epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Бароўскі

Прадчуванне Айвы. Апавяданне-быль

Яшчэ тады, калі буслы знаходзіліся далёка-далёка ад гэтых мясцінаў - за тысячы кіламетраў, - яшчэ як мерыліся і потым выправіліся ў далёкі і цяжкі шлях ад Паўднёвай Афрыкі, - маладая бусліха Айва адчула сваёй душой і сэрцам нейкую незразумелую трывогу. Такога з ёю яшчэ не было, каб на пачатку шляху закрадвалася нейкае няўцямнае сумненне, прымушала задумвацца над заўтрашнім днём.

Але чым далей адлятала разам з Аем ад цёплых берагоў Афрыкі ў бок далёкага і такога роднага Палесся, тым глыбей і настойлівей да яе падступалася шкадаванне - а мо і не след было выпраўляцца ў далёкую дарогу, рызыкаваць жыццём... Але спрадвечны інстынкт вяртання ў родныя мясціны перамагаў і надаваў крылам большай і большай моцы. Тады ўжо супакойваючыя думкі падступаліся да Айвы - там жа роднае гняздзечка, дзе некалі выгадавалася ў бацькоў яна, дзе з Аем яны народзяць новае пакаленне... Так з году ў год, ад стагоддзя да стагоддзя...

Маўкліва махаючы крыламі, разам з іншымі бацянамі, агромністым выраем імкнуліся да Палесся. Цёплае і моцнае паветра порстка падымала іх вышэй і вышэй, ад чаго прыходзілася радзей узмахваць крыламі, ашчаджаць сілы на далей, каб вытрымаць цяжкую спрадвечную дарогу.

Айва глядзела на блакіт марской вады, потым - на зялёныя паплавы, дрэвы, палі, але настойліва падказвала матчына сэрца - не, не будзе сёлета шчасця дзецям, здрадзіла шчасце ім, адвярнулася ад іх. І ўжо ў пяты, і дзесяты раз хацела прапанаваць Аю, каб развярнуцца і паляцець назад, каб вызваліцца ад трывожных думак, вярнуцца ў афрыканскі рай, пражыць там свае апошнія гады...

Не сказала, а Ай не пачуў яе трывожнага клёкату, а хоць бы і пачуў, то не згадзіўся б з ёю, забараніў бы і думаць пра такое... І той жа інстынкт усё мацней і мацней гнаў іх туды, да паляшуцкай вёсачкі Кажушкі, дзе побач з могілкамі людзей, на жоўтай пясчанай выспачцы, вымкнулася ў неба стромкая меднастволая сасна, на якой добрыя вяскоўцы некалі зладзілі для іх жытло - зацягнулі старую барану на вільчык і накідалі на яе галля...

То яны ўжо абое з Аем пазней давялі ўсё да ладу - выслалі для будучых дзяцей утульнае і мяккае гняздо. З балотаў нацягалі імху, высцялілі дно, а, скончыўшы працу, задралі да неба галовы і абвясцілі сваім клёкатам аб сваім існаванні, на сваёй мове выказалі людзям падзяку...

Ай ляцеў першым, як быццам пракладваў шлях, - бусліная грамада абрала яго сваім важаком. Чым Айва вельмі ганарылася. Яна любіла Ая, верыла ў яго, не ўяўляла жыцця без яго. Айва ляцела другой пасля важака, - на левым крыле трохкутніка, - ведала, як яму цяжка першаму разразаць грудзямі паветра, але ведала, што ён валодае магутнай сілай, што нават за час усяго пералёту не папросіць сяброў хоць часова падмяніць яго...

«Ты як, Айва? - паслаў думкава пытанне Ай. - Ці не стамілася, ці хопіць сілы ляцець далей...»

«Мне добра, Ай, - адказвае бусліха і радуецца такому клопату з яго боку, - ты ж увесь цяжар узяў на сябе, а нам лягчэй пасля цябе махаць крыламі...»

«Як астатнія?»

«І астатнія таксама - кіруюцца тваім шляхам і тваёй падтрымкай...»

«Ад цябе трывога сыходзіць, чаму, мая родная?»

«Не звяртай увагі, то жаночы клопат, - маці заўсёды думае пра жыццё з трывогай...»

«Усё будзе добра, не хвалюйся. Думай пра добрае, думай пра тое, што нас чакае паляшуцкая зямля, багатая паветрам і спажывай... Добра яшчэ, што не ўсе балоты павысушвалі, так што пракормімся і дзяцей сваіх выгадуем...»

«Добра, буду думаць пра добрае. А ты беражы сілы, Ай, ляцець яшчэ нам далёка...»

Ужо тры гады прылятаюць яны з Аем на сваё котлішча.

Яно, селішча, снілася ім там, у далёкай краіне, як усё роўна клікала да сябе, прыцягвала, вабіла... З вялікай радасцю і хваляваннем яны кожнай вясной вярталіся на радзіму. Яна несла і выседжвала пасля яйкі, цярпліва чакаючы, калі ў шкарлупіну яйка стукне дзюбкай дзіцянё; сядзела, калі з неба абрыньваўся град і буйныя ільдзінкі білі балюча па галаве; сядзела, калі з шэрых воблакаў на зямлю ліў праліўны дождж, - сядзела, калі ўсчынаўся шалёны вецер і гатовы быў скінуць іх гняздо на зямлю...

Але і Аю было не лягчэй - ён насіўся і насіўся па балотах і канавах, вышукваў доўгай дзюбай жабаў і вужоў, прыносіў гэта ў гняздо і клапатліва-пяшчотна карміў жонку. Бо бачыў, як яна слабела, як губляліся яе сілы...

Цярпела, трывала, спадзявалася - больш як месяц не ўставала з гнязда, выседжвала пяцёра яек...

І яе ўпартае цярпенне ўзнагароджвалася - неўзабаве пачалі з яйкаў вылуплівацца бусляняты. Якую тады радасць адчувалі яны, не перадаць. Дзеці адразу пачыналі прасіць есці, раззяўляючы свае яшчэ чорныя дзюбы. Ай яшчэ з большым жаданнем і радасцю насіў спажыву для дзяцей. Айва не ў першы дзень паляцела на балоты - не было сілаў. Потым ужо, як акрыяла, як набралася моцы, выправілася да бліжэйшай балацявінкі... Без адпачынку насілі для дзяцей вужоў і гадзюк, жабаў і яшчарак, - яды заўсёды было ўдосталь.

Тыя шчаслівыя дні ўспаміналі яны, кіруючыся да роднага гнязда, і тыя ўспаміны давалі сілу, падмацоўвалі іх у паветры.

