Здаецца, што бачу ўсё тое,
На што ўжо забыўся глядзець.
Надзеі кіруюць настроем,
Настрой жа не можа старэць.
З былой маладосці няўтульнай,
Што некалі ў сэрцы жыла,
Для мары сваёй беспрытульнай
Збіраю ўраджай я цяпла.
Здаецца ўсё гэтакім мілым,
Што бачу я ўсё ўпершыню,
Што шчасце на казачных крылах
Я недзе ў шляху даганю.
Адно мне цяпер застаецца —
Сваю не хіліць галаву,
Хай марыцца мне і здаецца,
Што я ў нейкай казцы жыву.
І я забываю пра стому,
І сінюю птушку сваю
У лесе лаўлю невядомым,
У дальнім заморскім краю.
Як добра ў надзеях гушкацца,
Збіраць, нібы жэмчуг, расу,
Калгасныя славіць палацы,
Людзей працавітых красу.