epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Бароўскі

Сцеражыся майго гневу

1
2
3
5
6
7
8
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21


Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і слова было Богам.

Яно было на пачатку ў Бога: усё празь Яго пачалося,

і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць...

Паводле Яна Сьвятое Дабравесце (1,1-3)

 

1

 

Маўчун успоўз старому на грудзі.

Ён, вуж, ведаў, што старога блажыла, што яму было кепска яшчэ звечара, калі легла за балотам у мяккія імхі счырванелае сонца. Але тады трывожны покліч не даходзіў да паўзучай істоты, і тым больш дзед сам не прасіў помачы, - ужо нат і не спадзяваўся на яе...

Вуж скруціўся шэрым кольцам і затаіўся, як чакаў, калі паскорыць бег кроў у венах-сасудах чараўніка-чарадзея, калі ён глыбака ўздыхне і набярэ ў лёгкія напоўніцу паветра, - і тады пачнецца ўжо новы адлік часу, тады адсунецца на нейкі час тая апошняя хвіліна і дзед зноўку будзе радавацца цяплу і сонцу, лесу і сваім насельнікам, з якімі ён жыве ў суладдзі не адзін дзесятак гадоў... Вужыку не хочацца, вельмі не хочацца, каб старога не напаткала бяда, бо тады ён асірацее без яго, жыццё стане нецікавым і сумным...

З раскрытага рота, аднекуль з глыбіні грудзей, вырваўся слабенькі клёк, бы паветраная булька вырвалася з дна возера на паверхню, бы крынічка, шукаючы і прабіваючы сабе шлях, прарвалася скрозь тоўшчу зямлі на волю...

І тады вужык пачуў, як ажыла і набрала сілу і другая кропля - больш смялейшая і напорыстая, - вырвалася вонкі. Нешта зрушылася з мёртвай кропкі, нешта скранулася з месца і пачынала ажываць, - і ў грудзях, пад вужыкам, таўханулася радасна дзедава сэрца, - раз, другі і трэці, - з кожным разам усё мацней і мацней пачало пампаваць аслабелую кроў, разаграваць яе, жывіць новай сілай, прымушала працаваць, разганяць і паскараць свой бег.

Праз колькі хвілінаў чараўнік-лесавік пачаў удыхаць у сябе паветра - лёгкія прасілі наталення, лёгкія прапускалі праз сябе кісларод жыцця і памагалі сэрцу працаваць, выконваць сваю адвечную задачу, сваё прадвызначэнне...

Стары кашлянуў, адчуваючы, як горла высахла ад паветра, - яно патрабавала вільгаці. Пад языком міжволі нарадзілася сліна і дзед пракаўтнуў яе, праштурхнуўшы шаршавым языком, - і тады ж у скроні кальнулі іголачкі, нарадзіўшы лёгкі боль, а потым ён аціх, знік, - і да чараўніка зноў вярнулася свядомасць і адчуванне навакольнага асяроддзя...

Але ўбачанае не вельмі радавала яго, але і не засмучала.

«Глядзі ты, - падумаў пра сябе Нікадым, - жывы, шэльма, тут-ка тваю, а ўжо адной нагой быў «там»... То ты мяне вярнуў назад, Маўчун?..»

«Можа і я... А каму, скажы, ахвота заставацца аднаму на ўсім белым свеце? Як жа я без цябе, га? А як Цыба, Шустрая, Клык і астатнія твае сябры? Мае суродзічы адпрэчылі мяне, што я з табой паразумеўся, вужыны цар забараніў вяртацца да іх, што я з табою зімаваў...»

«То дзякую, Маўчун, але колькі ўжо можна адцягваць тую хвіліну, калі мне паложана пераступіць парог? Усё роўна ж некалі прыйдзе той канчатак быцця... Мне перад Богам ужо сорамна, што вы не дапускаеце мяне на Вялікі Суд. А яго ж ніхто не міне, не абміне, ніхто...»

«Туды ніколі не позна... Таму не спяшайся, дзед Нікадым, - мы вельмі не хочам гэтага. Ніхто з нас не хоча.»

«От свавольнікі, от жабы малыя, тут-ка тваю, вам бы толькі паздзекавацца нада мною, пасмяцца, - і ахвота вам гэтым займацца, га, Маўчун, ну, скажы?..»

Вуж болей старому нічога не гаварыў - не хацеў трывожыць яго сэрца. Ён прымружыў вочы і з асалодай радаваўся таму, што Нікадым вярнуўся да жыцця, што цяпер ужо можна будзе з ім пляткарыць доўгімі вечарамі, расказваць пра свае вужыныя гісторыі, распытваць у дзеда пра яго доўгае, поўнае дзівосаў, жыццё...

Маўчун быў ледзьве жывы.

Увесь боль, які спальваў сэрца чараўніка, ён узяў на сябе.

Цяпер ужо дзед Нікадым будзе дзяліцца сваёй сілай са сваім лекарам...

Стары ляжаў на спіне, слухаючы, як пачынала ажываць яго сэрца, як калючымі іголачкамі пульсавала кроў, саграваючы ўсё цела, - удзячны ўсё ж быў вужыку за яго клопаты, і таму не хацеў праганяць яго са сваіх грудзей...

А Міхаська недзе прападаў у лесе, бегаючы па сваіх і звярыных сцежках, і не ведаў, нават не здагадваўся, мусіць, што мог застацца сіратою, без дзеда, - меў свае клопаты, свае гульні і захапленні, што прыносіла яму радасці і хваляванні, асалоду і яшчэ большую прагу яднання з прыродаю...

Дзед адчуў лёгкасць ва ўсём целе, і яго ахапіў дрымотны сон.

Маўчун, адчуваючы, што бяда мінула, наважыўся якую хвіліну адпачыць на дзедавай хударлявай грудзіне...

Набіраў сілу ранні вечар.

У Нікадымавых грудзях набірала сілу жыццёвая раніца.

Лес, супакоены добраю навінаю, не шумеў трывожна і неспакойна голлем дрэў, - суцішыўся, рыхтаваўся да сну...

 

2

 

На прыпынак, што знаходзіўся непадалёк ад вёскі Завышша, аўтобус прыехаў пад вечар, - калі ўжо насоўваўся шэры прыцемак, калі цьмянае прасцірадла смугі пачало ўкутваць і ахутваць вёску і лес, што падступаўся амаль да вясковых агародаў.

Аўтобус быў не санаторны, рэйсавы, які штодня праязджаў непадалёк ад санаторыя «Высокія сосны». І добра, што рэгістратарка Зіна Паўлюкова здагадалася пазваніць на аўтастанцыю і папярэдзіць дыспетчара, каб аб'явіў тым, хто едзе ў «Сосны», не чакалі іх аўтобуса, а сядалі на рэйсавы і ехалі да павароткі на Завышша...

Разоў з дзесяць дыспетчарка аўтобуснай станцыі перадавала тую аб'яўку, пераклаўшы на свой лад: «У сувязі з тым, што санаторны аўтобус па тэхнічных прычынах не можа прыехаць і забраць адпачываючых, таму просьба санаторнікаў сесці на рэйсавы...»

Людачка Хвойная, альбо як яе называлі дзеці ў школе-інтэрнаце, Людміла Дамінікаўна, нават і задрамала за тыя сорак хвілінаў, калі каціўся па гравейцы «Ікарус». Бо дабіралася поездам, - а які сон у вагоне, адна назва толькі. У дрымотным сне паспела прысніць свайго чарговага палюбоўніка. Выглядаў ён, канечне ж, маладжава, быў высокі і стройны, у светлым касцюме. Усміхаўся ветла, нават паспеў спытаць у яе:

- І чаго ж ты так доўга не прыязджала? Я чакаў цябе. Можна запрасіць цябе на танец?

Адказаць не паспела - нехта ўмяшаўся ў іх размову, зычным голасам, што і мёртвага, мусіць, разбудзіў бы, абвясціў:

- Шаноўныя! Каму да санаторыя, то трэба выходзіць тут. Вунь справа, над соснамі, гарыць чырвоны агеньчык на трубе, - вось туды і кіруйцеся.

Кіроўца пакінуў нават сядзенне, прайшоў між крэслаў, пакуль не пераканаўся, што не было спячых і яго аб'яву чулі ўсе, - вярнуўся на месца, узяўся за руль, газануў, абдаўшы санаторнікаў кіслым дымком.

Людка спынілася каля слупа, паставіла дзве валізкі каля ног. З аўтобуса выйшла чалавек з дзесяць. Найбольш жанчыны. Было некалькі мужчынаў, але яны былі не з тых, каго магла ўпадабаць Людка, - непрыглядныя нейкія, нехлямяжыя, шэрыя, «абыякія», як вызначыла яна...

«Ну, нічога, - не адчайвалася Людміла Дамінікаўна, - мне маё будзе. Яшчэ ніводнага разу не згарэла ў мяне пуцёўка, яшчэ ні разу не спала я ў ложку адна... То ж не пра мяне адпачываючы паэт аднойчы прысвяціў жанчыне, якая вельмі назаляла яму, такія радкі:

 

Ну й падманулі ж мяне лоўка,

з мяне не выйшла сто патоў, -

згарэла, ляснула пуцёўка, -

не патаптаў мяне ніхто...»

 

Людка пільным і спрактыкаваным вокам рабіла агледзіны адпачываючых. Ні на адным не спынілася яе вока.

«Не, я сваё вазьму... Я ж не замухрышка якая, як вось гэтае дзяўчо, што крочыць наперадзе ў просьценькім спартовым трыко... На яе наўрад ці кінецца які мужчына - скура ды косці, ды яшчэ і нос гарбылём... На першым жа вечары танцаў я не ўпушчу свайго...»

Валізкі былі і не дужа цяжкія, але і лёгкімі не назавеш, - з такім багажом Людка заўсёды выбіралася ў санаторый. А выбіралася яна кожным годам, калі яшчэ быў жывы муж - лётчык грамадзянскай авіяцыі, і пасля, калі не стала яго. Старалася адсанаторыцца ў жніўні, перад заняткамі, а калі не выпадала, то і ў любы час, нават і зімой... Для яе няважна якая была пара года, галоўнае, каб быў побач з ёю супрацьлеглы пол...

Той жа мужчына, якога яна зганьбіла, падхапіў моўчкі яе дарожную чорную сумку, гэтак жа моўчкі і нёс яе, ідучы павольна побач - нават і не стараўся загаварыць з ёю. Яна ўдзячна паглядзела на яго, адзначыўшы пра сябе, што і тут ёй пачало шанцаваць...

Дзяўчына ў спартовым цёмна-зялёным касцюме ішла недзе наперадзе, пра яе Людка і забылася нават, - крочыла апошняй - следам за яе памочнікам, але чамусьці непрыязнь да яго засталася - сама не ведала, чаму...

 

Усіх аформілі хутка - без затрымкі, аж не верылася. Нават не прыйшлося праходзіць «каранцін». Гэта калі наслойваўся «ад'езд» на «прыезд» і не было вольных пакояў, - тады людзей прыходзілася сяліць то ў бытоўку, то ў спартзалу, а то і ў кабінет галоўнага доктара...

І - трэба ж! Людку пасялілі разам са «спартсменкай». Напачатку ў настаўніцы ўзыграла самалюбства, нават абурэнне, і было жаданне вярнуцца ў рэгістратуру да Зінаіды Паўлюковай і папрасіць, каб пасяліла з кім-небудзь іншым... Але тут жа і падумала пра сябе: «А з кім - іншым? Хіба ж ёсць гарантыя, што нехта той іншы, будзе лепшы за дзяўчыну ў спартовым трыко?»

І міжволі змірылася. І аддалася на волю лёсу - а, няхай будзе, што будзе, - не дзяліць жа з ёю заляцаннікаў ці біцца за іх. Ад Людкі яна не адаб'е, тое і даказваць не трэба.

- Цябе зваць хоць як? - пацікавілася Людміла Дамінікаўна, калі пачалі распакоўваць свае валізкі.

- Хоць як - Аксана, - у тон яе патрапіла дзяўчына, і падначкі настаўніца не зразумела - думкі былі заняты іншым.

Каб з кім іншым, то назвалася б Людкай, але суседцы абвясціла афіцыйна, каб ведала розніцу - і ў гадах, і па саслоўнай лесвіцы:

- Ну а мяне заві Людмілай Дамінікаўнай.

- Вы ўсіх на «ты» завеце - і сваіх вучняў, і калегаў-педагогаў? - зірканула на яе Аксана, прымружыўшы вочы, як пасміхалася.

Людка шырака раскрыла блакітныя вочы, спытала, адразу ж прыняўшы да ўвагі папрок-заўвагу Аксаны:

- А адкуль вы ведаеце, кім я працую?

Аксана вымала з сумкі рэчы і складвала ў сваю шафу, не глядзела ўжо ў яе бок, адказала абыякава:

- Ды на твары напісана...

Людка больш ні пра што не пыталася, але супакоіла сябе тым, што дзяўчына магла падгледзець у рэгістратуры яе пуцёўку, дзе і было ўказана яе месца працы і кім працуе. Нічога ў тым дзіўнага не было. Каб яна, Людка, прачытала Аксаніну пуцёўку, то тады дакладна сказала б і пра яе, - можа яна калгасны пачынаючы бухгалтар у глухой Богам забытай вёсачцы, а мо і сельсаветчыца...

Прыехалі ў пятніцу. І ў той жа вечар, як абвяшчала аб'ява перад уваходам у сталоўку, у танцавальнай зале меўся адбыцца вечар знаёмстваў.

Людка чапурылася як ніколі. Апранула свае лепшыя строі - блакітную сукенку, на шыю пачапіла дарагія каралі. На левы бок грудзей, а яны ў яе былі высокія, поўныя, бы схаваныя запазухай качаны капусты, - прыкалола брожку з камянямі - ружу. І пяць, і дзесяць разоў выглядвалася ў люстэрка - і нарэшце засталася задаволенай сваім знешнім выглядам. Цяпер - хоць на прыём да самога караля, на любы высокі і шыкоўны баль, - упэўнена была, што выглядаць яна будзе прыкметна і прыцягальна...

Аксана да вечара не праяўляла ніякай цікавасці - на танцы пайшла ў тым, у чым і прыехала - у спартовым трыко, як быццам выдзеліцца хацела з адваротнага боку. Пайшла без Людкі. Мо каб не замінаць ёй, каб не псаваць настрой сваёй прысутнасцю.

Культмасавік, тонкі і высокі, з прычоскай колеру медзяной чырвані круціў магнітафон з запісамі танцавальных мелодый розных гадоў, але ўсім падабалася, калі ў рукі браў баян чарнявы хлопец, які яшчэ і сам барабаніў сабе: ціснуў нагой на педаль бубна ў патрэбны такт - і тая качалка глуха біла па нацягнутай скураной паверхні, а доўгія драўляныя палачкі, прымацаваныя да другой педалі, білі па медных талерках...

Аж вішчэлі, увайшоўшы ў азарт, маладухі, адчуўшы вольніцу ў сваіх паводзінах, адарваўшыся ад дамашніх вясковых ці гарадскіх клопатаў, вецер ганялі спадніцамі, кружачыся ў віхурным танцы. Аксану дык адзін за адным хапалі хлопцы і мужчыны, кружылі па зале, заглядвалі ў вочы, нешта смешнае расказвалі, самі смяяліся...

Людка стаяла воддалеч ад усіх, неяк збоку, і да яе ніводнага разу не падышоў ніводзін мужчына. А іх, як аказалася, было шмат у зале. І аднаго, і другога, і пятага ўпадабала сабе Людка, ды ні адзін з іх не ўпадабаў яе.

У яе разрывалася сэрца ад болю і крыўды.

Яна нічога не разумела. Такога яшчэ ніводнага разу з ёю не было. А ездзіла ж яна адпачываць мо разоў з дваццаць - штогод. І збілася з ліку, колькі ў яе было за ўсе гады палюбоўнікаў... Тут жа ныла і трымцела сэрца ад зайздрасці: вунь жанчыны - глядзець няма на што, - ні паставы, ні твару, а раз за разам запрашаюць у круг, а на яе, Людку, ніхто і вокам не кінуў...

Крыўда на сэрцы мацнела, шырылася, злосць на ўсіх нарастала ўсё больш і больш, - і ў яе ўжо было жаданне плюнуць на ўсё і ўсіх, ды з'ехаць ад гэтага месца далей - куды вочы глядзяць...

Да канца танцаў не дабыла. Неўпрыкмет выйшла, і на яе ніхто не звярнуў увагі, не спыніў, не вярнуў - як і не было яе зусім у танцавальнай зале.

Распранулася, легла ў ложак, адвярнулася да сцяны. Не хацела бачыць, як прыйдзе Аксана, як шчасцем ці светласцю будуць свяціцца ў яе вочы, як здзекліва будзе глядзець на яе, Людку: ведама ж, бачыла, што ніхто - ніхто! - не запрасіў яе за вечар танцаваць - нават і ніхто з жанчын... А самой запрасіць дык і сорамна ўжо было.

 

У суботу, на наступны вечар, усё паўтарылася.

Хаця і перад люстэркам Людка правяла гадзінаў з тры, каб прычапурыцца, аздобіць сябе дарагімі французскімі духамі. І сукенку адпрасавала, што ніводнай складачкі не пакінула, і броўкі падвяла, і вусны адмысловай памадай аздобіла - фея ды і толькі! А вынік атрымаўся той жа - нікога не кранула сваёй прыгажосцю, хаця ж, калі шчыра, яна і сапраўды выглядала ніштавата і выдзялялася з агульнай грамады як тварам, так і станам. Жанчына яна была, так бы мовіць, у самым саку...

А яе суседка па пакоі не магла адбіцца ад кавалераў - танцавала і танцавала, ніводнага разу не кінуўшы позірк у бок Людмілы Дамінікаўны.

Аксана прыйшла пазней, як Людка ўжо ляжала ў ложку. Яна не ўключала святло, каб не пабудзіць ці нават патрывожыць жанчыну, не пакрыўдзіць яе познім прыходам, - таму шчоўкнула замком у дзвярах, хуценька скінула з сябе адзенне і легла ў ложак.

Людка ж не спала.

Яе душылі слёзы. І доўга да яе не ішоў сон. Пад раніцу толькі ўдалося звесці вочы.

Добра, што сядзелі не за адным сталом - іх размясцілі ў розных кутках вялікай залы, - а то нагаварыла б ёй Людка крыўдных слоў, ой нагаварыла б, век бы помніла...

Пакой Аксана пакінула тады, як Людка яшчэ спала.

І ў нядзельны вечар было тое ж самае: прастаяла на адзіноце Людміла Дамінікаўна і паўгадзіны, і гадзіну - ніхто не адгукнуўся на покліч яе збалелага сэрца. Са слязьмі на вачах ішла да свайго пакоя, не бачачы дарогі. Такой абструкцыі, такога правалу ў сваёй дзейнасці па заваяванню мужчынскіх сэрцаў, жанчына не мела ніколі. Месца аказалася як зачараванае. Як не для яе прызначалася. Як хто злы на яе прырабіў такое...

І - змірылася. Змірылася, праглынуўшы горкую пілюлю няўдачы, і тады ж вырашыла для самой сябе: ні на якія танцы яна больш не пойдзе - хопіць з яе такой ганьбы, што ўпару скрозь зямлю праваліцца ад сораму. Усё. Лепш пахадзіць па бярозавым гаі, надыхацца ўволю чыстым паветрам, якое на добрай адлегласці знаходзіцца ад чарнобыльскай зоны...

У суботу зноў меўся адбыцца танцавальны вечар.

Пасля вячэры прыйшлі разам у пакой. Людка ўнурылася ў сябе, не размаўляла з суседкай, хаця ёй і карцела пагаварыць, перакінуцца словам-другім, каб развеяць нуду. Калі ж Людміла Дамінікаўна прылегла на пакрывала, каб перад шпацырам прывесці свае думкі ў стройны і лагічны рад, і папыталася ў яе Аксана, сеўшы побач на ложак, адкінуўшы ўсялякі этыкет:

- Ці пойдзеш ты, Людка, сёння на скокі?

«Чаму пытаецца? - падумала жанчына, пачуўшы нейкія іншыя ноткі ў голасе - і на «ты», і «Людка», як быццам даўнія сяброўкі яны. - Што хоча ад мяне?»

- Ды што хадзіць - ніхто не запрашае, - як паскардзілася, як павінавацілася суседцы па пакоі, і голас нават уздрыгнуў, і пад вейкамі запякло...

- Вось што я табе скажу, Людка, - мяккім голасам загаварыла Аксана. - Сёння ты ідзі на скокі... Ідзі. Сёння - можна. Сёння - усе твае кавалеры. То я іх да цябе не падпускала тры вечары. Бо ты тады, як выйшлі з аўтобуса, кепска падумала пра мяне. Словы «замухрышка», «нос гарбылём»... Шчасце тваё, што ты больш агідных слоў не падабрала да мяне, то я тады ніколі не зняла б з цябе закляцце. Ды не такое, як цяпер, а... Ды ладна... Пашкадавала я цябе. Не так даўно ты засталася без мужа. Сына і дачку маеш. Сын у арміі. У дачкі ўсё добра будзе, а вось у сына... Ну ды ладна, то ўжо не маё... Ідзі, Людка, ідзі сёння на скокі. Сёння ўсе мужчыны будуць падаць перад табою на калені... І ня бойся мяне, табе больш нічога кепскага не зраблю... Танцуй, весяліся...

І паклала руку на лоб, патрымала колькі імгненняў, - зняла свае чары і ўздыхнула з палёгкаю, як груз нябачны з сябе скінула. Пайшла да свайго ложка, легла, паказваючы, што нельга з ёю цяперака гаварыць, чапаць нельга яе...

Тое ўжо Людка зразумела, сеўшы, уражаная, на край ложка, спусціла ногі долу. Яна спужалася, А чаго, і сама не ведала. Аксана - гадалка? Чараўніца? А мо - вядзьмярка?! Яна ж усё ведае пра яе, усё чысценька, а першы ж раз сустрэліся. Яна чытала і чула яе думкі, яе словы? Як такое можа быць? І пра Славіка ведае, і пра Светку... А што са Славікам адбудзецца - што яна хацела пра яго сказаць? Страшна побач з ёю жыць. Але ж - сказала, як папярэдзіла, каб не баялася яе, кепскага больш не зробіць...

З расчыненых вокан танцавальнай залы вырывалася ў двор бадзёрая музыка, бубен падахвочваў: бух-бубух, бух-бубух!..

«Схаджу, мусіць, праверу, пераканаюся, ці не маніць мне мая суседачка, - адважылася Людка, сама сябе падахвоціла. - Але толькі я тады ёй поўнасцю паверу, калі словы яе спраўдзяцца, калі я знайду свайго часовага абранніка, калі ў мяне зноў закружыцца, як і заўсёды, галава ад поспеху...»

Так, як перад гэтым, не прыбіралася, не выглядвалася і не круцілася перад люстэркам. «Калі праўду сказала мая суседка-чараўніца, то і навошта ж тады шчыраваць? Як той казаў, калі б не соплі, то прыгажосць бы замучыла... Пайду так, усё роўна нейкі ж вынік будзе...»

Хацела ўсё-ткі нешта сказаць Аксане - ці то словы ўдзячнасці, ці то згоды, але змоўчала - дзяўчына ляжала з зажмуранымі вачыма, павярнуўшыся да сцяны. Яе цела ледзь прыкметна ўздрыгвала, быццам ёй было холадна ці круціла ногі... Толькі падумала, стоячы побач, ведаючы, што пачуе яе: «Дзякуй, што горшага не зрабіла, і даруй-выбачай, калі так, што кепска пра цябе падумала - навука мне надалей будзе... Не крыўдуй на мяне, дурная баба я з плоцкімі жаданнямі... Не вінаватая, што мяне штодзённа д'ябал задавальнення спакушае, ну што я параблю, калі мне кожны дзень патрэбен мужчына, ды не абы-які, а Мужчына з вялікай літары, - працаўнік, жорсткі і пяшчотны адначасова...»

«Бач, паразумнела... Чалавек адразу разумнее, калі бяда да яго падкрадваецца. Добра, Людка, добра, дарую табе ўсё... Ідзі, весяліся...»

Але Людка тых Аксанавых слоў-думак не чула...

 

3

 

Аксана Журавель у клуб ішла з тайным жаданнем сустрэчы са сваім аднакласнікам Вінцуком Уюновым - Уюном, як яго ўсе называлі ў школе. Мроілася ёй, што запрашаць танчыць ён будзе толькі яе, а потым яшчэ і правядзе дадому... І не толькі правядзе, а і пяшчотна абдыме, нашэпча-нагаворыць на вуха шмат патаемных слоў, прызнаецца ўрэшце рэшт у сваіх пачуццях...

У яе з самай раніцы быў узнёсла-радасны настрой; спявала і бунтавала душа, прасіла асалоды і пяшчоты. Усе дні, усе гадзіны, дно і ночы яе думкі былі запоўнены адным - марамі аб каханні. Вобраз Уюна не сплываў ні на адно імгненне з яе вачэй, - ён перад ёю быў пастаянна, сам нават не падазраючы пра тое...

У Вінцука светлыя непакорныя валасы, блакітныя вочы, сам дужы, пружыністы, вёрткі, - сапраўды як той уюн: прозвішча адпавядала целаскладу. Аксана радавалася за яго, калі ён пад час школьных спаборніцтваў скакаў вышэй за ўсіх, бегаў хутчэй за ўсіх... Перажывала, калі хлопцу не даваліся так лёгка, як фізкультура, задачкі па фізіцы ці хіміі, ды

складанні на расейскай мове даваліся з цяжкасцю - невядома чаму. Нейкі абыякавы ён быў да Пушкіна і Лермантава, Горкага і Талстога... Казаў, што яны чужыя яго сэрцу, што іх творчасць не кранае яго душу... Затое кніжачку вершаў Максіма Багдановіча вывучыў напамяць ад радка да радка - мог, не задумваючыся, расказаць з яе любы верш. Тая кніжачка памерам з даланю была для яго Бібліяй, талісманам, які аберагаў яго ад няшчасцяў. Ніхто не разумеў яго любові да беларускага творцы-пакутніка, бо ўся сіла тамтэйшай педагогікі была скіравана на тое, каб зацьміць айчынных прарокаў-апосталаў, а ўзвысіць на недасягальную вышыню тых, якія пісалі на «великом и могучем»...

З маленькім томікам Вінцук не разлучаўся нідзе і ніколі - насіў яго штодзённа з сабою.

Тое і трывожыла Аксану, непакоіла. Яна адчувала, што кожны дзень у яго ўліваецца невядомая ёй сіла, якую, здавалася ёй, яна не зможа адолець, перамагчы. Тая невядомая сіла выпраменьвалася ад радкоў Пакутніка. У нейкі момант пачала адчуваць, што паміж імі стаіць Паэт, і ён пачынае яе адштурхоўваць, адпіхваць, і тое робіць незнаёмая ёй энергія, - і ён, Уюн, аддаляецца пакрысе ад яе, адрываецца ад яе біяполя, ад яе ўздзеяння...

«Мой Уладар, Настаўнік і Натхніцель! - шэпча, звяртаючыся да свайго пана дзяўчына, прыкладваючы рукі да грудзей, прымружваючы вочы. - Навучы, як пераадолець тую невядомую сілу, якая перашкаджае авалодаць душою майго абранніка. А без яго я не ўяўляю свайго жыцця... Ты адзін ведаеш, як тое можна зрабіць. Дай мне сваіх чорных сілаў, сваёй чорнай энергіі - і я зраблю тое, што задумала...»

Недзе ў цемры, у кутку хаты, у запеччы, Нябачны крактануў, пераварочваючыся з боку на бок, незадаволена перапытаў:

«Што зноў непакоіць цябе? Хто зноў даймае цябе сваёй няўважлівасцю? Хто заслугоўвае кары, скажы, і мы нашлем на яго пракляцце нашага Эйфа?!»

«Не-не, мой Уладар Цемры, - спалохана адступае назад у сваім імкненні Аксана, - ніхто мяне не даймае... Наадварот, ён, Вінцук, адварочваецца ад мяне, і ведаць не хоча мяне. А ад гэтага і разрываецца маё сэрца на дробныя кавалачкі. Хачу прымусіць яго, каб...»

«Што - «каб»? - здаецца, насцярожваецца Нябачны, навострвае слых, каб пачуць галоўную мэту просьбы сваёй падначаленай, рабыні сваёй справы Аксаны Журавель. - Што, кажы?»

«Каб ён... каб ён пакахаў мяне...»

«Але ж ты просіш зрабіць добрую справу. А мы, як ты ведаеш, робім зусім адваротнае. Давай знішчым яго, ці зробім невылечным хворым на ўсе гады... Пакараем за няўвагу да цябе - і гэта будзе твая помста.»

«Не-не, мой Збаўца, толькі не гэта! Табе, мусіць, невядомы пакуты сэрца, як і добрыя справы, таму ты мяркуеш, ацэньваеш і судзіш, асуджаеш, караеш толькі з вышыні свайго бачання... Ведаю, што мне не да твару такія сантыменты, ведаю, што з цягам часу я пазбаўлюся гэтага, навучуся быць жорсткай, буду чалавекам без сэрца, бо я яго аддала табе, - і тады буду адпавядаць тваім, правільней, нашым канонам і патрабаванням, але сёння я не магу і не хачу тое рабіць... Па-першае, я хачу насаладзіць сваю душу тым духоўным і слодычным пачуццём, каб ведаць, якое багацце буду адымаць ад людзей, караючы іх, каб потым не шкадаваць ні пра што, і ўжо ніколі больш не вяртацца да гэтага...»

«Дык жа дух - гэта Бог! - ускрыкнуў, не вытрымаўшы, злосна Нябачны Ўладар цемры. - Мы ж не прымаем тое - ці не памятаеш хіба?!»

«Памятаю. Я не так сказала, выбачай. Каб перарасці ў новую якасць, я павінна адчуць і зразумець, што гэта такое - каханне. Зразумець для таго, каб потым распазнаваць яго і забіваць у людзях яшчэ ў зародышы... Але ж, калі паглядзець з другога боку, то закаханыя губляюць розум, робяцца даверлівымі і пяшчотнымі, і на іх згубу не трэба траціць шмат энергіі - яны як ягняткі, самі ідуць у рот ваўку...»

«Мг...» - уздыхнуў, здаецца адабральна, Уладар Цемры.

«Па-другое, хачу даведацца яшчэ, ці маю я сама тую нябачную сілу, якая здольная перамагчы... перамагчы тыя сілы, што скіраваны супраць нас. Толькі калі я прайду скрозь тыя выпрабаванні цалкам, то я ачышчуся ад непатрэбшчыны і шалупіння, і тады сцвердзяцца словы Мацвея са Святога Дабравесця: «Гора свету ад спакусаў, бо павінны прыйсці спакусы; але гора таму чалавеку, праз якога спакусы прыходзяць...» Таму мы будзем спакушаць і дамагацца свайго, ці не так мой чорны кардзінал?»

«Усё так. Я рады, што ты сама прыходзіш да высноваў нашага вучэння і нашай антыверы. Таму я дам табе пакуль што толькі напалову таго, што ты просіш... Бяры!..»

У запеччы зноў нешта зашамацела, як бы глуха рыпнулі спружыны, потым пачуўся глухі і працяжны посвіст, як сядно распачыналася завіруха і ў завуголлі заскуголіў вецер, абдзіраючы свае бакі аб сцены, і ў сцяну, што выходзіла да грушы-дзічкі, нехта моцна стукнуў нечым тупым - як бервяном ці абухам важкага калуна...

І ўся хата як бы выціснула з сябе выдых, уздрыгнула, скаланулася... Сутыкнуліся дзве стыхіі - холад і спякота, жорсткасць і дабрыня, але не адбыўся выбух, а злучылася незлучальнае, сумясцілася несумяшчальнае, - і вялізны ружова-жоўты шар, які свяціўся, пераліваўся рознымі колерамі, пачаў разрастацца, павялічвацца ў памерах, запоўніў ужо ўсю хату - ад падлогі да столі, ад сцяны да сцяны...

