязладдзі,
Вельмі шкодзяць ў панскім садзе
Ды і самі прападаюць,
Бо, як жыць, яны не знаюць.
І ліса за ім прасіла
(Яе жонка льва любіла).
Воўк з лісіцаю звязаўся
І, як можна, так стараўся:
Дзе прасілі, дзе ўздыхнулі,
Дзе гасцінца падаткнулі,
Каб дабіцца да медалі,
I плацілі, і стагналі...
Леў сказаў: − Ходзяць толкі,
Што авец з’ядаюць воўкі. −
І сазваць сказаў народ
На звярыны вольны сход,
Папытаць усіх звярат:
Воўк ці добры, ці ён гад?
Чыны важны ўсе прыйшлі,
Ўсё начальства тут было,
Ды прычыны не знайшлі,
Зла аб воўку не чутно.
Пад судом ён, бач, не быў
I з начальствам добра жыў,
Дык медаль пан войт надзеў
На авечы цэлы хлеў.
А авечкі што сказалі? −
Іх на сход зусім не звалі,
А ўпісана ў пратаколе,
Што “авечкам дана воля”.