epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Бароўскі

Ахутавана. Кніга другая - прытча аб мроях

1
2


1

 

...каханая, як цяжка без цябе.

Без погляду твайго, твайго кахання...

Згараю ў полымі гарачага дыхання.

Ці ажыву я зноўку у святой мальбе?!

 

Адкуль прыйшлі да мяне гэтыя радкі, я не ведаў.

Яны нарадзіліся самі, без майго жадання. Пісаць іх я не збіраўся, толькі ў думках нашэптваў словы. Падумалася: а мо хто падслухаў мае радкі і паклаў іх на паперу. Але хто?

Верш я знайшоў у сваім стале. Замок у мяне быў адмысловы, і ніхто не мог адкрыць шуфлядку. Раніцай, калі адкрыў яе, убачыў зверху жоўты аркушык паперы. Чатыры радкі былі напісаны невядомым мне чарнілам.

Непакоіла хіба адна думка - хто вадзіў маёй рукою? Ці не ты, Ойча? Усёмагутны і Ўсёмогучы Божа! Калі ж я пачаў першыя радкі, памажы дапісаць астатнія. Толькі на Цябе мая надзея...

 

... каханая, як цяжка без цябе...

 

З маіх душэўных нетрыскаў не выходзіў нясцерпны боль.

Мне не было вядома, калі ён нарадзіўся.

Мройна памятаўся нядаўні сон. Каляровы сон. Ён прыходзіў да мяне не раз і раней. Бачыўся адзін і той жа малюнак: зялёна-ружовы, у кветках, луг; крумканне жаб і гудзенне пчол; малочная квецень вішанніку... Адмысловыя пялёсткавыя карункі на маіх вачах пачыналі ажываць, надзімацца, і тады яны адрываліся ад галін і імкнулі ў блакіт неба, каб стаць аблокамі і далучыцца да іншых...

І вось з гэтага казачнага хараства - з гукаў і пахаў вясны, з маіх думак і жаданняў, з майго трызнення і радасці прадчування ўзнікаеш ты, нараджаючыся з небыцця, з нічога. Ты крочыш мне насустрач - жаданая і казачная, расхінаеш, бы крылы, рукі - ці то хочаш узляцець з гэтага дзівоснага лугу ў бездань неба, ці то імкнешся да мяне, каб агарнуць сваёй пяшчотай...

Ты не прыйшла на сустрэчу на другі, і трэці, і чацвёрты дзень... Штовечар я наведваўся на нашае месца сустрэчы, чакаў да поўначы тыдзень і другі, але ты не з'яўлялася.

Ведаў, што вельмі завінаваціўся перад табою. Пакрыўдзіў неасцярожным словам, параніў позіркам тваё сэрца. Не ведаў, якім чынам выправіць памылку, чым і як замаліць сваю віну.

Ад невядомасці ў мяне разрывалася сэрца.

Я думкава дасылаў табе словы роспачы, пытаўся ў Бога, чаму ты так жорстка абышлася са мною. Не верылася, што больш ніколі не ступіш крок насустрач...

Потым быў вымушаны ляцець самалётам на Кіеў. У камандзіроўку. Мяне цікавілі матэрыялы ў архівах, што тычыліся Вялікага Княства Ліцвінскага.

Мо за гэты час ты і прыходзіла, не ведаю...

Праз тыдзень я вяртаўся на «ТУ-104» дадому...

Таму не паверыў, калі ты з'явілася перада мною ў мройным тумане. Перакананы быў - прывід.

Але міжволі раблю некалькі крокаў табе насустрач і гэтак жа ўскідваю рукі, каб злавіць цябе, атуліць і ніколі ўжо не выпускаць са сваіх рук, упусціць у сваё сэрца і не выпускаць больш на волю... Хацелася зрабіць цябе вязнем замка Кахання, сваёю ўласнасцю, сваім дарагім і неацэнным прыватным шчасцем. Памятаю ж: у хвіліны свайго найвышэйшага ўзлёту душы ты, перапоўненая жаноцкасцю і асалодай, прамовіла:

- Я тваё кацянятка, якое заўсёды будзе вуркатаць табе над вухам і прыносіць толькі радасць...

Ты памкнулася мне насустрач. Неяк лёгка адарвалася ад зямлі і ўжо не ішла, а ляцела, бязважкая, - і трапіла акурат у мае абдымкі. Але я не паспяваю прытуліць да сябе - во дзіва! - ты прайшла скрозь мяне. Твае ногі прайшлі праз мае ногі, рукі - праз рукі, галава - праз галаву. Толькі два сэрцы не сустрэліся адно з адным: палавінка твайго засталася ў маёй грудзіне, а мая палавінка засталася ў цябе...

Твае косы аксамітным шлейфам яшчэ доўга абвівалі мае грудзі, плечы і шыю, калолі нябачнымі іголкамі... Ці то ты сама, ці то шолах тваіх кос шапталі нейкае загадкавае для мяне слова:

- Ахута... вана... ахутавана!..

Я сілюся паўтарыць гэтае дзіўнае слова - як быццам хто прымушаў тое рабіць, - але мае губы не варушацца, яны здранцвелі і зрабіліся нежывыя - як і не мае, як быццам дакторка Перліна зрабіла мне ўкол-замарозку, каб палячыць хворы зуб, і навакаін скаваў мне язык...

«Аху... та... ва... аааа» - паўтараў толькі думкава, запомніўшы гэтае загадкавае і чароўнае слова.

Спрабую павярнуцца, каб паглядзець, як гэта ты змагла прайсці скрозь мяне (ці я праз цябе?), але ў мяне нічога з таго не выйшла - я як скамянеў, не мог пашавяліць ні рукой, ні нагой...

І тады мяне ахапіў жах. Я памятаў, калі мае кашмары ў снах пераходзілі за мяжу майго цярпення, я звычайна ратаваўся крыкам аб дапамозе і прахопліваўся.

Тут жа было ўсё інакш...

Мяне ахапіў страх. Ён не перарываўся, наадварот, узмацняўся яшчэ больш і больш. А пасля ўжо я і зусім нічога не разумеў - раздзяліўся на дзве палавіны. З мяне ўжо выйшаў... хто?! Я выйшаў з сябе? Божачка, ці можа быць такое не ў сне?

А тое, што то быў не сон, ведаў дакладна...

Я бачыў сумны позірк майго другога «я», але ён чамусьці не заўважыў мяне, бо глядзеў, як павярнуўся да мяне, скрозь мяне. Калі ж я прасцярожліва дакрануўся да пляча, то не адчуў яго - мая рука праляцела ў пустэчы, ні за што не зачапіўшыся. У мяне не было рук? Ды што рук, у мяне зусім не было нічога - ні рук, ні ног, - анічога! Я быў бесцялесны. У тым я пераканаўся, калі паглядзеў у люстэрка - адлюстравання свайго не ўбачыў...

Божа, што са мною адбылося?!

А я не адрываў позірку (чым жа я мог глядзець?) ад свайго двайніка, майго другога «я». Ён падняў павольна нагу і апусціў яе, потым гэтак жа другую. Тое чамусьці напамінала мне тых салдатаў, што неслі ганаровую вахту ля мармуровага скляпення сатаны...

Толькі праз нейкі час ногі сталі спружыністымі, гнуткімі. Але імі ўжо я не кіраваў - у мяне было сваё асабістае асяроддзе і біяполе, свае пачуцці і адчуванні.

Што адбылося ўсё ж са мною? Трагедыя? Здзек? Злы выпадак?

Праз якое паўгадзіны я ўжо не адчуваў ні страху, ні боязі. Нават цікаўнасць пакінула мяне, і я ўжо амаль перастаў задумвацца над сваім становішчам.

Мне стала нечакана лёгка. Незвычайна лёгка. Быццам хто ненарокам скінуў з маіх плячэй неймаверны груз, які прыгнятаў мяне ўвесь час, прыціскаў і згінаў да зямлі, згінаў у дугу, каб я быў падагнаны пад стандарт паставы раба.

Я шмат гадоў згінаўся, амаль навучыўся складвацца, як сцізорык, і ўкладваўся ў тыя пачварныя рамкі пракруставага ложка, які прызначаўся кожнаму з нас яшчэ з пялюшак... Каб жа той сатана-творца пакінуў у нашых мазгах толькі ўсяго адну звілінку, то тады мы і сапраўды ператварыліся б у быдлячча, пакорны статак нелюдзяў, і можна тады было б аддаваць любыя каманды ці загады - і не было б тады сумневу, што нехта з нас не выканаў бы іх...

Бабця Настазя, а было ёй пад дзевяноста, мудрая і спакойна-разважлівая, раптам пасуровела, калі я прынёс дахаты партрэт сатаны і павесіў яго на сцяну, прамовіла:

- От бо ўдумаў, унучак, утварыў... А гэны думаў, што сябе замест Хрыста ў кут павесіць... Дык то ж ненадоўга, ведалі пра тое ўсе... От бо... А што ні кажы, сатана і ёсць сатана. Так і ў Святым пісанні напісана... Здымі, унучак, выкінь... з маёй хаты...

Нічога не зразумеў я з бабульчыных слоў. Але ж перапытваць не асмеліўся - баяўся пакрыўдзіць бабу. Два словы - Хрыстос і сатана - уяўляліся мне нечым таямнічым і недасягальным для дзіцячага розуму. Усё тое і прымусіла сцяцца сэрца і ўпершыню задумацца над тым, што, пэўна, існуюць у жыцці рэчы, якія трэба спасцігаць самому, без чыёй-небудзь помачы...

Навука ў школе - то адно, што не аб'едзеш, не абыдзеш. Светапогляд спагадлівай і дабрачай бабы Настазі - тое зусім іншае, адчуваў - больш грунтоўнае, бо гаварыла яна ўпэўнена і пераканана, мудра і проста. Значыць, ведала, пра што казала.

Калі ж прыняць за праўду, што чуў і вучыў у школе, то выходзіла, што баба зусім ужо дурная і страшная, неадукаваная, багна дрымучая, - хіба можа яна навучыць чаму-небудзь разумнаму? Але ж сэрцам адчуваў, што не такая яна, мая добрая, чулая і мудрая бабулечка, - ніводнага разу ад яе не пачуў злоснага ці крыўднага слова...

Колькі ж мне яна казак расказала, колькі тайнаў раскрыла ў лесе, калі брала з сабою па грыбы ці ягады. Колькі калыханак праспявала мне замест мамы - і сёння перад сном, здаецца, чую яе голас і пяшчоту... Яна раскрывала мне таямніцы дабра і валодання энергіяй душы, якая ўмацоўвала ў мяне ўпэўненасць і сілу...

У школе, памятаю, мне было заўсёды сумна і нудотліва, страшэнна нецікава і нявесела, хоць плач. І так мне не ставала штодня маёй бабкі! Ратавала хіба тое, што мне ўяўлялася яна побач са мною. Быццам сядзела, супакойвала: «Не ўбівайся так ужо, унучак, і не бяры адно ў галаву - што паробіш, гэтую бяду - вучобу-пакуты - не абыдзе ніводзін дзіцёнак... Цярпі адно, такая ўжо доля, значыцца, на тваёй Планеце...»

От каб гэта яна, бабка, выкладала ўрокі мовы замест заўсёды падпітага і занудлівага Зіновія Арсенцьевіча ці маршчакаватай злой пенсіянеркі-хіміцы Паліны Адольфаўны... Яна гаварыла б і тлумачыла ўсім, як для мяне асабіста, а тут выходзіла, што Паліна тлумачыла ўсяму класу - і нікому аднаму. Не было сувязі паміж вучнямі і настаўніцай. І таму мы замыкаліся ў сабе. Баяліся, што выкліча яна адказваць урок тады, як не падрыхтуешся...

Настаўніца не магла ды і не хацела далучыцца да нашых сэрцаў, таму і не магла дастукацца да патаемных струнаў дзіцячых душ.

А я дык сёння думаю так: а ўсё ж, можа, і добра тое, што мы не здалі ёй у палон свае сэрцы, бо што карыснага пераняў бы? Вечную незадаволенасць і злосць? Скрыпучы і звяглівы голас?

Калечыла, яшчэ і як, нас савецкая школа. Найперш духоўна. З нашых сэрцаў вытраўлялі ўсё добрае і чыстае, а ў нашы вены заганялі бацылы страху і паслухмянства.

На сённяшні розум (каб жа яго раней можна было ўкласці ў дзіцячую галаву), дык за сотні і тысячы кіламетраў абабег бы яе, школу, каб не атрымаць тых калючых крывавых парэзаў на сэрцы і не згінацца пакорліва дугой перад уяўнымі арэоламі... Вялікія выхавацелі са скуры лезлі, стараліся, каб мы былі падобныя адзін на аднаго, каб былі адданыя і пакорлівыя, каб мы ў любы час маглі крыкнуць без раздумвання «Заўжды гатоў!» ці «Служу Савецкаму Саюзу!»... Саюзу рабоў Сістэмы?

Я не сагнуўся, я выпраміўся, разарваўшы ланцугі, што аблытвалі мяне: праламаў сцяну, што аддзяляла мяне ад духоўнай волі, прайшоў скрозь яе і - зноўку нарадзіўся, зрабіўшы першы ўздых, набраўшы ў лёгкія напоўніцу нейкага ўжо новага і дзівоснага паветра...

Ахутавана? Ахутавана...

 

Тым часам я пачынаў набываць ужо рэальныя абрысы. На мне сядзеў ладна касцюм. На лацкане, як і кожны дзень, прымацаваны белы, як воблачка, сцяжок з чырвонай палоскай пасярэдзіне. Пры гальштуку. А штаны адпрасаваны так, што муха крылы паабсякае. На нагах карычневыя чаравікі на скураной падэшве.

Каб не ведаў, хто гэта такі, першы раз убачыўшы, яй-богу, падумаў бы, што гэта надта ж акуратны чалавек, педант, не з нашай дзяржавы, бо і трымаўся вольна і раскавана. Смелы і ўпэўнены позірк, а рухі... І дзе толькі ён так навучыўся хадзіць? У якіх акадэміях узорных паводзін вучыўся?

Я глядзеў неадрыўна на яго, а сам міжволі пытаўся ў самога сябе: «Я - гэта ён, тое зразумела. А тады ж хто я?!»

Хто ж тады я, калі ён - гэта я?

«Яніна, ты дзе? Куды знікла, што не бачу цябе? - запознена пытаюся ў каханай, павярнуўшыся ўжо ў той бок, куды яна накіравалася. - Ты была ці не?..»

«А як жа, любы, была, ёсць і буду. Заўжды».

«Чаго ж ты так доўга не прыходзіла? Я ўсе дні чакаў цябе...»

«Чакала, калі ты пачнеш свой верш да мяне. "Каханая, як цяжка без цябе..." Я выпрабоўвала цябе. Бо не верыла ў тваё каханне...»

«А цяпер - верыш?»

«Не скажу, сам здагадайся...»

«Дык то ты напісала мае думкі?»

«Я... А што - нельга? Ты ж для мяне рыхтаваў словы».

Я чуў яе голас, але не бачыў.

«Дзе ты, Яніна?»

«Ты бачыш мяне, але не хочаш у тое паверыць. Ты шмат у што не верыш яшчэ. Але хутка навучышся. Бо ты ж - немаўлятка яшчэ. Ты ж і хадзіць яшчэ не навучыўся. Як і размаўляць, лётаць, жыць пад вадой...»

«Здзекуешся, так?»

«Ды не, праўду кажу. Павер».

«Тады адкажы мне - што са мною адбылося?»

«Хіба ты яшчэ не зразумеў?»

Пэўна ж, не пасміхалася. І не здзекавалася. Ад яе слоў павявала дабрынёй і пяшчотаю, і вылучала яна чароўную энергію. Гаварыў маўкліва з ёю, яе ж не бачачы, але адчуваў яе прысутнасць, яе дыханне. Ведаў, што яна бачыць мяне, сочыць за мной.

«Такое, спадар Антон Клімовіч, адбываецца напачатку...»

«Напачатку - чаго?! Нічога не разумею...»

Чую яе смех. Яна то злева, то справа. То ўзлятае ўверх, то каля самага вуха.

«Твайго новага нараджэння. А калі больш дакладна, то - пятага перараджэння. Ты - чалавек пятай расы. Суперсенс».

«Што гэта азначае?»

«Раскажу трошкі пазней...»

«Ты мяне бачыш, Яніна? Я цябе - не».

«Бачу. І нават адчуваю. Хочаш, я дыхну табе ў твар. Ну, пачуў?..»

Я сапраўды пачуў дыханне - такое знаёмае і роднае. Яна не падманвала мяне. Бо адчуў нават пах яе кос. Яны казыталі шыю, пахлі васількамі і жытам.

«Але я ўсё роўна не бачу цябе, як і не чую голасу, - скрушна ўздыхаю і зноўку спрабую дакрануцца да яе - і безвынікова, бо пальцы адчуваюць толькі паветра. - Чую цябе не вушамі, а нечым іншым. Ты недзе побач і так далёка ад мяне. Чаму - адкажы?»

«Любы мой, які ж ты неразумны... Ты не бачыш мяне таму, што я злілася з табою, стала табой. А ты - мной. Ты ж пакінуў сваю абалонку і ўсяліўся ў мяне. Тое з табой зрабіла тваё каханне да мяне. Я ж, даражэнькі мой, папярэджвала цябе, умольвала, заклінала нават, каб ты не запальваў таго агню. Бо ведала, што яно можа перарасці ў полымя. Прасіла?»

«Прасіла, не адмаўляюся...»

«Яшчэ прасіла не аддаваць мне сваё сэрца. Бо пасля горка пашкадуеш пра тое. Гаварыла? Гаварыла. Але ж ты настойлівы, як бык, нездарма ж ты Цялец. І Венера твая спадарожніца і натхніцелька. Але ты мяне не паслухаўся. І што цяпер? Шкадуеш? Шкадуеш, так?..»

«Ні аб чым не шкадую, каханая! Хто табе сказаў пра тое? - як не крычу на ўвесь свет. - Але мне ўсё роўна хочацца ведаць, што адбылося са мною. Мною авалодаў не страх, нават і не цікавасць, мяне прыгнятае незразумеласць майго становішча. Хто я - чалавек? Жывёліна? Ці ні тое ні другое? Аднак мне вельмі хораша. Мне нават незвычайна лёгка. Сам толькі не ведаю - чаму...»

Зноў я адчуваў прысутнасць жанчыны, яе подых і пах, але яна была няўлоўная і нябачная.

«Але ў словах тваіх слабыя ноткі страху і... шкадавання...» - чую не папрок, а прызнанне, нават перасцярогу.

«Прабач, Яніна, але я сам не адчуваю таго, пра што ты гаворыш... Ты няправільна чытаеш мае думкі... Хочаш пазлаваць мяне? Ты ж тое некалі рабіла з задавальненнем...»

«Прабач, калі крыўдзіла цябе. Мне здавалася, што мая гарэзнасць табе даспадобы... Ці я памыляюся, скажы?»

«Падабалася і будзе падабацца. Ты больш мяне не пакінеш?»

У адказ маўчанне, а потым прашаптала недзе звысоку:

«Не, любы мой! Цяпер ужо ніколі. Цяпер разам - на ўсё жыццё. Ты пачуў мяне?»

«Пачуў, але не голас. Нейкая вібрацыя...»

«Ты чуеш рытм нашых сэрцаў. Зліваючыся ў адно, яны і ўтвараюць амплітуду энергіі нашай размовы. За нас гавораць біярытмы. У цябе ад нараджэння ўменне чытаць людскія думкі.

Ды і не толькі людскія, а ўсіх жывых і нежывых істот. Вельмі рэдкае ўменне ў вас на зямлі. То дарунак Бога».

«Чаму - "у вас"? - насцярожваюся я, стараюся разгадаць сэнс слоў. - Хіба - ты...»

«Не-не, ты не так зразумеў мяне, - спахопліваецца і чамусьці сама палохаецца (толькі чаго?) Яніна. - У вас, у мужчын. Бо гэта прэрагатыва жанчын-валхвавянак. Іх Бог першымі надзяліў дарам правідцаў і яснабачання, бо мужчынскі мозг чамусьці слабей паддаецца апрацоўцы...»

«А Настрадамус?..»

«Ну, то ўжо іншае. То як выключэнне. Але ты пра ўсё зразумееш і сам. І даволі хутка».

«Пра якую апрацоўку мозгу ты гаварыла?» - Вяртаюся я на ранейшую сцежку, на якую вывела сама Яніна, і мне робіцца неяк не па сабе. Няўжо нада мной робяцца нейкія эксперыменты, а Яніна прыкінулася маёй каханай, у што я шчыра паверыў?!

«Я ж казала, што тое ўсё ад Бога. Ён дае людзям фантастычныя здольнасці і магчымасці, самім чалавекам не раскрытыя нават і на адную мільённую... Чалавек нічога не ведае пра сябе, нічога не ўмее. Ад ляноты сваёй не ўмее. Ад прыгнечанасці. Ад адчування сваёй непаўнацэннасці. Ты ж абудзіў мяне. Ты нарадзіў мяне. А я - цябе...»

«Я табе ўдзячны, Яніна! Адчуў я сапраўдную волю. Вельмі добра ні ад кога не залежаць, акрамя Ўсявышняга. Толькі ён кіруе маім розумам, маімі жаданнямі і думкамі. Але то не залежнасць, а незалежнасць».

«Ты дасягнуў за гэтыя хвіліны разумення свайго прызначэння і адметнасці. Некалі ты адчуеш і найвышэйшую асалоду. Адкрыеш для сябе смак шчаслівых імгненняў, з якіх тчэцца вечнасць...»

«Калі Бог не пазбавіў мяне асалоды кахаць цябе, то ён і падараваў магчымасць адчуваць шчасце... Я раней не адчуваў сваёй душы, а тут яна аддзелена ад цела. Мая душа, ведаю, была агіднай і пачварнай, засмечаная зайздрасцю і сквапнасцю, скнарнасцю і жорсткасцю. Нездарма ж апостал Ян казаў: "Той, хто любіць душу сваю, заб'е яе; а той, хто ненавідзіць душу сваю ў свеце гэтым, захавае яе ў жыццё вечнае..."».

«Я зноў радуюся шчыра твайму прасвятленню, дарагі мой Чалавек! Ты думаеш так, як і я, бо так яно і сапраўды павінна быць. Бо мы ж - адно цэлае. Мы з табой - адзіная субстанцыя...»

Але ўсё роўна для мяне шмат чаго яшчэ было незразумелым і невядомым... Я прымаў усё такім, якім яно і было, але прымесь недаверу яшчэ жыла ўва мне.

«Цябе, Антон, хвалюе, як жа ты будзеш адчуваць мяне - дакранацца, цалаваць, згараць разам са мною ў тым нязгасным полымі, у якім згаралі самыя моцныя, самыя апантаныя, самыя адчайныя?»

«Ты нават чытаеш мае думкі, якія павінны вось-вось прыйсці да мяне?»

«А мае хіба ты не навучыўся чытаць?»

«Здаецца, навучыўся...»

«Яшчэ раз віншую. Ты яшчэ не можаш даўмецца, як жа табе нябачную кахаць?»

У яе голасе лёгкі дакор. Таму я не ведаю, што адказаць.

«Дзівак і наіўны хлапчук, - смяецца Яніна. - Табе ж падуладны любыя жаданні. Толькі трэба ўсклікнуць адно-адзінае слова... Аху...»

- Ахутавана? - ускрыкваю радасна, пачуўшы падказку.

- Нарэшце ўцяміў? - чую я ўжо вясёлы, зычны смех побач. - Ну, смялей! Не бойся! Хто сказаў: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог?»

«Яно было напачатку ў Бога».

«Усё праз яго пачало быць, і без яго нічога не павінна быць, што пачалося быць».

«У ім было жыццё, і жыццё было святло людзей».

«І святло ў цемры свеціць, і цемра не зацьміла яго...»

Я набіраю ў лёгкія паветра - гаючага, мяккага, адчуваю прыліў незвычайнай сілы, пругкасці ў нагах і руках, яснасці розуму, бязгучна крычу ў палескую прастору:

- Ахутавана! Зрабі цуд, Божа! Вярні мне бачанне і адчуванне!

Першае, што я адчуў, дык гэта лёгкае паколванне ў скроні, і нехта (ці не Яніна?) падказаў, каб я зажмурыў вочы. Тады ж наліліся цяжарам рукі, ногі, і лёгкі боль пранізаў шыю, потым патыліцу, перакінуўся ў скроні. Але то былі прыемныя адчуванні, якія не выклікалі больш трывогі, а, наадварот, нараджалі веру ў тое, што цяпер усё будзе добра. Будзе так, як я зажадаю...

 

- Адплюшчы павекі, не бойся... - шэпча, падказвае зноў Яніна. - Ну, асмелься...

«Божачка, ты пачуў маю малітву?!»

Я адчуваю яе рукі на маіх плячах. Яе косы датыкаюцца да маёй шчакі. Калі ж расплюшчваю вочы, мяне ахоплівае здзіўленне: я бачу яе, бачу! І трымаю ў сваіх абдымках! Бачу і свае рукі, плечы, ногі.

Вочы ў Яніны ці то блакітныя, ці то зеленаватыя. У яе пяшчотная ўсмешка, поўныя і сакавітыя вусны, ямачкі на шчоках.

Уздыхаю з палёгкаю, як вызваляюся ўсё роўна ад нябачнага цяжару, не верачы яшчэ ў тое, што адбылося, што здзейснілася.

Я нараджаўся зноўку. Я вяртаўся, рабіўся тым, кім быў і да гэтага. Быў ці буду?

- І Слова стала істотаю і стала жыць з намі, поўнае лагоды і ісціны.

- І мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Бацькі...

Мы гэтыя словы прамовілі ўслых. Прамовілі адначасова, сінхронна, бо выразна бачыў, як шавяліліся вусны Яніны.

- Ахутавана!

Што за такое чароўнае слова? І хто прыдумаў яго?

- І ўсё ж адкажы - што з намі адбывалася? - папытаўся і пачуў свае словы, сябе пачуў. - Што са мною было?

- Анічога, любы мой. Ты вярнуўся да самога сябе.

- «Закаханыя! Будзем любіць адно аднаго, таму што каханне ад Бога, і кожны, хто кахае, народжаны ад Бога і ведае Бога». Ты хацела так сказаць?

Яніна радасна паглядзела на мяне, дадала:

- «А той, хто не кахае, той не пазнаў Бога, таму што Бог - і ёсць каханне». Так сцвярджае святы Ян, хаця ён у гэтыя цудоўныя словы ўкладваў яшчэ і іншы, куды больш глыбокі сэнс - любоў да Бога.

- Тады хто мы ў гэтым свеце, Яніна?

- Найперш, Антоне, людзі.

- Але ж чалавек не ўмее і не можа рабіць тое, што ўмеем мы. Не можа бачыць так, як мы. Адчуваць, як мы...

- А ён і не павінен тое рабіць. Ён такім стаў сам. А напачатку быў створаны Ўсявышнім усёмогучым і ўсёўмеючым. Чалавек развучыўся тое рабіць. Ён павінен вярнуць сабе тую здольнасць. Мы навучым гэтаму людзей. Нам і дадзена такое даручэнне.

Асцярожна, каб не выказаць залішнюю цікаўнасць, перапытваю:

- Кім - дадзена?

- Вярхоўнай Радай Ліцвініі. Мы павінны сабраць усіх ліцвінчукоў з усяго свету. Ліцвінія - то ж наша з табою Радзіма. Мы яе сыны і дочкі. І кожны з нас павінен зрабіць для яе пачэсны ўчынак.

Зноў раздумваў над яе словамі. Пра нешта здагадваўся, пра нешта падазраваў, але канчатковы сэнс не даваўся мне - выслізваў, як уюн. Тое мяне злавала.

- Тады, выходзіць, ён, чалавек, навучыцца распазнаваць і зло, якое рыхтуецца супраць яго?

- І не толькі. Ён будзе вольны і несмяротны.

- Дзіўна. І няўжо ад гэтага ўмення ў чалавека будуць нараджацца толькі чыстыя і добрыя памкненні? Ён жа будзе вымушаны штохвілінна кантраляваць свае памкненні і жаданні. Яму нельга будзе пераступаць мяжу недазволенага - бо пра тое ж будуць ведаць і ворагі і сябры...

- Разумееш усё правільна, спадар Антон!

- Але ж у мяне сумненні ёсць. Адкажы - а ці не сумна тады будзе чалавеку жыць на сваёй зямлі? І ці правільна ўсё тое? Ён жа, чалавек, пасля ўсяго не будзе аддадзены самому сабе. Ён жа будзе закаваны ў ланцугі адказнасці. Кожны крок, кожная думка ці жаданне - пад самакантролем! Жах! Ці не занадта жорстка падыходзяць сябры Рады, беручыся за ўдасканальванне ліцвінчукоў? Ці ж гэта шчасце?

Яніна ўсміхнулася і ўздыхнула:

- Чорная аўра пакіне яго зусім і назаўсёды. І таму чалавек ніколі не будзе нікому рабіць зла. Як і самому сабе.

- Але ж...

- Ты хвалюешся, што чалавек не будзе належаць самому сабе? Але ты ж забываеш, што яму падуладна ўсё-ўсё. Ён жа не цацка ў нейкіх чужых руках. Ён сам сабе камандзір, спадар і гаспадар. Адно яго слова - і чалавек раствараецца ў прасторы і часе, і яго ўжо ніхто не можа пачуць і ўбачыць...

- Так ты можаш збегчы ад мяне і я не змагу цябе адшукаць? - пераводжу я на жарт.

- І так, і не так, - жанчына весела смяецца, адчуўшы перамену ў маім голасе і настроі. - Мы з табою не можам уцячы адно ад аднаго. У нас, закаханых, ёсць дадатковая энергія. Астатнія пазбаўлены яе, таму і не змогуць адно аднаго дагукацца, акрамя сігналаў аб дапамозе ці прадчування нейкае бяды...

- Ну а калі нехта надакучыць свайму каханаму ці каханай? Ці сустрэне новага каханка ці каханую? Несці прымусова крыж і пакутаваць? Яны ж будуць у палоне аўры кахання, з якой нельга выбрацца.

- Навошта, Антоне, пакутаваць? У любы час можна вырвацца, вызваліцца ад уздзеяння агульнай энергіі, і тады ўжо ніхто не дастукаецца да яго сэрца. Тут усё надта проста.

- І...

- І толькі тады чалавек будзе па-сапраўднаму шчаслівы, калі будзе кіравацца толькі чыстымі і светлымі жаданнямі. Як і памкненнямі. Энергетыка яго душы і цела вырасце ў тысячу разоў. У яго хопіць сіл, каб траціць яе толькі на добрае і карыснае. І будзе ў дадатак да гэтага жыць столькі, колькі прадвызначана Богам - згодна ўчынкам чалавека на зямлі.

- Колькі ж можа найбольш пражыць чалавек, калі будзе кіравацца Божымі законамі?

- І трыста, і шэсцьсот, і дзевяцьсот гадоў. У Бібліі пра тое сказана.

- Дзіўна, аднак...

- Хутка ты перастанеш з усяго здзіўляцца.

 

На даляглядзе зырка бліснула маланка.

Потым пракаціўся, грукочучы нябачнымі коламі калясніцы па брукаванцы, гром.

Над жытнёвым полем згрувасціліся воблакі - шчыльна церліся бакамі, абганяючы адно аднаго. Нагрувашчванне нараджала гарматны выбух.

Падзьмуў вецер, ускудлаціў косы Яніны, і яны абвілі нашыя галовы, як хмель абвівае алешыны ў балоце. Неўздалёк ад нас адзінокая танклявая бярозка як не прыгіналася верхавінай да збажыны.

- Бяжым, а то вымакнем... - не вытрымліваю, хвалююся больш за яе, за Яніну, - што стане з косамі?

Яна ж не выказвала ніякай трывогі ці занепакоенасці.

- Навошта? Ты яшчэ хіба не пазбавіўся трывогі? Нам жа з табою нічога не страшна. Ты толькі павінен падумаць, каб дождж абышоў цябе, - і ніводная кропля не ўпадзе на нас.

«Я яшчэ не перастаю быць чалавекам...» - падумаў пра сябе.

- Гэта не так і страшна - заставацца чалавекам, - кажа ўголас Яніна, адказвае мне, папраўляе косы і глядзіць у вочы. - Мы ж людзі і маем сэрцы...

- Я адчуваю сябе няёмка, калі гавару з табой, бо думаю яшчэ пра нешта. Але ж я магу падумаць міжволі і пра нешта інтымнае, непрыстойнае - я ж чалавек, сапсаваны часам і абставінамі. І наўрад ці навучуся кантраляваць і сябе, і працу свайго мозгу. Таму ці можна навучыцца адключаць паралельныя думкі, каб іх не чуў ніхто? Нават і ты. Каб не гарэць ад сораму ці не пакрыўдзіць цябе...

- Я ж тлумачыла - канечне ж, можна. Усё залежыць толькі ад твайго жадання.

- Акрамя цябе хто яшчэ будзе чытаць мае думкі?

- Толькі Ойча. Больш ніхто.

- Каго буду чуць я?

- Усіх і ўсё, бо і Бог казаў, што ў свеце няма нічога тайнага, каб не стала вядомым... Хіба ты раней, у тым, зямным, жыцці не задумваўся над тым, што цябе пастаянна чуе Бог? Што ведае і бачыць усё, што ты робіш - і кепскае, і добрае. Чаму ж перад Ім не было сорамна за брыдкія словы, за зайздрасць, за патаемнае жаданне забіць свайго ненавісніка, свайго ворага, за... Можна пералічыць тысячы чорных жаданняў і думак, з-за чаго чалавек і ёсць стварэнне грэшнае. Але мы не пра тое, ці не так?

- Так, любая, так... Прабач. Я вымушаны згадзіцца з табой: у чалавека шмат заганаў, і ён вымушаны ад іх пазбаўляцца.

Маланкі жыхалі ўжо над нашымі галовамі. Вецер як не ламаў недаспелае жыта, гнуў яго да зямлі. Мы стаялі абняўшыся. Нас не чапаў ні вецер, ні важкія кроплі дажджу.

Я пачуў боль каласоў, іх крык і просьбу аб дапамозе. Кроплі дажджу перад падзеннем ператвараліся ў градзіны-ільдзінкі. Нас яны не даставалі - над галовамі шыпелі і раствараліся, як падалі на гарачую патэльню. Град пляжыў траву і жыта - каласы падалі на мокрую зямлю...

У мяне разрывалася сэрца ад таго крыку. То мо і не крык быў зусім, а нават стогн. Як параненая птушка не разумела, што адбылося, калі ў яе зласлівец перабіў каменем крыло і яна не магла ўзляцець у неба.

«Не паможаш, - глядзіць Яніна скрушна ў бок поля. - Буран чалавеку помсціў за тое зло, што ён зрабіў, - павысушваў балоты. А ў адносінах да законаў зямлі - то злачынства».

«І мы бяссільныя памагчы?»

«Паможаш тут, а ў іншых месцах? Што загадаў Усявышні, таму і быць. Значыць, так і трэба, у імя Вышэйшай мэты. То ж ніхто іншы, а сам чалавек сваімі дзеяннямі наклікаў на сябе такую бяду. І ён павінен расплаціцца за свае памылкі. Каб зразумець, што рабіць так нельга. Бо адно зло спараджае новае. Яшчэ большае».

- Жорсткія законы існавання, - тулю яшчэ больш да сябе Яніну. - А што будзем цяпер з табою рабіць? Паедзем дадому?

- А хіба ў нас ёсць дом?

- Не ведаю. А мо і ведаю.

- Тады - паехалі, Антон.

- На чым?

- Ты хацеў, каб на гэтай дарозе паказаўся аўтобус і ўзяў нас да горада?

- А чаму б і не? - падтакваю я ёй. - Я і сапраўды так падумаў.

- Тады пайшлі да дарогі. Вунь, бачыш, з-за павароткі паказаўся аўтобус. Вадзіцель спыніцца, забярэ нас. Рушылі?

І мы, узяўшыся за рукі, няспешна пайшлі да дарогі.

 

Усё адбылося так, як і абяцала Яніна. Калі ж зайшлі ў аўтобус, цётка з кашалём на каленях здзіўлена паглядзела ў наш бок:

- Бачце вы, людцы, на дварэ ліўняк як з бочкі, а на іх і кропля не ўпала. Пад якім дахам у лесе вы хаваліся? Ці закаханых і дождж абыходзіць, га?

Усе павярнуліся да нас, чакалі, пэўна, адказу.

- Правільна, цётачка, - вымаўляю нечакана для самога сябе, бо і не хацеў секунду назад загаворваць з жанчынай, і на петрыкаўскі манер тлумачу: - То ж каханне мы маем такое гарачае, як полымя, таму і кроплі дажджу згараюць над нашымі галовамі.

- Авойечкі мае! - Пляснула па каленях - кашэль стаяў ужо каля яе ног, хітравата зірканула на мяне, языком правяла па асмяглых вуснах, хацела нешта сказаць яшчэ, каб падвесяліць людзей, што маўкліва сядзелі і ўперыліся позіркамі на нас, ды слоў патрэбных не знаходзіла, усё ж ачомалася, радасна дадала: - Авойечкі, людцы! Чыстая і святая праўда...

- Такая, цётачка, праўда, як і тое, што вы ў радзілку едзеце. А дачка вашая, Ядзя, вам двух унукаў падаравала. А вы, канечне ж, чакалі ўнучку. І імя нават прыдумалі ёй - Зойка. Як яшчэ і праўда тое, што вы пасварыліся з вадзіцелем у вёсцы, што ён позна прыехаў...

Гаварыў я, але не свае думкі. То так падказвала Яніна - прыкусіла губу і стрымлівала ўжо сябе, каб не рассмяяцца. Яна пацяшалася не над цёткай Анэляй, а нада мною - я яшчэ ніводнага разу не гаварыў яе вуснамі.

І я ёй паказаў кулак.

Жанчына шырака раскрыла вочы, ашаломленая і здзіўленая, азірнулася на пасажыраў, як бы чакала ад іх якой падтрымкі ці абвяржэння, выдыхнула, не паверыўшы:

- А ты адкуль, добры чалавек, ведаеш пра ўсё?

- Сарока-белабока на хвасце прынесла, - адказаў весела, нахіліўшыся да жанчыны, шэптам дадаў: - І яшчэ сарока сказала, цётачка Анэля, каб тыя пяць тысяч, што вы схавалі пад ліфчык, не аддавалі зяцю ў рукі - адразу прап'е...

Жанчына зусім зніякавела, паспрабавала нават адсунуцца. Я пачуў яе недавер і страх: «Што ж за насланнё такое на мяне? Адкуль ён дазнаўся пра ўсё? Няўжо падгледзеў, як грошы хавала? Ніхто ж, здаецца, і не бачыў, нават Рыгор... А пра ўнукаў як дазнаўся, мяне ж першы раз бачыць... Авойечкі, што ж мне рабіць?..»

- Што рабіць? - перапытваю я ўголас і гляджу на цётку. - Анічога не рабіць. Не бойцеся, зла я вам не зраблю, - супакойваю ўжо жанчыну і толькі цяпер заўважаю сябе на першым сядзенні - таго, хто выйшаў з мяне, пайшоў ад мяне, што ператварыўся ў бетонную статую, а потым жа і ажыў, - толькі меней распускайце язык. Шмат пакут вы з-за яго перанеслі, ці не так?.. І думкі чорныя выкіньце з галавы. Што вы пра людзей будзеце думаць, тое і яны пра вас...

Цётка Анэля пракаўтнула сліну і сцялася, схіліўшы на грудзі галаву, хуценька загаварыла пра сябе: «Маўчу, маўчу, добры чалавеча! Зла табе таксама не жадаю - едзь сваёй дарогай, і паненцы тваёй шчасцейка... Дзякуй, што навучыў, бо я баба дурная і бесталковая. Прабачай мне, Божачка, і ты, добры чалавек!»

- Прабачаю, цётка Анэля!

Ён - я, значыць, называць яго трэба - Ён-я! Не, не так, непрыгожа гучыць. А мо - Яён? Так дык яно і лепей.

Яён пра нешта засяроджана гаварыў з вадзіцелем, на мяне не звяртаў ніякай увагі, як нічога нас і не звязвала - ні да гэтага, ні цяпер.

Яніна драмала на маім плячы, адпачывала. Я адчуваў дотык цёплага і даверлівага цела.

За акном ужо добра змерклася.

Мне шкада было будзіць маю спадарожніцу - моцна спала. Думак яе не чуў - роўна білася жылка на руцэ, якую трымаў у сваёй.

Яён сядзеў, адвярнуўшыся да акна. Мо назіраў за мною, гледзячы ў чорную шыбіну - як у люстэрка. Вадзіцель, пад'ехаўшы да гарадской аўтобуснай станцыі, голасна абвясціў:

- Спадары палешукі! Мы прыехалі. Не пакідайце ў салоне свае рэчы.

«Божа! - пачуліся сігналы ад Яніны. - Як я кахаю цябе, Антон! І толькі дзеля цябе я пайшла на ўсё...»

«Ведаю, Янінка, і веру табе да кожнага слова. Ты - мая адзіная і назаўсёды...»

«Дзякую, любы! А на Яёна не звяртай увагі. Пакуль што не чапай яго. Ён яшчэ і сам не разумее, што адбылося з ім, як і не ведае, кім быў да гэтага. У яго няма яшчэ ні думак, ні жаданняў. І ён не ведае нават, куды едзе... Пакінь яго ў спакоі. Прыйдзе яшчэ час зблізіцца з ім, расказаць адзін аднаму пра ўсё...»

«Добра. Прачынайся...»

Мы першыя ступілі на мокры асфальт.

Я падаў ёй руку. Думкі яе былі роўныя і ўпэўненыя, як і хада.

«Але ж дзе мы сёння будзем начаваць? Мне здаецца, што мы прыехалі ў нейкі незнаёмы горад, у якім ні знаёмых, ні сяброў...»

«Ты зноў забыўся пра ўсё...»

- Прабач, Яніна!

 

2

 

- Вось тут мы і будзем начаваць. І не толькі начаваць, а і жыць, - падышла Яніна да тэлефоннай будкі, прачыніла шкляныя дзверцы, пераступіла парог.

- Тут? - не выказваю здзіўлення, разумеючы яе жарт - хоча пазваніць знаёмым і папрасіцца на ноч.

- Заходзь, - запрашае ўсмешліва.

Зайшоў следам і я, прычыніўшы за сабою дзверцы. У вачах гарэзлівасць і загадкавасць.

- Абдымі мяне, Антон, - шэпча жанчына і туліцца да мяне, - і зажмур вочы, уяві, што мы з табою ўзляцім вышэй зорак. Зажмурыў?

- Як прасіла.

Яна абняла мне галаву і дакранулася вуснамі да маіх губ. Ад дотыку хмельна закружылася галава. І кружылася яна некалькі секунд - колькі і не адрывалася ад мяне Яніна.

- А цяпер пайшлі.

- Куды?

- Які нездагадлівы. Сам жа пытаўся, дзе начаваць будзем.

- Але ж ты хацела некаму пазваніць.

Яніна шчыра засмяялася, адкрываючы дзверцы.

- А я і пазваніла.

Найперш мне кінулася ў вочы тое, што я не пазнаў тое месца, дзе мы былі. Мы знаходзіліся ў нейкім вялізным памяшканні, у якім ніколі не быў. Рухі, мне падалося, былі нейкія запаволеныя, бы на нашы рукі і ногі прывязалі нябачны груз.

- Дзе мы?

У маім голасе не было здзіўлення. Адчуў, што пачаў жыць у іншым вымярэнні, якое ўспрымаў як належнае, да якога быў гатовы даўно.

- У нашым доме, дзе мы будзем з табою жыць.

Яніна не жартавала. Тое я зразумеў па яе сур'ёзным выглядзе і па тэмбры голасу.

- Табе неабходна цяпер паспаць, адпачыць, - дакранулася яна да маёй рукі, - шмат нечаканасцей звалілася на цябе ў адзін дзень...

Мяне сапраўды ахутала стома, хіліла ў сон. З цяжкасцю перастаўляў ногі. Як скрозь туман бачыў, як Яніна адчыніла дзверы. Мы прыйшлі ў нейкі цёплы і вялікі пакой. Не распранаючыся, упаў на ложак...

Нешта шаптала мне над вухам жанчына, але голасу яе не чуў.

 

Сон мне сніўся дзіўны, які мне ніколі не сніўся да гэтага. А мо то і не сон быў зусім? Я яскрава яго бачыў, жыў у ім. Я не хадзіў, але ж і не лётаў. Затое лёгка перасоўваўся з месца на месца. Для мяне не існавала адлегласці і часу. У сне была і Яніна - у тым жа самым адзенні: у плашчыку, у чорных туфлях, на галаве бел-чырвона-белы пасачак.

Пра свой стан я не цікавіўся ў яе, хаця тое яшчэ мяне непакоіла. Проста я перастаў у нейкі момант здзіўляцца. Уражанне было такое, што даўно жыву такім жыццём, таму і прымаў яго такім, якім і бачыў.

Мне было лёгка і ўтульна ў маім сне. Я бачыў кожную жылку і нерв у маім целе, бачыў, як сэрца перакачвала густую вадкасць, як яна, кроў, цякла па венах, пульсавала... Нічому я ўжо не здзіўляўся. Я даўным-даўно ведаў сябе такога.

На левай руцэ бачыў, як кроў слаба прабівалася ў адным сасудзе - ёй замінала звужанасць. Мо ад таго і нямела зрэдку рука - не мог даць рады. Калі ж я дакрануўся да таго месца даланёй правай рукі, то кроў прабіла сабе дарогу шырэй, і я адчуў лёгкі боль. Затое праз хвіліну адчуў неймаверную сілу ў левай руцэ.

І я зразумеў, што магу сам сябе лячыць.

Пашкадаваў, што тое было толькі ў сне.

«Чаму толькі ў сне? - узлятаюць тонкія бровы над усмешлівымі вачмі. - Такое ты ўмеў рабіць даўно, ды не здагадваўся пра тое...»

«А хто ж у мяне адкрыў такі дар?»

Я ўсеўся на галіне тоўстага дуба (а мо і бука?), насупраць мяне - спадарыня Яніна Альхоўская, нагамі боўтае паветра.

«Я і адкрыла. Ты сам адкрыў бы сябе з цягам часу. Проста я прыспешыла падзеі».

Яна пераляцела яшчэ вышэй, але ляцела не як птушка, а як паветраны шарык. Уселася ямчэй на самым вільчыку. Мне ж не хацелася падымацца вышэй, застаўся ўнізе.

«Яніна, ты толькі адкрыла ў мяне "тое"?»

«Ды не... Людзей пятай расы ўжо шмат. Мо і не так шмат, але яны ёсць...»

«Пятай расы? - я гляджу на яе знізу ўверх, як кепскі вучань, перапытваю ў настаўніцы незасвоены ўрок. - Як тое зразумець, растлумач...»

Над намі праляцелі незнаёмыя птушкі - ці то буслы, ці то жоравы. Яны паляцелі клінам у бок сонца і згарэлі ў яго зыркіх промнях.

«Мы жылі ў чацвёртым вымярэнні і адносіліся да людзей чацвёртай расы. Жылі звычайным жыццём. Бачылі свет і наваколле сваім зрокам, але не бачылі трэцім вокам і не чулі трэцім слыхам. Ты цяпер і бачыш трэцім зрокам. Бог даў жыццё людзям у пятым вымярэнні даўно - як даў Леанарда да Вінчы і Настрадамусу, Блавацкай і Скарыне... Нехта так і не адкрыў у сабе новага чалавека і застаўся чалавекам чацвёртай расы...»

«Чаму ж так, Яніна? Баяўся быць звышчалавекам?»

«Не верыў, што такое можа быць. Таму і не раскрываўся, бо людзі бачылі ў іх вядзьмарак і чараўнікоў. Казкі пра чараўнікоў - хіба казкі? Чыстая праўда...»

«Сапраўды так?»

«Сапраўды, Антон».

«Гэта людзі, якія маюць павышаную адчувальнасць да падзей, што здараліся ў дзяржавах і краінах. Яны ведаюць усё пра сваё здароўе і іншых. Могуць лячыць любыя хваробы. Яны ведаюць усё і пра ўсё. Для іх не існуе ніякіх тайнаў Зямлі і Сусвету. Калі ж ім трэба пра нешта тэрмінова даведацца, яны проста падключаюцца да крыніцы дадзеных энергаінфармацыйнага поля Зямлі і Сусвету. За долі секунды ім будзе выдадзена неабходная інфармацыя. Такіх людзей называюць суперсенсамі. Яны лёгка здымаюць інфармацыю з падсвядомасці любога субяседніка. Суперсенсы чытаюць думкі як Кнігу жыцця, могуць зрабіць дыягностыку любому жывому арганізму і вылечаць ад хвароб...»

«І нават камара?»

«Не смешная падначка... І камару, і любой казурцы. Суперсенс можа прадказаць падзеі будучага часу. Яны дасканала выкарыстоўваюць думкафільмы і думкавобразы, з якімі могуць працаваць на любой адлегласці...»

«На любой?»

«Так. Але наступнае іх дасягненне - тэлепартацыя. Што мы з табою і здзейснілі, зайшоўшы ў тэлефонную будку. Мы імгова перамясціліся з табою ў далёкую кропку Сусвету».

«Тады нам не трэба ні самалёты, ні чыгунка, так?»

«Так, любы, так. Гэтыя атрыбуты застануцца ў нашай памяці як музейныя экспанаты і гімн дваццатага стагоддзя і людзям, якія пераадольвалі прастору з дапамогай рухавікоў унутранага спальвання і электрарухавікоў. Медыцына суперсенсаў цесна пераплятаецца з духоўнасцю...»

«А каханне - духоўнасць?»

«Але, так. Каханне і любоў. Гэтыя два паняцці маюць вялікую энергетыку, якою можна за колькі хвілін узвесці эгіпецкія піраміды».

Яніна падляцела да мяне і села ў нябачнае крэсла - сядзела ў паветры без усялякага апірышча. Але я яго бачыў - то была паветраная канапа. Каханая гайдалася, як у шэзлонгу.

За блакітны гарызонт сядала зялёнае сонца.

Воблакі не рухаліся, як заснулі пад цёплымі промнямі.

Потым мы крочылі шырокай алеяй - як тунелем. Над намі звешвалі свае галіны дзівосныя дрэвы з шырокім лісцем. Яно падала ўжо долу, спрэс усцілала зямлю (зямлю?), але не шамацела пад нашымі нагамі, хаця мы і ішлі па ім - над ім.