 

Гэтага ўсяго не бачыла Аксана - яна заплюшчыла моцна вочы і чакала сама не ведаючы чаго, але чакала без страху, нават з нецярпеннем, чакала, што ў нейкія секунды здарыцца нешта незвычайнае і дзівоснае, што дасць ёй новае нараджэнне, новыя якасці і магчымасці яе ўздзеяння на чалавечыя душы...

Калі ўжо, здавалася, хата пачала трашчаць, каб разваліцца, не вытрымаўшы сілы разрастання ружовай магмы, адбылося тое, чаго і дамагалася дзяўчына - вакол яе ўтварыўся віхор, воблака пачало круціцца вакол яе, хутчэй і хутчэй, звужацца і звужацца, і праз нейкія імгненні растварылася ў ёй, злілося з ёю, стала ёю...

Яна і не адчула таго, мо і не зразумела, што адбылося - толькі нейкі ветрык дакрануўся да твару, як хто пяшчотна дакрануўся рукой.

 

Калі ў хату зайшла старая Макушыха, то яна найперш пачула, чым убачыла, што яе ўнучка ляжыць на падлозе і стогне ад болю.

- Што з табою, Аксанка? - кінулася да яе бабуля, забыўшыся нават уключыць святло, прыўзняла яе галаву, прытуліла да грудзей...

Дзяўчына нічога не гаварыла, толькі скрыгатала зубамі і круціла аднастайна галавой, праз нос выдыхала і выганяла з сябе залішнюю энергію... Потым сашчаміла зубы і праз нос з усяе сілы працяжным стогнам, быццам яе мучыў неймаверны боль, завяршыла сваё перараджэнне...

Макушыха зацягнула яе на ложак. Падбіла падушку, каб было зручней ляжаць унучцы. Толькі потым ужо ўключыла святло ў хаце.

Твар Аксаны быў белы-белы - як навалачка падушкі.

Вочы ў яе былі раскрытыя, але ў іх не было бачна зрэнкаў - недзе закаціліся пад лоб.

Потым дзяўчына глыбака ўздыхнула, набраўшы поўныя грудзі паветра, войкнула, як што кальнула ўсярэдзіне, і раскрыла вочы. Здзіўлена паглядала на Макушыху, на сцены хаты... А пасля яшчэ раз уздыхнула, абвяла, скінуўшы з сябе напружанасць, заўсміхалася.

Паспрабавала ўстаць - і ўстала. Адчула ў сабе незвычайную дужасць, думкі - ясныя, мэтавыразныя і канкрэтныя...

- Што з табою, унучка? Ці не захварэла часам?

- Не. З «ім» вяла гутарку. Помачы і сілы прасіла.

- Выпрасіла?

- Выпрасіла. Мы з ім у згодзе. Цяпер мы разумеем адно аднаго.

- То і добра, - абрадавалася Макушыха, - маё навучанне марна не прайшло. Значыць, ён прызнаў цябе, прызнаў і паклікаў, далучыў да сваёй планеты.

- Далучыў. Мы паразумеліся з ім. Цяпер нам ужо нельга існаваць адно без аднаго.

- Есці будзеш?

- Не. Не хочацца. Ён даў мне сілу, што я тыднямі магу не есці. Мо хіба кіслёхі пап'ю - у горле сушыць...

Бабуля падышла да стала, што стаяў каля дзвярэй, наліла з гладышкі поўны кубак кіслага малака - пазаўчарашняга, падала Аксане.

Дзяўчына выпіла ўсё да дна, крактанула ад задавальнення - халодная сывыратка астудзіла горла.

Да яе вярнулася ранейшая весялосць.

«Цяпер - хоць куды. Цяпер - я самая моцная, і нішто не перашкодзіць мне дамагчыся свайго...»

Яна пераапранулася, апранула святочную сукенку, прычасалася перад люстэркам, адзначыла радасна пра сябе: «А што - ніштаватая я дзеўчына, ці ж ня грэх у мяне закахацца, га? Сама магу прысушыць любога, але не хачу, мне цікава, калі сам прысохне... І не абы хто, а ён, Вінцук Уюноў...»

- У клуб? - папыталася Макушыха, хаця ж добра ведала, куды збіралася ўнучка - куды ж болей пойдзеш у Забалацці?

- Ага.

- Уюн точыць сэрца?

- Ён, бабуля, ён. Усё ты ведаеш, нічога ад цябе не схаваеш - аж нецікава з табою...

Старая хітра ўсміхалася, адвярнуўшыся да печы, каб дастаць з яе чэрава горшчычак з крупнікам, пацвердзіла:

- Як не ведаць? Усё ведаю. Павінна ведаць. Але тут табе цяжка прыдзецца - ёсць і ў яго сіла. Цяжкім будзе змаганне за яго, і хто тут каго пераможа - невядома.

- Тое мы яшчэ паглядзім, бабуля. Паглядзім...

Аксана росту невысокага - на галаву ніжэй за Вінцука. Узгорачкі грудзей порстка напіналі сукенку, і яна не раз заўважала, як неўпрыкмет зіркалі ў трохкутнік выразу сукенкі цікаўныя вочы старэйшых хлопцаў і мужчынаў. Тое яе радавала, хвалявала, і яна ў каторы раз адзначала пра сябе, што можа падабацца хлопцам, што ў яе можна закахацца...

Адно хіба Вінцук ніводнага разу не зіркануў на трохкутнічак грудзей, як яна таго хацела, як жадала.

Выходзячы з хаты, ведала, што абавязкова яго стрэне, што перакінуцца словам-другім. Яе крыўдзіла тое, што калі ён размаўляў з ёю, то як бы не бачыў яе, стаяў побач, адчуваючы яе локаць, а не адчуваў яе прысутнасці, - як да сцяны яна гаварыла... Бо бачыла, што ён задумліва глядзеў паўз яе, скрозь яе, глядзеў некуды далей, туды, у засмужаную далеч, быццам там, за шэрай смугой, шукаў адказы на свае пытанні...

Тая, апошняя сустрэча, была тыдзень назад, у суботу. Тыдзень для яе быў надта доўгім, але яна не шукала прычын сустрэцца ненарокам з ім, не прыспешвала падзеі...

І цяпер была субота. Аксана ведала, што ён абавязкова прыдзе ў клуб, бо чула, як хлопцы днём, калі была ў краме, казалі: «Во прыдзе сёння Ўюн у клуб, то ў яго і спытаем...» Пра што яны хацелі папытацца ў яго, яе не цікавіла, а абрадавала тое, што ўбачыць яго...

А напаткала яго не ў клубе, а на дарозе да яго.

Ён ішоў адзін з Затросніцкай вуліцы, што ўпіралася ў возера, а яна ішла з другога канца - з Жоўтага Поля: жылі каля пясчанай выспы - так і вуліцу называлі.

- Дзень добры, Аксана! - павітаўся першы, але ў голасе яна не пачула ні радасці, ні ўзрушэння - абыякава аднёсся да іх сустрэчы.

- Дабрыдзень, Вінцук! І ты ў клуб?

- А куды ж яшчэ?

- На полечку запросіш мяне?

- Калі ты таго хочаш, запрашу.

- Хачу. Так хачу, Вінцучок, што аж грудзі распірае жаданне, -я на старалася ўсё перавярнуць на жарт, каб не выдаць сябе, каб не сапсаваць задуманага, каб прыглушыць свой унутраны боль. - Таму не падмані мяне, запрасі. Добра?

Ён здзіўлена паглядзеў на яе, не разумеючы, ці то яна жартуе так, ці здзекваецца з яго ці нават з самой сябе, але нічога не сказаў, маўчаннем пацвердзіў згоду.

- Як пажываеш, Вінцук? - спытала ўжо спакойна і сур'ёзна, стараючыся ўтрымаць кволенькую нітачку духоўнай сувязі, імкнучыся прыцягнуць да сябе, звярнуць урэшце рэшт, на сябе хоць нейкую ўвагу.

- Ды жыву... Як усе - і не горш, і не лепш. Нас такімі ж зрабілі - усіх пад адзін грабянец.

- Мне сказаць нічога не хочаш - нечага цёплага і інтымнага?

- Што - сказаць? Пра што?

Аксана загадкава ўсміхнулася, выставіла наперад акруглае калена, паправіла на сабе сукню, не выпускала з рукі галінку вішанніку. Ад яе патыхала чаромхай і невядомымі духамі - няўжо не здагадваецца, цяльпук няшчасны, што яна ўсё робіць, стараецца быць прывабнай і прыгожай толькі дзеля яго, Уюна.

- Ну хаця б прыдумаў які камплімент, схлусіў бы, што я самая прыгожая і клёвая... ці што іншае. Ці цяляты табе язык аджавалі? Прачытаў бы радок-два са свайго любімага паэта.

- Навошта хлусіць? - паціснуў плячыма Вінцук, не разумеючы, куды хіліць дзяўчына, і што яна хоча-дамагаецца ад яго. - Я і сапраўды не ведаю, як ты выглядаеш - клёва ці не. Не разбіраюся я ў гэтым, - прызнаўся шчыра хлопец, усміхнуўся.

- І я табе зусім-зусім не падабаюся? - прыкусіла язычок дзяўчына, стаяла перад ім і гарэзліва зазірала ў вочы. - Ніколечкі-ніколечкі?

- А чаму ты мне павінна падабацца? - зноў падзівіўся Ўюн, гледзячы ў яе шырока адкрытыя зеленцавата-жоўтыя вочы, і ў яго паглядзе не было ні цікаўнасці, ні затоенай злосці, ні тайнага жадання...

- Ды не табе асабіста, - як не рагатала ўжо Аксана з яго ніякаватасці, жмурылася, хавала вочы за густымі вейкамі-крыламі, - як я ўвогуле выглядаю з пункту гледжання мужчынскага полу... на фоне нашай вясковай прыроды, нашых забалацянскіх дзяўчат?

Ён стараўся не паказваць сваю злосць за яе дурныя пытанні, каб не пакрыўдзіць, не ўзлаваць яе, прамовіў:

- Вось у іх, мужчынаў, і папытайся - яны ў гэтым разбіраюцца дужа добра. А я што... яшчэ ніводнага разу і не цалаваўся з дзяўчынай...

Здзекаваўся, канечне ж, Уюн з Аксаны, не ведаў, як адбіцца ад яе, што зрабіць, каб адчапілася, каб не прыставала... Не ляжала ў яго душа да яе, не ляжала, хоць забі... Яна ж ведала пра тое, ведала, а нечага ж чапілася, лезла нахрапіста ў душу, не зважала ні на што.

- Тое і бяды, - зарагатала ўжо ад пачутых слоў, нечакана абняла яго і пацалавала ў губы, прытуліўшы хлопца да сябе.

Ён і не паспеў адхіснуцца, і стаў, як укапаны, яшчэ больш падзівіўшыся яе смеласці.

- Ну, во, і паправілі тваю бяду ці недахоп, - не пераставала смяяцца Аксана, узяўшы ўжо яго пад руку, як усё роўна павянчалася з ім тым пацалункам. - Соладка, скажы, праўда соладка цалавацца, га? Цяпер ведаеш, чаму вар'яцеюць хлопцы і дзяўчаты ад кахання?

- Ох і ліса ты, Аксана, не ліса, а пантэра, - гэтак жа вясёла прамовіў Вінцук, не вырываючыся аднак ад рукі дзяўчыны - крочыў, як паказваў усё роўна, што яны могуць ісці вось так, трымаючыся адно аднаго.

«І нікуды ты, міленькі-каханенькі, не падзенешся ад мяне - дарогі такой няма, па якой бы ты ўцёк ад мяне. Не вымасцілі яе, не пабудавалі... Ты не злы, ты проста няўмека, цяльпук, ты ж не ведаеш яшчэ і смаку дзявочых вуснаў, тым больш дзявочай начной інтымнай пяшчоты... Калі ж я дам табе асалоду, калі праглыну цябе сваім чароўным воблакам, і калі ты ўзляціш на дваццатае, а не на сёмае неба, калі страціш розум і адымецца ад вышыні палёту мова, - то тады я і стану для цябе і Сатаной, і Богам, і Небам, і Сонцам...»

- Ох і натанчуся я сёння! - радасна прамовіла Аксана, яшчэ мацней прыціскаючыся да рукі Вінцука, глядзела некуды наперад - усцяж вясковай вуліцы, на якую насоўваўвалася вечаровая шэрань...

У адказ хлопец нічога не адказаў.

Ён думаў над тым, што адбывалася, і чаму Аксана праяўляе такую настырнасць і настойлівасць - хоча вялікага кахання? З ім - Вінцуком? Моцна закахалася і цяпер хоча таго ж самага ад яго?

Не разумеў ён гэтага.

 

Лёсы Аксаны і Вінцука ў нечым падобныя.

Аксана жыла з бабуляй, а ён з маці.

У Вінцука загінуў бацька, калі хлопчыку было сем гадоў. І брат быў у яго, старэйшы, і ён, як і бацька, загінуў у арміі...

Аксаніна маці, Троня, усе ў вёсцы ведалі пра тое, была вядзьмяркай. Злой вядзьмяркай. Яе баяліся людзі, бо яна магла наслаць чорныя атрутныя стрэлы як на людзей, так і на хатніх жывёлін... Каровы малако нечакана пераставалі даваць, свінні есці, а то і зусім падохнуць... Гаспадар, Паўло, быў звер а не чалавек - біў штодня сваю жонку. Яна не захацела нараджаць другое дзіця, верацяном хацела забіць яго яшчэ да нараджэння, ды пашкодзіла нешта ўсярэдзіне, - колькі год, сцякаючы кроўю, праляжала ў ложку. Ніхто ёй не мог памагчы - ні яе вядзьмярства, ні бабкі-шаптухі, ні дактары...

Аднойчы, ідучы праз возера, вясной, праламаўся і пайшоў пад лёд Паўло.

Праз тыдзень памерла і Троня...

«Няма на свеце Бога!» - заявіла ўголас Макушыха - муж яе быў Макуха, на ўсю вёску абвясціла, як на ўвесь белы свет. І тыя словы чула малая Аксана. - «Няма Бога на свеце!» - сказалі настаўнікі і ў школе...

Ноччу ў яе сон прыйшоў чорны цень - без твару, без абрысаў, соладка-гадзючына прашыпеў:

- Я буду тваім Богам. Ты павінна паверыць у мяне. Калі ж паверыш, то я буду абараняць цябе, вучыць, кіраваць тваімі думкамі і жыццём...

- Хто ты? - не спалохалася, смела ступіла крок насустрач.

- Я - гэта ты. Тваё другое «я». І я буду табой і днём, і ноччу. Я буду сачыць неадступна за табою, кіраваць тваімі дзеяннямі, - калі ты згодзішся на тое.

- Згаджуся - на што?

- Быць з намі. Быць вольнымі птушкамі цемры і начы. Мы - тыя, хто сцвярджае так, як і ты, што Бога няма, як і няма Святога Духа. Ёсць толькі Ноч. Ёсць цемра. Ідзі да нас. Мы павядзём цябе сваёй дарогай, дарогай ночы, дарогай месяца і зораў. Мы адкрыем перад табою шмат цудоўнага і дзівоснага, таямнічага і чароўнага. Ты будзеш рабіць і ўмець рабіць тое, што не ўмеюць звычайныя людзі. Ты будзеш вышэй над імі, і яны будуць служыць і падпарадкоўвацца табе.

- Як знайсці цябе?

- Нас і шукаць не трэба. На магіле сваёй маці, у горшчычку, ты знойдзеш патрэбнае - і ўсё зразумееш, як мяне знайсці...

Клуб быў на беразе возера, на грудку.

Некалі калгасны брыгадзір Донька распарадзіўся паставіць па ўсім беразе лаўкі - на два ўкапаныя, абавязкова дубовыя, слупкі прымацавалі тоўстыя дошкі, - але яны даўно струхлелі, нават падгнілі дубовыя слупкі, а абнавіць новаму калгаснаму начальству было неяк не з рукі - ніхто ж не патрабаваў тое рабіць; так яны ў засталіся напамінкам пра той вясёлы Донькаў час. То ён сам прыдумаў такое, бо быў вялікі выдумшчык на розныя штукі. З'ехаў даўно Донька з вёскі, падаўся на данецкія шахты, і ніхто не ведаў з вёскі - жывы ён хоць ці згінуў дзе ў жыццёвай калатнечы...

З расчыненых дзвярэй ужо вырывалася на волю гулкая музыка - замежная мелодыя нейкага ансамбля запрашала на скокі хлопцаў і дзяўчат. Мо з вёскі ніхто і не ведаў пра такіх музыкаў, але рытм іх песні бадзёрыў, нараджаў ў душы вясёлы настрой.

- Дык ты не забудзеш пра сваё абяцанне? - напомніла Аксана перад тым, як увайшлі ў клуб, бо там яны ўжо павінны быць у паасобку.

- Не, не забуду...

Танцы ў клубе наладжваліся пад любыя музычныя струманты, але найбольш круцілі магнітафон ці радыёлу - кружэлкі. А здаралася, што Змітрок Пелікаў браў свой гармонік, ды да яго яшчэ далучалі бубен, які імпэтна хадзіў і звінеў у руках Рафаіла Крупы - калгаснага механізатара, - то тады дзяўчатам да раніцы нельга было супакоіцца пасля імпэтных полек...

Але ўсе любілі танцаваць пад гармонік Змітрака, бо ён быў гарманістам адмысловым - мог без пярэдыху граць суткі і двое.

Аксану запрашалі хлопцы, і яна кружылася лёгка і весела, але ўвесь час не-не ды і зіркане ў бок Вінцука, які сядзеў з хлопцамі ў кутку за сталом і іграў у карты. Да танцаў ён быў абыякавы, як і да дзяўчатаў.

«Калі ж ты падымешся з-за стала, цяльпук мой каханы, калі скінеш палярыну са сваіх вачэй - няўжо не адчуваеш, як маё сэрца імкнецца да цябе?..»

Ён як паслухаўся яе - аддаў некаму карты, падняўся з-за стала. Чакаў, мусіць, калі аціхне музыка, калі ўсе стануць каля сцяны ці пасядуць на свае месцы. Калі ж тое адбылося, калі зайгралі новы танец - вальс, у Аксаны ёкнула радасна сэрца: «Ідзе! Няўжо да мяне?»

- Аксана Дарафееўна, ці можна вас запрасіць на вальс? - тэатральна, па-джэльтменску схіліў Уюноў перад ёю галаву ў паклоне, глядзеў некуды ёй пад ногі.

- Можна, Вінцук, можна! - як не ўсклікнула дзяўчына, усё яшчэ не верачы ў тое, што перад ёю ў паклоне схіліўся Ўюн. - Даўно чакаю, калі ты ўспомніш пра мяне...

І танцаваў ён неяк неахвотна ці не ўмеючы, але найбольш абыякава. Дзяўчына не пасміхалася над ім, сама яго вадзіла, кіравала танцам.

- Вінцук, а можа ты і другую маю просьбу выканаеш, раз такі шчодры сёння? - затоена спытала дзяўчына, паклаўшы руку яму на плячо, гледзячы на іншых танцуючых.

- Якую ж?

- Ведаеш, баязлівая я дужа. Асабліва ноччу. Таму дадому баюся ісці адна. Ці не правёў бы ты мяне на маю вуліцу?

Ён кіўнуў галавой:

- Ладна, правяду, раз хочаш.

- То і дзякую табе за тое.

- Ды няма за што.

- Ёсць. Ёсць за што. Ты ж паслухаўся дзявочага сэрца, не пакрыўдзіў адмовай...

- Хм... Не ведаў, што за такое трэба дзякаваць.

«Эх, Уюн, Уюн... Хай так, няхай хоць так... Нічога, чым цяжэй змаганне за цябе, тым саладзей будзе перамога... Так, голымі рукамі цябе, Уюнчык, не возьмеш, нездарма бабуля папярэджвала, толькі ў лазовую кломлю цябе можна і загнаць...»

Неба ўсё ў зорках.

Вялікая Мядзьведзіца схіліла свой чарпак над возерам, як збіралася зачарпнуць з яго срэбнай вады - над люстраной гладдзю вісела-узыходзіла поўня.

Маўчалі. Дзяўчына прытулілася да Вінцука, паклала галаву на грудзіну, чула, як тахкала яго сэрца - роўна і спакойна. Яе ж выскоквала з грудзей, гатовае было разарвацца на дробныя кавалачкі - побач быў ён, яе жаданы і аблытаны яе чарамі, яна датыкалася да яго, адчувала яго цела - гарачае і роднае...

«Я даб'юся свайго, быць таго не можа, каб не дабілася... Ён жа яшчэ як воск - ляпі з яго, што захочаш. Не кахае мяне пакуль? Нічога, пакахае, нікуды не падзенецца... Каб даведацца, наколькі салодкі яблык, то яго трэба паспытаць...»

- Вінцук, ці не хочаш ты паглядзець, дзе я зрэдку начую?

- Дзе гэта?

- Пайшлі, пакажу... Не бойся, не з'ем я цябе.

- Ды і не баюся я, пайшлі, паказвай сваё лежбішча...

Аксана прывяла яго да пунькі, што стаяла воддалеч ад хаты - між стромкіх бяроз, што густа выраслі на поплаве. Намацала ў застрэшку ключ, адамкнула замок. Расчыніла дзверы і сама першай нырнула ў цемру. Выдаўжыла руку, намацала драбіну.

- Ідзі сюды, тут драбіна.

Зачыніла на засаўку дзверы, хаця ведала, што ніхто ноччу ў пуньку не памкнецца. Яна як адрэзала Вінцуку дарогу да адступлення.

- Я першая, а ты падымайся за мною.

Яшчэ днём Аксана падымалася на вышкі. Занесла туды прасцірадла і прасціны, коўдру, падушку: расстаўляла рыбацкую сетку па ўсіх правілах, каб злавіць свайго Ўюна, які цяпер сам ужо ішоў у нерат...

У яе дрыготна забілася сэрца - занепакоілася, не магло суняцца. Ускочыла на сена, падала руку Вінцуку. Ён ухапіўся за яе, паслухмяна падняўся наверх. Сеў, агледзеўся. Праз шчыліны франтона з двара прабівалася слабое святло.

Аксана пачула побач яго дыханне, маўчала. Дакранулася да яго твару, потым рукі апусціліся на плечы. Лёгенька таўханула яго, як загадала яму легчы на сена. Сама ж легла побач, прытуліўшыся да яго, нічога не гаварыла, давала час хлопцу апамятацца, прыйсці ў сябе.

- Добра ў цябе тут, - прамовіў ціха госць, уздыхнуўшы, - канюшынай пахне...

- Так. І медуніцай яшчэ, мятай і святаяннікам. У нас ля хаты - цэлы гербарый расце, ад тысячы хвароб можна вылечыцца.

- Памятаю, як ты прынесла ў клас той гербарый. Увесь клас дзівіўся, як ты добра ведаеш зёлкі. А завуч школы Сташкевіч прапанаваў табе нават грошы - і немалыя. За яго. А ты чамусьці адмовілася.

- Адмовілася. Гэта добра, што ты памятаеш пра тое.

Аксана гаварыла і адначасова скідала з сябе сукенку. Потым было чуваць, як яна пстрыкнула запінкай бюстгалтара, кінула яго некуды ўбок, а Вінцуку затоена прашаптала:

- А я пад коўдрай ужо. Распранайся, залязай да мяне - сагрэй, нейкая халодная ноч сёння...

Ён маўчаў. Не шавяліўся нават. Праз момант прамовіў-папытаўся:

- Аксана, а хіба можна вось так... адразу? Я ж не муж табе, і не ... - Вінцук запнуўся, як спатыкнуўся аб якую пастарчаку, - і ў Бібліі нават сказана - для продкаў: «Не чыні пералюбу, і што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыняе пералюб з ёю ў сэрцы сваім...»

- Ты верыш у Бога, Вінцук? - амаль са смехам спытала Аксана, і тут жа, не чакаючы яго адказу, дадала: - А я і не заўважала, што ты веруючы... Мы ж усе камсамольцы былі. Увесь клас. І ўсе сцвярджалі, што Бога не існуе, ці не так?

- І так, і не так... Ды няважна тое, Аксана. Да Бога прыйсці ніколі не позна.

- Мо і так, згодна... Толькі дзіўна неяк, што жыў ты з тайнаю сваёй...

- А якая гэта тайна? У душы ў кожнага з нас жыве Хрыстос, але мы не падазраем пра тое...

Нейкі момант маўчалі. Яна спаквала падбіралася да яго, рыхтавала, старалася не пярэчыць задужа, а так, злёгку не згаджаючыся з ім.

Адкінула коўдру, на каленях падсунулася да яго. Вінцук ляжаў, сашчапіўшы на грудзях рукі. Расшчапіла іх, пачала расшпільваць гузікі сарочкі. Потым і папругу... Скінула з яго амаль ўсё, што было на ім, - падштурхоўвала да дальнейшых дзеянняў.

Астатняе ўсё адбывалася як у сне. Астатняе, што не скінула Аксана, скінуў сам.

Яна абняла яго, упілася вуснамі ў яго губы. Адчула адразу, як у яго пачалі вырастаць крылы жадання, адчула, як і яна сама ператваралася ў нейкую незямную і дзівосную птушку - арліцу, якая гатова была сваёй вострай і моцнай дзюбай упіцца ў сэрца Ўюна...

Яна накрыла абодвух коўдрай і абвілася як дзікі хмель па хлопцу, прытулілася моцна грудзьмі да яго грудзей, калола сунічкамі сваіх тугіх узгоркаў; перапляла яго ногі сваімі - і цяжка задыхала, напручваючыся ўсім целам...

Адчула, як соладка закружылася галава і знікла ўвачавідкі цемра. Перад ёю была не цемра, а блакіт неба і зырка свяціла сонца. У той жа момант яна лёгкай птушкай узнеслася над воблакамі, адчуваючы побач Вінцука...

Вось яно, шчасце, бяры яго рукамі, вуснамі, дыхай ім, наталяй душу і сэрца асалодай, упітвай у сябе нектар кахання, - і большага нічога не трэба, вышэй за гэта і саладзей няма нічога ў свеце...

Так і ўяўляла яна ўсё гэта ў сваіх марах-снах, так яно і рыхтавалася ў салодкім прадчуванні-адчуванні - тады яна прачыналася ў млоснай дрыготцы, адчуваючы, як па ўсім целе разлівалася мройнасць і асалода. Яна ведала - у ёй прачыналася жанчына. Яна яшчэ не разумела, адкуль нараджаўся той агонь у яе ўлонні, толькі здагадвалася, жадала, каб ён ператварыўся ў гарачае полымя...

А тут трошкі было інакш - натуральна, не ў сне, і каханы побач, якога яна абдымае сваімі рукамі...

Вінцук як быццам пачаў загарацца ад яе запаленага агню. У ім міжволі ўспыхнулі іскрынкі жадання, гатовыя былі ўспыхнуць зыркім і гарачым полымем. Яна адчула і зразумела тое. Падказала рухам рукі, каб ён абняў яе, сціснуў у абдымках. Ён і зрабіў тое, што яна жадала, зрабіў можа і няўмела, можа нават па-мужчынску і груба, - але і таго было дастаткова, каб для яе той нядаўні сон паўтарыўся на яве. Яна застагнала, адчуваючы яго гарачае цела, правалілася ў нейкую прорву без дна і апірышча, ускрыкнула ад задавальнення і незразумелага болю ў скронях.

Уюн, як адчуваючы, што робіць ёй добра, яшчэ мацней сціснуў у абдымках, стараючыся ўтаймаваць яе шал і прыступ незразумелага для яго трызнення...

Аксана знемаглася, паклаўшы яму галаву на грудзі, маўчала і цяжка дыхала, прыходзячы ў сябе пасля прыступу экстазу, пакрысе апускалася на зямлю, ведаючы, што тое было толькі прэлюдыяй, подступам да галоўнага, да той дзеі, якая яшчэ наперадзе. У тым яна была ўпэўнена, у тым яна пераканалася ўжо - сэрца ёй падказвала тое.

- Што з табою?

- Нічога - я ж жанчына... І мая бяда, што вельмі кахаю цябе, Вінцук, - прызналася шчыра дзяўчына, - ад аднаго твайго дотыку я згараю на агні, ты ж сам бачыш...

Аксана цяпер была падобна на расплаўлены пад гарачым сонцам воск, яе душа была раскрытая і неабароненая, ды яна і не абаранялася ў гэты момант, ды і не жадала ніякай засцярогі і захліснасці, - яна імкнулася на эшафот пякельнага полымя, жадаючы згарэць на ім па рашэнню інквізіцыі прыватнай рады, свайго сэрца...

- Ты ж, канечне, не ведаеш пра тое...

- Так, не ведаю, бо не прыкмячаў.

- Ты ж Клаўку прыкмячаў, не мяне, - папракнула без крыўды, каб трошкі і пазлаваць яго, праверыць заадно ці правільныя яе падазрэнні...

Словы яе ледзь кранулі, але не кальнулі - гаварыла дзяўчына амаль праўду, мо і пачырванеў ад пачутага, у цемры ж нябачна таго, але ж абыякава прамовіў:

- Глядзеў я, здаецца, на ўсіх аднолькава.

- А цяпер?

- Што - цяпер?

- Цяпер мо пераканаўся, пераканаўся, што ёсць каханне, што я кахаю цябе і толькі цябе, што няма нічога саладзей на свеце як яднанне двух душ - хлапечай і дзявочай.

- Не ведаю... Выбачай, але гэта так. Я не люблю хлусіць.

- Ну і цяльпук ты, Уюн. Ці як цябе яшчэ абазваць, каб ты прачнуўся, не ведаю. Ты такі спрытны і адчайны быў ў школе, ніхто за табою ўгнацца не мог, а тут - ні рыба, ні мяса... Цябе дзяўчына амаль сілком зацягнула ў пахучую лугам пасцелю, распранула, чакаючы ўзаемнасці, а ты... А ты, Вінцук, - «не ведаю»... Ці не грэх так адказваць, га?

- Мо і грэх. А мо - і не грэх, - з якога боку на тое паглядзець.

- Ты зноў за сваё, Вінцук, - дзяўчына ўздыхнула, але не адрывала сваё разгарачанае цела ад яго, як старалася пераліць свой народжаны імпэт у яго вены, прымусіць яго падпарадкавацца ёй, яе жаданням і ўнутранаму голасу, - і цябе, мусіць, ніхто не пераробіць... Ведаю, што ні з кім з нашых дзяўчат не ляжаў вось так на сене. Ведай, што і я нікога не запрашала сюды, і не запрашу, - ты першы прыйшоў да мяне, першы... і - апошні. Я пераступіла цераз самую сябе, цераз свой гонар, праз усе загародкі і забароны, не зважаючы на забабоны і прымхі... Усё дзеля цябе, для цябе, толькі для аднаго цябе, адзінага, абранага і выбранага мною... І вельмі хацела б, каб і ты выбраў мяне сярод усіх, выбраў і ўпусціў у сваё сэрца...

Ён маўчаў. Ён слухаў, але насцярожанасць і пільнасць не пакідалі яго - быў наструнены і халодны. Чакаў, што яшчэ скажа яму начная каханка, якія планы будуе вядзьмярка-чараўніца...

- Ты хоць чуеш мяне?

- Чую. Абдумваю словы. Яны нечаканыя для мяне.

- Ведаю, але я хачу табе пра ўсё сказаць... Хіба ж то грэх, Уюн, калі я паклікала цябе на свой, нікім не таптаны да гэтага, дзівосны луг? То ж, мусіць, шчасце калі мы ўпершыню абдымаем адно аднаго, ведаючы, што гэта сапраўды грэх. І грэх, пра які ты кажаш, не на табе, а на мне, бо я першая ступіла крок наперад, крок да сябе і насустрач табе, да свайго духоўнага падзення, які нельга назваць інакш як узлёт, узнясенне, але гэты грэх -- і маё шчасце. А твой грэх будзе грахом толькі тады, калі ты адпрэчыш гэты падарунак, маё першае цнатлівае імкненне да цябе... Самы вялікі грэх - адмаўляць жанчыне.

- Ты як з кнігі нейкай невядомай чытаеш. Як верш у прозе, - падзівіўся Ўюн, - не кожнаму празаіку такія радкі прыйдуць у галаву... Нават майму Багдановічу.