А вунь ужо і родная Прыпяць, а над ёю тыя высокія трубы-каміны, з якіх чамусьці не ідуць дымы, вунь і балота, і поле, і - урэшце-рэшт - высокая сасна з іх жытлом... Не, ніхто не апярэдзіў, ніхто не паквапіўся на іх роднае жыллё...

Прыляцелі мо трошкі і зарана - яшчэ ў лагчынах, дзе быў цень, хаваўся шэры наздраваты снег. Але ўжо ладна прыгравала сонца, вось-вось павінны абудзіцца нізіны і рачулкі, - галоднымі не будуць...

Задралі галовы, клёкатам абудзілі наваколле. І іх пачулі кажушкоўцы, радасна прамовілі:

- Ну, вось і прыляцелі нашы вестуны, дзякуй Богу, значыць, хутка сеяць будзем...

Бусліная радасць яднання з роднай зямлёй перадалася і людзям, у сэрцы кожнага нарадзілася радасць і шчымлівае пачуццё прыходу вясны, цёплых і шчасных дзён.

 

На першым годзе, як яны пабраліся-спараваліся, пад гняздом на зямлі, у жвіры, корпаліся дзеці - хлопчык і дзяўчынка. Алеся, пачуўшы, як затрашчалі-заляскалі бацяны сваімі доўгімі і чырвонымі дзюбамі, залюбавалася прыгожымі і разумнымі птахамі, сказала свайму сябруку Андрусю:

- А я ім, чарнагузам, і імёны прыдумала.

Хлапчук адарваўся ад занятку на пяску, зірнуў на сяброўку:

- Цікава, якія?

Алеся ўстала з каленяў, выпрамілася, паглядзела на буслоў:

- Гаспадар завецца Ай, а яго сяброўка - Айва.

Ён нейкі момант глядзеў на бацяноў, прамовіў:

- Мне падабаецца - прыгожыя імёны.

Дзеці зноў укленчылі ў пяску, будавалі адмысловыя дамкі, крэпасці. А потым прыйша да іх думка вылепіць буслоў. Ён зрабіў Ая, а яна - яго сяброўку.

- Андрусь, а колькі жывуць буслы?

- Бацька казаў, што да трыццаці гадоў...

- А колькі мы будзем жыць?

- Не ведаю... Але мы шмат пражывем з табою.

- Чаму - шмат?

- Таму што мы будзем жыць разам з табою, як яны - Айва і Ай. І праз шмат гадоў мы прыдзем да гэтай сасны, гэтай буслянкі...

Відаць было, што хлапчук ёй у нечым прызнаваўся. Невядома было, зразумела яна яго ці не, але яна зморшчыла лоб, задумалася. Але зразумела, што Андрусь сказаў ёй у гэты момант нешта важнае, нешта патаемнае і падсвядомае, якое яна павінна яшчэ асэнсаваць, узважыць, - і толькі пасля гэтага даць яму нейкі адказ...

Пазней яны не раз прыходзілі да сасны - прыносілі ежу, клікалі бацяноў новымі імёнамі.

Імёны буслісе спадабаліся. Як і буслу.

Яны ўжо нават пачалі адгуквацца, калі іх клікалі дзеці - задзіралі дзюбы ў неба, прымружвалі вочы і віталіся радасным клёкатам...

Гэтай вясной дзеці да іх чамусьці не прыйшлі, што вельмі засмуціла бусліху. Зноў нейкае незразумелае шкадаванне падкацілася да яе, але яна пастарался супакоіць сябе тым, што Андрусь і Алеся не ведалі, што яны прыляцелі, а мо былі заняты сваімі дзіцячымі клопатамі, ці што іншае...

Айва не прызнавалася Аю ў сваёй незразумелай трывозе, але заўважыла: чым больш рабіліся цёплымі дні і цяплейшым сонца, тым больш у яе сціскалася-разрывалася сэрца ад неймавернага болю. Акурат як тады, калі яны выкідвалі летась сваіх немаўлят з гнязда - з пяцярых скінула трое. Шкадавала, плакала, але выкідвала, бо ведала і ўпэўнена была, што не даляцяць трое да цёплых краёў - загінуць па дарозе...

Да сасны прыходзілі хлопчык і дзяўчынка, трымалі на руках яшчэ жывых буслянятак, глядзелі на гняздо, задзіраючы галаву, і ніяк не маглі зразумець жорсткасць Ая і Айвы...

Алеся плакала, трымаючы даўганосую птушку на руках, тулячы яе да сябе. Плакала Айва, што не магла растлумачыць дзяўчынцы, будучай маці, чаму яна так зрабіла...

Не разумела свайго стану бусліха. Маўчала і глядзела наўкола, як бы што вышуквала ў навакольным свеце.

Ай, мусіць, таксама адчуваў нешта, бо, зажмурыўшы вочы, усоўваў дзюбу пад крыло і стаяў на адной назе: журба і скруха сыходзілі ад яго...

У тую ноч яны не знаходзілі сабе месца. Трэба было спаць, але яны ніяк не маглі пазбавіцца ад ўзбуджанасці і трывогі. Ужо насунуліся на зямлю прыцемкі, на небе згрувасціліся воблакі, - як усё роўна збіралася на вялікі дождж, - а яны не маглі ўседзець у сваім гняздзе. Як што ці хто выпіхваў іх з гнязда, прымушаў узняцца ў паветра.

А пасярэдзіне ночы, адразу пасля першай гадзіны Айва ўскрыкнула і прытулілася да Ая. Абвіла яго шыю, як старалася ўсё роўна схавацца, і яго аберагчы ад нечага, абараніць... І ён адчуў яе страх, сам набрыняў ім, і не здагадваліся нават, што рабілася з імі, не адчувалі бяды, а толькі прадчувалі яе... З кожным імгненнем усё больш і больш...

 

«У 1 гадзіну 23 хвіліны 40 секундаў начальнік змены блока Аляксандр Акімаў націснуў кнопку аварыйнай засцярогі, па сігнале якой у актыўную зону ўвайшлі ўсе рэгулюючыя стрыжні, якія знаходзіліся наверсе, а таксама стрыжні асабістай аварыйнай засцярогі...

Але перш за ўсё ў зону зайшлі тыя ракавыя канцавыя ўчасткі стрыжняў, якія даюць нарошчванне рэактыўнасці ў палову бэты... І яны ўвайшлі ў рэактар акурат у той момант, калі там пачалося магутнае пераўтварэнне...

Той жа эфект даў рост тэмпературы актыўнай зоны. Злучыліся ў адно тры неспрыяльных для актыўнай зоны фактары...

Гэтыя праклятыя 0,5В і з'явіліся той апошняй кропляй, якая перапоўніла сусуд цярпення рэактара...»