«Што мне рабіць з маім адкрыццём? - упершыню ў сне я прамаўляю словы ўголас, жмуруся ад апошніх сонечных промняў, прыпыняю крок. - Нездарма ж ты паклікала мяне сюды. Нездарма ж вылучыла мяне з усёй грамады... Каго ж яшчэ ты вылучыла? І колькі ж нас, скажы?..»

Яніна зноў засмяялася, падляцела да галіны высознага явара і сарвала ліст з адмысловым узорам - малюнак «Пагоні» нашага Княства. Доўга глядзела, як вывучала яго, уздыхнула, журботна паглядзела на акрайчык сонца:

- Столькі пытанняў адразу... Што рабіцьмеш, пытаешся? Працаваць будзем, шаноўны спадар Антон, працаваць на карысць Ліцвініі, нашай радзімы. Так, паклікала нездарма. І вылучыла нездарма. Мы з табой павінны вылучаць іншых. Вылучаць і лячыць тых, хто духоўна цяжкахворы. Таму ты будзеш працаваць на зямлі ў любым тлумным месцы. Каб адчуў і зразумеў свае магчымасці. Каб канчаткова паверыў у сябе.

- А сюды як дапінаць - без цябе?

- У цябе ж ёсць ключ - чароўнае слова. Прамовіш - і ты тут.

- Добра. Колькі я тут прабуду?

- Некалькі дзён. Табе трэба набрацца моцы і сілы. Тады там, на зямлі, ты зробіш усё неабходнае.

Я спаў суткі, і двое, і трое...

 

Працоўны дзень у мяне пачынаецца а дзесятай гадзіне.

Але я прыходжу заўсёды на паўгадзіны раней, каб падрыхтаваць пустую тару, каб лягчэй і хутчэй было спраўляцца з работай, калі пачнецца ажыятаж са здачай пустых бутэлек.

Мой напарнік - шустры і зухаваты Змітрок Кісялёў - як метэор, носіцца то ў двор, выносячы напоўненыя скрынкі пляшкамі ад каньяку і ліманаду, гарэлкі і піва, то ў залу, то на вуліцу...

Змітрок - унікум. Змітрок - дзіўны і не падобны ні на кога чалавек. З ім добра і ўтульна. Неразгаданы і супярэчлівы чалавек...

Вечарам, калі хлопец вяртаўся дадому, напаў на яго ў цемры бамбіза - ударыў пляшкай з-пад шампанскага па галаве. У гарачцы паспеў яшчэ даць здачы - той і паляцеў старчмя на жалезны плот...

Зміцер, акрываўлены, паваліўся на зямлю. З сатрасеннем мозгу забралі раніцай у бальніцу. Ляжаў больш месяца. А пасля, як вылечылі, і паклікалі ў суд.

Перад судом наведваўся да яго «пацярпелы». Шапнуў на вуха, нахіліўшыся да яго, што калі Зміцер адваліць яму пяць тысяч, то ён забярэ назад сваю заяву ў судзе. Зміцер паказаў яму дулю, ды яшчэ падсунуў яе пад самы нос, што аж задраў таму кудлатую галаву, яшчэ і ў твар плюнуў пры ўсіх. Каб бачылі, што не страціў ён яшчэ чалавечую годнасць і гонар.

Ну і загрымеў хлопец на чатыры гады - суддзя ўбачыў у ім злоснага злачынцу.

З ім я сустрэўся нечакана ў людскім натоўпе. Пачуў яго голас - крык аб дапамозе. Ён думкава прасіў Бога выбавіць яго з бяды, выцягнуць яго з яміны, у якую трапіў.

Тады ж я і вырашыў быць побач з ім, тым больш што працаваў ён у такім прыдатным для мяне месцы.

Змітракоў бацька кіраваў будаўнічым трэстам.

Бацькі былі ў разводзе. Таму хлопец ні да кога з іх не наведваўся.

Маці дазналася пра яго зняволенне праз тры гады пасля суда. Жахнулася, але не з'ездзіла да яго, нават не напісала хаця б кароценькае пісьмяцо.

Зміцер вучыўся ў чыгуначным інстытуце. Скончыў адзін курс. Выдатна вучыўся. А калі выключылі ў сувязі з судзімасцю, потым, адседзеўшы, аднаўляцца не стаў.

Бацька сустрэўся з ім пасля адбыцця тэрміну. Прасіў, каб адумаўся, перагледзеў сваё жыццё, абяцаў падтрымку і дапамогу. Раіў аднавіцца ў інстытуце. Пасаду добрую абяцаў.

У другі раз, як зацягнуў да сябе ў кабінет, грошай цэлую гару перад ім паклаў. Але не загарэліся вочы ў юнака - маўчаком падняўся і пайшоў з бацькавага шыкоўнага кабінета. Нават не развітаўся. Маўчаннем сваім даў зразумець, што чужыя яны і што дарогі іх больш ужо ніколі не перакрыжуюцца.

Нікому ў свеце не дадзена зразумець Змітрака. Як і не пачуць боль яго спакутаванай душы.

Любіў Зміцер Кісялёў іграць на гітары. Толькі ёй давяраў тугу сваёй душы, свае патаемныя думкі. Калі ў нас пачынаўся абедзенны перапынак ці з-за недахопу тары білі лынды, ён сядаў у сваім закутку і браў у рукі гітару...

Што за песні спяваў ён? Ды то і не песні, мусіць, былі, а нешта іншае, ні на што не падобнае. Маналогі? Прытчы? Балады?.. Я не ведаў, якім жанрам іх вызначыць можна было. Экспромты-фантазіі жыцця? Каскад добраўплыннай энергіі, якая давала сілу таму, хто слухаў? І гэта таксама. А вось што было галоўным лейтматывам яго споведзі, то тое, мусіць, не ведаў ніхто...

Ён быў загадкавым самародкам. Ён быў геніем. Песні ён спяваў нікому быццам бы і не вядомыя, але зразумелыя і блізкія - як быццам ён апавядаў пра патаемныя памкненні душы кожнага з нас.

Песні, дарэчы, былі невядомыя і самому Змітраку, бо яны ніколі не паўтараліся. Выконваліся ўсяго адзін раз. Адзіны раз яны і прыходзілі да яго. Словы былі даўночаканымі і выпакутаванымі ў яго свядомасці. Ён іх клікаў да сябе з нетрыскаў сваёй памяці, свайго натхнення.

Экспромты нараджаліся адразу ж, як толькі ён дакранаўся пальцамі да струн. Словы песень былі родныя і блізкія, як пах паляшуцкай зямлі перад сяўбой. Слухаў яго, а чуў рык зубра. А то аднекуль накатваўся магутнай хваляй паланез Агінскага і пранізваў мяне ўсяго наскрозь. Уплятаўся яшчэ пошум дубраў і пушчаў, спакой надпрыпяцкіх узболаткаў і лугоў. Так нараджалася з крынічкі Прыпяць.

Так нараджалася каханне ад раптоўнага позірку прыгажуні паляшучкі...

Колькі жыву, не чуў такога. І таму я ўдзячны Богу за такую асалоду - ні на якім канцэрце славутых зорак, ні на якой творчай сустрэчы прызнаных не адчуваў тое, што падараваў мне Змітрок Кісялёў...

Найперш мяне здзіўляла і ўражвала чароўнасць і мілагучнасць слоў, словазлучэнняў і параўнанняў. Тое было нешта ад паэзіі, ад касмічнага ўзлёту - слова няўлоўнае, але пранізвала сэрца, нараджала незвычайную асалоду Адкрыцця. І тады адбывалася дакрананне да Святога і Светлага, Найчысцейшай крыніцы Жыцця, адчування Прысутнасці Бога...

Гаварыла-бунтавала хлопцава душа. Дзялілася болем і пяшчотай, радасцю і дабрынёй.

Ці можна перадаць боль параненага звера, які перадсмяротным рыкам скаланае Сусвет?

Ці можна перадаць боль сваёй Радзімы - паднявольнай і зняважанай, абрабаванай і аплёванай, - якая хоча стаць на ногі і не знаходзіць апірышча?

Адкуль, адкуль у Змітраку жыла гэтая адданасць родным гаям і пушчам? Бацька ж даўно адрокся ад мовы. Пасада вымушала часта бываць у Маскве. Яму снілася пасада міністра Саюза па будаўніцтву.

Маці была настаўніцай. Выкладала расейскую мову і пасміхалася з мовы сваіх жа бацькоў. Перакладала знарок «Анегіна» на беларускую мову і смяялася разам з вучнямі, як гучыць непрыгожа пераклад на мужыцкай мове... З сябе, выходзіць, і смяялася...

Змітрок два леты быў у бабы Еўдакеі на Петрыкаўшчыне, у Навасёлках. Бегаў босы, купаўся ў крыніцы, пасвіў кароў з бабкай. Хадзіў з ёю па грыбы і ягады. Слухаў казкі і паданні, міжволі запамінаў... Першае незразумелае слова, якое пачуў і запомніў, - мульмо. На руцэ бабуля ўбачыла мулякі - касіць вучыўся. Спадабалася хлопцу бабчына навука. Зразумеў, што ёсць шмат прыгожых і нечаканых слоў. Прасіў і прасіў бабку расказваць пра сябе, пра сваё жыццё...

Спявала яму Еўдакея толькі свае песні, якія ўнук ніколі і не чуў. Казкі расказвала, ад якіх прыходзіў у захапленне. Бабка і не падазравала, што сеяла ў дзіцячую душу зярняткі надзеі на тое, што песні бабкі вечныя, як само неба і жыццё на зямлі, што яны як абрус на святочным стале ліцвінаў.

Пэўна ж, зярнятка стала парасткам, і расцвіў ён у хлапчуковай душы буйным дрэвам...

«Мусіць жа, нічога чалавек гэты Антон, - пачуў я яго думкі. Ён не пераставаў спяваць, а я прыхінуўся да сцяны спінай, прымружыў вочы. - Не лезе ў душу,не дапытваецца ні пра што. Не павучае і не дакарае, размаўляе, як з роўным... А вось самога не зразумець - маўклівы нейкі, як асцерагаецца нечага, хаця кепскага ад яго не зыходзіць... Трэба з ім чару добрую калі ўзяць, раскрыецца тады, быць такога не можа, каб не расслабіўся...»

Мне хораша, яй-богу хораша побач з ім, і мне жадалася, каб яго песні ніколі не сканчаліся... Але ўспамінаю, што мае жаданні могуць збывацца, спахопліваюся:

- Пара ўжо і ў дзверцы нашыя кулаком грымнуць - трэба ж табе і адпачыць ад канцэрта...

- За гэтым не заржавее, - усміхаецца Кісялёў, - сумаваць нам не дадуць...

І тут жа нечы кулак страсянуў дзверы.

- Эй вы, алкаголікі! - даносіўся хрыплы голас п'янай жанчыны. - Вы нас тут доўга марынаваць будзеце? Панапіваліся там і песні гарлапаняць, а нам тут гібей...

Змітрок замоўк. Нейкі момант сядзеў з заплюшчанымі вачыма, а потым устаў, павесіў гітару на цвік.

- Усіх абслужым - не хвалюйцеся! - крыкнуў у дзверы і пайшоў іх адчыняць - дзве палавінкі з драўняна-стружкавых пліт, пафарбаваных у цёмна-зялёны колер. - Вось прыедзе машына са скрынкамі - і прымем ад вас бутэлькі.

- Ды ты што, хіба яшчэ не прыехала машына?! - узрываецца тая ж цётка і крые нас мацюкамі на чым свет стаіць. У яе маўчыць другі канал, усю сілу ўкладвае ў словы. - Якога ж хрэна вы тут рабілі паўдня? Я на вас буду скардзіцца ў райком...

- Цётачка, які райком-гарком, калі яны даўно накрыліся жаночай хусцінкай, - рагоча Зміцер і трасе весела русявай галавой. - Ты б лепей да пракурора схадзіла... Ён бы нам паказаў, дзе ракі зімуюць, а твой райком... Ні туды, ні ў Красную Армію.

- Бач, ён яшчэ мяне і вучыць, - закіпала цётка, як самавар, і я пачуў яе клопат: «З-за гэтых прыдуркаў і не пахмелішся, а галава як цэбар - пустая-пустая... От бардак развялі...»

- Яшчэ паспееш пахмяліцца, Агата Піліпаўна, - кажу я, не вытрымліваю несправядлівых папрокаў, - машына з тарай будзе роўна праз дзесяць хвілін...

- Сам ты алкаголік! Вунь які нос сіні. А ён мне - «паспееш пахмяліцца!». А ты мне наліваў, га, скажы?

- Ну не я, дык сужыцель твой - сусед Міхаіл. Ці не так?

Жанчына акругліла вочы. Хацела нешта сказаць, але тут Зміцер шуснуў у калідор, набраў гару пустых скрынак з кузава машыны, прынёс і гэпнуў каля акенца, загадаў:

- Давай, цётачка, твае пляшкі! Правільна Антон кажа - яшчэ пахмелішся. Вымай, стаў на прылавак!

«Адкуль ён ведае, што я сплю з Міхалам? - Цётка чамусьці не спяшалася выстаўляць бутэлькі, дзівілася са слоў, пачутых пра сужыцеля. - Мо побач жыве? А ці няма тут каго з нашага дома - за тры кіламетры цягнулася сюды, каб не сутыкнуцца з кім. Каб жа жонка дазналася, павырывала б косы пры людзях. Казала ж, асцярожна трэба, дык за шклянку «чарніла» гатовы і на клумбе - навідавоку ва ўсіх...»

Жанчына здала дзве сумкі бутэлек, схапіла свае законныя тысёнцы, борздзенька шуснула ў дзверы - не аглянулася, не затрымалася. Гарэлі ў жанчыны «каласнікі»...

Пачаў выстаўляць на прылавак бутэлькі сівы згорблены дзядок у дзіравай світцы. У яго дрыжалі рукі, слязіліся вочы.

«Як жа ты там, Ганулька, на тым свеце? Каб жа ты ведала, як цяжка без цябе... Уласці хочуць выселіць мяне з нашай хаты, а мяне здаць у дом састарэлых. А як жа я без тых сцен, якія чулі твой голас, бачылі цябе. Мне ж ніяк нельга без цябе - ты штохвілінна сядзіш побач са мною... А мне і пенсіі не хапае на хлеб - другі дзень галодны. Во бутэлек у парку назбіраў... Сорамна, але што паробіш. Ганулька, каханая мая, забяры мяне да сябе, не магу я тут, бо тут не краіна, а прыбіральня - смярдзіць, дыхаць няма чым... Лішні я тут чалавек. Нікому не патрэбны. Ваяваў за савецкую ўласць, а яна мне жабрацтвам аддзячыла... Як здзек прыдумалі словы: «Молодым везде у нас дорога, старикам везде у нас почет!» Які абсурд! Можа, і саграшыў, Ганулька, але я свой і твой парцейныя білеты з профілем сатаны на вокладцы аднёс на плошчу і кінуў да падножжа яго ж помніка... Твая душа побач са мной - днём і ноччу...»

Дзядулю замест дзесяткі даў сотню - ён і не заўважыў. Па рытму сэрца ведаў, што жыць яму заставалася тыдняў тры. Бачыў: над ім згасала энергія жыцця, а брала верх шэрае воблака - подых смерці. Яму ніхто ўжо не мог памагчы.

- А малочныя вы прымаеце? - зазірнула ў акенца дзяўчына - вусны нафарбаваныя, бялявая, у карычневай скуранцы. Погляд вясёлы, бесклапотны, з іскрынкамі жарту.

- Толькі ад прыгожых наведвальніц, - тым жа тонам гаворыць Змітрок, падміргвае нават ёй, выклікае на шчырасць.

«Каб быў ён трошкі чысцейшы, аддалася б яму ў першы ж вечар... А то Андрэй мой нешта не вельмі... Як спакусіць яго, вымыць перад гэтым, пырснуць французскімі духамі ды зацягнуць у цёплы ложак?»

- А я - прыгожая? - абрадавалася жанчына-дзяўчына, што так удала закінула вуды - абнадзеілася, паспадзявалася.

- Такая прыгожая, што каб прыснілася ноччу, то крычаў бы так, што і суседзі пазбягаліся б, - прызнаўся шчыра Зміцер Кісялёў, заўсміхаўся, залатым зубам бліснуў.

Яна пачырванела, прыкусіла язычок і пеканула, як ёй здавалася, едка і балюча:

- Прапойца! Ды ты ж год не мыўся, а туды ж...

- А чукча ніколі не мыецца, а дзяцей рабіць умее, - абыякава заключыў ён і загадаў: - Давай бутэлькі, прыгажуня, а то зачыню кантору!..

Яна хутка выканала загад, маўчала, чакала грошы. Напарнік паклаў перад ёю скамечаныя паперкі і пачаў ставіць бутэлькі ў ячэйкі скрынкі.

«Думае, што яна пава... Выпендрываецца яшчэ. Выпіць бы сёння не шкодзіла. Шклянку-дзве сухога віна. Чырвонага. Якое і радыяцыю, кажуць, выганяе чарнобыльскую... Вераніка, пэўна, і не ўспамінае пра мяне. А мо і правільна, што не ўспамінае - хто я ёй? Што магу даць, чым ашчаслівіць?..»

«Эх, Вераніка, Вераніка! - не гляджу я ў бок напарніка. - Якая ты вялікая дурніца, што не разумееш Змітрака! Як не ўцяміць табе, што ён адзіны ва ўсім свеце можа зрабіць цябе шчаслівай... Тое, што пад рукамі, не каштуе нічога, пра тое, што недасягальнае, марыш».

- Змітрок-Кісялёк, - дакранаюся асцярожна да пляча, - у маёй шафцы стаіць пляшка. Пачні, а я пасля цябе...

Хлопец напачатку не разумее, што я сказаў яму. Але ж пайшоў, адчыніў дзверцы і ўбачыў пляшку кабернэ. Адкаркаваў, наліў у вялікую шклянку. Зажмурыў вочы, выдыхнуў паветра і выпіў.

Падышоў да мяне, зазірнуў цікаўна ў вочы:

- Слухай, стары, а адкуль ты ўведаў, што мне страшэнна захацелася выпіць? - у яго цяплее позірк, мякчэе голас. Паралельна чую словы падзякі і пахвалы ў мой адрас. Але я не адрываюся ад работы - лічу бутэлькі, што паставіў перада мною маўклівы пажылы мужчына.

- Ты ж сам сказаў: «Эх, каб цяпер чырвоненькага!..»

- Так і сказаў? - не паверыў мне сябар. - Не можа таго быць. Ну і мастак ты хлусіць. Я ж усё памятаю, што гаварыў.

- Значыць, Змітрок, можа. Яшчэ і як можа быць. Мы ж часта не ведаем - ці мы так гаварылі, ці так думалі.

- Ну і няхай так будзе. Але ж перад гэтым не было ніводнай пляшкі. Я ж некалькі разоў заглядваў. Адкуль яна, скажы мне, узялася? - Ён не рабіў мне допыт, у яго адлегла ад сэрца, і ён дэманстраваў свой добры настрой, хаця ж і дзівіўся адначасова з таго, што адбываюцца з ім такія метамарфозы.

- Мышы прынеслі і схавалі. А потым я ў іх купіў за скарыначку хлеба. Жытняга. Свежаспечанага.

Ён маўчыць, выцірае рукавом узмакрэлы лоб, моршчыць яго, уздыхае. Пачынае крыўдаваць, што я з ім у хованкі гуляю.

- Ты выпадкова ілюзіяністам у цырку не працуеш? На паўстаўкі... А мо і на цэлую цягнеш.

- Не. На паўстаўкі я працую яшчэ ў лазні. Лазеншчыкам. І масажыстам. У выхадныя дні. Хіба ж я не казаў табе? Разумееш, грошы вельмі патрэбны. «Жыгуля» думаю купіць.

- А-а, вось яно што. Дык так то яно, канечне, па правілах, але калі яно не там, то так і будзеш лысым хадзіць, але тое паправіць лёгка - бо калі каза заходзіць у агарод, а гаспадар думае, што то карова, ды яшчэ і яго, то яно, канечне ж, не бульдзянёж...

Абракадабру ён прагаварыў на адным дыханні, не спыняючыся. Любіў ён тое рабіць, калі хацеў паздзекавацца з мяне, падкавырнуць... І не мацюкаецца, але ўсё ж...

Пахадзіў вакол, патаптаўся, зноў падышоў, паўшэптам спытаў:

- Антон, а можна яшчэ шкляначку?

Ведаў жа, што не адмоўлю, куражыўся, дысцыпліну дэманстраваў перада мною, лісіцай хітрай слаўся. Вуркатаў, як котка на сонцы.

«Што са мной творыцца, Божа? Чаму я такі неўладкаваны? Выпіць хочацца - гэта што, падзенне? Дэградацыя? Ці натуральны стан чалавека? Што падумае пра мяне Антон? А Вераніка?..»

- Чаму ж няможна? Можна. Чырвонае віно ў Францыі' п'юць як кампот падчас абеду.

- Праўда, Антон?

- Сам бачыў, як быў там. І піў таксама кожны дзень. Пасля работы і я з табою вып'ю. Разам з табою прыму на грудзіну. Добра?

- Дак там жа не застанецца пасля мяне... - Сябрук глядзеў на мяне разгублена. - Дак тады мо я збегаю ў камок - грошы ў мяне ёсць.

Я ўсміхнуўся і адмоўна пакруціў галавой:

- Не хвалюйся. Мне прынясуць.

- Хто?

- Сам убачыш. Таму не пакідай для мяне.

Кісялёў паціскае плячыма, нічога не разумее зноў. Губу прыкусіў, хмыкнуў, не паверыўшы, але пайшоў да тумбачкі. Праз хвіліну зноў вярнуўся, яшчэ больш падвесялелы зрабіўся, падабрэў.

- Усё. Да кроплі. Нават мышам на пахмелку не пакінуў. Так што ты можаш праляцець, як фанера над Парыжам, у якім ты меў гонар быць.

- На здароўе. Палепшала табе?

- Цяпер адчуваю сябе выдатна. Дзякую. Не разумею толькі - для таго каб выраўняцца, каб прыйсці ў норму духоўнага стану і раўнавагі, - мне неабходна заўсёды «браць на грудзі».

- Неабавязкова. Віно цябе супакоіла на тры адсоткі, астатнія дзевяноста сем - ты сам сябе вылечыў. Ты сам можаш вылечыць сябе і ад астатніх хваробаў - больш значных...

Зміцер хмыкнуў, недаверліва пахітаў галавой. Не верыў. Не хацеў верыць.

Калі ж людзей не стала, маўкліва пасунуўся ў свой закутак. Гітару ўжо не браў. Сядзеў і думаў, гледзячы ў адну кропку. Курыў, разважаў пра нешта. І думкі яго былі простыя і зямныя. Я адключыў іх ад сябе, каб засяродзіцца на сваім.

Кісялёў хварэў. Хварэў каханнем да Веранікі. І любоўю да сваёй зямлі. Гэтыя два паняцці зліваліся ў адно цэлае, даючы яму дзівосныя крылы. Ён, каб ведаў, мог узляцець над Сусветам, над сваімі клопатамі і трывогамі. Не здагадваўся, якія ў яго былі магутныя крылы. Не спрабаваў узляцець.

Драмалі ў ім сілы. Чакалі свайго часу.

Той час павінен быў наблізіць я.

 

Харошы, задушэўны ў мяне сябрук - Змітрок, Зміцер, Дзімітрый! Я не прыхарошваў яго, не ляпіў у сваім уяўленні такім, якім хацеў бы бачыць. Такім нарадзіла яго маці, якая ж і адмовілася ад яго, а жыццё ўдыхнула ў яго паляшучка-бабуля. На такіх бабулях, пэўна, і трымаўся залаты дух Ліцвініі.

Я прысеў на мяккае крэсла, якое выменяў у вадзіцеля грузавіка на пляшку гарэлкі. Ведаў, што ён збіраецца яго выкідваць, а яно мне адразу спадабалася, таму і папрасіў яго прадаць. Вадзіцель Пятрок Піліповіч нават таргаваўся са мною, апасаўся, каб не прадзешавіць. Для прыліку я павагаўся і аддаў яму пляшку белай.

Гэпнуўся ў крэсла, выдаўжыў ногі і паклаў іх на табурэцік. Склаў рукі на жываце, прымружыў павекі і - адключыўся ад усяго свету: нічога не чуў, не бачыў, не адчуваў.

І лётаў я па сваіх маршрутах, хадзіў па сваіх сцежках, бегаў разам са звярамі ў пушчы, узлятаў разам з птушкамі ў неба.

Шчаслівым чалавекам адчуваў я сябе!

- Вы чаго спіцё на рабочым месцы? - пачуўся над вухам знаёмы голас - вясёлы і бадзёры. То прыйшла яна, Яніна.

- Я не сплю. Я думаю і адпачываю, - адказваю, паварочваючыся да яе, і ў мяне ледзь чутно іголачкі кальнулі ў скроні - прыйшла праверыць ці з чым іншым?

- Ад думак рана сівее галава, - папярэджвае яна, і між сакаўных вуснаў белізной высвечваюцца роўныя зубы. - Урэдна шмат думаць...

- Добра, не буду шмат думаць. Сядай, калі ласка, адпачні са мной. Прабач, што сустрэў цябе вось так, правільней, зусім не сустрэў. Не чакаў цябе.

- Дзякуй за шчырае прызнанне. Ну і як у вас тут жыццё?

- Нічога. Уежна і ўлежна. Зміцер памочнік спраўны, праблем з ім няма.

- Я тут прынесла, што абяцала.

Госця паставіла сумку на стол, і тут да нас падышоў Кісялёў.

«Што за птушка такая? Чаму яна прынесла Антону віно і за што? Не бачна, каб паддавальшчыца, але ў сумцы, б'юся аб заклад, некалькі пляшак... Думаю, што там чырвонае сухое. І чаму ўвесь час толькі чырвонае віно? Як кроў Хрыста? Эх, каб пазваніла сёння Вераніка... каб толькі пазваніла... Якое было б у мяне сёння свята! Божа, зрабі так, як я мару!»

- Дзень добры вам, шаноўная спадарыня!..

- ...Яніна, - падказваю, памагаю яму.

- Дзень добры, Змітрок! - бадзёра адказвае госця, усміхаецца, пэўна, чытаючы тыя ж думкі, што і я. - Як у вас тут жыццё?

- Як у ангельскай каралевы: што ні зажадаеш, усё збываецца - аніякіх праблем. Аж нецікава часам робіцца... Жартую, канечне. Клопатаў шмат, і круцімся мы з Антонам, як вавёрка ў коле. Але нічога, уцягнуліся, спраўляемся паціху з клопатамі.

«Ну і індывідуум твой напарнік, Антоне! Мяне, тваю каханую, зганіў. Ганьба мне! І паверыла я табе, што самая прыгожая ў свеце. Во дурніца! Якая я дурніца!..»

Я смяюся, гляджу ў шчаслівыя вочы жанчыны, радуюся, што бачу яе, чую яе голас і рытм сэрца. Змітрок ёй спадабаўся - назычыла яму шчасця. Мы гаворым пра яго. Ён і не здагадваецца. Калі я ўзяў сумку, зазваніў тэлефон у закутку.

«Няўжо?! Няўжо?..»

Змітрок без затрымкі бяжыць у бакавушку, хапае слухаўку і прыстаўляе да вуха.

- Вераніка, ты?! - не верыць у сваё шчасце Зміцер Кісялёў і шчыльней прычыняе дзверы ў бакоўцы, каб не замінаць нам у размове. - Я ўжо і не думаў, што пазвоніш калі-небудзь...

«Ды вось надумалася... Хацелася, каб...»

Мы адключаемся адначасова з Янінай ад яго поля і хвалі, бо ведаем, што скажуць адно аднаму два спакутаваныя сэрцы. Радуемся за іх.

- Я зноў вымушана з'ехаць, Антон Клімовіч. Толькі не крыўдуй на мяне. Нічога не паробіш. Адказнасць - вышэй за нас.

- Адлучышся надоўга?

- На тыдзень. Не больш.

- Далёка?

- Як табе сказаць? Не так далёка, але ж і не блізка.

- Тут ты сабе не падпарадкоўваешся?

- Пакуль не. Ты на першай стадыі, я на пятай. Каб дасягнуць найвышэйшага ўдасканальвання, трэба быць у шостым полюсе. Тады я навучуся накопліваць у сабе энергію і ашчадна карыстацца ёю.

- І калі тое будзе?

- Усяму свой час. Не хвалюйся, любы, усё будзе добра. Каханне і ёсць вечнае выпрабаванне. Памятаеш, як у Першым пасланні святога апостала Паўла карынфянам? «Цяпер ведаю я часткова, а тады спазнаю накшталт таго, як і я спазнаны. А цяпер зіхацяць толькі тры: вера, надзея, каханне. Але каханне - найбольшае з іх. Дасягайце кахання; раўнуйце аб дарах духоўных, асабліва ж пра тое, каб прадказваць...»

- Вучымся гэтаму. Вучымся прадказваць. Чым мне займацца ў час тваёй адсутнасці?

- Працуй. Услухоўвайся. Вылучай асаблівых. Не абмяжоўвай сябе ў дзеяннях. Але ж надта і не ўмешвайся ў жыццё людзей. Зміцер нездарма заўважыў, што яму лёгка ўсё ўдаецца. Не трэба так, Антон, мы ж не ў цырку працуем...

- Згодзен. Ён так напакутаваўся, што яму трэба знайсці сябе. Яму неабходны маленькі штуршок. Ён жа чалавек новай фармацыі, чалавек пятай расы. Абраны Богам.

- Не праяўляй залішнюю актыўнасць.

- Я пра ўсё памятаю. Памятаю і тое, што залішняе шкадаванне можа нарабіць зашмат бяды. Бо сказана Богам: «Глядзіце, паступайце асцярожна, не як неразумныя, але як мудрыя...»

- Правільна - але як мудрыя.

Мой уздых быў глыбокі і працяжны. Яніна паклала рукі на мае халодныя далоні, як хацела сагрэць іх, перадаць мне сваю ўпэўненасць і спакой.

- Мне будзе не ставаць цябе.

- А мне - цябе, - Яніна глядзела праніклівым позіркам мне ў вочы, і ў яе зрэнках люстраваўся сум, але не адчай.

Як суцешыць яе, пераканаць, каб не брала боль на сваё сэрца, бо не ведаў, ці магчыма такое ў нашым імкненні да дабра.

Ведаем, што за развітаннем будзе сустрэча, і гэта сагравае і суцешвае нас.

Мы адключылі і сваё паралельнае поле. Нашы думкі цяпер не будуць вярэдзіць адно аднаму душу.

На Яніне лёгкі, колеру марской хвалі плашчык. Пад ім тонкая блузка. Доўгія распушчаныя косы звісалі на плечы.

- Заданне цяжкае? - цікаўлюся пра галоўнае, выказваючы сваё хваляванне за яе.

- Не зусім. Сярэдняй складанасці. Праз нейкі час вазьму цябе з сабою - удваіх будзе цікавей. Я вярнуся хутка, ты і засумаваць не паспееш...

- Вяртайся. Я спакойны. Вунь і Змітро спакойны - колькі радасці ў яго сёння! Ён хоча напаіць мяне і выведаць нейкую важную для яго тайну.

- Так можна і алкаголікам стаць, - папярэджвае мяне госця, усміхаецца, як дзякуе за разуменне яе ад'езду.

Мне хораша і прыемна, адказваю з гумарам:

- Ат, тае бяды, вылечаць, калі што, у ЛПП.

- Пакалечаць, а не вылечаць. Дзе ж ты бачыў такога чалавека, якога вылечылі, які пазбавіўся б ад алкагольнай хваробы?

Адказаў поціскам плячэй.

- Ну, мне сапраўды пара, - уздыхнула Яніна Альшанская, паглядзела яшчэ раз пільна мне ў вочы, чакала маіх слоў.

- Добрага табе падарожжа. Вяртайся хутчэй...

- Пастараюся.

Я так і застаўся сядзець у крэсле - загадала Яніна. Яна пайшла да дзвярэй, прачыніла іх, азірнулася.

Кіўнуў галавой, паспрабаваў усміхнуцца, падбадзёрыць.

Не ведаю, ці тое мне ўдалося.

 

Праз колькі хвілін набілася столькі людзей, што можна было падумаць, што пазачыняліся ўсе ППШ горада. А можа, то так Альшанская пастаралася, каб мы са Змітром не сумавалі?

Адразу ж на падмогу прыбег памочнік. У вачах радасць, акрыленасць. Шчасце так і выпірала з яго душы. Цяпер ён горы мог перавярнуць, сілы ў яго прыбавілася столькі, што мог падзяліцца ёю з дзесяццю чалавекамі...

- Табе мо з базы званілі? Прэмію даюць? - пытаюся абыякава, адстаўляючы бутэлькі - адна да адной у радочак, каб потым было лёгка і беспамылкова пералічыць. - Свецішся, як велікоднае яйка...

- Не з базы. Не ўгадаеш.

- Тады не ведаю, Змітрачок... Мо прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі табе званіў - на работу запрашае?

Ён уздыхнуў, хітануў галавой:

- Не хапае ў цябе, Антоне, фантазіі. Таўстаскуры ты да бязмежнасці. Як белавежскі зубр. Як гіпапатам. А яшчэ такія пенкныя паненкі да цябе прыходзяць! Ладна, мо пасля раскажу - за келіхам віна. Пагудзім мы з табою сёння, Антон?

- Калі ёсць, канечне, нагода.

- Ёсць! Ды яшчэ якая нагода! Эй, людзі, не напірайце, ёлкі-маталкі, усе паздаяце. Мы вас мігам абслужым, праўда, спадар Клімовіч?

- Праўда, Змітрок, праўда! Сто дваццаць шэсць бутэлек, тры бітыя - мінус, а такія, замежныя, мы не прымаем - наша айчынная вытворчасць не разлічана наліваць у іх напоі. Так што вам належыць атрымаць... Калі ласка! Змітро, тваю макалку, загружай тару!

А ён круціцца, як убарцкі ўюн. Праца гарыць у яго руках - вокам не паспееш міргануць, а скрынка поўная ўжо. Адна за адной - цэлая гара аж пад столь вырасла. Працуе Зміцер Кісялёў у пальчатках - старых, дзіравых. У капелюшы з шырокімі палямі. Проста люба глядзець на яго. Здаецца, даручы яму любую складаную работу - і ён выканае яе бездакорна і хутка. Як бы паміж іншым, зноў жа - як гуляючы.

- Мо перакурым, Кіселькін? - пытаюся ў яго, заўважаючы, што на лбе выступілі кроплі поту. - Закрываемся раней часу.

- Ты што?! - спалохана глядзіць на мяне сябар і шэптам пытаецца: - Ты хочаш, каб яны разнеслі наш ППШ? Нас жа на дробныя шматкі разарвуць...

Вось і дагадзі яму. Падбі на добрае, дык яшчэ і абмацюкае на чым свет стаіць. Не патыкайся цяпер да яго - гарачы, як кацёл з парай. І вясёлы, і адчайны адначасова.

«От добра, што не робяць перапынак, - чую радасны мужчынскі задаволены голас-сігнал - чацвёртага чалавека ў чарзе, - а то трэці раз прыходжу і не магу здаць - то зачынена, то тары няма... Хай жа пашанцуе сёння, а то цягацца з тымі бутэлькамі туды-сюды...»

«Пусціць мяне хоць жонка пераначаваць сёння ці зноў застануся на лесвічнай пляцоўцы?.. Во пакаціўся дык пакаціўся па жыццёвых прыступках, тваю маць... А некалі ж шапкі перада мною здымалі, ёлкі-маталкі, казлы брыдотныя... Мог пасадзіць любога, а мог і памілаваць. Калі добры хабар давалі...»

«...тваю маць, хто спі... апошнія грошы? Ці не Кацярынка, сволач такая, як пада мной ляжала... Я ж ёй, падлюцы, хавальнік раздзяру...»

Я зноў адключыўся ад людскіх тайных і брыдкіх думак. Чаму ў іх столькі злога і агіднага? Няўжо так вытравіліся мазгі? Няўжо ўсё жыццё чалавека - гэта дробязныя клопаты, неўладкаванасць, пастаянная патрэба нешта знайсці, прабіць, купіць, дастаць? Ці для гэтага створаны чалавек? Кара на яго такая наслана за адрачэнне ад Бога?

Чаму ў людзей шмат зла? І кожнае, хаця і малое зло, нараджае новае, яшчэ большае. Як вучыць Ойча? «Не адказвайце злом на зло ці мацюкамі на мацюкі, наадварот, бласлаўляйце, ведаючы, што вы для таго закліканы, каб наследаваць бласлаўленне. Таму што хто любіць жыццё і хоча бачыць добрыя дні, той стрымлівае язык свой ад зла і вусны свае ад зларадных прамоў - таму ўхіляйся ад зла і рабі дабро, шукай міру і імкніся да яго...»

Якая ж усё-ткі складаная істота ці стварэнне - Чалавек!

І які ж ён у той жа час безабаронны і кволы...

- Усё, панове-спадары! - падняў угору рукі напарнік. - Засталося тры скрынкі. Адзін-два чалавекі... А астатнія прыходзьце заўтра. Прабачце, даражэнькія, ну няма ў што ставіць - не за пазуху ж мне іх піхаць.

- Ды што гэта за бардак такі, ё... тваю маць! - крычыць мужчына з чаргі брудныя словы ў наш адрас. - З чорнага ўвахода дык вы прымаеце любога. Вось так і нажываюцца на нашых мазалях. Міліцыю сюды, хабарнікі, алкаголікі!..

Цікава было б уключыць паралель, але я не рабіў гэтага. Як і не пасылаю балячку на язык таго злога чалавека - няхай выгаварыцца, няхай накрычыцца, мо і лягчэй стане чалавеку. Баліць жа, і зразумець яго па-добраму можна...

Вось і рабі добрае людзям. Ідзеш, як кажуць, насустрач працоўным масам, а яны табе за тваё дабро...

Натоўп загудзеў не як пчаліны вулей, а шэршневае дупло - пагрозліва, злосна, агрэсіўна: вось-вось шэршань, здаецца, куляй стрэліць у лоб і ўвап'ецца вострым джалам... Той жа дзяцюк замахнуўся бутэлькай з-пад «Агдама», і я ледзьве паспеў думкава схапіць яго за руку - папусціў бы ў Кісялёва, які стаяў адкрыты для пляўкоў і брудных слоў.

Я ж нічога не чуў - выключыўся зусім. Толькі слухаў плёскат хваль Адрыятычнага мора. Потым - пошум палескага бору, верхавін высозных сосен.

І для мяне ўжо нічога не існавала навокал. Нават напарнік адплыў некуды ў шэрае бяздонне - толькі мора і бор, цішыня і спакой...

- Ты што, ачмурэў? - катурхае мяне ў грудзі Змітрок, просіць вярнуцца ў рэчаіснасць, зазірае ў вочы, спалохана дамагаецца дазнацца прычыну майго здранцвення - пэўна, думаў, што людскі натоўп адмоўна паўздзейнічаў на мяне і таму спалохаўся. - Што з табою, Антон? Прачніся. Усё ўжо ціха і спакойна. Я іх супакоіў, мірна ўсё абышлося...

- Што - «абышлося»? - я рабіў выгляд, што нічога не разумею, падстройваўся пад яго, каб развеяць яго думкі пра мяне, пра тое, што яму здалося-падалося...

- Уціхамірыўся ў рэшце рэшт бунт здатчыкаў посуду. Ім жа вечна не дагодзіш. Заўсёды мы вінаватыя. А што зробіш, калі не хапае той тары, скажы, шаноўны спадар, што?

- Нічога, - кручу адмоўна галавой, як ачомваюся ад нейкага наслання. - Няма тары-растабары, дзень ляжы - гуляй на нарах!

- Ты - малаток! - крычыць на вуха радасна Кісялёў, бачачы, што абудзіў мяне, вырваў з маўклівага стану. - І дзе ты так навучыўся складна гаварыць? У нас у камеры быў адзін такі, дык вершыкамі і гаварыў. Думалі, што псіх, але не, кацялок варыў. Сядзеў на нарах, а на волі кніжка вершыкаў выйшла. Дык ты мне яго і напомніў.

- Прыемна чуць... дзякую.

- Ды ты не крыўдзіся, галубе, - спахопліваецца Зміцер, напалоханы неабдуманым параўнаннем-прызнаннем, зазірае аддана ў вочы, хоча пераканацца, што не крыўдую на яго. - Мяўкнуў, не падумаўшы...

- Ладна. Лічы, што не чуў нічога. Што з табою паробіш?

Сам дзівіўся, як з ім размаўляў - гаварыў і сам сябе слухаў, - ці не заносіла мяне, ці не пераігрываў?

Напарнік пазачыняў усе дзверы. Выключыў усюды святло.

Да канца працоўнага дня заставалася з паўгадзіны.

Пацягнуў мяне Кіселькін у прыбудовачку - патаемнае наша месцейка. Усадзіў у княскае крэсла, на стале расставіў закусь, паналіваў няспешна ў келіхі віна - як чараваў над ім, як рытуал які язычніцкі здзяйсняў.

- Вып'ем, дружа! За што? За яшчэ адзін працоўны дзень, які мы пражылі. Мы тут як за амбразурай, а людзі, як Матросаў, кідаюцца на яе. За нашую працу нам павінны не толькі плаціць валютай, а яшчэ і ордэны даваць.

- Герояў Савецкага Саюза? - запытаўся з'едліва, адпіваючы пакрысе са шклянкі церпкае віно.

- Навошта? Я прысвойваў бы, напрыклад, ордэн мужных прыёмшчыкаў пляшак і слоікаў. У нас жа кожны дзень - подзвіг!

Дзынкнулі запознена келіхамі - высокімі, шклянымі, дзе толькі і расстараўся Зміцер? Закусвалі сыркамі і варанымі яйкамі, вэнджанай каўбасой і гуркамі.

- А я, прызнацца, думаў, што ты вальтануўся, яй-бо... Яны... яны паднялі вэрхал, вось-вось кулакі пусцяць, а ты ўсміхацца нечага пачаў. Як і не чуеш нічога. Мо ты і сапраўды нічога не чуў. Дак я... я хутчэй пачаў іх выганяць, наплёў, што ў цябе няшчасце, тое-сёе... Ну, сам разумееш...

- Разумею. Дзякую табе...

- Ды кінь ты, дробязі... Мне прыемна, што мы з табою паразумеліся. Да цябе быў, дак не прасыхаў - штохвілінна пад градусам. І мяне далучыў да гэтага.

- Між тым ісціна ў віне, - прамовіў я, каўцянуў зноў трохі.

Сябрук не здагадваецца, што ад гэтага віна ап'янець я не змагу, але раблю выгляд, што я «насёрбаўся», ледзьве варочаю языком, хітаю п'яна галавой...

- Раскажы пра сябе, - папрасіў нечакана Кісялёў, не дачакаўшыся, калі я сам пачну выварочваць яму душу. - А то ўжо амаль месяц мы трэмся з табою азадкамі адзін аб аднаго, пасябравалі нават, а пра цябе я - ну ні кропелькі не ведаю. Пра сябе ж я расказаў усё чысценька, нічога не ўтойваў. Ці не так?

- Так, Змітрачок, так. І дзякуй табе за тое.

- На здароўе, - хітае захмялелай галавой хлопец і ляпае мяне па плячы.

- Ды што табе расказваць - і сам не ведаю. Ляцеў у самалёце. Разбіўся. Пра тое, здаецца, марыла жонка. І таму, мусіць, не шкадуе. Раздзяліўся на дзве палавіны. Жыву цяпер у двух вымярэннях. Магу перакінуцца ў мінулае. Магу кінуцца ў будучае... Ды ці мала што я магу!

«Ёлупень! Што ты пляцеш? Ап'янеў? Ці з глузду з'ехаў?!»

Зміцер Кісялёў соладка спаў, прыхінуўшыся да сцяны русявай галавой. Вераніка пакутліва падымала слухаўку тэлефона, каб набраць нумар, але ёй перашкаджаў, замінаў дзявочы гонар - і яна зноў клала яе на месца. Добра, што і не званіла - не дазванілася б...

У акно нехта пастукаў. Раз, другі... Як ведаў, што мы знаходзімся ў памяшканні. Трохі счакаўшы, я падняўся і пайшоў у залу, дзе стаялі, прыстаўленыя адна да адной, пад самую столь, напоўненыя пляшкамі скрынкі - заўтра раніцай іх забяруць, а нам дадуць пустыя...

«Хто б то мог быць? І да каго - да мяне ці да Змітрака? Адкуль уведаў, што мы тут?..»

Падышоў да акна - ціха. Хацеў павярнуць назад, але зноў пачуўся стук у шыбіну. З-за малінавага сонца цяжка было пазнаць госця, але па абрысах здагадаўся, хто прыйшоў. То быў Яён.

- Выйдзі, - ці то папрасіў, ці загадаў мне кіўком галавы.

Трохі павагаўшыся, выйшаў у двор.

Яён сядзеў ужо на лаўцы, што змайстраваў некалі Зміцер - да мяне яшчэ, зацягваўся цыгарэтным дымком. Быў ён у доўгім, як не да пят, расшпіленым светлым плашчы, у шэрым, як пасля першых прымаразкаў трава, касцюме. На нагах - светла-карычневыя чаравікі са скураной падэшвай. Побач, на лаўцы, ляжаў пашарпаны «дыпламат» карычневага колеру з сакрэтным замочкам.

- Здароў быў!

- Добры дзень! Закурым?

- Не, не навучыўся...

- Ну, як хочаш... А я атрымліваю асалоду. Не ведаў раней, што дым - гэта прыемна. І супакойвае.

- Ад чаго? У цябе ж усё нармальна.

- Ды як сказаць. Як на тое паглядзець...

Маўчым.

- Як Яніна?

- Нічога, дзякую. З ёю ўсё добра.

- Дзякуй Богу. А сам?

- Таксама не бяды. Абвыкаюся.

- Чаму не шукаеш са мною сустрэчы?

- Не ведаю, ці тое патрэбна.

- І я таксама не ведаю, але ж, бач, зайшоў да цябе.

- Нас жа разлучыў самалёт. А злучэнне мо ад нас не залежыць.

- А калі то не самалёт?

- Хто ж яшчэ?

- Не ведаю. Але тут нешта іншае.

- Чаму змяніўся абліччам? Каб не пазналі? Ці хаваешся ад каго?

- Так трэба.

- Мо ты і маеш рацыю...

Цыгарэты курыў Яён нейкія замежныя, не нашыя. І непадобныя былі на цыгарэты - як кукурузныя палачкі, што прадаюць для дзяцей. Дым быў прыемны - як быццам побач пачынала цвісці магнолія.

Ува мне жыло няўцямнае шкадаванне па страчаным, абыякавасць да двайніка, супакоенасць і перакананасць, што так яно павінна і быць, а не інакш... Дзіўна, але я адчуваў сябе галоўным, старшым камандзірам у гэтай незвычайнай сітуацыі. Я як быццам загадваў, патрабаваў, а ён прасіў, амаль умольваў, як вінаваты быў мне. Я ж не ішоў насустрач, але і не ўцякаў.

Яён глыбока ўздыхнуў, і позірк яго быў ці то сумны, ці то заклапочаны... Твар зямлісты, загарэлы, і толькі цяпер я ўбачыў, што ў яго былі сівыя вусы і барада (я ж ніколі не насіў барады і вусоў!), шрам-пісяг праз увесь твар - ад левай скроні праз нос і шчаку (а то што за адмеціна?), рукі былі ў пальчатках з тонкай тканіны.

Я не ўключаў свой разведачны полюс-лакатар, не захацеў слухаць яго другі голас - і ленаваўся, і нецікава было. Мо так віно мяне размарыла, а мо стаміўся за дзень, хто ведае...

- Падабаецца тут працаваць? - парушае маўчанне Яён, тушыць цыгарэтку, шпурляе недакурак пстрычкай акурат у металічную скрынку са смеццем. Акуратны, хаця якую акуратнасць можна было праяўляць тут, сярод бруду.

- Падабаецца. Слухаю людзей, хачу спасцігнуць іх душы. Зразумець хачу, адкуль на зямлі шмат зла і бруду.

- Раней не разумеў?

- Не звяртаў проста ўвагі. Чуў толькі словы. А што было за словамі, не ведаў. Другое было схавана ад мяне. Кожны чалавек - гэта кніга. Адну чытаць цікава, а ад другой - нават брыдка... Так і з людзьмі.

- Табе то якая карысць, што адкрываеш таямніцы чалавечага існавання?

- Вялікая. Калі бачыш вытокі, прычыны, то лягчэй чалавека накіраваць на той шлях, які ўказваў Хрыстос. Ліцвінія павінна быць здаровай і магутнай дзяржавай. Так што не з-за карысці ўсё, з-за справядлівасці.

- Справядлівасці? Якой?

- Справядлівасці існавання Ліцвініі.

- Што ж, рады. Так дзейнічай і далей.

- Чаму рады? Загадкамі гаворыш...

- А ты не загадкамі? Але я напраўду разумею. Таму што чытаю курс лекцый у Акадэміі навук - «Вышэйшая субстанцыя чалавека ў сямі вымярэннях» і «Найвышэйшае прызначэнне Чалавека». Месяц ужо чытаю. Мы разам з табою пачалі працаваць. Так што задачы ў нас з табою аднолькавыя. Вось так, даражэнькі браток! Ты мне брат, так?

- Я не задумваўся над гэтым. Пэўна ж, брат, а то хто ж? Але імя я табе ўжо даў - Яён. Падабаецца?

- Нічога. Тады ты - гэта я. Значыць, Яты?

- Хай будзе так. Дамовіліся.

- На практычных занятках, восенню, трэба каб ты правёў практычныя заняткі па сувязі з касмічнай прасторай і ўменню чытаць думкі людзей на адлегласці... Ты паможаш мне?

За кароткі час мы з ім пераступілі мяжу недаверу. Нават зблізіліся, паразумеліся, як быццам пасля нейкай сваркі памірыліся маці з сынам ці брат з братам. Нас ніхто не змушаў да гэтага, атрымалася ўсё самахоць, прыдатна для абодвух. Адзінае непакоіла, як аднясецца да ўсяго Альшанская. Ніякай жа строгай забароны ці пільнай парады яна не выказвала. Ці маю я права адмаўляць ці перашкаджаць тварыць дабро? Святы апостал Іакаў казаў у саборным пасланні: «І так, хто разумее рабіць дабро і не робіць яго, таму грэх...»