- Твой Багдановіч...

- Не чапай, Аксана, яго... Не чапай. Гэта - святы чалавек, гэта - апостал, якога не могуць кананізаваць ні свяшчэннікі, ні самі пісьменнікі... Пакуль не могуць. Бо ніхто да канца не разумее яго. У яго радках перададзена ўся Біблія. Усё жыццё Чалавецтва. Таму для нас, для нашай размовы, ён не падыходзіць, то - асобная размова, не для сённяшняй начы...

- Добра, не буду чапаць. Згодна з табой. Але ты ўсё роўна як здзекваешся з мяне. Я да цябе з адкрытым сэрцам і душою, а ты... - Аксана паспрабавала пакрыўдзіцца, каб праверыць, як ён аднясецца да гэтага...

Уюноў адказаў не адразу. Вытрымаў паўзу. Не супакойваў яе, а як бы вінавацячыся праказаў:

- Чаму - здзекваюся? Проста дзіўна, як ты знаходзіш такія трапныя словы - я б такіх, напэўна, ніколі і не прыдумаў бы, тым больш і не напісаў бы...

- Бо ты не задумваўся, чаму яны так льюцца з мяне, як са светлай крынічкі вада. Я ж табе казала пра тое... Я і сама з сябе дзіўлюся - ніколі да гэтага не гаварыла так. Мо ніколі ў жыцці болей і не скажу. Праўда, Вінцук, і ты не здолееш абвергнуць тое... То не я гаварыла, то мая душа да цябе гаварыла...

У яе дрыжэў голас. Яна як пачынала плакаць усё роўна ад крыўды, што так адносіцца да яе хлопец.

Замест адказу ці сваіх нейкіх наступных неабходных слоў ён знайшоў яе салёныя вусны (сапраўды плакала?), доўга не адрываўся ад іх, яна дала яму свой язык, пашавяліла ім, як падавала знак сваёй адданасці і поклічу за сабой...

Ён адказаў ёй, сціснуў язык губамі і вуснамі.

І яна тут жа зноў узнёсла ўзмахнула крыламі, узнялася над жытнёвым полем - адчула сябе жураўліхай; з усяе сілы, што былі накоплены ў ёй за апошні час, з усёй моцы клікала з зямлі шэрага жураўля ўзняцца следам, маліла, заклінала, плакала, умольвала, каб і ён далучыўся да яе, адчуў, як і яна, пругкае паветра пад маладымі крыламі...

Аксана рабіла круг за кругам над полем, курлыкала і крычала, прасіла, каб ён, Уюн-Журавель, узмахнуў сваімі дужымі рукамі-крыламі...

«Але, мусіць, меў рацыю класік, калі сцвярджаў, што той, хто народжаны поўзаць, ніколі не здолее ўзляцець да нябёсаў, - думаў пра сябе Вінцук, - я буду поўзаць, але ніколі не палячу следам...»

Яна чакала, клікала, аж знемаглася, клічучы яго пад воблакі, і - не дачакалася, і ёй як хто падрэзаў крылы - і яна паляцела назад на зямлю, нават не паляцела, а бездапаможна кумільгалася і ўпала на жытнёвае поле, на маладую збажыну, змяла яе, скуёўчыла, сама ж балюча выцялася грудзьмі аб зямлю...

І дзікі стогн вырваўся з грудзей - аж перабіла дыханне, і яна ледзьве не захліпнулася без паветра.

Маўчалі і хвіліну, і тры...

Чуваць было, як па вуліцы праехала грузавая машына, - выехала на асноўную вуліцу і праз нейкі час гудзенне сціхла.

- Вінцук...

- Што?

- Ты не злуешся на мяне за гэты вечар, за гэтую ноч? - пяшчотна і затоена прашаптала на вуха, слаба кусянула за мочку.

- Не, не злуюся...

- Тады абдымі мяне. Мне зноў чамусьці стала холадна...

Адчувала і чула, што сэрца ў яго білася, як і раней, роўна і спакойна. Тады выходзіла яно так - значыць, да яго не падступалася пажаданасць, значыць, яна не растапіла лёд яго раўнадушнасці і абыякавасці... Таму з усіх сілаў старалася вывесці яго са стану здранцвення і скаванасці, - але ён быў як айсберг, схаваўшы ўсю сваю ледзяную масу пад ваду, і не было ўжо ніякай мажлівасці зрушыць яго з месца...

- Ну, Вінцук... Ты як нежывы сядно. Малю цябе - зрабі мяне жанчынай, бо нячэпанай я звар'яцею і нараблю шмат глупства. Не захочаш мяне - я не буду назаляць цябе, але цяпер... Зразумей мяне і даруй. Я ад цябе болей нічога не хачу... прашу і малю... ну... Я расчыніла перад табою дзверы - расчыні іх і ўвайдзі ў дом мой... Ну, смялей. будзь мужчынам...

І ён паддаўся, паслухаўся, пайшоў на яе покліч, верачы, што яна сапраўды адхіснецца потым ад яго, - перакуліў на спіну, пачаў цалаваць яе згаладала і напорыста, паказваючы, што ён вельмі жадае яе, прагне яе, сашчаміў рукамі яе тугія і поўныя грудзі, напруціўся, скрыгатнуў зубамі і... абвяў, выдыхнуўшы з сябе паветра натугі.

Не змог узляцець. Не прыняў яе запрашэнне. І таму яго падзенне было не такім балючым, як яе...

У другі раз у яе зламаліся крылы, і знікла пад імі тугое і порсткае паветра - зноў бразнулася аб зямлю, але не ў жыта, а ў нейкую лужыну - аж пырскі паляцелі ў розныя бакі. І ў скроні ўдарылі балючыя тупыя іголкі - ад таго, што не знайшла выйсце сваім жаданням, памкненням, задуманаму; сэрца і прага спатолення як бы ўшчаміліся ў шчыліну, а не ўляцелі ў вароты жаданай асалоды; скрыгатнула зубамі, матлянула адчайна галавой, - і нейкі пагрозлівы гук крыўды і шкадобы вырваўся з грудзей. То быў крык адчаю, то быў крык ваўчыцы, якая адчула сябе адрынутай самім важаком зграі...

Ёй бы кулакамі зменчыць яму твар ад крыўды і злосці, праклясці ўслых самымі страшнымі словамі, спапяліць яго ўшчэнт, каб і попелу не засталося ад яго...

Але не скідала з сябе Ўюна, не біла ў грудзі кулакамі, хаця з апошніх сілаў трымала невыносны боль у скронях - самы балючы боль для жанчыны. Усё ж яна адчувала кволенькую, хаця ж і нерэалізаваную радасць ад таго, што адчувала яго, адчувала, як няроўнымі і гулкімі штуршкамі пакутавала сэрца ў Вінцуковых грудзях...

- Ну што ты, Вінцучок, што з табой, мой каханы? Ну няўжо я такая брыдкая і непрыгожая, што ты адпрэчыў мяне? Чаму, мой каханы, чаму? - Аксана ўжо зноў плакала, не саромеючыся сваіх слёз, нават і не імкнулася выклікаць у яго шкадаванне да сябе, спачуванне, а мо і разуменне таго, што ён самы апошні дурань, калі не пакарыстаўся такім момантам, які не кожнаму хлопцу і выпадае...

- Ды я, Аксана, не вінаваты я... Знянацку ўсё... Не гатовы я да такога, значыць, - як бы вінаваціўся Ўюноў, не выпускаючы з рук яе грудзі - не мог чамусьці адарвацца ад іх, як прыклеіліся, як магніт які прыцягнуў да сябе. - Вось так адразу, без... Сама ж бачыш, што я хацеў цябе - і моцна хацеў... Значыць, не мужчына я яшчэ, а хлапчанё. І даруй за тое... Мо калі іншым разам, як пройдзе нейкі час...

- Калі ж ён прыдзе той час, Вінцук?

- Не ведаю... Тады я сам табе скажу.

- Звар'яцею я, чакаючы...

Яна ўздыхнула і лёгка адпіхнула хлопца ад сябе, скурчылася, абвілася вакол яго, абняўшы за спіну і калені. Маўчала... Не гаварыла нічога, чакала, калі суцішыцца боль у скронях, і яна не ведала, як пазбавіцца ад таго невыноснага болю...

Праз нейкі час з'явілася жаданне зноў раскартухаць яго, павучыць, навучыць, паказаць, што і як яна хоча, - і ўсё магло б атрымацца, сэрцам адчувала, што так бы яно і адбылося, але баялася канчаткова напалохаць, падвёўшы яго да новай паразы, - і тым самым канчаткова страціці яго... Добра яшчэ што згадзіўся завітаць да яе ў адрынку, - гэта ж, лічы, невялічкая перамога, значны подступ да галоўнага... А калі адзін раз згадзіўся, то захоча і яшчэ... Яна ж здолела разбудзіць у ім першыя промнікі таго патаемнага і інтымнага, без чаго не можа пражыць ніводзін чалавек, тым больш хлопец, у якога аж праз край б'е жаданне авалодаць жанчынай... Ён прыйдзе яшчэ да яе, прыйдзе, і не адзін раз, - яна ўгаворыць яго, закахае ў сябе...

- Ты ж прыйдзеш да мяне яшчэ сюды?

- Прыйду... Я ж казаў...

- Добра. Ты даў слова. Як у тваёй святой кнізе напісана? «Гора таму, хто кідае на вецер словы. Кара спасцігне таго, калі бязмэтна выпусціў з сэрца словы...»

- Памятаю.

- То і добра. Ты што хочаш цяпер - застацца ў мяне да раніцы ці пойдзеш дадому?

- Пайду я... Маці будзе хвалявацца - танцы ж у клубе скончыліся даўно.

Яна не пярэчыла, пагадзілася:

- Ідзі, Вінцук, да маці, ідзі. Не трэба, каб яна хвалявалася. Шануй маці. Пацалуй хіба на развітанне...

І сама падсунулася да яго, горычна ўпілася ў губы, доўга не адрывалася. А потым ціха прамовіла, як загадала:

- А цяпер ідзі, Уюн, паспяшай. А я тут застануся, тут буду спаць.

Апрануўшыся, асцярожна спусціўся па перакладзінах драбіны на земляны дол - на ток, дзе некалі гаспадары малацілі жыта. Адсунуў засаўку з дзвярэй, прачыніў іх. Але перад тым, як ступіць у двор - на росны мурог, напаўголаса прамовіў у праёміну вышак:

- Аксана, да пабачэння!

Адказу не пачуў. А мо і сказала ціха, ды ён не пачуў.

Адышоўшы колькі крокаў ад дзвярэй, агледзеўся. Было ціха - стаяла глыбокая ноч.

Нішком пашыбаваў агародамі да вуліцы, якая вяла напрамкі да возера...

 

5

 

Адбегшыся з сотню крокаў, Вінцук азірнуўся зноў.

У тым баку, дзе была Аксаніна пунька, свяціла міргатлівая зорка.

Аддыхаўся, выраўняў дыханне - як стомятроўку адолеў перад гэтым. Толькі цяпер затахкала неспакойна сэрца - як прачнулася ўсё роўна, зразумеўшы, якую бяду абышоў бокам Вінцук. Ды ці і абмінуў яе назаўсёды?

«Божачка, дзякуй, што выбавіў з бяды, - выдыхнуў з сябе паветра, сеў у мокрую росную траву, - ледзьве не ўляцеў у пельку... Каб зрабіў яе жанчынай, то не выбавіўся б з яе сіло ніколі ў жыцці... Як казаў святы Мацвей? «Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша. Свяцільня целу ёсць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык усё цела тваё светлае будзе. І вось, калі святло, якое ў табе, - цемра, дык якая ж цемра? Ніхто не можа служыць двум гаспадарам: бо альбо будзе аднаго ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Не можаце служыць Богу і Д'яблу...»

Зорка заміргала яшчэ больш, як быццам падтрымлівала думкі хлопца.

Тое, што ў яго бок даўно зіркала Аксана, ён прыкмеціў, прыкмеціў і - спужаўся. Бо ўсе ў вёсцы ведалі, што маці Аксаны была вядзьмяркай, зналася з чорнай магіяй, як і старая Макушыха, якая і передала ўсё сваё ўменне дачцы, а пасля і ўнучцы Аксане...

І тады ён пачаў баяцца яе. Баяўся яе позірку, яе вачэй. Бо яны кожны раз мяняліся - у залежнасці ад Аксанінага настрою. Маглі быць чорнымі, як сажа. Гэта калі нехта яе мог узлаваць ці не па ейнаму выходзіла. Калі ж яна хацела нечага дамагчыся і тое ўдавалася, то вочы рабіліся зялёнымі, як у яшчаркі. Калі ж душа яе была ўлагоджана і калі яе хоць да скулы прыкладай, то тады яна глядзела на свет ужо блакітнымі, бы сінеча неба, вачмі...

Высока ў небе, між міргатлівых зорак, ляцеў самалёт.

Пульсуючы чырвоны агеньчык суправаджаў яго ў сузор'і Паненкі, потым выбіўся на Валацужны шлях, і далей ўжо знік у густой плойме дробных зорачак, - толькі слабое гудзенне турбінаў ледзь-ледзь далятала да зямлі...

Глядзеў неадрыўна ў неба, як быццам шукаў там адказы на свае пытанні, якія яго хвалявалі і непакоілі: як не паддацца на спакусы і чары Аксаны Журавель; як выбавіцца з яе цянётаў - нейлонавай сеткі, але так, каб не ўгнявіць яе, не ўзлаваць, каб тое выглядала натуральна і немусова. Калі ж зрабіць насуперак, то тады чорнымі і гнеўнымі зробяцца вочы, і яна здольная будзе адпомсціць за няўвагу да яе, за крыўду, нанесеную ім, і тады ўжо не знайсці паратунку ад яе гневу. А рабіць тое яна ўмела, не адзін чалавек з Забалацця мог тое пацьвердзіць...

Як і магла пацвердзіць маці.

Аднойчы яна бачыла, як непадалёк ад яе, стоячы ззаду, бы грак, махала рукамі Макушыха - наводзіла на яе сурок, бяду. За што-пра што - невядома... Маці, расказвала, рэзка тады азірнулася, адчуўшы, як па спіне прайшоўся колкі халадок, і тая не паспела нават апусціць рукі - так і застыла з паднятымі. А потым ужо рэзка апусціла, сагнулася, і нішком пакавыляла прэч...

Маці пасля таго праляжала месяц у ложку - адняліся ногі. І ў бальніцы не маглі даць ніякай рады. Каб не дзед Нікадым, то і невядома, ці хадзіла б яна, ці ўстала хаця б з ложка.

Ён успомніў пуньку - і ўспамін сваёй агіднасцю апёк душу: гэта ж трэба так прыспічыла ёй, што рашылася на такое... У нейкі момант, пачаў сам сабе прызнавацца, у ім пачалі змагацца два жаданні, і на нейкі момант у ім прачнуўся мужчына, - і тады ж спакуслівае імкненне затлуміла галаву чадным туманам, і ён гатовы ўжо быў рынуцца следам за спрадвечным інстынктам... Але, мусіць жа, паміма яго волі тое імкненне было задушана і перапынена, і юрлівы змей не здолеў пачаставацца забароненым плодам, ад чаго звыш меры была здзіўлена дзяўчына. Тады ж і прыйшла радасць, што не ўваліўся ў палонку ці яму, што не зганьбіў, не спаганіў сваю душу, не выпэцкаў яе ў бруд блудніцы-вядзьмяркі, не аддаў ёй у палон. А ці не самае страшнае і агіднае - прадаць душу д'яблу?..

«Ты сёння вылузаўся, Уюн, з яе кіпцюроў, - як не хваліў самога сябе хлопец, адчуваючы, яе млосная радасць разліваецца па ўсім целе, - і радуйся. Але ж і думай над тым, як увогуле знікнуць з яе вачэй. Але як тое зрабіць, здзейсніць? З'ехаць? А куды? З'ехаць ад маці? Альбо разам з маці? Тое ж нельга зрабіць... Але ладна, не трэба цяпер пра тое, ноччу нельга ламаць галаву над такімі праблемамі... Як казаў Максім - маладыя гады, маладыя жаданні. Будзе жаданне - знойдзецца і выхад...»

З возера чуўся павеў волкага паветра. Не ветру яшчэ, а толькі яго подых, пачатак, яго нараджэнне.

Аінцук сцепануўся ад холаду - адчуў яго спіной, адчуў мокрымі, зарошанымі каленьмі; ён укленчыў перад небам і не падымаўся, не ўставаў - адцягваў чамусьці тую хвіліну, як нечага чакаў. Зажмурыў вочы, быццам яго сляпіла дзённае сонца, і прымаў з неба боскае бласлаўленне, энергію месяца і духоўную сілу...

Ужо даўно аціхла вёска, яе адолеў глыбокі сон.

Ні ў адной хаце не гарэла святло. Толькі на калгаснай ферме вуркатаў рухавічок - кульгавы Змітрок падаграваў ваду для ранішняй дойкі. Там гарэў ліхтар, яшчэ - на бетонным слупе каля будынка ашчаднай касы.

Маўчалі пеўні. Яшчэ ніводзін не падаў пакуль свайго голасу.

Калі ж падыходзіў да сваёй хаты, здзівіўся і спалохаўся - маці не тушыла ў хаце святло. Чакае яго, хвалюецца?

Маўчаў у будцы Рой. Пазна?

Пераступіў парог і ўбачыў, што маці ляжала на ложку і не спала.

- Чаго так позна, сынок? - прыўзнялася жанчына, глядзела трывожна на яго.

- Ды так - загуляўся. Даруй...

- Дзе - загуляўся? З кім? Праводзіў каго з дзяўчат?

«Гаварыць ці не гаварыць?»

- Праводзіў.

- Каго? Мо Кацярынку Піскунову?

- Не... Раскажу пазней. І параюся заадно. А цяпер спі, не хвалюйся. Больш такога не будзе. А калі будзе, то папярэджу. Сёння нечакана выйшла.

Маці ўздыхнула, адкінулася на падушку. Не стала больш дапытвацца ў сына, захоча, то і сам раскажа, бо ў яго ад яе ніколі сакрэтаў не было... Толькі не разумела, адкуль у яе сэрцы была, не прападала, трывога за сына.

У будцы ўсё ж сонна азваўся рой - гаўкнуў на некага раз-другі, і заціх.

А Вінцук да раніцы так і не звёў вокам.

Перад ім стаяў вобраз Аксаны. Рукі і яшчэ адчувалі гарачыню яе налітых маладой жыццядайнасцю грудзей, і ў вушах чуліся, не прападалі словы - словы папярэджвання і трывогі: «Гора таму, хто на вецер словы кідае. Кара спасцігае таго, хто бязмэтна выпусціў з сэрца словы...»

«Вырвалася ж... Паміма маёй волі... Як сама і прымусіла сказаць тое. Але ж і праўду сказаць не мог - наклікаў бы на сваю галаву непапраўную бяду...»

За акном пачынала ўжо шарэць - у шыбы нячутна стукалася раніца.

 

6

 

«Уладар цемры!

Зноў звяртаюся да цябе, да тваёй сілы, да твайго голасу! Скажы, што я няправільна зрабіла, што так атрымалася? Я ж адкрыла яму ўсе вароты свае, патаемныя і недаступныя нікому, адамкнула ўсе замкі і выкінула ключы ад іх - у возера спадзявання выкінула, каб ніхто і адамкнуць не змог акрамя яго, майго жаданага... І - не дамаглася свайго... Халодны ён аказаўся, як лёд. Мяне ад дотыку да яго пачаў біць неспатольны калатун. І ў яго, здаецца, было тое ж, але яно падалося мне не сапраўдным, і жаданне не пранізвала яго душу і сэрца. Прытвараўся? Баяўся мяне?.. Але ж я не імкнулася дабіцца ад яго толькі таго... Калі б мяне згрызала гэтая спакуса, то я даўно легла б пад любога ажанаціка, ці вопытнага ў такіх справах чалавека, і здзівіла б, канечне ж, яго сваёй цнатлівасцю... Тут жа іншае, зусім іншае. Я хачу па сваім загадзе спаланіць душу нескаронага, узяць яго ў добраахвотны палон, а потым паздзекавацца з яго, атрымліваючы асалоду помсты за няўвагу да мяне...»

Аксана не вылазіла з-пад коўдры, але і пад ёй адчувала, як усё цела абвалокана холадам - быццам ляжала - снежным нерушы, купалася ў ім, злілася з ім.

У ёй кіпела, прасілася вонкі нерастрачаная энергія і шал, не давала супакаення, працягвала біць праз край...

І тады яна, як што ўспомніўшы, рэзка адкінула ад сябе коўдру, села і прыслухалася да наваколля. У шчылінкі франтона яшчэ не цадзілася ранішняе святло, але адчувала, што вось-вось павінен напомніць пра сябе першы певень. Яна баялася пачуць яго голас, і таму пачала спяшацца - хуценька спаўзла па драбінцы ўніз, і голая, як маці нарадзіла, выскачыла ў двор.

Агледзелася, ці не было каго на відавоку, таго ж Уюна (яна чамсьці ўсё верыла і спадзявалася, што ён вернецца ці будзе стаяць каля дзвярэй) шырока размахваючы рукамі, як крыламі, пабегла па слядах Вінцука. Сляды выдзяляліся на роснай траве, абазначаліся, як лыжня па снезе, - і яна кіравалася тым следам, лучыла туды, дзе ён ступаў...

Бо Ўюн спыняўся і паварочваўся да яе (глядзеў на пуньку, ці думаў, што кінецца наўздагон?), а потым зноў бег, а во і зусім сеў на зямлю - вунь як трава зкалмычана (як конь сядно качаўся на спіне), - адпачываў пасля няўдалага кахання, перажываючы за няўмецтва, ці, наадварот, радаваўся, што вырваўся з абдымкаў? Адпачываў, бо вунь далей сляды пайшлі роўныя, спакойныя...

«Уладар цемры і падземнага царства!

Даруй яму яго правіны, не карай, і я пакуль караць не буду. Я ўсё яшчэ спадзяюся, што прыдзе ён у мае абдымкі, што трапіць у сак лазовы, і я праглыну яго да рэшты, - яна ўзмахвала рукамі, як зграбала ў адно цэлае яго, Уюновы сляды, і кідала сабранае прыгаршчамі ў высокую збажыну, якая ўжо амаль адкаласілася, якую яшчэ не паспеў зламаць і скуёўчыць вецер з дажджом... - так яно і будзе, мой Уладар, абяцаю!..»

Потым пачала качацца па тым месцы, дзе сядзеў Вінцук (прыцягвала да сябе), і з яе грудзей вырываўся віскат задавальнення і асалоды ад колкасці ледзяной расы - яе перапаўняла энергія і жыццёвая сіла. Пасля ўскочыла, зноў замахала рукамі, як зноў усё заграбала на сябе, прытуляючы рукі да грудзей, - тады толькі кінулася ўбок, нырнула ў збажыну і зноў упала - пачала ўжо качацца, задзіраць уверх ногі, лежачы і прыпаднімаючыся на спіне, куёчучы жыта ...

Цела ўжо не адчувала ні холаду, ні калючай шорсткай травы, нават бадзякоў, што вострымі іголкамі ўпіваліся ў цела - і яно ўжо крывяніла.

Яна катавала сябе да знямогі, да памаракі, адначасова звяртаючыся да нябачнага ценю:

«Уладар злых памкненняў і жаданняў! Я ўся ў тваёй уладзе, я ўся падпарадкавана табе - тваім зашадам, тваім запаветам. Я ўсё больш і больш адчуваю тваю ўладу над маёй душой і целам, над маім розумам і сорамам... Мне добра, калі адчуваю тваю прыхільнасць і тваю сілу, скіраваную на мяне, - тады мне нічога не страшна... А Вінцук прыйдзе да мяне, прыйдзе, я ўсё зраблю, каб так яно і адбылося - усе мае думкі пра яго, і тут ўжо з сабою нічога парабіць не магу...»

Ляжала нейкі момант на спіне, раскінуўшы рукі і ногі, як абдымала цэлы сусвет, што раскрываўся перад ёю. Пакрысе згасалі зоркі, дзесьці на ўсходзе збіраўся разгарэцца чырвона-жоўты пажар. Аксана, падагоэтая і абуджаная халоднай і колкай расой, змярцвела ляжала на ўскрайку шырокага калгаснага поля.

- Кука-рэээ-куу-ууу! - падаў голас першы певень з бабулінага куратніка.

- Ку-ка-рээ-кууу! - прачнуўся і хрыпла азваўся суседскі - Паўла Пеліка.

Яна тады схамянулася, як спалохалася, бо не хацела, каб певень заспеў яе ў жыце - слабела ад гэтага яе сіла, - ускочыла з лежбішча і нацянькі, не аглядваючыся, не асцерагаючыся, што яе можа нехта ўбачыць, пашыбавала, не гледзячы пад ногі, шырака расстаўляючы ногі і разграбаючы рукамі высокае, да плячэй, калоссе.

Аксана ляцела бы спуджаная птушка, за якой цікаваў леляк-коршун, і з-пад яе ног ляцелі ўбакі крышталёвыя пырскі буйнай расы...

«Мой Уладар і мой Пан!

Твая сіла заканчваецца з наступленнем святла і з усходам сонца. І ён мацней за мяне днём. Не магу тады я ўздзейнічаць на яго, але як толькі ляжа на спачын сонца і зямлю ахутаюць шэрыя цені, наступае тады нашая пара, - і тады мы ўжо ўладарым на зямлі...»

Дзяўчына ўскочыла ў праёміну дзвярэй, перавяла дыханне.

Пасля пачала падымацца па перакладзінах драбіны на вышкі.

Адчувала ва ўсім целе пругкасць і моц, і здавалася ёй, што цяпер яе не можа зламаць ніякая пабочная сіла.

Зноў нырнула пад коўдру. Адчула, што ад таго шалу, які дурманіў і кружыў голаў, зашываўся пад сэрца і салодка-шчымліва апякаў усё ўсярэдзіне, не засталося і следу. Ані кроплі. І яна стала ранейшай Аксанай Журавель, звычайнай дзяўчынай, як і яе сяброўкі - Клаўдзя Нямушова, Зінка Сташкевіч, Алена Войта...

Калі падалі голас другія пеўні, яна ўжо дрымотліва правальвалася ў цёплае бяздонне, у свой глыбокі дзявочы сон...

І нішто яе ўжо не турбавала, не непакоіла...

 

7

 

Мальвіна прачнулася, як яшчэ і сонца не паказвала сваіх промняў. Заўсёды яна прачыналася рана - ці то ўлетку, ці ў зімовы час. Так змалку прывыкла, так навучыла яе маці. Яна ж, маці, і расказвала, што нарадзіла яе перад узыходам сонца, і бабуля Антоля, павітуха, трымаючы немаўля ў руках, пахітала галавой; «Божачка, во ўжо працаўніца будзе - ніколі не праспіць... Дастанецца ёй за жыццё!..»

Як у ваду тады глядзела бабуля: зранку да позняга вечара Мальвіна на нагах. Адна работа зачэплівала другую, другая чапляла трэцюю - і канца таму не было...

Мальвіне пара было ісці на ферму. Там чакаюць яе лысухі, аж дваццаць восем кароў. Раней было ў яе дзве групы, але цяпер не здужае - здароўе не тое, што раней, у маладыя гады, ды і колькі ўжо можна пручкацца на дармака... К д'яблу такую работу! Калі гэта яшчэ і работай завецца - катарга гэта, а не праца...

Вінцук яшчэ спаў, смешна адтапырыўшы губу. Яшчэ хлапчук, дзіцё. Толькі пушок пачаў пад носам прабівацца. Дзяўчаты пачалі ўжо на яго заглядвацца. Ды бегаюць адна перад адной, сарокі, то ім задачку няхай растлумачыць, пакажа, як рашаць, то з хіміяй яны ніяк разабрацца не могуць. Ім абы прычына, каб да яго прыбегчы. А ён не разумее, чаго ім не даюцца тыя задачкі, чаго яны такія неразумныя, - і з усіх сілаў стараецца ім памагчы, па пяць разоў піша на паперы і дапытваецца: «Ну, а цяпер усё зразумела?»

А ім і не ў галаве тыя задачкі, пырскаюць смехам, кулачком вусны прыкрыўшы, на яго зіркаюць, чакаюць, калі зноў стане тлумачыць...

Ох, дзеўчынёхі-дзяўчатачкі, калі пачалі ўжо выпіраць кулачкі грудзей, то ўжо думаеце, што і да хлопцаў пара? Але не ўмешвалася ў іх дзіцячыя яшчэ сустрэчы-вучэлкі, а толькі радасна пра сябе адзначала: «Значыць, харошы ў мяне сын, раз да яго дзяўчаты хінуцца...»

Маці ведае, што ён будзе спаць дапазна: у суботу ніякае работы не намячалі. Таму і са сняданкам паспяшаць не будзе: падоіць кароў, пачысціць стойла, каб не накапліваўся гной, і адразу ж вернецца дадому. Потым і запаліць у печы, паставіць чыгуны з бульбай... І сняданак нарыхтуе. У суботу сын заўсёды прасіў дранікі. Вось і нагатуе іх, балазе ўжо і падмацаць можна маладую бульбу.

Дарогай разважала: «З кім гэта ён мог так забавіцца? Пад якім плотам прастаяў, шула падпіраючы? А мо і не прастаяў, а праляжаў - хто іх, маладых, цяпер разбярэ. Але каб не прынесла каторая ў прыполе ды не сказала, каб гадавалі... Ой, хай Бог крые, на такое не здольны Вінцук, не, не здольны...»

На паваротцы да фермы яе дагнала Алёна Барыліна, маладжавая, дзябёлая кабета, маці трох дзяцей, павіталася, весела пацікавілася:

- Як, Мальвінка, жыццё?

- Калі гэта жыццё... Ат, гарую, як і ты - ад цямна да цямна. Што сын з войска піша?

- А што піша - добра ў яго. Служыць. А нам тут - ні прасве-ету, ні прыве-еету, - зацягнула наіграна сяброўка.

Яна заўсёды была вясёлай, і, здавалася, што яе заўсёды абыходзіў кепскі настрой. Калі што і здаралася ў яе жыцці лядайкае, то яна старалася не паказваць і выгляду, у сабе боль насіла, не выстаўляла напаказ.

Муж у Алёны механізатар - вёрткі і ўвішны Пятрок, і ёй, Мальвіне, калі дроў у трактарнай цялежцы падкіне, ведаючы, што жанчына заўсёды пачастуе і чаркай, і шкваркай, галоднымі людзей, што нагружалі і скідвалі дровы, не адпусціць. Ад другіх, калі прыходзіў «пад мухай», то Алёна крыўдавала і нават сварылася, а з-за Мальвіны ніколі не папракала, - сяброўкі ўсё-ткі, з дзяцінства хаўрусавалі...

Загадчыца фермы - Гандзя Асіпчук - ужо на месцы, паджыдала даярак у сваім пакойчыку прыбудовачцы. Ужо і Змітрок даўно на месцы, таптаўся, накульгваючы на нагу, таксама чакаў іх, даўно справіўшыся са сваёй працай.

- Старшыня сварыўся, што ўчора не дацягнулі трыццаць літраў, - сустрэла іх ці то папрокам, ці то крыўдай. - Мо сёння, дзяўчаткі, выраўняемся, га?

Гандзя - чарнявая, хударлявая, блішчаць спераду залатыя фіксы. Твар абветраны, у зморшчынках. У вачах сур'ёзная заклапочанасць - якое-ніякое, а калгаснае начальства.

- Вытрымае твой старшыня, - адказала за абедзьвюх Алёна, гэпнуўшыся на лаўку - яна аж зарыпела. Калыхнуліся грудзі, загайдаліся. - Мы можам і ўсе сто, нават і больш, але, як казала цётка Міхаліна, будзе ж тады адна вада...

- От, з табой не пагаворыш, Алёна - на ўсё ты маеш свой адказ.