 

Здаецца, бусліху толькі-толькі ахапіла слабая дрымота, як раптоўна нейкай агромністай магутнай хваляй шпурнула, скінула буслоў з гнязда...

Ужо каля самай зямлі Айва паспела раскінуць крылы, але ўсё ж пазнавата - пашкодзіла нагу і крылом балюча выцялася аб сухое смалістае карнявішча, - паранілася, пашкодзіла крыло... Ад болю зажмурылася, таму не ведала, дзе апынуўся Ай, ці жывы хоць застаўся...

Пагрозліва і гулка вакол завіхурыла, рэзка, падштурхнутае нейкай невядомай страшэннай сілай, ўзнялося ўверх усё, што раней ляжала на зямлі і не падпарадкоўвалася вятрам - і ўжо нічога нельга было ўбачыць наўкола, як ні напручвай зрок. У паветры кружыліся воблакі з пяску і шыгалля, галін і леташняга лісця, чорнай зямлі і нават камення...

Не бачылі буслы, што невядомая сіла сарвала іх жытло з сасны і падняла некуды ўверх, закінула за цёмна-шэрыя аблокі...

Цудам засталася стаяць сасна: як ведала, што яе напаткае такая навала, таму глыбока пусціла свае карані ў зямлю.

Бусел прыкрыў крылом бусліху, прыціснуў яе да самай зямлі, не дазволіў узляцець у паветра, бо адчуў яскрава сам, што то была б пагібель...І бусліха была ўдзячна яму за яго мудрае рашэнне. Яны абое адчулі, як нараджаўся стогн зямлі, як жахнулася ад страху неба, як абудзілася там, на поўдні, каля тых высокіх трубаў, у будынку страшная пачвара, якую не пад сілу нікому ўтаймаваць - ні чалавеку, ні нават - Вышняму...

Бусліха скрозь пылоту і слёзы заўважыла, што ў Ая праз усю белую грудзіну прачырыўся шырокі - ад крыла да крыла - крывавы пісяг. Ён апусціў на яго стомлена чырвоную дзюбу і ад таго такое спалучэнне выглядала няйначай крывавым крыжам...

Пачвара монстр распраўляў свае крылы, раззяўляў пашчу, пагрозліва выкідваў-выдыхваў з сябе атруту і смерць, магутнай чорнай сяўнёй шчодра раскідваў яе па зямлі...

І з гэтага апакаліпсісу - з жывых шэрых аблокаў - вымалёўваліся-ажывалі коні і вершнікі, зоркі і анёлы, пакрыўджанае сонца і месяц, дзень і ноч, жыццё і смерць, спадзяванне і надзея...

 

«Першы анёл затрубіў, і зрабіўся град і вагонь, зьмяшаныя з крывёю, і апалі на зямлю; і траціна ўсіх дрэваў згарэла, і ўся трава зялёная выгарала.

Другі анёл затрубіў, і як бы вялікая гара, вагнём распаленая, абвалілася ў мора; і траціна мора зрабілася крывёю,

І вымерла траціна жывога стварэньня ў моры, і траціна караблёў загінула.

Трэці анёл затрубіў, і ўпала зь неба вялікая зорка, палаючы, нібы сьветач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў.

Імя гэтай зорцы палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі.

Чацвёрты анёл затрубіў, і ўдар спасьціг траціну сонца і траціну месяца і траціну зорак, так што зацьмілася траціна іх, і траціна дня не сьвяціла больш - так, як і ночы...»

«... Так бачыў я ў з'явішчы коней і на іх вершнікаў, якія мелі на сабе панцыры вогненныя, гіяцынтавыя і серныя; галовы ў коней - як у ільвоў, і з храпы ў іх выходзіў вагонь, дым і серка.

Ад гэтых трох пошасцяў, ад вагню, дыму і серкі, што выходзілі з храпы іхняе, памерла траціна людзей; бо сіла коней была ў храпе ў іх і ў хвастах іх; а хвасты ў іх былі падобныя на зьмеяў і мелі галовы, і імі яны чынілі шкоду...»

(Адкрыцьцё Яна Багаслова р.8: 7-12, р.9: 18-19)

«Божа, як усё гэта здолее вытрымаць зямля і чалавек?! - падумала роспачна ў той жа момант Айва, тулячыся да Ая, адчуваючы, як ён дрыжыць усім целам, стараючыся ўхутаць яе яшчэ больш, уратаваць ад невядомай, але страшнай бяды. - Страшная, вельмі страшная бяда і гора абрынуліся на ўсё жывое...»

«Супакойся, - прасіў-гаварыў Ай, - табе нельга хвалявацца, бо наперадзе ў нас цяжкія дні, і табе трэба мець сілы вытрымаць усё, перамагчы навалач... Дзеля нашых будучых дзяцей вытрымаць...»

«Ці будуць яшчэ яны, тыя дні, - скрушна адказала яна, прымружваючы вочы - едкі пыл выядаў іх, забіваўся ў горла, на языку было горка і салёна, - ці будуць... Мяне тачыла прадчуванне гэтага невядомага гора, але я не прызнавалася табе...»

«Тое ж прадчуваў і я, толькі не казаў табе...»

 

Прыкладна пяцьдзесят тонаў ядзернага паліва і каля васьмісот тонаў рэактарнага графіту (усяго загрузка графіту складае тысячу семсот тонаў) засталіся ў шахце рэактара, утварыўшы варонку, якая напамінала кратэр вулкана.

(Графіт, які застаўся ў рэактары, у наступныя дні поўнасцю выгарэў.)

Часткова ядзерная труха праз утвораныя дзіркі пасыпалася ўніз, у падрэактарную прастору, на падлогу, бо ніжнія вадзяныя камунікацыі былі адарваны выбухам...

Каб ацаніць дакладней маштабы радыеактыўнага выкіду, успомнім, што атамная бомба,, скінутая на Хірасіму, важыла чатыры з паловай тоны - вага радыеактыўных рэчываў, што ўтварыліся ад выбуху, склала таксама чатыры з паловаю тоны...

А рэактар жа чацвёртага энергаблока Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі шпурнуў у атмасферу ПЯЦЬДЗЕСЯТ ТОНАЎ (50!) выпаранага паліва, стварыў каласальны атмасферны рэзервуар доўгажывучых радыенуклідаў (менавіта ДЗЕСЯЦЬ ХІРАСІМАЎСКІХ БОМБАЎ без пярвічных фактараў паражэння - плюс семдзесят тонаў (70!) паліва і каля сямісот (700!) тонаў радыеактыўнага рэактарнага графіту, што асеў у раёне аварыйнага энергаблока)...