- Памагу, браце, памагу. Як і ты мне потым паможаш.

- У чым, Яты?

- Прыйдзе час - скажу.

- Добра, будзем лічыць, што мы заключылі дамову на супрацоўніцтва.

Яён зноў закурыў. Пакідаць мяне не спяшаўся.

Мы плылі па цячэнні нашай ракі, не ўзмахвалі вёсламі, і наш човен пакрысе зносіла ўніз. Нам было хораша і спакойна, хацелася прымружыць вейкі і ні пра што больш не думаць... Стома брала сваё.

- Эй, хлопцы, пра што вы там маўчыцё-гамоніце? - вывеў нас з задумення Змітрок, выйшаўшы на ганак. - Пайшлі віно піць - па пляшцы на нос яшчэ, аказваецца, засталося... А што ў цябе за госць, Антон?

- Брат мой - завітаў на агеньчык...

- Тым больш ёсць нагода выпіць. Пайшлі, га?..

- Не-не, - адразу адмовіўся Яён, як спалохаўся запрашэння, засабіраўся, «дыпламат» на калені паставіў, зірнуў на мяне. - Нельга мне - у мяне яшчэ сёння адказная праца. Так што дзякую, шаноўныя, і - прабачце...

- Шкада. Што ж, праца - галоўнае. Тады - да сустрэчы?

- Да сустрэчы, брат. І вам усяго добрага, - кіўнуў, далікатна схіліўшы галаву ў развітальным паклоне, падняўся, выпраміўся і з выглядам дзелавога чалавека падаўся да металічных варотцаў.

Ступіўшы на прыступку, азірнуўся, прыўзняў над галавой капялюх, яшчэ раз кіўнуў, усміхнуўся і тады ўжо зусім пераступіў парог.

- А непадобны на цябе брат твой, - гаварыў Зміцер Кісялёў, наліваючы ў шклянкі чырвонае віно, - ані кропелькі непадобны. Чаму так, Антон? Ад розных бацькоў? Прабач зноў мне, не ў сваё лезу...

- Правільна пытаешся. Ад аднаго бацькі, спадар Дзімітрый, - ад Бога.

- А-а, - мнагазначна пахітаў галавой сябрук, як быццам яму стала і сапраўды ўсё зразумела, хмыкнуў, узяўся за шклянку, - тады за вашую сустрэчу і вып'ем.

І сам першы, не чакаючы майго слова, нагбом выпіў поўную шклянку - пэўна, трываць ужо больш было няўсцерпкі.

За шыбамі ўжо ссутоньвалася. Асядала сонца за небакрай, атухалі пакрысе малінавыя водсветы. Вечар нацягваў на горад і дамы шэрае прасцірадла ночы. На ім залатым шытвом вызначыліся Млечны Шлях і маладзічок - тоненькім сярпочкам, Вялікая і Малая Мядзведзіца ў карагодзе буйных і малапрыкметных зорак...

Яны - зоркі і месячык - усё ведалі пра кожнага з нас, і не толькі ведалі, а і ўказвалі нам кожнаму свой шлях. Бо і ад Лукі ў Святым благавестванні сказана: «Таму што няма нічога тайнага, што не зрабілася б яўным, ні патаемнага, што не зрабілася б вядомым і не выявілася б... І так назірайце, як вы слухаеце; таму, хто мае, таму дадзена будзе: а хто мае, у таго адбярэцца і тое, што ён думае мець...»

Застолле нашае працягвалася. Нам было хораша і весела. Хаця ж мы і бралі з сумкі бутэлькі, колькасць іх не памяншалася. Для мяне было проста застолле, а для Кісялёва - свята. Яму ж пазваніла Вераніка! Заўтра ён пазвоніць ёй - дзяўчына будзе чакаць ад яго званка.

Не ведаў Дзімітрый Кісялёў, што не віно ён піў, а лекі. Лекі, падрыхтаваныя мной і Янінай. Яго пасля гэтага ніколі больш не будзе цягнуць да віна...

- Гуляем, спадар Антон? - у вачах хлопца радасныя іскрынкі, у голасе - шчырасць і радасць.

- Гуляем! Гудзім да трэціх пеўняў! Зразумела, што сёння мы нікуды не пойдзем - будзем спаць тут, у нашай хаціне - ППШ.

У Змітрака прыхаваны ў шафе дзве раскладушкі.

 

Спаў я суткі, і двое, і трое...

Памарака нейкая найшла на мяне. Не бачыў і не чуў, як напарнік шчыраваў каля акенца, як насіў і складваў скрынкі з бутэлькамі ў грузавую машыну, прыносіў тару. Потым прымаў ад сварлівых і нервовых людзей слоікі і бутэлькі, а ўзамен аддаваў грошы...

«Няхай паспіць Антон, з непрывычкі ўрэзаў. Ды і я, здаецца, ніколі не піў столькі. Але хіба гэтулькі магла прынесці Яніна? Антон нахаваў у тайніку? Трэба абавязкова пазнаёміць з ім Вераніку. Хай адпачывае. За ўчарашні пачастунак я і за яго работу зраблю...»

Я зноў адключыўся ад усяго - ад Зямлі і Космасу, ад Змітрака і Яніны... Жаданне спакою і адзіноты былі мне даспадобы.

Прачнуўся сярод ночы, пад раніцу. Патухлі зоркі, калі растварыўся ў ранішнім мроіве і месячык.

У нашым графстве быў поўны парадак. Усё складзена, упарадкавана. Нічога нідзе не валялася. Было падмецена, і нават вымыта падлога. Акураціст гэты Змітрок і дзівак! Дзе яшчэ і стрэнеш такога!

Ён ляжаў побач на раскладушцы. Моцна спаў.

У мяне не было ніякіх думак і жаданняў. Спаць ужо не хацелася. Чым толькі заняць сябе?

Дзе цяпер Змітрок? Мне захацелася праверыць яго Планету. Ён гуляў з Веранікай па вуліцах незнаёмага горада і расказваў пра сябе. Адначасова баяўся, што яна можа пакінуць яго... Дзяўчына смяялася і думала ласкава: «Дурань, які дурань мой Дзімка! Калі ён толькі навучыцца разумець дзявочую душу?»

За яго я быў спакойны. Збольшага перастала бунтаваць душа - Вераніка зрабіла крок насустрач, і адбыўся цуд. А цяпер ужо ўсё астатняе залежала толькі ад яго.

Пасля Змітрака падключыў касмічную прастору. Выбраў найважнейшае, пацікавіўся, ці не шукае хто мяне ў Сусвеце - можа, я каму спатрэбіўся ў гэтыя хвіліны?

Але Космас маўчаў. Правільней, не маўчаў, а жыў - крычаў і сварыўся, ласкава гаварыў і папярэджваў некага аб няшчасці, некаму помсціў, некага ратаваў... То мяне не тычыўся ніводзін сігнал. Тое радавала і крыху засмучала. На нейкую хвілю мне здалося, што я адзінотнік і нікому да мяне няма клопату...

І тут жа скрозь гул Галактыкі і пошум метэарытаў, праз вечныя песні чалавечых душаў уварваўся трывожны голас Яніны:

«Што з табою, любы? Што здарылася там, на Зямлі? Ты засумаваў без мяне і з крыўды адключыўся не толькі ад Зямлі, а і Сусвету? Чуеш цяпер мяне? Не рабі мне балюча, любы мой! Я ж была ў тваіх снах, але з табою чамусьці парушана сувязь».

«Я чую цябе, каханая, чую... Жывы я і здаровы. Спаў доўга, набіраўся сілы. Вылечыў Змітрака ад яго хваробаў і душэўнага болю. Цяпер чую цябе, і мне стала лепей, лягчэй».

«Гэта добра, Антон! Я забылася цябе папярэдзіць аб нараджэнні такога стану... Ты не крыўдуй, у нас тут невялічкія непаладкі, і таму абставіны вымушаюць затрымацца яшчэ на тыдзень... Абяцаю, што больш ніколі не будзе такіх доўгіх адлучак-разрываў. Я не разлічыла свае сілы, таму і здарылася такое... У мяне сэрца разарвецца ад болю, калі ты папракнеш ці падумаеш хаця б што лядайкае пра мяне».

«Янінка, не хвалюйся!.. У табе гаворыць спрадвечны інстынкт жанчыны - суперажываць за сітуацыю будучыні. Мы выстаім з табою, выпакутуем сваё заўтрашняе Ўдасканальванне і Разуменне самога сябе. То пра нас сведчанне ад Яна Святое благавеставанне: "Жанчына, якая нараджае, церпіць смутак, таму што прыйшоў яе час; але калі народзіць немаўля, то не памятае ўжо смутку ад радасці, таму што нарадзіўся Чалавек у Свет. Так і вы цяпер маеце сум; але я бачу вас зноўку, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас..."».

«Дзякую, каханы мой! Такія словы і ў такія хвіліны! Ты выратаваў мяне. Я нараджу нам сына, і назавём яго Ахутаван. Ён будзе мужны і дужы. Ён будзе чалавекам будучыні...»

«Добра. І я хачу таго ж!..»

«Раскажы, што цікавага адбылося? Ці ёсць што значнае?»

«Асаблівага нічога. Як і раіла, не ўмешваюся ў жыццё ліцвінаў. Дапамог, праўда, Змітраку і Вераніцы. Падказаў толькі зрабіць крок насустрач адно аднаму...»

«Што яшчэ? Мне цікава чуць...»

«Вывучаю людзей, іх псіхалогію. Яны не здагадваюцца, што я адбіраю пакрысе агіднае і злое, яны робяцца іншымі. Зразумеў, што трэба пэўны час, каб выцягнуць з іх душэўныя хваробы і болькі. Яён прыходзіў. Прасіў памагчы правесці практычныя заняткі ў Акадэміі...»

«Вы не можаце асобна існаваць. Так, як і ты без мяне. А я без цябе. Мы ўсе ўзаемазвязаны і злучаны ў адно цэлае. Як узаемазвязаны Зямля, Паветра і Вада...»

«Тады, выходзіць, я рабіў усё правільна і паводзіў сябе прыстойна. Не парушаў прынцыпаў суладнасці часу і касмічнай сістэмы. Чалавек настолькі наіўнае стварэнне і дурная істота, што нічога не каштуе зласліўцу пераканаць яго, што ён самае звычайнае быдла. Надзень яму яшчэ ярмо, і ён падзякуе, падумае, што так і трэба, што ярмо - яго воля і шчасце... Таму лячыць чалавецтва трэба даўно. Тое бачыў Бог і яго сын Ісус Хрыстос... Я стаў больш мудры і цярпімы да людскіх заганаў. Сёння я бачу глыбей, чым да гэтага, далей і дакладней. Дарэчы, ты далёка ад мяне цяпер?»

Нейкі час звінела маўчанне, і я падумаў, што між намі парушылася сувязь, але праз колькі доўгіх секундаў пачуўся яе чысты і ўпэўнены голас:

«Калі па часе, то далёка. Па адлегласці - не вельмі. А так, то ля Дзвіны, недалёчка ад ракі. Сафійка добра бачна, сонцам асветлена...»

«Пра які час ты гаварыла? І што там за крыкі ў цябе? Ты нешта не дагаворваеш, Яніна! У нейкім страшным ты часе, у якім?!»

Зноў маўчанне. Потым пачуўся ўздых. Некага папрасіла не замінаць ёй, вымаўленне было не сучаснае, як са мной гаварыла, а старажытнабеларускае. Праз колькі хвілін мне паведаміла кароткімі сказамі:

«Я - у Полацкім княстве. Спалены вёскі і паселішчы. Расейскі грозны цар Пётр Першы забраў беларусаў у рабства, у няволю. Нас вяроўчынамі павязалі і пагналі ў палон - у Масковію... Я ж - палачанка, нявольніца, прыгонная... І я разам з людскім натоўпам брыду босая па мёрзлай зямлі. Пнуць людзі - дзеці, жанчыны, дзяўчаты. Тут - пекла. Тут - жах і смерць...»

«Яніна-ааа! - крычу занепакоена ў прастору, малю Сусвет, каб не абарвалася нашая сувязь. - Янінка! Каханая! Мне можна да цябе? Я выратую і выбаўлю з таго жудаснага царскага палону...»

«Не, не і не! Ні ў якім разе! За мяне не турбуйся - усё будзе добра. Ты ж ведаеш, што я ў тваім часе жывая. Таму і не павінна са мною здарыцца кепскага. То з княствам кепска. Чорныя часы ў гэтым стагоддзі... Гісторыкам не пад сілу апісаць і перадаць тыя пакуты, што выпалі на долю Полаччыны. Адключыся ад мяне на некалькі дзён. Так трэба. Цалую, любы! Набірайся сілаў для будучых сваіх падарожжаў. Наперадзе ў цябе вельмі адказнае і цікавае жыццё. Бывай, каханы, чакай мяне! Хутка пабачымся!..»

«Цалую. Да сустрэчы!..»

Нічога сабе камандзіровачка - на вайну ў Полацкае княства! Ці не ў самы страшны і крывавы час занесла яе? Сама ж, пэўна, і выбрала. Для чаго тое ўсё? Хіба ж мы можам цяпер што-небудзь змяніць, памяняць ход гісторыі, пусціць у другое рэчышча? Ці можа якая больш важная задача стаіць перад ёю і перад тымі, хто паслаў яе туды? Пэўна ж, збірае тыя камяні-сведкі, што і лягуць у агульны падмурак княства Ліцвініі...

Зноўку ўсё аціхла. Цяпер выразна было чуваць, як Змітрок пасвістваў носам, нешта мармытаў у сне.

Я прыняў рашэнне. Унутраны стан мой прачнуўся і прагнуў нейкіх дзеянняў. На месцы ўжо заставацца больш не мог.

«Мой харошы і шчыры сябар Змітрок-Кісялёк! - накрэмзаў я на паперы зварот да яго. - Не крыўдуй, але мне трэба адлучыцца па вельмі і вельмі вялікай патрэбе на дзянёк-другі... Згода? Пацярпі мяне ўжо такога. Я адраблю сваю радоўку, усе дні потым вярну табе працай. Буду ўкалваць дні і ночы...»

 

На вуліцу выйшаў нашым тайным калідорчыкам. Зачыніў на сакрэтны папіхач дзверы і падаўся ноччу на чыгуначны вакзал.

Было ціха і зорна ў небе.

На вакзале процьма народу - з клункамі, кашалямі, сумкамі, чамаданамі... Спалі «працоўныя масы» на сваім законным месцы - на падлозе, сярод пляўкоў і харкаў уперамежку з крывавымі высілкамі; падсцілалі якую газеціну ці світку, а то і зусім нічога - клаліся на халодны, вытаптаны мільёнамі падэшваў, бетон.

Людзі ніколі не абураліся, радаваліся за месца. За доўгія гады быдлячага існавання прыцярпеліся, прызвычаіліся.

Мне можна было пайсці ў вакзальны гатэль. Але мне нельга было тое рабіць. У мяне ж, як і ўва ўсіх астатніх, не было ўдосталь грошай. Ліцвін лепей прасядзіць ноч на падлозе, перадрэмле, перачакае, перацерпіць, чымся заплаціць грошы за выгоды і зручнасці. Заўсёдна думае: «Не, лепей я іх, свае грошыкі, на нешта іншае патрачу, карыснае і значнае, а адпачнём некалі пасля, на тым свеце адаспімся...» Такім ужо нарадзіўся ліцвін. Такім выхавалі яго жыццёвыя абставіны...

Прысеў упобачкі з бабуляй у старым паношаным паліто і ў хустцы-канаплянцы, слухаў сны і думкі, смяяўся разам з усімі, радаваўся, перажываў...

Не, тут быў не ППШ, тут іншы пласт і настрой. Той пласт людской дабрача-шчымлівай энергіі, калі выпадковыя людзі, перакінуўшыся словам-другім, адразу пачынаюць цяплець душой і гатовы падзяліцца сваімі нават самымі патаемнымі думкамі і меркаваннямі, планамі і марамі...

Дзіўнае стварэнне чалавек - непрадказальны! Адкрывай і адкрывай у ім прыгожае і добрае - і дарэшты ніколі не адкрыеш!

Што ні чалавек, то новая загадка. Што ні жанчына, то клубок эмоцый і жаданняў... Чаго толькі не жадалася жанчыне! Пра тое яна нікому-нікому не раскажа, якая б ні была балаболка. Ёсць у яе забаронныя тэмы, вядомыя толькі аднаму Богу.

Жанчыны марылі пра дужых і здаровых мужчын, пра бяссонныя ночы ў іх абдымках, пра салодкія словы, ад якіх млела душа і маладзела сэрца, абнаўлялася ў венах, як не закіпала, кроў. І ў той жа момант чуў, як іх добрыя памкненні раз'ядала рэўнасць. Кожнай здавалася, што яе не так кахаюць, не ўсё аддаюць, што ёй належыць...

Мне прыйшлося адключыцца ад іх хвалі, бо пачаў чырванець ад іх жаданняў і мрояў. Чуўся ўжо плёскат хваль Мора Спакою і пошум палескага бору... Падумалася: «Дык, пэўна ж, і Яніна думае гэтак жа - і яна ж Жанчына!..»

Вочы ў мяне заплюшчаны. Адчуваю, як да мяне падсеў хлопец. Яго зацікавіў мой партфель, што стаяў побач са мной. Рашыў паджартаваць над злодзеем. Захроп яшчэ мацней. Хлопец радасна хапіў партфель і спакойнай хадой пашыбаваў да выхаду. Не ўтрымаўся, на хаду раскрыў яго... Раскрыў, зазірнуў туды і нема закрычаў, выпусціўшы яго з рук, адкінуўшы нагой ад сябе...

- Гадзюкі! Там поўна гадзюк! - крычаў і бег ён далей ад гэтага страшнага месца.

Людзі глядзелі ў раскрыты партфель і нічога не бачылі - ён быў пусты.

Двое юнакоў заспрачаліся між сабою пра жыццё ў Ліцвініі. Пра мову гэтай дзяржавы заспрачаліся. Адзін гаварыў на ліцвінскай, другі - на мове суседняй дзяржавы, якая стала радней за родную.

- Ты ж у ярме чужынца! - даводзіў Лявон Казыра, здзіўляўся бязладнасці думак спадарожніка.

- Чушь несешь, в каком это еще ярме? - не разумеў настаўнік матэматыкі вясковай школы Сямён Казлоў.

- Даўно ліцвінам мроіліся Спакой і Воля, у іх уздымаўся нацыянальны Дух і прага Незалежнасці ад прыгнятальніка, ад ненавіснага пана. Адзіным панам, зноў жа, над усімі можа быць толькі Бог.

- Ну и что?

- Але сатана загадаў адрынуць людзей ад Госпада. А Бог казаў: «Да волі закліканы вы, браты, толькі б воля (вашая) не была прычынай улагоджвання плоці, але любоўю вы служыце адзін аднаму. Бо і ўвесь закон у слове заключаецца: "...любі бліжняга твайго, як самога сябе". Калі ж адзін аднаго згрызаеце і з'ядаеце, беражыцеся, каб вы не былі знішчаны адзін адным...»

- К чему клонишь? Я сам себя истребляю?

- Ты сам і адказаў сабе на сваё ж пытанне... Падумай у вольны час пра сваё жыццё. Што незразумела, знойдзеш у Бібліі...

Калі ж аб'явілі пасадку на цягнік - дызель, які кіраваўся на Мазыр, падаўся і я разам з людскім натоўпам на перон. А ў вагоне, дзе ўсе сядзелі, было гэтак жа суладна і добра. Чамусьці падумалася - а калі яны бутэлькі здаюць у прыёмных пунктах, таксама такія добрыя і лагодныя?

Мне добра пачувалася ў людскім віры, у чалавечай неўладкаванасці, маўклівай крыўдзе на ўвесь свет. Яны не пратэставалі ўжо, а пакорліва, як статак, неслі на худых плячах сваіх адвечную крыўду.

То быў дзівосны асяродак, востраў, над якім пагрозліва стагнаў, напамінаў, хто галоўны над людзьмі, Сусвет.

Як сустрэне мяне, незнаёмага чалавека, мая жонка? Ці адчуе мяне, ці не западозрыць чаго? І што, цікава, скажа пра мяне, былога мужа? Якія словы знойдзе - крыўдныя, злыя ці, наадварот, ухвальныя?

Сам не ведаў, чаго ехаў да яе.

Ці ведае пра тое Яніна? Не, раўнаваць яна не будзе, тое выключана. Адно хіба непакоіла - ці не парушу гэтым запавет дазволенага, закон раўнавагі і суладнасці жыцця чалавека? Супакойваў хіба сябе - я ж не прызнавацца еду, а высветліць думкі і адносіны да самога сябе. Я ж не ведаў пра сябе анічагуські. Ды каму тое ўдавалася зрабіць? Хіба што душы нябожчыкаў калі-нікалі прыходзяць да родных, каб памагчы, аберагчы ад гора ці няшчасця, пачуўшы іх покліч...

Яшчэ - зразумець хачу: хто ж я ў гэтым Сусвеце?

Ды і цікава пачуць пра сябе меркаванне некалі блізкага чалавека - жонкі. Каму, як не ёй, бачны ўсе мае недахопы ці добрыя бакі... А я ж ёй столькі прынёс пакут і няшчасцяў! І не прабачэння за ўсё прасіць еду, хаця, мажліва, тое і трэба было б зрабіць...

Непакоіла яшчэ адно: ці не параню сваім прыездам яе душу, ці не апалю сэрца неасцярожна сказаным словам-напамінкам? Бо тады мне ўжо ніхто не даруе, тое сабе не дарую і сам...

Памажы, Божа, і мне, і ёй!..

 

Доўга блукаў я вакол нашага дома, у якім пражыў не адзін год. Стараўся ўтаймаваць хваляванне і неспакой, каб на вочы Людміле Герасімаўне паказацца чалавекам прыстойным і каб не выклікаць ніякага падазрэння. Мусіў прызнацца, што ніяк не мог прыдумаць паданне, каб не выклікаць у яе хаця б іскрынкі насцярожанасці, нават і намёку на яе.

Дом-«хрушчоўка» стаяў над саменькай Прыпяццю - паўз дарогу на Кімбараўку. Хоць вудачкі з балкона ў рэчку закідвай і цягай падлешчыкаў і шчупакоў...

У акне - нашым акне - гарэла святло. Бачыў, хадзіла жанчына па кухні. Мо рыхтавала гарбату ці каву. Навучыліся мы гатаваць адмыслова - ляснік паляшуцкі, дзядзька Язэп, навучыў, калі ездзілі да яго ў госці. А заварваў ён кіпень на сваіх зёлках - лясных і лугавых...

Не ўключаў дадатковага поля, нікога не слухаў, не хацеў сапсаваць задуманага.

Зрабіў крок насустрач нашаму нечаканаму спатканню і тут жа падумаў: а мо дарэмна ўсё тое, нікому не патрэбнае? Мо лепей забурыцца ў човен, што гайдаецца прывязаны да бетоннай сцяны на беразе, ды дачакацца раніцы? А раніцай што? Што пераменіцца?

Я ўсё больш і больш вярэдзіў сваю душу, не могучы спыніцца на нечым пэўным...

Убачыў, як клыпае пакрысе дзед Віталь з сеткай у руцэ - жыве ён у аднапакаёўцы на першым паверсе. Настаўнічаў усё жыццё. На старасці перабраўся ў горад. Як ветэран атрымаў жытло і дажываў тут свой век.

А вунь дзяўчаткі з другога пад'езда - Зінка і Таццяна - чакаюць, калі прыйдуць да іх хлапчукі з гітарамі. А як падраслі, не кулачкі грудзей, а як наліўныя яблыкі з-пад сукенкі выпіраюць. Жыццё працягвалася, рухалася па сваёй арбіце, і ніхто не мог яго парушыць.

Толькі я выпаў з таго часу. Для мяне ён спыніўся, ператварыўся ў нешта іншае, непадобнае на ранейшае жыццё. І я не шкадаваў пра тое...

- Дзядзечка, а вы каго чакаеце? - крануў мяне за рукаў хлапчук, задраў галаву ўверх, шукаў мой позірк - яму хацелася памагчы незнаёмцу, ды не ведаў як.

- Не, Пятрусь, я гуляю, - адказаў ціха і не адрываў позірку ад акна на чацвёртым паверсе - жанчына перастала хадзіць: мо сядзіць цяпер на кухні і ўдыхае водар гарбаты.

- А адкуль вы ведаеце, як мяне завуць? - здзіўляецца хлапчук - жыве ў трэцім пад'ездзе, сын майго сябра Багданава, з якім разам працавалі на заводзе. Ён і цяпер працуе - галоўным ужо інжынерам. А перад тым здарэннем са мной быў маім намеснікам...

- Я і бацьку твайго ведаю, Валодзю.

- Вы з ім працуеце?

- Працаваў. Цяпер на іншай рабоце.

- І ў нас у хаце былі?

- А як жа. Толькі даўно. Ну, бяжы, Пятрусь, дадому. Бо маці хвалюецца, цябе ўжо даўно з балкона выглядае. Бацьку прывітанне перадавай.

- А ад каго?

- Ад яго былога начальніка.

Ён прайшоў колькі крокаў і азірнуўся.

- А я вас раней бачыў. І не раз. Праўда.

Толькі як адышоў Пятрусь ад мяне, пачуў, як ад яго зыходзілі біятокі чалавека новай фармацыі. Пятрусь, як і Змітрок, валодаў чароўным дарам правідцы і прадказальніка. У дзяцей тое праяўляецца чамусьці мацней...

Мяне працяў холад. «Засакаталі» зубы. Што тое азначала? Страх? Хваляванне? Не думаў, што так цяжка будзе сустракацца са сваім мінулым. І з жонкаю, якая не кахала і якая цяпер не прызнае і не пазнае мяне...

«Ну, смялей, рабі крок наперад - ты ж так імкнуўся прыехаць сюды, ну!..» - падштурхоўваў я самога сябе, здзіўляўся нечаканай нерашучасці, якой у мяне і быць не магло.

Але мяне ўсё нешта яшчэ ўтрымлівала, нейкая патаемная сіла прывязала да месца - як хто трымаў за крысо. І ўсё ж я не хацеў быць іншым. Не хацеў уключаць усе свае дапаможныя сродкі. Тады і не будзе жаданага эфекту, натуральнасці, дзеля чаго і намерыўся з'явіцца.

І - рашыўся. «Ат, будзе як будзе! - падахвоціў я сябе жартоўна. - Ну, тарэадор, смялей у бой! Карыда чакае цябе!..»

Знаёмая чорненькая кнопачка на вушаку дзвярэй.

Заўсёды, калі быў у добрым настроі, націскаў на яе і даваў сігнал марзянкі: «Дай-дай-закурыць», што азначала два працяжнікі і тры кропкі. То нас некалі ў войску Алесь Вінчук вучыў так азбуцы Морзе. Каб мы, маладыя байцы, лепей запаміналі, ён прыдумваў розныя спалучэнні слоў.

Ледзьве так і не зрабіў, але адумаўся. Націснуў адзін раз - кораценька і нясмела. Прайшло мо з паўхвіліны, а дзверы ніхто і не збіраўся адчыняць. Хацеў паўтарыць сігнал - доўгі і патрабавальны, але перада мною адчыніліся дзверы.

Людміла здзіўлена прыжмурылася, гледзячы на мяне (а я так баяўся і адначасова жадаў, каб яна пазнала мяне, кінулася на грудзі, гаварыла нейкія банальныя словы, прасіла за нешта прабачэння...), чакала, што скажа начны госць.

У яе вачах не было ні суму, ні скрушнасці. Мо хіба трошкі стомлена выглядала. Але абыякавасці, здаецца, не прыкмеціў.

- Добры вам вечар, - апамятаўся я. - Прабачце, што позна. З Растова я. Прозвішча маё - Рашын.

- Вечар добры. Вы да каго?

- Да Антона Клімовіча.

Яна ўздыхнула, памуляла ненафарбаванымі вуснамі, сцепанула недаўменна плечуком:

- Заходзьце, калі так.

Знаёмы калідор, дзе нічога пасля мяне не змянілася - гаспадыня, мусіць, не хацела нічога мяняць. Мне было прапанавана распрануцца, павесіць на ласіныя рогі плашч. Рогі нам падараваў ляснік Язэп.

«Што за візіцёр з'явіўся? На злодзея непадобны. Толькі чаго ў мяне ёкнула сэрца, калі зазірнула яму ў вочы? Чаму працяло ўсю - з ног да галавы? Напомніў нешта?..»

- Праходзьце, сядайце. Вы з дарогі? Я падрыхтую вам гарбаты. Ці мо лепей кавы?

- Глыток гарбаты, калі можна.

Ведаў, што ў бляшанай каробачцы, што некалі прывезлі мы з поўдня, заўсёды былі зборы зёлак. Ці нарыхтавала іх без мяне Людміла?

Сапраўды, праз колькі хвілін па хаце паплыў фантастычны водар карпацкіх і палескіх лугоў. Я ў прадчуванні асалоды прыжмурыў вочы.

- Вось і гарбата. З дзевяці траў. Хочаце, цукар насыпайце.

- Дзякую. Лічу, што гарбата сама па сабе як цукар.

«Так і Антон гаварыў некалі... Але што гэта ён салаўём заліваецца? Што яму трэба ад Антона? Мо ў якіх чорных справах быў замешаны?.. А як яму сказаць, што Антона няма ў жывых? Пазней сказаць ці цяпер, адразу?..»

- Дык слухаю вас, госць Рашын...

- Рашын Віктар.

- Слухаю, Віктар. А я - Людміла.

- Спытаеце, чаго прыехаў? Ды служылі мы разам з Антонам у войску. У Нямеччыне. Была такая група савецкіх войскаў у Нямеччыне. Як і ў Польшчы, Венгрыі, Румыніі... Перапісваліся пасля дэмабілізацыі. Да мяне прыязджаў адзін раз, як не быў жанаты. Мо і расказваў пра мяне. Працую я ў абласной газеце на чыгунцы. Неяк было мне цяжка - з жонкаю атрымаліся нелады. Знайшла яна сабе больш прыстойнага і багатага - пісьменніка, з пасадай і прывілеямі. Ну, падала, само сабой, на развод...

«Усе вы, дружкі, аднолькавыя... Паслухаеш вас, дык толькі жонкі адныя ва ўсіх і вінаваты, што ў вас жыццё не складваецца. Дык хто ж вам у тым вінаваты? І Антон, пэўна ж, яму плакаўся ў пісьмах, што са мною жыцця няма. А ці ведаў ён толькі пра дырэктара завода Ягорава, з якім мне ночкі былі мілей за ўсё на свеце? Мусіць жа, не, бо быў заўсёды ўнураны ў працу, у сябе, для яго не існавала нічога вакол... Мо ад таго і не атрымаўся дзіцёнак пры такім каханні, хто ведае. З Ягоравым быў бы абавязкова. Дык жа пазбавілася, дурная, а цяпер во і шкадую, не была б цяпер адна...»

«Калі ж гэта ты пазбавілася дзіцёнка? Чаму не прыкмеціў? А можа, тады, як сказала, што ныркі застудзіла і легла на тыдзень у бальніцу? Напэўна, бо мяне паслалі ў камандзіроўку ў Менск...»

- Сумная гісторыя, - канстатуе Людміла і далівае мне гарбаты з фарфоравага пузатага чайніка, які я прывёз з таго ж Менска.

- Не такая і сумная, бо ў жыцці ўсё мае свой пачатак і свой канец. Ад Матфея ў Святым дабравесці сказана: «Усякаму, хто дае, даецца і прыўмножыцца, а ў таго, што не дае, адымецца і тое, што мае...»

- Вы - веруючы чалавек? - Жанчына пільна прыгледзелася да мяне, глядзіць так пранікліва, што мне здаецца, вось-вось раскрые падман, маю тайну і тут жа жахнецца, страціць прытомнасць.

- Я жыву па Божых законах, бо створаны Богам. І толькі яму веру ў гэтым жыцці.

- І нікому больш?

- Яшчэ - свайму сумленню. Але гэта амаль тое ж самае.

- Прабачце за пытанне, сама не ведаю, чаму спытала.

«Такі ты веруючы, як я апостал Пётр. Навучыўся людзям мазгі пудрыць і мне прыйшоў іх прачышчаць. Мо які баптыст. Але ўсё роўна цікава, і цікава яшчэ, што з нашай размовы атрымаецца... Так што давай, залівай, вешай лапшу на вушы, як некалі вешаў Мішка Гарбачоў...»

- Дык вось, калі мне было цяжка, я папрасіў яго прыслаць мне грошай - колькі тысяч. Прасіў, каб пазычыў, дастаў хоць з-пад зямлі, бо мне былі б капцы. І ён мне выслаў іх. Дзесяць тысяч.

- Дзесяць тысяч? - у яе ад маіх слоў заняло дыханне, заружовіліся шчокі, ледзь прыкметна тарганулася правая шчака - прыкмета асаблівай узрушанасці. - Не можа таго быць. У нас ніколі такіх грошай не вадзілася. Тут нешта не так...

«Няўжо мяне падманваў Антон? Чаму я не ведала пра тыя грошы, што ён пасылаў? Во які хітрун, нездарма ж я ніколі не давярала яму ні ў чым... Які вужака! Мог запаўзці ў любую шчыліну і дзірку. Цікава, вельмі цікава... Ну і што з таго, калі пазычаў? На блядзей, значыць, і пазычаў, каб развеяць душу...»

- Прабачце, усё так. Дзесяць. Як лёду. Але тое ж было колькі гадоў таму. Сёння такая сума - пыл. Каб гэтыя грошы былі на ашчаднай кніжцы, то вы пацярпелі б крах. Дзяржава не вярнула б іх вам. Сёння інфляцыя, рэзрух, сёння, як казаў адзін дэпутат парламента, «я - нішчы...». Так што тыя дзесяць тысяч трэба памножыць не на сто, а на тысячу. Плюс-мінус дэнамінацыя... Так што я павінен аддаць Антону дзесяць мільёнаў. Расейскімі, а не «зайчыкамі». Смешна, але і расейскія драўляныя часова сталі накшталт валюты...

Раскрыў «дыпламат», дастаў дзесяць пачак з аднолькавых купюр, паклаў на стол.

У Людмілы, чуў, адняло дыханне. Не можа вымавіць і слова.

«Божа, што ж гэта такое? А калі я скажу, што Антона няма, што я развялася з ім, а пасля ён загінуў у авіякатастрофе? Як ён тады распарадзіцца грашыма? Забярэ назад? «Зайчыкамі». Гэта ж... утрая больш. Жах! Адкуль у Антона такія грошы былі?»

- Толькі мне неабходна аддаць непасрэдна Антону, - прамовіў я спакойна і хлебануў з кубка ўжо не гарачую гарбату. - Дарэчы, а дзе ж ён? На працы затрымаўся?

- Антону... Антону... - Людміла моршчыць лоб, паправіла на грудзях бэзавую кофту і кулон, што я падараваў на дваццаціпяцігоддзе, адкінула рукой за спіну косы.

На вачах у Людмілы слёзы. І толькі цяпер я заўважыў, што на стале, побач з тэлевізарам, стаіць маё фота ў чорным абрамленні. Памятае пра мяне?

- Віктар, у мяне вялікае гора. Антона няма... Ляцеў самалётам з Кіева і... Адзін пашпарт і застаўся ад яго - знайшлі ў абломках. Пад Нароўляй разбіўся. Магілу паставіла ўмоўную. Як і ўсе людзі, у якіх разбіліся родзічы і блізкія.

Я падышоў да яе ззаду, паклаў рукі на плечы.

- І мне ніхто не паведаміў... Я прыляцеў бы. Сніўся нейкі дурны сон пра яго, ды не надаў значэння. А яно вунь што, аказваецца, азначае... Гора, якое гора ў вас, Людміла! Прыміце мае спачуванні...

Яна ўздрыгвала - шчыра плакала ці толькі перад госцем?

«А дзе ён сёння спаць будзе? Няўжо папросіцца на ноч? Не хапала мне яшчэ незнаёмага госця... А грошы як - пакіне? Ці забярэ назад? Ды пра што я, дурніца, якое гэта мае значэнне?»

Хударлявыя знаёмыя плечы, косы, якія кожны раз абразала Людміла - ніколі не любіла доўгіх. Як толькі датыкаліся да плячэй, адразу бегла ў цырульню. Усё тое навявала нейкія далёкія, як у дзіцячым сне, успаміны, але якія ўжо не выклікалі ў мяне ні шкадавання, ні жалю, ні горычы...

- Ніколі не ведала, што так цяжка будзе адной...

- Я разумею вас. Я вельмі вас разумею.

«Хрэна лысага ты разумееш... Такі ж змей, як і Антон. Сэрцам адчуваю. Чаму я адразу неўзлюбіла цябе, не ведаю...»

У калідорчыку зазваніў меладычна тэлефон.

- Прабачце, - паднялася Людміла і, падышоўшы да палічкі, узяла слухаўку: - Ало, слухаю...

«Добры дзень, Людачка! Ці можна праз паўгадзінкі заскочыць да цябе? Які ў цябе, дарэчы, настрой? На якой ты цяпер хвалі - хвалі жадання ці смагі?»

- Ведаеце, сёння не трэба, Рэгіна Пятроўна! Да мяне прыехаў Антонаў сябра з Растова - мы з ім тут гаворым... Мо заўтра тады прынясіце, я буду дома...

«Сапраўды, Людка, не падманваеш?»

- Ну, во і дамовіліся. Усё будзе добра, не хвалюйцеся. Да заўтра...

Яна прыйшла і села ў крэсла, адпіла гарбаты, здзівілася, што яна астыла, ахвотна прапанавала:

- Я нагатую свежай - ахалола...

Я кіўнуў галавой.

«Хаця б не здагадаўся, што мне Ён пазваніў... Мо і пачуў, калі слых добры - голас у слухаўцы зычны. Ну і хрэн з ім, калі і здагадаўся. Што з таго? Справаздачу перад ім трымаць? Хіба не маю права на асабістае жыццё? Сумленне ў мяне чыстае...»

Эх, Людка, Людка, ніхто цябе ўжо не пераробіць, не перайначыць... Як жыў у табе недавер да ўсіх і зло на ўсіх, так і жыве, з гэтым ты і памрэш... І як цябе твой дырэктар кахае - за што толькі, хацеў бы я ведаць? Ты ж - як той лёд, як айсберг у акіяне... Падманваеш усіх і сябе ў першую чаргу, кожны дзень жывеш з хлуснёю. Я ж памятаю, як ты на дарогу мне істэрыку закаціла: «Каб ты дадому не вярнуўся, каб ты ў самалёце тым разбіўся! Як ты мне абрыд за жыццё!..»

Мілка-Людка маўчала. Чамусьці не пасылала ніякіх сігналаў - як усё роўна ўмела адключацца ад майго поля. Што мяне ў нейкай меры і здзіўляла.

- Можа, вас пакарміць з дарогі? - стала яна на парозе кухні, паглядала на мяне, як адчувала нейкую віну. - А то гарбатай голад не прагоніце...

- Не, не, дзякую, не хачу, - паспяшаўся адмовіцца і не глядзеў на яе, задумліва ўперыўся ў паліраваную паверхню журнальнага століка.

- Тады мы зробім інакш, - прыняла рашэнне мая былая жонка. - Ёсць праваслаўны звычай - памянуць нябожчыка... А вы чалавек веруючы, нават не веруючы, а той, хто жыве неаддзельна ад Бога і Божага вучэння, таму вы не павінны адмовіцца...

Мне нічога не заставалася рабіць, як згадзіцца. Мілка злавіла мяне на маім жа полі. О, тое яна ўмела добра рабіць! Загаворыць, прытушыць пільнасць, а потым нечакана пытаннечка ў лоб...

«Трэба хоць чарку наліць, а то падумае, што я злая ведзьма... Не ведаю, як і паводзіць сябе з ім, нейкі незразумелы тып. Каб не прынёс грошы, то падумала б, што абрабаваць мяне збіраецца... Здаецца, што ён бачыць мяне наскрозь і думкі мае нават чытае...»

«Адкуль гэта ў яе? Няўжо я праколваюся на дробязях?..»

- Людміла, я не сказаў у пачатку, што ў мяне вельмі мала часу. Я ж праездам - праз Калінкавічы, зрабіў супынак. Закампасціраваў білет на менскі цягнік. Так што ў мяне ў запасе, - зірнуў я на гадзіннік, - хвілін сорак-пяцьдзесят. Я думаю, што не багата адыму ў вас часу...

- Не, што вы... А то маглі б і застацца, - высіліла з сябе гаспадыня ветлівасць, - пераначаваць жа ёсць дзе - два пакоі.

- Мяне там сябры чакаюць. Будуць хвалявацца, дзе я падзеўся, што са мною. Заўтра ж у вашай сталіцы міжнародная нарада па правах чалавека. Я яе ўдзельнік.

- Ну то глядзіце самі, як вам лепей.

«Во які паварот нечаканы. А я і не ведала, што рабіць. Добры, вельмі добры паварот... І выгнаць не выганіш, і пакінуць - не выпадае... А так усё і вырашылася адразу. Ды ці наўрад у яго цягнік, мо ў гатэль пацягнецца, а так далікатным чалавекам прыкідваецца... Але чаму яго не ўзрушыла смерць Антона? Сябрам жа быў, сам хваліўся... Пэўна ж, мужчыны так не перажываюць, як мы, жанчыны, ім тое не дадзена...»

Мілка разліла каньяк па крышталёвых чарачках. Ведама ж, павесялела, хаця выгляду не паказвала, паводзіла сябе як удава, якая не можа забыцца пра мужа.

- Хай пухам яму зямля, - кажу ціха і першы выпіваю да дна.

- Хай пухам, - паўтарыла гаспадыня, адпіла палову, прыкусіла скрылікам лімона.

Маўчым. Я неўпрыкмет назіраю за рухамі і позіркам Людмілы, адзначаю, што яна прыкметна супакоілася, калі ўсё стала на свае месцы, і больш не пасылае сігналаў. Улагоджана веданнем сітуацыі.

- Людміла, раскажыце мне пра Антона, - дакрануўся да халоднай, як быццам чужой рукі - з чорнай кропачкай каля костачкі, і адчуў, як яна ўздрыгнула, напруцілася (спалохалася, ці што?), - ведаў я яго добра толькі як салдата, у адным узводзе былі. Сувязістамі мы служылі. У пісьмах ён не расказваў мне пра свае няўдачы, ніколі не расказваў і пра сям'ю. Не ведаю чаму. Ды і перапісваліся мы рэдка - гады ў рады, як кажуць у нас на Палессі...

- Вы з Беларусі?

- А хіба вы не адчулі па маёй размове?

- Адчула, але ж... здзівілася толькі - прыехаў з Расеі, а гамонка паляшуцкая, амаль такая, як была ў Антона.

- Што ён за чалавек быў - таленавіты ці не вельмі, няўдачнік ці ўсё яму ўдавалася? Даўно збіраўся прыехаць да вас у госці, бо запрашаў ён мяне на касцёр каля Прыпяці, каб юшкі наварыць, прагаварыць усю ноч... Мара ў яго была такая - пасядзець са мною і пасёрбаць юшкі з убарцкіх уюноў... А вось я і прыехаў. Позна, выходзіць, прыехаў.

«А пра якога табе расказаць, міл чалавек? Пра таго, што да слёз даводзіў сваёй цярпімасцю? Хоць бы раз узбунтаваўся, насварыўся, накрычаў... З усім згаджаўся, усё яму было добра. Яго абражаюць, зневажаюць, а ён адно ўсміхаецца, на ўсё рукой махае...»

- Ды што расказваць... Чалавек як чалавек... І складаны, і просты, і добры, і жорсткі. Мо я яго не разумела як след. Як і ён, дарэчы, мяне...

Усміхнулася, схіліла галаву.

«Слёзы шчырасці?»

- Любіў, мусіць, выпіць?

- Не так каб любіў, але здаралася, што і пад раніцу прыходзіў дадому...

«Люд, як жа табе не сорамна, - пытаўся я моўчкі ў яе, здзіўлены і такім адкрыццём. - Калі ж, золатка маё, тое было хоць раз?»

- ... а то і зусім не прыходзіў начаваць. Мо дзе ў другой жыў, не ведаю.

- Дык жа ў Бібліі сказана - пасланне апостала Паўла каласянам: «Апраніцеся, як абраннікі боскія, святыя і закаханыя, у міласэрнасць, дабрачыннасць, мудрасць, цнатлівасць, доўгацярпенне ў паблажлівасці адно да другога і даруючы ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду: як Хрыстос дараваў вам, так і вы... Але больш за ўсё (апраніцеся) скіруйце свае сілы ў любоў, якая ёсць сукупнасць удасканалення - і хай уладарыць у сэрцах вашых свет Божы, да якога вы і закліканы ў адным целе, і будзьце дружалюбны...»

Люда глядзела мне ў вочы, а я пастараўся не адвесці позірку, вытрымаць, дачытаць святое слова да канца. Маўчала, не дасылала свае думкі ні голасам, ні позіркам.

- Вы гаворыце не як журналіст, а як свяшчэннік, - ці то пасміхалася, ці то хваліла гаспадыня, і я не чую пацвярджэння ні першаму, ні другому - здаволілася?

- Калі б я не быў журналістам, то стаў бы абавязкова свяшчэннікам. Таму і пішу кнігу пра Хрыста, пра яго любоў да людзей. Хачу яшчэ расказаць, як жывецца Богу ў нашым княстве - Ліцвініі.

- А ён хіба жыве ў нас? Вы дакладна ведаеце?

- Перакананы. У кожнай хаце жыве. У кожнай душы ліцвіна. Бо і сам я ліцвін. Лёс проста закінуў туды. Вярнуся сюды праз год.

- І як пішацца?

- Цяжкавата. Як быццам нехта перашкаджае. Не дае гаварыць праўду. Загадвае, каб счакаў трохі, бо не прыйшоў яшчэ мой час.

- А вы як лічыце?

- Толькі Яму і вядома.

Мілка мне зноў наліла поўную. Тут яна на Змітрака падобная, думае, што ап'янею, то і болей скажу. Але ж і сабе напоўніла з коптурам.

- Развялася я з ім, калі ўжо гаварыць шчыра і калі ўжо перад журналістам-свяшчэннікам паспавядацца, - кісла ўсміхнулася, прызналася ўсё ж - і адвяла позірк.

- Перасталі кахаць?

- Ды не, тут нешта іншае. Не растлумачыш нават, што і да чаго, хто найбольш вінаваты... Слоў для таго, каб расказаць, мне, мусіць, і не знайсці...

«Божа, ну хто мяне прымушае расказваць пра тое, што нельга, што было толькі між намі?.. Хто накіроўвае мае думкі? Я ж ніколі на такое не была здатная. Для чаго хачу адкрыцца, паспавядацца? Вымаліць у яго прабачэнне? Але за што? Ці ёсць у мяне хаця б маленькая віна? А што такое - віна?!»

- Мы жылі з ім на двух мастах. Калі праз рэчку ўзведзены два масты - адзін ля аднаго ў некалькіх метрах. Ні даскочыць адно да аднаго, ні даляцець... Ён ходзіць па сваім, не бачачы мяне - вочы як завязаныя, а я па сваім, не бачачы яго... Ды і глухія яшчэ ў дадатак абое. Хто болей, хто меней - невядома...

«Божа-аачка, навошта язык распускаю? Для чаго? Ён жа можа і ўзненавідзець мяне!..»

- А ноччу, калі былі пад адной коўдрай... мною апаноўвала абыякавасць, апатыя... Я нічога не адчувала. Не запальвалася ўва мне ніводная іскрынка жадання, ніводная свечачка не загаралася... Грэх вялікі, Божа, што я кажу, але гэта так... Хіба я вінаватая ў тым, Божа?

- Значыць, былі ночы саладзей за тыя, што былі ў вас з Антонам. Прабачце, і я крануўся недазволенага і патаемнага... Прабачце, дзеля Хрыста!..

«Госпадзі, ён распранае маю душу. Дамагаецца адкрытасці і шчырасці. Для чаго? Навошта тое яму? Каб выратаваць мяне спадзяваннем-спавяданнем? Тады ж чаму ў мяне няма на яго ні зла, ні крыўды?! Няўжо ён валодае патаемнай сілай, якая можа змяніць Чалавека?..»

На пытанне не адказала, быццам маўчаннем сваім сцвярджала правільнасць маіх здагадак. Ды што здагадак - маіх перакананняў.

- Ведаю, ён будзе і на тым свеце крыўдаваць на мяне, - уздыхнула скрушна, сашчапіла на каленях пальцы рук, - але што паробіш... Назад ужо нічагуські не вернеш, як таго ні жадаў бы...

«Ну, дзякуй табе, Людміла, хоць за гэтае прызнанне, - ці не першы раз мяне кранулі яе шчырыя словы, - то ты ж сама сябе падахвоціла каньяком да шчырасці, то не я, і не прымаў у тым ніякага ўдзелу... Хаця трошкі падлячыць цябе трэба. Лягчэй жыць будзе далей...»

«Напэўна, мы не змаглі абодва распаліць той касцёр кахання... Дровы, мусіць, нам папаліся сырыя і асінавыя. А тут смалячок напачатку павінен быў. А пасля ўжо дубовыя ды бярозавыя паленцы... Мы ж не здагадаліся прасушыць іх на сонцы, правеяць скразнячком, каб касцёр потым быў дык касцёр, каб полымя з яго - дык полымя! Не інквізітарскае, а полымя Кахання. Полымя Ўзнёсласці, Шчасця і Вечнасці. Грэшныя мы перад Богам, грэшныя. Мо з-за таго, што не вянчаліся ў царкве, - я ж была камсамолка, а ён пад партыяй. Хіба ж без партбілета яму маглі даверыць пасаду галоўнага інжынера? Адабралі ў нас Бога, адабралі і спаганілі душы, падсунулі замест Бога нешта агіднае і ліпкае, пачварнае і крыважэрнае...»

- Пасаду не даверылі б, з тым было вельмі строга - наменклатура, адным словам, - уставіў я тры грошыкі і тут жа думкава абсек сябе: «Ёлупень! Што ты нясеш?! Вар'ят! Замоўкні зараз жа!..»

- Я казала яму, - пераключылася Мілка на голас, таго сама не заўважыўшы, - давай павянчаемся... Тады Бог нас уратуе ад няшчасцяў. А яны ў нас здараліся на кожным кроку. Бо ўсюды быў падман, хлусня, няпраўда... Чыталі пастановы партыі, прымушалі іх вывучаць, а ніхто не верыў у іх праўду, усе смяяліся ў душы, а перайначыць ніхто не змог... Дзякуй Гарбачову, што ўзарваў той гнілы нарыў на целе грамадства.