- А што, я мужык, каб са мною байкі баяць? Маё дзела чыста выдойваць, а колькі там ужо таго малака будзе - адзін Бог ведае. Сёння ж няма ні сацсараўнавання, ні павышаных абавязацельстваў... Памятаеш, як было раней? Сама ж даяркай была. Што, мала тады сама вады падлівала, што і запасных мо і кароў не было, га?

- Алёна, - паглядзела на яе ўмольна і з папрокам загадчыца фермы.

- Што - Алёна? Хутка ўжо і сорак пяць грымне, як я Алёна. Дык што ж тады з папрокамі ў душу лезеш?

- Ды не папракаю я...

- А раз не папракаеш, то чаго чэпішся?

Мальвіна ў размову не ўстравала. Не хацела падтрымліваць ні Алёну, ні Гандзю. Ды ўсё жыццё так было - надоі, надоі, надоі... І з пугаю-паганялкаю з раніцы да вечара... Ды былі б яны, тыя надоі, каб хапала заўсёды сіласу і сена, буракоў ды бульбы, ды каб цёпла было зімою ў хлявах, ды каб ім, даяркам, якая палёгка калі была... А так усё жыццё па калена ў гаўне. А калі дажджф, то па двары фермы не пройдзеш і ў гумовых ботах. А тыя боты ўсіх даярак рамантузам надзялілі - начамі ногі так круціць-выкручвае, што і паратунку

няма. Ды ніхто на на тое ніколі і ўвагу не звяртаў - ні старшыня, ні заатэхнік, ні загадчык фермы. Ды і яны што маглі парабіць - нідзе і ніколі ў савецкіх калгасах і саўгасах не думалі пра тое. А навошта? Вытрымаюць і вытрываюць вясковыя жанчыны - яны ж цягавітыя, як валы, трывушчыя, хоць ваду на іх вазі, у плуг запрагай...

Падышлі ўжо і Ганна Процкая - гарбаценькая, невысокага росту, з ёю і сястра Лёдзя Равуцкая - з каштанавымі доўгімі косамі, перавязаныя сіняй стужкай. Павіталіся, удакладнілі, што на дзень трэба зрабіць, - і ўсе разам падаліся ўжо да сваіх хлявоў.

Палёгка хоць, што механічную дойку наладзілі. Прыставіш прысоскі да вымені - і пайшоў смактаць-пампаваць аўтамат. А раней... І ўспамінаць пра тое не хочацца.

Час праляцеў хутка, непрыкметна.

Жанчыны справілі свае клопаты, перакінуліся на развітанне дзяжурнымі словамі - і заспяшаліся дадому порацца па гаспадарцы: і дома хапала тае працы, усяе рабіць не перарабіць.

 

Вінцук падняўся ўжо - таксама не любіў доўга залежвацца ў ложку: пераняў, мусіць, працавітасць у маці.

- Ужо не спіш, сын?

- Ды колькі можна спаць? - пытаннем на пытанне адказаў Вінцук. - Бульбы я нарыхтаваў, у чыгунах вада. У печы запалена.

- Во добра, малайчыны, - адобрыла і пахваліла маці, - а мы забавіліся трохі на дойцы, таму і прыпазнілася... Есці яшчэ не хочаш?

- Пакуль не. Я трохі дроў пакалю, што парэзалі з Рафаілам. А то ўкамянеюць, і іх потым і калуном не разаб'еш...

Мальвіна адабральна хітанула галавой:

- А я тым часам і сняданак зраблю...

Памылася, прычасалася перад люстэркам. Завязала касынку, каб не заміналі косы, пайшла ў гародчык.

У душы жыла радасць за сына. Памочнік. Увесь у бацьку - і тварам, і працавітасцю.

Некалі пад вёскай стаяла вайсковая часць. Вайскоўцы нарыхтоўвалі торф для сябе. Завіталі салдаты ў клуб, танцаваць пачалі з дзяўчатамі. Прыглянулася радавому Антону Ўюнову дзяўчына Мальвіна - цэлы вечар не выпускаў яе рук са сваіх...

Дэмабілізаваўся - і прыехаў у вёску.

Пабраліся з Мальвінай, вяселле згулялі.

А праз год нарадзіўся Сымон, яшчэ праз чатыры - Вінцук. Антон даў і імя другому сыну. «Дзед у мяне быў Вінцук - дужа харошы чалавек, - хваліўся сваім родзічам Антон, - вось і хачу, каб і сын так называўся...»

Мальвіна не пярэчыла, згадзілася, хаця для яе такое імя было непрывычным - не чула нават такое імя.

Аднаго году Антона прызвалі на нейкія вайсковыя зборы - у Крым павезлі, у горы. І на пяты дзень збораў машина, у якой ехаў Антон са сваімі таварышамі, праламаўшы загарадку-засцярогу, паляцела ў роў... Ніхто не застаўся ў жывых...

Як прыйшоў прызыўны ўзрост Сымона, забралі яго ў войска. Трапіў у Афганістан. Кожную ноч Мальвіне сніліся страшныя і трывожныя сны - усхоплівалася з ложка і бегла некуды ратаваць яго ад бяды.

Вось тады і адбылася сварка з Макушыхай, мо і не сварка, але ж... Дужа непрыемная размова была. З-за дробязі. У краме апошняя буханка хлеба дасталася Мальвіне. А за яе спіной стаяла Макушыха, якую і не заўважыла напачатку.

- Ну, во, і мой хлеб забрала, - не гледзячы на Мальвіну, праказала жанчына - уся ў чорным адзенні, і хустка чорная, і вочы чарней за сажу. - Хіба ж за спрытнейшымі ўхопіш?

- Вазьміце сабе гэтую буханку, цётка Анэля, - знайшлася Ўюнова, хаця і разгубілася напачатку, але стала непрыемна, што і сапраўды можа пакрыўдзіла старую жанчыну.

Макушыха толькі бліснула вачмі, як гадзюка прашыпела, мурашкі па ўсім целе пабеглі ў Мальвіны:

- Падавіся ты ім, раз перахапіла!..

Усе, хто стаяў каля прылаўка, нахмурыліся, толькі адна стогадовая бабулька Параска, што жыла ўсё жыццё адна, уступілася:

- Макушыха, і як табе не сорамна, га? Бога над табою няма - пры чым тут Мальвіна, калі табе не дасталося? Няўжо з голаду паміраеш?

Вядзьмярка азірнулася, здзіўлена зірканула на Параску:

- І ты туды ж? Бога нада мною няма? Ну і што, калі няма? Мо ты мне яго дасі? Калі ўжо гаварыць усю праўду, то слухай, Мальвіна, - зноў павярнулася да даяркі. - А Сымонка твой хутка ў вёску прыедзе... Толькі ў срэбным касцюме, што і не разгледзіш яго, як след...

Сказала - і пайшла. Пакінула ў недаўменні і ўдаву, і ўсіх, хто чуў тыя словы.

«У срэбным адзенні? - гублялася ў здагадках жанчына, слёзы вось-вось выступяць. - Ён жа ў зялёнай гімнасцёрцы, на картачцы так зазняты. Што вярзе старая карга, чаго нуду наводзіць?.. Сніўся ж надоечы Сымонка, вясёлы такі, пры гальштуку, у белай кашулі, у чорным касцюме, што купіў сабе на заробленыя грошы...»

Не адчувала бяды, не ўздрыгнула матчына сэрца ад прадчування.

Толькі тады, калі ванкаматаўцы прывезлі срэбную цынкавую труну з Сымонам, зразумела злавесны сэнс прадказання Макушыхі...

Людзі ў цывільным загадалі не плакаць.

Яны ж загадалі яшчэ не крычаць і не лемантаваць - не паложана, растлумачылі.

Загадалі, каб не ставіла ніякага помніка, і тым больш нічога не пісала на ім - калі і дзе загінуў...

Свае былі і землякопы, свае памінкі. Нікога да труны не дапусцілі - толькі Мальвіну і Вінцука, і то на якое імгненне.

Калі ж Мальвіна пачала біцца ў істэрыцы і вырваліся першыя словы праклёну Брэжневу і тым, хто паслаў сына на смерць, - ваенны доктар - падслепаваты ў акулярах маёр - мусова зрабіў укол у вену... Яна адразу ж і асунулася на жвір...

З тыдзень ляжала ў ложку, не падымалася. Як нежывая была, як не адчувала і не чула нічога - ні болю, ні таго, што гаварылі людзі, што прыйшлі да яе...

У яе адныло мову.

Калі ж праз колькі дзён прывезлі з ваенкамата нейкія паперы і грошы, і папрасілі распісацца, яна, не гледзячы ваенкаму ў вочы, шпурнула дзесяткі яму ў твар, сказала, як загадала:

- Вон з мае хаты!.. Сволачы! Прэч! Я праклінаю вас і тую армію, якая пасылае на смерць дзяцей!

То тады першая цынкавая труна прыйшла ў Забалацце.

І людзі паўшэптам гаварылі пра тое, што там, у Афганістане, ідзе жудасная вайна, і што тая труна была толькі пачаткам таго, што павінна было быць...

 

У хату зайшоў Вінцук - потны, вясёлы, спытаў з парога:

- Дзе ручнік? Памыцца хачу...

Маці дастала з шпафы свежы ільняны ручнік, якім ён любіў выцірацца, падала:

- Мыйся хутчэй - ужо і сняданак на стале.

- Добра. Вось цяпер паснедаю з ахвотаю.

Праз акно бачыла, як сын у плаўках фыркаў каля мыцельніка, які прымацаваў некалі Сымон да бярозы - падстаўляў галаву, ліў сабе на спіну, але не ўтрымаўся - і цэлае вядро выліў на сябе...

На стол паставіла патэльню, у якой сквірчэў вялікі і тоўсты дранік - са шкваркамі, з цыбуляй. І гладыш з кіслым малаком - запіваць.

Села на лаўку, задумалася.

«Дык з кім жа гэта, цікава, учора праводзіўся Вінцук? А мо? Не дай, Божачка такога, у імя Айца, і Сына, і Святога Духу...»

Жанчына перахрысцілася на абразы.

Прачытала малітву, папрасіла Бога заступіцца, адвесці бяду ад яе і сына, укленчыла перад абразамі...

 

8

 

Паштовая машына прывезла з Прыпянска пошту.

Вадзіцель выгрузіў перанітаваныя шпагатам пакеты з газетамі і часопісамі, некалькі пасылак і бандэроляў.

- Бывайце, да заўтра! - ускінуў развітальна руку Васіль Лісун, пайшоў да кабіны, завёў рухавік і пагнаў машыну да Зялёных Дубоў, потым скіруе на Махнавічы...

Паштовыя работнікі пачалі адбіраць і сарціраваць прывезенае, складваць на адпаведныя палічкі, каб потым паштальёны змаглі забраць сваё і разнесці па вёсках.

Месца Аксаны Журавель было каля акна. За ім шырокімі лістамі шапацеў клён.

Аксане трэба было адабраць пошту для трох вёсак - сваёй, Забалацця, і суседніх - Турбінкі і Крушнікаў. І потым усе гэтыя вёскі аббегаць, разнесці людзям газеты, пенсію, пісьмы... Калі ж скласці разам кіламетры, якія яна адольвала кожны дзень, то назбірвалася нешта каля дванаццаці кіламетраў.

Аксана сябравала з Любай Аніськовай, Кацярынай Шагуновай і Веркай Дранік. Як і Аксана, дзяўчаты скончылі школу, а далей вучыцца не пажадалі - не захацелі, як яны казалі адна адной, сушыць над кніжкамі мазгі.

У Веркі кірпаценькі носік, кучаравыя косы (наўжо завівае іх штодня?), а галасок шчабятухі - сотні песень ведае, спавала прыгожа. Яна адна з усёй кампаніі ездзіла паспытаць шчасця ў тэатральны інстытут, да аднаго бала не дабрала - сказалі-параілі, каб праз год прыязджала, нават прозвішча яе ўзялі на заметку, паабяцалі, што прымуць вучыцца яе на артыстку...

Дык дзяўчаты інакш і не завуць яе, як Верка-артыстка.

Пісем было няшмат - з дзесяткаў тры.

Адно ёй кінулася ў вочы - адрасаванае было Ўюнову. Ёкнула сэрца - ад каго? Ад дзяўчыны? А яна, Аксана, і не ведала пра тое. І тут жа чырвань падступілася да твару - ці то крыўда, ці то незразумелая злосць авалодалі ёю.

Адрасатка была з Кіева. Нейкая А.Камок.

«Аксана, Алёна?.. Хахлуху займеў сабе?! Я табе пакажу хахлуху, век помніць будзеш...»

Як расклеіць канверт, ды так, каб пра тое Вінцук не здагадаўся, Аксана ведала добра. І таму дарогай, адышоўшы ўжо ладна ад вёскі, акуратна расклеіла канверт - пахукала на склееныя палоскі, пасля дзюбкай алоўка пакруціла ў шчылінцы і правяла па склейцы далей - і канверт пагатоў, раскрыўся...

«Дарагі Вінцук і твая матуля Мальвіна!

Піша вам Адам Камок. Невядомы для вас чалавек. Я быў з тваім бацькам і вашым мужам, шаноўная Мальвіна Язэпаўна, на тых праклятых зборах...

Сам я з Маладэчна. Тоя пазней перабраўся ва Ўкраіну - так склаліся абставіны...»

- Фу ты, чорт! - усклікнула паштарка, скідваючы з сябе шматтонны груз недаверу і крыўды. - І трэба ж мне падумаць пра такое!

І ўжо вагалася - чытаць далей ці не, бо пра галоўнае ж, што яе непакоіла, яна даведалася ўжо. Але цікаўнасць узяла верх, і позірк міжволі пабег па радках...

«І я быў у той машыне. Нас вёз узбек, першагодак, які мо і руля ніколі не трымаў у руках. Чаму яму даручылі весці машыну з людзьмі на такіх крутых дарогах - невядомы, мусіць, нікому галава за тое не балела. І ён таксама, небарака, загінуў, - а ўсіх нас было пятнаццаць чалавек... Мяне шпурнула на дрэва, астатнія высыпаліся з кузава і паляцелі на камяні...

Мы з Уюновым паспелі пасябраваць. Мне ён падабаўся сваёй разважлівасцю і гаспадарлівасцю. Мы і спалі з ім побач у палатках. Ён шмат расказваў пра вас, ён быў, як мне падалося, шчаслівы з вамі...

Я ж і не сказаў - то ж я пазнаёміўся з вашым земляком Віктарам Барыліным. Выпадкова, як прыязджаў на пабыўку да сястры. На базары пазнаёміліся. Віцька яблыкі купляў у маёй сястры. І пачуў я адно слоўца, якое чуў ад Антона. У мяне аж сэрца ёкнула. Спытаў, адкуль хлопец.

Ён і назваў вашую вёску, назву якой я перад гэтым запамятаваў - ці то Зацішша помнілася, ці то Завышша, а, аказваецца, Забалацце. Тады я і спытаў, ці ведае ён Уюновых. «Ды праз пяць хатаў ад мяне жывуць, а з Вінцуком мы лепшыя сябры, - адказаў радасна салдат. - І цётка Мальвіна для нас не чужая...»

Расказаў яму пра зборы. А ён мне паведаміў страшную вестку, што не стала вашага Сымона, - што мне найбольш і апаліла душу, - Божа, за што такія пакуты і гора на вашыя душы?!

З-за таго, што не запомніў вашую вёску, і не пісаў вам раней, прашу дараваць. Я пасля таго доўга ляжаў у шпіталі - ударыўся галавой аб скалу...

Таму не ведаю нават і цяпер, чаму пішу вам. Суцешыць? Дык наўрад ці я здолею тое зрабіць. Пацвердзіць, што Антон быў дабрачым і шчырым чалавекам, дык тое вы і самі ведаеце, нават лепей, чым я.

Але ж у глыбіні душы нехта - ці не сам Бог - падказвае мне, што мае радкі могуць быць, хаця і вельмі нязначнай, маленечкай, але неабходнай кропляй духоўнай падтрымкі. Веру ў тое, што так яно будзе і сапраўды, бо што ж мы тады адзін без аднаго... Але ж і даруйце, калі мае радкі прынясуць вам новы боль ад успамінаў, бо ён, боль, для вас ніколі не аціхне...

Тады, як мы ўпалі, як я завіс на дрэве і праз колькі секунд прыйшоў у сябе, паспрабаваў злезці - ды сарваўся, паляцеў уніз, на выступы скалы... З гарачкі кінуўся ратаваць жывых і пакалечаных.

Жахлівым было відовішча... не буду пра яго расказваць... Тое мне сніцца амаль кожную ноч, і я прахопліваюся кожны раз, крычу і ратую, ратуюся сам...

Антон быў яшчэ жывы, калі я падпоўз да яго. Але ў яго быў распораты жывот - кішкі вываліліся на камень. Я прыпадняў яму галаву, кажу, што неўзабаве прыедзе «хуткая» і выратуе яго... «Ніхто мне, Адам, ужо не дапаможа... Нас узялі, каб забіць, мы ж дамы толькі будавалі генералам і дачы, - якія ж то зборы... Шкада, што так недарэчна атрымалася. Шкада Мальвіну, Сымонку і Вінцука - як яны будуць без мяне?..» Потым уздрыгнуў, закалаціўся - і заціх. Я і заплюшчыў яму вочы... Тады мо ўпершыню я заплакаў. Быццам страціў роднага і блізкага чалавека, хаця за кароткі час ён мне і стаў такім...

Напэўна я і напісаў вам для таго, каб перадаць вам яго апошнія словы, якія ён прамовіў...»

Нешта было напісана і далей, на паўстаронкі, але пагтарка не захацела чытаць далей. Было жаданне спаліць тут жа пісьмо, каб не змаглі яго прачытаць ні сын, ні Мальвіна. Сама сабе не магла вытлумачыць, чаму ёй так хацелася зрабіць - у лісце ж у адносінах да яе не тычылася нічога. Але ж сама сабе прамовіла:

- «Усе саграшылі, і таму пазбаўлены славы Божай», «Усе мы блукалі бы авечкі, і таму спакусіліся кожны на сваю дарогу», «Плата за грэх - смерць...»

Дзяўчына заклеіла канверт, паклала ў пашарпаную паштарскую сумку. Але не разам з астатнімі канвертамі, а ў асобную, патайную перагародку...

Абабегла Турбінку і Крушнікі, але не ў кожную хату завітвала - не ўсе падпісвалі газеты: не хапала на тое грошай, і не кожная хата чакала канверт з лістом ці паштоўкай.

А пад абед ужо вярталася ў Забалацце.

У апошняй хаце, дзе жыў дзед Макар, аддала пенсію. Пасля - бабулі Настазі, дзеду Міхасю... Далей занесла «раённую брахалаўку», як казалі ў вёсцы, даяркам Алёне Барылінай і Ганне Равуцкай.

Далей ужо шлях ляжаў да Вінцука - выпісваў абласную, якую таксама называлі гэтак жа, як і «раёнку».

Хлопец акурат быў у двары - папраўляў складзены радок паколатых перад гэтым паленцаў дроў.

- Добры дзень, Уюн! - павіталася весела паштарка, падышоўшы нячутна да веснікаў. - Адпачні мо трохі, а то ператаміўся мусёць...

Ён аднёс абярэмак бярозавых паленцаў да штабеля, шпурнуў іх у агульны радок - яны і ўклаліся акуратна адно да ругога, што і не

папраўляць. Потым падышоў ужо да Аксаны, якая сядзела на лаўцы, скінуўшы з плячэй сумку і паставіла каля ног.

- Не ператаміўся, - выдыхнуў з сябе паветра і сеў побач. Узяў у рукі ручнік, выцер твар - на вуліцы была задуха, - а ты ўжо адмахала свае кіламетры?..

«Лепш бы ты на мне натаміўся, - хацелася сказаць яму, але змоўчала, не хацела выглядаць разбэшчанай, прыжмурылася, паглядзела на яго - выпіралі мускулы на руках, грудзіна была наліта маладой сілай, - а то толькі і траціш сваю сілу на дровы... Дурань...»

- Ды ты і пашчыраваў, бачу, - кіўнула на гару паколатых дроў. - Маці пахваліць.

- Хіба ж за такое хваляць? - засмяяўся ён, кінуўшы на плот ручнік.

- І то праўда... А дзе ж маці? - пацікавілася паштарка, хаця ж выдатна ведала, што жанчына была на ферме, расцягвала размову, каб даўжэй пабыць побач з хлопцам, хацелася, каб паміж імі ткалася, звязвалася нябачная, хаця ж і слабая, вяровачка-нітачка, якая павінна была перарасці, ператварыцца ў добрую вяроўчыну, каб залыгаць маладога і ўпартага бычка за рожкі і не выпускаць ніколі са сваіх рук.

- Дзе ж ёй быць - кароў даіць. Хутка павінна прыйсці.

- На, вазьмі сваю «праўду». У ёй столькі праўды, казаў дзед Максім, як у мяне шчасцяя. Ты ж нешта дасылаў ім, Вінцук?

- Дасылаў.

- Што, калі не сакрэт?

- Вершы.

- Вершы? - падзівілася шчыра Аксана. - Ты ж, здаецца, ніколі і не пісаў вершаў.

- Пісаў. Толькі для сябе. А вось цяпер рашыў даслаць, праверыць сябе.

- А пра што вершы, Вінцук?

Пра каханне можа?

- І пра каханне. Але найбольш пра прыроду і пра сённяшняе жыццё. Пра Чарнобыль, які зглуміў і згубіў наша Палессе, пра тое, што ў душах людзей сёння пустэча, што замест Бога ў кожным пасяліўся Сатана...

- Не надрукуюць. Не дадуць.

- Што - не дадуць? - не зразумеў хлопец.

- Я ж кажу - не надрукуюць такіх вершаў. Газеце не пра тое трэба. Ёй трэба пра шчаслівае жыццё, пра тое, што нам сёння стала жыць весялей, што сам Бог паслаў нам такога кіраўніка, і што без яго - нам капцы...

Ён здзіўлена паглядзеў на яе. Гаварыла яна, як нейкі літаратурны крытык, да якога папалі яго вершы, - упэўнена і пераканаўча.

- Ды сам ведаю, што ім трэба. А пра тое пісаць не магу, не ўмею... '

- Ну і не пішы, - няўцямна паддакнула паштарка. - Пра каханне пішы, пра маю пуньку... Пра каханне ўсе газеты любяць вершы.

Вінцук разгарнуў газету, прапусціўшы міма вушэй «пра пуньку», прабегся позіркам па загалоўках, па радках артыкулаў, уздыхнуў:

- Адно і тое ж - пра гной, што вывозяць на палі, пра даярак, пра рабочых... Але найбольш пра забойствы і гвалтаванні, пра крадзяжы, смерць і кроў... Моташна ад такога чытва.

- А ты зусім не чытай.

- Мо ты і праўду кажаш... Слухаў бы «Свабоду», ды мой прымач не ловіць - слабы, новы трэба набыць.

- Ну, табе не дагодзіш - то сала падавай табе са шкуркай, то без шкуркі, - ці то падкалола, ці то добразычліва пасміхалася з яго Аксана.

- І па радыё тое ж самае, і па «яшчыку». Як Сатана ўсё роўна правіць баль - суцэльная хлусня і вакханалія... Нічога беларускага не пачуеш, адны запраданцы на тым радыё сядзяць - чёкаюць і рёкаюць на чужы, суседні, лад. А на сваёй мове як усё роўна саромеюцца гаварыць...

«Аддаць ці не аддаць яму ліст? - пыталася ў самой сябе дзяўчына. - І аддаць хачу, і не аддаць хачу. А мо не сёння, а заўтра аддам яму - будзе прычына завітаць?..»

- Можа і так, - згадзілася субяседніца, а спытала зусім пра іншае. - Вінцук, а як ты пасля пазаўчарашняй начы?

Спытала паўшэптам, затоена, як быццам баялася, што яе мог пачуць хто старонні з вуліцы.

- А што? - наструніўся хлопец, уперыўся ў яе позіркам. - Што павінна было адбыцца? Нармальна ўсё. Чаго пытаеш?

- Ды так. Я не магла пасля доўга заснуць... Перавярнулася ў маёй душы нешта. Спачатку перажывала, дакарала сябе, што мо і няправільна, што рашылася на такое, але потым махнула рукой - а, каму які клопат да нас і да мяне... А цяпер дык і прыемна ўспомніць - соладка цалуешся, аж галава кружыцца...

Ён пахітаў галавой, усміхнуўся:

- А я як забіты спаў.

Хацела спытаць яшчэ і пра тое, ці прыдзе ён зноў да яе і калі, але перадумала, хай апамятаецца, прыдзе ў сябе. Хай яму самому захочацца дзявочай цнатлівасці і пяшчоты, хай сам напросіцца - вось тады і будзе свята ў яе сэрцы...

- Ну, то мне пара ўжо, - устала з лаўкі Аксана, абдзёрнула на сабе жоўта-зялёнага колеру сукню, закінула ямчэй за спіну сумку, паглядзела на Ўюна, як чакала, што скажа нешта ёй значнае і пэўнае, але хлопец маўчаў - быў нейкі заклапочаны, унураны ў сябе, але стараўся быць уважлівым да госці, - а то хутка і маці твая з'явіцца. А з ёю сустракацца мне не след - каб не падумала чаго...

Вінцук падняўся следам, пастараўся супакоіць:

- А што ёй думаць? Што газету прынесла? Дык ты носіш амаль кожны дзень. І вось што яшчэ, Аксана. Я хачу завітаць у тваю пуньку, але толькі не цяпер. Пазней. У маёй душы нешта зламалася, і я стаў бязвольны. Таму не падганяй...

- З-за мяне «зламалася»? - прыкусіла язычок, правяла па асмяглых сакаўных губак, крутанула паўнаватым азадкам.

- Ды не, да цябе яшчэ... Ад школы. А мо і раней, як брата не стала...

- Вінцук, адкажы на такое пытанне - а чаму ты не спрабаваў куды-небудзь паступаць? Вучыўся ж добра... Мо і я за табой следам паехала б вучыцца.

- Маці не хачу адну пакідаць. Ведаеш жа, што яна хворая. А ты чаго не паступала?

- Цябе не хацела згубіць, - яшчэ больш прыкусіла ніжнюю губу, яшчэ больш гарэзліва і какетліва зіркала на яго. - Не верыш?

- І ты так проста расказваеш мне пра гэта? - Вінцук уперыўся ў яе позіркам, як праверыць хацеў, ці вытрымае, ці адвядзе вочы, тым самым выдаўшы сваю хлусню. - Раскрываеш сваю тайну?

Яны набліжаліся адно да аднаго, зрэнкі ў зрэнкі, аж затаілі дыханне, стараліся перасіліць позіркам адно аднаго...

Гэта было як бы і жартоўнае змаганне-барацьба, недзе нават і дзіцячае - так усе рабілі ў маленстве, але праз хвіліну гэта ўжо мала нагадвала жарт...

Аксана скіравала свой позірк у пераносіцу - адразу ж і скавала яго волю і мову, - і ён здранцвеў, акамянеў і ўжо не мог рухацца. Яна магла, недзе ўжо, у глыбіні душы і хацела яго пакінуць у такім стане, каб адпомсціць за здзекі над ёю, і тады ўжо ніхто на свеце не здолее раскартухаць яго і ўліць жыццё, - але зжалілася над ім, пашкадавала... Яна заплюшчыла вочы, выдаўжыла руку, паклала далонь на галаву.

- Ачніся, Уюн! - крыкнула, загадала яна ўладарна, катурхнула за плячо. - Што з табой, Вінцук?

Толькі пасля яе слоў ачомаўся, лыпнуў вачыма, недаўменна глядзеў на дзяўчыну, не разумеў толькі, чаго яна стаіць супраць яго, выціснуў з цяжкасцю з сябе словы:

- Ты? Калі прыйшла?

- Даўно прыйшла, Вінцук, даўно. Толькі не жартуй болей так са мной, добра? Не люблю я гэтага, калі са мной так жартуюць...

Убачыла, як на даляглядзе паказалася Мальвіна, таму заспяшалася, хутка развіталася і пайшла амаль подбегам ад двара Ўюновых.

- Бывай, Уюн! - ужо з вуліцы памахала яму рукой, але на твары не было ні ўсмешкі, ні добразычлівасці.

- Бы... бы... вай...

Ён быў разгублены і абыякавы, усё яшчэ не мог прыйсці ў сябе, ніяк не мог зразумець, што ж адбылося толькі што.

Ён быў стомлены, як быццам калоў суткі без пярэдыху дровы. Глядзеў як срозь туман уздоўж вуліцы, цьмяна бачыў, як аддалялася ад яго паштарка, як кіравалася да старых ліпаў, дзе жылі старыя Макар і Ліжбета - панесла ім пенсію.

У бок Мальвіны Аксана і не азірнулася, як і не ведала, што тая набліжаецца да хаты і пільна глядзела ёй у след...

Калі зайшла ў двор, убачыла, як сын сядзеў на лаўцы, прыхінуўшыся да плота, зажмурыў вочы, цяжка дыхаў.

- Што з табою, сын? - перапалохалася Мальвіна.

- Мусіць сонца напякло на галаву, - супакоіў яе Вінцук, - ды і сякерай намахаўся...

Жанчына нічога не сказала, толькі пахітала галавой, і колькі разоў міжволі зірканула ў той бок, куды падалася паштальён.

 

Людка прыйшла ў залу танцаў не першай, але і не апошняй.

Насцярожана азірнулася, павадзіла быццам бы безуважным позіркам па тварах людзей, - вызначыла, што мужчынаў больш, чым жанчын.

«Гэта добра, - адзначыла пра сябе, - гэта абяцае быць у гушчыні падзей... Ну, Аксана, праверым твае чары...»

Выбрала ўсё ж зацішнае месца, каб асабліва і не выпінацца, як перад гэтым - тройчы, цяпер жа захацелася быць непрыкметнай і незаўважанай. Але калі прароцтва суседкі не здарыцца, яна непрыкметна выйдзе, і больш ужо туды ніколі не зазірне, будзе лічыць, што «згарэла, ляснула пуцёўка - не патаптаў мяне ніхто...» Так пісаў аднойчы нейкі паэт, калі яна была ў Лётцах, не пра яе, канечне ж, а пра іншых...

Калі ж пачуліся першыя гукі вальса-знаёмства, з купкі мужычнаў, што стаялі каля дзвярэй, аддзяліўся адзін - у светлым касцюме, - бадзёра, размашыстым крокам, накіраваўся праз усю залу...

«Ніштаваты мужчынка, - паспела адразу ацаніць яго вартасці Людміла Дамінікаўна, - і не стары яшчэ, так сказаць, у самым саку...»

Яев не паверыла - крочыў, абміноўваючы жанчын, прама да яе.

«Няўжо да мяне? Не можа таго быць...»

- Дазвольце? - кавалер галантна схіліў перад ёю галаву - падаў руку, як збіраўся перавесці яе па кладцы на другі бераг раўчука.

Людка паважліва заўсміхалася, тым самым даючы згоду, адначасова радуючыся, што ў яе цяплела на сэрцы, адзначыла яшчэ, што Аксана, мусіць, сапраўды чараўніца, бо яна, выходзіць, запраграмавала гэты вечар...

Паперадзе мужчыны выйшла на сярэдзіну залы.

І тут жа яе спадарожнік адразу падхапіў яе сваімі дужымі рукамі, як абвіў яе, абвалок мройным туманам, - павёў па зале лёгка і артыстычна перастаўляючы ногі, адначасова горда ўзняўшы да люстраў галаву...

Яны першымі і адкрылі той вечар.

За імі выйшлі астатнія пары, і Людка падумала зноў пра такую метамарфозу: «Адкуль яна ведала, што так усё і будзе?»

Калі накружыліся ўдосталь, калі перайшлі на ціхае перасоўванне ног, і незнаемец вельмі цесна прытуліў сцягно сваёй нагі да яе, - у яе адразу пераняло дыханне, і твар заружовіўся, злёгку закружылася галава...

- І як жа вас, шаноўная, зваць-велічаць?

- Люд... Людміла Дамінікаўна. А вас?

- А мяне Хрыстафор. Хрыстафор Апанасавіч! Даўно прыехалі?

- Ды чатыры дні ўжо.

- І адкуль прыехалі, калі не сакрэт?

- З Гомеля. А вы?