 

Іх засыпала розным смеццем і друзам з галавой, але яны не рухаліся, не ўставалі са свайго месца, бо ведалі, што разам з каменнем іх падыме тая невядомая сіла ўверх, - і тады яны зусім абламаюць свае крылы, супраціўляючыся нечаканай стыхіі...

Аціхла ўсё тое толькі пад раніцу.

Калі яны выбавіліся са свайго палону, то адно аднаго не маглі пазнаць - абое былі сівыя ад попелу, што даляцеў да іх ад рэактара ЧАЭС.

Попел уеўся ў пер'е, і нельга было яго нічым адмыць. Ды ў дадатак да ўсяго - аслеплі. Нічога ўжо не бачылі перад сабой, не ведалі нават, з якога боку мерылася ўзыходзіць сонца...

Не маглі і ўзняцца ў паветра, каб даляцець да гнязда - не ставала сілаў. Не ведалі, што вяртацца ім няма куды, што яны сталі беспрытульнымі, што ім трэба некуды перасяляцца, што яны цяпер належаць да новай катэгорыі жыхароў - як людзей, так і ўсяго жывога - да перасяленцаў...

Так і стаялі пад сасной, каля чалавечых могілак, засунуўшы адно аднаму доўгія дзюбы пад крылы...

Стаялі, як нежывыя, без радасці і жаданняў.

 

Уладзімір Грабцэвіч, інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела Рэчыцкіх электрасетак, на працу прыходзіў заўсёды рана - каля сямі гадзінаў.

Валянціна яшчэ спала - позна легла, на кухні доўга вечарам бавілася. Ірынка з Алёнкай таксама спалі.

Ноччу яго разбудзіў шалёны вецер - адчыніў дзверы на балкон і яны гучна ляснулі аб сцяну, трэснула, разляцеўшы ў розныя бакі, шкло. Прыйшлося ўставаць, згрэбці і сабраць асколкі, укінуць у вядро для смецця. Прачнуліся і напужаліся сямейнікі. Але ён супакоіў іх, адправіў спаць.

Пасля гэтага доўга не ішоў да яго сон...

Па дарозе, калі ішоў паўз піўзавод, кінулася ў вочы, што дарога спрэс была нейкай ружовай - чаго да гэтага ніколі не назіралася. Нават туман стаяў ружовы перад вачыма.

«Зноў керамічны завод ноччу выкінуў свае адходы, - падумалася, але вялікага значэння таму факту не надаў, адно прыспешыў крок. - І куды толькі санстанцыя глядзіць?»

Ідучы, ён заўсёды абдумваў план сваіх дзеянняў на чарговы дзень. І цяпер ведаў, што адразу, як прыйдзе на працу, сядзе за тэлефон і абзвоніць начальнікаў раённых электрасетак, пацікавіцца, як у іх там справы, ці няма аварый ці якіх здарэнняў. Пасля гэтага ён дакладна будзе ведаць, як планаваць далей працоўны дзень.

Раманюк у Лоеве, як заўсёды, быў на месцы.

- Дабраніцы! Як там у цябе?

- Раніцы добрай! У норме. Здарэнняў няма...

- Лады. Поспехаў!

Пазваніў іншым - таксама ўсё спакойна. Адключэння сетак не было, аб'екты для капітальнага рамонту былі вызначаны і здадзены...

Яшчэ адзін званок - у пасялковы РЭС.

Анатоль Давыдзенка таксама быў спакойны, пажартаваў нават, што дні цяпер прыгожыя, а ён прыкаваны да крэсла...

- План капітальнага будаўніцтва выканаў?

- А куды ён падзенецца той план, канечне ж, выканаў. Аб'ект з капітальнага рамонту гатовы для прад'яўлення і праверкі.

- Добра. Поспехаў табе, Анатоль!

Дзень прайшоў, як звычайна. Ніякай трывогі, ніякіх паведамленняў - ні па радыё, ні па тэлебачанні. Па радыё - вясёлыя песні, па тэлебачанні - футбол і песні. То беларускія, то ўкраінскія. Як быццам не было ні ў кога ніякіх праблемаў, і толькі песнямі і скокамі трэба было ўслаўляць камуністычнае шчасце.

І дзень, і два, і тры, і чатыры, і пяць - ніхто ні пра што не ведаў, не здагадваўся, не прадчуваў, не хваляваўся...

На табло лічыльніка новага часу выскаквалі тыя ж мажорныя лічбы, што і да гэтага, - аднаго і таго ж спакойнага колеру. Ніхто не ведаў, што пачалася зусім другая эра, эра непадпарадкавання атама чалавеку...

 

Першага траўня Ўладзімір Грабцэвіч быў прызначаны дзяжурным па сваім прадпрыемстве.

Ва ўсіх, як і ўсе да гэтага гады, быў святочны і ўзнёслы настрой. Былі выдзелены аўтобусы для правядзення першамайскай дэманстрацыі. Дзеці з усіх школаў, святочна апранутыя, павінны былі прайсці перад трыбунай, каб прадэманстраваць перад партыйным апаратам раёна сваю шчырую адданасць роднай камуністычнай партыі, якая праяўляла і праяўляе велізарныя клопаты пра людзей эсэсэсэр...

Збіраліся на плошчу Ірынка і Алёна.

На дыспетчарскую прыйшлі рабочыя, наперабой загаманілі, што чулі па замежным радыё, ці не па «Свабодзе», быццам бы ў горадзе ўкраінскіх энергетыкаў некалькі дзён таму адбылася велізарнейшая катастрофа, пра якую чамусьці ўмоўчваюць кіраўнікі камуністычнай партыі і ўрада...

- Сам чуў? - дапытваўся Ўладзімір у таго, хто прынёс такую вестку, не верачы ў тое, што такое магло адбыцца - даўно паведамілі б, папярэдзілі, калі што здарылася б страшнае, растлумачылі б...

- На свае вочы чуў, пабажыцца магу. Наказвалі яшчэ - спецыяльна для нас, беларусаў і ўкраінцаў, і хто жыве непадалёк ад Чарнобыля, каб пілі размешаны з вадою ёд...

- Ёд піць? Лухта нейкая... Чарговая правакацыя Захаду. Ну і капіталісты, так і хочацца ім падарваць асновы нашага сацыялістычнага ладу.

- Ну, ты як хочаш, але сказалі, што нейкія шкодныя промні радыяцыі разнесла па ўсё Эўропе, накрыла ўсю Беларусь, можа і да Масквы даляцець...

- Чорт ведама што...