- Не згадзіўся Антон?

Былая жонка адмоўна пакруціла галавой. Тут яна ўжо не хлусіла, казала чыстую праўду. Як быццам баялася, што можа саграшыць перад нашай памяццю...

«Святы Божа! Я прыехаў, каб пераканацца ў вінаватасці жонкі, а пераканаўся, што сам у сто разоў больш вінаваты, чым яна... Эгаіст, калун, пень, кавалак ільду... Ды такога і слоўніка няма, каб адшукаць там словы, якімі можна было б абазваць цябе. Не выдалі яшчэ такі...»

Нешта зласліва піснула злева - за сценкай.

Жаночы голас некаму даводзіў: «Зноў Людка свайго хахаля прывяла. Каньякі імпартныя п'юць. Во для чаго ёй патрэбен быў развод! З-за яе, мусіць, і пайшоў Антон на той свет - а залаты ж чалавек быў, заўсёды вітаўся каля пад'езда. Грошы пазычаў, калі нявыкрутка была...»

«А, гэта ты, Якаўлеўна? Пра ўсіх ўсё ведаеш, усяму ацэнку сваю дасі, - пеканула мяне крыўда - я ўжо, здаецца, пачынаў абараняць сваю жонку, у крыўду не даваў - усяму ж ёсць мяжа. - У следчых органах табе працаваць бы... Ды Бог з табой... Я і не ведаў, што ў цябе такая душа, а на людзях прытваралася дабрадзейкай...»

- Ну, што, Людміла Герасімаўна, загаварыліся мы з вамі. Пара мне. Прабачце за візіт, прабачце, што прымусіў вас зноў успомніць пра гора... Мой лёс амаль падобны на ваш. Так што я разумею вас і спачуваю.

- Прайшлі ўжо тыя хвіліны, пра якія вы казалі?

- На жаль, праляцелі.

- Віктар, я ўсё разумею, але з грашыма не ведаю... Бралі ж у Антона, не ў мяне. А аддаяце мне.

- Ён жа і вашыя грошы аддаваў. А вы маглі тады купіць сабе нешта неабходнае, а не купілі, пазычылі мне. Гэтыя грошы выратавалі мяне ад бяды. Яшчэ раз дзякую.

- А вы што - мільянер?

- Амаль што... Кнігу аднаму генералу напісаў. Слабую, праўда, кнігу. А ў яго грошай - не ведае, куды і дзяваць... А такіх генералаў ды палкоўнікаў, якія хочуць пакінуць сваё прозвішча і след у ваеннай гісторыі, сотні. Ім усім карціць расказаць падрастаючаму пакаленню, як яны здабывалі перамогу, як мудра камандавалі на цяжкіх участках вайны... Я ім аддаваў рукапісы праз паўгода. А потым яны ўжо прабівалі іх у выдавецтвах. Мне ж плацілі свой ганарар. Павышаны. Халтурай гэтай я заняўся і не так даўно, калі прыйшла пара аддаваць Антону доўг. А потым і ў азарт увайшоў, цікава нават стала пісаць такія мемуары. Так што грошы я зарабіў сумленна, сваімі мазгамі.

- А вы злы, аказваецца, чалавек, калі здзекуецеся з людзей.

- Не здзекуюся, а пасміхаюся. У салдата, які вынес тую вайну, не было часу і здароўя сядзець над мемуарамі.

- Але ж мне ўсё роўна няёмка... Зразумейце правільна.

- Не перажывайце - усё па-людску. Не ўспамінайце кепскім словам. І - бывайце! Яшчэ раз прабачце!

Я пайшоў да парога, пачаў апранацца. Яна чакала ад мяне нейкіх слоў - важных і значных. Якіх - і сама не ведала, але чакала, спадзявалася. Я ж узяў яе за руку, пацалаваў, шапнуў:

- За ўсё прабачце. Мяне і Антона.

- За што?! - спалохалася здзіўлена і адхіснулася ад мяне. - Не разумею вас. Чаму так баліць у мяне душа?

- То мая баліць, не ваша. Выбачайце, што без запрашэння ўварваўся ў вашую душу і жыццё, што прымусіў расказваць пра Антона. Хораша вы пра яго расказалі. Цяпер я разумею яго. Праз яго і сябе.

- Чаму - сябе?!

- Не ведаю...

Здзіўляўся - чаму рука ў Людмілы такая халодная і безжыццёвая?

Ці то гарачымі былі мае губы? У вусны пацалаваць мне жадалася найбольш за ўсё. Але я ведаў, што тады пераступлю парог дазволенага, нараблю шмат бяды... І для сябе, і для Людмілы Герасімаўны...

«Не, усё-ткі нейкі загадкавы і незразумелы госць наведаў мяне. Незямны. Як прышэлец нейкі з незямной цывілізацыі. Вылучае нейкую энергію і ўздзейнічае на мяне. Але без шкоды, без чорных думак, як добры чараўнік з казкі. Не дзіўна, што я адчуваю лёгкае паколванне ў скронях - як быццам мяне шчыплюць алавяныя пласцінкі электрафарэзу. І губы, што дакрануліся да рукі, як электрычнасцю працялі. Ад чаго тое? Не здзіўлюся, калі ён чытае наскрозь мае думкі і жаданні...»

«Э-ээ, браток, ты перабольшыў свае паўнамоцтвы, - упікнуў я сябе, - загаварыўся, расчуліўся, забыўся пра перасцярогу... Мала табе паўгадзіны на разведку-допыт, табе гадзіны падавай! Яшчэ перадумай і ў ложак да яе папрасіся, пад гарачую коўдру - ты ж умееш тое рабіць. Захочаш толькі - яна сама пра тое папросіць. Ну, пакажы сваё майстэрства і ўменне, бабнік, кот памыйны!.. Ану, прэч, нягоднік, зараз жа вымятайся адсюль, ну-ууу?!»

- Бывайце, Людка! - заспяшаўся я і крутануўся на назе, выконваючы свой асабісты загад, баючыся, каб не сказаць тое ўголас. - Шчасця вам!

- Усяго добрага вам, Віктар! Добрай вам дарогі!

Ужо за дзвярыма я пачуў яе запозненае шкадаванне: «І чаго тэлефон не ўзяла ці адрас - мо калі што трэба было б, павіншавала б са святам ці пра Антона што...»

З вуліцы я доўга яшчэ назіраў за акном сваёй кватэры.

Чуўся ўсхліп жанчыны. Яна нікога не праклінала, не асуджала.

Калі ж выплакала свае слёзы, неўзабаве сцішылася. Ужо не адказвала нікому на тэлефонныя званкі, а потым і зусім адключыла яго. На душы стала суладна і цёпла. Яна праз нейкі час правалілася ў сон: гуляла па беразе Прыпяці, ногі мачыла ў прыпяцкіх хвалях.

Вось тады я і адключыўся ад яе, каб не трывожыць нічым - ні папрокам, ні тайным якім жаданнем...

Не я праганяў яе ад сябе, а яна мяне.

І ўсё роўна ў мяне не было крыўды на яе за тое. Наадварот, нечага радаваўся нават: Богу - Богава, жанчыне - жанчыніна...

Месячык заглядваў мне ў твар - адзінокі ліхтарык у небе. Ды яшчэ святло спальні Людмілы выдзялялася ва ўсім доме. А потым я выдаўжыў руку, варухнуў пальцам - і яно пагасла.

«Спі, Люда, няхай нішто не патрывожыць твой сон!..»

Спаў і Пятрусь, прыгожыя сны бачыў...

Доўга я яшчэ блукаў па родным горадзе, быццам развітваўся з ім назаўсёды. Разглядваў вітрыны з пустымі паліцамі магазінаў і крамаў, чытаў аб'явы і рэкламы пра «снікерсы» і «стымаролы», і ўвесь час брала жудаснае здзіўленне і крыўда - ніводнага слоўца на мове Ліцвініі! Ніводнай крапінкі ці пялёстачка кветкі нашага Княства!

Прыкра, але васілёк быў заменены гваздзіком чырвонага колеру. Скрывянілі яго, падагналі пад сатанінскі колер, якога баяцца на ўсім зямным шары...

Можна было падумаць, што стагоддзі лётаў-вітаў над нашым Княствам дух крыважэрнага Аляксея Міхайлавіча, які перамог ваяроў Вялікага Княства на чале з вялікім гетманам Янушам Радзівілам... Той жа Януш Радзівіл яшчэ ў 1655 годзе сказаў пра таго ж цара: «Так шмат душ у няволю забраў і зямлю тую, што не ляхамі, але Руссю заселена, ні за што пагубіў, які ж то абаронца ваш і як вас абараняе?..»

Дык хіба ж толькі ў маім родным мястэчку моцны чужы смярдзючы дух? Дык хіба ж толькі тут атручана, вытраўлена царамі і яго служкамі роднае і блізкае? Служкі сатаны потым давяршылі пачатае чужынцамі...

Спіць гарадок. І не чужы, і не свой... І не родны, і не блізкі, Як быццам і ў нашым княстве, але ў венах чужая кроў, не нашая... І песні не нашыя, мелодыі не нашыя...

Спяць ліцвіны, нават і ў сне маўчаць, не бунтуюць. Звыкліся, змірыліся... А калі каму і прымроіцца ў сне зямля продкаў і далёкія прашчуры, то толькі падзівіцца, не паверыўшы, што ў іх душах заўсёды вітаў і жыў гонар за вольны край і што ён пагарджаў абдымкамі чужынцаў. Жыццё аддаваў, каб вызваліцца ад іх... У нашых жылах цячэ яшчэ кропелька паляшуцкай крыві, астатняе прымусова ўлілі ў нас...

Калі ж ачысцімся ад прымесяў, якія мяняюць характар, душаць нашую волю, нашыя памкненні? Калі ж станем самімі сабой? Хто адкажа? Адкажы, гарадок на плыткай рацэ! Маўчыш?

Дзе, на якой глыбіні косці маіх прашчураў, якіх загубілі казакі Багдана Хмяльніцкага і Залатарэнкі? Пасылаў іх цар на вайну з ліцвінамі, каб палюндравалі Княства...

Маўчыць зямля. Але я чую яе стогн. Шмат касцей у ёй, і зямлі ад таго балюча, невыносна, што палітая крывёю нашых прашчураў...

Каркае ў начной цемрадзі ці то крумкач, ці то варона, як наклікае чарговую бяду на прыпяцкую зямлю. Ці то мне прарочыць птушка чорны заўтрашні дзень?

У небе праляцела камета, чырканула белай ніткай па шэрым небе.

Я паглядзеў у далёкае сузор'е і адразу падумаў пра тое, што быў ужо вельмі позні час. Над горадам лёталі іншыя жыцці, якія існавалі толькі ноччу. Пра іх людзі не ведалі, нават не здагадваліся...Я ім не перашкаджаў: мне нельга было з імі наладжваць сувязі. Пакуль што. Папярэджвала пра тое Яніна.

«А як жа там Альшанская?! - апякла мяне раптоўна думка. - Ці выстаяла? Ці вытрымала? Яна ж на сабе, на сваім целе адчула ласку і пяшчоту крыважэрнага цара...»

Не ўключаўся пакуль на яе хвалю - строга выконваў загад.

«Ахутавана, ахутавана...» - толькі ўздыхнуў, але без думак і загадаў, проста захацелася прамовіць слова, якое яна падаравала мне. Каб супакоіцца і прыглушыць трывогу...

Адчуў - адразу стала лягчэй...

 

Зміцер Кісялёў не падвёў мяне - усё было даведзена ў нашай гаспадарцы да ладу. Скрынкі з бутэлькамі складзены ў тры рады да самай столі - заўтра па іх прыедзе грузавая машына. Падбіты рахункі - колькі атрымана бутэлек, колькі заплачана грошай, колькі адпраўлена посуду. Асобна зроблена заяўка на тару... Усё сыходзілася, па кожным дні.

Цаны яму няма, Змітраку!

Як і паложана, ён даваў хабар кожны раз вадзіцелю, а той далей - намесніку раённага гандляра. Так павялося. Так было не адзін год. Бо лічылася гэтая «кропка», як і ўсе па горадзе, залатым дном. Калі жыць умеючы. Калі галава, як кажуць, ёсць на плячах.

Я гэтак і прыйшоў сярэдначы, як і выйшаў, ведаючы, што ён і не хадзіў усе дні ў свой інтэрнат на Чарнігаўскай шашы, што, напрацаваўшыся пад завязачку, спаў, як немаўля пасля груднога кармлення...

Стан яго быў спакойны, але выразна набірала моц прастуда - працяло хлопца скразняком, не ўбярогся на нашых перакрыжоўках-вятрах. Заўтра ў яго падскочыць тэмпература, і ён, зняможыўшыся, пойдзе ў паліклініку.

Сон яго прадвяшчае хваробу - купаецца Зміцер у бруднай вадзе, ногі грузнуць у балотнай твані, і смярдзіць яму страшэнна праціўна...

Маладзічок за акном увабраўся ў сілу, памацнеў - ражок патаўсцеў нашмат.

На наступным тыдні пачнецца поўня. То мае самыя моцныя дні, якія будуць напітваць мяне незвычайнай энергіяй. Яна мне і патрэбна для здзяйснення ахутаваны...

Я буду стаяць, падставіўшы небу твар, зажмуру вочы і адчую, як ад мяне праз босыя ногі ў зямлю пачне выцякаць лядайкае і чорнае нерыва, што пастаянна накоплівалася і замінала мне, непакоіла, перашкаджала ў дасягненні Вялікай Мары...

Потым ужо сонца давершыць працу месяца, падсілкуе мяне іншай, дабратворнай рунай, новым дадатным зарадам, і я, як магутны касмічны акумулятар, пачну аддаваць яе на прапаведванне Дабра, траціць сілу і моц на Аднаўленне, кіруючыся Божым бласлаўленнем, якое спасылае Ён на людзей нашай Ліцвініі...

Гадзіну з паловай стаяў я пад маладзіком. Пасля адправіўся ў прыбудоўку.

Доўга ляжу на раскладушцы, аж пакуль мяне не зморвае сон. Перад гэтым паспяваю яшчэ адправіць сябе ў самую харошую для маёй душы мясцінку - у чарнічны бор з пракаветных высозных сосен. Потым доўга буду блукаць між стромкіх дзеравін і дыхаць напоўніцу гаючае паветра, аж пакуль не стамлюся і не ўпаду пад шаты магутнага дуба. А яму пад шэсць стагоддзяў.

Буду тады доўга ўслухоўвацца ў яго дыханне і чуць яго думкі-шэпты, і ён абавязкова падзеліцца са мною пра тое, што накапіла яго памяць і розум за сівыя стагоддзі, раскажа, што чуў і што ўбачыў... І тое таксама прыдасць мне сілы і яснасць думкі, мудрасць і прасвятленне - з усіх дрэваў ён для мяне самы родны, самы блізкі...

Гудуць пчолы. Шэпчуцца патаемна вяршыні дрэў. Плыве па лесе мройная цішыня. А я плыву ў чоўне свайго задавальнення і радасці. Адчуваю, як вырастаюць у мяне нябачныя крылы, святлее розум, і я не адчуваю пад нагамі зямлі.

Я зноў раблюся чалавекам Космасу.

 

Раніцай катурхае мяне пад бок Змітро, сіпла гаворыць, адвярнуўшыся:

- Дабраніцы, Антон! Добра, што ты прыехаў.

- Здароў быў!

- Не буду... Не памочнік я табе сёння - занядужаў, здаецца. Баюся цябе заразіць... Адчуваю, што надоўга захварэў. Без памочніка будзеш...

У яго чырвоныя вочы, слабы голас, працінае калатун - холадна, ніяк не можа сагрэцца.

- А ты сваё адрабіў... Цяпер я на змену. Можаш лячыцца і адпачываць хоць тыдзень, хоць месяц... З лазняй я ўладжу, падменяць.

- У паліклініку мне трэба - пайду на бальнічны.

- Правільна, схадзі. Я табе і раней казаў, каб праверыўся. Не падабаўся ты мне сваім здароўем.

- Ну то цяпер пайду. Прыйшла, значыць, пара. Вось адляжуся трошкі і з'езджу. Як з'ездзілася?

- Нармальна. Справіўся з клопатамі. Мо не так, як жадалася, але ўсё ж...

- Ну то і добра. Абы справіўся.

Занядужаў ды і вельмі сур'ёзна Змітрок. У вачах патух агонь, у паглядзе адсутнічалі жвавасць і жаданне. Нават сплыла на другі план Вераніка - ён ужо не думаў пра яе, не клікаў да сябе. Саромеўся свайго нягеглага выгляду і стану. Баяўся, што, убачыўшы такога, яшчэ расчаруецца ў ім...

- Згатаваць табе гарбаты, Змітро? У нас жа файная ёсць заварачка. Лекавая.

Сябрук маўчаў, прыплюшчыўшы вочы. Не было сіл адказваць. На лбе пот, у руках дрыготка. Яго пакідалі сілы. Тэмпература падымалася да самай высокай сваёй рыскі...

Ускакваю з лежбішча, хапаю чайнік і наліваю ў яго вады, стаўлю на электраплітку. Я не лячыў яго, хаця мог тое зрабіць за адну секунду - толькі дакрануўшыся даланёй да лба. Я стараўся толькі аблегчыць яму пакуты - проста праяўляў сяброўскія клопаты. І ён тое зрабіў бы, калі б я захварэў. Не было, здаецца, у маіх паводзінах і дзеяннях нічога падазронага і дзіўнага...

Але дзіўнае было вось у чым - Змітрок сябе таксама мог бы вылечыць. Калі б паклаў на сваю грудзіну растапыраную далонь правай рукі. Але пра тое ён не ведаў...

У кіпень я ўкінуў святаяннік і мяту, чабор і багун, дадаў яшчэ маладыя лісты малінніку і парэчак.

- Каўцяні, Змітрок, мо палягчэе...

Ён абдымае далоньмі слоік, апякае рукі, але робіць некалькі глыткоў. Уздыхае, пераводзіць дыханне. Вялікі боль сыходзіў ад яго - як і трываў толькі.

- Дзякую, Антон! Добрая гарбата. Умееш гатаваць... Лугам пахне. Здаецца, трошкі лепей стала. Дадалося сіл.

- Толькі каб дайсці да паліклінікі.

- Ды дайду ўжо...

- Мо я «хуткую» выклічу, га? Ты ж гарыш увесь.

- Ды што я - маленькі? Не смяшы...

- Ну то глядзі сам, - не настойваў на сваім, паслухаўся яго, хаця ведаў, што раблю глупства.

Ён зрабіў няспешна яшчэ колькі глыткоў і зняможана апусціў на падушку галаву. Ён увесь мокры. Яго блажыць. Змітрок аддыхваецца, як пасля цяжкай працы, не расплюшчвае вачэй. Здаецца, пачаў засынаць... Праз колькі хвілін падымаецца, апранаецца моўчкі, накідвае на плечы плашч.

- Мацуйся тут. Не сумуй. Поспехаў.

- А табе - хуткай папраўкі.

Ён паціснуў мне руку, і я адчуў, якая яна ў яго гарачая - бы агонь. Ды ён сам гарэў на тым агні. Праводзіць не дазволіў, сам падаўся да доктара.

Быў чацвер. Праз нейкі час я адкрыў наш ППШ. Адкрыўся на дзве гадзіны пазней - па графіку ў такі дзень павінна была ісці пагрузка-разгрузка тары.

І рушылі з вуліцы людзі з сумкамі і мяшкамі. Загаманілі, загудзелі на ўсе лады. Тут жыццё дыктавала свае прынцыпы і законы, і іх ніхто адмяніць не мог. Нават указ прэзідэнта.

- Не піхайцеся, не нервуйцеся - тары сёння дастаткова, хопіць на ўсіх, - пастараўся супакоіць натоўп, настройваючыся на рабочы рытм, адчуваў, што дастанецца мне па самую завязачку.

Так, як і даставалася Змітраку, калі я адсутнічаў...

 

Вечарам ледзьве дапоўз да сваёй раскладушкі - спіну не разагнуць. Падэшвы ног гарэлі, як цэлы дзень хадзіў па гарачым вуголлі, а рук, здавалася, і зусім не адчуваў - як анямелі.

Я нічым не аблегчваў свой лёс. Працаваў, як і Зміцер, гэтак жа мацюкаўся, гэтак жа і агрызаўся, калі «сіняносік» настойліва ўпрошваў прыняць бітую бутэльку... І зусім забыўся, што адарваўся ад душ людзей, ад Яніны.

Ляжаў і думаў: вось-вось збяруся з сіламі і ўключуся на антэну Сусвету і часу, абавязкова злаўлю Планету Яніны, і тады мяне перастануць турбаваць неспакой і трывога.

Але працягваў ляжаць, збіраўся з сіламі.

Во выбраў сабе месцейка працы! То ж не пасада галоўнага інжынера буйнога завода, калі толькі і ведаў тое, што збіраць людзей і даваць ім накачку за кепскую працу...

А падумаўшы, то і невялікі мёд быў на той пасадзе - кожны дзень як на Галгофе. Нездарма і жонка неўзлюбіла мяне, цельпука, - што з мяне ўжо можна было патрабаваць пасля работы, калі я падаў на ложак без задніх ног...

Абрыдла тады ўсё.

 

Прахапіўся ад дотыку цёплай і знаёмай рукі.

- Ты?! - не расплюшчваю вачэй і тут жа адзначаю, як радасць тоненькімі іголачкамі пабегла па ўсім целе. - Даўно каля мяне?

- З паўгадзіны. Назірала за табой. Я люблю глядзець, як ты спіш. Ты падобны тады на маленькага дзіцёнка. І такі ж смешны тады робішся.

- Калі вярнулася?

- Заўчора. Суткі адпачывала. Засумавала па табе.

Калі расплюшчыў вочы, убачыў зблізку яе зрэнкі. У іх убачыў сябе. Яна была стомленая, але ж нейкая памаладзелая. Стала больш спакойнай і, здаецца, мудрэйшай. Больш прыгожай. Усмешка выпраменьвала пяшчоту і дабрыню, нявыказанае каханне.

- Раскажаш? - не адрываю ад яе вачэй, адчуваю, як гарачыня і жаданне пранізваюць мяне. Яе вусны, бы магніт, засланілі ўсё на свеце. Яны ледзь-ледзь уздрыгвалі, як клікалі мяне, прыспешвалі...

- Тое не перадаецца словамі. Нездарма ж летапісцы падбіралі ёмкія і кароткія словы, каб было магчымым дадумваць і ўяўляць яскрава той час...

- Мне цікава ведаць, што там адбылося, што табе прыйшлося перажыць?

- Тое ж, што і Княства Ліцвінія, - і здзек, і жах, і жорсткасць. Яшчэ - бяспраўе і безабароннасць. Але не будзем цяпер пра тое, пазней. Тады ты ўсё ўбачыш і зразумееш...

- Што - убачу і зразумею?

Да мяне пачало пакрысе вяртацца ўсведамленне таго, дзе ўсё ж была Яніна.

- Тое, дзеля чаго мы існуем на гэтай зямлі.

Яніна дакранулася да маіх губ і апякла гарачым полымем. Усё захісталася перад вачыма. Здавалася, яна ніколі мяне так не цалавала. Жанчына злівалася зноў са мною, і я рабіўся бязважкі і бязвольны, наліваўся лёгкасцю і пяшчотаю да яе, жаданнем адчуць зліццё на вяршыні Гары Шчасця і Суладнасці, каб разам згарэць на кастры Апантанасці і ўваскрэснуць на беразе акіяна Задавальнення...

І адно, і дзесяць, і сорак доўгіх імгненняў доўжылася нашае злучэнне вуснамі. Нам не хапіла дыхання, нам не хапала сіл трываць. Скроні, здавалася, разрываліся ад незвычайнай пульсацыі хмельнай крыві...

- Паляцім да мяне? - шэпча мне на вуха Альшанская, задыхаючыся ў маім дыханні.

У адказ толькі ківаю галавою.

- Заплюшчы вочы! Дай руку. Паўтарай за мной - Ахутавана! Ахутавана!

- Ахутавана!

Мяне нешта прыўзняло ад падлогі, правільней, ад раскладушкі - і панесла, панесла некуды ўвысь. Барабанную перапонку ўвушшу сціснуў лёгкі боль - як падняліся на самалёце на вялікую вышыню. Я мацней сціснуў руку Яніны. Злёгку закружылася галава, потым нас апусцілі на нешта мяккае - ці не на ложак?

- Цяпер расплюшчы вочы.

Альшанская смяецца, сядзіць побач:

- Ахутавана! Мы на месцы.

Так, я ляжаў у прасторным ложку. І мы знаходзіліся ў нейкай шыкоўнай, як не князёўскай, святліцы-патаемніцы. На вокнах зялёныя фіранкі - з пералівам блакітнага, празрыстыя, як неба. Святло выпраменьвалася ад сцен.

Усё адбылося так нечакана і проста, як у дзівоснай казцы. Але ў казкі я перастаў верыць даўно. Наша жыццё было як суцэльная казка, а мы ігралі галоўныя ролі.

- Яніна, мне здаецца, што я тут ужо некалі быў, ці не так?

- Так, любы, так... Мы ўжо прыляталі сюды. З тэлефоннай будкі.

- Тады гэта - не казка? Не сон?

- Правільна, не казка і не сон. Хаця, калі паглядзець, і тое, і другое. Так, гэта ява.

Голас яе ліўся пяшчотнай музыкай, празрыстай, як крынічка, мелодыяй.

- Ты толькі не здзіўляйся, спадар Антон, навучыся глядзець на ўсё, як на звычайныя рэчы. Цяпер усё падпарадкавана тваёй волі. Калі б ты меў духоўныя заганы, калі б ты не належаў да абраных Богам людзей пятай расы, то ты не падняўся б сюды і той раз, і гэты... Першае тваё з'яўленне сюды лічылася пропускам у Вярхоўную Раду Ліцвініі. Касмічную Раду...

- Не здзіўляюся. Прымаю ўсё як належнае.

І быў дзень. І была ноч. І надышла раніца.

І праляцеў той час як адно імгненне, хаця час там доўжыўся павольней, чым на зямлі. Крылы кахання атулілі нас сваім цяплом, і мы дзівоснымі птушкамі лёталі ў прасторы, не адчуваючы ні паветра, ні вышыні. Нас не брала стома. Мы шапталі адно аднаму чароўныя словы, якія жывілі духоўным нектарам нашыя душы...

Калі ж намі авалодала стома, тады Бог паслаў нас на сцежку да крынічкі наталення. Дзіўна, але мы і напіцца не змаглі, наталіць сваю смагу - пілі і пілі боскі напітак. Чым часцей дакраналіся нашы губы да дзівоснага збанка, тым болей і з новай сілай нараджалася ненатольная смага...

- Ахутавана! Ахутавана!

Дык вось яшчэ што азначала чароўнае слова!

Памерці - і зноўку нарадзіцца, нарадзіцца - і зноў памерці. Памерці для таго, каб забыцца, што было з табою колькі хвілін таму. Тады прыходзіла радасць нараджэння і апаноўвала з новай сілай шчасце існавання на зямлі, абнаўлення, пераўтварэння з адной якасці ў нешта іншае - чароўнае і незвычайнае, непадобнае на ранейшае існаванне. Кожны раз - нараджэнне. Нараджэнне душы. Нараджэнне Кахання і Любові - вечнай крыніцы, якую падараваў Усявышні. Тады ў чалавека нараджалася новае жаданне і ўлівалася новая энергія, новая ненатольная смага. То быў вечны рух, вечны рухавік, які ніяк не могуць прыдумаць на зямлі вучоныя людзі. А ў прыродзе ён існуе даўно. І будзе працаваць бясконца...

- Ахутавана!..

- Цяпер ты пераканаўся, што ў нашым жыцці няма нічога немагчымага? Абы нашае жаданне. Але жаданне светлага і жыватворнага, што дае жыццё Дабру, Святлу і Спакою.

- Пераканаўся, Яніна.

- Нашыя душы жывуць у спакоі і для спакою. Наш унутраны спакой бязмежны. Як бязмежнае неба.

За акном праплывалі ці то белыя воблакі, ці то нейкі туман Галактыкі ахутваў нашае жытло.

- Найвышэйшая мудрасць і ўменне - ствараць Дабро і перамагаць зло. Шукаць спакой унутры нас. Ён і з'яўляецца асновай нашага жыцця. Калі ж наш фундамент моцны, там нам не можа пагражаць ніякая небяспека. Таму што спакой унізе, спакой - уверсе, спакой - унутры нас, спакой - звонку, - гэта ўсё нашая засцярога...

«Можна я даскажу тое, што ты мне расказваеш, каб даказаць, што я поўнасцю далучаны да ўлады Спакою і нашай Суладнасці?»

«Можна, слухаю цябе...»

- Спакой сам па сабе - ёсць Моц. Калі мы маем унутры Спакой, мы можам мець радасць і захапленне. Уступаючы ў Знешні Свет - куды б мы ні заляцелі - мы ствараем свой Уласны Спакой. Ніякая цана не з'яўляецца вельмі вялікай, каб заплаціць за яго. Бо ён - гэта гарманічнае кіраванне намі, вібрацыя між энергіяй і жыццём. Але ўсё ж ён, чалавек, неадлучны ад зямнога існавання. Калі ж кожны чалавек, няхай то мужчына ці жанчына, паспрабуе адчуць, што ён належыць да ўсіх народаў, да ўсяго Свету - цалкам, і прыняць Сям'ю - Свет як сваю ўласную і родную, - тады і будзе Мір і Спакой ва ўсім свеце.

- Так, Антон, правільна. Ты зразумеў, што Перамога і Параза цесна пераплецены і знітаваны Богам. Таму мы не будзем імкнуцца раздзяліць гэтыя два паняцці, а паспрабуем выйсці за іх межы... Пакуль мы будзем займацца клопатамі і болем нашай Ліцвініі...

- Жыве Ліцвінія!

- Жыве!

Ад Яніны плыў водар спелых суніц. Яе вусны і сапраўды ў сунічным нектары. Вярнулася толькі што з сунічнай паляны? Яшчэ патыхаў водар жытнёвага поля і свежай атавы. Гуляла па лузе? Чуўся водар неба і космасу. Лётала між воблакаў, прагульвалася між зорак?

Усе пахі кружылі мне голаў - быццам кружыліся мы з ёю ў вясельным танцы, а пляцоўкай было прасторнае неба і воблакі былі для нас шлюбнай пярынай...

Я баяўся аднаго - каб не прайшло Наталенне, каб ніколі я не пераступіў парог Насычэння...

«Не бойся, каханы мой, гэтага... Толькі праз тысячу гадоў ты адчуеш Наталенне. А пакуль жыві каханнем, жаданнямі і мроямі, рабі Дабро. Перарабляй Свет і людзей. Адкрывай таленты і такія якасці, як у самога сябе, у нашых ліцвінаў...»

І быў наступны дзень. І была наступная ноч.

Сон, а не наталенне змарыў нас.

І нават у сне мы жадалі адно аднаго.

І ніхто не мог перашкодзіць нам у гэтым святым жаданні і імкненні да Вышэйшага Разумення Шчасця.

 

А ў нейкі дзень я не вытрымаў і папытаўся:

- Яніна, а як жа з маёй працай у ППШ? Мяне ж могуць звольніць за прагулы... Я ж адзін за дваіх застаўся. Змітро ў бальніцы, за ім догляд патрэбен...

Альшанская смяецца і мружыць вочы:

- Дзівак ты, Антон! Ты ж не толькі не прагуляеш, а нават і не спознішся на працу.

Яе вейкі напамінаюць мне ўзмахі крылаў жорава.

- Як гэта? - прыўзнімаюся на локцях, хачу зазірнуць ў вочы - ці не пасміхаецца з мяне?

- Мы ж з табой жывём у другім вымярэнні. На зямлі гадзіна, а тут - двое сутак. Мы з табою ўсяго шостыя суткі тут...

- Ты кажаш «тут» - гэта дзе?

- У мяне. Да пачатку тваёй працы яшчэ цэлая вечнасць, мой любы...

- Проста ўва мне жыве яшчэ дысцыплінаваны чалавек. Ніводнага разу я не спазняўся на працу. А тут хвалююся і за Кісялёва.

- Усё не так. Але ты ўсё роўна мне напамінаеш салдата.

- Усе мы салдаты. І ты - таксама. Цябе ж... паслалі ў той палон. Не сама ж кінулася ў вір здзекаў і зняваг.

- Я выбрала сама той час і тую долю. То мая тэма. А паслалі мяне па маёй жа просьбе. Па маім жаданні...

- Як добраахвотніка? Хто ж паслаў? Хіба мы не аддадзены самім сабе?

Альшанская паклала галаву на мае грудзі, уздыхнула.

Я перабіраў пальцамі яе косы, быццам на сонечных промнях-струнах іграў нячутную мелодыю.

- Ты нейкі наструнены сёння, недаверлівы. Агрэсіўны нават. Хто паслаў, дапытваешся? Касмічная Рада ад Княства Ліцвінскага.

- Для чаго яна створана?

- Кожны народ мае такую Раду. Але ніводзін народ у свеце так не пакрыўджаны лёсам, як Ліцвінія. Мо хіба і Атлантыда, але там іншае... Хто толькі не дапінаў у нашае Княства! Перліся заваёўнікі і з Усходу, і з Захаду. А мы - як між двух жорнаў... Нас прыніжалі, зневажалі, заганялі ў ярмо няволі і рабства. Яркія, светлыя старонкі нашай гісторыі жорстка вырываліся з людской памяці. Вырывалі тыя, хто паланіў нас, называючы палон дапамогай.

- Мы толькі можам шкадаваць пра тое - не больш...

- Няпраўда твая. Ёсць у Бога Вялікая Кніга Памяці. Яшчэ яна называецца Кніга Жыцця. Яе ніхто прачытаць не можа. Такую ж Кнігу Праўды, дзе фіксуюцца падзеі да адной секунды, стварае Касмічная Рада для Ліцвініі. Кіруе гэтым наша князёўна Ліцвінія. Яна ж - Прадслава, Еўфрасіння Полацкая... Калі ж Кніга Праўды будзе адпавядаць кожным радком і старонкай той Кнізе, што ў Бога, тады толькі Ойча паселіцца на зямлі Ліцвініі. А такіх старонак яшчэ шмат трэба далучаць да нашай Кнігі Праўды.

- І таму...

- І таму мы павінны прыняць самы непасрэдны ўдзел у вяртанні ўкрадзеных радкоў і старонак. Тым самым выканаць адзін з Божых запаветаў, што няма нічога тайнага ў жыцці і гісторыі, нішто і ніхто не можа схавацца ў небыцці ці за хлуснёй...

Тое, што расказвала мая спадарожніца і каханая, было прыемным для мяне, прыдатным майму сэрцу.

- Як жа мы зможам памагчы вярнуць, калі тое ўсё было ў мінулым? Нас жа там не было. А сведчыць пра тое могуць толькі відавочцы...

Яніна ўсміхнулася і засвяцілася сонейкам, ад яе пачало сыходзіць жаноцкае цяпло і пяшчота.

- Мы далучаны з табою да гэтай працы. Мы і будзем сведкамі. Мы ж маем такую здольнасць, здольнасць рэтрапартацыі, жыць у тым адрэзку часу, які вырваны зласліўцамі з нашай гісторыі. Мы сваімі вачыма будзем бачыць тое, што адбывалася на ліцвінскай зямлі. Потым у нашай лабараторыі з нашага зроку-памяці ўсё тое будзе перанесена на відэастужку. І тады ніводзін нюансік, ніводная самая нават нязначная падзея, штрышок не выпадуць з гісторыі...

Нейкі час я раздумваў над яе словамі, узважваў іх сэнс, а сказаў як даўно вырашанае:

- Пэўна ж, вялікае шчасце і пачэсны, ганаровы абавязак быць сведкам мінулых падзей. Але хто ж тады суддзі?

- Суддзі? Час. І - ліцвіны. І - Бог у першую чаргу. Тады людзі прачытаюць сапраўдную, сваю ж, гісторыю - і абудзяцца ад летаргічнага сну. Тады сатанінскае замбіраванне, што было разлічана на стагоддзі, перастане мець сілу і самы апошні скептычны ліцвін скіне са свайго духоўнага аблічча павуцінне д'ябла...

- Тады і перастануць балець нашыя сэрцы «аб радзімай старонцы», пра што пісаў Максім Багдановіч? Хлусня і падман назаўсёды знікнуць з гісторыі Княства?

- Так, Антон, так, любы мой! Цяпер для цябе нічога няма незразумелага. І тое добра.

- Я ж рады свайму прасвятленню. Дзякуючы табе!

Яніна вольна раскінула рукі на ложку, як адпачывала. Нашая размова, яе адкрытасць-споведзь, паднялі мяне на яшчэ адну прыступку майго ўдасканальвання. Я падымаўся ўсё вышэй і вышэй - да ўзроўню маёй настаўніцы.

Мне хацелася прайсціся, цела патрабавала руху. Калі ступіў на падлогу, нагамі адчуў шаўковасць маладога мурагу. Падышоў да акна, расхінуў фіранку.

За акном кусціліся белыя воблакі. Яны былі і ў другім акне, у трэцім. І - над намі. Толькі цяпер убачыў празрыстую (ці без нічога) столь. Скрозь было неба, неба і неба. На чым мы трымаліся? Дзе мы былі - на станцыі? На мацерыку іншага Сусвету? Была ноч ці быў дзень?

- Што цябе ўсхвалявала, любы?

- Невядомасць.

Яніна засмяялася, прыўзнялася на ложку, падбароддзем дакранулася да сагнутых каленяў, абхапіўшы іх рукой:

- І гэта табе пара ведаць. Мы з табой знаходзімся ў сузор'і Кахання. Тут няма Сонечнай сістэмы, няма знаёмага табе прыцяжэння Зямлі. Ёсць толькі прыцягненне душ. І тут мой Дом. Тут сплю і адпачываю. Тут можаш жыць і адпачываць і ты. У любы момант, калі таго пажадаеш. Сюды ніхто не мае права прыходзіць, пераступаць парог без майго дазволу. Ты тут першы.

- Ты тут адна?

- І адна, і не адна. Я адчуваю пастаянна прысутнасць і людзей зямлі, і сяброў Касмічнай Рады, якія вядуць даследаванні. Нам лёгка сабрацца, паклікаць адзін аднаго. Для гэтага ёсць тэле- і радыёсувязь, тэлепатыя. Я магу сачыць за жыццём станцыі - усё мне бачна. Як і бачна ўсё, што робіцца на зямлі. У любым куточку роднай Ліцвініі.

- І ты ўбачыла там мяне?

- Убачыла, - яна хавае ўсмешку і чырвань на твары.

- І спусцілася на зямлю, каб вылучыць мяне? Пачала працаваць у дзіцячым садку, каб сустрэцца на тым пасяджэнні, што праводзілі перад святам...

- Я найперш зразумела, што ты належыш да людзей пятай расы, як і зразумела, што ты сам пра тое не здагадваўся. Тады ў мяне зусім не было ніякіх думак і жаданняў. Нечакана я пачула цябе. Чула, як ты хваляваўся, перажываў, калі я выступала, рабіла справаздачу пра сваю працу ў садку, і бачыла, як ты адабральна, ледзь прыкметна ківаў галавой, калі мне ўдавалася сказаць нешта трапнае і значнае. Але тады я не зрабіла ніводнага кроку насустрач. Хаця ж ведала і бачыла, што рабіў з табою мой позірк.

- Той крок зрабіў я першы. І не адзін крок. Значыць, так наканавана мне. Наканавана абаім. Усё ва ўладзе Ўсявышняга, які думае пра нас і пра лёс Вялікага Княства Ліцвінскага...

- Так, Бог выдзеліў кавалачак зямлі для Ліцвініі. Бог даў нам мову, каб на ёй ладзілі сваё жыццё, ладзілі сябе. Сцвярджалі сваю годнасць і гонар.

- Але Бог жа бачыў, што тварылася і творыцца ў Княстве - чаму не абараніў, не засланіў ад навалы, ад гора, што абрынулася на нас? Чаму ж столькі крыві пралілося на гэтай шматпакутнай зямлі? Чаму столькі касцей - ліцвінчукоў і чужых - пасеяна на ёй за тысячагоддзі?! Чаму Бог не ўмяшаўся, не памог людзям, якія верылі ў Яго, верылі ў сваё шчасце? Чужога яны не рабавалі, ні за што не адбіралі чужыя жыцці. Не нападалі ніколі, а толькі абараняліся... Ты мне хоць гэта раскажаш, мая настаўніца, мая каханая, мой гонар і сумленне?..

Не адказала. Вочы зажмурыла, сціснула вусны, лоб нахмурыла. Ды і не ў яе пытаўся я пра набалелае. Хто ж адкажа на такія пытанні, акрамя Яго Самога? Калі Хрысту сказалі, што ў хаце ляжыць хворы, Ён адказаў: «Я прыйду і вылечу яго...»

Хто скажа Ісусу Хрысту пра нас? Мы ж таксама хворыя... На страшную хваробу хворыя. А мо мы і павінны Яму сказаць? Сказаць як сведкі. Што бачылі і сведчым пра гора і бяду. І што найбольш самі ліцвіны ў тым горы і вінаваты...

- Дык то, выходзіць, быў не сон, калі мы лёталі з табой па тваёй Планеце. Калі ты мне расказвала пра суперсенсаў?

- Канечне ж, не... То я рыхтавала цябе да будучай дзейнасці, каб не было здзіўлення і недаверу.

- Ці можна прагуляцца па тваёй Планеце?

Яна лёгка ўскочыла з ложка, як гімнастка, спружыніла і падляцела да мяне.

- Запрашаю. Пайшлі.

Мы крочым па светлым і доўгім калідоры, нячутна ступаючы ці то па дыване, ці па мурожнай траве. Яніна ідзе паперадзе, я ж - праваруч, крыху адстаўшы. Не пытаўся больш ні пра што, як ведаў ужо і верыў, мы робім неабходнае і важнае.

Святло ў калідоры сыходзіла ад сцен. Яны ж вылучалі і музыку - павольную, лёгкую, якая супакойвала і бадзёрыла адначасова.

Мелодыя была няўлоўнай, шчырай і зразумелай, як подых роснай раніцы. Як узыход сонца. Як слова Бога. Тут жа і ўспомніў: то ж Змітрок іграў мне такую мелодыю на гітары. Адкуль яму толькі і вядомая гэта мелодыя? Бываў тут? У гэтых сценах? Але ж гэта мелодыя будучыні. Мелодыя Спакою. Мусіць жа, яна ад душы лагоднага і цярплівага народа. Ад яго казак і паданняў, песень і прымавак. Бо душа ліцвіна саткана з дабрыні і пяшчоты...

- Чаму ж не пытаешся, куды я цябе вяду? - Мая спадарожніца не спыняецца, не сцішвае нават крок, як быццам не хоча спазніцца на нейкую адказную імпрэзу. Усё ж паварочваецца да мяне - я ўжо іду ўпобачкі, плячо ў плячо. - Можа, я цябе на Галгофу вяду?

- Ты даўно ўжо мяне завяла на тую Галгофу.

Яна ўсміхнулася, разумеючы мяне.

Перад намі расхінуліся дзверы - я і не заўважыў іх адразу. Мы пераступілі зялёны парог, за намі нягучна зачыніліся дзверы. І - зніклі. Мы стаялі ўжо на ўскрайку жытнёвага поля, і лёгкі ветрык варушыў Янінчыны косы.

Недзе ў небе заліваўся жаўрук. Лазовыя кусты звесілі свае галіны ў возера. Патыхала спелай вясной, квеценню садоў...

Толькі цяпер заўважыў: былі мы ў нейкіх незвычайных касцюмах - светла-зялёных, накшталт камбінезонаў - з кішэнямі. На грудзях раз-пораз міргала ледзь прыкметная блакітная кропачка. На галаве ў Яніны вянок з васількоў - калі толькі і паспела сплесці?

З ранішняга мроіва туману, як здані, пачалі выходзіць невядомыя людзі. Шмат людзей. Яны гаманілі, спрачаліся, смяяліся, і ўсё наваколле абудзілася ад іх усхваляванасці і энергічных рухаў. На нас жа яны не звярталі аніякай увагі.

За спінай у нас раслі ці то хвоі, ці то піхты. Бярозы і клёны я прызнаў адразу.

«І тут ёсць прырода і жывёльны свет?»

«Ён ёсць усюды, Антон. Усё падуладна Богу».

Людзі былі дзіўна апрануты. Уражанне было такое, што мы прысутнічаем на здымках нейкага гістарычнага фільма.

«Не, гэта не акцёры. І адзенне ў іх натуральнае, не антуражнае. Гэта прадстаўнікі розных стагоддзяў. Толькі сабраліся яны ў адным часе, хаця ведалі адзін пра аднаго ўсё дасканала...»

Я пачынаў пазнаваць іх. Ці не Еўфрасіння Полацкая і Францішак Скарына стаялі неўзадалёк ад нас? Пра што раіліся-дамаўляліся? У яго руках «Біблія», а ў святой князёўны таксама кніга, але значна меншая. На кнізе шыкоўны крыж... Той самы, што змайстраваў Лазар Богша? Цуд...

Хто ж побач з імі? Калі не памыляюся, то гэта вялікі гетман Вялікага Княства Януш Радзівіл. Ён хворы, увесь час кашляе, але горда трымае галаву. Далей - князь Міхаіл Іванавіч, кіеўскі намеснік, які ў 1422 годзе падпісваў дамову Княства з Ордэнам, князь Андрэй Іванавіч Вязынскі - і дзеці ягоныя стаялі, нават Васіліса, Бельская князёўна, Соф'я, каралева Польшчы, і Марыя, жонка гаспадара Валахіі. Васіліса Андрэеўна, якая пабралася шлюбам з князем Іванам Уладзіміравічам Альгердавічам (Бельскім) перад лютым 1422 года. Соф'я Андрэеўна (можа, тая ж Сонька вядомая?!).

«Тая, Антон, тая... Аказваецца, ты выдатна ўсіх ведаеш. Прыемна адкрываць цябе такога!»

«Другая дачка пашлюбавалася ў лютым таго ж года з Уладзімірам Ягайлам, каралём Польшчы, - каранаваная ў Кракаве 12 лютага ў 1424 годзе... Ага, вунь жа і князь Юры Сямёнавіч, князь Гальшанскі, - у 14З6 годзе ў Берасці падпісаў дамову з Ордэнам...

А то хто, што трымае «Мужыцкую праўду»? Кастусь Каліноўскі? Так... А з ім поруч - Тадэвуш Касцюшка, Міхал Клеафас Агінскі, за імі - Кірыла Тураўскі, Сімяон Полацкі... Божа, якое суквецце! Колькі светлых імёнаў! І кожнае з іх мае права быць залічаным у святыя... Кожны з іх жадаў і зычыў шчасця свайму Княству, жыў дзеля яго будучыні...»

- Вас чакаюць, шаноўныя спадары! - дакрануўся да майго і пляча Яніны невысокі, сярэдніх гадоў чалавек, з белымі, як выгаралая на сонцы пшаніца, валасамі.

- Добра, дзякую, найсвяцейшы ўладыка Васіль, - кіўнула галавой удзячна Яніна, падала мне знак, каб ішоў побач з ёю.

«То вуніяцкі архіепіскап Васіль Лужынскі, які перайшоў потым у праваслаўе. Зрабіў з крыжам святой Еўфрасінні падарожжа ў Маскву і ў Пецярбург...»

Яніна падышла да клёна, выдаўжыла руку. Перад намі зноў узніклі дзверы - толькі ўжо іншыя, другога памеру і колеру.

Мы стаім у калідоры з вокнамі і дзвярыма па абодва бакі. Яніна, мусіць жа, ведала, куды ідзём, бо, прайшоўшы крокаў колькі, спынілася зноў ля дзвярэй. Націснула квадратную ружовую кнопачку.

І мы ўжо крочым па зале з высокімі вокнамі.

У дальнім канцы залы стаяў доўгі стол. За ім сядзелі людзі - мужчыны і жанчыны, маладыя і старэйшага ўзросту. А вакол нас, на ўзвышшы, круга сядзелі тыя, каго мы бачылі ля возера.

«Яны прысутнічаюць заўсёды, калі адбываецца чыя-небудзь справаздача перад Касмічнай Радай Ліцвініі. Яны пацвярджаюць праўдзівасць тых падзей, у якіх апынуўся сведка і зафіксаваў іх...»

На пачэсным месцы сядзела прыгожая жанчына - маці свайго Княства князёўна Ліцвінія. Блакітныя, бы азёры, вочы. Светлыя косы. На галаве, як і ў Яніны, вянок з васількоў. Веку і не старога, але ж і не маладзёнка.

Адчуваў, як маё сэрца поўнілася шчаслівым прадчуваннем нечага незвычайнага і адметнага, прадчуваннем таго, што ў маім жыцці адбываецца, можа, самая значная падзея...

Мы спыніліся непадалёк ад стала. Яніна схіліла галаву:

- Добры дзень, шаноўныя сябры Касмічнай Рады Ліцвініі! Добры дзень, мая князёўна! - Яніна глядзела ўжо Ліцвініі ў вочы.

- Дзень добры, любая! Як пачуваешся пасля падарожжа?

- Дзякую, ужо добра.

- Бачу, прыйшла да нас са сваім сябрам?

- Так. Ён шмат у чым памог. І вытрымаў усе выпрабаванні. Ён згодзен быць сведкам па аднаўленні гісторыі нашага Княства.

Я ступіў крок наперад, сказаў:

- І клянуся за святым сталом Касмічнай Рады Адраджэння Ліцвініі, што не сыду з абранай дарогі. Ахутавана!

- Ахутавана! - адказала князёўна. - Дзякую. За адданасць агульнай нашай справе ўсіхняя падзяка. Мы бачым тваё сэрца - яно б'ецца ва ўнісон рытму Космасу...