- А я з Менску. Таксама чацвёрты дзень адпачываю, але чамусьці да гэтага вас не заўважаў...

- Не было жадання танцаваць. У пакоі сядзела - ад кніжкі цікавай адарвацца не магла, а так на прыродзе гуляла...

Людка адчувала дужыя рукі, ад Хрыстафора патыхалі нейкія невядомыя, але прыемныя, мужчынскія духі. Не несла ад яго гарэлкай, і дыханне, як кажуць дыктары тэлевізіі, было чыстае і свежае.

- Чым сёння пасля танцаў займацца будзеце? Мо да мяне зойдзем - я адзін жыву ў люксе, каньячком пачастую марачным.

- Марачным? - узняла дугой чорныя броўкі жанчына, шырака раскрыла вочы. - Люблю марачны, проста абажаю. Я згодна.

- І лады, - задаволена адобрыў Хрыстафор, і з узнёслым настроем закружыў яе па зале.

Але калі зайгралі наступны танец, то Людка Хрыстафору ўжо не дасталася - абагнаў яго больш спрытнейшы мужчына, што стаяў збоку, не пытаючы дазволу, вырваў яе з натоўпу, пацягнуў на сярэдзіну залы, закружыў яе, прытуліў да сваіх грудзей. А яна і не адсоўвалася ад яго, наадварот, яшчэ мацней прыціскалася - як дражнілася, як намякала, што ёй прыемны яго грубы дотык...

- Мяне Сцяпанам завуць, а цябе як?

- Людка я, Людміла!

Трэцім запрасіў вясёлы мужчына, назваўшыся Барысам, за ім Віктар...

Пасля іх неяк зноў уціснуўся Хрыстафор. Нават вымову зрабіў Людцы, што так абышлася з ім, заслужаным чалавекам, крыўдліва падцяў губу, папракануў:

- Я ж, Людміла Дамінікаўна, ад чыстага сэрца - спадабаліся вы мне вельмі, а вы вунь як - з усімі пайшлі танцаваць... Я люблю пастаянства. Дык можа давайце збяжым з гэтых танцаў - прама цяпер, га?

- Хрыстафор, дарагі мой, - уключыла Людка свае чары, перайшла бесцырымонна на «ты», адчувала сябе ўжо як растоплены пад сонцам кахання воск, ёй з усіх пачаў падабацца Віктар, але як бы і не праляцець - такі поспех! - Давай яшчэ трошкі патанцуем - і тады збяжым да цябе, бо я так даўно не танцавала - хачу ногі размяць... Давай, Хрыстафорык, яшчэ трошкі пабудзем, добра?

- Ну, ладна, - злітаваўся ён, - тры танцы будзе досыць з цябе?

- Дастаткова! - прымружыла вочы, кіўнула Людка галавой, узяла яго за руку, каб супакоіць, не выпусціць з рук сініцы, зноў падумала: «Божа, як такое можа быць - тры вечары ўсе былі сляпыя, ніхто і не падыходзіў, а тут аж вочы разбягаюцца - адзін прыгажэй за другога... Але як выбраць аднаго з іх? Але чаму менавіта - аднаго? З гэтым добра будзе сёння, а з Віцем заўтра... А чаму б і не? Чым я не заслужыла такой павагі і ўвагі з боку мужчын?»

Але зацягнуў да сябе ў ложак Людку не Хрыстафор, а той жа Віктар, якога і выбрала яна сама сярод усіх. Танцаваў ён з ёю трэці, як і абяцала, апошні танец, а потым нечакана схапіў за руку, як загадаў, як меў поўнае на тое права:

- Пайшлі адсюль! На сёння танцы скончыліся. Зоймемся чым-небудзь цікавейшым!..

А Людцы і да спадобы яго словы, яго загад, яго ўладарнасць, і тое, што само сабой усё і вырашылася, - ёй і шалаву цяпер ламаць не трэба пра тое, да каго прыхінуцца.

Падняліся на трэці паверх.

Віктар, злёгку хістаючыся, дыхаючы на яе пахам гарэлкі, расчыніў перад ёю дзверы свайго пакоя, запрасіў:

- Міласці прашу, Людка, Людміла Дамінікаўна! Вечар танцаў будзем працягваць тут!

 

... Прыйшла да Аксаны пад раніцу.

Дзяўчына яшчэ спала, але дзверы пакінула незамкнёнымі.

Яшчэ гадзіну можна было паляжаць да таго часу, як усім уставаць. Тое Людка і зрабіла. Легла - і правалілася ў сон. Першы такі сон за ўсе ночы, як была ў санаторыі.

- Падымайся, Людка-сябровачка, бо і абед праспіш, як і сняданак праспала!

Над ёю схілілася Аксана, усміхалася, кранула лёгка за белае глядкае плячо, села побач.

- Натамілася за ноч?

- Мг... Ненасытны нейкі папаўся, выбачай за шчырасць, бо з дзяўчатамі пра такое не гавораць... І вокам не звяла ўсю ноч. А ты тут адна была?

- Адна.

- І на танцах цябе не бачыла чамусьці.

- То я табе танцы ўступіла. І кавалераў усіх. Ну, як, было ўсё так, як я паабяцала табе?

- Так, усё так. Як і дзякаваць табе, не ведаю. Аддзячыць як?

- А навошта мне дзякаваць? Не думай кепска пра мяне - і таго дастаткова. Мы ж з табой - аднаго поля ягадкі.

Людка не зразумела дзяўчыну, яе выраз пра поле і ягадкі. Не прыдала проста значэння, бо з вялікай радасцю адчула, што ёй больш нічога не пагражае, і не будзе ў яе больш турбот.

- Я і так думаю з удзячнасцю. А ты каго-небудзь сабе выбрала? - затоена спытала Людка, разумеючы па-свойму, што Аксана ведае толк у гэтай справе, бо распараджацца чалавечымі душамі і думкамі не кожнаму дадзена...

Чараўніца павярнулася зноў да акна, уздыхнула.

Яна ніколі і ні з кім так шчыра не гаварыла - не мела ў тым патрэбы, ды ці і адкрыеш сваю душу перад сваімі аднавяскоўцамі? Перад кім? Не зразумеюць, ды можа і правільна, бо яшчэ больш пасля прызнання пачнуць ненавідзець і за вочы абгаворваць. Адзіны субяседнік у яе - Уладар цемры, ды і ён, калі на тое, не паспачувае, а толькі папракае, што раскісае яна, што няма ў яе неабходнай злосці і жорсткасці...

- У тым і боль мой, што не магу тое зрабіць. Не таму, што не ўмею, а ад таго, што тое шчасце, якое я здабуду, будзе толькі мной заваяванае. А я не хачу такога. Я хачу, Людка, каб у яго самога прачнулася тое вялікае пачуццё, і ён сам, без майго прымусу і ўдзелу, сказаў мне тыя адзіныя пяшчотныя і шчырыя словы, каб узляцела я разам з ім на тое сёмае неба... Тады я страціла б сваё ўменне і свае здольнасці кіраваць не толькі яго сэрцам і душой, але і ўсіх людзей - тады я перастала б рабіць агіднасці і парвала б дружбу і стасункі з Уладаром цемры... Ён бы, Вінцук, растапіў бы мяне сваім каханнем-полымем, і я стала б такой, як і ўсе жанчыны, стала б маці і жонкай, паслухмянай і цнатлівай, пяшчотнай і дабрачай...

Людка яшчэ больш падзівілася, пачуўшы такое нечаканае прызнанне. Не разумела ўсяго і таго, пра што казала Аксана Журавель, вясковая паштарка, але тое, што яна адкрылася так шчыра перад ёю, палохала нават, наводзіла ў душу нейкі незразумелы страх, насцярожанасць - перад ёю была не проста дзяўчына, не проста прадстаўнік сувязі, а прадстаўнік нейкага іншага роду чалавечага, але якога менавіта - баялася нават згадваць і думаць, бо яна прачытае яе думкі, - а прасіла ж, патрабавала нават, каб думала пра яе толькі добрае... А як скіруеш свае думкі так, каб яны

падабаліся, каб былі прычасаныя, добрыя і светлыя? А яны ў Людкі як патырчакі - тырчаць у розныя бакі: і так, і гэтак, і гэтак, і так... Вялікія намаганні трэба, каб выраўняць іх, прывесці ў патрэбную ці неабходную адпаведнасць. Ніколі не задумвалася яна над сказанымі словамі, над сваімі думкамі і жаданнямі, - патрэбы такой не было, а тут упершыню ў жыцці сутыкнулася з гэтым і зразумела пра сябе - не, не ўмее яна кіраваць і стрымліваць свае эмоцыі, плыве па цячэнню жыцця, не кіруе сваім караблём, не трымае штурвал у руках, бо ёй падабалася жыць - як набяжыць...

- Дык жа табе вельмі цяжка жыць, Аксанка! І ты, мусіць, вельмі няшчасны чалавек.

Суседка не адрывалася ўсё яшчэ ад акна, як што пільнае ўгледзела там для сябе, глыбока ўздыхнула, хітнула галавой:

- Так, цяжка. І вельмі...

- Выбачай за дурныя словы...

- Але ты не шкадуй мяне, не шкадуй. Гэта горш, чым думаць пра мяне кепска. Мо то мне кара за ўсё... За ўсё, што зрабіла маці, бабуля. Яны шмат зрабілі людзям зла...

Хацелася тут жа папытацца: «А якога зла?», але не асмелілася, стрымалася, і так яна нагаварыла шмат чаго, мо потым жа і шкадаваць будзе, але можна толькі здагадвацца, пра якое зло гаварыла-прызнавалася дзяўчына.

- Ну, усё, нагаварыліся, - апамяталася Аксана, адышоўшы ад акна, адразу перамянілася тварам, позірк стаў цяплейшы і голас памякчэў, усміхнулася нават, падбадзёрыла:

- Нічога, Людка, нічога! Усё наладзіцца! А ты ўставай, падымайся, абед пачынаецца ўжо...

 

Брыгадзір трактарнай брыгады Пятро Ястрабок размеркаваў хлопцаў на работу. Зміцера Макарцова, вечнага халасцяка, як казалі пра яго вяскоўцы, і Рафаіла Крупу паслаў у лес - цягаць сасновыя калоды да ракі, а Вінцука і астатніх траіх - араць іржышча, каб пасеяць па ўзараным азіміну...

Вінцук абрадваўся - любіў працаваць на адзіноце, каб яму ніхто не замінаў у полі. У калгасе не хапала механізатараў, і калі яму прапанавалі павучыцца на кароткатэрміновых курсах - прама ў калгасе, каб перад арміяй папрацаваў на трактары. - Вінцук з радасцю згадзіўся...

Заправіў палівам «Беларуса», падчапіў навясныя плугі - і пагнаў трактар за Міколікаў брод, дзе толькі ўчора зжалі камбайнам збажыну. Сабралі на круг вельмі мала, мізер, - мо ад таго, што не ўгноілі як след зямлю, а мо і ад таго, што лета было засушлівае і ўсё пагарэла пад няшчадным сонцам...

Доўгі бярозавы гай за вёскаю, потым неглыбокая рачулка з чыстай вадой - вышэй білі крыніцы, потым зноў гнаў трактар праз белыя ствалы бяроз, пасля - хвойнікам, і зноў пераехаў брод рачулкі - балотнай, дзе патыхала тванню, дзе зялёная раска раскашоўвалася ад берага да берага...

Поле адкрылася нечакана - як выехаў на яго, сонца ўдарыла промнямі ў твар і асляпіла. Ён аж спыніў трактар, каб не заехаць у канаву ці ўдарыцца коламі аб пень ці бярозу.

Пакінуў кабіну, пахадзіў па полі, агледзеў яго - меркаваў, адкуль пачынаць ворыва.

Захацелася трошкі прайсціся, падыхаць бярозамі і імхом.

Адышоў ад трактара - завярнуў у прылесак.

Трашчала пад кірзачамі галлё - ужо другі месяц не выпала ні кроплі дажджу. Недзе на Віцебшчыне, як казалі па радыё, ішлі праліўныя дажджы - затапіла лугі і палі, а тут, на Палессі, сухмень - і чарнобылем пасыпанае, і сонцам выпаленае... І хоць пракладалі некалі дрэнаж, калі меліярыравалі зямлю, абяцаючы, што ў любую засуху будзе вільготна - аж дудачкі: грошы меліяратары закапалі ў балоты, але і пра сваю кішэню не забыліся...

Недзе ў вільчыку сасны зашчыраваў дзяцел, зашчаміўшы ў расшчэліну спелую шышку.

Праляцела бокам, у накірунку Забалацця, зграя варон.

Лёталі ў небе маладыя буслы - вучыліся лётаць, гартавалі крылы, каб не падвесці бацькоў пад час пералёту ў цёплыя краіны.

Хацеў сесці на пень - паразважаць, абдумаць што-кольвечы, абмеркаваць сваё становішча... Побач пня не знаходзілася, і ён няўцямна пакрочыў між бяроз, удыхаючы ў сябе церпкае паветра, настоенае на імху, жывіцы, дзеразе...

Зноў і зноў напамінала пра сябе Аксана. Чулася яе пытанне: «Калі ж прыдзеш, як абяцаў?» Помнілася тое здранцвенне, калі глядзеў ёй у вочы, забыўшыся зусім, хто быў перад ім - і ўліп, акамянеў, змярцвелі мазгі і ногі, ды так, што не ведаў, на якім свеце знаходзіцца - і колькі часу быў без памяці. Добра яшчэ, што вярнула да свядомасці, а мог жа і застацца такім - і не жывым, і не мёртвым...

Па целе прабеглі нават дрыжыкі ад таго ўспаміну: «Сапраўды яна валодае невядомай сілай, ды валодае так, што можа стрыножыць чалавека, спалярушаваць яго, адабраць розум і сілу... А што яна яшчэ ўмее акрамя гэтага, адзін, мусіць, д'ябал і ведае. Адвядзі, Божа, ад мяне гэтае зло, памажы выбавіцца ад яе чараў, - няхай яе і спасцігне тое, што яна іншым жадае і робіць, што для мяне замысліла...»

Наперадзе, праз крокаў дзесяць, убачыў пень - ці не дубовы? - і пакіраваў да яго. Нехта на ім забыўся вяроўчыну ці конскае пута - ляжала кольцам.

Калі ж падышоў бліжэй - за крокаў тры, - вяроўчына падняла галаву і пагрозліва зашыпела...

«Гадзюка! - апякла здагадка, і ён рэзка адскочыў назад. - Няўжо мяне паджыдаеш, няўжо і тут Аксана свой след пакінула, мяне палохае?»

Гадзюка ўжо стала старчаком, амаль на хвасце стаяла, зіркала макавінкамі вачэй на хлопца - пагрозліва шыпела, адганяла ад наседжанага месца. Было напачатку жаданне схапіць якую патарчаку і забіць яе, вунь як агрэсіўна напруцілася, - вось-вось скруціцца кольцам і паляціць на яго, цыкне атрутным джалам...

Але не ўзяў, не забіў, а павольна адступіў назад - далей ад нечаканай госці. Выдыхнуў з сябе агіду, хутка пакалдыбаў да поля, дзе стаяў і вуркатаў трактар, чакаючы свайго гаспадара...

Цэоы дзень варочаў зябліва. Нават на абед забыўся, хаця маці паклала ў сумку добры перакус. Перад вачыма стаяла, выструніўшыся, тоўстая і шэрая вяроўчына - і яшчэ чулася яе пагрозлівае сычэнне. Не мог адагнаць ад сябе думку-асацыяцыю: замест гадзючынай галавы бачылася яна, Аксана...

«Гэта добра, што яна з'ехала ў санаторый, - думаў трактарыст, - хоць будзе мажлівасць спакойна абдумаць усё, што-небудзь прыдумаць... Павінен жа быць нейкі выхад з гэтага заблытанага становішча, быць такога не магло, каб не было выхаду...»

 

Разносіла Аксана перад гэтым газеты па вёсцы, і зноў, калі маці не было дома, наведалася да яго. Прынесла абласную «брахалаўку», але ліст з Кіева зноў жа не аддала. Была нейкая засяроджаная, сур'ёзная.

- З'еду я, Вінцук, ад цябе, - прамовіла ціха, аддаючы газету.

- Куды з'едзеш? На заробкі куды?

- Ды не, не ўгадаў. У санаторый. Дакторка сказала, каб я ныркі свае падлячыла. Піеланефрыт нейкі ў мяне знайшлі. А тут начальнік пошты кажа, што акурат такую пуцёўку на нашую арганізацыю выдзелілі. Не Трускавец, але ўсё ж такі... Параіў паехаць. А ты раіш, Уюн?

- Калі доктар раіць, то што я павінен сказаць? - не разумеў, да чаго хіліць дзяўчына, чаму ў яго пытаецца, прыставіў кулак да рота, кашлянуў.

- А ты што, захварэў?

- Ды ангіну падчапіў, ломіць усяго. Тэмпература высокая...

- А чым лечышся?

- Прыходзіла з медпункта Вера Ігнатаўна, укол зрабіла, аспірыну дала. Маці давала варэння малінавае з гарачым малаком... Але яшчэ не адпускае.

- Дык ты вылежвайся, Вінцук, папраўляйся. Выздараўлівай. А я думала... Ды ладна, як вярнуся ўжо. А ты нікуды не ўцячэш за гэты час, як мяне не будзе?

Дзяўчына кісла ўсміхалася, глядзела яму дапытліва ў вочы, глядзела добразычліва, не так, як тады, вочы ў вочы, - і ён адчуў нават цеплыню і спагаду, шчырую зацікаўленасць і клопатнасць пра яго здароўе...

- Уцяку. На Паўночны полюс. Да белых мядзьведзяў, - усміхаўся і ён, адказваў такім жа тонам, каб і намёкам не выдаць сябе, не выказаць сваю радасць, што яна на час з'едзе з вёскі...

- Да іх можна.

- Тады ў мяне будзе просьба - прывязі мне белае футра, калі табе падорыць які белы велікан.

- Футра? Футра можна. Прывязу. Абавязкова, Аксана, прывязу.

Наступіла маўчанне. Усё, здаецца, перагаварылі.

- Пабегла я, - махнула рукой, - папраўляйся. Паслязаўтра еду. Мо й напішу табе адтуль, пабачу...

Да пабачэння!

«Напішу... А што падумае маці?»

- Бывай!

 

Хіліўся долу вечар. Ужо доўгімі сталі цені ад сонца. Выразна чуўся крык варанячай зграі, што насілася з аднаго боку поля ў другі.

Агледзеў зробленае і застаўся задаволены: «Заўтра прыеду і ўжо да канца ўзару поле, калі трактар не падвядзе - чыхае нечага, як прастудзіўся ўсё роўна; трэба з раніцы пакалупацца ў яго чэраве...»

Назад ехаў той жа дарогаю.

Зірнуў міжволі ў правы бок - туды, дзе быў пень. Але ні пня, ні гадзюкі не ўбачыў. Мо далекавата было, а мо то і прывід быў перад ім, хто ведае...

Паставіў трактар на сваё месца - да плоту, зробленага з чырвонай цэглы. Выцер ветахам, што знайшоў пад сядзеннем, рукі, потым памыўся пад мыцельнікам, каб не ісці па вёсцы мурзатым...

Сустрэў каля варот машыннага двара Петруся Ястрабка, які спяшаўся некуды, але, убачыўшы Ўюнова, затрымаўся, пацікавіўся:

- Зрабіў норму?

- Ага. Заўтра тое поле, за Бронькай, павінен да вечара ўзараць.

- Тады - хакей! Заўтра і кіруй туды.

- Добра.

Калі зайшоў у хату, убачыў, што за сталом сядзіць зажураная маці - ці не плача? - вочы вільготныя, глядзіць няўцямна ў стол.

- Што з табой? Здарылася што?

Мальвіна не адказала. Але падала сыну канверт і паперку. Зірнуў на адваротны адрас. З ваенкамата прыслалі позву, якую ён і чакаў.

Маці зажурылася, а ён абрадаваўся: праз тыдзень яму трэба быць на прызаўным пункце.

- Ды не бядуй ты, мама, - абняў за плечы Вінцук маці. - Цяпер жа няма Афгана, ніякай іншай трасцы, у роднай Беларусі служыць буду, а не на Камчатцы ці Сахаліне.

- Армія ж, сын, яна і ёсць армія, а гэта значыць, што трэба браць у рукі зброю. А зброя - смерць. Могуць жа паслаць забіваць, як яны гавораць, у гарачыя кропкі.

- Ды не могуць нікуды паслаць - мы ж ні з кім не ваюем, зразумей!

- Так цябе і паслухаюць... ды ці мала што... Сёння час неспакойны, ва ўсім свеце неспакойна. Баюся я, сын, за цябе. За бацьку баялася - а ён таксама супакойваў, за Сымона хвалявалася - ён толькі ўсміхаўся... Свае забілі, хаця якія ж яны свае - абрэкі... У кожнага народа ёсць вылюдкі, але проста так забіць, нізавошта... Не магу зразумець такога.

- Ды хопіць табе слёзы ліць. Калі шчыра, то я сам хачу ісці ў войска, разумееш, са-ам!.. Мне ўцячы трэба, ма...

Мальвіна здзіўлена паглядзела на сына:

- Уцячы? Ад каго? Утварыў што, сын?

- Ды не, нічога не ўтварыў, не хвалюйся. Тут іншае. З Аксанай Журавель звязанае...

- Што - «звязанае»? - насцярожылася маці, нядобра паглядзела на Вінцука. - Божачка, што? Сур'ёзнае што, сын, скажы? Мо закахаўся, а я, дурная, і не ведаю...

Сын уздыхнуў, супакоіў:

- Усё не так. Усё наадварот. Яна прыстае да мяне, праходу не дае. Зацягнула-заманіла нават да сябе ў пуньку, на сенавал, сябе прапанавала...

Мальвіна ўжо шырака раскрыла вочы, рыхтавалася пачуць тое, што так старанна ўтойваў ад яе сын.

- Нічога ў нас не было. І я вельмі рады таму. Яна вырвала з мяне абяцанне, што я некалі наведаюся да яе зноў. Яна нікога не хоча акрамя мяне, і хоча стаць жанчынай толкі са мною... Дурноцтва нейкае... Вось што адбылося. І - нічога больш, клянуся табе.

Маці прымружыла вочы, уздыхнула, прыходзіла ў сябе пасля напружанага чакання адказу, пахітала скрушліва галавой:

- Божа, Божа, як жа мне не шанцуе ў жыцці... Чым правінавацілася я перад Табой, у чым мой грэх? Вінцук, як я баюся за цябе, каб ты толькі ведаў. Вядзьмарка паклала на цябе сваё вока, і цяжка будзе выбавіцца з яе палону. Толькі адзін Бог і зможа табе памагчы... Так, вось што мы зробім з табой... Заўтра ж пойдзем са мно ў царкву, паставім свечкі нашым продкам і родным - за спакой і ўзнясенне, папросім ў Бога абароны і засцярогі ад злых сілаў...

Маці стала перад абразамі на калені, уголас загаварыла:

Заступіся, Госпадзе, перад тымі, хто судзіцца са мною, зваюй тых, хто ваюе мяне; вазьмі шчыт і латы, і ўстань на дапамогу мне; агалі меч, і заступі дарогу тым, хто гоніць нас; скажы душы маёй: Я - ратунак твой! Хай пасаромяцца і паганьбуюцца тыя, хто цікуе душу маю; хай адступяцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, хто шкоду нам намысляе... Хай будуць яны, як пыл на вятрах, і анёл Гасподні хай праганяе іх. Хай будзе шлях іхні цёмны і коўзкі, і анёл Гасподні няхай гоніць іх, бо яны без віны схавалі мне яму - сетку сваю; выкапалі на нявінную душу маю! Хай спадзе на яго пагібель раптоўная, і сетка ягоная, якую ён схаваў, яна схавана на сыночка майго, хай сама і зловіцца ў яе, упадзе ў яе на пропадзь сваю. А душа мая няхай узрадуецца ў Госпадзе, усцешыцца збаваннем ад пакутаў і насланага на нас гора! Амінь!..

Сын не замінаў маці, маўчаў, гледзячы на абразы, таксама думкава прасіў помачы ва Ўсявышняга.

Потым выйшаў у двор і доўга разважаў пра сваё становішча, у якім апынуўся...

І вельмі хацелася яму выбавіцца з той пасткі.

 

Віктар Барылін, радавы ўзброеных сілаў незалежнай Рэспублікі Беларусь, за год, што быў у войску, прайшоў скрозь знявагу і здзекі «дзядоў», цярпеў іх дыктат, згінаўся, падпарадкоўваўся, выконваючы іх каманды, а потым у нейкі момант не вытрымаў, раз'ятрыўся, узарваўся - завадатару, старэйшаму вайскоўцу, камандзіру дзядоўскай мафіі, так удырыў цяжкой табурэткай па галаве, што таго адразу забралі ў шпіталь...

Раней, як быў Саюз непарушны, як спявалі ў гімне, салдаты пяхоты ненавідзелі салдатаў-авіятараў, і наадварот, па нацыянальным прызнаку - малдаване біліся з расейцамі і беларусамі, армяне з украінцамі...

Ператваралі, так бы мовіць, у жыццё лозунг «дружба паміж народамі СССР - вечная!», даказваючы, сцвярджаючы, што ніякай той дружбы, пра што баялі камуністычныя ідэолагі, і ў паміне не было... У незалежнай Беларусі тая ж «дзедаўшчына» набыла новыя абрыса, ператварылася ў новы гібрыд - гарадскія білі маладых салдат з вёскі, гомельцы з мінчукамі, берасцейцы з віцебчукамі, магілеўцы з гарадзенцамі... Прычыны для знявагі і бойкі знаходзіліся самыя розныя, да абсурднасці простыя...

Дазнаваліся, распытвалі ваенныя следчыя, адкуль у Вячаслава Хвойнага (пацярпелага) такая траўма галавы.

- Ішоў па дарозе. Паслізнуўся. Ударыўся аб бардзюр.

Не верылі. Зноў дапытваліся, калі прыйшоў у сябе, перапытвалі.

- Ішоў... Паслізнуўся. Ударыўся аб бардзюр...

І больш з яго не маглі выцягнуць ніводнага слова, як ні стараліся, як ні прыставалі.

За гэты час «дзяды» чамусьці Віктара не чапалі, адчапіліся (ці толькі надоўга?), мусіць, чакалі, калі выпішацца са шпіталя іх верхавод і скажа, як ціснуць салажатаў далей.

Барылін не збіраўся адступаць і тым больш моўчкі адседжвацца, чакаць нейкіх пераменаў у лепшы бок. Ведаў, што да лепшага яно не выкруціцца - «дзяды» не даруюць яму яго супраціву.

Рашыў сам абагнаць падзеі, бо па сялянскай логіцы разумеў - пад ляжачы камень вада не збярэцца. І слабаком перад іх хеўрай не хацеў выглядаць, жадалася быць няхай і не пераможцам, але хаця б нескароным...

Ён пайшоў на рызыку.

Хлопец рашыў наведацца да Хвойнага. І выбраў той час у суботу, адразу пасля абеду.

Калі пераступіў парог палаты, адразу ўбачыў перад сабою Хвойнага. Трое хворых, у шэрых халатах, сядзелі каля акна - гулялі ў карты, і на таго, хто зайшоў, не звярнулі аніякай увагі. У палаце было восем ложкаў - чатыры з аднаго боку, і столькі ж з другога, паміж імі - вузкі праход...

- Здравія жалаю, малодшы сяржант Хвойны! - з парога вясёла павітаўся наведвальнік, нават далонь да скроні прыставіў, строгі выгляд надаў твару. - Разрашыце! - і ўжо цішэйшым голасам, як бы вінавата, апраўдваючыся за свой прыход, прамовіў: - Вось у адведкі, як гаворыцца, прыйшоў таварыш малодшы сержант.

Віктар прайшоў да табурэткі, што стаяла каля тумбачкі, акурат такая, якой і агрэў Хвойнага, сеў на яе. Паглядзеў на Славіка, горычна пашкадаваў:

- А і схуднеў ты, хлопча, і не пазнаць! А як галаву забінтавалі - жах! Рукі паадбіваць мала, усю прыгажосць табе сапсавалі. І хто ж гэта, братка, так цябе ўдзелаў, га? І што за гад такі асмеліўся руку на стараслужачага падняць, га? А я ж зусім і забыўся, гэта ж ты ішоў, паслізнуўся - і ўдарыўся галавой аб бардзюро, так? Як у тым кіне Нікулін на банане паслізнуўся. А ты сказаў тыя словы, як трэба было - «чорт вазьмі!»? Не? Ну, во, з-за гэтага і не пашанцавала табе...

Вячаслаў нядобра бліснуў на наведвальніка зневажальным позіркам, прашыпеў ад затоенай злосці:

- Якога хрэна ты прыпёрся сюды, жаўтароцік недабіты? Вось выйду, тады разбяруся з табою.

- Добра, добра, Славік, я не супраць, - усміхаўся, ківаў згодна галавой Віцька і выцягваў з жоўтага цэлафанавага пакета пачастункі. - Тут табе ад жаўтароцікаў - яблыкі, пячэнне, цыгарэты нават... Выбачай, што не змаглі дастаць «Мальбара» і каньячку, толькі «Прыма» і мінералка...

- Ды ідзі ты адсюль са сваімі...

- Ну не трэба так, Славік, не трэба. Во які няўдзячны, а мы ж ад усёй душы, і з павагаю да дзядоў, стараліся, каб не пакрыўдзіць цябе, каб, значыць, улагодзіць. Я ж з вёскі, а ты з горада Гомеля, а гарадскіх трэба паважаць, дагаджаць ім...

- Пшоў адсюль, казёл! - усё больш і больш ятрыўся пацярпелы, адчуваючы недарэчнасць становішча, ды і перад сябрамі па палаце было няёмка - здзек, а не адведкі, і дурню тое было зразумела, і казе, як кажуць, панятна, што выцірае жаўтароцік аб стараслужачага ногі. - Я ж сказаў, калі выпішуся, то...

- Я ўжо тое, Славік, чуў, не паўтарайся. Вось што значыць, калі галава пашкоджана... Але паслухай мяне, «дзядок», - і Віктар Барылін нахіліўся ніжэй - амаль да самага вуха, прашаптаў: - Жук прасіў перадаць табе вось што: калі да мяне ці да маіх сяброў дакранецца твая альбо тваіх дружбаноў рука, то ён, Жук, прасіў напомніць, што вельмі будзе кепска тваёй маці - Людміле Дамінікаўне, і сястрычцы тваёй, Святланцы, якая завінавацілася дванаццаць тысяча баксаў Квачу - у яе ж катэджык невялічкі будуецца на беразе Сажа, ці не так? Харошы такі, трохпавярховы, катэджык. Ну а пра астатняе пакуль што прамаўчу - не час раскрываць карты, а казыры ўсе чырвоныя, ды адны тузы і каралі... Як небудзь іншым разам, іншым часам...

Віктар сеў зноў роўна, агледзеўся па баках, як бы асцерагаўся, каб не пачула яго словы чужое вуха, ужо грамчэй загаварыў, заўсміхаўся:

- А і ўмовы тут у цябе, далажу шчыра - атвраціцельныя. І прасіны не першай свежасці. Столькі тут жаўтаротых, а ты ў брудзе ляжыш... Ці мо і тут па струнцы маладых ставіш, га, Славік? Як, салагі, не прыстае да вас кароль дзядоўскай мафіі? - звярнуўся ён да салдатаў, што ўжо ўважліва назіралі за імі. - Не прыстае, значыць... А то ён аб бардзюр ударыўся, яму ж лячыцца трэба, умовы трэба - цішыня і спакой, і каб яму прыслужвалі... А інакш...

- Хто такі Жук? - бліснуў вачыма «дзед», прыўзняўшыся над падушкай, уперыўшыся позіркам у наведвальніка.

- А, гэта такі жучок з кучы гаўна, у якім і ты можаш апынуцца, калі не прыслухаешся да яго папярэджвання...

- Падла, на понт мяне бярэш? - звузіліся вочы пад чорнымі брыўмі, свідравалі, стараліся пранізаць наскрозь.