Размова ўсё ж пакінула ў душы нейкі трывожны след, але найбольш недаўменную трывогу... Тады ж ўзнікала і няўцямнае пытанне - але дзе тады можна пераканацца ў сваіх сумненнях ці падазрэннях? Не хацелася ў кепскае верыць. Бо вуняка як на вуліцы прыветна свеціць сонейка, цёпла як, дзеці і дарослыя, ідучы перад трыбунай, былі распранутыя, без кепак і шапачак, дружна крычалі:

- Нашай роднай камуністычнай партыі - ура!

- Ура-а-ааа!. ... ра-ааа! - перакатвалася не вельмі дружным намаганнем прывітанне.

- Слава савецкаму народу - самаму шчасліваму ў свеце! Ура-аааа!..

Вялікдзень, яйкі пафарбаваныя, хаця тая ж партыя і не дазваляла тое рабіць, бо гэтае вялікае хрысціянскае свята не было пазначана ні ў адным календары... Як і не было Хрыста, як і не было Яго нараджэння і ўзнясення да Бацькі... Рэлігія - опіўм для народа.

Гэта ўжо ноччу выклікалі ўсіх па трывозе на месца працы.

Дырэктар Рэчыцкіх электрасетак Сяргей Цыцура быў устрывожаны і засмучоны, невясёлым і ўзрушаным выглядаў і галоўны інжынер Генадзь Шуміхін.

- Бяда, хлопцы, здарылася - і вялікая дужа бяда, - глуха праказаў Цыцура. - Некалькі дзён назад. Вялікі выбух адбыўся на Чарнобыльскай станцыі. Загінулі людзі. Нам паставілі задачу - тэрмінова ехаць туды.

- Куды - ехаць? - удакладніў Грабцэвіч, адчуваючы, як да сэрца пашыўся непрыемны халадок, як хто за пазуху ўкінуў халоднага і слізкага вужа. - І чаго?

- Там створана зона. Трэба ехаць у зону.

- І што мы будзем там рабіць?

- А пра тое вам раскажа галоўны інжынер Генадзь Шуміхін.

Голас у Шуміхіна ціхі, спакойны. Ён ужо ведаў, што адбылося, даведаўся і пра задачу, якую паставілі перад сеткавікамі.

- Па-першае, неабходна тэрмінова камплектаваць брыгады - у Рэчыцы і Светлагорску, і ў Лоеве, неадкладна трэба аказаць дапамогу Брагінскім і Хойніцкім РЭС. Яшчэ - тэрмінова трэба ехаць у Гомель і атрымаць неабходныя матэрыялы. Па-другое - заехаць да Макарава ў абласную службу грамадзянскай абароны і ўзяць дазіметр ДП-5... Але галоўнае для нас - даваць энергію да аб'ектаў, якія будуць узводзіцца. І мы іх таксама будзем узводзіць...

Матэрыялы знайшліся, а вось дазіметраў у выхадныя дні дастаць не змаглі - на месцы не аказалася кладаўшчыкоў, а дзе яны знаходзіліся і калі вернуцца, ніхто дакладна не ведаў. Знайшоўся ўсяго адзін дазіметр, але і той аказаўся без патрэбных батарэек...

Усё рабілася як праз пень-калоду...

 

Генадзь Шуміхін павёў сваю калону на Навасёлкі ў Хойніцкі раён, і туды ж пазней мерыўся пад'ехаць Уладзімір Грабцэвіч.

За рулём «Калхіды» Міхась Куляба. Маўчыць, унурыўшыся ў сябе, пільна глядзіць наперад. На дарогах пачалі ўжо снаваць машыны - адны ехалі на Гомель, другія - у бок Чарнобыля. Гружоныя і пустыя, ваенныя і цывільныя, вялікія і малыя... Такога на памяці людзей яшчэ не было, і ўсё падпарадкавана аднаму - ліквідацыі катастрофы...

Ад аднаго толькі гэтага відовішча сціскалася ад трывогі сэрца, кожны міжволі думаў пра сябе: «Значыць, нешта сапраўды адбылося страшнае і непапраўнае... Толькі чаму пра гэта мы не даведаліся своечасова?!?»

Але тое, што адкрылася перад іх вачыма, калі яны прыехалі на месца, не ўкладвалася ў галаве... Сустрэчны паток грузавых машын, а ў іх - жывёла, жывёла, жывёла... І - страшэнны рык, быццам гэта не каровы раўлі, а магутныя зубры... Быццам страшная бяда пагражала толькі адным каровам. На Ўкраіне, як казалі людзі, хто прыехаў адтуль, што напачатку вывозілі дытыну, напасля - людыну, а апошняй ужо - скатыну... У нас жа наадварот - напачатку жывёлу, а пасля ўжо людзей - дзяцей і дарослых...

Не на пустым месцы нарадзіўся анекдот пра беларусаў. Калі з украінскага боку ўбачылі з самалёта, што ўсе вёскі выселены, а па левы бок Прыпяці людзі ў зямлі капошацца - бульбу садзяць.

- А што гэта ж за людзі такія, што радыяцыі не баяцца, - запыталіся.

А дасведчаны чалавек, усміхнуўшыся, адказвае:

- Ды якія ж то людзі, то ж - беларусы...

Баяліся і беларусы радыяцыі, ды іх, да пары да часу, ніхто не высяляў з атрутнай зоны.

Калі Генадзь Шуміхін разам з брыгадай Рэчыцкіх РЭС і майстрам Анатолем Рогаўцавым размясціўся ў Навасёлках у бабулькі Параскі, яна, гледзячы здзіўлена на ўсё, што адбывалася вакол, пацікавілася:

- Галубок, адкажы мне, дурной бабе, што такое адбываецца на маіх вачох. І не сляпая, здэцца, але нічога не бачу, не глухая ж, а нічагуські не чую... Мо зноў на нас германец напаў, ці што? Вайна, не вайна, ніхто не страляе, гарматы не бухаюць, бомбы не падаюць, а людзі ўцякаюць адсюль, ці то іх сілком вывозяць... Усіх каровак вуняка павывозілі. Кажуць, што рацыя нейкая пасялілася ці высыпалася, а дзе яна, скажы міл-чалавек, тая рацыя. Чаму не бачу яе, га?

Як мог, растлумачыў бабульцы, што адбывалася, чаму яны прыехалі, чаму людзі ўцякаюць. Параіў і Парасцы пакінуць свой дом, бо тут высокая радыяцыя.

Не зразумела ўсё роўна старая, плячыма паціснула, уздыхнула, падцяўшы сухія вусны:

- От бо ўздумалі - ні пахціць, ні ваніць тая рацыя, нявідно яе, а яны кінулі-рынулі - і ў белы свет усе падаліся... Думаеш, галубец, там сваё шчасце знойдуць? Нідзе не знойдуць, толькі свая зямелька і родны кут абагрэюць, а ў чужых...