І тут жа ўсё замоўкла. Але я чуў сотні ўнутраных галасоў - сяброў Касмічнай Рады і гасцей, што былі запрошаны да ўдзелу, адным дыханнем яны стварылі малітву за народ Ліцвініі:

«Сусветны Валадару, Прадвечны Божа, Ты ўвесь Сусвет стварыў і законы для ўсяго ўстанавіў, кожнаму месца і мэту назначыў, а людскі род так бясконца палюбіў, што Сына Свайго Адзінароднага паслаў на Зямлю, каб усе слухаючы Яго навуку ды йдучы Яго следам, увайшлі ў Тваё Нябеснае Валадарства. Мы, дзеці ліцвінскага народа, як маглі слухаліся Тваіх загадаў, але з слабасці чалавечае часта падалі і зневажалі Цябе сваімі грахамі. Цяпер молім Цябе шчыра: даруй нам нашы грэшныя правіны, нашу нядбайлівасць у адносінах да сябе саміх і да іншых; даруй такжа тым, хто нас крыўдзіў і зневажаў. Молім Цябе шчыра: барані нас ад крыўды варожай і дай нам ды ворагам нашым шчодраю Тваёй рукою дух сапраўднае хрысціянскае любові. Дай нам еднасць у веры, згоду ў сямейным і грамадскім ды палітычным жыцці. Загаі нашы асабістыя і ўсенародныя раны душы, якія мы самі сабе спрычынілі або ад непрыяцеляў атрымалі. У нашым штодзённым жыцці, у змаганнях і спакусах, асвяці наш розум Тваім евангельскім святлом, каб мы, захоўваючы твае прыказанні, перамаглі ўсе цяжкасці і цярпенні ды заўсёды Цябе багаславілі...»

У зале, было выразна бачна, нараджалася дадатная аўра - залатым німбам узвышалася над намі. Агульная малітва за Ліцвінію нараджала касмічную энергію Дабра.

«Багаславі таксама нашы дачасныя дастаткі, не дай гінуць марна тым талентам, якія Ты ссылаеш у наш народ, але дай ім свабодна развівацца і закрасаваць. Табе на славу, а ўсяму людству на карысць. Багаславі працу сялянства на раллі, працоўных на фабрыках, вучоных ува ўсіх галінах навукі і тэхнікі, творцаў у мастацтве, каб за іх помаччу ліцвінскі народ мог разумна і прыгожа жыць ды развівацца.

Цябе, Прачыстая Багародзіца і наша нябесная Маці, просім: прычыніся да нас, а Ты, святая Еўфрасіння Полацкая, - патронка Ліцвініі - ды ўсе святыя заступнікі ліцвінскага народа, апякуйцеся намі, каб мы сталіся народам святым, выконваючым Волю Божую і сваё пасланство, каб прычыніліся да агульнага дабра тут, на зямлі, а ў прошлым жыцці атрымалі вечнае шчасце, і Табе, прадвечнаму Валадару, прыносілі славу, чэсць і паклон на векі вечныя. Амін».

На мяне глядзелі людзі, якія сядзелі за сталом. Я адчуваў іх падтрымку і радасць за мяне. Тое мяне ўсцешвала.

- Сядай, спадар Антон Клімовіч, між нас ты цяпер роўны.

Голас у князёўны Ліцвініі быў прыемны і роўны, як перазвон чыстай паляшуцкай крынічкі.

Мы з Янінай паселі адно каля аднаго...

 

Роўным сярод роўных адчуў я сябе не адразу.

Як і не адразу ўсвядоміў тое, што ў гэтым свеце значу.

На тым вялікім сходзе Касмічнай Рады мне на ўсё раскрыліся вочы. З поспехам я прайшоў першыя прыступкі, даказаў прысутным, што асвоіў першыя азы свайго ўваходжання ў іншае вымярэнне. Я ператвараўся ў іншую істоту, якая валодала незвычайным уменнем пераўвасабляцца, пераносіцца ў прасторы, быць нябачнай, жыць пад вадой, чытаць думкі людзей, лячыць, жыць у любым стагоддзі мінулага і будучага часу...

Слабыя здагадкі мяне наведвалі і раней, калі я прачынаўся пасля дзівосных сноў, калі мяне насіла ў паднябессі, калі я змагаўся ў нейкай бітве, уцякаў ці даганяў свайго ворага... Тады і пытаўся ў самога сябе: «Адкуль тое прыходзіць да мяне? Хто кідае ў водаварот гісторыі? Для чаго? І каму тое патрэбна?»

І вось мае здагадкі пачалі пацвярджацца. А потым ператварацца ў жыццё...

Задача Касмічнай Рады не адно стагоддзе была скіравана на тое, каб навучыць чалавека разумнага адчуваць сваю годнасць, навучыць вяртацца да першапачатковых вытокаў яго існавання і існасці. Каб ён, ліцвін, у душы займеў гонар называць сябе грамадзянінам сваёй вольнай і незалежнай радзімы, і не прымаць тую, бястварную і бяздушную, якая даўно прыгнечана і акупавана заваёўнікам...

Таго хацеў у першую чаргу Прадвечны Валадар.

Чалавек, які ўзнік на зямлі шмат тысяч гадоў таму, вельмі ж адрозніваўся ад сённяшняга. Жылі ў тыя далёкія часы людзі і па трыста, і па пяцьсот сонцаваротаў...

Столькі, колькі вызначыў кожнаму Бог, даўшы ў спадчыну мову і культуру, розум і талент, мужнасць і гонар. Яшчэ - чыстую зямлю і паветра. Празрыстую і чыстую ваду.

Кожны глыток тае цудадзейнае вады даваў чалавеку магчымасць прадоўжыць сваё жыццё на пяць - дзесяць гадоў.

А зямля і сонца давалі яму сілу і моц. Ад таго ён рабіўся яшчэ больш магутным і ўпэўненым у сабе, у сваёй перамозе над стыхіяй, над ворагам.

Чалавек вучыўся ў прыроды і жыў з ёю ў згодзе і адзінстве. Калі што ў яе забіраў, то і аддаваў абавязкова. Вяртаў як мага больш, каб не ўгнявіць яе.

Чатыры «кіты» былі ў чалавека, на якіх ён трымаўся, якія давалі яму сілы і даўгалецце.

Першая ўмова - здаровы лад жыцця. Другая - чалавек абавязкова павінен дыхаць чыстым паветрам і ўмець дыхаць пад вадой. Трэцяе - харчаванне натуральнымі стравамі.

І - апошняя ўмова: чалавек заўсёды павінен не толькі думаць пра добрае, а і рабіць яго, жадаць не толькі самому сабе доўгага жыцця і здароўя, а і ўсім людзям. Чалавек не павінен нічога баяцца, ні пра што трывожыцца.

Гэтыя прынцыпы ніколі не падвяргаліся сумненню.

Гэтыя прынцыпы дыктаваў нам Валадар у Кнізе Жыцця - Бібліі. Там жа і напісана пра тое, што ў чалавека дом пастаянна пры ім - дзе б ён ні быў: у лесе, у полі, у паветры, пад вадой. І нават дома ён у доме. У сваім асабістым доме.

Як малявалі іканапісцы абразы?

І Хрыстос, і Божая Маці, і Будда - усе яны маюць над галавой кольца, залатое свячэнне, абарончы панцыр. То ж наша аўра. Альбо наша біяполе.

Бацька ў сям'і мае сваё біяполе. Жонка з дзецьмі - таксама. А над імі ўсімі - агульнае поле, агульнае свячэнне, якім і злучыў іх усіх Валадар. Дзіця, калі вырастае, убіраецца ў біялагічную і фізічную сілу, «уцякае» з біяполя сваіх бацькоў і нараджае новую супольнасць, новае асяроддзе. А пасля сустракаюцца дзве душы, аб'ядноўваюць свае аўры ў адну і потым ужо бяруць сваіх дзяцей пад яе апеку. І яны, дзеці, знаходзяцца абароненыя пад тым жа «каўпаком» - нябачным, але самым надзейным і неабходным, самым устойлівым і самым... безабаронным...

Самае страшнае, калі нехта з бацькоў пакідае агульную аўру - пры разводзе. Пасля гэтага пачынаюцца хваробы і неўладкаванасці. І дарослых, і дзяцей...

Мяне слухалі, здалося мне, з цікавасцю. Напачатку не перабівалі. А потым удакладнялі, папраўлялі, падказвалі. А то падсоўвалі і закавырыстыя пытанні, правяраючы мяне на моц ведаў у розных галінах. І я не збіўся, падхопліваў іх думку і развіваў яе далей...

У мяне дапытваліся, хто павінен памагчы чалавеку, які страціў сваё аблічча, забыўся пра сваё прызначэнне на зямлі? Адказваў, што яму памочнікі не трэба - ён сам сабе і павінен памагчы. Далёкія прашчуры вельмі добра валодалі такім дарам...

«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова быў Бог. У ім было жыццё, і жыццё было святло людзей. І святло ў цемры свеціць, і цемра не паглынула яго...»

«Ісус, выдаўжыўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, ачысціся!» І ён у той жа момант ачысціўся ад праказы».

Хрыстос дэманстраваў не фокус, тым больш не цуд.

Ён паказваў магчымасці чалавека і завяшчаў нам тое ўменне.

«І Слова стала плоццю і жыло з намі, поўнае жыватворнасці і ісціны; і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ад Бацькі...»

- Зажмурце вочы, а я вам падам крынічнай вады, перад гэтым скажу строга і папераджальна: «Шклянку кіпеню вам даў!» Упэўнены: шкло тут жа апячэ вам пальцы. Калі ж кіну ў вашыя далоні патухлыя вугельчыкі і крыкну: «Жару сыпнуў вам!» - перакананы: апякуцца вашыя далоні.

Але не дзеяннем я апёк вас і не агнём, а словам.

«На пачатку было Слова...»

Чалавек стаў чалавекам толькі тады, калі навучыўся гаварыць і разумець слова. Яно нараджала думку, а думка - у сваю чаргу - дзеянне. Тады можна смела сцвярджаць, што слова - гэта не пусты гук, які не зловіш, не адчуеш, не дакранешся да яго. А яно, слова, як і ўсё жывое ў свеце, мае форму і глыбіню, магутнасць энергіі думкі. Гэтая ж энергія можа ўступіць у змаганне са злом, перамагчы і ўліць у клеткі арганізма яшчэ большую сілу і моц, энергію жыцця...

 

У зале стала ціха. Яніна была задаволена тым, як я трымаў экзамен. Ліцвінія глядзела на мяне спагадліва і прыхільна, спытала ў прысутных:

- У каго яшчэ ёсць пытанні да Антона Клімовіча?

- Дазвольце мне, - падняў руку сівы дзядок - мо і Кірыла Тураўскі, сядзеў воддалеч ад Яніны. - Раскажыце, шаноўны, як вы разумееце сённяшні стан чалавека на зямлі.

- Чалавек - гэта біялагічная форма існавання. Таму яму Бог выдзеліў і такое харчаванне - арганічнае: клятчатка, садавіна, гародніна, сокі, мёд, семкі ды арэхі, пастаянна - салаты... Але чалавека губіць, і даўно, прамысловасць. Тыя харчы, што яна вырабляе, трошкі слабей за цыяністы калій. Тое, што спажывае чалавек, яно ўсё неператраўнае - шлакі і таксіны. Таму атручваюцца мозг, кроў і само цела. Чалавек забіў жывёліну і зрабіў з яе біфштэкс. А тое, што з крыві, улівае ў сасуды насілле і смерць. Чалавек забівае сябе самога. Жывёлінай авалодвае страх перад смерцю, у сасуды выкідваецца вялікая колькасць адрэналіну. Калі ж ён спажывае такое мяса, то ён праглынае дынаміт. Ён разбурае свой асабісты будынак, сябе самога - Чалавека Разумнага.

- Вы хочаце сказаць, шаноўны спадар, што Чалавек - істота неразумная? - удакладніў святы Кірыла.

- Не зусім так, Уладыка! Жывёліна, створаная Богам, мае душу. І таму чалавек павінен шкадаваць яе, як і самога сябе. Людзі выйшлі з травы, едучы траву, і таму вымушаны былі есці раслінную ежу, а не мяса, якое дае яму хваробы сэрца і сасудаў. Таму зямлянін тлусцее, перастае рухацца і жыве ў такім рытме, што на яго мускулы прыпадае ўсяго адзін працэнт нагрузкі. Адзін!

Князёўна Ліцвінія паглядзела на мяне з мацярынскай усмешкай:

- Вы валодаеце ведамі і ў гэтай галіне. З усімі тэмамі вы справіліся выдатна. Цяпер вы зраўняліся з Янінай. Жадаем вам поспехаў у высакароднай справе на карысць нашага Вялікага Княства!

- Дзякуй! Я - сын яе! Жыве Ліцвінія!

Усе падняліся са сваіх месцаў, і нават прысутныя на галёрцы ў адным імкненні адказалі, сціснуўшы правую руку ў кулак і прыставіўшы яго да правага пляча:

- Жыве! Жыве! Жыве!

 

- Я віншую цябе, Антон Клімовіч!

Яніна ганарыцца тым, што я выдатна вытрымаў іспыты на Вярхоўнай Радзе, што падняўся на тую ж прыступку, што і яна.

- То ты мне памагла ўзняцца, пераскочыць дзве прыступкі.

- Добраму вучню і памагчы прыемна, - туліцца да мяне, напявае нейкую песеньку. Выдатны ў яе настрой!

- У мяне з'явілася пачуццё нестамлення. То для заўтрашняга дня так неабходна. Ці магу я паглядзець копію тваёй справаздачы? Шмат чаго зразумеў бы яшчэ. Каб не паўтараць тваіх памылак. Чаму князёўна Ліцвінія не дапусціла на тваю справаздачу? І чаго гэта так уз'еўся самадзержац Пётр Першы пасля прагляду тваёй відэастужкі?

- Нельга было табе глядзець. Ліцвінія асцерагалася, што ты не вытрымаеш... Без падрыхтоўкі. Сэрца ў цябе яшчэ не прыйшло ў належную стадыю. Цяпер ужо можна. А цару не спадабалася тое, што я бачыла... Касета ў мяне ў тумбачцы.

Мы выйшлі зноў у калідор. Прадстаўнікі і сведкі Вялікага Княства розных стагоддзяў і эпох удакладнялі адзін у аднаго незразумелыя для сябе пытанні. Гаварылі яны на мове свайго народа. Пісалі гусінымі пер'ямі, выціскалі літары на бяросце...

Цяпер я ведаў, што яны рабілі тут...

- Куды цяпер, Яніна?

- Адпачываць будзем. Я вельмі стамілася, буду спаць. Ты ж можаш глядзець касету пра маё падарожжа ў Полацак. У цябе яшчэ шмат часу ў запасе.

Мы ступілі на невялічкі ўзгорачак, і за намі адразу ж зачыніліся дзверы. Той жа калідор, тыя ж пахі і тая ж музыка. Праз колькі хвілін мы апынуліся ў жытле Яніны.

Усё было акуратна складзена і прыбрана - скрозь быў ідэальны парадак. Нехта ж прыбраў, хаця гаспадыня жытла гаварыла, што ніхто пераступіць парог не мае права. Значыць, на адлегласці таго пажадала Альшанская...

Даносілася лёгкая музыка, пошум сосен. Было спакойна і лагодна.

- Як я, любы мой, стамілася, - паскардзілася Яніна, скідваючы з сябе зялёны хітон - кінула бязладна на спінку мяккай доўгай канапы, ён асунуўся на зямлю. І тут жа паляцеў і завіс на краю вешалкі. - Прылягу, кружыцца галава...

- Кладзіся, у вачах тваіх вялікая стома. Я буду ахоўваць, каханая, твой сон.

Распрануўся і я, застаўся ў белым адзенні, што нячутна і цесна аблягала ўсё цела.

Я занёс яе на ложак - і была яна бязважкая. Па белай прасціне рассыпаліся косы, рукі абвілі маю шыю і не адпускалі.

- Любы мой, не расчаравала я яшчэ цябе? - прашаптала яна набалелыя словы, горача дыхала ў вуха.

- Каханая, а я цябе? - адказваю ёй тым жа пытаннем, прыціскаю да сябе, чую, як грымотліва стукае яе сэрца ў маіх грудзях.

- Божа, як мне хораша... - зняможана выдыхае яна з сябе паветра. - Я баялася напачатку адкрываць цябе, бо не хацела, каб між намі нарадзілася каханне... Таму і была такая жорсткая з табою...

- Хіба адно другому перашкаджае?

- Так я думала. Але ты не паслухаўся і не пакінуў мяне... Ты і цяпер не пакінеш мяне, каханы мой, скажы? Я ж казала-абяцала, што буду тваім кацяняткам - буду ляжаць каля тваіх ног, каля тваёй падушкі і спяваць табе песні-калыханкі, калі табе будзе цяжка. Калі будзе сціскацца ад болю тваё сэрца...

Настрой яе мне дужа не падабаўся. Яна, здаецца, плакала і таму хавала вочы, каб я не ўбачыў слёз. Што так устрывожыла яе?

- Што здарылася, дзівосная мая птушка? - следам трывожуся і я, слухаю, хачу зразумець яе неспакой. - Ты ж сама вучыла мяне ніколі не думаць пра кепскае, не трывожыцца...

- Вучыла. Бо я была настаўніца. А цяпер ты параўняўся са мною, і я не ведаю больш, чаму цябе навучаць. Ты ж цяпер будзеш атрымліваць яшчэ большую асалоду і сілу, таму памкнешся да другой планеты, а мо і душы...

- У мяне ёсць ты. І толькі ты... У цябе ж ніколі не было да гэтага страху. Адкуль ён?

Зноў маўчыць, прыплюшчыла салёныя вейкі. З яе знікае адзенне, растае, як прырэчны туман.

- Не глядзі на мяне - сорамна.

- Я ўжо не бачу цябе...

- Антон, пацалуй мяне. Моцна. Мне сапраўды страшна. Страх такі, як быў там, пад Полацакам. Мо тое і яшчэ сядзіць ува мне. Чаму ж так доўга?

- Мо паклічам лекара?

Яніна кісла ўсміхнулася:

- Мы ж не на зямлі. У нас тут такога няма. Мы самі сабе лекары...

І зноў быў вечар. Каханне з яшчэ большай сілай разгаралася ў нашых сэрцах.

Зноў прыйшла ноч. Пад раніцу Яніна заснула.

Трывожныя думкі павялі яе зноў пад Полацак, у крывавае месіва. Але я не пусціў яе туды, стаў папярок дарогі, паказаў на іншую сцежку і прагнаў яе адтуль. Можа, і груба тое зрабіў. Каб паслухалася. А потым дагнаў, усміхнуўся прыветна, узяў за руку і павёў надпрыпяцкімі абалонамі, дзе гулі сярод процьмы кветак пчолы і чмялі... Загадаў:

- Вось тут і збірай рамонкі. Вянкі пляці. І не думай пра благое.

- Добра, не буду... - пачуў у адказ і цяпер ведаў, што яна паслухаецца. Так таго хацеў я.

Разам з ёю заснуў і я, але прачнуўся раней. Яніна ляжала, адвярнуўшыся ад мяне. Спала моцна і спакойна. Роўным і сцішаным было дыханне. Я падняўся, прыкрыў яе баваўнянай коўдрай.

Касету я адшукаў у тумбачцы - ляжала зверху.

Адны з дзвярэй вялі ў апаратную - круглы пакой з белымі сценамі, дзе і спісвала яна са сваёй памяці падарожжа ў Полацкае княства.

Як толькі я пераступіў парог, мяне ахапіла ледзь прыкметнае хваляванне. У скроні з лёгкім паколваннем упіліся нябачныя іголачкі. Неймавернымі намаганнямі я адсунуў ад сябе трывогу. Калі ж усеўся ў крэсла, не спяшаўся выконваць намечанае...

Я сядзеў у цэнтры правільнага круга. Кругам была сцяна - і не было ёй ні пачатку, ні канца. Тысячы і тысячы аб'ектываў былі ўманціраваны ў тую сцяну. Ведаў, што аб'ектывы высвецяць сапраўднае жыццё і сапраўдных герояў.

Мяне чакала не відэасповедзь Яніны. Мяне праз колькі хвілін завіхурыць натуральнае жыццё. Мне прыйдзецца прайсці шляхам Яніны. Ці вытрымаю без падрыхтоўкі псіхалагічную нагрузку? Нездарма ж мяне не пусцілі на прагляд...

У адтуліну ўвайшла маленькая, з запалкавы карабок, касета. Засвяціліся тры зялёненькія лямпачкі-светлячкі. На суседнім табло з аднолькавым інтэрвалам замігала блакітная палоска - знак гатоўнасці. Напомнілі пра сябе тысячы аб'ектываў - гатовыя былі прапусціць праз сябе пакуты Яніны Альшанскай.

Нечага марудзіў, не націскаў кнопку на столе - сваю гатоўнасць. Настройваў сябе на цяжкія выпрабаванні, прасіў у Валадара духоўнай падтрымкі і моцы. Калі ж дачакаўся, рука падалася да патрэбнай кнопкі.

Указальны палец лёгка дакрануўся да яе.

Доўгі час было ціха і цёмна. Стала холадна. Была глыбокая ноч - на небе выразна ўбачыў зыркія зоры і месячык.

І я ўжо быў не я, а яна - Яніна, бо дзіця яшчэ... Пераўвасобіцца ў дзяўчыну, напэўна, было лёгка - мы ж былі адно цэлае, і сэрца напалову ў мяне было жаночае...

На мне была спадніца. На нагах ці то лапці, ці то пасталы, на галаве старая, зношаная хустка...

І было мне, дзяўчынцы, шаснаццаць з паловай гадоў...

Не прыкмеціў, як пачалося іншае для мяне жыццё, як, пачаў жыць я ў іншым вымярэнні, у іншым часе - закружыла мяне, завіхурыла, прымусіла наліцца страхам і імкненнем перамагчы нечалавечыя пакуты і выжыць...

З маіх грудзей вырваўся слабы дзявочы крык страху і здзіўлення...

 

- Парасачка, го Парасачка! Дзе ты падзелася, дачушка? - гукае мяне бацька з двара.

- Я тут, татусь, - адказала з гарышча, каб ён не хваляваўся за мяне, - ведама ж, трывожна вакол, ходзяць чуткі, што маскалі паляць вёскі і гарады, забіраюць у палон жанчын і дзяцей, мужчын і дзядоў, якія маюць талент у будаўнічай справе. Астатніх забіваюць, садзяць на кол.

- Татачка, можна, я пайду да таварышак, пагуляю трошкі з імі?

- Добра, схадзі! Толькі ж не баўся доўга.

- Не забаўлюся!

Бацька яшчэ нешта бурчыць сам сабе, грукае дзвярыма, ідзе ў хату. Татачка, добры мой татачка! Ён так любіць мяне, малодшую, што баіцца штохвілінна - перажывае надта, калі гадзіну не бачыць мяне. Мне смешна нават ад такой залішняй увагі - што ж са мною можа здарыцца?

Тата мой - званар. Кожны дзень ён падымаецца на вільчык царквы Еўфрасінні і размаўляе з Богам - і тады перамовы званоў чуе не толькі ўвесь Полацак, а і людзі блізкіх і далёкіх паселішчаў, што раскінуліся вакол магутнага горада.

Паабяцаў мне татусь, што заўтра возьме з сабою ў сабор Еўфрасінні: дасць і мне патузаць за вяроўчыны, якія трымаюць «язык» звона... А лезці туды, высака, мне страшна, але пра тое я бацьку не прызнаюся - не возьме тады з сабою.

Я і не заўважыла, як забавілася з сяброўкамі, вярнулася дахаты прыпознена. Зачыняю за сабою дзверы і кладу засаўку. Ціхенька іду ў хату, знаходжу на стале гліняную конаўку з малаком і выпіваю нагбом. Ведаю, што бацькі яшчэ не спяць, чакаюць, калі я ўлягуся спаць.

Чую, як цяжка ўздыхае бацька, варочаючыся з боку на бок, - яго грызе трывога.

Двое маіх старэйшых братоў, Уладысь і Францішак, служаць у дружынах вялікага князя, зрэдку наведваюцца дадому. Як тады радасна свецяцца твары ў таткі і мамы!

А Ўладысь носіць мяне на руках, смяецца, гаворыць жартам:

- Вось падрасцеш, аддадзім цябе за княжыча - князёўнай будзеш!

- Не хачу за княжыча, - плачу я ад крыўды, - за цябе, браток, хачу, не люблю княжыча, а цябе!..

Смяецца брат, глядзіць на мяне блакітнымі вачыма, і я адчуваю, якія ў яго дужыя рукі. Гаворыць, як здзекуецца:

- У мяне ж нявеста ёсць, а ты яшчэ ж маленькая...

- А я хутка падрасту, ты пачакай трошкі, - умольваю брата, і ў мяне такі прыліў любові да яго, што не ведаю, як і расказаць яму пра тое, - я і прыгожай стану, вось пабачыш...

- Ды ты і так самая прыгожая ва ўсім княстве, - шэпча мне Ўладысь на вуха ласкавыя словы, цалуе ў шчаку, - акурат пара нашаму княжычу...

Ледзьве не плачу, чуючы зноў пра княжыча, ужо і злуюся на брата, адварочваюся ад яго, адчуваю, што пачынаю ўжо і ненавідзець сына вялікага князя, адзін толькі напамінак пра яго выклікае ў маёй душы незразумелае зло і крыўду...

Але я засынаю на дужых руках брата пад яго шэпт-аповед пра нешта казачнае і патаемнае, вядомае толькі нам абаім...

Дзе цяпер браткі мае? Што сталася з імі? Біліся з маскавітамі, і не чуваць цяпер, дзе сёння...

Вайна вялікая пачалася. Захопнікі хочуць людзей у рабства пагнаць. Кажуць яшчэ, што царскія войскі жорсткія расправы чыняць з людам полацкім...

Не раз нападалі на Полацак то з Усходу, то з Захаду.

З Украіны казакі дапіналі нават да Турава - руйнавалі пажарамі і мячамі мястэчкі і вёсачкі, высякалі гарады і паселішчы...

І кожны палачанін думае, жахаецца - няўжо такі жорсткі маскоўскі цар, што не шкадуе ні старых, ні малых?

Казалі людзі, што быццам бы цар Пётр Першы наважыўся на наш Полацак кірунак узяць, прыехаць са сваёй світай.

Ці праўда толькі тое?!

 

Ранічкай бацька, як і абяцаў, узяў мяне з сабою.

Мы ідзём халодным ранкам, і сіберны, пякучы вецер б'е шрацінкамі ў твар. Але мне не холадна - навучылася трываць холад, цярпець: татачка і наўчыў мяне.

Ён ідзе няспешна паперадзе, унураны ў сябе. Я ведаю, як яму нялёгка, невыносна цяжка. У яго баліць сэрца не толькі за сям'ю, за нас, дзяцей яго, а і за Полаччыну. Ён раз-пораз уздыхае, а думкі яго далёка-далёка...

Па дарозе да нас далучаецца дзячок Рыгорка Шкрабін - рухавенькі, невысокага расточку, з бародкай дзяцюк. Неаднойчы бываў у нас у хаце, салодкія мне абваранкі прыносіў. Павітаўся, мяне прытуліў да сябе, і я адчула, як ад яго запахла воскам і часнаком. Пахваліў, што я ўжо дарослай стала, пекнай палачанкай.

- Бяда, Мікіта, ой бяда якая! - заківаў галавой дзяк, і ў голасе я пачула вялікую трывогу - голас Рыгоркі выдаваў. - Маскавіцкі цар едзе праз Полацак, мо ўжо і прыехаў... А што робяць яго збройныя людзі - не перадаць! Кажуць, што гараць-палаюць наўкола паселішчы - гарады і вёскі, смерць наслаў на нашую зямлю... - і перажагнаўся - раз, другі, трэці, - прабач мне, Божа, даруй грэшнаму, святая Еўфрасіння!

Хрысціцца і бацька, як і я, трывожыцца следам за дзячком:

- А мо Сафійку не чэпіць? Святая князёўна Еўфрасіння будавала з Божае ласкі і згоды - няўжо не пабаіцца цар граху перад Богам?

- І я спадзяюся, Мікіта, але, каб ты толькі ведаў, як баліць у мяне душа! - уздыхае Рыгорка, зноў хрысціцца, павярнуўшыся на ўсход.

Загаўкалі сабакі. Падаў голас певень.

Месячык то схаваецца ў шэрыя воблакі, то зноў выгляне - як быццам пацікавіцца хоча ў праёміну: а што там на зямлі, ці ўсё ў парадку ў Божых уладаннях?

Мне дык і зусім стала душна - ад хуткай хады. Бацька не аглядваецца, прыспешвае крок, пэўна, забыўся пра мяне. І добра - што я, маленькая? Я ўжо дарослы чалавек, таму за сябе пастаяць змагу, у крыўду сябе не дам...

Дзяк, перад тым як адамкнуць сабор, доўга моліцца, даўжэй за нас з бацькам, укленчвае:

- У імя Айца, і Сына, і Святога Духа... Божа наш міласэрны, які ў небе, прабач нас, грэшных, што ўваходзім у тваю хату... Валадар наш Усёмагутны, прабач і ўратуй нас!..

Мы заходзім у сабор і зноў молімся, ужо стаўшы на ўзвышак, дзе амбон, схіляем нізка галовы.

Рыгорка замыкае дзверы і ідзе ў свой закутак. Мы ж з бацькам падымаемся па прыступках наверх - да званіцы.

Раз-пораз спыняемся, аддыхваемся - найбольш бацька. Апошнім часам ён хварэў - хадзіў на дзікоў і застудзіўся. А ён жа ніколі не баяўся холаду - босы па лёдзе хадзіў, у мароз у палонцы купаўся. У яго ад цяжкай хады сіпела ў грудзях, узмакрэў лоб.

Вось і апошняя прыступка. Мы падымаемся наверх - па лесвіцы з тоўстымі дубовымі маснічынамі. Бацька прапускае мяне наперад:

- Табе першай ісці. Да Бога бліжэй будзеш.

Я падымаюся да праёміны, і ў твар дыхнуў жорсткі, са снегам, вецер, пранізаў усю - з ног да галавы.

Полацак - як на далоні. Хаця ж яшчэ і прыцемак, але ўгадваюцца хаты, цэркаўкі, рамесніцкія майстэрні. Тата мяне прытульвае да сябе, да свайго худога цёплага цела, хавае ад холаду, пытаецца:

- Прыгожы наш Полацак, дачушка?

- Надта прыгожы, татачка! Мо і ў свеце прыгажэй за яго няма.

- Так, дачушка, так, праўду гаворыш... Святая Еўфрасіння праславіла яго на ўвесь свет. І сябе ўзнесла на вялікі нябесны прастол. Бог упадабаў яе за добрыя святыя клопаты. Бо шмат дабра людзям зрабіла. Не холадна табе, Парасачка?

- Не. То напачатку было холадна, а цяпер сагрэлася ўжо. Горача нават стала.

Яшчэ нейкі момант стаім, углядаемся ў засмужаную далеч, маўчым. Бацька парушае маўчанне:

- Пара, дачка! Цяпер - пара!

Ён адвязвае ад праслаў вяроўчыны, дае мне:

- Пачынай, дачка! І запомні: з першым звонам на Сафійцы ты становішся іншым чалавекам... Цябе чакаюць вялікія выпрабаванні - ты іх пераадолееш, бо тваёй заступніцай заўсёды будзе Прадслава - святая Еўфрасіння. Звані!..

Ледзьве стрымлівала дрыготку ў руках. Не ад холаду яна да мяне прычапілася, а ад хвалявання, узбуджанасці, ад урачыстасці святога моманту. Сапраўды, я гэтым ранкам пераступіла нейкую нябачную, але вельмі важную мяжу...

Падымалася наверх дзіцем, назад жа, дадому, вярнуся дарослай палачанкай, з разуменнем адказнасці і свайго прызначэння. Разуменне ўсяго гэтага прыйшло нечакана - і назаўсёды.

- Звані, Парасачка, звані! Скажы толькі святой Багародзіцы і Госпаду нашаму, што мы чуем іх і верым ім, дзякуем, што маем з Божае ласкі такую прыгожую зямельку!

Я працягнула вяроўчыну, накручваю, як вучыў бацька, на руку, цягну на сябе важкую булаву - «язык», што вісіць у звоне. Ён пакрысе гайдаецца, але марудна, і тады мне памагае бацька - раз тузануў, другі... Я амаль і не адчуваю, як ён памагае мне...

- Бум-ммм! Бум-ммм!.. ммм! - панеслася слабое напачатку, як бы нясмелае, але настойлівае гудзенне.

- Бум-ммм!.. Бу-ууумм! - і другі, і трэці раз - ужо мацней, упэўненей і гучней - цяпер ужо чуўся працяжны і магутны ўладарны звон, які чулі людзі не толькі ў далёкім Кіеве, а і ў небе.

Мой слабейшы звон уплятаўся ў басавіты бацькаў, што быў побач, аздабляў яго, узмацняў, і гэтае суладдзе гукаў даносілася да кожнага праваслаўнага верніка, усяляла ў яго святую веру, давала сілу, спадзяванне на лепшыя часіны - жыве Сафійка, то будзе жыць і народ!

Ніколі ў мяне ні да гэтага, ні пасля не было такой урачыста-лёгкай узнёсласці, яднання з Богам, разумення Сусвету, свайго месца сярод людзей. Ніколі мяне потым не наведвала такая шчымлівая, што даходзіла да слёз, радасць. Мне здавалася, што з кожным уздыхам звона, чароўнага звона, ляцела ў паднябессе і мая душа.

Я была птушкай з магутнымі крыламі. Я абдымала нашую зямлю і ратавала яе ад няшчасцяў і гора.

Першы раз у жыцці перажыла ў сваёй душы вялікае свята. Свята яднання з Богам. І тады ж я адчула, як стогне полацкая зямля і просіць у Неба паратунку і заступніцтва. Пачула яшчэ крыкі людзей і жывёлы - кароў і свіней, якія больш за людзей адчувалі трывогу і гора, і тое перадавалася іх гаспадарам...

Да маіх наздрынаў данесліся смярдзючыя пахі пажараў, пахі попелу і вуголля, што заставаўся замест хацін...

Да вушэй далятаў крык адчаю.

Мяне пранізваў усю крык аб дапамозе.

Я яшчэ адчувала кроў. Шмат крыві.

- Татачка, чуеш - зямля гарыць! - крычу яму на вуха. Ён усміхаецца, аж прыжмурваецца, але, мусіць, не чуе, хаця трывога, што пасялілася ў ім звечара, не знікла. Яна вырасла яшчэ больш. І мае словы перасцярогі толькі больш яшчэ пераканалі, што з гэтым звонам, які абудзіў раніцу, пачаўся адлік новага часу, крывавага часу - новай жорсткай эры...

Мы пра тое ў тую раніцу толькі здагадваліся...

І тады бацька пачаў званіць ужо неяк інакш. Не так, як заўсёды. Я тое адразу заўважыла. У звона з'явіліся душа, боль і трывога. І ён разлягаўся па ўсім наваколлі, будзячы ў людзей трывогу, папярэджваў, крычаў пра гора і боль, што абрынуліся на Полацкую зямлю... Адчула тое сэрцам, бо яно пачало сціскацца і шчымець - як яго нехта прымушаў браць на сябе неабдымны боль усяго княства...

- Цяпер пачуў! Цяпер я пачуў! Валадар Нябесны, памажы нам, грэшным! Жыццё забяры, а зямлю маскавітам на здзек не аддавай! Перад продкамі будзе сорамна, што чужынец топча і паліць вёскі і гарады, высякае сякерамі і мячамі жывых людзей, забірае іх душы! Памажы, Гасподзь Усёмагутны!..

- Памажы, Божачка, памажы, Святая Багародзіца, заступніца наша, як просіць мой татачка! - прашу я, умольваю, а трывога ўзрастае, шыецца халоднай вужакай пад грудзі, без жалю джаліць, дастае атрутным язычком да самага сэрца.

- Памажы!..

- Уратуй, Божа, і захавай!..

 

Каб адагрэцца, спускаемся ўніз. Нас не трымаюць ногі.

Дзяк маўкліва запальваў свечкі, і прыемна патыхала вашчынай. Пасля прыйшлі і іншыя вуніяцкія святары, пачалі служыць імшу.

І зноў стала ціха. Гаварылі пра тое, што Пётр Аляксеевіч быў набожным чалавекам - прыціхаў перад вучоным манахам Сімяонам Полацкім. На той час ішла вайна са Швецыяй. У Паўночнай вайне памагаў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аўгуст Другі.

Вось на сустрэчу з ім, у Біржайскі замак, і ехаў у лютым 1701 года на паштовых падводах праз Полацак маскоўскі цар.

Нейкі ж злы лёс наканаваў, каб праз чатыры гады зноў выпала дарога цару праз Полацак...

Беларускія і летувіскія магнаты, што былі пад Сапегамі, падтрымалі шведскага караля Карла XII і памагалі яму войскам. Прыхільнікі шведаў абралі сабе каралём і вялікім князем Станіслава Ляшчынскага. Такім чынам, Рэч Паспалітая набыла сабе двух гаспадароў, і нечакана між імі разгарэлася вайна.

Тады скандынавы занялі Летуву і Гарадзеншчыну.

Ой як тое не спадабалася маскоўскаму самадзержцу!

Ён проста азвярэў, мацюкаўся і пасылаў праклёны скандынавам. А ў душы і радаваўся такому зыходу падзей: ёсць жа выдатная прычына распачаць вайну ў Беларусі!

І вось сямідзесяцітысячная армія рушыла ў бок Полацкага княства. Цар быў упэўнены ў сваёй перамозе. Ён абвясціў паслам, што робіць справядлівы паход.

Але полацкія святары ведалі, што цар не настолькі быў набожны, каб клапаціцца пра жывыя чалавечыя душы, пераканаліся ў ранейшых яго паходах. Таму манахі-базыльяне адаслалі з кляштара, што быў пры Сафійскім саборы ў Барысаглебскай царкве, што ў Задзвінні, срэбную труну з мошчамі Іясафата Кунцэвіча ў Жыровічы. Ведалі святары, як адносіцца манарх да вуніяцкай царквы...

Тым часам развіднела. Праехалі паўз кафедральны сабор адны сані, другія. Нейкі вазніца прывёз у горад сена, ды не ведаў, дзе пражываў купец, таму і распытваў у людзей пра яго.

Нам зноў прыйшла пара падымацца на званіцу. Каб аддзячыць Богу за клопаты пра нас, папрасіць прабачэння за грахі і памылкі.

- Бум-ммм!.. Бууу-ммм!

Гул званоў нарастаў і нарастаў. З ім і нарастала трывога. Яна мацнела, набывала неабдымныя памеры...

Да нас падняўся напалоханы дзяк. Быў ён задыханы, і ў голасе дрогкім быў спалох. Абвясціў:

- Бяда, Мікітка, бяда! Божачкі!.. Не звані... Цар загадаў. Ён унізе. Гразіўся, калі не перастане звінець... ой, Божа!..

І пабег тут жа ўніз. Бацька нічога не зразумеў з яго слоў. Загадаў мне сядзець і затаіцца. А калі што якое, то раіў схавацца ў невялічкую прыбудоўку, дзе мяне ніхто знайсці не зможа. Сам падаўся следам за дзякам.

Мне боязна было парушыць бацькаў загад. Нейкае падсвядомае пачуццё і сіла штурхалі мяне туды, уніз, каб я, менавіта я засведчыла сваім вокам тое, што магло адбыцца... А што магло здарыцца ў святым кафедральным Сафійскім саборы, акропленым і ахрышчаным святой вадой патрыярха? Бог абароніць, Бог заступіцца за невінаватых...

З вялікай насцярогай спускалася ўсё ніжэй і ніжэй.

Нехта ўладарна і гучна закрычаў унізе. Рэха паскакала па белых сценах з фрэскамі святых. Зажмурылася ад страху маляваная на сцяне Еўфрасіння. Рэха заскочыла пад вільчык купала, забілася там пад чорны звон.

Бачыла зверху, што шараговых вернікаў-вуніятаў у Сафійцы не было. Малілася шасцёра святароў і манахаў.

А дзе ж той, пра каго гаварылі са страхам, якога баяліся як агню? Дзе ж ён, чаму не бачна? А, вунь... вунь ён - цар! І памагаты побач - Меншыкаў. Там жа і некалькі афіцэраў. З імянінаў у Божы храм - да мяне далятае пах гарэлкі. На добрым, мусіць жа, падпітку, бо вунь як Меншыкаў калываецца - вось-вось упадзе...

- ...токмо не уважаете царя всероссийского, который несет вам освобождение! - грымеў голас, і зноў рэха ўзляцела пад вільчык Сафійкі.

Я сцялася ад страху, да крыжа прыціснулася. Зноў праціўная дрыготка падкацілася да мяне.

Потым жа цікаўнасць усё ж узяла верх - захацелася яшчэ ніжэй спусціцца. Легла на прыступкі так, каб можна было назіраць за тымі, хто быў унізе.

Схілілі ў малітве галовы святары. Чарнарызцы выглядалі супраць бамбізы-цара няйначай казуркамі.

А ён стаяў у батфортах, з мячом у похвах, у камзоле з залатой абшыўкай. Побач і афіцэры - крыўляліся, перадражнівалі святароў. Якімі дурнямі выглядалі, самі таго не адчувалі, не ведалі, не здагадваліся...

- Осмотреть желаю Софию, которую вы называете святой! - перапыніў цар нечакана імшу. - Убедиться хочу в этом. Ну-ууу!..

Вікарый Канстанцін Зайкоўскі спыніў богаслужэнне. Пачаў выконваць царскі загад. А кажуць, што ў чужую царкву са сваімі параносвамі не лезуць. Але то, мусіць, не цароў тычылася.

Пачаў вікарый тлумачыць Пятру Аляксеевічу, што да чаго. Спыняліся каля кожнага алтара. Цар, здавалася, уважліва слухаў, нервова круціў плячыма, скуб вусы.

- А это кто? Что за святой? - цар невядома чаго пачаў распаляцца, стражэў усё больш і больш, вочы наліваліся крывёю.

Айцец Канстанцін, трэба было прызнаць, праявіў смеласць, спакойна і з гордасцю прамовіў:

- Гэта, ваша царская вялікасць, полацкі арцыбіскуп Іясафат Кунцэвіч. Прыняў пакутніцкую смерць.

- Кто же его отправил на тот свет? - самадзержац крутнуў шалёна галавой, набычыўся, чакаючы, што скажа святы айцец.

Такім жа смелым быў і адказ:

- Святога айца Іясафата пазбавілі жыцця віцебскія схізматыкі, вашая царская вялікасць!

Пудовы кулак расейскага цара тут жа апусціўся на галаву пажылога святара. Зайкоўскі ўпаў, і цар пачаў біць яго важкім кіем, а потым, стаўшы шалёным і непазнавальным, замахаў шабляй.

Меншыкаў, бачачы, як забаўляецца цар, сам выхапіў палаш і забіў прапаведніка Феафана Кальбячынскага, які маліўся на святога Кунцэвіча. А афіцэры ўжо секлі рэгента саборнага хору Якуба Кнышэвіча, айцоў Анкудовіча і Мялеція Кандратовіча...

Са сценаў кафедральнага сабора глядзелі святыя.

Па падлозе храма ракой цякла густая кроў, і па ёй, слізгаючы і падаючы, мацюкаючыся, коўзаліся цар і яго афіцэры.

Мне было бачна, як афіцэры дапіналі старога архімандрыта Якуба Кізікоўскага, катавалі яго, рэзалі па жывому, дапытваліся, дзе саборны скарб. Не дапыталіся. Павесілі, так нічога і не дазнаўшыся.

Такі ж лёс напаткаў і акрываўленага Зайкоўскага...

Упаў, абезгалоўлены, і мой татка. У мяне пацямнела ў вачах, усё пачало перакульвацца, і я адчула, што вось-вось страчу прытомнасць.

- Татка, татулечка! - крычу што ёсць сілы, але голас у мяне прапаў - нават і прашаптаць слова не магу, прасіпела невыразнае штосьці... Усярэдзіне ўсё здранцвела.

Вочы мае выразна бачылі, што вытвараў расейскі антыхрыст у Божым храме. Але мой дзіцячы розум адмаўляўся што-небудзь асэнсаваць і ўспрыняць убачанае. То было ўсё супраць логікі. Супраць чалавечнасці і Бога...

Усіх, хто быў у храме, цар і яго афіцэры пасеклі, як капусту. Цар звар'яцеў і сек усё, што пападала пад руку. Потым ужо, як стаміўся, асунуўся на лаўку. Загадаў тут жа спаліць пяцярых нябожчыкаў, а попел развеяць над Дзвіной.

- Для того, чтобы это место никогда не было местом поклонения! - растлумачыў цар. Ён цяжка дыхаў - значыць, цяжкая была праца адбіраць чалавечыя душы.

Дзе ты, Божа? Дзе ты, заступніца нашая, святая Еўфрасіння? Паглядзіце, што ў святым храме робіцца! Чаму дазволілі вырадкам утварыць такое? Ці пакарае іх хто за тое?

Сведкі таму злачынству былі.

Я і ёсць першая сведка: праз мае вочы будучыя пакаленні павінны ведаць пра гэткі жах, гэткае крывавае злачынства. Нездарма ж, мусіць, мяне паслаў нехта ўбачыць праявы антыхрыста...

Меншыкаву ж крывавы дыктатар загадаў:

- Забрать всё - книги, иконы, золотые кресты и всяческую церковную утварь... и мы приумножим богатства России!

Як толькі яны пераступілі парог і выйшлі на вуліцу, я, мусіць, страціла прытомнасць. Пад грудзі падкаціўся даўкі камяк, закружылася галава. Нават не паспела заплакаць. Я правалілася некуды ў бяздонне, дрыжучы ўсім целам. Не магла набраць на поўныя грудзі паветра, каб выдыхнуць з лёгкіх боль, каб хоць як-небудзь аблягчыць свае пакуты...

 

Мяне разбудзілі галасы.

Едкі дым выядаў вочы. Унізе ўжо маскавіты цягалі і цягалі дарагі скарб да павозак. Насілі кнігі, шытыя золатам і срэбрам рызы, скіпетры, аздобленыя дарагімі камянямі крыжы. Здзіралі баграмі са сцен іконы святых. Усё складвалі ў куфэркі і неслі да павозак. Яны ўжо даверху былі набіты царкоўным багаццем. Павозак было некалькі дзесяткаў...

Крычалі, смяяліся, мацюкаліся, хадзілі і не зважалі на слізкую кроў; мачыліся і спраўлялі патрэбу тут жа, у храме... Ні сораму, ні павагі да Бога. Няўжо антыхрысты? Няўжо на іх няма крыжа? Пэўна ж, няма, калі такое ўтварылі. Калі рабуюць, калі загубілі столькі жыццяў! Не ў баі загубілі, не на вайне, а на безабаронных святароў накінуўся Пётр Першы...

Праклён табе шлю, маскоўскі самадзержац! За бацьку свайго. За той сорам, што ты наслаў на Сафійку і на народ Полаччыны!

Праклён табе ад усяго княства Полацкага! Анафема!

Такі сорам табе, расейская дзяржава, трымаць не адно стагоддзе. То будзе табе кара Божая! Анафема табе, анафема!

Я была як нежывая - як спалярушавала ўсю мяне. Не слухаліся ні рукі, ні ногі. Нават пальцам не магла паварушыць. А слёзы яшчэ так і не прарваліся, не аблягчылі боль. Ён тупой стрэмкай упіўся ў маё сэрца...

Татачка, харошы мой татка! Вось чаму цябе прыгнятала цяжкое прадчуванне! Ты ўжо колькі дзён ведаў, што жыць табе заставалася зусім мала... І таму як сведку смерці сваёй узяў мяне з сабою ў храм. Сведку не толькі сваёй смерці, а і Сафійкі - ад крыважэрнага маскоўскага забойцы... Я і праз стагоддзі, колькі і будзе жыць мая душа, кожны раз засведчу тое, што бачыла на свае вочы. Засведчу, як па калені ў крыві хадзіў ён, расейскі цар, адчуваючы сваю беспакаранасць. Анафема табе, анафема!

Толькі пад вечар я спусцілася ўніз. Забегла ў каморку, хацела забраць торбачку, што прынёс раніцай бацька. Не знайшла яе там. Нечакана пачула стогн. Агледзелася. На падлозе варушылася рыззё. Пад ім нехта хаваўся. Адкінула ашмоцце і ўбачыла скрываўленага Юзафа Анкудовіча. Ён адзін і выратаваўся ад каранаванага ката і яго вылюдкаў...

- Я прытварыўся, дачушка, забітым, а потым адпоўз сюды... - плакаў святар, размазваючы кроў і слёзы па твары. - Божа літасцівы, што робіцца на белым свеце... Азіяцкі тыран, а не цывілізаваны манарх, прабач мне, Гасподзь, за грахі мае... Пакліч, Парасачка, каго з дарослых, у мяне кішкі з жывата выпаўзлі... Табе няможна глядзець такое...

Анкудовіча ўратавалі.

Глыбокай ноччу дабралася я да сваёй хаты. Да былой хаты. Яна дагарала на маіх вачах, а мамка, скрываўленая, ляжала на градах і ледзьве дыхала, не адчувала холаду мёрзлай зямлі...

І тут гора. Усюды - гора.

Па ўсім княстве - вялікае гора і няшчасце...

 

Нас звязалі вяроўчынамі і пагналі, як быдла, да астатніх людзей, што тоўпіліся і сядзелі на выгане.

Салдаты вязалі нас, білі палкамі, як валоў, якія не слухаліся. Яны і лічылі нас, палачанаў, за быдла, а не за людзей. Бо дзе ж гэта, у якой іншай дзяржаве абыходзіліся так з мірнымі паланёнымі, з родам чалавечым?!

Мо таму і самі былі як звяры. Горш за звяроў...

Нас багата. Нас - шмат. Нас столькі, што здавалася, усё княства сагналі ў гэты паднявольны гурт, зрабіўшы з нас рабоў. Стогне ад пажараў мая зямля. Стогнуць ад болю і здзекаў людзі, прывязаныя адно да аднаго царскімі вяроўчынамі - расейскія грэнадзёры як не для кожнага ліцвіна нарыхтавалі іх...

Спачатку маці, а потым і я страціла прытомнасць...

Мяне нехта падтрымаў, не даў упасці, а мо і пранёс, высільваючыся з апошняга, з якой паўвярсты. Потым даў пажаваць скарыначку хлеба... Смаку не адчула, як не адчувала ўжо пякучага болю ў руках і нагах...

Напачатку было холадна, бо пасціраліся мае пасталы і я ўжо амаль босымі нагамі краналася ўмёрзлай зямлі...

І тут да маёй свядомасці даляцеў нечы голас - ці то браточка майго, ці то суджанага, не ведаю. Папытаўся, дзе я і што са мной. Янінкай чамусьці назваў. А я ж Парасачка...

Адказала, што ў палоне. Што вядуць нас у маскоўскае рабства. Далёкі нейкі голас чуўся. Трывога была за мяне. Але памагчы мне не выпадала - як тое можна было зрабіць?