- Бяру, бяру, - усміхаўся задаволены радавы Барылін, узіраючыся ў тыя ж вочы крыўдзіцеля, збіраўся ўжо і пакінуць Хвойнага - пачаў акуратна складваць пакецік на каленях, ужо і не глядзеў на Славіка, - і табе след брацца, толькі за розум... Ну, а цяпер - усё. Маё табе з пэндзлікам на развітанне - а ад жаўтароцікаў вялікае прывітанне галоўнаму «дзеду». «Ішоў, паслізнуўся, ударыўся аб бардзюр...» Хм... А малайчына, розум у галаве яшчэ застаўся, хаця добра дасталося мазгам... «Ішоў, паслізнуўся, ударыўся аб бардзюр...» Гы-гы-гы... Анедот. Руб - не грошы, а мужык не пан!..

Зачыніў за сабою дзверы, прайшоў па калідоры між хлопцаў, у шпітальных байкавых халатах, выйшаў на вуліцу.

На душы няхай было няхай і не радасна, але была ўнутраная задаволенасць - выбраны правільны ход, правільная мелодыя, вельмі правільная. І як добра, што Лёнік Гайкевіч, капцёршчык, зямляк - з самага Мазыра, запрасіў яго ў капцёрку, каб раздзяліць пляшку «чарніла», і дазволіў пакапацца ў чамадане Вячаслава Хвойнага. Там і адшукаў Віктар пісьмы ад маці і ад сястры Светы... А астатняе - справа фантазіі на мяжы, так бы мовіць, фола...

«Ну, цяпер мо адчэпіцца, няхай хоць на нейкі час, - разважаў ён, кіруючыся сваёй вуліцы, якая цягнулася аж да самай яго вайсковай часці, - не можа быць, каб не адчапіўся... У вачах сполах? Напужаўся... Значыць, наступіў на хворае месца. Хай цяпер думае пра Жука і Квача, а пакуль дадумаецца, дакумекае, што да чаго, то і прыйдзе пара яму скідваць пагоны...»

Па дарозе размяшчаўся невялічкі рынак.

Некалькі радоў крытых палатак. Людзей было няшмат - асноўныя пакупнікі былі раніцай, а цяпер, пасля абеду, так сабе, выпадковыя ды запозненыя.

На гэтым рынку і купіў Барылін для «дзеда» Хвойнага яблыкаў - ранніх, салодкіх. Мог і кіслых узяць, і ўвогуле са сметніцы нагрэбсці гнілых, - такое і мільганула жаданне, калі ўбачыў, як жанчына-гандлярка адкідвала іх у скрынку, каб потым выкінуць на сметнік, - хай бы ведаў, як да яго адносяцца тыя, каго ён хацеў прыгнуць да зямлі і зламаць, адабраць душу, прынізіць, - але тут жа і перадумаў. Не, нельга ўпадабляцца яму самому і апускацца да яго ўзроўню, трэба прыйсці да Хвойнага як годны чалавек да пераможанага Галіяфа, але ласкавымі словамі трэба сказаць яму пра галоўнае, так, між іншым, без боязі, без страху, і паказацца яму ўпэўненым у сабе, у сваіх сілах... Каб даказаць яму адну простую ісціну - грэх брацца яму за старое... Каб адумаўся, каб адчуў грэх перад Усявышнім...

Зноў завітаў Віктар на той рынак. Ужо каб купіць сабе і хлопцам па яблыку - маці прыслала трохі грошай, каб ён купіў сабе чаго смачнага пакаштаваць. А што яму трэба? Цыгарэты, ну і на «чарніла» зрэдку, каб з сябрамі пасядзець, наладзіць з імі моцныя стасункі... А яблыкі так, каб зубы патачыць...

Выбраў самыя прыгожыя - адзін у адзін, чырвонабокія, аж свяціліся на сонцы. Жанчына аб нечым размаўляла з мужчынам, не бачыла, што салдацік паклаў вока на яе яблыкі.

- Колькі просіце за яблыкі, шаноўная спадарыня? - не адрываў Віктар позірку ад ранета, выбіраў ўжо, якія пакладзе сабе ў пакет, такія ж самыя раслі і ў іх садзе.

Гандлярка перапыніла размову, адгукнулася на пытанне:

- Ды задарам, сынок, амаль аддаю, поўны сад, а дзяваць няму куды... Бяры, за кіло па дзесяць тысячаў.

Віктар усміхнуўся, паглядзеў на гаспадыню:

- А ці не задорага, цётачка?

Ён не губляў надзеі старгавацца, угаварыць на рэальную цану. а то і ніжэй, бо і яблыкі яму дужа спадабаліся.

- Авойечкі мне! - пахітала галавой жанчына, пачала ўжо і жартаваць з салдацікам. - Век гарую і смаку не чую!

- Калі ж дома няма куды дзяваць, то тут яны хіба залатымі стануць? Руб - не грошы, а мужык - не пан. Паспаць бы мне, ды падушка задужа мулкая!..

Мужчына ў шэрай кепачцы адразу насцярожыўся, падышоў бліжэй да прылаўка, пільна прыгледзеўся да вайскоўца:

- Скуль ты будзеш, хлопча? З якой мясцовасці?

- Я? З Мазыршчыны.

- Ці не з Замошша - во толькі цяпер успомніў назву вашай вёскі.

Віктар падзівіўся, паглядзеў на незнаёмца:

- З Замошша. А вы як здагадаліся?

- Ды па тваёй прымаўцы. І - па «падушцы». Чуў я такі выраз ад аднаго чалавека. Ад Антона Ўюнова. Мо чуў пра такога?

- Чуў. Мальвіна з Вінцуком ад нас праз пяць хатаў жывуць.

- А завуць цябе як?

- Віцька я. Барылін.

Незнаёмец нечаму абрадаваўся, замітусіўся:

- Слухай, Віцька! Бяры сабе яблыкаў колькі хочаш, гэта ж мая сястрыца, Таццяна Міхайлаўна, і сваім сябрам бяры, пачастуй іх, - сам набраў поўную сетку, нават і не пытаў згоды ў сястры. - І пайшлі мы з табою пасядзім-пагамонім, калі часу трошкі маеш, півам цябе пачастую. Ты ж мне цяпер як родны...

Віцька нічога не разумеў, але асабліва і не здзівіўся ад шчырасці гэтага невядомага чалавека - на прайдзісвета не падобны, вочы дабрачыя, даверлівыя...

- Я час маю.

Акурат у піўным бары і людзей было няшмат. Выбралі столік за калонай, дзе было зацішна і ніхто не мог угледзець салдата - каб патруль які не прычапіўся.

- Я ж і не назваўся - Адамам мяне маці назвала. От добра, што я цябе напаткаў, а то столькі гадоў прайшло, а я з-за дурной галавы...

Адам узяў два куфлі піва, на сподку прынёс копчаную скумбрыю, - і пацякла-палілася шчырая гутарка-бяседа, радуючы душу і вайскоўцу, і Адаму...

А каб Віктар не мучыўся сумненнямі, чаму захацелася чалавеку пагавыарыць з невядомым саладатам, адразу ж прыступіў да асноўнай размовы...

Не заўважылі, як хутка праляцеў час.

Перакінуліся, здавалася, некалькімі словамі, а прайшло паўгадзіны ўжо. Адам і яшчэ прынёс па куфлю, і яшчэ...

Віцька забыўся пра час.

- За кароткі час ён стаў мне добрым сябрам. І на табе - такая трагедыя. Ты перадай, Віцька, Мальвіне ад незнаёмага Адама Камко прывітанне, а я потым ёй напішу пісямцо. З Кіева ўжо напішу - заўтра еду назад. Мальвіна выйшла замуж?

- Ды не, адна жыве. З Вінцуком. Сваталіся да яе, ведаю, але яна нечага адпрэчыла жаніхоў. Удавой так і засталася.

- Гм... Лёс у жанчыны - ворагу не пажадаеш. І мужа страціла, і сына. Вось што такое армія. Гэта ж не армія, а зброд дэбілаў і бандытаў, дзе генералы правяць свой баль... І на вайне, і ў мірны час. Цябе хоць не даймае там «дзедаўшчына»? - нечакана пацікавіўся ён у Барыліна, перавёўшы ўжо размову ў новае рэчышча.

- Даймаюць... Дык я аднаму табурэткай па галаве. У шпіталі вунь ляжыць. Ад яго і іду - праведваў... Але і прыпужнуў яго, каб на корч не лез...

- Аднак ты не з баязлівых, бачу, - ці то пахваліў, ці то адобрыў яго дзеянні субяседнік.

- Міжволі, дзядзька Адам, смелым станеш. Слабога сагнуць у дугу...

- У водпуску не быў?

- Пакуль не. Але камандзір за стрэльбы аб'явіў падзяку і выдаў кароткатэрміновы водпуск. Чакаю, кал выканае сваё абяцанне.

- Віншую. Выканае камандзір сваё абяцанне... Тады, як паедзеш, то і перадай Мальвіне і Вінцуку мой паклон. А я чыркану ім асобна пісямцо. Тады, танкіст, бывай! Мо і ўбачымся калі.

Абняліся, як свае.

Праз паўгадзіны Віктар Барылін быў ужо ў падоаздзяленні, чачставаў хлопцаў чырвонымі яблыкамі, нахвальваў гатунак, сам упіваўся маладымі зубамі ў чырвоныя бакі, пырскаў сокам...

Узялі па яблыку і «дзяды» - ім перадаў Барылін прывітанне ад Хвойнага, падкрэсліўшы тым самым, што з тым наладжаны нейкія стасункі. Яны моўчкі жавалі ранет, нічога не гаварылі.

Іх маўчанне і спадабалася Барыліну.

«Хай не думаюць, што я зломак нейкі... Хай здагадваюцца, хай ламаюць голавы, хай доўжыцца час незразумеласці сітуацыі...»

 

10

 

Людка ў пакоі не начавала зноў.

Людка заставалася спаць там, куды яе клікалі, куды запрашалі, дзе паілі каньяком і віном, дзе здавольвала яна сваю душу, дзе тушыла ўнутраны пякельны агонь.

Але тушыла яна яго на кароткі час - усяго на некалькі гадзінаў.

Заставалася ў чарговага спадарожніка столькі, колькі таго і сама жадала.

Рэдка з'яўлялася і за абедзенным сталом. Ды навошта быў ёй той посны абед ці вячэра, калі ў дырэктарскім люксе хапала ўсяго - і пітва, і яды, і - задавальнення... Ад апошняга яна хутка стамлялася, але ўжо праз тры-чатыры гадзіны зноў узыходзіла на слодычную Галгофу, - сама не разумела, чаму мужчыны, ад'ехаўшы на чатыры тыдні ад дому, такія ненатольныя - як быццам бяруць тое «багацце» апошні раз у жыцці. Дарэчы, як і яна, Людка...

Так расказвала, такімі думкамі дзялілася яна з Аксанай, калі днём прыходзіла ў пакой, каб пераапрануцца, памяняць бялізну. Аксана толькі ківала галавой, разумеючы яе, не адабраючы, але ж і не хвалячы і не ўхваляючы тое, як яна сябе паводзіла, як адносілася да жыцця - было нешта ў ёй ад бяздумнасці і бесклапотнасці, ад павярхоўнасці і няпэўнасці.

Радавалася хіба аднаму - суседка зусім не начавала ў сваім пакоі. Так і хацела Аксана, так і скіравала дальнейшы ход падзей...

У акно зазіовала поўнатварая поўня - як гожы твар дагледжанай маладзіцы. Яна, поўня, была так блізка каля акна, што, здавалася, рысчыні насцеж рамы, выдаўжы руку - і дакранешся да яе, адчуеш яе таямнічы холад, адкрыеш яе шматгадовую загадку.

Была глыбокая ноч - блізка каля трох гадзінаў.

«Уладар цемры і мой пан, - зажмурыла Аксана вочы, схіліўшы да грудзей галаву, аддаючыся ўладзе нябачнай сілы, пагружаючыся ў яе, паддаючыся ёй, адчуваючы, як наліваецца ўсё цела той энергіяй, якая можа спапяліць усё навокал, прынізіць чалавека і зрабіць яго бязвольным, бяссільным, безцялесным... Альбо штурхнуць яго на тыя ўчынкі, на тыя дзеянні, на якія ён ніколі не быў здольны, чаго ніколі ў жыцці не рабіў... - Да цябе звяртаюся, з табой хачу параіцца, ад цябе большай сілы набрацца... Ты тут, са мной?..»

У кутку, у цемры, рыпнуў Людчын ложак:

- Тут я, я штоноч з табою... Аберагаю твой сон.

- Паглядзець хачу, што робіць мой абраны - пра каго думае, што сніцца яму?

- Добра...

Перад расплюшчанымі вачыма паплылі ружова-жоўтыя касмылі-кругі, потым яны пачалі пакрысе пульсаваць, ператварацца ў блакіт неба... Вось і поле, тое, што за Бронькай, куды па першыя баравічкі прыбягала Аксана, а яшчэ далей - балотца, куды за гускамі для парсюка наведвалася... На полі трактар, але без Вінцука. Дзе ж ён? А, у гаёк пайшоў, прагуляцца захацеў... Пасядзець хочаш, адпачыць? Пянёк шукаеш? На і пянёк табе... Ідзі, ідзі, чаго ж стаіш? Нешта на пні ўбачыў? То ж мой падаруначак-напамінак пра мяне, і вяроўчына-пута, без чаго я не абыйдуся... Чаго ж адскочыў так, не

бойся, не ўкусіць... пакуль не ўкусіць... Ад мяне ўцякці хочаш? Але ты забыўся пра адну простую ісціну - чым далей ты збіраешся ўцякаць, тым мацней я ўтрымліваць буду цябе.

Усё бачыла Аксана - як прыехаў пасля на машынны двор, як мыўся, як гаварыў з Ястрабком, каму з дзяўчат усміхаўся... Павячэраўшы, лёг спаць. Нікуды не пайшоў - стаміўся? Ці не было да каго ісці? А мо да кульгавай Лёдзі, аднакласніцы, ці да гарбаценькай Юлькі? Ніштаватыя дзяўчыны - прыгожыя з твару, але з трэшчынкамі...

- Ну, супакоілася? Усё пабачыла?

- Дзякую, супакоілася.

Цяпер можна было спаць, цяпер ужо нішто хваляваць не будзе... Яна як забітая ўпала на падушку.

Яе зноў пачало трэсці, калаціла, бы ў ліхаманцы; сашчаміла зубы, сціснула кулакі. Чакала, калі міне тры хвіліны яе вяртання да чалавечых якасцяў. А праз пяць яна правалілася ў мройны туман - крочыла ў сне сваімі сцежкамі... І на ёй напаткала неўзабаве Вінцука. Ён смяяўся, абдымаў яе, а яна вяла яго ў свае таямнічыя ўладанні, каб ператварыць яго ў тую істоту, якой была сама...

Рука яго не вырывалася, была бязвольнай, падпарадкоўвалася яе жаданню, сціскала яе ўсю мацней і мацней.

«От бы так заўсёды, - думала радасна і салодкая млявасць разлівалася па ўсім целе. - Я тады была б самая шчаслівая ў свеце, а мо і ў сусвеце...»

 

11

 

Дзед Нікадым быў для многіх жыхароў чалавекам незразумелым і непрадказальным, дзіваком, адзінотнікам, чалавекам «прыветам», які быў непадобны ні на кога з тутэйшых людзей - і адзеннем, і думкамі, і паводзінамі, і спосабам жыццяіснавання...

Як для яго, дарэчы, і людзі былі дзіўнымі і незразумелымі - ніяк не мог уцяміць, як можна жыць пад прымусам Сатаны, падпарадкоўвацца начальнікам і абставінам, мітусіцца ў чалавечым мурашніку, змагацца за ўяўныя даброты, імкнуцца да багацця, нешта капіць і накапліваць на будучае, якое потым і не спатрэбіцца, мяняць на золата сваё сумленне, нават душу сваю...

А што ж казаў Ісус Хрыстос? Праз Мацьвея Ён даводзіў: «Таму і кажу вам: не турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есці і што піць, ні дзеля цела вашага, і ў што апрануцца. Ці ж душа не большая за ежу, і цела - за вопратку? Зірніце на птушак нябесных: яны не сеюць, не жнуць, не збіраюць у засекі; і Айцец наш нябесны корміць іх. Ці ж вы, людзі, не нашмат лепшыя за іх?

Дык хто ж з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?

І пра вопратку што турбуешся? Паглядзіце на лілеі польныя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць... але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй сваёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх... Шукайце ж найперш Царства Божага і Праўды Яго, і гэта ўсё дадасца вам...

Дык вось, не турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату...»

Ніхто не ведаў, колькі старому Нікадыму гадоў - ці дзевяноста, ці ўжо даўно за сто. І сам ён пра тое, мусіць, не ведаў, ды і не задумваўся над тым ніколі...

Як і памятаюць людзі, калі яны прыходзілі да яго, то быў ён заўсёды ў адным і тым жа адзенні - срэбнай кашулі, світцы і нагавіцах, пры сівой і доўгай, як не да каленяў, барадзе. І заўсёды босы - няхай то летняя спёка ці зімовая сцюжа...

Вяскоўцы і здзіўляліся, і не разумелі яго. Хаця ж - звыкліся, прызвычаіліся да дзедавых дзівосаў. Але ж - ніколі не абгаворвалі, адносіліся з павагай.

Кожнай зімой, калі прыпякаў люты мароз, што аж трашчалі сцены, ды яшчэ змяюка-вецер скавытаў у завуголлі, ні ў адной хаце людзі, якім ён памог, прагнаў ад іх хваробу, маглі з трывогай падумаць: «І як там, на сваім хутары, дзед Нікадым, ці жывы хоць, ці не замёрз у такія лютыя маразы?..»

Калі ж здаралася, што некага прыціскала хвароба ці немач - да няўсцерпу, і чалавек не мог нідзе знайсці паратунку - нават у бальніцы, - тады было толькі адно і апошняе спадзяванне - на старога Нікадыма і на Бога.

Да яго дапіналі па бездаражы - па плюхаце і халяпе, у слату, і ў пякучыя маразы. Дапіналі да яго з апошнім спадзяваннем, з сабою несучы бохан хлеба і кольца каўбасы, яшчэ - брус сала; падалі ў ногі, прасілі даць якой рады - вылечыць ці то жанчыну, ці немаўля...

Прыходзіў, правільней, амаль прыпаўзаў да яго і Барылін, - скручваў спіну радыкуліт ці што іншан, моўчкі, умольным позіркам прасіў у дзеда помачы. Нікадым, бліскаючы з-пад калматых броваў чэпкім позіркам на калгаснага механізатара - каржакаватага і дужага, з'едліва пытаўся?

- Чаму ж табе, пятрок, не памаглі вучоныя дактары - яны ж павінны лячыць вас... А хто я - у мяне ўжо і сілы не тыя, а ты так доўга не ішоў да мяне. Чаму?

- Думаў, што памогуць, два месяцы ў больніцы пралежаў...

- Два месяцы, два месяцы, - бурчэў нязлосна дзед, але з першы ягоных слоў пасылаў ён на Барыліна свае промні, свае лекі. - Ды ладна, тут-ка тваю, так і быць, мо і паможа Бог табе...

І ён станавіўся пад абразы, доўга чытаў малітвы, прасіў у Айца Нябеснага дазволу на дзейства.

Людзям жа заўсёды казаў-раіў:

- Прасеце - і дасца вам; шукайце - і знойдзеце; стукайцеся - і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць - атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца - таму абавязкова адчыняць... Вы пастукаліся - і я адчыніў вам, вы папрасілі - і я даў вам... А цяпер ідзіце з Богам...

Чараваў ён над Петрусём мо і не доўга - з хвілінаў дзесяць, але праз кароткі час хворы заснуў - аж захроп, адкінуўшы ўбок галаву; цела ўсё размякла, абвяла, - і стары пакінуў яго ў такім стане, сядзеў побач, маўчаў...

Маўчала і жонка Петрыка, Алёна, баялася і слова вымавіць, каб не парушыць суладдзя паміж лекарам і хворым...

Нікадым узяў Петрыка за руку - і ён прахапіўся.

Здзіўлена глядзеў на старога, на Алёну, не разумеў, што з ім, і чаго ляжыць на дзедавым ложку.

- Уставай - і ідзі дадому, - загадаў стомлена дзед Нікадым, - чаго разлёгся на маім лежбішчы... Ідзіце з Богам.

Пятрок асцярожна прыўзняўся на ложку - памятаў яшчэ сваю нямогласць, глядзеў то на дзеда, то на жонку, - і сеў, спусціўшы ногі, і ўстаў, цвёрда стаўшы на ногі, не адчуўшы пры гэтым ніякага болю ў паясніцы...

Не паверыў - зрабіў адзін крок, другі, трэці, прысеў нават. Заўсміхаўся, радасна паглядзеў на Алёну, як бы хвалячыся сваёй папраўкай. А Нікадым і не павярнуўся да яго, сядзеў спіной да дзвярэй, моўчкі ўнурыўся некуды сабе пад ногі...

- Чым жа аддзячыць табе, дзед Нікадым, чым расплаціцца? - пытаўся расчулены Пятрусь.

- Анічым, тут-ка тваю, ні грошай, ні сала мне не трэба... Хадзі на здароўе.

Махнуў слаба рукой, усё яшчэ не паварочваючыся, амаль прашаптаў:

- Ідзіце з Богам - стаміўся я...

Усё ўмеў рабіць дзед - мог вылечыць амаль ад усіх хваробаў. З-пад Менску прыехала да яго жанчына, выпадкова даведаўшыся, што ў глухім паляшуцкім лесе жыве такі незвычайны дзед. У аддзеле аховы здароўя працавала ў раённым цэнтры. З дачушкай здарылася бяда - адняліся ногі. Цэлы свет аб'ездзіла - нідзе не далі рады.

Прывялі іх да дзеда Барыліны. Святланку прынёс на сабе Пятрусь. Дзед адразу, як толькі пераступілі парог, загадаў малую пасадзіць на яго ложак. Нікадым, здавалася, і не лячыў яе, а толькі распытваў у жанчыны, чым яна займаецца, калі такое здарылася з дзяўчынкай. Паўгадзіны мо прайшло як яны завіталі ў хату, не больш.

А потым і да Святланкі павярнуўся, як усё роўна ўспомніў пра яе існаванне, пагладзіў яе па русявых косках, усміхнуўся, здзіўлена спытаў у яе:

- А ты чаго, шаноўная паненачка, расселася тут, на маім ложку, тут-ка тваю! Ану ўставай і займайся сваімі дзіцячымі клопатамі!..

У маці акругліліся вочы ад бесцырымоннасці і здзеку дзеда, толькі даланю да рота прыставіла, каб не сказаць чаго крыўднага.

Дзяўчынка ўстала, хістаючыся, усё яшчэ не верачы ў цуд, што адбыўся, пайшла да маці - уткнулася тварам у грудзі... І тады жанчына заплакала, скрозь слёзы глядзела на дзеда, сілілася нешта сказаць - і не магла...

- Я ж казала табе, што толькі мне дзед і паможа, - тлумачыла маці, супакойвала яе. - Мне ён сніўся, я яго такім і бачыла...

Усіх мог вылечыць Нікадым ад хваробы, а вось унука свайго, Міхаську, не мог...

Старую Антолю яшчэ да вайны Бог паклікаў да сябе, і яны засталіся ўтрох - Нікадым, дачка Ганя і Міхаська.

У вайну Ганю забілі немцы - прама ў хаце. Прачэсвалі лес - шукалі партызан, на іх хату наткнуліся...

Нікадыма пасля вайны энкэвусаўцы адправілі ў лагеры - нечым не дагадзіў уладам.

Міхаську даглядалі розныя людзі - найбольш тыя, каму хоць раз прыходзілася звяртацца да дзеда за помаччу...

З хаты ў хату пераходзіў Міхаська. Быў ён бяскрыўдны, ціхі, толькі пасміхаўся, гледзчы некуды сабе пад ногі, і гаварыў ён адно і тое ж: «Казаў жа дуб асіне, каб не вельмі высільвалася, каб не гнулася надта пад ветрам...»

Ніхто не ведаў, што азначалі яго словы, які мелі сэнс, ды і адкуль узяліся, хто іх гаварыў, што малы запомніў...

Ад нараджэння ў яго здарылася такая хвароба...

Антоля не ведала, і сама Ганя не ведала, ад чаго такое здарылася з ім - нідзе ж не падаў, галоўкай не ўдараўся...

І цяпер унук сядзеў у запечку. Калі ж пайшлі Барыліны, сказаў дзеду:

- Дзед Нікадым... Казаў жа дуб асіне, каб не гнулася дужа пад ветрам. Казаў, дзед?

- Казаў, Міхасёк, казаў, але што паробіш, нябожко! Іначай нельга, тут-ка тваю...

- Вецер моцны, асіна слабая, не след было так гнуцца...

- Не след, - пагаджаўся дзед і ўздыхаў, ведаючы, што праўду гаворыць унук, але і па-іншаму ўжо рабіць не мог.

Раней у дзеда ад жалю да ўнука выступалі на вачах слёзы, калі ён чуў пра дуба і асіну, туліў да сябе, паддакваў няўцямна:

- Так, так, нябожко... І я таксама казаў той асіне, ды не слухаецца яна мяне, таму і невядома, што чакае яе наперадзе. А ты ўсё ведаеш, усё адчуваеш. Гэта добра, што адчуваеш, мо калі і ўсялю ў цябе розум, хаця ж ты і не дурны, а калі разабрацца, то мо і разумней за ўсіх...

- Так, дзед, разумней, - згаджаўся Міхаська, - мне б толькі зразумець, дзядуля, людзей, а яны чамусьці не хочуць мне адкрывацца, яны маўклівыя са мной, як нежывыя сядно... Толькі шкадуюць мяне, лічачы, што я...

- Мо, дасць Бог, і зразумееце адзін аднаго, яшчэ прыйдзе такі час... Толькі ці я сам зразумею цябе - хто яго, мусіць, ведае, тут-ка тваю...

Цяпер жа, пасля таго, як паставіў на ногі Пятруся Барыліна, дзед Нікадым адчуў сябе вельмі стамлёным. Яго жыццё здавалася, вісела на валаску, не мог нават загаварыць, бо ведаў - толькі напруцься, толькі загавары, - і абарвецца кволенькая нітачка, паляціць дзядуля ў прорву-яму, і ніколі ўжо не выберацца адтуль, а паселіцца ў іншым месцы, на другой планеце, і будзе яму тады ўжо не сто дзесяць гадоў, а зноў трыццаць тры - як Ісусу Хрысту перад укрыжаваннем...

З грудзей вырваўся нейкі сіпаты і кароткі гук, і дзед, здаецца, усхліпнуў, не расплюшчваючы вачэй - яму стала чамусьці страшна, страшна можа ўпершыню ў жыцці. Страшна ад таго, што сілы яго ўздзеяння пачыналі губляць сваю моц, яны раставалі бы сакавіцкі снег пад промнямі цёплага сонца.

- Хр-рр-х... - хрыпеў Нікадым, не гледзячы на ўнука, - хр-хррх...

- Казаў жа дуб асіне, каб не дужа гнулася пад ветрам, вось табе ад таго і кепска, і мне памагчы ўжо не здолееш. Нікудышны ты стаў, дзед, квёлы... Але не сёння твой вечар, яшчэ на дзве бяседы ў тваіх жылах ажывіцца кроў...

Ніхто не ведаў, што елі дзед Нікадым і Міхаська.

Як і не ведалі, за кошт чаго яны выжывалі, бо ніколі ж не палілі ў печы, не распальвалі грубкі. Таму што іх у хаце не было.

З таго часу, як людзі ў скуранках прыйшлі да дзеда і разбурылі іх, б'ючы абухамі сякер па тонкіх сценках з цэглы, яны і не ладзілі сабе ні грубкі, ні печы...

Не было ў хаце ні чыгуноў, ні місак. Толькі некалькі драўляных кубкаў, якія вырабіў даўным-даўно Нікадым. Чыгуны былі, але яны былі не ў хаце. Схаваны яны былі пад дубовым пнём і добра замаскіраваны ад чужога вока. То было іх адзінае багацце - у чыгунках рабілі адвары з зёлак, расклаўшы агонь каля самага ўзболатка, куды ніхто не мог дабрацца і перашкодзіць рабіць тую працу, якая доўжыла ім жыццё, давала сілы...

Чараваў над чыгункамі заўсёды дзед. Унук толькі назіраў, уважліва запамінаў, што рабіў Нікадым. А дзед зачэрпваў ліпавай конаўкай адзін адвар, выліваў у другі чыгун, а потым змешваў варыва ў трэцім - ужо з іншымі зёлкамі; потым, праз нейкі час, выліваў гарачы канцэнтрат у адмысловыя бутэлькі з часоў напалеонаўскай вайны...

То Міхаська знайшоў клад пад будам. У металічным куфэрачку было золата і брыльянты. Паказаў дзеду, і на яго вачах тое зіхоткае багацце закінуў у багну - яно ім карысці не прыносіла. А ў вялізнай скрыні, абабітай па вуглах і кантах нержавеючым металам, знайшоў бутэлькі з тоўстага шкла - з зялёным адлівам. Дзед, убачыўшы такое багацце, абрадаваўся - пачаў адкаркоўваць бутэлькі. Наладзіў цэлую кананаду - коркі стралялі, вылятаючы з гарла, і ляцелі некуды ў балотную твань, туды, куды перад гэтым Міхаська адправіў зіхоткія вырабы.

Нікадым страляў, радаваўся, як малы, а ўнук рагатаў, гледзячы, як дзед расстрэльвае балота, пужаючы жаб і вужоў.

Хаця ж і не было ў хаце печы, у драўляным цэбрыку ніколі, нават і ў траскучыя маразы, ніколі не замярзала вада. І ў хаце было не холадна, хаця ад марозу трашчалі вуглы хаты...

І тое таксама здзіўляла людзей, калі яны ў такі час завітвалі да іх. Што яны елі, і ўвогуле ці елі калі хаця б што-небудзь, ніхто дакладна не веда. Бо тыя ж кольцы каўбасы і хлеб, што прыносілі людзі, так і ляжалі некранутымі на стале.

Да яды не дакранаўся ні ўнук, ні Чарадзей.

Але раз на год выбіраўся дзед Нікадым на вёску.

Выбіраўся той парой, калі спраўлялі дажынкі, калі з першага збожжа можна было спячы хлеб - пад Багатуху, Багача. Яму ж пяклі тры боханы - і таго ставала на ўвесь год. І той хлеб у Нікадымавай хаце быў як толькі што выпечаны.

Хлеб дужа любілі лясныя насельнікі.

Летам і зімой у хаце дзеда было шмат лясных гасцей: вуж Маўчун, гадзюка Царыца, - праўда, жылі яны асобна, у розных кутках хаты. Маўчун дык і на стол мог запаўзці, на плячы Чарадзея ўладкавацца. І Царыцу браў у рукі Нікадым. Але толькі тады, калі трэба было пазычыць у яе атруты - для лячэння бясплоднай жанчыны. Ён дабаўляў кропельку яе ў адвар з семнаццаці зёлак. Гэты сакрэт трымаў дзед у тайне, аднаму Міхаську паказаў, як варыць і з чаго...

Лось і алянуха прыходзілі да двара. І воўк наведваўся часта, і ліса, вавёркі дык і зусім жылі ў хаце круглы год, на спажыву ды дзеля нарыхтовак на зіму пакідалі хіба толькі дзедаву хату...

Калі ж у Нікадымавыя нетрыскі кіраваўся які чалавек, пра тое папярэджвала сарока Сака - неспакойна лётала тады над хацінай і трывожна чахкала, даючы сігнал трывогі. Тады ўсе лясныя госці вярталіся на свае сцежкі і ў свае сховішчы - не жадалі сустракацца з людзьмі, паказвацца ім на вочы... Не любілі яны людзей з вёскі, - асабліва пасля таго, як невяжомыя пабурылі ўсё ў хаце Нікадыма... Спаліць яшчэ хацелі селішча, ды ні адна сярнічка не загарэлася ў іх...