- Дык жа дружба народаў, Параска Сямёнаўна, - не згаджаўся галоўны інжынер.

- Дружба? - паглядзела хітра на яго старая. - Як я з суседам дружбакую, які курэй маіх усіх патруціў, што да яго ў госці завітвалі, акурат так... Пабачым, чалавеча, пабачым... Не, нідзе не знойдуць, - то так Бог карае тых, хто не слухаў Яго і не паважаў... Карае...

 

А ўжо раскашоўваўся травень, ужо і сонца прыпякала няшчадна. Каровы з пашы ідуць, пыл за сабою цягнуць - аж да неба ён падымаецца, белы свет засціць. Сонца заходзіць, пранізвае пылоту чырвонымі праменнямі, - і тады здаецца, што загарэлася крывавае полымя, і шугае яно, спальвае і кароў, і пастушкоў... Вымя ў кожнае каровы расперлае - па зямлі цягнецца, белыя струменьчыкі ў пясок цурчаць...

Каровы равуць ад болю - ніхто іх не доіць, малако гарыць у вымені. У першыя вароты тыцкае пысу рагуля, просіць каго, каб выдаіла, вызваліла ад грузу, - не разумее, чым пакрыўдзіла сваю гаспадыню, што не сустракае яе радасным воклічам, не называе ласкавым імем...

- Божачка. Што гэта робіцца! - галосіць жанчына, выбягаючы да каровы, і тут жа проста на зямлю здойвае гарачае. Аж зямля шыпіць ад гарачага малака. - За што такая кара і жывёле, і людзям?

Глядзяць Грабцэвіч і Шуміхін на ўсё гэта, і сэрца ад болю заходзіцца-сціскаецца. Жудаснае відовішча, жахлівае... Не падрыхтаваны людзі да такога, ні маральна не падрыхтаваны, ні фізічна...

Але няма калі назіраць за трагедыяй. Не для гэтага прыехалі. Вунь Міхась Куляба падганяе, апоры прывёз для будаўніцтва лініі электраперадач, што для кашараў, а выгружаць няма чым. Недзе непадалёку кранаўшчык Лёня Рабянок, на ўчастак Рогаўцава трэба даставіць груз... А пачынае балець, раскалвацца галава, на языку медзяны смак. Усё калываецца перад вачыма, як п'яныя ўсё роўна...

Праязджалі Пагоннае. Захацелася піць - горла перасохла. Сказаць слова нельга. Адно сіпенне.

Спыніліся каля будынка, дзе размяшчалася бытавая майстэрня. Зазірнулі туды - пуста. Цэлы цэх без людзей. А на сталах швейныя дарагія машынкі. Імпартныя. З аднаго стала ўжо вырваны электрапрывад - нейкі марадзёр прыклаў свае захапушчыя рукі...

У Дроньках выйшла са строю 341-я лінія. А трэба было будаваць кашару. Ні планаў, ні праектаў. Самі думалі і планавалі. Яшчэ не паспелі разбіць трасу, а прывезлі ўжо матэрыялы, падстанцыю...

За двое сутак зрабілі. Начавалі і днявалі на рабочым месцы, ні хвіліны не адпачывалі - спяшаліся здаць аб'ект. Бо ведалі, што без іх работа не распачнецца.

Самае крыўднае было тое, як потым зразумелі, што пустую і дурную работу выконвалі.

Нехта ж узяў той цыркуль і правёў трыццацікіламетровую зону, - абазначыў яе як страшную для пражывання. А тое, што за зонай была яшчэ страшнейшая радыяцыя, ніхто пад увагу не браў. Ці, дакладней, не хацеў браць.

Дзеці ў пяску капошацца, як куры, «аладкі пякуць», «хаты будуюць»... Ніхто іх не прагоніць адтуль, не адправіць да матулі. Прыставіш дазіметр у тым пяску - зашкальвае. Усе сталі быццам глухія і сляпыя. Памарака нейкая найшла на людзей. Апатыя. Абыякавасць. Як шок, як абухом па галаве...

Старшыня калгаса прыехаў да энергетыкаў, удакладняе пытанне па электралініі. А энергетыкі пра дзяцей пытаюцца, цікавяцца, чаму дазваляюць у пяску гуляць: там жа нельга і хвіліны знаходзіцца, а яны з ранку да вечара «аладкі пякуць»...

- А што тут такога? - здзіўляецца старшыня, нічога, як і бабуля Параска, не разумеючы. - Нічога страшнага, скажу вам, няма. Жывём пакуль і будзем далей жыць...

Пераканаліся энергетыкі - старшыня петрыў у радыяцыйнай падрыхтоўцы і небяспецы на ўзроўні круглага нуля.

Пабудавалі кашару, а яна нікому і не спатрэбілася. Ну, нікому не трэба была яна, абсалютна нікому! Потым ужо, хаця і запознена, даведаліся, што там нельга і пражываць нават - высокі ўзровень радыяцыі!

А яшчэ пазней зона ў трыццаць кіламетраў пашыралася.

І зонай стала ўся Беларусь...

Не задумваліся над тым, што загадвалася рабіць зверху. Думалася так - раз загадваюць, то, значыць, так і трэба, бо нехта думае правільна, вядзе правільны кірунак, выдае разумныя загады і распараджэнні.

- Колькі пустой і непатрэбнай работы зроблена! - абураецца Грабцэвіч. - Колькі народных грошай у зямлю закапана. Ды што сродкаў, колькі чалавечых жыццяў загубілі з-за бяздумных загадаў і інструкцый! У пекла пасылалі, на смерць, лічы, пасылалі. І паспрабуй тады адмоўся - дызерцірам палічаць, баязліўцам абзавуць. І потым ужо не адмыешся ніякім мылам маральнасці і не спаслешся на дурноцтва чынавенства...

Задача перад усімі стаяла адна - будаваць лініі для падстанцый. Будаваць розныя аб'екты. Самі ж іх і праектавалі. Самі былі і геадэзісты... Тады ні пра што не думалі, стараліся добра выканаць даручаную справу.

За Савічамі стаяў полк з Урала. Якія збудаванні паставілі за кароткі час! І сталоўку зрабілі, і пакоі адпачынку, і склады, і медыцынскі пункт... Паехалі вайскоўцы, а туды больш нікога і не засялялі - больш 40 кюры гуляла ў паветры і гэтым дыхала зямля!..

Усё разбурана і разрабавана...

 

Айва з радасцю адзначыла, што яе вочы пачалі бачыць.

Ай стаяў неўздалёк ад яе на адной назе, схаваўшы дзюбу на спіне пад крыло.

Яна паспрабавала абвясціць раніцу сваім клёкатам, але клёкату не атрымалася - нейкі пякучы камяк засеў у горле...