Мы далёка адышліся ад родных мясцін. Усе ведалі, што ніхто з нас ужо болей не вернецца дадому, не ўбачыць мілых і родных краявідаў, роднай Полаччыны...

Зноў спыніліся на спачынак. Пападалі адразу там, дзе хто стаяў. Ногі ўжо не трывалі.

Тады ж і прыскакалі да нас царскія вершнікі. Спыніліся, агледзелі, колькі нас засталося.

Не злазячы з коней, абвясціў адзін з іх зычным голасам:

- Слушайте все царский указ - мемориал Петра Первого, императора всероссийского! Дабы вы все не усомнились в доброте и милосердии Богом посланного великого российского государя Петра Великого...

Мы маўчалі. Усцешвала хіба невялікая перадышка. Льга было прымружыць вочы, хоць трошкі адпачыць.

Гучны і пранізлівы голас на чужой мове абвяшчаў:

- «...Униатские духовные непрестанно с неприятели шведы и сапежницы имеют тайную корреспонденцию и опасные намерения противу войск царского величества. Однако ж его царское величество, уничижая те их злобы и снося великодушием своим, никакой противности им учинить не повелевал. Не последи, егда случилось его величеству итти мимо их костела и желая видеть их церемонии, пошел с несколькими знатными особами двора своего, когда помянутые злочестивые не токмо его величества с подобающею честью не приняли, но наипаче со всяким безчестием... Еже царское величество, однако ж, по благоутробию своему снес и пришед к некоторому ту паче прочих украшенному образу, вопрошал их: «Чей то образ?» Но сии злочестивцы ругательно отвещали, что сей образ священномученика их Иосафата, которого-де ваши единоверцы еретики и богоотступники и мучители, как и вы, убили. За которую мерзкую хулу возъярившися, повелел его царское величество при себе тогда обретающимся людям оных хульников и уличенных изменников взять и принесть за арест для осуждения, изшед сам вон от сих богомерзких...

Но оные... видя наших малолюдство, начали сим его царского величества людям противиться и кричать о помощи, так что еще иные к ним из их причету на монастыре со оружием приставили, хотя их отбить, и в том сопротивлении некоторых из его царского величества людей ранили... за что оные, озлоблясь, начали сами сих злодеев не щадя рубить, так что четыре из них, против воли царского величества, смертельно ранены и померли, избавя себя по отчуждению от достойной смертной безчестной казни...

Сие есть тако истинное возвещение того случая, еже всякому по известию служит, дабы клеветники того, ко вреду его царского величества высокой справедливости и приятственных к Речи Посполитой поступков, не могли инако разглосити...»

Я ж ведала цану гэтым словам. Кожнае слова - хлусня!

Працверазеўшы, мусіць жа, раніцай, забойца святароў задумаўся, зразумеў, што ўтварыў, вось і напісаў той мемарыял. Каб апраўдацца ў вачах нашчадкаў?

Не, памыляўся ён надта, злачынства нельга схаваць ні за якімі хлуслівымі радкамі. Як і не схаваюць грэнадзёры цара таго, што ў Менску абчысцілі жаночы вуніяцкі манастыр Святой Тройцы, шукалі спажывы - золата. Пасля таго - Святадухаўскую царкву на Высокім рынку, а храмы, а кляштары? То рабілі ўсё крывавыя рукі царскай арміі.

А злачынствы царскіх казакаў і калмыкаў? Здабычы падалося ім мала, і пачалі яны рабаваць цэрквы аднаверцаў. Менскае брацтва кінула кліч: «Да зброі!..» І тады ж адбылася крывавая бітва на Нямізе...

Вынікі той Паўночнай вайны трагічныя: з двух мільёнаў ліцвінаў (беларусаў) засталося... дзевяцьсот тысяч...

Супакой, Божа, душы невінаватых, закатаваных салдатамі Пятра Крывавага!

Да мяне словы царскіх пасланцоў даляталі як з-пад зямлі. На сваім целе я адчула ласку і пяшчоту царскай міласэрнасці. Перад вачыма ўсё жыццё будзе стаяць відовішча ў Сафійцы і па калені ў крыві расейскі самадзержац. А, адумаўся! Датумкаў, дайшло да яго розуму, што супраць Бога ўтварыў яго меч? Цяпер свой грэх і злачынства хлуснёй прыкрыць хоча? Спадзяецца, што яго мемарыял увойдзе ў гісторыю і будуць праз сотні гадоў ламаць гісторыкі галаву - чаму ж гэта такі супярэчлівы ўказ цар выдаў? Са страху? Пра нас жа, смердаў, людзей зямлі, карміцеляў, у летапісах і не ўспомняць. Летапісцаў у шараговага люду ніколі не было...

Але мы - не мёртвая гісторыя. Мы - не безжыццёвы радок у ёй...

І ўсё ж мы не нямыя цяпер, а жывыя з жывых сведкі. І на Вялікім судзе ў судны дзень сведчыць будзем пра тое, што бачылі. Таму і абвінавачваем сваіх ворагаў і таго, хто выдаваў «высочайшие указы и мемориалы» аб нашым зняволенні.

Царская армада, ідучы на Полацак, вынішчыла дарогай усе паселішчы, папаліла і ў палон пагнала тысячы і тысячы ліцвінаў... Потым жа, вяртаючыся на Масковію, зусім ужо іншай дарогай, набіўшы з коптурам вазы і павозкі нарабаваным багаццем, зноў палілі, забівалі, рабавалі, гвалтавалі дзяўчат і маладых мацярок...

Такога здзеку над сабой даўно ўжо не ведалі людзі Вялікага Княства! Ды мо і не было такога і зусім...

Мы зноў пакрысе рухаемся наперад. Сунемся, як здані, як нежывыя, і невядома, што нам дае яшчэ сілы, каб перастаўляць ногі.

Усе падаюць на мёрзлую зямлю, у камяністую храпу, каб адпачыць. Але пасля гэтага падымаецца ўсё меней і меней люду... Я ўжо даўно не бачу сваёй матулі. Не памятаю, дзе і калі яна загінула ў гэтым пекле...

Дзе ж ты, Магутны Валадар, чаму адвярнуўся ад нас? Чым угнявілі Цябе, што дазволіў чужынцам так здзекавацца з нас?!

З усёй нашай вялікай грамады засталася невялічкая купка людзей. Мы і не людзі, можа, бо непадобны ні на адну жывую істоту на зямлі. Мы - ніхто. Мы - міраж. Мы - здані і смерць...

Завіруха шпурляла ў нас снежныя крупы і льдзінкі, секла даўно абмарожаныя твары, якія ўжо нічога не адчувалі, не рэагавалі ні на што.

Не ўсе, вядома, дойдуць з нас да той далёкай і ненавіснай Масквы, каб стаць там прыгоннымі і рабамі. Колькі таленавітых майстроў і дойлідаў аддадуць свой Божы талент чужынцам, будуючы, узводзячы той горад!

Колькі таленавітых дойлідаў, мастакоў, паэтаў, друкароў загінула па той дарозе ў маскоўскае рабства!

Таму хай не здзіўляюцца нашчадкі ліцвінаў, калі праз шмат стагоддзяў, наведваючы гэты горад, у вас шчымліва зойдзецца сэрца і ўздрыгне ад незразумелага болю. То вас прашчур пазнаў і перадае праз вас прывітанне сваёй зямельцы. Далёкі прадзед ваш ці прабабуля... Адкажыце ім нізкім паклонам, прачытайце, калі ўмееце, малітву! Вы аблегчыце ім боль і пакладзяце бальзам на іх душэўныя раны...

Тады яны абавязкова крыкнуць вам услед: «Родныя мае! Землякі! Ніколі не забывайцеся на далёкае мінулае! Ні-коо-лі! Чуеце, ніколі! Бо вялікі грэх возьмеце на сваю душу!..»

 

У мяне сціскалася сэрца і разрывалася ад таго, што я бачыў, што адчуваў і перажываў. Я стаяў побач, клікаў Парасачку, але яна не заўважала мяне, глядзела няўцямна некуды наперад...

Яна ўжо была непадобнай на чалавека - змарнелая, адзенне абарвалася і спаўзло з цела. Дзяўчына была амаль голая і босая...

Здаецца, на маіх вачах выступілі слёзы, і я выдаўжыў руку, каб націснуць на кнопачку, каб спыніць і яе, і свае пакуты...

Але мяне апярэдзіла рука Яніны.

У пакоі зноў стала светла. Але я не расплюшчваў вачэй. Быў яшчэ пад уражаннем убачанага і перажытага.

- Божа, як гэта страшна! Янінка, каханая мая, як ты толькі ўсё тое і вытрымала?! Але я хачу даглядзець усё тое да канца, як бы цяжка ні было тое ўспрымаць...

Яніна акругліла вочы, як азёры, спалохана запярэчыла:

- Не-не-не!.. Ні ў якім разе! Не трэба, Антон, вельмі прашу! Ну, нельга...

- Ты там... на той дарозе... памерла?

- Не, я дайшла да Масквы. Але ў тым і была мая трагедыя. Прашу, не пытайся ў мяне ніколі пра тое падарожжа. Паабяцай!

Маё маўчанне задоўжылася. Ніяк не мог асэнсаваць яе словы. Даўмецца не мог - чаму так не жадае Яніна, каб я ведаў усё да канца? Чаго асцерагаецца?

Альшанская стаяла ў мяне ззаду, паклала рукі на маю галаву - забірала ад мяне трывогу. Ахоўвала і аберагала мяне ад таго, што магло зашкодзіць нам, нашым адносінам. І я зразумеў, што яна баялася, каб у мяне нічога не з'явілася прыкрага ад убачанага пра яе. Во дурніца, хіба ж я нічога не разумею?

Ці яна баялася, што шкадаванне пераможа пачуццё кахання?!

На маё пытанне яна не адказала нічога. Ледзь-ледзь, чуваць было, кончыкі пальцаў вылучалі трывожныя біятокі.

- Прашу, Янінка, не хвалюйся - у сузор'і Кахання ніводная зорка не пагасне. Што б ні здарылася. Мы ж - суцэльны Сусвет. А ён не раздвойваецца.

Яніна нахілілася і пацалавала мяне - у шыю.

Але цяпер ужо яе праціналі дрыжыкі, як быццам стаяла ўсё яшчэ на тым марозе і халодныя вяроўкі ўпіваліся ў зняможанае цела дзяўчынкі.

Я ўстаў, павярнуўся да яе, прыхінуў да сябе, сціснуў да хрусту ў суставах. І трымаў да тае пары, пакуль не адчуў, што яна сцішылася, што па сасудах пачала пералівацца кроў спакойна, рытмічнымі штуршкамі. На шчоках выступіла слабая чырвань...

Цяпер я быў спакойны за яе стан. Цяпер яна была той, ранейшай, блізкай і жаданай, вясёлай і зямной.

Хваробу Яніны я ведаў. Быў упэўнены, што магу лёгка вылечыць яе. Па штуршках сэрца адчуваў. Па дыханні.

- Дзякую, мой рыцар, - прашаптала стомлена, - цяпер я зноўку нарадзілася. Сама не ведаю, што адбылося са мною.

«Божачка, што робіць са мною каханне! Я ж так баялася страціць цябе...»

«Калі толькі гэта, то дарэмныя твае перажыванні... Я ж побач, я ж заўсёды з табой...»

Мы вярнуліся зноў у яе пакой.

Яна легла на ложак. Прымружыла вейкі. Мая рука легла на яе цёплы лоб, і яна прыціснула яе яшчэ мацней. Ад мяне ў яе істоту пералівалася дужасць і жыццядайнасць. Дыханне рабілася больш спакойным і ціхім.

Жанчына правалілася ў сон. Зноў адправіў яе на росныя палескія лугі, дзе пах атавы адганяў лядайкае і даваў спакой.

Я сеў у прасторнае і мяккае крэсла-канапу, адкінуў да цёплага аксаміту галаву. Не скора да мяне прыйшла лёгкасць і супакаенне - перад вачыма стаялі, павязаныя вяроўчынамі, людзі. І сярод іх тая дзяўчынка, у якую перасялілася душа Яніны...

У такое падарожжа неўзабаве адпраўлюся і я.

Толькі якое стагоддзе выбраць? Які час?

Паглядзеў на Яніну - цяпер ёй патрэбен толькі спакой. Спаць яна будзе некалькі сутак - нервовая перагрузка так лёгка і хутка не праходзіць. Яніна лячылася сном. Маёй прысутнасцю. Нашым каханнем.

Мяне зноў апёк напамінак - я ж зусім забыўся пра працу на зямлі! Пра Змітрака забыўся! Я зірнуў на сонную Яніну - твар спакойны, ледзь-ледзь адкрыты рот, роўнае дыханне.

Цяпер яе доўга не будзе нішто трывожыць. Тым часам мне ўдасца ўладзіць свае пытанні. Мне не трэба яе папярэджваць, яна і сама здагадаецца, куды я падаўся.

Я лёг на дыван, выдаўжыў рукі па баках - уздоўж цела, прашаптаў затоена нашае чароўнае слова:

- Ахутавана! Ахутавана!

Цененька закалола ў скроні. Пасля адчуў бязважкасць. Перахапіла дыханне.

Мяне нехта падхапіў дужымі рукамі, падняў, а потым апусціў на брызент нашай раскладушкі.

Доўга не расплюшчваў вачэй - прыходзіў у належны стан.

Адразу ж пачуўся знаёмы пах - адкрытая бляшанка кількі ў тамаце, якую паспелі паспытаць мышы, патыхаў аднекуль бензін - з вуліцы? І смурод са сметніцы даносіўся, знаходзілася яна з тыльнага боку нашай прыёмні.

Да пачатку працы заставалася каля гадзіны. Можна было б яшчэ і падрамаць трошкі, расслабіцца - я ж таксама стаміўся.

Але за паўгадзіны раней прыехаў Рыгор Шамоцька - прывёз тару. Ледзьве разбудзіў мяне, грукаючы ў дзверы, здзіўляўся, скалячы жоўтыя пракураныя зубы:

- А дзе ж напарнік? Памагаць табе не буду - радыкуліт, каб на яго трасца, скруціў. Мо яшчэ і на бальнічны прыйдзецца ісці. Так што прабачай...

- Ды няма Зміцера. У паліклініку ўчора пайшоў і не вярнуўся, - праціраю кулаком вочы, ледзьве ўцямліваю, што ён ад мяне хоча.

Усхопліваюся з раскладушкі, бягу да крана, спалоскваю твар халоднай вадой. Астатні марафет навяду ў абед, калі льга будзе.

- Мо і захварэў Змітрок. А ты не хвалюйся, я і сам усё панашу - колькі там тых скрынак, на паўгадзіны клопату...

- Ну, давай, давай, - хмыкнуў Рыгор, сцепануў плечуком, недаверліва зіркануў на мяне, калываючыся, пайшоў да машыны - адкрываць барты.

«Браць ці не браць у яго хабар? - пакутаваў ён пытаннем. - З Дзімам было ўсё зразумела - прыходжу, сядаю ў кабіну, а на сядзенні ляжаць купюры ў канверціку... Люба-дорага... А гэты нейкі хмурына. Што ў яго наўме, адзін хрэн ведае...»

«Не перажывай, дам табе ў лапу...» - хацелася мне сказаць уголас, супакоіць чалавека.

Ну, што, пара ўключацца на пятую хуткасць? За Змітрака і за сябе. Трымайся, браце! Палундра!! Дзе мая маладая сіла? Дзе мой гонар? Наперад, спадар Клімовіч, не падвядзі працоўны калектыў і памочніка, які шмат праліў поту за цябе на гэтай падлозе...

Перш-наперш я выгрузіў тару. Ссунуў на край і бегаў з шалёнай хуткасцю туд-сюд, несучы ажно пяць скрынак. Назад - зноў ухапіў столькі, але з бутэлькамі. Хвілін пятнаццаць мне хапіла, каб справіцца з усім.

- Ну ты і даеш, малато-ооок! - пакруціў здзіўлена галавой Рыгор, не могучы даўмецца, як я змог так хутка разгрузіць і загрузіць машыну. - Аўтамат ты, а не чалавек... Ад Зміцера, мусіць, навучыўся?

- Не ад цябе, канечне ж! А барты ўжо закрывай сам, не ўмею тое рабіць, - прамовіў я на поўным сур'ёзе і не ўсміхнуўся нават.

Пакуль ён закрываў борт, я кінуў на сядзенне канверцік - няхай дзеліцца са сваім начальствам.

Да абеду, такім чынам, не разагнуў спіны - прымаў шклатару.

Прымаў, а ўсё пра напарніка думаў, хваляваўся. Не выходзіў з галавы - перажываў надта за яго. Мне без цяжкасцей можна было даведацца пра стан, калі скіраваў бы думкі і энергію на Зміцера. Але з ім рабіць такога не хацелася, не меў маральнага права: яго нараджэнне павінна праходзіць натуральна і без касмічнага ўмешвання.

У абед прывёў сябе, так бы мовіць, у належны выгляд - пагаліўся, памыўся. Бо апошняя жанчына, што прынесла посуд, настаўніца-пенсіянерка, была парторгам у школе, праведніца, падумала пра мяне: «Як гэны апусціўся хлапец! Ужо і галіцца лянуецца - спіўся зусім. А яшчэ такі малады. І адкуль у нашай Айчыне лад будзе? Такія морды штодня бачыць! Жах! Дзе, на чым можа спыніць свой позірк інтэлігентны чалавек? Брыдота вакол, брыдота...»

Але ж гаварыла са мной ветліва, нават «дзякуй» сказала і «да пабачэння». Культурная.

Пасля абеду пайшло лягчэй. Меней з'явілася чамусьці народу. Адзін дзівак прывёз на машыне пяць мяхоў пляшак з-пад піва. Дык я яму паставіў скрынкі, сказаў, каб сам іх і ставіў - без маёй праверкі. Яму тыя пляшкі ні ішлі ні ехалі. То з брыгады будаўнікоў яго адкамандзіравалі - напілі столькі за месяц. Кінулі жэрабя - і яму выпала здаваць. Ён жа на тыя грошы зноў піва накупляе і адвязе на будоўлю.

Пад канец працы, як на тое, збегліся людзі, здавалася, з усяго горада. І смеласці не хапіла закрыць кантору, і сіл ужо не было маіх складваць тыя скрынкі...

Сядзеў, лічыў, а здатчыкі самі і ставілі ў скрынкі. Радыя былі, дзякавалі, што памог пазбавіцца ад непатрэбнага посуду.

- Скажыце, каб за вамі больш не займалі чаргі, прымаць болей не буду, - папрасіў я сівога дзядка, што стаяў з сеткай бутэлек, - ужо і так гадзіну лішнюю прымаю - і я ж чалавек, і я адпачыць хачу...

Я ўжо гатоў быў падключыць касмічную энергію, каб аблягчыць сваю долю.

Апошнія рухі рабіў як у сне...

І ў рэшце рэшт замкнуў дзверы. Напрацаваўся, як дурны мыла наеўся.

Не ведаю чаму, але ад гэтага працоўнага дня я атрымаў незразумелае задавальненне.

Ляжаў, з прыемнасцю выдаўжыўшы ногі, на раскладушцы. Думаў пра рознае. Пра кепскае і добрае.

«А зерне, якое ўпала на добрую зямлю, гэта тое, якое, пачуўшы Слова, захоўвае яго ў добрым і чыстым сэрцы і прыносіць плод у цярпенні. Сказаўшы тое, Ён усклікнуў: «Хто мае вушы чуць, хай пачуе!» Ніхто, запаліўшы свечку, не накрывае яе сасудам ці ставіць пад ложак, а ставіць на падсвечнік, каб тыя, хто зойдзе, убачылі святло.

Таму што няма нічога тайнага, што не зрабілася б яўным, ні патаемнага, што не зрабілася б вядомым і не праявілася б...»

Як правільна пра ўсё сказаў святы Лука!

Мы маем вушы і вочы, душу і сэрца і павінны тайну мінулага ператварыць у вядомае і адкрытае для ўсіх.

Павінны і абавязаны.

Тое пацвердзілася мне тут, сярод пустых пляшак і слоікаў.

 

Нядзелька - законны выхадны. І распарадзіцца гэтым днём я мог па сваім жаданні.

Павінна была ўжо да гэтага часу прачнуцца і Яніна. Ці не спалохалася за маю адлучку? Не ведаў - чакаць яе ў пэпэша ці вяртацца да яе.

Калі ж падключыўся да яе хвалі, душа маўчала і не падавала ніякіх трывожных сігналаў. Супакоілася? Каб тое так і было...

А як жа ўсё-ткі Змітрок Кісялёў? Мо пачакаць да заўтра і потым ужо прадпрыняць што-небудзь? Калі здаровы, то павінен паказацца тут. Але трывога за яго здароўе не пакідала мяне.

Не вытрымаў, падключыўся да яго хвалі. Не адразу і пачуў яго.

Змітрок плакаў. Клікаў мяне. Умольваў, каб пабачыўся з ім. Неадкладна. Звяртаўся да Бога, абяцаў паверыць у Яго, калі пакажуся яму на вочы.

Знаходзіўся мой сябрук у бальніцы. З паліклінікі і забрала яго «хуткая», і адразу ж завезлі дактары ў рэанімацыю - запаленне лёгкіх, цяжкая форма. Везлі амаль нежывога - страціў прытомнасць і ніяк не мог выбавіцца з таго стану.

Зазваніў тэлефон.

Званіла яна, Вераніка. Без майго ўдзелу і просьбы. Мусіць, наступіў той час і момант, калі ўсё павінна ісці па тым адным сцэнарыі, які ім падрыхтавала жыццё.

- Мне Дзімку, - трывожна і стоена папрасіла дзяўчына, забыўшыся нават павітацца.

- Вераніка? Добры дзень. Яго няма. Ён...

- Прабачце, адкуль вы мяне ведаеце?

- Як добра, што ты пазваніла. Слухай мяне ўважліва. Змітрок чакае цябе. Яму вельмі цяжка ў гэтыя хвіліны. Толькі ты яму можаш памагчы. Толькі ты.

- Памагчы? У чым? Дзе ён, скажыце. Вы - Антон? - Дзяўчына, здаецца, пачала плакаць і не хавала ўжо сваіх слёз.

- Так, я - Антон. А Зміцер, Вераніка, у бальніцы. На пятым паверсе. У шостай палаце. Але пакуль у рэанімацыі. Заўтра ты прыйдзі да яго ў семнаццаць гадзін - ён да гэтага часу будзе пераведзены ў палату.

- Што з ім? - Сэрца ў дзяўчыны выскоквала з грудзей, ірвалася на волю.

- Ды на нашых скразняках застудзіўся, - стараўся гаварыць як мага спакайней, каб заглушыць трывогу дзяўчыны, - запаленне лёгкіх падхапіў... Не хвалюйся, усё будзе добра.

- Адкуль вы ведаеце? Хто вам сказаў?

- Доктар паведаміў. Я званіў паўгадзіны назад.

- Дзякуй, Антон! Вы мне памаглі вельмі. Ён шмат расказваў пра вас. Ён без вас не можа, як і без мяне. Вы ведаеце пра тое?

- Здагадваюся.

«Божачка! Памажы выжыць Дзімку, памажы!.. Я ведаю, здагадваюся, адчуваю, што ў яго нешта больш страшнае, але Антон не хоча гаварыць праўды, шкадуе мяне... Божа, як я вінаватая перад Змітраком, як заве яго Антон... Божа, уратуй яго!..»

Вераніка вымольвала ў Бога каханага. Праз боль і пакуты, праз недавер і рэўнасць, праз спадзяванне і роспач ішла насустрач яму, несучы свой нялёгкі крыж. І - верыла, што дойдзе. Перакананая была, што здабудзе сваё шчасце. Сэрцам тое адчувала.

Змітрок усё яшчэ быў беспрытомны. Калі дактары адышлі ад яго, глыбокай ноччу пракраўся ў той рэанімацыйны пакойчык. Паклаў халодную далонь на гарачы лоб - забраў гарачку і боль, шапнуў на вуха, лечачы яго:

- Аху-ху-ху-тавана-ааа!..

Ён усміхнуўся, не расплюшчваючы вачэй, здзівіўся:

«Ты ўсё-ткі прыйшоў да мяне? Я верыў, што ты наведаешся. То Бог цябе паслаў, бо я прасіў Яго пра тое. Святы Лука пра тое ж казаў: «І сказаў яму: «Устань, ідзі! Вера твая выратавала цябе!» Вось і мая, Антон, вера ў цябе, выратавала мяне...»

«Так, сапраўды - выратавала вера. І - Божае слова. Цяпер ты чуеш мяне, Змітрачок, мой добры сябручок?»

«А як жа, чую. Я і раней чуў цябе, ды не хацеў прызнавацца. Не разумеў напачатку, што такое са мной адбываецца. Баяўся чуць цябе, Вераніку... Мне думалася, што я звар'яцеў...»

«Ты стаў чалавекам. Стаў тым, кім і павінен быць. Ты быў здольным, таленавітым вучнем. Нам з табой неабходна зрабіць шмат добрых спраў для нашай Ліцвініі. Калі ты таго жадаеш. Калі сваім жыццём і ўчынкамі жадаеш памагчы Княству...»

«Таго я вельмі хачу. Дзеля гэтага жыву...»

«Прабач, што натаміў цябе, таму знікаю. Калі трэба, пакліч. Пачую цябе ў любы час...»

«Дзякую. Ідзі...»

Сэрца Кісялёва білася ўжо роўна і спакойна.

 

Нада мною цэлы Сусвет.

Нада мною - зоркі-пульсары, якія даносяць да людзей сваю моц і сілу, сілкуюць іх, умацоўваюць унутраную энергію.

Дзесьці там, у неабсяжнай прасторы, засталася яна, Яніна. Не ведаю, у якім кірунку і сярод якога сузор'я знаходзілася яна цяпер, але адчуваў, што зрабіў балюча, нанёс ёй крыўду. Ад таго яна і пакутуе, застаўшыся на адзіноце. Мо таму і адключылася ад мяне і не пасылае мне ніводнага слова.

Я не парушыў Запавет. Бо сказана ў «Дзяяніях»: «Вядомы Богу ад вечнасці ўсе справы яго». Я ж не ўцякаў. Прыляцеў на Зямлю, каб уратаваць Змітрака. Мы ж закліканы тварыць дабро і ляцець спакутаванай нечыяй душы насустрач - каб вылечыць яе ад болю.

Няўжо ў душы жыло, не выветрылася пачуццё рэўнасці і крыўды?

- Янінка, дзе ты цяпер? Адгукніся, чаму маўчыш?

Ні слова ў адказ, ні ўздыху.

Але праз колькі хвілін скрозь прастору часу я пачуў ледзь улоўны стукат яе сэрца - слабенькі-слабенькі, кволенькі - вось-вось абарвецца... Яна ўжо нічога не магла сказаць, нават падумаць, пажадаць, а значыць, і пагукаць мяне...

Магутны штуршок скалануў мяне, ударыў у левую грудзіну, рэзкі боль перакінуўся на патыліцу, у скроні. Так і ёсць - яна ў небяспецы! У вялікай бядзе! Ніхто, акрамя мяне, не мог прыйсці ёй на дапамогу...

Забыўшыся на перасцярогу - папярэджвала, што нельга мне яшчэ рабіць частыя пералёты Ахутаваны, - рашыўся, плюнуў на небяспеку, падключыўся на пастаянна да Янінчынага сэрца...

Хуценька лёг на раскладушку, зажмурыў вочы.

«І вось якую ўзнёсласць мы маем да Яго, што, калі папросім чаго па волі Яго, Ён слухае нас. А калі мы ведаем, што Ён слухае нас ва ўсім, чаго б мы ні папрасілі, - ведаем і тое, што атрымліваем тое, чаго просім у Яго. Я ж прашу аднаго: Божа, уратуй Яніну ад бяды, не адбірай у яе жыццё і маё каханне... Не адбірай. Бо страціць сэнс і маё жыццё, і маё існаванне. Тады Ты забярэш і маё жыццё».

А цяпер - Ахутавана, Ахутавана, Ахутавана!

Я напруціўся, сціснуў зубы.

Злёгку закружылася галава і адразу ж перастала.

Побач з сабою пачуў ледзь чутны стогн.

Калі ж расплюшчыў вочы, убачыў каля сябе Яніну - спакутаваную, амаль безжыццёвую. Паклаў даланю на лоб, але ёй не дапамог мой дотык. Яе пакідала абалонка жыцця. Была яна ружовага і белага колеру. Заставалася ўсяго толькі адна «пупавінка» - тоненькая нітачка, што трымалася за цемечка.

Баяўся вельмі - вось-вось абарвецца...

Мне прыйшлося сабраць усю сваю энергію і волю, каб нарадзіць жаданне цуда. Пачаў чытаць самую моцную малітву...

Вадзіў пры гэтым рукамі вакол галавы, ствараў магнітнае дадатнае поле, каб абалонка-аўра памкнулася назад, каб адчула прыцягненне... Яна ж спынілася і вісела на адным і тым жа месцы - як усё роўна раздумвала, што ёй рабіць далей...

Стараўся не адпускаць яе, позіркам сіліўся вярнуць да Яніны, умольваў, упрошваў, адначасова і баючыся напалохаць сваёй настырнасцю, пакрыўдзіць неасцярожным словам ці думкай.

Адчуваў, як самога пакідалі сілы, як слабела мая аўра, як пад скроні падкочвалася млявасць і пачыналі калаціцца ад слабасці рукі...

Заставалася апошняе. Я зліўся з Янінай. Абняў, страсянуў, укрыўшы яе, як немаўля, сваёй абалонкай - як коўдрай...

І ўскрыкнула яна. Здрыганулася ўсім целам, уздыхнула на поўныя грудзі. І тут жа на маіх вачах зліліся дзве аўры ў адну і зрабіліся аднолькавага колеру - зялёна-ружовага. Яна абгарнула нас тугім панцырам, атуліла ад злога і пачварнага, што прычапілася да Яніны...

 

Альшанская прачнулася раніцай. Позняй раніцай.

Абняла мяне, вінавата заўсміхалася і тут жа зноў заснула. Спала і слухала, як б'ецца маё сэрца.

Падладжваючыся пад маё, пачало біцца гэтак жа і яе - ужо роўна і сцішана. Адарваць ад мяне не магла ўжо ніякая сіла.

«А калі спазніўся б хоць на хвілінку?!»

Ад гэтай думкі кальнула ў скроні, пякучая вінаватасць зноў авалодала мною.

«То Ты, Божа, выратаваў каханую! Ты падштурхнуў мяне да дзеяння. Наўчыў смеласці і ўменню. Я ўдзячны за Тваю міласэрнасць. Таму я ўжо навучыўся нешта рабіць. Не толькі пералятаць з месца на месца, а і адказваць за чужое жыццё, за жыццё блізкага чалавека...»

З касмічнай прасторы даляцеў да мяне літасцівы голас, уздых згоды і падтрымкі...

 

- Што такое са мною было? - пачуўся ціхі і слабы голас - як пасля цяжкай і доўгай хваробы.

Што адказаць ёй? Ці ў такім стане расказваць ёй праўду? Да яе вярталася зноў жыццё, яна толькі што пераступіла парог з небыцця.

- Даць чаго папіць?

- Прынясі. Звычайнай крынічнай вады з твайго мазырскага Палесся. Яна прыдасць мне сілы. А крынічку знойдзеш сам - яна недалёчка адсюль...

Вады прынёс у гліняным глечыку з вузкай гарлавінай. Наліў у такі ж гліняны кубак, амаль палову.

Піла яна прагна, быццам мучыла яе смага цэлую вечнасць. З кожным глытком улівалася ў яе жыццёвая энергія, па венах расцякалася порстка кроў, і клапаны сэрца запрацавалі рытмічна і спакойна.

Потым яна зняможана ўпала на падушку. Глыбока ўздыхнула, заплюшчыла вочы. Слаба сціснула маю руку, як старалася ўтрымацца на гэтым свеце.

Нейкі час не гаварылі. Ды і нельга было ёй гаварыць. Нават думаць.

З яе грудзей на волю вырваўся першы, як аблягчэнне, уздых. Потым другі, трэці...

- Чаго не паклікала адразу, як стала блага?

- Я клікала... Але голас мой так аслабеў, што не меў ужо моцы. Я чула цябе, але пра сябе не магла паведаміць...

- Тваё сэрца крычала аб дапамозе. Чаму ж тут ніхто не памог табе? Хіба ж не ведалі?

У адказ - маўчанне. Потым глыбокі ўздых. Вызваліла сваю руку, пацягнулася. Хруснулі суставы рук і ног.

- Ведалі. Але і яны былі бяссільныя мне памагчы. Тое напаткала мяне там, у Полацкім княстве. Я не дазволіла табе дагледзець маё падарожжа да канца. Не хацела, каб ты тое ўбачыў. Баялася, што не так зразумееш. Бо там, напрыканцы, і здарылася тое страшнае і агіднае...

Не перабіваў, не хацеў, каб неасцярожнае слова напалохала яе.

- Нас адвялі ад родных мясцін далёка-далёка. Шмат загінула людзей на тых дарогах смерці. Гналі ў палон не толькі нас, а дзесяткі тысяч і іншых, дарослых і дзяцей, нашага княства. На нейкай вярсце я ўбачыла нечакана, што і ты ішоў, павязаны вяроўкамі, - памкнуўся ратаваць мяне, кінуўшыся, не разабраўшыся, што і да чаго, у гэты вір. У вір гульні і крывавай трагедыі. Думала, што на згубу сваю...

Мяне ўпадабаў царскі вершнік. У нейкім, ужо расейскім, пасяленні ён развязаў мяне і завёў у цёплую хату, каб сагрэлася. Напаіў цёплай вадой, накарміў. Думаў, што я абрадавалася яго ласцы...

Трошкі счакаўшы, калі я прыйшла ў сябе, калі перастала жаваць, пачаў распранацца і распранаць мяне. Хаця што мне было распранацца - была амаль голая. Нейкая мешкавіна ліпела на мне...

Я ўбачыла, як ты збялеў, бачачы ўсё тое, як ты памкнуўся следам. Ведаю, калі б ты зайшоў у хату і ўбачыў усё, то забіў бы яго... Я ж не разумела нічога да тае пары, пакуль ён не занёс мяне на ложак...

Каля галавы ён паклаў сваю вайсковую амуніцыю, і я ўбачыла рукаятку клінка. Тады ж убачыла і твае вочы, вочы маёй маці, Сафійку і крыважэрнага цара і... ухапіла той клінок. З усяе сілы пырнула ім у горла гвалтаўніку. Кроў пырснула мне ў твар...

І цяпер памятаю пах тае крыві...

Палачанка Парасачка-Яніна плакала, закрыўшы твар рукамі.

Яна выказала мне самае балючае, што непакоіла, хвалявала.

- Ты ж невінаватая. Ты ж абаранялася...

- Я ўтварыла непапраўны грэх. Бо адабрала чужое жыццё. А тое не ўваходзіла ў мае планы. Мне нельга было рабіць таго ні пры якіх абставінах, бо са мною нічога кепскага не магло і здарыцца... Вось тая душа, якую я адабрала, і не адстае ад мяне, помсціць мне і ледзьве не забрала да сябе мой панцыр...

«Дык вось яно што...»

«Вінаватая я, Антон, яшчэ і як вінаватая...»

«Бог уклаў у твае рукі меч правасуддзя і пакараў замест цябе ворага. Ты ў чым вінаватая, Янінка? Нездарма ж Валадар Усёмагутны вучыць нас: «Усё выпрабоўвайце, але трымайцеся добрага. Пазбягайце ад усялякага роду зла!» Ты думаеш, мусіць, пра гэтыя запаветы. Правільна. Але чаму ж не ўспомніш пасланне апостала Паўла да каласянаў: «І так знішчыце зямныя члены вашы: блуд, нечысціню, страсць, злую пажаднасць і любасцяжанне, якое ёсць ідаласлужэнне, за якія гнеў Божы ўпадзе на сыноў праціўлення...»

Не ведаў, чым можна было супакоіць жанчыну яшчэ. Страшнае ж мінула для яе і не вернецца, можа, больш.

- Цябе дакаралі за тое падчас справаздачы?

- Не. Але я адчула ўнутраны папрок сяброў Рады і князёўны Ліцвініі. Яна найбольш шкадавала мяне. Бо адна і працівілася таму, каб я адпраўлялася туды... Я ж не паслухалася яе.

- Ды і не маглі яны цябе ні ў чым папракнуць. Чаму ж тады дапусцілі да такога? Ніводзін на свеце суд не можа абвінаваціць цябе. Нават Божы.

- А ты?

- І я не магу. Не маю такога права.

- Дзякуй табе, любы мой! Ты зняў цяжар з маёй душы. Самы важкі цяжар.

- А ты зняла з маёй.

Яе даверлівы і цнатлівы позірк зазірнуў на самае донца маёй душы:

- Праўда? Не маніш?

- Навошта? Сама ж пра тое ведаеш. Мы ж здольныя лячыць і сябе, і адно аднаго ад любых хвароб...

Твар жанчыны кранула стомленая ўсмешка. Яніна Альшанская, палачанка Парасачка і сведка крывавых падзей, нараджалася зноў. Зноў вярталася да жыцця, каб праз нейкі час адправіцца па загаду свайго сэрца на пошукі ўкрадзеных старонак...

 

«Не схіляйся пад чужое ярмо з нявернымі, - вучыў святы апостал Павел у другім пасланні карынфянам, - бо як жа можа ўжывацца праведнасць і беззаконне? Што агульнага ў святла з цемраю?»

Так, сапраўды, чужое ярмо - цемра.

А ліцвіны тое ярмо на сваім плячы і сваёй шыі паспыталі спаўна, і яшчэ мульмо не прайшло...

Бог вучыць нас - у імя выратавання сваёй душы, сваёй Айчыны і трэба жыць. Там жа, у апостала Паўла, прызнанне: «...Таму што сказана: у час спрыяльны Я пачуў цябе і ў дзень выратавання памог табе». Вось цяпер і час спрыяльны, небам падораны час выратавання і выбаўлення з ярма няволі, з задушлівых абдымкаў магутнага суседа...

Княства маё роднае! Краіна мая магутная і гаротная!

Колькі пакут вынесла, колькі вытрывала зняваг і болю, пагарды і здзекаў! Колькі ліцвінаў прысвяціла сваё жыццё служэнню табе, не беручы нічога ўзамен! Не чакаючы ні падзякі, ні ўхвалы, не крыўдуючы, што сам застаўся невядомы, нябачны. І адзін быў кліч усім:

- Лепей смерць, чым няволя!

А што ў душах сённяшніх ліцвінаў?

Калі прачнуцца?

Як і чым памагчы ім выбавіцца з пачварнага сну?

- Паможам, Антон, - кажа Яніна. - І не толькі мы. З кожным днём прачынаецца ад летаргічнага сну ўсё больш і больш ліцвінаў...

І я шчыра верыў яе словам...

 

Змітрака перавялі ў палату на трэція суткі.

Я прыйшоў да яго пад вечар. Кісялёў быў не адзін. Сядзелі каля яго Яён і Вераніка. На тумбачцы яблыкі і апельсіны.

- Здароў быў, Кісель! - прамовіў весела, вітаючыся з гасцямі, і далучыўся дарункамі да прынесенага. - А памерці табе не дадуць!

- Навошта ж паміраць? У нас яшчэ наперадзе - уга! - колькі спраў і клопатаў.

- Правільна, шмат. Так што доўга тут і не трэба залежвацца.

«Антон, - перайшоў на нашую хвалю Змітрок. - Скажы, прыгожая Віка, праўда?»

«Прыгожая. Надта. Званіла табе, ну я і накіраваў яе сюды...»

«Дзякую... Ведаю, што сама. І таму - рады».

«І я таксама. За вас абаіх...»

Вераніка бачыла мяне ўпершыню, разглядвала з цікавасцю. Пэўна ж, другім я ёй уяўляўся. Маўчаў сур'ёзны мой двайнік, паклаў нагу за нагу, сашчапіўшы на каленях рукі. Абое ні пра што не думалі - пульсацыі энергіі ад іх не зыходзіла.

- Чаго ж замоўклі? Мо перашкодзіў вашай інтымнай размове? Дык я магу і пайсці! - разламаў я маўклівасць не надта жартоўным пытаннем, бо і сапраўды зайшоў неяк нечакана і выглядаў, пэўна, няйначай як Піліп з канапель.

- Не, што вы... - успрыняла Вераніка ўсё сур'ёзна, заружавелася, паправіла косы, весела зірканула на Змітрака. - Мы рады вашаму з'яўленню, і Дзіма казаў, што вы павінны падысці...

«А ён вясёлы, Дзімаў сябра, - пацяплела поле Веранікі, - такім я яго і ўяўляла. Па тэлефоне толькі не вельмі ветліва з ім пагаварылі... Але ён зразумее мяне і прабачыць...»

«Бачыш, Антон, як прыхільна думае пра цябе... Спадабаўся ты ёй...»

«Файная яна дзяўчына. Не крыўдзі яе. У цябе апошні шанец».

«Мне і Бог не дазволіць тое зрабіць...»

- А Яён рады? - паглядзеў я на сябе, чакаю адказ.

- Як і ты. Нешта апошнім часам рэдка бачу цябе. Знікаеш некуды - ніхто і не ведае куды.

- Ды праца такая - нацягаешся тых скрынак, дык потым спіш як мёртвы, без задніх ног... Зміцер вунь хай пацвердзіць, за мяне як не тыдзень пупок надрываў...

Сябар кіўнуў галавой:

- Пекла, а не праца. Таму і не даспадобы такі занятак Вераніцы.

Госця зноў чырванее, апускае галаву. Яе рука ляжыць на Змітраковай.

- То я раней гаварыла так. Цяпер - не.

«Праўду кажу, не хлушу... Дурніца была. Кніжак начыталася, прынца чакала. Цяпер я іншая. Цяпер я зноў на свет нарадзілася... Дзякуючы табе, Змітрок... Як я кахаю цябе! Таму і не магу ўголас сказаць...»

«Чуеш, Кісель? Ёлупень ты гэтакі...»

«Чую, Антон, і яна цяпер, аказваецца, нас чуе... «І слова было ў Бога...»

Вераніка паглядала на нас і смяялася. Здзіўлена была свайму адкрыццю. Раней яна думак чужых не чытала.

Прыбывае людзей у нашай кагорце!

- Як там праца ідзе ў інстытуце? - звярнуўся я да Яёна, каб перамяніць тэму размовы і выбавіць Вераніку з няёмкасці пачування ў такой сітуацыі.

- Згодна з планам. Ужо вывучаем іншыя сусветы. Знаёмімся з іх цывілізацыяй, мовай і звычкамі. Шмат ёсць таленавітых студэнтаў. Пераконваюся, палешукі надта таленавіты народ. Але пакуль тэорыя, не ўсе яшчэ пранікліся цвёрдай верай у тое, чым ім належыць займацца...

- А ты раней сумняваўся ў іх таленце?

- Ды не. Але ўсе сродкі масавай інфармацыі далдонілі, што самі па сабе палешукі тупыя і бескультурныя. Што толькі пад уплывам дабрадзеяў-акупантаў з іх «великим и могучим» ды яшчэ «направляющей и руководящей» мы можам сігануць да сапраўдных вяршыняў культуры і цывілізацыі.

- Добра, што разумееш, спадар Яён! Дзякую за тое. У мяне будуць сюрпрызы для тваіх студэнтаў. Цікавыя відэазапісы жыцця мінуўшчыны. Я папрашу, каб Касмічная Рада дазволіла іх паказаць... Каб навучэнцы адчулі і паверылі ў немагчымае. Вельмі цікавыя дакументы-сведкі. Іх шмат. Ёсць жудасная сцэна ўкрыжавання Ісуса Хрыста. Пасля яе прагляду чалавеку цяжка жыць на зямлі без веры. Ён разумее, які ён грэшны... Шмат старонак пра «нябесны агонь», пра бессмяротнасць душы, як мяняецца з кожным годам час і прастора.

Расчыніліся дзверы, і на парозе з'явілася Яніна.

Была яна ў вязанай шапачцы, балонневая зялёная куртка ладна выдзяляла яе стан.

- Дзень добры ўсім! - павіталася з парога, на Змітраку позірк спыніла.

- Знаёмцеся: Яніна Альшанская, - назваў яе імя, абрадаваўся нечаканаму яе прыбыццю і яшчэ таму, што яна выглядала бадзёрай і вясёлай. - Даведалася пра Змітрака, прыйшла праведаць.

Села яна позаду мяне. Сабралася нас ніштаватая кампанія.

Мы яшчэ пагаварылі нейкі час - пра ўсё і ні пра што, і Кісялёў позіркам папрасіў, каб пакінулі іх з Веранікай адных.

Трошкі счакаўшы, падняўся з табурэціка, сказаў:

- На гэтым, Змітрок, усё. Нам пара. Клопатаў у нас шмат. Да сустрэчы. Папраўляйся.

Кісялёў неўпрыкмет міргануў мне.

Падняўся і Яён, паціснуў на развітанне руку хвораму. У вачах майго двайніка праглядвалася стома. І адначасова ўзнёсласць. Мо яшчэ і крыўда на мяне. За нетактоўнасць.

Калі выйшлі на вуліцу, бралася ўжо на вечар. Шэрыя воблакі нізка кусціліся над зямлёю, схавалі святло раней часу. Павяваў слабы ветрык, трывожыў галіны дрэў.

- Каму куды?

- Мне ў другі бок, прабачце, - прамовіў Яён, паціснуўшы мне руку, пасля Альшанскай. - Да сустрэчы на нашых арбітах.

- Бывай, Яён! Пра абяцанне памятаю. Чакаю выкліку.

І ён пашыбаваў асветленай ліхтарамі вуліцай, што вяла да прыпынку тралейбуса. Мой двайнік ніводнага разу не азірнуўся.

- Дык добры дзень, Янінка! Ты неяк раптоўна з'явілася. Як ты знайшла нас усіх?

Засмяялася, гледзячы на мяне, і я адчуў, як ёй цяпер хораша і лёгка.

- Ты ж штохвілінна клікаў мяне. Вось я і з'явілася.

Прытуліў да сябе, стараўся сагрэць, бо і сапраўды на вуліцы ўжо было па-вечароваму золка.

- Цябе, спадар Антон, выклікаюць на пасяджэнне Касмічнай Рады. Ты павінен падрыхтавацца і прыбыць з гатовымі прапановамі. Час і месца дзеяння ты выбіраеш сам. Рада толькі дасць табе неабходныя рэкамендацыі.

- Калі неабходна з'явіцца?

- Як сам вырашыш, але скажаш загадзя.

- Зразумеў. Значыць, праз тыдзень. З панядзелка я адпрацую за Змітрака, а потым зраблю два выхадныя. Такі расклад падыходзіць?

- Канечне.

- А ты ўжо выбраў час, у які адправішся?

- Выбраў.

Нясмела папыталася:

- А мяне з сабою возьмеш? Я вытрымаю... Буду табе памочніцай...

Рэзка адпрэчваць мне не хацелася (ці не досыць з яе таго, што перажыла?), таму адказаў няпэўна:

- А мо пакуль давай не будзем пра тое? Абмяркуем пасля.

- Хай будзе так, - уздыхнула мая спадарожніца. - А чым зоймемся цяпер?

- Давай сходзім у тэатр. Ставяць «Перамогу пад Воршай» - пра Кастуся Астрожскага. Яго перамога ўвайшла ў сусветныя аналагі вайсковага майстэрства і славы ліцвінаў.

- З радасцю пагляджу.

Яна ўзяла мяне пад руку.

Праз колькі хвілін на сцэне ажылі героі, і сюжэт п'есы паглынуў нас, захапіў, зачараваў. Выдатны твор, цудоўныя акцёры і праўдзівы сюжэт!

Як хораша, што ў нашай ліцвінскай гісторыі былі дні, якія множылі славу і гонар нашай дзяржавы.

Якія дабратворныя і жыццядайныя промні вылучала сцэна!

Мы бачылі, якой магутнай энергіяй напітваліся ў зале людзі.

Вялікая сіла ў мастацтва і праўды!

 

Я не прызнаўся Яніне Альшанскай, што для свайго падарожжа выбраў роднае Палессе - Тураўшчыну і Мазыршчыну...

Мяне даўно цікавіў з паляшуцкага жыцця адзін год - 1654-ы. Чаму менавіта гэты час? Бо пра падзеі гэтага года нідзе не змог прачытаць ні радка. Здзівіўся. Папытаўся ў пенсіянеркі-настаўніцы, што вяла ў нас гісторыю, хударлявай і строгай жанчыны, чаму такі прагалак у падручніку па гісторыі.

Яна зірнула на мяне праз шкельцы акуляраў і незадаволена адказала:

- Будзеш шмат ведаць, рана пастарэеш...

І добра, што так адказала. Яна толькі ўзмацніла маю цікавасць да таго перыяду, тым больш да сваіх родных мясцінаў. Не раз пасля той размовы думаў: ну няўжо маленькі лапік тураўска-мазырскай зямлі нічым не выдзяляўся на абсягах гісторыі, не адыгрываў ніякай ролі ў ліцвінскім Княстве? Ды быць жа такога не магло!

Хавалі, значыць, ад нас праўду тыя, хто пісаў для нас такі падручнік?

Тады ж - чаму не праверыць, не пераканацца, раз ёсць такая магчымасць, што нешта ж тады адбывалася такое, раз вырвалі тыя падзеі з нашай памяці. Мне трэба было на свае вочы пабачыць, не давяраючы нават даследчыкам і летапісцам...

І тады я клічу тое чароўнае Слова, якое ёсць Бог і якое дасць рух і энергію майму падарожжу ў невядомае:

- Ахутавана! Дай сілы, Валадар, вытрымаць выпрабаванне... І на крывавых дарогах нашага Княства нічога не прапусціць, убачыць сваім зрокам, зафіксаваць, засведчыць да драбніц!..

 

Лес густы, непраходны, з пагрозлівым подыхам таямнічасці і магутнасці. Хаваў ён у сабе тайны тысячагадовай даўніны.

Вакол нас - топкае балота, багна. Гіблыя мясціны. Сунецца туды чалавек, не ведаючы, - і згіне, прападзе ў бяздонных нетрысках...

Звяры асцерагаюцца дрыгвы. За некалькі вёрстаў адчуваюць, што нельга сюды патыкацца. Аббягаюць далёка, задраўшы насцярожана пысы, каб не ўскочыць у мёртвую прорву...