Тады машына, на якой пад'язджалі людзі да тэрыторыі Чарадзея, ужо на адваротным шляху, пераадольваючы невялічкі брод, правалілася ў багну - як у прорву. Ледзьве паспелі выратавацца. А тыя, што разбуралі печ і

спрабавалі падпаліць дзедава селішча, не паспелі выскачыць з кабінкі - так і пайшлі на дно разам з машынай...

Потым тую машыну шукалі, спрабавалі дастаць, але нават і намацаць яе не маглі - згінула як на той свет.

Ніхто не ведаў: то Нікадым адпомсціў зласліўцам за шкоду, якую нанеслі яму, ці тут ужо ўмяшаўся Бог і пакараў іх - злыя людзі яшчэ той жа сякерай пасеклі дзедавы абразы Божай маці з маленькім Ісусам Хрыстом...

Пра той выпадак ведалі не толькі ў вёсцы, але і далёка за яе межамі.

 

... Нікадым сядзеў на прызбе, падставіўшы сонцу твар.

Прымружыў вочы, драмаў.

Міхаська некуды збег - таптаў свае лясныя сцежкі, знаходзіў сабе занятак па душы: клікаў-склікаў да сябе лясных жыхароў і дурэў з імі да салодкай знямогі. Толькі звяры разумелі яго, толькі са звярамі адчуваў сябе шчаслівым і зразумелым. З ваўком спрачаўся навыперадкі - па дваццаць кіламетраў маглі прабегчы без супынку, і на спіне таго ж ваўка ён вяртаўся дадому...

На каленях Чарадзея ляжаў, звіўшыся кольцам, шэры вуж.

З раніцы грувасціліся над лесам аблокі - пнулася неба на дождж, абяцала, што вось-вось абрынуцца спорным ліўнем, ды нешта не зацяжарнелі воблакі вільгаццю - паляскалі-пабурчэлі грамы-маланкі, ды і перасталі, суцішыліся...

Людзі, ведаў Нікадым, чакалі дажджу. Бо на сотках гарэла бульба - звяў бульбоўнік і памідоры пачалі хіліцца долу, страчвалі сілу і моц. Як на згубу смаліла спякота. А яму, Нікадыму, дык і ўсё роўна было, ідзе той дождж ці не - ні сеяць, ні жаць яму не трэба было. Але шкода было людской працы, патрачаных сілаў...

Жыў у дзеда і чорны бусел. Круглы год жыў. Ён адзін і не хаваўся ад людзей, хіба што яшчэ вавёркі...

Для бусла Міхаська зімой даставаў з глыбіні прамерзлага азярца змерзлых жабаў. А ў сак, пад ільдом, убіваліся ўюны - любімы ласунак Чорнага.

Бусел падышоў, стаў побач. Паглядзеў на дзеда - як пра што пытаўся ў яго.

- Што, сумна аднаму, Бацян? - прытуліў Чарадзей чорную птушку, і бусел паклаў галаву старому на калені - як вінаваціўся за што перад гаспадаром. - Ну, чаму не ляціш да сваіх суродзічаў? Я ж табе крыло змайстраваў - вунь як добра лётаеш над лесам. Баішся, што не даляціш ў цёплыя свае краіны? Значыць, маеш розум, калі так, бо ведаю, што ты не з лянівых, і што птушка ты найразумнейшая з усіх...

Чорны згодна заківаў галавой, заклекатаў дзюбай, як бы гаворачы, што зразумеў дзеда, павярнуў галаву ўбок - пачаў ўслухоўвацца ў пошум густых дрэваў. Толькі тады зачахкала над галавой сарока, папярэдзіла-паведаміла, што да Чарадзея кіруюцца людзі з вёскі...

Нікадым ведаў, хто ішоў, але не ведаў таго, ці здолее памагчы ім, - кожны дзень адбіраў у яго дадзеную Богам здольнасць бачання і прадбачання падзей і даўжыні чалавечага жыцця, - ды і век яго ўжо рабіў свае апошнія кругі... Але ж тым людзям, што кіраваліся да яго, яму найбольш з усіх і хацелася памагчы...

Яны былі яшчэ далекавата - толькі ўзыходзілі на хісткую кладку праз ручэй. Маці няспешна крочыла паперадзе, а сын ззаду - падтрымліваў яе, каб не ўпала, не звалілася да жабаў і вужоў, што капашыліся ў траве і лотацях...

«О, каб вы раней трошкі, ну хаця б на месяц раней выправіліся да мяне, як я яшчэ збольшага валодаў той сілай, якая магла вырваць дуб з коранем, чаго, праўда, я ніколі не рабіў, - то я адвёў бы ад вас бяду, прымусіў бы яе, гадаўку, замоўкнуць, адабраў бы ад яе чорныя мячы цемры - і яна назаўсёды адхіснулася б ад сваёй ахвяры... А цяпер што, што цяпер - ад хваробы яшчэ не адышоў, я амаль ужо і не Чарадзей-Чараўнік, і амаль што не чалавек... Ды што ўжо і казаць, аткі-маталкі, экх-хх...»

Стары зноў расчуліўся. Апошнім часам з ім тое здаралася часцей і часцей, што ён ужо і сам сябе ненавідзеў за тое.

Вільготнымі рабіліся вочы, пачыналі дрыжэць рукі.

А ён вельмі не хацеў гэтага, паказваць тое не хацеў...

Ён гладзіў доўгадзюбую птушку, быццам ёй скардзіўся на сваю нямогласць, верачы, што бусел разумее яго, зразумее парэшты яго. Потым, прыхінуўся спіной да сцяны хаты, падставіў сонцу твар: «Грэй, сонейка, адагравай мае старыя косці, разагравай кроў, якая ўжо загусла, не так порстка бегае па венах майго цела, як раней... Эх-ма, тут-ка тваю... Божа, то Ты, Усемагутны Божа, вучыў мяне: «Ці ёсць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму? і калі рыбы папросіць, змяю падаў бы яму? Дык вось, калі вы ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым больш Айцец ваш, Які ў нябёсах, дасць даброты тым, хто папросіць у яго...

І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім: бо ў гэтым закон і прарокі. Уваходзьце вузкаю брамаю, бо шырокачя брама і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі; бо вузкая брама і цесная дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх...»

 

12

 

Мальвіна яшчэ звечара замясіла цеста ў дзежцы, кінула туды трошкі насення кропц (ведала, што Нікадым любіць такі хлеб), накрыла палатняным ручніком і пакінула ў запечку.

Раніцай выпаліла ў печы бярозавымі і дубовымі паленцамі - каб дух быў мацнейшы, каб хлеб набыў сваю духмянасць і сілу, каб стаў той жывой істотай, без чаго не можа пражыць ніводзін чалавек...

Хаця Вінцуку ўжо можна было і пакінуць працу, бо трэба быў час на зборы і падрыхтоўку, ды прыбег брыгадзір трактарнай брыгады, пачаў умольваць-угаворваць:

- Браце Вінцук, ну хоць дзянёчак яшчэ пакруці баранку, га? Бо хлопцы з пахмелля, насвяткаваліся на дажынках, што і яшчэ не могуць ачомацца... Я прымусіў бы іх працаваць, ды каб якой бяды не нарабілі... Выручы хіба, Вінцук, га? Богам прашу...

- Добра, Пятро, угаварыў. За Адолькавым кругам араць?

- Ага, за Адолькавым. Дзякую, Уюн, выручыў. Будзеш у арміі - не хвалюйся - з соткамі маці не будзе мець праблем, ну і ў іншым ад мяне помач будзе, - паабяцаў сябар, паціснуў руку і пашыбаваў далей па сваіх клопатах.

А Вінцук на тым полі ўсё, як мерыўся, не ўзараў. Не паспеў. Паехаў туды і на другі дзень, хаця яго і не прасіў ужо Ястрабок, саромеўся, ды і так уважыў яго...

Працаваў у ахвотку, ведаючы. што надоўга развітваецца з трактарам, мо і назаўсёды, бо даб'юць пасля яго хлопцы да ручці, ды і тэрмін яго выпрацоўкі даўно скончыўся - яшчэ пазалетась...

Апошні разварот на полі зрабіў па абедзе.

І з добрым настроем вяртаўся на машынны двор.

Адступіла некуды на задні план Аксана з яе неадольнай прагай-смагай і імкненнем аблытаць яго, спалюндраваць... Ёй яшчэ два тыдні заставалася быць у санаторыі. А за гэты час Вінцук апране вайсковую форму, возьме ў рукі аўтамат, які ўсырычваюць кожнаму грэнадзёру, - і памінай як звалі...

Але кожную ноч у сне прыходзіла-прыпаўзала тая, на пні, гадзюка. матляла галавой, стаяла на хвасце - хацела ўкусіць. Потым ператваралася - незразумелую пачвару - з тварам Аксаны Журавель.

У хаце, калі зайшоў Вінцук, церпка патыхала свежаспечаным хлебам. Хлеб ляжаў на лаве - умыты крынічнай вадою, накрыты палатняным ручніком.

Пяць круглых боханаў ляжалі на шырокай лаве.

«І куды столькі, навошта? - падумаў, распранаючыся. Кінуў сваё адзенне асобна ад усяго - бруднае, у якім ён пэцкаўся пад трактарам. - Хіба ў армію мне, дык я цэлы ўзвод ці роту магу ім пачаставаць...»

Стукнулі веснічкі, прыйшла з фермы маці.

З акна ўбачыў яе - ішла да хлява. Мальвіна прачыніла дзверы і выпусціла ў двор рабых парсючкоў - каб на сонцы пагрэліся, у канаве з вадой пакачаліся...

- То ты прыйшоў ужо? - не падзівілася маці, скідаючы з сябе шэры пінжачок. - А я, бач, хлеба напякла.

- І навошта столькі?

- Тры занясем Нікадыму і Міхаську.

- Нікадыму? - паглядзеў на яе сын. - Да яго пойдзем? Чаго?

- Да яго, сын. Трэба ісці. Бо не бачу іншага выйсця. Не хачу, каб і цябе яна зжыла са свету, не давядзі, Божачка! Прашу, сынок, не праціўся. Ён жа і бацьку твайго некалі адратаваў, і мяне, як Макушыха сурочыла, хваробу наслала. І цябе, веру, абароніць ад злых чараў вядзьмяркі... Пойдзем, га, сын?

Ён паразважаў, адказаў:

- Добра, мама. Сходзім. Калі?

- Заўтра. Акурат і маладзік нараджаецца - усё набірае сілу, і дзед мо мацнейшы будзе. Вунь Пятро Барылін - ледзьве дапоўз да яго, а вярнуўся здаровым чалавекам... А ў цябе не хвароба, у цябе іншае...

Маці паставіла на стол абед - гарачы, толькі з печы, боршч з грыбамі, патэльню з бульбай і яечняй.

Але не паспелі сесці за стол, як у сенцах нехта гучна загрукаў ботамі, потым яшчэ мацней загрукаў у дзверы.

Дзынкнула клямка, расчыніліся дзверы. І на парозе, прыставіўшы руку да брыля фуражкі, выструніўся салдат, зычна прамовіў-далажыў:

- Радавы Барылін прыбыў у адведкі! Дзень добры вам у хату!

Нейкі момант Вінцук стаяў здранцвелы, як і маці, - не чакаў убачыць перад сабою свайго лепшага сябра. Потым кінуўся да яго, абняў і сціснуў у абдымках, прыпадняў, адарваў ад падлогі.

- Віцька, ці ты гэта, га?

- Я, я... Вось з'явіўся, не запыліўся.

- Чаму не напісаў, не папярэдзіў?

- Я і сам не ведаў, нечакана ўсё адбылося.

Яны яшчэ нейкі час не адпускалі адзін аднаго з абдымкаў, як танцавалі нейкі незразумелы танец, пераступаючы з адной нагі на другую, прытуліўшы шчаку да шчакі.

- Ох, Віцька, і ўгадаў ты прыйсці - акурат абедаць сабраліся. Сядайце за стол, хопіць абдымацца, - глядзела цёпла на іх Мальвіна, радуючыся сустрэчы і таму, што ў яе сына такі харошы сабар - сян яе сяброўкі.

Вінцук аслабіў рукі, выпусціў танкіста са сваіх абдымкаў, ужо глядзеў яму ў вочы:

- Прашу за стол! Маці, дзе наша горка-салодкая?

На стале з'явілася пляшка «карчоўкі», што вясной з сынам выгналі ў лесе, у карчах, ля возера. То ж і да пасяўной трэба, і калі хто дроў прывязе, і госць які ў хату завітае, - без яе, самагонкі, не абыдзешся. І з ёю гора, а без яе і ўтрая горш...

Калі Вінцук наліў па шкаліку, і маці трошкі, калі прайшло першае ўзрушэнне і радасць, калі зноўку напоўнілі, калі гамана ўжо стала спакойнай і ціхай, маці прамовіла:

- А ты, Віцька, як узмужнеў за год - сапраўдным мужчынам стаў...

- Армія, цётка Мальвіна, яна робіць з нас мужчынаў... Каго згінае ў дугу, а каго песціць... Калі прыйдзе пара і Вінцуку ісці ў войска, то сам даведаецца, што і да чаго...

- Ды прыйшла пара ўжо, - уздыхнула маці. - Праз тыдзень забяруць.

- Праз тыдзень? - падзівіўся Віцька з навіны, не верачы, - Дык я, выходзіць, на тваіх праводзінах пагуляю?

- Пагуляеш. На пачэсным месцы пасаджу, - кіўнуў яму сябар і зноў наліў - але па палавінцы ўжо, перад маці няёмка было - не любіла яна, калі хто задужа браў гарэліцу, і яго аберагала ад гэтага...

- Вам з Кіева не прыходзіла пісьмо? - пацікавіўся Віцька, успомніўшы пра сустрэчу на базары Маладэчна, здаволіўшыся абедам і «карчоўкай».

- Не, - адказала маці. - А хто павінен быў яго прыслаць?

- Адам Камок... Вы яго не ведаеце. Ён разам з вашым Антонам на зборах быў. Расказваў, як загінуў Антон. Месяц назад мы з ім пазнаёміліся. Не можа быць, каб не напісаў. Не дайшло, значыць, а мо і згубілася па дарозе... А мо і не прынеслі. Мо і Аксана...

- Можа і яна, - пагадзіўся Вінцук. - Усё можа быць.

«Ды яна, няйнакш, - падумала пра сябе, не праказала ўголас Мальвіна, успомніўшы, як паштарка пазбягала сустракацца з ёю, аббягала, не глядзела ў вочы пры нечаканай сустрэчы, хаця, з другога боку, не было і ў яе вялікага жадання і ахвоты сустракацца з дзяўчынаю, - і не навядзеш цяпер ніякай даведкі, бо можа не заказным адправіў, без уведамлення... А шкада, слоўца пра Адама ўсцешыла б душу, мо што і новае пра яго даведалася б...»

- На яго руках памёр, - ціха праказаў Віцька, - амашына іх у роў звалілася... Узбек, першагодак, быў за рулём... Вінцук, давай твайго бацьку кропляй памянём...

- Давай.

І маці выпіла, пра сябе зноў падумала: «Адабралі бацьку ў сына, мужа ў жонкі - і вінаватых няма, як і не было чалавека на свеце... Хай будзе праклятая тая армія, якая губляе сваіх саладатаў не на полі бою, аа на будаўніцтве катэджаў для генералаў!..»

Потым Віцька глянуў на гадзіннік і засабіраўся адчуваючы, што забавіўся, а маці не папярэдзіў - хвалявацца будзе.

Падзякаваў за пачастунак, развітваючыся каля парога, сказаў:

- Цётка Мальвіна, і ты, вінцук, у пятніцу да нас прыходзьце, невялічкую вячэру сустрэчы наладзім... Без вас нельга, таму прашу прыбыць. Вы ж для нас, самі ведаеце, самыя жаданыя госці. Прыходзьце!

- Ды прыдзем, прыдзем, - паабяцала Мальвіна, і на яе твары засвяцілася ўсмешка - прыемна, калі ёсць сябры, калі ёсць да каго схадзіць у госці... Спяшайся да маці, бо, мусіць жа, не сказаў, куды пабег?

- Не сказаў, - матлянуў галавой адпускнік і хуценька нырнуў у прачыненыя дзверы, што нават Вінцук не паспеў падрадзіцца правесці яго, а калі ўжо выйшаў следам у двор, то сябар ужо далёка ад веснікаў шыбаваў па вуліцы ўбок сваёй хаты...

 

Да дзеда Нікадыма выбраліся пад абед.

Вінцук нёс у палатнянай торбачцы тры хлябы.

Крочыў следам за маці - як у дзяцінстве, калі яна яго вадзіла да Чарадзея. Мо з тае пары і не была Мальвіна ў яго хаце. Але бачылася з ім значна пазней - у краме. Нікадым, здаецца, нічога і не збіраўся купляць, - у яго ніколі не вадзіліся грошы. Ды ён ніколі і не імкнуўся іх мець. Хаця ж, калі ён таго захацеў бы, то мог стаць першым багацеем сярод тутэйшых шараговых людзей.

Мальвіна тады павіталася, схіліўшы перад дзедам галаву, як перад святым, спытала, гледзячы ў разумныя, блакітныя, як у юнака, вочы:

- Як здароўечка, дзед Нікадым? Даўно вас не бачыла. Як Міхасёк ваш?

Ад дзеда плыў пах васковых свечак, сухіх пахкіх зёлак, парэчак... Ніхто з людзей так не пахнуў, як дзед.

- Дзякую, нябога, нічога. І я, і Міхасёк. Добра нам там, убаку ад вашага тлуму... Спакойна. Не чуем пра вашую калатнечу, пра вашыя пустыя клопаты і трывогі... Суета сует, мітусня мітусні... А там я бліжэй да Бога. З Ім мы вядзем доўгія і задушэўныя бяседы...

Ну і тады, як Макушыха наклікала на яе бяду, убачылася з дзедам яшчэ раз. І тады ён прыходзіў у вёску. Як адчуў, як ведаў, што яе пранізалі чорныя стрэлы хваробы...

- Не адставай, сынок, - абярнулася маці, - мы і так прыпазніліся трошкі, а стары не любіць, калі хто на схіле сонца прыходзіць да яго.

Сын нічога не адказаў, а толькі прыспешыў крок. Задумаўся, таму і запаволіў хаду. Трошкі было і няёмка, што маці так апякае яго, нават недзе і сорамна, быццам ён яшчэ хлапчук. Але тут, калі паглядзець трошкі інакш на ўсё, то тое выглядала не апякунствам, не мацярынскай сляпой любоўю, а неяк зусім інакш - матуля старалася знайсці для яго заступніка і абаронцу ад чорных чараў унучкі Макушыхі... Бо баялася за яго, Вінцука, які ўскочыў у пельку, ублытаўся ў сіло, як птушка, з якога цяжка выблытацца без пабочнай дапамогі - верыла ў тое, што адзін толькі дзед здолее памагчы. Бо Бог яго надзяліў дзівоснай сілай, якую ён выкарыстоўвае толькі на добрыя справы...

Была ж шырокая дарога, бальшак, але маці чамусьці павяла вузейшай дарогай, дзе быў масток, праз які ехалі вазы... Потым павяла вузенькай сцежкай, якая вывела на доўгую кладку праз балотца. Праціскалася між дзвюх тоўстых алешын, азіраючыся, ці не адстае ад яе сын...

Яны выбіліся на светлы прагалак.

Маці была ў кароткіх гумовіках, у тых, што хадзіла па ферме, ён жа - у рыбацкіх, бацькавых, з апушчанымі халяўкамі, - не па сухім жа збіраліся ісці, а па балотах і гразкіх сцежках: глыбока і далёка хаваўся дзед Нікадым ад людскога вока. Да яго не вяла ніякая сцяжынка - кожны таптаў сваю...

Не тутэйшы, чалавек з іншых мясцінаў, ніколі ў свеце не знайшоў бы дарогі. Не ўсе і вяскоўцы маглі знайсці яго - каго не хацеў бачыць Чараўнік, то і не дапускаў да сябе, - і блудзіў той чалавек, не знаходзячы ніякай сцежкі ці дарогі. Ніхто не мог прывесці да яго чужынца альбо злога чалавека - Нікадым на адлегласці ведаў, хто і па якой прычыне кіраваўся да яго...

Зачахкала над галавою сарока, як пыталася, што за людзі ідуць, куды трымаюць шлях:

- Чак-чах... ча-ча-чак!..

- Да дзеда Нікадыма ідзем, сарока-белабока! Ці дома хаця ён, а мо дзе падаўся па сваіх клопатах-сцежках? - маці глядзела ўверх, над галавой, дзе пырхала неспакойная птушка, размаўляла як з разумнай істотай... - А мы ў госці ідзем, ёсць пільная патрэба...

Перайшлі яшчэ адзін ручэй, потым другі...

Зноў кладка праз дрымучую багну. Нехта зваліў алешыну і счасаў роўненька зверху, - каб льга было пераходзіць на другі бераг. Маці баялася глядзець уніз, але ішла роўна і прама, не хісталася, не махнуўшы ніводнага разу рукамі для раўнавагі.

Вінцук зірнуў уніз. Убачыў, што ў балотнай твані поўзалі вялікія жукі; маўкліва поўзалі адзін па адным і ныралі ў нетрыскі тоўстыя шэра-карычневыя вужакі. Не хапала адно хіба балотнага цара, які сядзеў бы на сваім залачоным троне, і кіраваў бы балотным жыццём...

- Ну, Вінцук! - ужо з таго берага зноў клікала дакорліва Мальвіна, - усюды яму трэба зазірнуць, убачыць на свае вочы... Тут дзедава царства-каралеўства, і чалавечаму воку не след тут прыглядацца да ўсяго...

«Ну, як дзіця неразумнае, мо таму і не можа выбавіцца з Аксанінай пасткі, бо слабы яшчэ душою і целам...»

А во зноў кладачка. І для рук нехта жэрдачку прымацаваў. А за пагорачкам, на якім выраслі Дуб, елка і бяроза, у гушчыні яловага лесу ёсць тунельчык. Пасля яго сцежка выведзе на паляну... А вось за ёй ужо, у густым ельніку - і хата Чараўніка...

Дзед сядзеў на прызбе - грэў на сонцы сваю белую, бы лунь, бараду.

Не зварухнуўся, калі падышлі да яго. Не зварухнуўся, калі сталі, чакаючы, калі зверне на іх увагу лесавік, гаспадар хаціны.

- Ну, што, з'явіліся? Ведаю, чаго... А раней чаму не дадумаліся? Думаеце, я ўсясільны, тутка-тваю, эх-ма... Ну, сядайце, раз прыйшлі... У нагах ніхто праўду не паклаў...

- Добры дзень, дзядуля! - павіталася жанчына, за ёю і сын: - Добры дзень, дзед Нікадым!

Госці селі, глядзелі ўважліва на Чарадзея.

- Ну, што мне сказаць табе, хлопча? - уздыхнуў цяжка дзед, расплюшчваючы вочы, узіраючыся ў хлопца, - атуліла цябе сваім чорным крылом вядзьмярка. Добра, што не паддаўся на яе чары, устояў, - згарэў бы ты на тым агні за некалькі дзён... Яна магла цябе і сама прываражыць, прычараваць, і нікуды ты не падзеўся б... Але яна хоча, каб ты сам закахаўся ў яе... Тут-ка тваю...

«Адкуль Нікадыму вядомы такія падрабязнасці? - здзіўляўся хлопец, гледзячы на старога. - Ён жа не жыве ў вёсцы - нікога не бачыць, адкуль ведае пра ўсё?!»

Ад гэтых думак у яго па спіне прабеглі мурашкі, халодны павеў ветру лізануў за грудзі - тут нешта было ад містыкі, ад фантастыкі. І ў тое цяжка было паверыць. Такое не ўкладвалася ў галаве - у дзеда ёсць нябачная відэкамера, кампутар? Як і чым ён усё бачыць, ведае і чуе?

Да госці падышоў бусел, схіліў галаву, як нечага чакаў ці прасіў.

- Пачастуй, Мальвіна, бацяна тым, што прынесла.

Жанчына дастала бохан хлеба, адламала ладны кавалак і падала Чорнаму. Ён асцярожна ўзяў у дзюбу пачастунак і адышоў убок - пачаў разламваць і задзіраць дзюбу, каб уляцелі крышынкі ў горла...

- Ведаю пра ўсё, але не ўпэўнены, ці здолею памагчы табе, хлопча... Сілы ўжо не тыя, лічы, што іх зусім ужо нямашака... Ведаю, што замысліла яна чорнае супраць цябе. Калі ж будзе не па ейнаму, калі ты не спраўдзіш яе спадзяванні, то можа пайсці вядзьмярка на крайнія меры. Таму асцерагайся, хлопча, яе не бойся, але асцерагайся... Будзь мудрым і настойлівым. Вазьмі вось, адзень на шыю, адзінае, што яшчэ трымае маю сілу. Калі ж адчуеш млявасць, калі ж адчуеш, што яна падступаецца да цябе і хоча ўпіцца сваімі кіпцямі ў цябе, то чытай, хаця і пра сябе, «Ойча наш...» Ды не на чужой мове, а на нашай... А крыжык будзе ахоўваць цябе ад яе чорнага ўздзеяння. Астатняе будзе залежаць ужо толькі ад самога сябе і - ад Бога.

- Дзякую, дзед Нікадым, - шчыра падзякаваў Вінцук, адчуўшы сама найбольш, мусіць тут, каля Чарадзея, якая небяспека яму пагражала.

Пачутае ўразіла, ашаломіла, хаця ён і здагадваўся, і ведаў, у якую багну трапіў. А словы мудрага старца раскрылі на ўсё вочы з поўнай існасцю і разуменнем. Ён тут жа прасунуў галаву ў шаўковую завязку - і срэбны крыжык лёг яму на грудзі.

Чараўнік вяла махнуў сухенькай рукой:

- Не трэба мне дзякаваць. Богу дзякуй. То з Яго ласкі ўсё мае быць... Малітва да Бога ў слове, а слова - ёсць Бог. А цяпер ідзіце з Богам - стаміўся я дужа. У маім жыцці вы апошнія, каму я аказваю помач... Больш да мяне ўжо ніхто не прыйдзе - згасаюць мае сілы, во на яго, Вінцука, хаця хапіла б...

Да іх нячутна падступіўся Міхасёк, стаў побач з дзедам, і як бы з дакорам сказаў:

- Я ж казаў дзеду Нікадыму, і дуб казаў асіне, каб не гнулася дужа пад ветрам... А вам трэба было трошкі раней прыйсці, як дзядуля быў дужэйшы духам...

Вінцук паглядзеў са здзіўленнем на маці - адкуль узяўся гэты хлапец у срэбным, як і дзед, адзенні, і пра якога дуба і асіну казаў? Дык то мо той Міхаська, унук яго, пра якога гаварыла маці і людзі ў вёсцы, што ў яго трошкі парушаны розум... Але ж і не скажаш, што ён дурненькі, як мовілі вяскоўцы, - і словы, і думкі ў яго правільныя, лагічныя... Тады ж чаму дзед не можа вылечыць яго, калі і сапраўды валодае незвычайнымі лекарскімі здольнасцямі?

- Не маглі мы, Міхасёк, раней, - адказала Мальвіна, хітаючы галавой, папраўляючы пасмачку косаў, што зляцела на вочы, - ды і не думалі, што так яно ўсё абернецца. Думалі на добрае, а яно, бач, як павярнулася ўсё... Дык мы ўжо і пойдзем, дзядуля?

Нікадым ледзь-ледзь пашавяліў рукой, але не здолеў ужо падняць яе, каб махнуць, блаславіць на дарогу... І губы ў кудлатай барадзе толькі крануліся, не выпусціўшы слова: дзядок заснуў, як праваліўся ў бяздонне і не падаваў адтуль хаця б слабога голасу...

- Я правяду вас з Чорным, - падрадзіўся Міхаська і сам першы, разам з бацяном, пайшоў паперадзе. - Я ж казаў дубу, каб асіна дужа не гнулася пад ветрам... Бо яе ж можа вецер вырваць з корнем...

- Можа, Міхасёк, можа, - паддаквала яму Мальвіна, шкадуючы адначасова хлопца, што яму выпала такая горкая доля ў жыцці - што як не стане раптам Нікадыма, то куды ж яму падзецца, што станецца з ім? Бо дзед вунь як сябе пачувае - слабее і слабее з кожнай гадзінай, як і трымаецца яшчэ душа ў слабым целе?

Яны прайшлі гушчарняк, і Міхась застаўся з Чарняком на беразе, а Мальвіна і Вінцук пайшлі па кладках. Мальвіна яшчэ раз азірнулася, прамовіла да хлапчука:

- Бывай, Міхасьца! Глядзі дзеда, ён дужа слабы!..

- Казаў жа і дуб асіне, а яна...

І - заплакаў. Як хаваў каго. Як праводзіў некага ў апошні шлях.

Як адышліся ад Нікадымавых уладанняў, Вінцук не вытрымаў, папытаўся ў маці:

- Як ты да яго дарогу знайшла? Мне б ніколі і не адшукаць...

- Таму і пайшла, сынок, з табою. Ведаю, што табе не да спадобы мая апека, бо ты думаеш пра сябе, што ты дарослы, што ўсё ведаеш, маеш свой розум і што сам выбіраеш свой шлях у жыцці, не любіш, калі хто ўмешваецца ў твае клопаты... Усё так, правільна. Але тут, сын, іншае. Тое ты з цягам часу зразумееш, калі не зразумеў сёння. Самі мы ніколі не выблыталіся б з чорнага павучыння вядзьмярства, таму і пайшлі да яго. Як знайшла? Я і не шукала яго. То дзед нас сам вёў да сябе. Думаеш, што ўсе, хто хацеў дабрацца да яго, даходзілі да яго? Ды не, каго не хацеў бачыць Чарадзей, то ўказваў яму другую дарогу...

- Чаму?

- Значыць, чалавек недзе награшыў, быў не ў суладдзі з Богам, а грахі не замаліў. Дзед такім памагчы не мог... Цябе ж дзед прыняў, хаця, як я бачу, траціў на цябе апошнія сілы. Цяпер ад цябе ўсё залежыць, і мая апека больш не спатрэбіцца...

Вінцук нічога не сказаў, уздыхнуў, ківаючы згодна галавой, чакаў, калі маці ступіць крок, каб ісці далей.

«Божачка, памажы нам, памажы майму сыну!.. Адвядзі бяду ад нашай хаты, ад майго Вінцука, - прасіла жанчына дапамогі ва Ўсявышняга, у сілу і міласэрнасць Якога верыла і спадзявалася... Няхай абміне нас бяда і няшчасце.. Наўчы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, і накіруй мяне на сцежку праўды... Злітуйся над намі, памажы!..»

Дадому прыйшлі як сонца ўжо сядала за лесам, свяціла ў спіны, яна наступалі на свае цені.

Куры, што сноўдалі па двары, чакалі, калі гаспадыня дасць ім корм, парсюк, пачуўшы іх крокі, падаў голас.

Сабака вылез з будкі, пачаў віляць хвастом, пазяхаў.

- Пацярпіце трошкі, - загаварыла да ўсіх Мальвіна і, закасаўшы рукавы, адразу ж прынялася порацца па гаспадарцы.

 

13

 

Ужо трынаццаты дзень Аксана ў «Соснах».

Час быў запоўненымі рознымі працэдурамі - прымала жамчужныя ванны, глытала кіслародную пену, хадзіла на падводны масаж, купалася ў басейне, сцякала потам у саўне, - а пастаянна думала пра Забалацце, а калі яшчэ дакладней, то пра Ўюна... Як захварэла ім, як паралельна з яе піеланефрытам другая хвароба прычапілася да яе. І сама сябе дакарала, ненавідзела, былі моманты, што хацела скарыцца лёсу - ну не хоча яе, дык

няхай яно так і будзе, дык не, Уладар цемры ноччу шаптаў нешта здзеклівае на вуха, пасміхаўся з яе, пад'южваў...