Да іх падышло двое людзей - не мясцовых, прыезджых, што цягалі між апорамі дрот, спыталіся:

- Чаму невясёлыя такія, птахі? І вам, мусіць, дасталося па самую завязачку? На пагібель сваю прыляцелі... То вашае гняздо буран скінуў? Вашае... Ну, нічога, мы яго на месца вернем...

Айва разумела, пра што яны гаварылі. Яна навучылася разумець чалавечую мову. Маўкліва глядзела на іх, не ўцякала, толькі скрушліва плакала, прытуліўшыся да бусла.

Паўз іх ішоў вялікі гурт кароў. Гавяда раўла, крычала, плакала, стагнала, лямнатавала... Іх капыты паднялі такую пылоту, што яна ўзнялася высока над соснамі і закрыла сонца, што ўбіралася ў сілу...

Пад'ехаў кран і кранаўшчык падняў і паклаў на вільчык сасны буслянку.

Людзі паклалі каля буслоў паўбохана хлеба.

Але ні Айва, ні Ай не дакрануліся да яго - яны не адчувалі ні смаку, ні паху чалавечай галоўнай яды...

- Пайшлі, Генадзь, - прамовіў адзін з іх, - не будзем замінаць ім... Яны ж, як людзі, усё разумеюць. Бяду агульначалавечую разумеюць. Ім, як і нам, цяжка.

- Пайшлі, Валодзя, - адказаў другі.

 

Зліліся ў адно дні і ночы.

Ай ўмольна глядзеў ў неба, чакаў адтуль дапамогі. Ён маліў Вышняга, каб адвёў ад людзей бяду, за сябе ён ўжо не прасіў нічога. Ён рабіўся ўжо чалавекам, які разумеў, што адбылося, усвядоміў трагічнасць і бяду, якая абрынулася на ўсё жывое...

Так нарадзілася малітва Ая:

 

Я ўваходжу ў Боскі прасторны і сьветлы храм,

несучы ў дрыжачых руках васковую сьвечку,

іду да алтара і малюся, зьняможаны,

запальваю яе ад іньшых агеньчыкаў...

Я стаўлю яе побач зь іньшымі жывымі душамі,

і чую, як пахне церпка аплаўлены воск,

і тады ў мяне ўзьнікаюць розныя асацыяцыі,

і я бачу сябе ўжо сярод пчалінай нематы...

Малюся за ўсіх памёрлых - прымусова ці

па сваёй волі, да чаго падвялі злачынцы,

на маёй радзіме і далёка за яе межамі,

за атручаныя рэкі і высахлыя лясы,

за хворых птушак і бяскрыўдных паўзучых...

Малюся няўмела, адчуваючы аднак у сабе сілу,

адзначаючы радасна, як нараджаецца ўва мне

воля, якую стараліся адабраць за ўсе гады,

у мяне пачалі мацнець ногі і сьвятлець розум,

і пераконваюся: ніколі ў жыцьці Бог ня быў

опіумам для свайго ж народа, які любіў Яго...

Божа, ня лічы сваімі ворагамі несусьветных

і нічога не разумеючых манкуртаў-дурняў,

якія і мовы разам з Табою ацураліся,

якія самі сабе ж пераразаюць горла іржавай,

імі ж , некалі адкляпанай для сьмерці, касой,

якія не навучыліся маліцца і шанаваць Цябе.

Цябе, Які сьветла і сьвята гарыш наперадзе.

Божа, не карай невідушчых, бо ня бачаць дарогі,

той, па якой ісьці ім трэба і якая вывядзе ў сьвет,

да сонца і праўды, да шчырасьці і лагоднасьці.

Да разуменьня свайго зямнога прызначэньня.

Людзі ня ведаюць, як вымаліць у Цябе спагады,

як адмаліць свае грахі і адшараваць каросту

ад цела, якое закарэла за гады бязьвер'я,

як навучыцца разумець Цябе і сябе таксама,

бо самае страшнае -- ня ведаць пра сябе

а  н  і  ч  о  г  а.

Божа, Ты ёсць Прарок і Натхніцель,

Прадказальнік, - чакаеш, калі разумная малпа

ператворыцца ў Чалавека...

А чаканьне Тваё зацягнулася,

як і зацягнулася, у рэшце рэшт,

ператварэньне малпы ў Чалавека...

 

Спалі, дзе прыходзілася, там, дзе падкошвала стома. То не хапала аднаго, то другога. Гэта і злавала, і нервавала. Прыходзілася неяк выкручвацца, ездзіць то ў адно месца, то ў другое...

Не раз і не два наведваўся Пятро Сіліч - генеральны дырэктар вытворчага аб'яднання «Гомельэнерга» Пятро Сіліч. У белай кашулі, пры гальштуку, разважлівы, заклапочаны. Колькі разоў прыязджаў з Аляксандрам Грахоўскім - старшынёй Гомельскага аблвыканкама. (На жаль, сёння абодва нябожчыкі.) Абодва засяроджаныя, стомленыя, прапыленыя з ног да галавы... І ім ужо было ўсё роўна, які ўзровень радыяцыі быў пад нагамі. І чым тое пагражала здароўю...

- Ну, як вы тут, хлопцы? - прысеў на пустую скрынку Пятро Сяргеевіч. - Дастаецца?

- Ды ўсім цяпер дастаецца, - адказаў Шуміхін. - Неяк жа выкручваемся, а што рабіць?

- Што паспелі ўжо зрабіць?

- Займаліся пакуль перасяленнем людзей з Дронек, Пагоннага. Пабудавалі да кашары артэзіянскія свідравіны, ВЛ-10 кВ на паўтара кіламетры, падстанцыю...

Вочы ў генеральнага чырвоныя, голас хрыплы, сіпаты, як прастуджаны, нейкая задышка ў грудзях - як быццам сышоў з доўгай дыстанцыі кросу і аддыхваўся... На ілбу пот, у вачах стома.

Грахоўскі прыхінуўся да сцяны, сашчапіў рукі на каленях, зажмурыў вочы. Як сядно нежывы сядзеў - зусім без сілаў быў чалавек...

- Просьбы якія ёсць? - пацікавіліся абодва перад ад'ездам.

- Ды якія могуць быць просьбы? Работу не рабіць бы пустую... Бязгуздзіцы шмат, бязлабернасці...

Сіліч кісла ўсміхнуўся:

- А вось гэтага, сябры мае - энергетыкі, змяніць я не магу. Не мы кіруем працэсам... Намі кіруюць. Але што ў нашых сілах - абяцаю скарэктаваць.