Сярэдзіна лета. Нетрыскі патыхаюць вечнасцю і пагрозлівым спакоем. Патыхае багуном і хмелем. Да самае Прыпяці падступаюцца дубы. Ім па пяць-шэсць стагоддзяў. Шмат чаго чулі і бачылі на сваім вяку. Шмат чаго маглі расказаць. Але расказаць яны могуць толькі таму, хто іх чуе і разумее...

Шляхта і мяшчане пазбягалі ўсе ў лес. У балотах ды густых зарасніках хаваюцца ад лютага ворага.

Яшчэ гады са два прыязджаў да нас ад вялікага князя Януша Радзівіла пасланец - шляхціц Дрынеўскі. Перадаваў ці то загад, ці то пажаданне, каб «купкаваліся, мацнелі духам і верай у сваю непахіснасць і моц».

Не надалі значэння, не прыслухаліся да парад і прадказанняў. На тыя ж балоты паспадзяваліся, што хавалі не раз і да гэтага ад жорсткага ворага. Між сабой вялі размовы, супакойвалі адзін аднаго: «Не павінен прыйсці масковец і царскія ратнікі на нас - у багне загінуць...»

Аж яно іначай выйшла - дайшлі. Без перашкод амаль. Нехта ж падказаў, а мо і прымусілі каторага, на кол пасадзіўшы. Праз нашыя патаемныя сцежкі і дарогі прайшлі царскія коннікі і пешы збройны люд, больш магутны і большы.

«Божа, не адбяры ад мяне розум! Не заслані святло, пакінь сілу і моц! - на дзень па сотні разоў адбіваў паклоны Ўсявышняму Валадару. Вымольваў у яго спагаду і любоў, Яго прыхільнасць і заступніцтва. - Злітуйся нада мною і даруй мне слепату і дурноцтва, а я буду Тваім верным рабом, адданым служкаю Тваёй Валадарнасці...»

Ці чуў мяне толькі Бог?

Не раз і не два дапінаў я да тураўскага падстаросты Хведара Ляўковіча - разумнага і дабрачага чалавека. Хведар некалі разам з бацькам маім меў гандлёвы хаўрус, таму да мяне адносіўся з павагай, калі не любоўю. Даваў чытаць рэдкія кнігі (я вельмі рупіўся да навукі, дзякуючы Божай ласцы і падтрымцы маіх бацькоў, якія мелі гонар быць шляхціцамі і мелі ладны надзел зямлі, быдла і дзесяцін колькі лесу з сажалкамі), вучыў жыццю, даючы парады ў маіх юначых памкненнях.

Частаваў мяне медавухай, а пад настрой любіў паразважаць пра жыццё ў Вялікім Княстве.

І цяпер нашая сустрэча была цёплаю і радаснаю. Доўга мы сядзелі за вячэрнім сталом.

- Ласкі, сокал мой ясны, ад Масковіі нам чакаць не з рукі. Як і літасці ад іх. У траўні ў Маскве дзялілі тэрыторыю нашага Вялікага Княства Ліцвінскага. Паміж кім дзялілі? Паміж Масковіяй і Швецыяй. Чатыры разы перамервалі нашыя межы - то праз Слуцак мерыліся, то праз Нясвіж, а то і праз Менск... А потым Масква і цар яе наогул не пажадалі дзяліць.

- Гэта ж чаму, шаноўны падстароста Хведар? - адставіў я кубак з медавухаю - ударыла ў скроні: умеў ён рыхтаваць гэты напой, сакрэт ведаў нейкі, не ў кожнага такі і атрымліваўся.

Падстароста ўздыхнуў, расшпіліў шаўковую вішнёвую сарочку, пагладзіў акуратную ссівелую бараду, зірнуў на мяне, як дакараў усё роўна, што не ведаю такіх простых рэчаў.

- А таму, сокал мой ясны. Летась цар прапанаваў Швецыі разам выступіць супраць Рэчы Паспалітае, і багацце, што нарабуюць, вырашылі падзяліць пароўну. Але падтрымкі надзіва не знайшоў. Цяпер Аляксей Міхайлавіч тым шведскім паслам дулю з макам паказаў - упэўнены, што вайну і сам выйграе...

- А што ж Швецыя? - Мне вельмі карцела даведацца, што ж думаў пра тое Хведар, - бо хто ж мог данесці да маіх юначых мазгоў тое разуменне - ніхто вакол за дзесяткі вёрстаў не мог пра тое ведаць так добра, як падстароста.

- Хм... Шведскі кароль Карл Густаў параіўся са сваімі дарадцамі, і ў сакавіку 1655 года рушылі на вайну з Рэччу Паспалітай. Зручнейшага моманту, скажу табе, сокал мой ясны, і прыдумаць было цяжка, які так спрыяў бы разгрому ненавіснага суперніка! Добрая ж мажлівасць падгрэбці пад сябе ягоныя землі. А потым і Масква адумаецца... І ў чэрвені палявы маршалак Густаў Адольф Левенгаўпт рушыў на Дынабург. Роўна праз месяц на Вялікае Княства скіраваў свае сілы Магнус Дэлягардзі і скарыў Біржы. Шведы пайшлі на Польшчу - аж чатырнаццаць тысячаў, якія вёў палявы маршалак Вітэнберг. Каля трынаццаці тысяч жаўнераў вёў сам кароль. Артылерыяй камандаваў Густаў Стэнбок. У сярэдзіне ліпеня Вітэнберг высадзіўся ў Памор'і, пад Вусцем, дзе непадалёк стаяла польскае рушанне. А раніцай яно здалося ў палон... А далей што - ідзі без перашкод, ніхто ўжо замінаць не будзе... Эхе-хе, жыццё нашае...

Падстароста замоўк. Паднёс да рота гліняны кубак з пітвом, глынуў колькі разоў, крактануў, выцер даланёй вусы. Няспешна прыкусіў вяндлінай, задумаўся.

Пасля ўстаў з крэсла, падышоў да парэнчаў веранды, што выступала ад церама ў бок засмужанай Прыпяці, глядзеў удалячынь - як там усё роўна шукаў адказы на пытанні, што непакоілі яго...

Я падышоў бліжэй, стаў побач.

- Ты можаш запытацца, сокал мой ясны, а што ў такіх варунках заставалася рабіць Вялікаму Княству? - павярнуўся ён да мяне, не адрываючы рук ад парэнчаў. - Вайну ж трэба весці на два франты. З аднаго боку незлічоная царская арда. А з другога - вымуштраваныя шведскія ваяры. А сілы для супраціву такой няма, і ніхто не здолеў бы выстаяць, тое зразумела...

- Цяпер для мяне трошкі выяснілася, падстароста Хведар, чаму Януш Радзівіл, вялікі гетман, аддаў перавагу шведскай пратэкцыі перад маскоўскай тыраніяй.

- Так, сокал мой, так, тут ты правільна ўсё разумееш. Таму гэта быў адзіна правільны і мудры крок вялікага гетмана. Ды і сам ён тое разумеў лепш за ўсіх, бо пісаў свайму стрыечнаму брату Багуславу: «Іначай ратавацца не было спосабу...» Вось і было прынята ім афіцыйнае рашэнне - прыняць пратэктарат Швецыі ды прызнаць шведскага караля Карла X Густава вялікім князем Ліцвініі...

Загаварыліся, загалуніліся з Хведарам, не заўважылі, як надпрыпяцкае наваколле ахутала начная цемрадзь.

Клаліся позна, пажадаўшы адзін аднаму добрага сну і Божай міласці...

 

Ранічкай, задоўга да ўсходу сонца, блаславіў мяне падстароста ў далёкую дарогу, перахрысціў, прачытаўшы малітву, дадаў:

- То хай беражэ цябе Бог. Кланяйся нізка ротмістру Глябовічу, і няхай цябе абыдзе няшчасце ў няроўнай бітве. Даю табе аднаго з лепшых маіх коней, каб не спазніўся да месца службы.

- Дзякую шчыра, падстароста Хведар! Разлічуся, як прыеду. Я і так вам шмат вінен.

- Разлічыся сваім подзвігам. І няхай паможа табе Ўсявышні.

Спраўна і лёгка нёс мяне конік. Скакаў да Ашмянаў я і дзень, і ноч, і зноў дзень. Сапраўды, быў ён з добрай кагорты - вынослівы, пруткі, слухаўся мяне, як кожны дзень быў са мною і ведаў мае звычкі...

На месцы я быў пад наступную раніцу.

Ротмістр Глябовіч - невысокага росту, чарнявы, рухавы, з вясёлымі вачыма, глядзеў на мяне - радаваўся бязмежна майму з'яўленню. Прыязна прыняў паклон ад падстаросты, падзякаваў. Распытаў яшчэ, як здароўе маіх бацькоў і малодшае сястры Ядвігі.

- Дзякаваць Богу, усё добра. Дакараць Бога ні ў чым не маем права. Тут як, цікава ведаць?

- Тут? - Глябовіч азірнуўся, быццам паказваў мне пазіцыі, кашлянуў у кулак. - Нашае войска рыхтуецца да бою з маскоўскімі войскамі. А яны за Нёманам. Адтуль і чакаем нападу. Хутка пачнецца бой, шляхціц Антон Клімовіч! Нялёгкім ён будзе, ой нялёгкім! Але лепей смерць, чым маскоўскае ярмо. Гэта не мае словы, а ўсіх людзей - мяшчан і шляхты, што ў маім палку... Ну, што, сокал мой ясны, як любіць гаварыць Хведар, рыхтуй сваю харугву. Людзі падабраліся ў цябе смелыя, мужныя, вёрткія ў сечы, гатовыя памерці, але перамагчы заваёўнікаў. Ведаюць добра, што ад іх чакаць можна. І паможа няхай вам і нам Бог! Усё ў Яго ўладзе!

- Памажы, Божа!

Ротмістр, адчувалася, перажываў, хваляваўся. Ён як спрактыкаваны ваяр ведаў, што войска ў яго не адпавядала ўсім вайсковым патрабаванням. Прычына - у казне вялікага гетмана амаль не было грошай.

Ды адкуль, калі ўжо на тое, было брацца тым грашам, калі гаспадарка краіны была ўшчэнт падарвана крывавай вайной?

Палова дзяржавы была акупавана ворагам. Зборы ў земскі скарб Княства, можна было лічыць, не паступалі. Тым жа летам, як сказаў ротмістр, сабралі толькі дзвесце тысяч злотых - замест двух мільёнаў. Як жа можна тады было наняць войска? А чым карміць, абуваць, забяспечваць амуніцыяй і зброяй?

Мы не маглі нават перавезці з месца на месца некалькі сваіх гармат - артылерыя не магла ды і не мела для такіх мэтаў цяглавай сілы. Мы самі, прызнацца сорам, наймалі за плату бліжэйшых фурманоў...

Я растраціў амаль усе свае злотыя. Як, дарэчы, і ротмістр.

Паспалітае рушанне страчвала сваю моц і сілу, хаця і яно было не вельмі вялікім. Як мне, адданаму шляхціцу, было ехаць да вялікага гетмана ў той час, калі крыважэрны і жорсткі захопнік, усё палячы і рушачы, быў каля нашых паселішчаў?

Соймікі яшчэ спрабавалі рабіць выгляд, што яны нешта прадпрымаюць, рупяцца. Прымалі нават нейкія рашэнні, каб сабраныя ў паветах і ваяводствах злотыя ішлі на харугвы - дзеля абароны іх жа саміх. О, як радаваліся маскоўскія ваяводы - тады і накіраваўся цар і казакі Залатарэнкі на Менск...

А пасля захопу Менска прамая дарога да сталіцы Вялікага Княства Ліцвінскага - Вільні...

На тым шляху стаялі мы - ваяры ротмістра Глябовіча.

Вялікі гетман прасіў ротмістра стрымаць націск, але і сам бачыў, што просіць немагчымага... І цяпер у вачах стаіць вобраз Януша Радзівіла - вочы вільготныя, і ён хавае іх ад ротмістра, абняўшы яго:

- Сыночкі, лепей ужо загінуць, чымся ў ярмо маскавітаў. Адбіце ім ахвоту да нас совацца, вельмі прашу, правучыце супастатаў...

- Добра, ваша мосць, пастараемся. Ведаем, за што ў бой ідзём - маскоўскі цар з нас рабоў зрабіць жадае.

- Во-во, рабоў... І адносяцца яны да людзей Княства як да быдла. Не людзі мы для іх, а прыгонныя. Не ліцвіны, а дадатак да Масковіі...

Вялікі гетман выпраміўся, потым сеў на вёрткага каня і падаўся за ўзгорак, балюча перажываючы незайздроснае становішча - і войска, і сваё.

Ніхто ў свеце не мог пазайздросціць яму ў гэты момант, ніхто...

Мы толькі зняліся з месца, каб заняць больш-менш лацвейшую пазіцыю, каб з узгорачка было нам усё выразна бачна - як на далоні. І трэба ж было тут такому здарыцца...

Мы ўжо рухаліся ўздоўж Нёмана, як на нас раптоўна з нейкім страшным і пагрозлівым гігіканнем з кустоў наляцелі казакі Залатарэнкі. Ляцелі яны з шалёнай хуткасцю. Цар Аляксей Міхайлавіч шчодра ўзнагародзіў Залатарэнку за перамогу над Радзівілам - аддаў яму Быхаўскае і Крычаўскае староствы, далучыў да яго рэшткі казакаў ліцвінскага палка Паклонскага. А наказному гетману выдаў грамату, каб ён мог набіраць сабе ліцвінаў з Магілеўскага ды Крычаўскага паветаў.

Пад ранішнім сонцам заблішчэлі клінкі ды мячы.

- Казакі! - крыкнуў я што было сілы, каб пачулі, каб звярнулі ўвагу, каб паспелі павярнуцца да ворага. - Займай абарону!

Ды было позна. Конніца казакаў урэзалася ў нашыя рады.

Мы біліся з апошніх сіл, высільваліся, але адчувалі, што перавага не на нашым баку. І тут нечакана я пазнаў яго, хахла Залатарэнку!

Як ён імпэтна і ўзнёсла махаў мячом! Не згінаўся, сядзеў на кані прама, выпнуўшы грудзі наперад, як быццам яго не мог зачапіць ніводзін меч ліцвіна... Ён як здзекаваўся з іх...

Я не адчуваў да яго ні варожасці, ні пагарды. Але было жаданне пакараць яго за такую пыху, правучыць. Падскакаў да яго, замахнуўся вострым палашом, але ён раптоўна, нават не азірнуўшыся, секануў мяне канцом мяча па плячы. Ён нават і не бачыў, каму нанёс удар...

Эх, ротмістр, ротмістр! Як я недаацэньваў цябе! Ты прымушаў апрануць мяне пад адзенне вязаную з дроту засцярогу, а я ўпарціўся, дурань, выхваляўся сваёй храбрасцю. Дзякуй табе, любы дружа, што абсмяяў мяне і амаль сілком прымусіў надзець тую апранаху. Ты ўбярог мяне ад смерці. Удар мяча зменшыўся, таму і не перасек жыццёва важную артэрыю...

Заліўся кроўю раптоўна. Зброя выпала з маіх рук. На маіх вачах пачала пераварочвацца зямля, а потым і зусім прапала. Я страціў прытомнасць і не чуў, як асунуўся на зямлю, выпаўшы з сядла.

Мяне абвалакло мроіва спакойнасці і жаданне спачыну. Пульхная багна, пах багуну, жывіцы і хмелю. Атрутная даўкасць лясной жывіцы пахіліла ў сон...

 

Разбудзіў мяне месяц. Зазірнуў цікаўна ў твар, бы рупіўся спытаць, ці не патрэбна была мне помач. Доўга не мог зразумець, дзе я знаходзіўся і чаго ляжаў на зямлі...

Побач нехта застагнаў. Перамагаючы свой боль і галавакружэнне, падпоўз да такога ж няшчаснага, як і я.

Паранены быў шляхціц Валенка-Марыніч. Нічым яму памагчы ўжо не мог - кішкі выпаўзлі на траву. Папрасіў, каб «пазбавіў яго жывата»...

Ён аціх; праз колькі хвілін я закрыў яму вочы, у якіх адбіваўся месяц.

Збольшага прыйшоў у сябе. Агледзеўся. На ўзгорку, пад высокімі соснамі, было шмат забітых. І нікога з жывых навокал. Усе паразбягаліся. Калі хто і быў жывы, то пастараўся знікнуць з гэтага страшнага месца.

Вось яна, цана нашай бязладнасці, нашаму непаслухмянству абставінам. Цяпер што - шлях цару і яго ратнікам адкрыты. На яе, родную, на Вільню, адкрыты шлях...

Даруй нам гэтую паразу, яснавяльможны Януш Радзівіл!

Даруй нам нашую ганьбу і сорам, Ліцвінія! Даруй, Божа!

А ці зможа ўжо цяпер зноў сабрацца паспалітае рушанне, адзін Валадар ведае. Хоць і пёк мяне сорам за нашае паражэнне, але зрабіць ужо нічога не мог, як бы ні хацеў, ні жадаў... Таму заставалася адно - кіравацца дахаты. Да бацькоў. Ці хаця ёсць яшчэ яна, мая вёска, і ці стрэнуць мяне людзі?

А можа, на мае вочы паўстануць перада мною папялішчы і чорныя каміны? А бацькі мо пасечаны царскімі воямі ды ўкраінскімі казакамі?

І запісаў у сваім пастаменце такія словы:

«Пад канец ліпеня цар асеў у Маладэчне. А праз колькі дзён перанёс сваю стаўку ў Смаргонь, ад якой да сталіцы - рукой падаць. Манарх лічыў сябе пераможцам. А як жа - патрыярх Нікан падбадзёрваў яго, дасылаючы лісты з Масквы, раіў настойліва не спыняцца на Вільні, а далей здабываць Варшаву, Кракаў і нават усю Польшчу...

Апетыт у манарха і патрыярха быў бязмежны!

...Вільня! Мая прыгажуня, пенкная Вільня! Якая ты магутная і слабая адначасова. Суперніца Масквы па прыгажосці. Ты чакала маўкліва свайго прысуду і не спадзявалася ўжо на міласэрнасць цара, як ягня, якое прынёс воўк у лес да свайго логава...

Былі яшчэ апошнія высілкі - прыйшлі на дапамогу вершнікі ад Лідскага павета ды Ашмянскага. Па дзвесце гусараў ды казакаў!

Большая ж частка тэрыторыі была з-за акупацыі вызвалена ад земскай службы - Віцебскае ды Полацкае, Амсціслаўскае ваяводствы, Варшанскі, Мазырскі ды Рэчыцкі, Старадубскі паветы - спрэс ды частка Браслаўскага. Заставалася яшчэ рушанне Берасцейшчыны... Але (Божа, уратуй нас!) баявы дух быў зломлены.

Януш Радзівіл накіраваў шляхту Браслаўскага павета і жамойцкае і вількамірскае рушанні пад Браслаў, а лідчукоў ды ашмянцаў - да Смаргоні. Але, мне здаецца, сам не верыў вялікі гетман, што тое можа даць хаця б якія пэўныя вынікі».

У мяне разрывалася сэрца, калі я запісваў гэтыя радкі!

«Божа, чаму такая кара на ліцвінаў спаслана? Хто прыдумаў яе і за што?! Каб жа я быў... Каб ведаў... XX, XXI...»

«... Вільня гарэла семнаццаць дзён і начэй...»

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

«Каля дзесяці тысяч загінула ў крывавым пажарышчы, што распаліў маскоўскі манарх. Выснова напрошвалася сама: там, дзе былі войскі Масковіі, - там пажары і смерць, там здзекі і гвалт над безабароннымі людзьмі...

І такое доўжылася стагоддзі і стагоддзі. Як яшчэ выжылі, як выстаялі?

Маскоўскае княства здабывала свае перамогі праз кроў і пагардай да іншых народаў. Які д'ябал усяліў у душы гэтых людзей іх звышабранасць? І беспакаранасць...

А патрыярх Нікан зноў шле бласлаўленне цару (ці не кашчунства царквы над вернікамі, над душой чалавечай?!) - пара ўжо яму называцца «Вялікім князем Ліцвініі». І ў пачатку верасня цар загадвае называць «наше царское величество Великим князем Литвинским и Белые России и Волынским и Подольским».

Праз колькі дзён цар надумаўся вярнуцца ў Маскву.

З пустымі рукамі вяртацца не любіў. Таму прыхапіў з сабою радзівілаўскія сем пазалочаных купалаў, мармуровыя калоны. Садраў нават падлогу, забраў сталы, дываны, царкоўныя рэліквіі і шмат, і шмат чаго яшчэ іншага...»

 

Дзякаваць Богу, бацькоў я заспеў жывымі, але слабых, на вялікі жаль, здароўем. Бяднота дакацілася і да іх. З Божай ласкі хоць жывыя і могучыя таптацца па двары, але ўрабляць зямлю ўжо не ставала моцы...

Доўга дома я не ўседзеў. Калі ж адчуў, што мае раны загаіліся, дзякаваць Богу і з Божае ласкі і любові да мяне і маіх бацькоў, я наважыўся зноў вярнуцца на ранейшае поле бітвы. Абраза, якую нанёс мне Залатарэнка, не давала мне спакойна жыць на зямлі...

Ён, як здань, як цень, не адставаў ад мяне. І ў снах, і наяве гнаўся за мною.

Я бачыў яго ашчэраны ў ярасці твар, вочы, што свяціліся гневам. Лязо мяча сляпіла зыркім адлюстраваннем ад сонца.

Я даў слова Ліцвініі адпомсціць яму за здзекі над людам Княства, майго роднага Палесся...

 

Зноў вымушаны быў пазначыць новыя радкі - у спадзяванні, што іх некалі хто-небудзь прачытае:

«Вялікі цар ніяк не мог супакоіцца, што не ўсе ўладанні Княства падпарадкоўваліся яму.

Войскам Трубяцкога загадаў узяць Берасце. І яшчэ загадаў, каб "от Клецка идти войною до Слонима живыми и невоеванными месты розными дороги" - нішчыць усё жывое і нежывое».

Тое і рабіў Аляксей Трубяцкой.

І таму слаў цару лісты: «...и многие места, и села, и деревни, и за Слоним верст по двадцать и больше, выжгли и разорили...»

У запісах маіх быў нейкі перапынак - не памятаю, якія таму былі прычыны. І напісанае пазней пазначалася ўжо другім почыркам і чарнілам.

«З цяжкасцю былі заключаны наступныя пагадненні.

У новым акце было пазначана, што Княства заключыла вунію са Швецыяй; абедзве дзяржавы павінны былі з'яднацца, выступіць разам супраць цяпер ужо агульнага ворага.

Як я зразумеў, тое пагадненне дакляравала захаваць прававыя дачыненні, якія існавалі раней, - прывілеі і вольнасці шляхты (што тычылася мяне асабіста), але выключалі вольную элекцыю манарха і неабходнасць атрымліваць згоду шляхты для абвяшчэння вайны і заключэння міру.

Нас, значыць, цяпер не ставілі ў вядомасць. Але радавала хіба тое, што пакінута была свабода каталіцкага, вуніяцкага ды праваслаўнага веравызнанняў...»

Прыязджалі, вярталіся шляхта і мяшчане да родных мясцін, расказвалі, дзяліліся ўражаннямі ад пачутага ды ўбачанага.

- Ведаеш, братка-ягамосць, - курыў штохвілінна сваю люльку сусед па сядзібе шляхціц Андрусь Лавоцька, які ў гетмана служыў, - адно вока ў сечы выкалалі, і шрам праз усю шчаку, - цар праз Барысаў і Магілеў на Маскву падаўся, а ў Менску скупіліся ўсе сілы ваяводы Чаркаскага... У Барысаве агляд войскаў наладзіў і мусіў адпусціць ратнікаў дахаты - голыя і босыя.

А казакі Залатарэнкі са згоды цара пад Стары Быхаў рушылі... Браў ён Вільню. Цар пажадаў, каб і Быхаў спаліў...

- А як сёння баявы дух, шляхціц Андрусь? - цікаўлюся, гледзячы на суседа, як на героя.

- Ат, браце-суседзе, і не пытайся, грэх прызнацца... Што ўжо засталося ад войска Вялікага Княства? Было Вялікае, ды стала маленькае... Гетман не мае над ім больш сілы. Кантракт жаўнеры падпісалі да дзевятага жніўня, а далей сказалі - усё, не будзем ваяваць, няма дурных. А за што ваяваць, скажы ты мне, браце-суседзе? За добрае слова? За якую ласку? Многія былі і супраць шведаў, і супраць Радзівіла. Тады яны паабяцалі сваю вернасць Янушу Казіміру і маршам адышлі ад Падляшша, паказваючы імкненне злучыцца з арміяй караля. А на самай справе яны кінуліся граміць і рабаваць маёнткі князя Радзівіла... Во яно як, браце-суседзе... Жах!..

- Дажыліся! - з маіх грудзей вырваўся міжволі цяжкі ўздых. - Цяжка і чуць такое. І хто ж то за людзі такія, ведаеш, пэўна ж?

- Ды ўсе пра тое ведаюць. Старэйшы над двума тысячамі канфедэратаў быў ваявода з Віцебска Павел Сапега. А галоўны падбухторшчык расколу ведаеш хто быў?

- Хто?

- Ніколі не ўгадаеш! Вінцэт Гасеўскі.

- Быць таго не можа! Божа, які жах! А я чуў, што адданым быў гетману полк драгунаў. Сам жа бачыў, як яны смела змагаліся з маскавітамі... Ну і ну, хто б мог падумаць пра такое?

- Э-э, братка ты мой, добры сусед, - кісла засмяяўся Андрусь, - то ўсё ў мінулым. На маіх вачах драгуны пакінулі Януша Радзівіла і пайшлі на Падляшша.

- Дык тады ты мне скажы, шаноўны спадар, апошняе - колькі ж засталося ў магутнага гетмана вершнікаў?

Андрусь зноў распаліў люльку, якая паспела з-за доўгай размовы патухнуць, зацягнуўся раз, потым другі, адказаў горычна:

- Думаю, што з тысячу, а мо і дзве - не больш...

- Божа літасцівы! Навошта такую кару наслаў на людзей? - не ўтрымаўся я і ўмольна паглядзеў на неба, перахрысціўся, маё сэрца ахапіў невыносны боль за заўтрашні дзень нашага Княства. - Ці заслужылі мы такую кару?

- Відаць, заслужылі. Угнявілі Бога сваімі паводзінамі. Гонар і сумленне на грошы пачалі разменьваць. Вось з таго і пачалося. А Бог за такое карае. Жорстка карае. Нават і наступныя пакаленні, якія потым будуць здзіўляцца, за што яны нясуць крыж кары...

- Можа, і так. Яму ўсё бачна. Ён і суддзя, і меч...

Маўчым. Адчуваем, што стаміліся ад такой размовы. Вельмі нялёгкай размовы.

- І якая ж цяпер раскладка-расстаноўка сіл, спадар Андрусь? Дзе хто? Што нам чакаць заўтра і што трэба рабіць, каб уратавацца?

Ён маўчыць, уздыхае.

- Хм... Залатарэнка носіцца, як шалёны звер, па дарогах Княства - паліць, бурыць, забівае. Перад царом так выслужыцца хоча... А воіны ваяводы Чаркаскага спалілі ў жніўні Трокі, потым Коўню, Гародню. Казакі з Украіны, злучыўшыся з войскамі Трубяцкога, уніз па Нёмане захапілі Мерач, Ліду, Іўе, Ліпнішкі, Алькенікі, Любчу... А што ў Міры нарабілі вылюдкі! Крывавыя рэкі па вуліцах цяклі - жудаснае відовішча! Тое ж і ў Карэлічах, Ярэмічах, Свержані, Стоўбцах... Не дай Бог бачыць тое, браце-суседзе! У страшным сне такое не можа прысніцца - тут і відушчы сляпому пазайздросціць, напаткаўшы такое... Яно ж, жахлівае відовішча, усё жыццё потым у сны і ў памяць прыходзіць будзе...

- І не кажы...

 

Мы маліліся Богу, спадзяваліся на Яго ласку і міласэрнасць, каб не адступіўся ад нас, каб абараніў і збярог ад навалы...

Не збярог. Не ўратаваў... Ноччу наляцелі казакі Залатарэнкі - пусцілі ўсё пад меч і смяротны агонь.

І трэба ж - зноў з тым жа Залатарэнкам лёс сутыкнуў! І дзе? У паляшуцкай вёсцы. Толькі ўжо не на кані, а на зямлі. Я махнуў колькі разоў, гледзячы ў ненавісны твар, але толькі зачапіў, здаецца, яго - чыркануў ледзь-ледзь па левым плячы. Пырснула кроў...

Але тут жа нехта наляцеў на мяне справа, думаючы, што не заўважыў, - але і яго паласнуў з усяе сілы па галаве, раздзяліў надвае...

Тады ж зноў на Залатарэнку рушыў... А ён ужо азвярэў ад злосці, хрыпла крычыць: «Оцэ я тобі покажу скоро!» І пры гэтым махае пагрозліва палашом.

І - зазяваўся я: праткнуў ён мяне металічнай пікай, як муху іголкай...

Скрываўлены, упаў я на лопухі. Не адчуваў ні болю, ні шкадавання, што так няўдала завяршыў свой жыццёвы шлях...

Развітваўся з белым светам, да Бога прасіўся - каб прыбраў мяне пад сваю апеку і дараваў грахі, што нажыў за жыццё...

 

Выратаваў мяне цуд, няйначай.

Нейкая незнаёмая дзяўчына - з даўгімі косамі і цудадзейнымі рукамі - зацягнула мяне, беспрытомнага, на балотны астравок. Туды ніводзін чалавек не мог дапяць. Лячыла мяне нейкімі горкімі зёлкамі.

Вочы ў яе былі чамусьці знаёмыя і родныя, але хто была яна, адкуль і як яе звалі, не ведаў...

- Хто ты? - прашаптаў знясілена, але голас пакінуў мяне.

- Ціха, маўчы, - закрыла мне рукой губы незнаёмка, другую да лба датуліла, - табе гаварыць нельга... смерць за табой доўга ганялася... упадабала чамусьці яна цябе, па пятах бегала. Ты з Залатарэнкам біўся?

Кіўнуў слаба галавой, адчуў тут жа, як мяне зноў пранізаў навылёт казацкі меч. Скрыгатнуў зубамі, ратаваўся ад болю і ўспаміну. Зноў трачу прытомнасць, у багну правальваюся.

Калі ачомаўся, дзяўчыны побач не было.

І на наступны дзень я не ўбачыў яе. Ужо думаў, што яна ў кіпцюрах казакаў ці расейскіх ваяроў.

А з'явілася яна сярод ночы, калі на небе высеяліся буйныя зоркі. Не чуў, як села побач, як яе пах маладога дзявочага цела перабіў пахі багуну і жывіцы.

- Я думаў, што ты больш і не прыйдзеш да мяне.

- Дадому бегала.

- Далёка куды?

- За сто вёрстаў.

- Сто?! Як ты прайшла такую дарогу?

- А што тут такога? Лекі прынесла. Маці-нябожчыца навучыла, як гатаваць жывую ваду. А толькі ў нас такая крынічка ёсць. І зёлкі яшчэ. На, выпі, толькі пасля гэтага я буду верыць, што станеш на ногі...

Дзяўчына падала мне гладыш, паднесла да губ.

Смак ці то малака, ці то квасу. Але з кожным глытком адчуваў прыліў сілы, жаданне жыць.

- Хто ж ты тады, незнаёмка?

- Тваё жыццё.

- Скуль ты? Як аддзячыць табе за ўсё, што зрабіла для мяне?

- Я з Вялікага Княства. А аддзячваць мне не трэба. Не ў нашых правілах тое.

- Што робіцца цяпер вакол нас?

- Тваё мястэчка Верасніца спалілі ўкраінскія казакі. Ад мяне пачуеш і цяжкую вестку: тваіх бацькоў забілі казакі Грышкі Чорнага. Не думай яму помсціць - ён і сам сваю смерць знойдзе гэтай зімой. Па ўсёй Тураўшчыне галоднымі ваўкамі шныраюць чаркасы. Маскоўскія ваяры гвалтуюць дзяўчат, распорваюць цяжарным жываты, каб не нарадзілі тых, хто ім помсціць за здзекі будзе... Сялян мучаюць, збіваюць насмерць. Вёскі спрэс паляць - разам з людзьмі... Усё, што добрае, забіраюць сабе. І маіх бацькоў спалілі - я ледзьве ў лес уцякла. Я ж з-пад Мазыра, з Кустаўніцы. Кажуць людзі, што кароў з усіх вёсак сабралі і пагналі на Ўкраіну. Як жа будуць жыць палешукі-ліцвіны, як выжывуць?

Сціснуў дужую і цёплую руку паляшучкі, маёй выратавальніцы, якая не назвалася, але на ўсёй зямлі мне яна зрабілася самай блізкай і роднай. А мо была і да гэтага такой?

- Пойдзем са мною, мазыранка, разам будзем выжываць у гэтым пекле, - нечакана прапанаваў ёй сваё рашэнне, - абаім лягчэй будзе. Абяцаю, слова шляхціца, што не пакіну цябе ніколі.

Дзяўчына нахілілася нада мною, шапнула даверліва на вуха як самаму блізкаму чалавеку:

- Не, мой любы, мне ніяк нельга, хаця чуць твае словы соладка і прыемна. Любы ты мне, не хаваюся, сэрца ў цябе добрае, таму і не перамог ты Залатарэнку. І добра, што не перамог. Так, я шчаслівая была б, каб пайшла за табою, ведаю. Але, на вялікі жаль, нельга мне. Так як і табе заставацца тут...

- Дзе - тут? У лесе?

- Не перабівай... Мала часу засталося табе тут быць... Шмат бяды вакол. Маскоўскае войска ад Турава ніжэй па Прыпяці пайшло на Смядынь. Ваяры і ратнікі людзей забівалі ў хатах і ў лесе, калі знаходзілі іх там. Да апошняй хаціны спалілі Букчу, Глінную, Храпіна, Колкі... У Астражанцы і Смядыні замардавалі папоў. І толькі за тое, што яны вялі імшу на ліцвінскай мове... А ў Гліннай прылюдна расстралялі святога айца. Перад гэтым доўга здзекаваліся. Катавалі і шмат іншых людзей, крывавую пацеху наладзілі над імі. А потым іх, яшчэ жывых, закапалі ў зямлю... Людзі, што засталіся ў жывых, хацелі пахаваць нябожчыкаў па праваслаўнаму звычаю, дык маскалі прыбеглі і павыкідалі мёртвых з дамавін. О Божа, куды глядзіш, чаму не караеш антыхрыстаў? Вось што прынёс нашаму люду маскоўскі цар са сваімі вылюдкамі!.. Не волю, як ён хоча паказаць і пераканаць, а ярмо і смерць...

Бліснула маланка, пракаціўся над лесам гром - пагрозліва, як усё роўна Валадар пачуў папрок мазыранкі...

Потым паліў дождж - густы, цёплы і спорны. Яшчэ мацней паплыў водар багуну, жывіцы і ядлоўцу...

Дзяўчына паклала на мой лоб гаючую руку.

Потым абхапіла галаву абедзвюма далонямі і моцна сціснула - аж да болю. Здавалася, што не вытрымаю, і тады з маіх грудзей вырваўся гучны і трывожны крык - быццам ратаваўся ад нечага страшнага і пачварнага. Ад таго ж Залатарэнкі. Ад Чорнага. Сіліўся ўхапіць мазыранку за руку, каб вызваліцца ад невыноснага болю, выратавацца, зноўку ажыць і належаць жывым на зямлі, свайму краю, але не здолеў нават падняць рукі...

Тады ж мяне ахутаў адразу мройны туман, што паплыў з узболатку, і я праваліўся ў салодкае небыццё, адчуў, што плыву некуды ў бязважкасці і спакойнасці. Мільгалі перад маім сляпым позіркам зоркі і сузор'і невядомых галактык.

Ляцеў, здавалася мне, цэлую вечнасць...

Уцякаў ці вырываўся з павучыння няшчасця?

Куды імкнуўся - насустрач свайму шчасцю ці гору?

 

«І пераможаны быў вялікі дракон, старадаўні змей, якога называлі д'яблам і сатаною, які спакушаў увесь свет, зрынуты на зямлю, і анёлы яго зрынутыя з ім...»

Голас чуўся з неба. І ліўся ён меладычна і плаўна, пераканаўча і настойліва. Я толькі паспяваў запісваць пачутае. Пісаў для некага. Як быў упэўнены, што кожны радок будзе прачытаны, асэнсаваны... Пісаў не на паперы. Запісваў у памяць сваю, каб потым спісаць на Агульную Памяць, што далучыцца да Кнігі Жыцця.

«Цяпер прыйшло выратаванне і сіла і царства Бога нашага і ўлада Хрыста Яго, таму што зрынуты паклёпнік братоў нашых, які паклёпнічаў на іх перад Богам нашым дзень і ноч.

Яны перамаглі яго кроўю Агнца і словамі сведчання свайго і не палюбілі душы сваёй нават да смерці...»

Словы святога Адкрыцця чытаў нехта знаёмы - жаночы прыемны голас. Я яскрава бачыў таго дракона, змія і сатану ў адной асобе. То яго аблічча было ў кожнай хаце і кожнай установе, на плошчах і скверах. Хацеў зацьміць абразы Хрыста і Божай Маці. Пасміхаўся прыжмуранымі вачыма, як Юда, над ахвярамі, над кожнай жывой істотай, закутай з яго ласкі ў духоўныя жалезныя кайданы і калючы дрот...

Я ж бачыў і Новы Дзень, калі люд скінуў з сябе павучынне калючага дроту... Кожная ахвяра заклікала жывых успомніць, хто ён і адкуль, хто адбіраў жыцці...

Памерлыя і закатаваныя заклікалі ў сведкі дух продкаў, тых, каго пасеклі мячамі і палашамі расейцы. Ды ўкраінскія казакі, крыжакі і рыцары Ордэна... Яны, ліцвіны, плацілі жыццём за тое, каб не гнуць спіну перад заваёўнікам. Паміралі, а не ўсоўвалі добраахвотна галаву ў ярмо няволі.

Але чаму ж тады сёння так абленаваўся нашчадак смелых рушанняў ліцвінаў, што і рабства не пачувае за рабства? Упартасцю сваёй даказваў, што раб, які не адчувае сябе рабом, - тройчы раб! Чаму ён не моліцца таму Богу, якому маліліся яго далёкія прашчуры? Чаму не размаўляе на той ліцвінскай мове, на якой гаманілі яны і да волі імкнуліся найбольш за ўсё...

Нашчадкам жа стала мілей і чужая мова, і культура свайго жорсткага эксплуататара...

Калі ж прачнецца розум твой і воля, люд Ліцвініі?

Чаму такая доля і лёс у Ліцвініі?

«Цяпер Бог успомніў пра нас і павярнуўся да нас. І ідзе змаганне Дабра і Зла. Працягваецца яно і дзень і ноч. З кожным днём усё больш і больш людзей пачынаюць адчуваць сваю нікчэмнасць, і іх душы пачынае апякаць сорам...»

- Хто ты? Я не бачу цябе, а толькі чую...

- Тваё жыццё. Я ні на імгненне пра цябе не забывалася, таму і завуся «я ні на...» - Яніна я, любы, Я-ні-на, няўжо не пазнаеш?

- Цяпер пазнаў... Хаця здагадваўся з першых слоў.

- Што ж ты нарабіў, мой каханы! Навошта ж так?

- Чым я правінаваціўся?

- Дакараў мяне, а сам яшчэ глыбей ужыўся ў сваё стагоддзе, чым я, нават і жыць там хацеў застацца. Касмічная Рада ледзьве выцягнула цябе адтуль. Ты ж быў на мяжы, нават за мяжой дазволенага... Толькі цуд і выратаваў цябе. Князёўна Ліцвінія страшэнна перапалохалася за цябе. Непасрэдна яна і прымала ўдзел у тваім выбаўленні з палону часу.

- А цяпер дзе я?

- Са мною. Мы на беразе Прыпяці. Каля сосен твайго дзяцінства. Сюды ты мяне не раз у снах адсылаў, каб вылечыць. Цяпер сам лячыся, шляхціц Клімовіч... Героем, бачыце, захацеў быць, мячом размахаўся, Аніка-воін. Ну навошта табе здаўся той царскі прыслужнік Залатарэнка? Ты ж ведаеш, якая смерць у яго была, без цябе ж там і абышлося...

- Там таго я не ведаў. Ды і не я, то ён за мною ганяўся. Як прывід які.

- Цябе ж папярэджвалі - не брацца за зброю. І не пазбаўляць нікога жыцця.

- А мне заставалася моўчкі сядзець, падстаўляць шыю пад меч непрыяцеля? Так, выходзіць?

- Мы не павінны ўмешвацца ў жыццё таго часу. Мы ж толькі сведкі і назіральнікі. Летапісцы кнігі гісторыі нашага Княства.

- Ведаю...

- А робіш усё насуперак.

Маўчым. Мне, адчуваю, вельмі ж няёмка за свае ўчынкі.

- Колькі я там прабыў?

- Амаль паўгода...

- Паўгода?! - кроў шпыранула ў скроні. - Ды быць таго не можа! Я ж ведаю, самая доўгая паездка - не болей тыдня. Чаму са мной здарылася такое?

- Я ж кажу, што ты захапіўся сваёй місіяй.

Яніна кудлаціла мне валасы, весела тлумачыла далей:

- Склероз у цябе, спадар Антон! Ёсць такая хвароба. Яна ў старых, але цябе раней часу наведала. Ты так імкнуўся адправіцца да Залатарэнкі, што забыўся прыхапіць на руку амулет-антэну... Вось чаму Касмічная Рада ніяк не магла наладзіць з табою ўстойлівую сувязь.

- Цяпер я разумею, што ўтварыў...

Мяне пачаў апякаць сорам. От ёлупень дык ёлупень!

Тое, пра што сказала мне Яніна, было страшнай навіной. Так, нарабіў шмат глупства. Амулет-антэна - як наручны гадзіннік. Калі прычэпліваеш да рукі, робіцца нябачным. І ўжо з тае хвіліны за кожным маім крокам назіраюць сябры Касмічнай Рады. У хвіліны небяспекі падказваюць, што рабіць, і ратуюць, калі небяспека, ад бяды...

- Ты так уцякаў ад мяне, што забыўся на тумбачцы свой амулет, - весела і з адценнем крыўды прамовіла Альшанская, радавалася, што я вырваўся-выбавіўся з пекла.

- Ды не ўцякаў я, любая, а баяўся, што і ты са мною адправішся туды. Ці не хопіць табе Полацака? Сама ж ледзьве не загінула...

- А каб ты не загінуў, Рада паслала мяне на дапамогу.

- Цябе? - я яшчэ больш быў здзіўлены, чым да гэтага. - Дык то, выходзіць, ты ратавала мяне там, пасля сечы?

- А то хто ж? Ты быў смяротна паранены. У тых абставінах невылечны. Вось я і прылятала да Касмічнай Рады, каб узяць лякарства. І таму зацягнула цябе далей ад бяды ў лес. Ну цяпер то ты хоць уцяміў, што ўтварыў?

- Дурань я, дый яшчэ які! Янінка, цяпер я разумею, што ты не адпусціла б мяне ў падарожжа непадрыхтаванага і не дапусціла б там такога глупства, што я ўтварыў. Перакананы цяпер: трэба туды адпраўляцца абаім.

Яніна ўспляснула рукамі:

- Цыцэрон! Які зух! У рэшце рэшт зразумеў! Божа, які ты дурны ў мяне і ўпарты. Нездарма ж пад сузор'ем Цяльца нарадзіўся! І Венера - твая багіня-берагіня. Князёўна Ліцвінія пасля ўсяго і пашкадавала, сказаўшы, чаму яны нас абаіх не адправілі...

- Так і сказала? - не паверыў я.

- Слова ў слова. Дарагі мой Антоне, Антон Севярынавіч, па прозвішчы Клімовіч, па паходжанні шляхціц, паляшук і летуценнік! Я так засумавала па табе, ты і не ведаеш пра тое!

- Чаму не ведаю? Ведаю...

- Ты ж забыўся пра мяне. Паляшучку ўпадабаў, прапаноўваў ёй руку і сэрца, - прытворна крыўдзіцца Альшанская, апускае галаву. - Што на гэта скажаш?

- Я ж ведаў, што там ты была, таму і прапаноўваў! - падтрымліваў я яе гульню, гаварыў, каб не пакрыўдзіць, бо ведаў, што і жартаваць з жанчынай заўсёды трэба, абдумваючы кожнае слова.

- Але ж колькі мы часу знаходзімся з табой на планеце Кахання, ты мне не прапаноўваў сваё сэрца.

- Як не прапаноўваў? Мая ж палавінка ў цябе! Я назаўсёды табе яго аддаў. А тваё ў мяне ў грудзях б'ецца, ці не так?

Яніна хітнула галавой, і яе косы, высока ўзляцеўшы ўверх, леглі на спіну.

- Так-то яно так, але...

Мая спадарожніца легла побач, раскінула рукі. Глядзела на Прыпяць. Ногі амаль дакраналіся да вады. Была ў адзідасаўскіх кедах, у балонневай спартыўнай куртачцы.

Не ўтрымаўся, нахіліўся над яе тварам, засланіў сабою неба. У вачах яе бачыў неабдымны Сусвет...

- Але ты не павінна мяне судзіць так строга. Я яшчэ не магу адарвацца ад паводзін людзей чацвёртай расы.

Яна маўчала, зажмурыўшы вочы.

Над намі нахіліліся сосны, шырака раскінуўшы кроны. Як усё роўна аберагалі ад нейкай шэрай навалы, пошумам сваім стваралі мелодыю Спакою і Суладнасці.

Мы ж, здаецца, не чулі яе. Нашы душы імкнуліся зліцца ў адно, як на парастку папараці на міліметровым пятачку-пазногці знаходзяцца «мужчына і жанчына» і не могуць злучыцца. Тады ім на дапамогу прыходзіць дажджавая ці расяная кропля - абвалаквае іх, і яны злучаюцца... Для новага парастка. Для новага жыцця.

Хто ж нам прыйдзе на дапамогу? І ці трэба нам яна?

Зямная сіла роднага Палесся ўлівалася ў нас жыватворнымі крыніцамі, напаўняла нашы істоты сілай і настроем, давала жыццёвы зарад, падпітвала нашую абарончую абалонку.

Ніякая чорная сіла не змагла прабіцца праз яе і нанесці шкоду...

- У другім саборным пасланні святога апостала Пятра сказана: «Адно не павінна быць схавана ад вас, любыя мае, што ў Госпада адзін дзень, як тысяча гадоў, і таму тысяча гадоў, як адзін дзень...»

- Там жа далей: «... не марудзіць Гасподзь выкананнем запавету, як некаторыя лічаць тое маруднасцю, але доўга церпіць нас, не жадаючы, каб хто загінуў, але каб прыйшлі да пакаяння...»

- Ці не пра нас гэтыя радкі?

Адказаць на тое пытанне мы не маглі...

 

Яён прыйшоў да мяне пад вечар, калі я акурат заканчваў працу.

Настрой у мяне быў не з лепшых. За доўгі прагул аб'явілі вымову, пазбавілі «прагрэсу». Пагражалі і зусім звольніць.

Зміцер чамусьці замінорыў у бальніцы, не дасылаў мне ніякіх вестак пра сябе. Вераніка не званіла, таксама не чуў яе думак. Таму і прыход двайніка сустрэў без вялікага ўздыму, нават абыякава...

Прыгледзеўся да яго пільней і ўспомніў, што ён як дзве кроплі вады падобны на майго таго суседа - шляхціца Андруся.

«Няўжо і ён разам са мною пераносіўся ў той час? Не разарваць нас нічым, не раз'яднаць...»

- Як ты тут?

- А як ты там? - чамусьці са злым выклікам спытаў я ў яго, аж сам сабе не спадабаўся.

Ён, мусіць, не адчуў майго настрою, а мо і з-за далікатнасці не заўважыў. Уздыхнуў толькі, мацаючы побач нязменны стары і пашарпаны партфель.

- Я - нічога. Стаміўся толькі...

- Стаміўся і я, што паробіш.

- Як з абяцаннем?

- Ды што ты прыстаў да мяне? Кожны раз напамінаеш, быццам я склеротык які. Паслаць цябе куды-небудзь ці небудзь-куды?

- Куды пашлеш, туды і добра, - параіў спакойна Яён і ўжо не глядзеў у мой бок, як і не існаваў я для яго, як і не выйшаў ён з мяне... - Ты гэтаму брыдкаслоўю тут навучыўся? Адразу бачна...

Папрок ці заўвага мяне здзівілі. І я пашкадаваў ужо, што так сустрэў яго, - нервы мае на людскім чорным скразняку іх душаў сапраўды сталі нікчэмнымі...

- Прабач, Яён, я і сам сябе не пазнаю - нервовы стаў апошнім часам. Таму вельмі шмат прычын.

- Ладна. Каму, як не мне, зразумець цябе.

Зноў усталявалася маўчанне. Іскрынка ўспыхнула і тут жа патухла, як і не было яе.

- А калі трэба ісці да цябе? - вінавата ўжо спытаў у яго, каб зруйнаваць няёмкасць, каб паказаць, што стаў я ранейшы - спакойны і разважлівы, што нам няварта спрачацца і чапляцца за дробязі.

- Я ж казаў апошнім разам пры сустрэчы... Заўтра ўжо. Таму і прыйшоў, - неяк нясмела прамовіў Яён, як бы баючыся, што зноў можа ўзлаваць мяне.

- Як - заўтра? Ты ж сказаў, што восенню!

- А сёння хіба на дварэ вясна? - ужо і падначваў мяне двайнік, пасміхаўся.

Перабіраў у памяці дні і падзеі і жахнуўся - то я так доўга лячыўся на прыпяцкім плёсе пад Туравам і Мазыром! То так доўга выводзіла мяне з таго стану Яніна Альшанская. Ды, пэўна ж, даўно выйшаў з бальніцы і Дзімітрый Кісялёў. Толькі дзе ён, чаму не на працы? Прагульвае?

- Сапраўды! - ляснуў я даланёй па лбе, засмяяўся, абдымаючы чамусьці Яёна. - Зусім мазгі свае прапіў тут... Добра, што ты напомніў. Сам не дапетрыў бы. Буду! Канечне ж, буду! Прыйду ў намечаны час.

Спытаць пра Кісялёва не выпадала - яшчэ падумае не так, як трэба.

- І Яніна абяцала быць. І Зміцер з Веранікай.

- А дзе ты іх бачыў?

- У Змітрака на вяселлі і бачыў. Яны ж пабраліся. Хіба ж ты не памятаеш?

«Разыгрывае ці здзекуецца? Не, непадобна было на тое... Змітрок жаніўся? Калі? І я, можа, яшчэ быў на іх вяселлі? Чаму ж тады не памятаю?..»

- А ты і не будзеш памятаць, - супакоіў мяне Яён, каб не разарвалася ў мяне галава ад балючых здагадак і думак.

- Ты чытаеш мае думкі?! Даўно?

- Ды не, не бойся. Чытаю па выразе твайго твару. А быў на вяселлі я. Замест цябе. Прыняўшы тваё аблічча.

- З Янінай быў, канечне ж?

- Тут ты не хвалюйся. Да яе і не дакрануўся. Можа пацвердзіць тое і Альшанская.

- Дзе яна цяпер, не скажаш? І дзе Змітрок? Куды яны ўсе падзяваліся?

- Яніна на некалькі дзён адлучылася. Прасіла перадаць, каб ты не хваляваўся за яе. Дапрацоўвае для Касмічнай Рады тваю справаздачу.

- Чаму ж ты адразу, як прыйшоў, не пачынаў з гэтага?! - роспачна паглядзеў на яго, адчуваў, што зноў пачынаў крыўдаваць і злавацца на яго. - Чаго марудзіў?

Ён уздыхнуў, прыкурыў новую цыгарэтку, выпусціў дымок.

- А таму, што з такім тварам і настроем, які ты меў напачатку, сустракаюць толькі самых злых ворагаў альбо непрыяцеляў.

- Яшчэ раз даруй. Абдурыў ты мяне. І - правучыў.

- Еж, разумнік, на здароўе, як кажуць...

- Змітрок і Вераніка, дзе яны?

- Вось заўтра і сустрэнешся з імі. Сам і распытаеш у іх пра ўсё. Сустрэча а васемнаццатай гадзіне. У актавай зале ўніверсітэта.

І зноў Яён абскакаў мяне. Няўжо я страчваў свае пазіцыі? А мо іх і зусім у мяне не было? А я так паводзіў сябе высакамерна, уявіўшы сябе камандзірам над ім... Мо то ён і быў за камандзіра ў мяне, ды з-за адказнасці сваёй не дэманстраваў мне тое. Ну і пень жа я, прабач, Госпадзі!..

- Добра, Яён, дамовіліся. Буду.

Яён не паціснуў мне руку на развітанне - толькі раскланяўся, усміхнуўся з выглядам пераможцы. З годнасцю выпраміўся, пайшоў...

Я ж адчуў сваё, няхай і маленькае, паражэнне і зразумеў, што шмат чаго мне трэба яшчэ зрабіць, каб рэабілітавацца перад ім...

Зноў пачуваў я сябе вінаватым...

 

Вялікая, з высокай столлю, зала.

Вокны, праз якія выпраменьвалася сонца, высокія, чыстыя, быццам без шкла. Промні рассейваюцца, і таму асвятленне роўнае, спакойнае.

Такіх залаў раней мне бачыць не даводзілася. Гэтая ж напамінала тую, дзе я праглядваў Кнігу Жыцця - пра падарожжа Яніны Альшанскай.

Яён вывеў мяне на высокую сцэну. На ёй былі стол і трыбуна. Яён назваў мяне, сказаў, што выканаў сваё абяцанне - прывёў чалавека новай фармацыі, які правядзе практычныя заняткі і адкрые для іх, студэнтаў, шмат чаго цікавага і для іх невядомага. Папрасіў яшчэ да маёй лекцыі-паказу аднесціся ўважліва, з усведамленнем вялікай адказнасці свайго прызначэння...

У мой бок ён зрабіў паважны паклон і сеў за стол. Сашчапіў пальцы, упёрся локцямі аб паліраваную паверхню...

«А чаму ў зале няма Яніны? Няма Змітрака і Веранікі».

Калі ж уключыўся на яго хвалю, пачуў радасны вокліч: «Здароў быў, Антон! Я ж у першым радзе, каля акна, і Вераніка побач са мною...»

Кісялёў сядзеў побач з Веранікай. Не пазнаў таму, што адпусціў бараду. Вераніка іншая стала - пасур'ёзнела, пасталела. Абое студэнтамі сталі? Дзе ж я быў у гэты час? Чаму такія моманты выпалі з памяці? Няўжо ўсё - з-за Залатарэнкі?

- Дзень добры, шаноўныя! Вы - будучыя прадстаўнікі Асацыяцыі па стварэнні летапіснай гісторыі нашай Ліцвініі. Вы - будучыя прафесійныя прадаўжальнікі той вялікай працы, якую вам даручыць Касмічная Рада. Гэты абавязак усклалі на вас князёўна Ліцвінія і Нябесны Валадар.

«Такі залік авансам не паставіць - на твары напісана, што педант...» - прарваўся аднекуль з залы недавер першага скептыка.

- Ад нашых жаданняў і думак будзе залежаць чысціня заўтрашняга дня. За гады вучобы вы навучыцеся чытаць і разумець думкі і жаданні любога чалавека, на якой бы мове ні гаварыў, любой жывой істоты...

«Хіба ж можа чалавек чытаць думкі другога? Што з таго было б? Здагадвацца можна, а вось чытаць...» - не верыла мне бялявае дзяўчо ў зялёным світэрку.

- Вы будзеце правадніком новых ідэй Нябеснай Шамбалы, якая разам з Божай Маці з'яўляецца заступніцай нашай дзяржавы... Бо Бог жыве ў Ліцвініі!

«Твае словы ды Богу ў вушы... - добразычліва пажадаў хударлявы юнак у акулярах, падпёршы падбароддзе рукой, - кажаш правільна, але ці...»

- Мы будзем такімі, якімі і ствараў нас Бог, будзем мець свае песні, сваю культуру. Не будзем спяваць з чужога голасу, гаварыць на чужынскай мове. Мы адродзімся. Станем мудрымі. І - моцнымі. Тады ніводзін сатана самымі салодкімі словамі не ўвядзе больш ніколі ў зман і пачварны сон. Бо мы навучымся адрозніваць словабалабольства ад Слова праўды і шчырасці...

«Во прарок знайшоўся ці апостал, - пасміхалася дзяўчына ў чацвёртым радзе ад акна, - толькі наіўны можа паверыць табе ці дурны... Нас кармілі, і не раз, прыблізна такімі ж словамі. Што ж ты нам новага сёння раскажаш і прадэманструеш? Фокусы? Праспяваеш псалмы ў імя Айчыны Ліцвініі? Пад гітару ці пад баян? А мо пад гармонік? Пад скрыпачку?..»

Я перавёў дыханне. Не ведаў, што гаварыць далей - зала сустракала мяне недаверам. Мо таму і хацеў прыкрыцца мною мой двайнік? Што ж яны за студэнты нацыянальнага ўніверсітэта, калі не прасякнуты нацыянальнай ідэяй? Яны ж яшчэ хворыя, іх лячыць трэба... Ці тое лячэнне трэба пачынаць мне?..

Яён безуважна глядзеў у залу, як быццам яго не хвалявала, што я гаварыў, якая была рэакцыя студэнтаў яго курса, якім ён выкладаў касмічную навуку. Ці ведаў ён, што я сустрэў сапраўдны холад і недавер з іх боку?

Хто іх вучыў і па якой праграме? Калі Яён ведаў пра ўсё, то чаму не папярэдзіў? Я будаваў бы сваю лекцыю неяк інакш. А мо праверыць мяне хацеў?

- Чаму я сустрэў поўнае неразуменне з вашага боку? Правільней, непаверку да таго, дзеля чаго я прыйшоў да вас... Вы не адкажаце, шаноўныя спадары, на маё пытанне?

Ніхто і вокам не міргануў. Не аспрэчылі, не пацвердзілі. Ну і няхай, ну і добра! Цяпер я ведаю, як будзем наладжваць далей узаемаразуменне.

- Мы з вамі - дзеці Сусвету і Космасу. Дзеці Бога. Кожнага з нас прасвечвае і пранізвае процьма псіхічных каналаў і цэнтраў, промняў і ліній. Калі ж мы здолеем адчуць і хаця б прачыніць трошкі дзверы ў іх тайну, то мы выйдзем на прамы кантакт з Сусветам. І мы зробім так! Гэта і будзе тая стадыя існавання, якую чалавек назваў Раем. Гэта калі чалавек працуе і не мае патрэбы штодзённа думаць пра хлеб. Бо і Бог казаў, што «не хлебам адзіным жыве чалавек, а словам Божым». А таму і жыць будзе чалавек стагоддзі. Ён, Вялікі Стваральнік, меркаваў так: энергію чалавек будзе чэрпаць з жыцця Сусвету, ад Вялізнай Энергіі Космасу. Яго думкі будуць скіраваны толькі на духоўнае існаванне, на ўдасканальванне сваёй душы, свайго ўнутранага свету.

«Каб жа так, то яно канечне ж... Ох і мастак ты так пра ўсё распісваць...»

- Жывёліна неразумная, але яна знайшла ў сабе розум, каб не дадумацца на свае капыты ці лапы надзець абутак. Мы ж з вамі істоты разумныя і таму даўмеліся адгарадзіцца ад зямлі падэшвамі абутку і... адарвалі сябе ад мінусавага зараду, засталіся толькі ў плюсавым - Сусвет і Космас, да якога падключана галава. А для ўстойлівасці нашага існавання і арганізма той і той энергіі ў нас павінна быць пароўну - і накоплівацца ў сонечным спляценні, там, дзе наш мозг, дзе цэнтр усяго...

Зала маўчала. Ніводзін голас недаверу не далятаў да мяне.

- Мы з вамі можам назапашваць у сабе жыватворную энергію сонца. А яно аддае нам яе толькі на пачатку раніцы - пачынаючы з пяці гадзін. Да сямі гадзін Сусвет аддае нам плынь здаровай і чыстай энергіі - за проста так, за бясплатна! Каб мы карысталіся ёю разумна і ўжывалі яе толькі на добрыя памкненні... Чаму нарадзілася ў народзе прымаўка «Хто рана ўстае, таму Бог дае»? Бог дае нам, грэшным, энергію. Ён дае нам сапраўднае жыццё... А ноччу, калі мы кладзёмся спаць, забірае ўсё лядайкае і злое, нашы стрэсы і нервовыя перагрузкі - Сусвет рэгулюе наша жыццё, пра што мы і не здагадваемся. Нават не стараемся яму памагчы. Таму мы проста паказваем, нават дэманструем сваю няўдзячнасць і недасведчанасць. Раніцай, як толькі ўзыдзе сонейка, мы адчуваем прыліў радасці і сілы. Промні сонца, як пяшчота роднай матулі, ласкава абдымаюць нас, шэпчуць на вуха, што мы самыя добрыя і ласкавыя, прыгожыя і міласэрныя...

«Добра сказана. Прыгожа...»

- Калі ж мы пачуем адно аднаго, калі прыслухаемся да Сусвету? Калі выкажам удзячнасць і падзяку таму, каму абавязаны жыццём і сваім існаваннем? Чаму мы забываем пра тое?

«Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога...»

І даў Бог кожнаму народу сваю зямлю, сваю мову.

Адабраўшы ад нас мову, Ён нашле на нас страшную кару. Бо мы тады станем глухімі і сляпымі. Маці Ліцвінія плакала, калі чула, як вылучэнцы народа рашалі на Вялікім сваім сходзе, якую мову даць дзяржаве - ліцвінскую ці мову суседняй дзяржавы...

«Сапраўды жахліва. Нідзе ў свеце няма такой ганьбы...»

Не казаў студэнтам, але падумаў тады ж, гледзячы ў іх чыстыя і светлыя вочы, што шмат чаго я вынес са свайго ахутаванскага падарожжа ў сузор'і Кахання. «Ніколі не жадайце зла адзін аднаму, бо тое ж зло абавязкова абрынецца на вас». Перада мною адкрыліся і Свет і Святло... Я яшчэ больш паверыў у тое, што шчаслівая будучыня чакае маю Айчыну. Што недарэмна аддавалі свае жыцці слынныя сыны і дочкі Ліцвініі. Паверыў у тое, што змагу зрабіць што-кольвечы карыснага для Княства. Для свайго люду. Калі ж мяне Бог наблізіў да тайны жыцця і надзяліў звышсілай і звышэнергіяй - усё тое я павінен ужыць для росквіту і адраджэння Вялікай Радзімы.

- Чалавек не так даўно прыдумаў цуд - запісваць падзеі на магнітную стужку. Здымаем кіно, запісваем песні, падарожжы, пахаванні, вяселлі... А жыццё ж на Зямлі Ўсявышнім запісана даўно. З самага пачатку існавання чалавека на планеце. Запісана ўсё да драбніц. І тое, як Хрыстос быў распнуты на крыжы. Але той запіс ніхто не можа прагледзець. То Кніга Жыцця. Жыція. Яго Сына і наша жыццё. За сямю і сямю пячаткамі знаходзіцца тая Кніга. Таму Валадар і даў народу ўменне - пісаць сваю гісторыю, свае старонкі. Запісваць і падзеі тысячагадовай даўнасці. І вам належыць дапісваць тыя старонкі, якія вырвалі з нашай гісторыі. Нам падсунулі хлуслівую і прымушалі верыць у яе. Вам і жадаю поспехаў у гэтай справе.

Так хацеў Ён. Так завяшчаў Ён. Такі запавет пакінуў. Каб да хвіліны, да секунды мы вярнулі сваё мінулае і ганарыліся ім.

Я, здаецца, скончыў гаварыць пра тое, што намерыўся. Хай цяпер злуецца на мяне Яён, але інакш я не мог. Не я ў тым вінаваты.

- А ці ўмееце вы чытаць нашы думкі? - падняўся на апошнім радзе светлавалосы юнак, глядзеў на мяне, не сядаў, чакаў адказу. - Ці можам мы паверыць вам? Гаварылі вы цікава і праўдападобна, але то словы, патрабуецца пацвярджэнне...

Я ўсміхнуўся. Тут бы параіцца з Янінай, няхай бы падказала, як лепей быць. Але яе не было. Паслаў ёй «маланку» і пачуў кароткі адказ: «Здзіві. Тут можна. Пакажы, на што здольны чалавек. Дазвол дае князёўна Ліцвінія. Яны задумаюцца над сваім жыццём, над сваім існаваннем... Не дэманструй толькі дыялог з душамі памерлых - для іх рана і небяспечна. Дзейнічай!..»

«Зразумеў. Ты цяпер дзе?»

«На станцыі Касмічнай Рады. Затрымаюся ненадоўга. Прабач, што не з'явілася на тваё выступленне. Але я яго потым прагляджу, як аддасі касету. Я знайду цябе, калі будзе трэба...»

Што ж, тады ўсё добра. Тады - пачнём.

- Добра, спадар Васіль Аўсяевіч. Маналог мой скончыўся. Хаця я лічу, што адбыўся дыялог. Толькі адзін чалавек з аўдыторыі, не, дакладней, чатыры паверылі мне. Астатнія не вераць, сумняваюцца... Ваш дзед, спадар Васіль, быў пчаляром. Прадзед таксама займаўся бортніцтвам, прапрадзед быў афіцэрам царскай арміі і някепскім афіцэрам. А бацька прапрадзеда быў ротмістрам у князя Януша Радзівіла... І ўсе, як і вы, дарэчы, любілі займацца пчоламі... Але я не пра тое...

Сышоў са сцэны, ступіў на падлогу. Потым пачаў падымацца па прыступках уверх - паўз адзін рад, потым праз другі. «Ахутавана, Ахутавана! Дай сілы, дай розум, каб не выйсці за рамкі і межы дазволенага і патрэбнага...»

- Ахутавана! - падняў я дзве рукі і, як антэны, трымаў іх, сагнутыя, перад сабою, прашаптаў ціха словы: - Ахутавана! Пачынаем! Збіраю ўсю сваю волю і сілы!..

Накіраваўся найперш да той, што баялася, што не пастаўлю залік.

- Вы правільна, Вальжына, падумалі... Авансам залік я не пастаўлю. Але на маім твары тое не напісана...

Дзяўчына пачырванела, хапілася за шчокі: «Няўжо ён прачытаў мае думкі?»

- Прачытаў. У вас шмат адмоўнай энергіі, энергіі недаверу...

Далей набліжаўся да дзяўчыны ў зялёным світэрку. Глядзеў у круглыя вочы, яна не вытрымала майго позірку, падумала: «Фокуснік і цыркач... На нечым жа ты праколешся, вось пабачыш...»

- Ні на чым я не пракалюся, Міва Калошка! І не фокуснік я і тым больш не цыркач... А цяпер - што вы яшчэ падумаеце пра мяне?

«Ну і пазёр, ну і Месінг... Вой, як там, цікава, прайшла аперацыя?..»

- Не пазёр я і не Месінг... А аперацыю вашай матулі ўжо зрабілі. Гадзіну назад. Цяпер спіць. Вас у сне бачыць, хвалюецца, што вы не адказалі на яе пытанні пра стрыечнага брата Янку...

Дзяўчына войкнула, спалохана прашаптала сяброўцы: «Я, Віка, пра маму падумала, а ён сказаў... І пра Янку - праўда... Папаў хлопец у бяду». Пахітала галавой, адразу ж стала сур'ёзнай і задумлівай.

Дзяўчына ў трэцім радзе падумала, што я прыйду да яе. І не памылілася - паслухаўся яе. Спыніўся побач.

- Зноў жа - я не прарок, як вы падумалі перад гэтым. І не апостал. Псалмы спяваць не буду - ні пад гітару, ні пад баян...

Дзяўчына ўскрыкнула:

- Насця, ён прачытаў мае думкі... Да слова прачытаў.

«Ці ўзяў, цікава, мне Ігар білет да Менска?» - паралельна падумала заклапочана.

- Ігар узяў білеты да Менска. Плацкартныя. Сёмае і восьмае месцы.

Яна ўстрапянулася:

- З вамі страшна быць побач, спадар Антон!

- Каб прачытаць думкі, не трэба быць побач. Вы можаце быць на другім краі планеты, і ўсё роўна я вас пачую. Вы ж не думаеце пра страшнае, а толькі пра білеты да Менска. Чаго ж вам баяцца? Што думае пра вас Ігар, хочаце даведацца?

Мяне, адчуваў, пачало заносіць, але я, як мог, стараўся кантраляваць сябе. Як быццам засумаваў, згаладаўся па фокусах і прыемных сюрпрызах.

- Не ведаю... А можна? - нясмела паглядзела дзяўчо на мяне. - А гэта - не страшна?

- Не. Але калі там нешта непрыемнае ці недазволенае, я не пушчу да вас думкі... Згода? Настройцеся думкава на Ігара. Пашліце яму сігналы трывогі і неспакою за білеты...

- Згода! - рашылася Святлана Лагун - будучы прафесіянальны і таленавіты псіхолаг-неўрашукальнік, доктар Сусвету. Ёй будуць падуладны ўсе сферы думкавай дзейнасці Чалавека і сузор'я Дабрыні.

Яна зажмурылася, прыслухалася, адно за адным пасылала словы: «Ігар, я хачу пачуць цябе! Хвалююся за білеты - ці ўзяў?»

Недзе здалёку пачуліся юначы смех, біццё сэрца і голас: «Ды ўзяў, узяў я тыя білеты... Але мне абрыдла кожны раз вымольваць у цябе прабачэнне. Няўжо я самы агідны чалавек на зямлі? Ну чаго ты такая занудлівая, Светка, - мая каханая, га?..»

Тут жа і адключыў яго, каб не нагаварыў дзяўчыне чаго непатрэбнага, пацікавіўся ў яе:

- Голас Ігара? Пра прабачэнне і занудлівага чалавека?

Света выдыхнула з сябе паветра, агледзелася. Думала, што Ігар сядзеў побач. Але ён быў у чыгуначным рэстаране і піў са сваім сябруком Яўгенам піва...

- Яго голас. А дзе ён цяпер?

- Спытаецеся ў яго самі. Ён з Яўгенам Каршаковым.

Святлана абвяла. Ужо добрае падумала пра мяне.

«Твае словы ды Богу ў вушы» - гэтая думка належала Міхасю Забалотнаму, калі я пачаў сваё выступленне. Яго Яён сустрэў у далёкай, глухой вёсцы Віцебшчыны...

- Так, Міхась, усё, пра што мы думаем, у вушах Бога. Ён не можа папярэдзіць нашых дрэнных учынкаў, пакідае на нашым сумленні, вучыць нас, як адчуваць і разумець адзін аднаго... Калі мы будзем ведаць, што чытаюцца нашыя думкі, то і жыць будзем добра, не робячы зла. Пазбавіўшыся ад злога, мы станем лепшымі і добрымі. Ці не так? Мы ж можам папярэдзіць вайну, ведаючы агрэсіўныя задумы ворага. Каханыя і закаханыя змогуць адшукаць адно аднаго ў Вялікім Сусвеце маўклівасці.

- А мы ўсе гэтаму можам навучыцца? - паднялося з месца дзяўчо, падобнае нечым на Яніну Альшанскую. - Ці тое дадзена толькі абраным?

- Вы гэтаму навучыцеся ўсе да аднаго. Адны лепш, другія горш. То будзе ўжо залежаць і ад асабістых творчых пачаткаў, і ад жадання вучыцца. Можна, я паспрабую правесці з залай эксперымент? Для замацавання нашай тэмы. Вас акурат напалову - хлопцаў і дзяўчат. Спачатку я ўключу энергію юнакоў - няхай яны думаюць пра дзяўчат. Пасля - наадварот. Згодны?

- Згодны! Згодны! - весела адгукнуліся студэнты, пераглядваючыся, настройваючыся на цікавую і вясёлую гульню.

- Але я павінен быць перакананы, што таго хочуць усе да аднаго. Каб потым не было ні ў кога крыўды. Таму падыміце рукі.

На эксперымент згадзіліся ўсе.

- Прызнаюся, я не меў права на дэманстрацыю таго, на што наважыўся. Але ў вас такое нявер'е і абыякавасць, што дзіву проста даюся. Таму вазьму грэх на душу, каб вам усё-ткі даказаць, што чалавек можа ўсё-ўсё... Толькі адна-адзіная пакуль умова і просьба - думайце ў гэты час толькі пра добрае. Я не хачу, каб былі потым крыўды з-за мяне. Роўна праз тры хвіліны я ўключу сваю энергію і падключуся да вашай. Юнакі павінны дасылаць дзяўчатам свае думкі. Маналог будзе доўжыцца трыццаць секунд. Цішыня... Пачалі!..

Змітрок і Вераніка сядзелі апошнія справа. І яны ўдзельнічалі ў гульні.

- А цяпер дзяўчаты павінны адказаць. За тыя ж паўхвіліны. Так, можна...

Пачуўся смех. Выбух рогату. Каменціравалі свае пытанні і адказы. Зала загудзела, як пчаліны вулей, захвалявалася. Чуліся папрокі за занадтую шчырасць - некаму не спадабаліся адказы. Потым, зразумеўшы, што тое ўсё не гульня, ніякі не фокус, найперш жахнуліся, спалохаліся, сядзелі сцішаныя, маўкліва паглядалі на мяне. Ведаў і чуў, што яны думалі пра мяне. Думкі цяпер вельмі адрозніваліся ад тых, што чуў напачатку.

- Я гаварыў ужо, але паўтаруся. Чалавек павінен умець аднолькава дыхаць як на паветры, так і пад вадой. Ён адным толькі позіркам і жаданнем можа падумаць і пераносіць з месца на месца тоны, тысячы тон грузу.

- Вы і гэта ўмееце? - апошні скептык Алесь Зінчук падаў голас, і яго пытанне маўкліва адобрыла зала - глядзела на мяне, чакала, што адкажу.

- Вы думаеце, што эгіпецкія піраміды ў пустыні пад'ёмнымі кранамі будавалі? Ці рабы прымітыўнымі прыстасаваннямі? Адкуль жа і на чым яны тыя глыбы вазілі?

«Уцякае ад адказу. Мусіць, перабраў, занесла яго не туды...» - той жа Алесь пахітаў расчаравана галавой.

- З таго ж пяску і рабілі. Умелі тое рабіць. Ну а цяпер пра маё ўменне, спадар Алесь! Мяне нікуды не занесла. Я адказваю за кожнае сваё сказанае слова. Таму ў мяне просьба да цябе. Ты, а з табой Мікола Стэльмах, Ігар Трызна, Валодзя Рабянок, Вячаслаў Барадуля ідзіце да мяне і перасуньце на адзін метр управа сейф, што ў кутку.

Хлопцы выйшлі на сцэну, узяліся з усіх бакоў за сейф, але, колькі ні пручкаліся, ён не скрануўся з месца.

- Сядайце, калі ласка, - папрасіў я. - Вы паказалі, што сейф мае вялікую вагу і яго немагчыма рукамі ссунуць з месца.

Калі ж у зале стала ціха, гучна прамовіў, прыкаваўшы ўвагу да сябе:

- А цяпер глядзіце ўважліва!

Я спусціўся ў залу, падняўся на самую верхнюю прыступку апошняга рада, павярнуўся тварам да сцэны. Зажмурыў вочы, удыхнуў у сябе паветра, сціснуў пальцы ў кулакі і тут жа растапырыў іх. Адчуў, як на далонях скапілася магутная сіла, яна калола, пранізвала цела, прасіла дзеяння. Толькі тады ціха і ўмольна прашаптаў:

- Ахутавана! Магутны Божа! Памажы мне!

На адлегласці сіла рукі дакранулася да сейфа, які важыў больш тоны. У ім ляжалі медыцынскія прыборы і стаялі бутэлькі з сернай кіслатой. Сейф, як пушынка, лёгка адарваўся ад зямлі і павольна пачаў падымацца ўверх. Потым, спыніўшыся, гарызантальна паплыў у левы бок сцэны. Нягучна апусціўся на падлогу.

Студэнты затаілі дыханне. Здзіўленне апанавала іх. Ільдзінкі апошняга недаверу расталі, і знаку не засталося ад яго.

Потым гэтак жа, не марудзячы, я падняў зноў сейф і паставіў на месца.

Начынне сейфа не дзынкнула, не ссунулася з месца хаця б на міліметр...

Хвілін колькі я стаяў, утаймоўваючы ў сабе ўзбуджанасць энергіі, падняў рукі, аддаў рэшту накопленага космасу - і тут жа лёгка пабег да сцэны, падняўся на яе.

Мне прыйшлося яшчэ нейкі час счакаць, калі аціхне ўзрушанасць студэнтаў, адшукаў позіркам Змітрака Кісялёва, пацікавіўся ў яго, ці так раблю...

«Так, так, Антон... Усё правільна... Для ўсіх цікава. І не толькі цікава. Карысна. Ты зламаў поўнасцю іх недавер».

Глядзяць на мяне студэнты, маўчаць. Думкі свае пахавалі, ведаюць, што я іх пачую.

Ніводнага больш недаверлівага слова не было кінута ў мой бок...

То ўжо была перамога. Я ўбачыў, што над кожным са студэнтаў пачала мяняцца колерам аўра. Іх энергетыка пачала накопліваць у душы той добраўплыўны зарад, які жывіць розум і жаданне: замест шэрай рабілася чырвона-жоўтай...

- Наступныя практычныя заняткі ў вас будуць праз два месяцы, - прамовіў я ціха і стомлена, але яны чулі маё кожнае слова - у аўдыторыі не было больш чуваць уздыхаў. - На іх мы пройдзем тэму «Падарожжа ў мінулы час». Кожны з вас адправіцца роўна на пятнаццаць хвілін зямнога часу, а па тым часе ў шмат разоў больш. Падарожжа вашае будзе пасіўным. Вы будзеце толькі назіраць і хадзіць, не прадпрымаючы нічога ў сваіх дзеяннях. Ніхто з вас не павінен парушыць тое правіла.

Воклічаў ужо не было, што я фантазёр і фокуснік.

- Ці паверылі вы ў тое, што я сказаў? - пільна паглядзеў у залу - кожнаму ў вочы, і пытанне маё прагучала сцвярджальна і гучна, з адценнем таямнічасці.

- Паверылі, спадар Антон! - аднагалосна ўсклікнулі будучыя летапісцы гісторыі Ліцвініі. - І ўсе як адзін падтрымліваем. У нас цяпер ёсць вера ў нашыя магчымасці і здольнасці чалавека.

Тое мяне радавала і ўсцешвала.

- А яшчэ мы потым навучымся браць энергію ад сонца і месяца. Поўнасцю адмовімся ад зямной ежы. Тады вы яшчэ раз пераканаецеся, што чалавек можа пражыць і пяцьсот, і восемсот гадоў... Ці верыце вы ў тое, мае юныя грамадзяне Княства Ліцвініі?

- Верым! Кожнаму слову верым!

- Тады дзякую вам! Толькі на моцнай веры будуць трымацца ваш поспех і нашая агульная справа! На веры ў тое, што мы адродзім сваю Ліцвінію! Яна стане, як і некалі, багатай і вольнай. А цяпер... На сёння ўсё. Просьба - ніякіх пытанняў мне не задаваць. Шмат энергіі аддаў вам. Вы тое адчулі. Вы не будзеце хварэць, будзеце адчуваць сябе бадзёрымі цэлы тыдзень. Да сустрэчы!

Хораша і светла было ў мяне на душы!

Да мяне, бачыў, кіравалі Зміцер і Вераніка.

Абое ўсміхаліся, радаваліся, што ёсць мажлівасць пабачыцца.

Зрабіў ім крок насустрач...

 

Кожны чалавек - гэта зорка...

Кожная зорка - гэта чалавек.

Мы ляцім з Янінай між зорак, гуляем з ёю ў хованкі. Я даганяю яе, а яна ўцякае. Пасля - наадварот. Вось так некалі мы ныралі з ёю на дно Чорнага мора і куляліся на дзесяцікіламетровай глыбіні, здзіўляючы падводных насельнікаў сваім паяўленнем...

Зоркі цёплыя і даверлівыя, бы кацяняты.

Мы спыніліся на адной з іх. Доўга стаім, абняўшыся, аглядаючы Сусвет. Пасля ходзім басанож па пяшчотнай паверхні і адчуваем радасць яднання з ёю. Калі надакучыла, пералятаем на наступную, большую і прыгажэйшую.

А на адной дык сустрэлі невядомую жывую істоту - мяккі камячок з зялёнымі вочкамі. Як дзьмухавец. Быў ён пушысты і даверлівы, не спалохаўся.

Лёгка пераскокваў з месца на месца. Падкаціўся да нас, пазіраў усмешлівымі маленечкімі вочкамі.

- Ты хто? - весела папыталася мая спадарожніца, спрабуючы пагладзіць яго - дакранулася пальцам.

- Я даўно тут гуляю. Я люблю жыць сярод зорак. Заставайцеся і вы тут - мне весялей будзе.

Яніна засмяялася, паглядзела на мяне, як папыталася: «А што, мо і сапраўды тут застанёмся? Давай тут, Антон, жыць будзем... Тут новую хату збудуем, станцыю... Нам ніхто ў каханні замінаць не будзе... Як здорава гучыць - каханне паміж зорак! Зорнае каханне! Гэта ж тое, пра што мы марылі з табою ўвесь час. Ці не так?..»

- А ідзі лепей ты з намі, - прапанавала Яніна, узяўшы Дзьмухаўца на руку. - Будзеш там, на Зямлі, у нас за коціка. Ты ж такі пяшчотны і мяккі.

- А што такое - коцік?

- То такая хатняя жывёлінка, якая жыве побач з чалавекам. У яго хаце. Мышэй ловіць...

- Мышэй? - перапытаў здзіўлена камячок-Дзьмухавец, прыжмурыўшы вочкі-бісерынкі. - А гэта што такое? Што з імі ён робіць? Гуляе?..

- Не... зусім не так. У яго такі інстынкт закладзены - падкрадвацца і лавіць. А як зловіць, то можа з'есці...

Дзьмухавец спалохаўся, зніякавеў, зрабіўся зусім маленькім - на далоні ўмяшчаўся, прашаптаў затоена:

- Я ж не ўмею лавіць іх... мышэй... Тым больш іх есці. Я ж ніколі нічога не ем. Мяне кормяць Сонца і Месяц. І - пах кветак.

Яніна зразумела сваю памылку і, каб выбавіцца з нялоўкага становішча, пачала тлумачыць:

- А табе і не трэба будзе іх лавіць. Ты будзеш займацца тым, чым прывык заўсёды. А нам будзеш расказваць цікавыя гісторыі са свайго жыцця...

- Прапанова, скажу вам, заманлівая. Але ж я люблю хадзіць і гуляць па зорках. У мяне іх тут шмат, выбірай любую. Па сваім настроі і жаданні. На гэтай, дзе мы з вамі, растуць толькі кветкі. Вунь на той, што далей, блакітнай, гучаць пяшчотныя і чароўныя мелодыі зорных музыкаў. А на трэцяй, што за ёю, жоўта-чырвонай, казачнікі расказваюць найцікавейшыя ў свеце казкі. Хаця кожнае слова ў іх - чысцюткая праўда. А ў вас там, на Зямлі, ёсць зоркі?

Жанчына ўздыхнула, пахітала адмоўна галавой:

- Не, Дзьмухавец, на вялікі жаль, няма. Мы толькі бачым іх, як бачым Сонца і Месяц. Але зоркі далёка ад нас.

Гаспадар зоркі Кахання прашаптаў:

- Як мне шкада вас... Там жа, мусіць, вам сумна і нецікава жыць? Як можна жыць на Зямлі, калі на ёй няма зорак?

Альшанская паспяшалася супакоіць маленькую істоту:

- Не, нам не сумна жыць на нашай Зямлі. Мы таксама любім зоркі і месячык. Яны ж - спадарожнікі закаханых. Без іх нельга пражыць...

Дзьмухавец падумаў, адказаў:

- Бачыць - то адно. А вось гуляць па зорках, ды яшчэ па той, якая табе даспадобы, - то зусім іншае. Так што вы мне прабачце за адмову - не магу я прыняць яе. Таму застануся тут. Мне тут заўсёды добра і весела. А вось вам, калі стане маркотна ці цяжка, калі страшэнна захочацца адзіноты ці схованкі, калі ласка, кіруйце напрасткі да мяне ў госці. Хаця ж - чаму ў госці? То ж вашая планета, вашае сузор'е - і імя ёй Ахутавана!

- Ахутавана? - міжволі вырвалася ў мяне з грудзей. - Адкуль у яе такая назва?

- І не толькі назва, - прыжмурыў вочкі Дзьмухавец, засмяяўся задаволена, што выклікаў у мяне здзіўленне, - а магічнае значэнне. Для вас жа гэтае слова - сэнс жыцця. Таму і імя ў мяне такое ж - Ахутавана...

- Імя?

- А што? То ж вы мяне і прыдумалі такім у сваім уяўленні. Закаханым і фантастычным уяўленні. Ад гэтага я і нарадзіўся. Я - дзіця кахання. А так вы можаце называць мяне ласкава-памяншальна - Ахутаванчык...

- Дзіва дзіўнае! - яшчэ больш здзівіўся я, не ведаў, як аднесціся да такога адкрыцця. - Вось яно ўсё адкуль... Ты ведала пра тое, Яніна? Ведала?

Але яна адвярнулася разам з Дзьмухаўцом-Ахутаванчыкам, глядзяць некуды на іншыя планеты, іншыя зоркі.

На маё плячо вавёркай ускочыў Ахутаванчык. Дзьмухнуў жартоўна ў вуха, як прадзімаў тэлефонную слухаўку, прапанаваў:

- Паслухайце мяне... Ёсць прапанова. Давайце трошкі прагуляемся па маіх зорках. Спачатку па гэтай, дзе мы знаходзімся. Яна найпрыгажэйшая з усіх, бо тут шмат кветак і тут самае гаючае паветра. Гэтыя кветкі растуць дзякуючы вам, дзякуючы вашаму каханню. То вы і жывіце іх сваёй энергіяй, якая далятае сюды ад вашай Зямлі. Вы, можа, і не ведаеце пра тое...

- Здагадваемся, Дзьмухавец! Мы прымаем тваю прапанову. Гэта гасцінны жэст. Ты - гід, а мы - экскурсанты.

Кветак такіх мы ніколі не бачылі. Яны здаваліся нейкімі знаёмымі і блізкімі. Непадобныя адна на адну, розніліся колерам і памерамі. І - во дзіва! - сустрэў нас блакітны васілёк. Рос побач з жытнім сцяблом. Яго сіняе вочка паглядала на нас радасна і прыветна. Як ён трапіў сюды з Ліцвініі?

- То ж вашыя кветкі. Вы іх бачылі толькі ў сне. А сны пераносяцца сюды і тут жывуць. І - кветкі таксама.

- А ты толькі па гэтай зорцы гуляць любіш?

- Не толькі... Я, як той маленькі прынц, якога нарадзіў французскі лётчык-летуценнік, маю сваю асноўную планету. Але гуляю і па ўсіх астатніх. А вы адкрылі і для сябе сваю зорку - зорку ў сузор'і Кахання. Яшчэ яна Венерай завецца. Пра яе ж ваш знакаміты паэт пісаў: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю...»

- Дзякую, Ахутаванчык, што ты адкрыў нам яе! Дзякуй, што ўтрымліваеш яе ў ідэальным парадку!

Ён засмяяўся, пераскочыў на плячо Яніне. Усеўся ямчэй, пачаў тлумачыць:

- Я тут бачыў шмат шчаслівых людзей. Шчаслівых ад кахання. Сюды незакаханыя не даляцяць. Цуда-крылы маюцца толькі ў закаханых. Яны заўсёды, узляцеўшы ў сваім шчасці да сёмага і сотага неба, прыляталі сюды. І працягвалі тут быць шчаслівымі і незалежнымі ад жыццёвых абставін. Тут можна пражыць не адну тысячу гадоў. Тут кветкі валодаюць элексірам бессмяротнасці. Я тут і за экскурсавода, і за гіда, і за дарадчыка. Бо закаханыя заўсёды збіваюцца з дарогі ў царстве кветак і таму робяцца такімі бездапаможнымі, што на іх смешна глядзець... Хаця яны і не заўважаюць таго. Вы за сабой таго не заўважалі?

У Яніны ружовяцца шчокі, наліваюцца сокам вусны, а ў паглядзе іскрынкі пяшчоты і даверу:

- Не, Ахутаванчык, не заўважалі.

Гаспадар вадзіў нас па сваіх аранжарэях. Радаваўся, калі Яніна, уражаная, нахілялася, каб, зажмурыўшы вочы ад задавальнення і мройнасці, дакрануцца да нейкай кветкі і панюхаць яе...

- А гэтая кветка з вашай Ліцвініі, - паказаў Дзьмухавец на блакітны васілёк, на поле васількоў, з якіх выткаўся вялізны жывы дыван.

- Адкуль ён тут, Дзьмухавец? - расчулілася Яніна, пагладзіла блакітнавокую кветку, спыталася: - Васілёк-васілёчак, адкуль ты тут? Ты ж - як прывітанне з роднай Ліцвініі!

Васілёк захістаўся, як жывы, ад ветру. Загайдаўся блакітны дыван поля.

- Яны ад вашага кахання выраслі. Вашай энергіяй жывіліся. Хутка і вашая Ліцвінія расцвіце гэтаксама. Такія кветкі заўсёды цвітуць на яе вольным абрусе. Вы яго і засцелеце на стол, за якім будзеце святкаваць сваю перамогу над сіламі зла, калі адчуеце сябе зноў шчаслівымі і вольнымі, люд Вялікага Княства Ліцвініі...

 

Прыйшоў час і развітвацца.

Мы ўзялі Ахутаванчыка па чарзе на рукі, паднеслі да твару, дакрануліся носам да носа, сказалі:

- Ты не сумуй тут, дружа!

- А на маіх зорках ніколі сумна не бывае. Вы не дасце мне сумаваць.

- То і добра, - радаваўся я. - Хай Ахутавана ніколі не ведае суму і расчараванняў. Шчасця тваёй планеце Венеры!

- Так яно і будзе! - крыкнуў у адказ Дзьмухавец-Ахутаванчык. - Ахутавана! Да сустрэчы!

- Ахутавана! - адказваем мы, аддаляючыся ад яго, пачынаючы разбег у Галактыку.

Дзьмухавец развітальна махаў нам рукой...

 

Мы ляцім скрозь галактыкі, абмінаючы сузор'і. Неадрыўна глядзім адно аднаму ў вочы.

- Спадар Антон, шляхціц Клімовіч! Ты мяне не пакінеш ніколі? Мы яшчэ вернемся на нашую планету Кахання?

- Вернемся, Янінка, абавязкова вернемся. Ахутаванчык запрашаў жа нас да сябе.

- Я вельмі хачу верыць у тое.

- Нам жа нішто не можа перашкодзіць. Бо Ахутавана заўсёды з намі, заўсёды ў нашай душы...

Зноў адчуў, як ад яе зыходзіла ўзмоцненая трывога.

Але такой, здавалася мне, яна ніколі не была! Што адчувала сэрца жанчыны? Што прадчувала?

Няўжо - Зямля?!

Поле, як акінуць вокам, спрэс блакітнае і неабсяжнае. Як і неба. Акурат як той дыван, што паказваў нам Дзьмухавец.

Цвіце лён. Маленькія суквецці ўтвараюць блакітны абрус. Ім засцелена, здавалася, уся зямля, што злівалася на гарызонце з небам...

Рахманае сонца жывіла палеткі, промні лашчылі і сагравалі мне твар.

Мне здавалася, што я стагоддзі не быў на Зямлі.

Бо шчыра радаваўся сустрэчы з лугам і лесам. Не ўтрымаўся - прайшоўся басанож па роснай халоднай траве.

Нехта сцёр маю памяць, бо я нічога не ведаў пра сябе, пра тое, што адбывалася са мною, дзе я быў і што бачыў.

Адчуваў я сябе няйначай цяжарнай жанчынай, якая не магла нарадзіць.

Мяне распірала незнаёмае дасюль пачуццё. У сонечны дзень бачыў у небе зоркі. Іх жа відаць толькі ноччу. Бачыў я яшчэ, як пераляталі ў небе нейкія незразумелыя лятальныя апараты. У іх сядзелі нейкія стварэнні і паказвалі пальцам у мой бок. Не разумеў толькі: ці то пасміхаліся з мяне, ці з гонарам паказвалі на мяне, каб расказаць іншым пра дзіўнага зямляніна, які бачыць і чуе тое, што недаступна ўсім астатнім...

На небе не было ні воблачка.

Праз хвіліну за наміткай блакітнай палоскі лесу жыханула маланка.

З-за пагорка, у тым баку, дзе злівалася сіняе поле з небам, вынырнуў на белым грацыёзным кані пры ўсёй амуніцыі малады вершнік. Трымаў ён над сабою бліскучы даўгі меч. Не апускаў яго - як аберагаў усё роўна ад таго грому ці перуна зямлю.

Вершнік вагаўся, выбіраючы дарогу, і неўзабаве накіраваў каня ў мой бок.

Скакаў па блакітным абрусе, які выткалі васількі. Бег каня быў запаволены, марудны, спаважлівы - як што перашкаджала ці замінала, і капыты, здаецца, не краналіся зямлі.

Я ж не рушыў з месца, стаяў як укопаны.

Да мяне пакрысе падступаліся ўзрушанасць і салодкашчымлівая радасць.

Даўно чакаў я вершніка. Даўно верыў, што менавіта вось такім сонечным днём ён і адшукае мяне, каб уручыў я яму тое багацце, што прынёс з Космасу. Толькі яму я мог уручыць сведчанні для Праўдзівай Кнігі Памяці нашага Княства.

Ён наблізіўся зусім блізка да мяне. Але тупату капытоў я не пачуў - быццам прывід узнік перада мною. Убачыў шчыт з патрыяршым крыжам, похвы ад мяча - залачоныя, і сам меч у моцнай і дужай руцэ.

Ваяўнічага ці агрэсіўнага ад вершніка не сыходзіла. Наадварот, выпраменьвалася магутная энергія Дабрыні і Абаронцы. Абаронцы і Заступніка Вялікага Княства Ліцвініі...

І тут жа з неба жыханула чорна-атрутная маланка - скіравала сваю смяротную піку на мяне. Але вершнік тут жа выдаўжыў руку - і меч застыў над маёй галавой.

Маланка апяклася аб лязо мяча, успыхнула ружова-чорным полымем і згарэла, упала клубком на зямлю - і згасла...

Каб не ён, вершнік Княства, не мінаваць мне бяды. Абараніў, засцярог, уратаваў жыццё... Значыць, ён - абаронца. Абаронца ад зла.

- Чаму так доўга не з'яўляўся? - спытаў у яго, калі ён зноў падняў меч над галавой.

- Раней не мог. Чакаў.

- Чаго?

- Калі абудзіцца народ. Калі зразумее і адчуе, што ён гаспадар свайго лёсу і сваёй Дзяржавы. Чакаў, калі загаворыць на роднай сваёй мове, якую яму даў Бог.

Я падаў яму дзве тоўстыя кнігі, напісаныя мной і Янінай. Сказаў, што неўзабаве яшчэ некалькі тоўстых пастаментаў будзе гатова - рыхтуюцца ў Касмічнай Радзе.

- Дзякую, яны вельмі неабходны для нашай гісторыі! Цяпер усё больш і больш людзей паверылі ў сябе. І іх з кожным днём усё больш і больш. Людскія душы абудзіліся. Вашыя старонкі ўвальюцца васільковым вянком у Кнігу Жыцця...

Зашыпела гадзюкай маланка, скіравала свае смяротныя стрэлы на мяне і на кнігі. І зноў вершнік імгненна падставіў вострае лязо мяча.

Чорнае воблака яшчэ мацней зашыпела, скацілася безжыццёва на зямлю - у тую ж чорную яміну, што ўтварылася перад гэтым...

І ў той жа момант я пазнаў вершніка! То быў Яён!

Ён сышоў з белага няўрымслівага каня, пагладзіў яго шаўковую доўгую грыву, што краналася зямлі, і накіраваўся да мяне, не выпускаючы з рук мяча.

Мяне ж нешта скаланула - не мог зрушыцца з месца.

Яён павярнуўся да мяне спінай. Зрабіў яшчэ адзін, апошні крок. І - увайшоў у мяне.

Тады ж я адразу адчуў, як мы зліліся ў адно цэлае.

Тады ж мне зрабілася невыносна балюча - і з грудзей вырваўся немы і доўгі крык - крык радасці і сцвярджэння, крык жыцця і спадзявання...

У руках адчуў нешта важкае, амаль непасільнае. Але я ўтрымаў яго - мне трэба было ўтрымаць, чаго мне тое ні каштавала б... Нейкі голас загадваў мне тое зрабіць...

За спінаю пачуліся крокі, але не было магчымасці азірнуцца, каб пераканацца ў сваіх здагадках.

- Не палохайся, любы, і не аглядвайся. Нельга тое рабіць, бо парушыш агульнае суладдзе пачатай намі гісторыі... Так, то я, твая Ахутавана!..

Голас Яніны супакоіў мяне. Зразумеў, што трэба ўсё прымаць так, як яна раіла, тады ўсё і адбудзецца па нашым сцэнарыі...

Яна прайшла скрозь мяне, як і Яён.

Тады ж перастала біцца ў грудзях другое - закаханае сэрца. Яна прайшла і выйшла з мяне, панесла сваю палавінку з сабой. Па маіх плячах яшчэ доўга струменіўся шлейф яе шаўковых косаў. На галаве паспеў заўважыць вянок з васількоў.

Чамусьці меч апынуўся ў яе руцэ, і яна ўселася на месца вершніка. Трымала ў руцэ нашыя кнігі.

А пасля і не Янінай мне падалася, а князёўнай Ліцвініяй - прыгожай і ўпэўненай, з тым жа вяночкам на галаве.

І трэці раз атрутна зашыпела маланка, пусціўшы на мяне плойму чорных стрэлаў.

Але меч і на гэты раз прыкрыў мяне, абараніў, і нічога благога не здарылася са мною...

Трэці раз жыццё маё было ўратавана.

А ў памяці, і на маім языку, неспакойна звінелі, пераліваліся крынічкай паўзабытыя радкі:

 

...каханая, як цяжка без цябе.

Без погляду твайго, твайго кахання...

 

Ніяк не мог успомніць, адкуль радкі, як і не ведаў, хто іх напісаў. Толькі нейкае незразумелае і чароўнае слова суправаджала, як музыка:

- Ахутавана!.. Ахутавана!.. Ахутавана!..

Мне было хораша стаяць пад чэрвеньскім сонцам і дажджом.

Цёплыя промні і дажджавыя кроплі падалі на твар, абмывалі мяне чысцінёй і бальзамам, касмічным нектарам... Я адчуваў прыцягненне неба - неабсяжныя і недасягальныя галактыкі клікалі да сябе...

Калі ж я толькі падумаў пра тое, то адразу адчуў сябе ў бязважкасці.

На імгненне мне падалося, што адарваўся ад зямлі і касмічная сіла ўзняла мяне на планету Кахання, на зорку Кветак, дзе чакаў нас Дзьмухавец-Ахутаванчык...

Верылася: тое і сапраўды можа адбыцца ў любы момант, калі я захачу таго...

І тая вера не пакідала мяне, яна проста драмала ў тайніках маёй душы, дачасна не прасілася на волю.

 

Адзінае, што мяне трывожыла і непакоіла, дык гэта знікненне Яніны Альшанскай. Помнілася, пра нешта мы з ёю дамаўляліся. А вось пра што - ніяк успомніць не мог...

Яна ж не падавала ні голасу, ні знаку. Здзекавалася з маіх пачуццяў? Чаму яна згубілася ў зямной прасторы? Чаму не чую яе поклічу?

Калі ўсяго гэтага няма, то ці было наяве тое, што адбывалася з намі да гэтага? Мо то толькі быў салодкі сон? Мроі ці прывідная фантасмагорыя?

Мо зусім і не кахала мяне, а я ўявіў бог ведама што ў хворым сваім жаданні? То мне, мусіць, так хацелася...

І я рашыў знайсці, адшукаць яе на шырокіх прасторах Зямлі і Космасу, паклікаць і праверыць яе пачуцці.

А таму чакала нас апошняе выпрабаванне, каб падняліся мы на самую высокую прыступку Вышыні, да якой імкнуліся, якая прыцягвала нас з неадольнай сілай...

 

Сочы, санаторый «Беларусь»

Лістапад 1994


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Бароўскі А. Пякельны рай: Аповесці / Анатоль Бароўскі. - Мн. : Выд. рэсп. унітар. прадпрыемства "Маст. літ.", 2002