Грахоўскі, як і Сіліч, паціснуў кожнаму руку, на развітанне сказаў:

- Дзякую вам за працу! У вайну за такія ўчынкі ордэны давалі, а сёння... Яшчэ раз - дзякуй!

Схадзілі ў лес, высеклі некалькі жэрдак, - трэба было агарадзіць падстанцыю.

Вярталіся назад паўз могілкі, паўз сасну з буслянкай.

Падышлі да буслоў. Яны, як і раней, нерухома стаялі ў ранейшай паставе. Самотныя, не ўцякалі, і на буслоў былі непадобныя, а хутчэй за ўсё на пажылых людзей, якія задумваліся над лёсам свайго котлішча.

Каля іх ляжала некранутая паўбуханка хлеба.

Калі прайшлі з дзесятак крокаў, не вытрымалі, азірнуліся: буслы не скрануліся з месца, - як акамянелі ўсё роўна, як помнікамі бяды Беларусі сталі, як азнакай бяды.

І тое яшчэ больш балюча разанула па сэрцы...

 

Яшчэ праз колькі дзён зноў наведаліся на тое месца. Пад сасною ўбачылі хлопчыка і дзяўчынку. Яны сядзелі над пясчанай горкай і маўчалі. Дзяўчынка маўкліва плакала, размазваючы па шчоках слёзы...

- А дзе ж буслы? - спыталі ў іх энергетыкі. - Тут заўчора былі бусел з бусліхаю...

Дзяўчынка ўсхліпнула, не падымаючы галавы:

- Мы называлі іх Айва і Ай. Яны сёння памерлі. І мы... мы пахавалі іх во тутака...

Падалося, што з буслянкі ўзняліся два чорныя буслы і ўзняліся над сасною, потым зрабілі круг, і прыкралі сабою сонца.

Тут жа па зямлі прашмыгнуў белы крыжападобны цень, за ім другі - Айвы...

Калі ж зірнулі ўверх, то нічога там не ўбачылі.

Тады ж падумалася Грабцэвічу: «То бусліныя душы падняліся ў неба, і на зямлі ад сонца адбіўся іх цень - цень, які свяціўся ад стронцыевага попелу... Нездарма ж кажуць людзі, што буслы - гэта ж тыя самыя людзі, але толькі невядома ў якім сваім новым жыцці...»

Падалося, што з неба ўпала на зямлю зорка, быццам упала жытнёвае зярнятка ў пульхную раллю, каб даць новае жыццё - і сабе, і людзям...

 

«Пяты анёл затрубіў, і ўгледзеў я зорку, што ўпала зь неба на зямлю, і дадзены ёй ключ да калодзежа бездані:

яна адамкнула калодзеж бездані, і выйшаў дым з калодзежа, як дым зь вялікае печы; і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з калодзежа...»

 

... Дваццатыя суткі мінулі ў чарнобыльскай зоне, як энергетыкі Рэчыцкіх электрычных сетак выконвалі пастаўленую перад імі задачу.

Наперадзе былі яшчэ больш цяжэйшыя, больш трывожныя і рызыкоўныя для здароўя дні і ночы.

Людзі не адчувалі, як іх пранізвала смяротная радыяцыя, як прасвечвала іх нябачным атамным рэнтгенам...

Высока ў небе, недзе пад самым сонцам, кружылі два чорныя буслы. Яны ніяк не маглі раней часу пакінуць родныя мясціны, як і не маглі сесці ў свае буслянкі, адчуўшы, якая смяротная пагроза зыходзіла ад іх роднага жытла...

Доўга яшчэ над Палессем, на зямлі, здобранай радыяцыяй, праяўляліся два белыя крыжы, і гэтая з'ява адбывалася ў адну і тую ж ноч - дваццаць шостага красавіка...

Казалі, што так свеціцца радыяцыя - промні стронцыя і цэзія.

Бацяны паказвалі і напаміналі людзям, якую небяспеку яны самі на сябе наклікалі, прасілі, каб людзі ніколі не паўтарылі сваёй памылкі...

 

... Сярод дня па дарозе перад Кажушкамі спыніўся легкавік.

З яго выйшла двое дарослых. З імі хлопчык і дзяўчынка. Яны накіраваліся да сасны, на вільчыку якой бачылася буслянка.

- Вось тут, дзеці, жылі Ай і Айва, - сказаў бацька, падвёўшы дачку і сына да ўзорка, з якога вымкнулася маладая бярозка. - То вашая маці дала ім такія імёны.

- Праўда, мама? - спытаў хлопчык, прытуліўшыся да матулі.

- Праўда, Андрусь. Мы сябравалі з імі...

- І яны разумелі, пра што вы гаварылі з татам? - пацікавілася дачка.

- Разумелі, Алеська, як і мы іх.

- А цяпер тут жывуць іншыя буслы?

- Жывуць.

- А тыя дзе?

Маці патлумачыла:

- Кажуць людзі, што калі людзі крыўдзяць белых буслоў, то яны знікаюць і ператвараюцца ў чорных. І жывуць у глухіх лясах. Да сябе не падпускаюць блізка людзей...

Зверху на іх паглядалі цікаўна бусел і бусліха.

- Можна мы іх будзем называць Аем і Айвай? - папрасіў Андрусь дазволу.

- Можна.

Яны пачалі клікаць буслоў імёнамі, што прыдумала маці.

Але бусел і бусліха, што драмалі ў буслянцы, нічога не разумелі, назіраючы за людзьмі, прыслухоўваючыся да іх слоў, - не адгукваліся на покліч. Яны яшчэ не разумелі - пакуль не разумелі - чалавечую мову, бо ўпершыню пачалі ладзіць сямейнае жыццё побач з вёскай, у якой не было чуваць ні песень, ні размоў людзей.

Можа гэта былі дзеці Айвы і Ая, хаця дакладна сцвярджаць нельга, але тое, што яны былі паляшуцкія бацяны, не трэба было і даказваць - толькі на Палессі жывуць такія ганарлівыя, грацыёзныя і прыгожыя птахі.

Сям'я пастаяла яшчэ яшчэ нейкі час і вярнулася да машыны.

Легкавік павольна пакаціў у вёску, у якой жылі бабуля і дзядуля. Яны не выехалі з вёскі, і іх звалі «самасёламі».

 

Буслы жылі ў зоне.

Яны як быццам стаялі на варце той мяжы, якая аддзяляла трыццацікіламетровую зону ад здаровай зямлі, яны як быццам дажывалі тыя гады, якія не паспелі пражыць Ай і Айва...


1986

Тэкст падаецца паводле выдання: Анатоль Бароўскі. Вужык: [аповесць]: Голуб на плячы; Дак: [апавяданні]. - Гомель: Полеспечать, 2012. - 733, [1] с.?