Апошняй ноччу дык і прысніўся. Быццам гулялі з ім па бярозавым гаі, у тым, што за Бронькай, а потым яна яго заманіла ў сваю руньку - і абдымала, і цалавала яго да кружэння ў главе, радуючыся, што здзяйсняецца задуманае... Яна лётала ў аблоках ад шчасця, ад таго, што ён паддаўся, пакахаў парэшты яе, зрабіў жанчынаю... А потым ён захацеў спусціцца ўніз, на хвілінку, па патрэбе, і, не апранаючыся, голенькі, шусьнуў уніз... Яна чакала яго, адчуваючы, як гулка б'ецца яго сэрца. Пачала клікаць яго, не баючыся, што яе голас пачуюць з вуліцы... Уюн не абзываўся. Тады яна спаўзла на край праёміны і спужалася, жахнулася, - унізе спрэс была вада. Шмат вады, што і дна не было відаць. І не было драбіны, па якой падымаліся. Уюн забраў? Ці вадой знесла? А як жа Вінцук - ці не ўтапіўся? Ці збег ад яе, сеўшы ў човен... Але які тут можа быць човен? Нехта захіхікаў за падстрэшшам, як здзекаваўся з яе...

Яна баялася ступіць у ваду - не ўмела плаваць. Нехта невядомы, ззаду, піхнуў яе ў спіну - і яна паляцела ў праёміну, у шэрую ваду. Ад страху, што было моцы, закрычала:

- Ую-юуун! Вінцу-ууук!..

Голас са сну перарос у яву - яна на ўвесь пакой выводзіла працяжнае «у-ууу...»

І ад свайго ж голасу-завывання прачнулася.

У пакоі нікога не было - Людка, як і кожную ноч, ляжала, абвітая нечыімі чарговымі мужчынскімі рукамі.

Аксана села на ложку, спусціўшы ногі долу.

Хацелася ўключыць святло, але разморанасць была мацней за жаданне. Ды і жаданне было слаббое, бо не любіла яна святла, яе душы боль падыходзіла цэмра ці шэры змрок. У цемры Аксана адчувала сябе як рыба ў вадзе, бачыла лепш, чым днём. Ноччу ж яна размаўляла з Уладаром цемры, раілася з ім, брала ў яго чорную энергію на чорныя справы...

На вуліцы пачало ўжо развідняць - слабое святло прабівалася скрозь занавескі.

А праз хвіліну пачаў ружавець усход.

Таму дарэмна было ўжо выклікаць свайго дарадчыка для парады - не адгукнецца, не паможа пры святле. Бо бяссільны бездапаможны пры святле...

Спаць ужо не хацелася.

Але калі зноў прытуліла галаву да падушкі, каб проста паляжаць і не пра што не думаць, - тут жа яе абвалок цёпла-салодкі туман, - і яна паплыла ў чоўне па тым жа разліве, грабучы важкім кляновым вяслом. Грабла і азіралася вакол - мо дзе ў такім жа чоўне плыве і Ўюн. Але як ні ўглядалася ў густое мроіва туману, колькі ні кружляла між купчастых лазнякоў і алешын, - не ўгледзела яго...

Прачнулася ад таго, што загаварыла радыё. То яно маўчала ўвесь час, а то нечакана прарваўся непрыемны хрыпучы голас. Расплюшчыла вочы - побач з ёю стаяла Людка.

- Выбачай, што разбудзіла, - вінавацілася жанчына, прычэсваючыся адначасова, - але пара ісці на сняданак. Ці ты мо прыхварэла, прынясу табе сюды?

- Ды не, - пацягнулася ў ложку Аксана, хаця і была незадаволена ў душы, што сон перарваўся на самым цікавым месцы - яна акурат убачыла між лазнякоў, наперадзе, нечый човен, - падалося, што ў ім сядзеў Уюн, сядзеў спіной да яе. - Не ты разбудзіла, а радыё.. Спалася кепска, толькі пад раніцу звяла вокам.

Порстка ўстала, прайшлася голая па пакоі, і Людка паспела агледзець яе. Стройная, гнуткая, налітыя маладыя грудзі з тоўстымі ружовымі саскамі, якія яшчэ не зведалі грубых мужчынскіх рук, і ў клубах добра складзеная - што яшчэ трэба яе хлопцу? Прынцэса!

- А ніштаватая ты дзеўчына! - не вытрымала, пахваліла Людка, ужо адвёўшы позірк. - Усё ў цябе ёсць, і ўсяго па норме...

- Дзякую

- І не можаш прыцягнуць да свайго прыгожага цела аднаго з тысячы хлопцаў? - дзівілася настаўніца, села на свой ложак. - Сляпы ён у цябе ці дурны? Я б, маючы такую сілу, як у цябе, закахала б яго ў сябе - і не мучыла б сябе дарэмна.

Аксана нахілілася нізка над галавой Людкі - вочы ў вочы, лёгка ўсміхаючыся, прызналася:

- Людка, Людка... Ды я яго магу на адлегласці прысушыць, зрабіць так, каб ён на крылах, заўтра ж, прыляцеў да мяне, падаў і качаўся ля маіх ног, умольваў, каб я была яго, толькі яго... Але - не хачу так. Усё тое, Людміла Дамінікаўна, будзе мой прымус, маё чарадзейства. А я хачу, каб у яго самога тое пачуццё прачнулася. З-за якога людзі вар'яцеюць і здзяйсняюць бяздумныя ўчынкі. Я такога хачу! Такога хачу кахання - і ніякага іншага!

Людка адхіснулася, але не спалохалася, хаця ад дзяўчыны сыходзіла спапяляючая гарачыня, як ад жнівеньскага сонца, - толькі глядзела шырока раскрытымі вачыма і не магла нічога вымавіць - ні адобрыць жаданне паштаркі, ні пасмяяцца над ім...

- Але калі ж не адбудзеццатое, калі ён адпрэчыць мяне, то... - зноў заўсміхалася Аксана, не даказаўшы, што ж хлопцу пагражала яго ўпартасць, і ў яе ўсмешцы было нешта пагрозлівае, ад чаго ў Людкі прабегла па целе дрыготка - ад суседкі па пакоі ўжо плыў каладок, як снежная лавіна была яна, - і я ўжо тады з сабою нічога парабіць не змагу. Таму ён павінен баяцца мяне і асцерагацца майго гневу...

Аксана выпрамілася, як быццам апамяталася, што робіць нешта не так - хуценька апранулася, а потым толькі спаласнула твар пад мыцельнікам, адным дотыкам рукі паправіла прычоску, весела ўсклікнула:

- Усё, Людка! Пайшлі снедаць - спазняемся.

 

Уладар цемры пасылаў ёй свае сігналы-папярэджваніі праз сны.

Напамінаў, што не так проста ўсё, як думалася, як планавала для сябе вядзьмярка.

І Аксана яшчэ ноччу адчула трывогу. Вада і лодка, у якой сядзе Ўюн, азначала, што хлопец збіраецца некуды з'ехаць. Але куды ён з'едзе - хіба ж ёсць на зямлі такое месца, куды яна не змагла б дабрацца? Няма такога месца...

Каб да канца разабрацца ў сваіх сумненнях, рашыла пазваніць на пошту сваім сяброўкам. Верка Дранік, якая падмяняла яе, якая насіла пошту ў Забалацце, павінна ведаць, якія там навіны. Тым больш, ад'язджаючы, Аксана прасіла яе, каб тая «трымала руку на пульсе»...

У паштовым аддзяленні санаторыя, у танклявай, малой бы падлетак, але маці траіх дзяцей, Алёны, заказала перамовы. Праз колькі хвілінаў з цэнтральнай пошты зазвінеў званок, і яна пайшла ў кабінку.

- Як ты там, Аксана? - пацікавілася на другім канцы дроту падменшчыца; чуўся яе смех - дзяўчаты, мусіць, разбіралі пошту. - Адпачынак і лячэнне ідуць на карысць?

- Усё нармальна, Верка. Надвор'е выдатнае, хаджу на працэдуры, гуляю па лесе. Пошту разносіш спраўна?

- А як жа.

- У армію там нікога з хлопцаў не забіраюць?

- Занесла позву Ўюнову. У суботу яго забіраюць. І яшчэ траіх - з суседніх вёсак.

- Уюн ідзе ў армію? - перахапіла дыханне ў горле. - Я ж цябе прасіла пазваніць, калі яму занясеш позву... Ты што, Верка?!

- Ой... Я і забылася... - сумелася сяюроўка, не ведала, як і апраўдацца. - Я зусім забылася, выбачай. Вечар праводзін у пятніцу, а ў суботу - усіх у ваенкамат.

Аксана злосна кінула тэлефонную слухаўку, быццам яна была вінавата ў яе душэўных непаладках. Яе душыла злосць. І - крыўда. На Верку, на Вінцука, які даў слова не ўцякаць ад яе. А калі з другога боку - хіба ж ён уцякае, то яго забіраюць, адрываюць яго ад яе...

Яна з усіх сілаў старалася і абараніць яго ад самой сябе, хацелася даць яму яшчэ адзін, і, мусіць ужо, апошні шанц для выратавання. Каб потым ужо і сябе не дакараць за тое, што паступіць з ім жорстка і з халоднай абдуманасцю. Хацелася самой упэўніцца, пераканацца, каб потым ужо абрынуць на яго ўсю сваю злосць і знявагу...

Кінуць-рануць усё і з'ехаць - яна не магла. У бібліятэцы ўзяла некалькі кніг, а бібліятэкарка захварэла і будзе толькі праз два дні, як напісана ў аб'яўцы на дзвярах, ды і цягнік ідзе толькі па цотных... Браць таксі і гнаць без супынку? Дык і грошай на такое не набярэцца. Парэшты яна шукала толькі прычыну, хаця ж магла плюнуць на ўсе ўмоўнасці і сказаць галоўнаму ўрачу санаторыя, што ў яе памерла маці, што ёй трэба быць абавязкова дома, - і выправіцца неадкладна ў дарогу. Хоць на перакладных, хоць на спадарожных...

Але нешта яе ўтрымлівала. І не толькі ўсведамленне таго, што нікуды ён не падзенецца ад яе, што і на адлегласці ён будзе побач і яна ўсё роўна будзе мець над ім уладу. Думала і пра тое, што не след гарачыцца, а трэба спакойна абдумаць усё, узважыць... Бо вельмі ж шмат пастаўлена на Ўюна, каб адным неасцярожным і неабдуманым учынкам усё не перакрэсліць...

Нават не выклікала ноччу Ўладара цемры, не пажадала раіцца з ім, узгадняць - і сама бачыла, што чакаецца наперадзе. Ведала і тое, што будзе потым папракаць яе за мяккацеласць, за адсутнасць смеласці і рашучасці. Бо магла б усё вырашыць аднам махам, адным сваім жаданнем і загадам... Але ж хіба растлумачыш яму, што і яна гэтак жа думала напачатку, але ў нейкае імгненне перамяніла сваю думку і пайшла ўжо іншым кірункам, - і нічога ўжо з сабой парабіць не магла: хацела займець Уюна чыстым і цнатлівым, пяшчотным і закаханым, каб і самой, гледзячы на яго, перамяніцца, ператварыцца ў зусім іншую істоту - з такімі ж чыстымі думкамі і мроямі, і быць добрай для ўсіх, каб ніхто не праклінаў яе злымі словамі.

Але ж жыццё дужа непрадказальнае, як і дзеянні чалавека.

Як вясновы лёд на плыткай Прыпяці ўспорваецца ад падводнага цёплага ціску, так і ў душы Аксаны нешта ўзарвалася - паміма яе волі, - узбунтавалася, рэзка адмоўна запярэчыла сваім жа разважанням, яшчэ і абазвала сябе брыдкімі словамі, абсмяяла, зняважыла, растаптала нагамі і выцерла іх аб свой гонар і пыху, - і, не дабыўшы да канца, не далячыўшы свой піеланефрыт, кінулася наўздагон Уюну. Кінулася, каб упэўніцца ці пераканацца ў сваіх падазрэннях і здагадках, каб потым ужо альбо злучыцца з ім назаўсёды, альбо... альбо спаліць дашчэнту той хісткі масток, якія яна масціла, выкладвала мройнымі ўзорамі, дзявочымі марамі; ён жа не паклаў у той масток ніводнай маснічынкі, і таму за тое адкажа, сплоціць ёй належны доўг...

У яе ў гэты момант была толькі адна мара - дагнаць і паглядзець яму пільна ў вочы. Паглядзець ў зразумець. Пераканацца. Каб не памыліцца. Каб вынесці справядлівы прысуд. Яму і іх каханню... Толькі б зірнуць яму ў вочы, толькі зірнуць бы...

Калі яна похапкам збірала свае рэчы, у пакой завітала Людміла Дамінікаўна - спакойная, улагоджаная і задаволеная, якой усяго хапала, і як бы здзіўлена папыталася-пацікавілася:

- Аксана, ты што, з'язджаеш? Здарылася што?

- Ды як табе сказаць - і здарылася, і не здарылася... У войска яго забіраюць. А ён і рады, што забіраюць, мне пра тое не паведаміў...

- Дагнаць хочаш?

- Хачу. І разабрацца ва ўсім хачу.

- Ох, Аксана, Аксана, якую ты ношку ўзваліла на свае плечы... - паспрабавала паспачуваць яны дзяўчыне, не ведаючы, ці з трэба тое рабіць - спачуваць.

- Ды не шкадуй ты мяне, не шкадуй, спраўлюся я са сваімі клопатамі вельмі лёгка і проста, - без крыўды адказала дзяўчына, - а ты пазвані, Людка, свайму сыну, ён выпісаўся з ваеннай бальніцы, то пагавары з ім, падтрымай.. Яму цяпер цяжка, надламаўся ён ад сваёй жорсткасці... Але гэта не апошняе яго выпрабаванне, будзе і яшчэ... Тут ужо мне ён дарогу перабягае...

- Табе? Мой сын? - выдыхнула Людка і села на ложак, як апамяталася, на якім яна свеце знаходзіцца, трывожна дапытвалася. - Што з ім, Аксана?

- Жывы і ўжо здаровы. Пазвані... Больш нічога не скажу. Бывай, Людміла Дамінікаўна, не памінай, як кажуць, ліхам!..

Яна падышла да Хвойнай, абняла яе, сціснула плячо:

- Па душы ты мне прыйшлася... І добра, што да спадобы. Усяго табе добрага!

І вышмыгнула з пакоя, пакінуўшы Людмілу ў разгубленасці і недаўменні. Ведала, што сказанае Аксанай не мана, і, апамятаўшыся, як не бегма кінулася ў паштовае аддзяленне, каб пазваніць у вайсковую часць пад Маладэчна...

Аксана дабіралася на спадарожных - легкавых і грузавых машынах.

Да вакзала ехала ў спадарожным «Мерседэсе». Развязны юнак, з вусікамі, у чыовлным пінжаку, хрыплым голасам намякнуў на нешта, лапаў за калені.

Не вытрымала, сказанула:

- Ты, як цябе там... Ты ўчора амаль не папаў у катастрофу - па сваёй жа віне. Збіў жанчыну і ўцёк з месца здарэння. Я ж магу зрабіць так, што ты, высадзіўшы мяне, уключыш хуткасць, а яна дасягне двухсот кіламетраў, - і ніхто не зможа спыніць твой «Мэрс»...

Кіроўца ўвагнуў галаву ў плечы, сумеўся, глуха сказаў:

- Выбачай, не буду... Я думаў... Едзь з Богам далей.

З Богам яна не ехала. Яна выклікала Ўладара цемры і папрасіла, каб ён расчысціў ёй дарогу, каб нішто і ніхто не замінаў на яе шляху...

Узяла білет у плацкартны вагон. Даехала да Жлобіна. Потым перасела на аўтобус і даехала раніцай да Мазыра.

Было дзесяць гадзінаў раніцы.

Дзе размяшчаўся ваенкамат, яна ведала. Даехала аўтобусам да рынка, потым паднялася па пакручастай дарозе, што вяла пад гару, паўз царкву, да ваенкамата...

Там ужо разлягалася людская гамана, заліхвацка граў нехта на гармоніку, спяваў імпэтна «салёныя» прыпеўкі, гухкаў бубен і барабан...

 

Каханаму надоечы

я давала стоячы, -

ці з-за дробязі такой

на зямлі ляжаць сырой?..

 

«Яшчэ не ад'ехалі, - адзначыла радасна Аксана, аддыхвалася, падыходзячы да тлумна-п'янага натоўпу, - яшчэ гудзяць, праводзяцца...»

Убачыла найперш Віцьку Барыліна, які абдымаў за плечы Ўюна, - нешта даводзіў яму, махаючы перад носам рукой, як памагаў сам сабе. І Мальвіна стаяла, накінуўшы на плечы кашыміравую, у квяты, хустку, і маці Віцева стаяла - праводзілі ўсе дапрызыўніка. Там жа прыкмеціла і Клаўку Сташкевіч, і Кацярыну Мотуз, і Янку Касцюкова, - усе аднакласнікі. Тут жа былі Змітрок Пелікаў, Рафаіл Крупа, нават кульгавы Змітрок стаяў і ўсміхаўся, барабаніў, памагаў гарманісту... Праводзіў і Пецька Ястрабок.

Аксана падышла з другога боку, яе і не заўважылі адразу. Яна зрабіла вясёлы і радасны выгляд, павіталася гучна:

- Дзень добры ўсім! Цябе, Вінцук, у армію забіраюць?

Яна ўжо не бачыла, як змянілася з твару і нахмурылася Мальвіна, як лёгкі цень сполаху і здзіўлення прабег па твары Вінцука, як ад яго хуценька адышла Кацярына, вызваліўшы сваю руку - трымалася за хлопца. Адзін Віцька Барылін, ускінуўшы п'яненька рукі, расплыўся ў прыдуркаватай усмешцы, віхляста падышоў да Аксаны, абняў яе:

- Аксанка? І ты тут? А казалі, што ты на курортах, загараеш-адпачываеш... А мы во Вінцука праводзім... Далучайся! Мо наліць кроплю, бо мы ўжо бухія...

- Не п'ю я, Віцька, гарэлкі, муціць мяне ад яе...

- А дарэмна, а за свайго сябрука я пагатоў і літру выжлукціць!

Аксана гаварыла з Барыліным, а ўвесь час не адрывала позірку ад Уюна, не звяртала ўвагі, як тое расцэняць прысутныя.

Гармонік за спіной Вінцука аж захлёбваўся - відаць было, што гарманіст добра каўцянуў перад гэтым: гамана гудзела, танцавала, рагатала...

- Віцька, не пі болей - дадому не даедзеш, - прасіла ўмольна Алёны свайго сына, калі ён зноў прыклаўся да гарла бутэлькі...

Мальвіна пільна глядзела на паштарку прадчувала, што не проста так яна сарвалася са свайго санаторыя і падышла да іх - нешта ж намысліла...

- Даеду, не дрэйфі, мама... Ногі мяне добра трымаюць.

Аксана падышла і стала ўпрытык да Вінцука, стараючыся як мага мякчэйшым і пяшчотным голасам прамовіла:

- Размова ёсць, Вінцук. Можа адыдзем трошкі, пагаворым, вельмі трэба...

Ён не ведаў, што адказаць, як выбавіцца з таго здранцвення, якое апанавала ім, і паміма сваёй ужо волі зрабіў крок наперад.

- Не пушчу-ууу! - як не закрычала Мальвіна, спалохаўшыся, што сын падпаў пад яе ўладу, і ўжо, мусіць, не валодае сабой. - Не пушчу! Ведзьма, адстань ад майго сына, ну не хоча ён цябе, не чапляйся да яго! - яна ўжо ўчапілася ў Вінцука і стала паміж імі, засланіўшы сабой сына.

- Ты ўсё мамку сваю слухаеш, так, Вінцук? - крывотліва ўсміхалася Журавель. - І доўга ты так пад матчынай спадніцай хавацца будзеш? Ты ж тады не хлопец, не мужык, ты - анучка бязвольная!..

- Аксана, вельмі прашу, Богам прашу - пакінь мяне ў спакоі, - умольна загаварыў да яе Ўюн. - Ну не можам мы быць з табой разам, сама бачыш, што не можам... Чаму не можаш зразумець і змірыцца з гэтым?

- Што, Уюн?! Змірыцца?! - дзяўчына перамянілася ў твары, і вочы з блакітных адразу ж ператварыліся ў чорна-смаляныя, злосныя, атрутныя. Яна пранізвала яго стрэламі нянавісці і знявагі, гатовая была спапяліць яго, знішчыць, сцерці з твару зямлі. - Што, Вінцучок-дурачок, паўтары, што ты толькі што прамяўкаў? Разм не можам быць? Змірыцца? Вось гэтых слоў я асабліва і баялася пачуць... Таму цярно вось што я скажу табе - цяпер сцеражыся майго гневу, мой каханы! Але ты не ўсцеражэшся - не ўдасца. так і ведай!

Твар яе зрабіўся зеленцавата-жоўтым, рукі ўзляталі як крылы, акурат так, як і Макушыха махала на Мальвіну.

Жанчына стаяла між вядзьмяркай і дапрызыўнікам Вінцуком - з усіх сілаў маліла Госпада, каб адвёў ад іх злое ўздзеянне Макушыхінай унучкі...

У небе жыханула маланка - і злы пярун ударыў у сухі дуб, у вяршыню яго. І абгарэлая галіна, адламаўшыся, упала на зямлю, на шчасце нікога не зачапіўшы, але ўпала непадалёк ад Вінцука - у метрах трох ад яго... Ніхто і не заўважыў, адкуль і калі насунуліся шэрыя хмары, бо толькі перад гэтым, хвіліну якую назад, на небе не было ніводнага воблачка, свяціла вераснёўскае сонца... А тут такая раптоўная перамена надвор'я...

- Па машынах! - скамандаваў афіцэр, накідваючы на плечы зялёную плашчнакідку.

Прызыўнікі абдымался-цалаваліся з роднымі, потым беглі кожны да свайго аўтобуса. Трэцім ці чацвёртым ускочыў у аўтобус Вінцук Уюноў. Ужо з аўтобуса, з апошняга сядзення, махаў рукой тым, хто яго праводзіў.

П'яненькі Віцька махаў даланёю каля шкла, крычаў, каб сябра пачуў яго:

- Мо сустрэнемся ў арміі, мо ўбачымся... Я абараню цябе ад дзядоў. Абараню!

Ніхто не надаў увагі яго словам. І Вінцук не зразумеў, пра што ён казаў.

Паліў спорны дождж. Не аціхаў, узмацняўся яшчэ больш і больш.

На ўзгорку, побач з пакалечаным дубам, стаяла Аксана Журавель.

Яна адна не хавалася ад дажджу, глядзела на аўтобус, на тое месца, дзе сядзеў Вінцук, чула, што крычаў Барылін, і паўтарала як закляцце адны і тыя ж словы:

- Сцеражыся майго гневу! Сцеражыся майго гневу!..

Хоць і вымакла да рубчыка, але холаду не адчувала. Па твары, па ўсім целе цяклі калючыя рачаі, але яна не звяртала на тое ўвагі, злавесна паўтарала адно і тое ж:

- Сцеражыся, Уюн, майго гневу! Сцеражыся!..

 

14

 

- Сынок, што з табою там здарылася? - крычала ў тэлефонную слухаўку Людміла Дамінікаўна, як быццам знаходзілася за трыдзевяць зямель і яе было не чуваць

- Нічога, мама, не здарылася, а што?

- Ты ляжаў у шпіталі?

- Ляжаў. Грып быў...

- З грыпам ляжаў? А сінякі на галаве, чаму быў забінтаваны?

Людка пайшла ўжо на хітрасць, каб выпытаць у сына паболей, пра што ён не хацеў расказваць.

– Якія сінякі? - смяяўся сын. - Хто табе такога наплёў?

- Наплялі... Цябе бачылі ў шпіталі... Зноў, Славік, за сваё? З некім учыніў бойку, так? Ты не можаш без гэтага?

- Усё нармальна, мама! Нармальна ўсё. Ты адкуль звоніш, з дому?

- З санаторыя. Хутка паеду дадому.

- Як там сястрычка мая?

- У яе ўсё добра. Ну то бывай, і глядзі там...

- Гляджу, маці, гляджу! Цалую.

У слухаўцы пачуліся кароткія гудкі.

«Так і ёсць, - разважала Людка, паклаўшы трубку на аппарат, - праўду казала Аксана - у шпіталь з грыпам не кладуць. перапала, мусіць, яму добра, таму і паклалі... Эх, сын, сын, знаходзіш ты на сваю галаву розныя прыгоды... Колькі намучылася з табою дома - і з міліцыі выслабаняла, штраф плаціўшы, задобрвала, каб у суд не падавалі, і збітага да паўсмерці на вуліцы знаходзіла... Думала, што армія навучыць якому розуму, дык тая армія яшчэ больш, мусіць, калечыць чалавечыя душы... Як ён далей жыць будзе, не ведаю...»

Людка, моўчкі разлічыўшыся за перамовы, пакінула паштовае аддзяленне і выйшла на вуліцу.

Было ціха і сонечна.

Толькі неспакойна было ў Людкі на душы. Нейкі ўнутраны цяжар прыгнятаў яе, не даваў вярнуцца ранейшаму бесклапотнаму і вясёламу настрою.

 

15

 

Маладых, зялёных хлапцоў пераапранулі ў аднаколернае адзенне, - і ўсе яны сталі такімі шэрымі і аднаколернымі, аднольваыя ўсе, як кланіраваныя. Хто быў вышэйшы ростам, хто ніжэйшы; у аднаго з-пад фуражкі тырчэлі вушы, у другога... Не хутка навучацца яны распазнаваць адзін аднаго з-за спіны, не хутка кожны з іх зжывецца з вайсковай формай і будзе адчуваць сябе ў ёй як у сваім прывычным адзенні...

Вінцук адразу папаў у вучэбку. Як калгаснага механізатара вайсковыя камандзіры адразу вырашылі зрабіць з яго механіка-вадзіцеля.

За тры месяцы ён асвоіў лёгка гэтую спецыяльнасць, і яго разам з іншымі накіравалі ў танкавую часць - для праходжання дальнейшай службы.

Бываюць жа ў жыцці супадзенні...

Калі прыбыў у распараджэнне камандзіра батальёна, калі склалі ў капцёрцы свае рэчы і ішлі на абед у сталоўку, на калідоры - лоб у лоб, грудзі ў грудзі - сутыкнуўся са сваім аднавяскоўцам-сябрам Віктарам Барыліным.

Нейкі час здзіўлена глядзелі адзін на аднаго, не могучы прыйсці ў сябе т асэнсаваць раптоўную нечаканку. Першым апамятаўся Барылін.

- Вінцук, ты?!

- Я!

- Да нас служыць?

- Выходзіць, да вас!

- Гэта ж здорава! Я ж казаў, што можам сустрэцца, я ж прарочыў гэтую сустрэчу... З вучэбкі?

- З вучэбкі. Як тут служба?

- Ды так, па-рознаму. Раскажу пасля, зразумееш... Дзедаўшчына ёсць, цвіце, як маліна. Слухай... Добра будзе, калі мы з табой не будзем паказваць сяброўства, і што мы з табой з адной вёскі. Што і да чаго, я потым табе расьлумачу. І - трымай пільную насцярожанасць. Я заўсёды буду побач, хаця і на адлегласці ад цябе.

- Зразумеў. Выберам час і месц - пагаворым.

Адзін аднаго ляпнулі, паразумеўшыся, па плячы і разышліся, па-змоўніцку міргануўшы адзін аднаму, як дамовіўшыся на тайнае супрацоўніцтва і супрацьстаянне таму злу, якое іх чакала, падсцерагала на кожным кроку, і ад якога яны не маглі ніяк ухіліцца, а толькі прайсці паўз яго, не пакінуўшы на целе сінякоў, а на душы рубцоў...

 

16

 

Мальвіна, адправіўшы сына ў войска, усе дні адчувала сябе блага.

Нямогласць падступілася да яе, слабасць і млявасць авалодалі ёю. Адчула такую ж немач, як і тады, пасля таго, як убачыла над сабою рукі-крылы Макушыхі.

Ціснула нешта важкае і тупое пад скроні. Ватнымі рабіліся ногі і рукі. Асабліва рукі - яна іх не чула, і не магла нічога рабць па гаспадарцы, - як нежывая была.

Зноў яе падмяняла Алёна Барыліна і памагалі іншыя, хто мог.

Як падаілі кароў, Алёна адразу ж да Мальвіны прыйшла. Рой на яе і не брахнуў - ведаў, хто да гаспадыні ходзіць.

Мальвіна ляжала ў ложку - няўцямна глядзела ў столь.

- Ты што, зноў занядужала, мая сяброўка? - Алена села побач на ложку, паклала сваю руку на яе.

Жанчына ўздыхнула, перавяла стомлены позірк на Алену, як прасіла даравання за сваю хваробу.

- Зноў вам работы падкінула, быццам сваёй мала.

- Ды кінь ты, што нам маладым ды здаровым, накінуліся разам ды і выдаілі тваіх рашулек... Не перажывай дужа. Мо доктара табе, Мальвіна?

Алёна цёпла глядзела на хворую, стараючыся чым-небудзь памагчы ёй. З дзяцінства яны ведалі адна ажну, з маленства давяралі адна адной свае сакрэты...

Паўнагрудая, з дужымі, як у мужчыны рукамі, не з дробнага роду жанчына, - яна была як абаронца для хударлявай Мальвіны, заступніцай, як апірышчам ва ўсіх нечаканых клопатах і спадзяваннях...

- Ды навошта той доктар, Алёна? Тут доктар не паможа... Сама ж ведаеш... То яна, Аксанка, на мяне свае чорныя стрэлы помсты паслала. І на сына. Ды не ўдасца ёй дамагчыся свайго... ёсць і супраць яе сіда. Боская сіла.

Алёна, бачачы, што Мальвіне стала трошеі лепш, што можна ёй і добрую вестку паведаміць, спытала:

- Вінцук піша?

- Даўнавата ліст быў. Ды ён і пісаў, што будуць пераязджаць з месца на месца - таму будзе не да пісання.

- А хацела б ад яго атрымаць вестачку?

- Канечне... Як яму там, цікава, служыцца?

Алёна зрабіла невялічкую паўзу, пахвалілася:

- Яны разам служаць У адной часці з Віцем.

- Адкуль ведаеш? - не паверыла навіне Мальвіна, пільна паглядзела на сяброўку - ці не жартуе.

- Віцька сёння ліст прыслаў. І табе ў канверце вестачка ад сына.

Мальвіна нічога не разумела - чаму ў Віцевым канверце? Бачачы яе недаўменне, Алена растлумачыла:

- Калі б Вінцук прыслаў ліст на цябе, то Аксана магла і не прынесці, а то і выкінуць. А так хлопцы прыслалі на маё імя, ды яшчэ з паведемленнем... Вось яно, сынава пісямцо...

Мальвіна ўзяла ў рукі аркушык паперы, спісаным дробным почыркам, адчула, як да яе вяртаюцца страчаныя сілы, пачала разважліва чытаць уголас:

«Дарагая матуля! Пішу праз Віцьку. Каб не задагадалася Аксана, бо яна чытае чужыя пісьмы...

Служыць, дзякуй Богу, прыслалі ў Віцеву часць. Разам нам смялей і весялей. Гэта нас з вучэбкі прыслалі - на пастаянную службу.

За мяне не хвалюйся, у мяне ўсё добра.

Вось, бадай, і ўсё. Калі трохі агледжуся і агойтаюся, тады напішу падрабязней. Перадай Кладзі Сташкевіч, што ёй я напісаў на цэнтральную пошту - да запатрабавання. Пісьмо аддадуць ёй толькі ў яе рукі...

Цалую. Твой сын Вінцук. 22 лістапада 1995 года.»

- Ой як добра, што ты мне такую прыемнасць падаравала. - шчасліва, скрозь слёзы, заўсміхалася Мальвіна, - як лякарства для мяне, як свежае паветра...

І не вытрымала, яшчэ і яшчэ раз перачытала радкі, - пра сябе ўжо, уяўляючы перад сабою сына, чуючы яго голас... Прымружыла вочы, убачыла ўвачавідкі перад сабою яго вочы і ўсмешку, - і на яе твары нараджалася лагода і спакойнасць...

- То і добра, а таму, сябровачка мая, нічога не бяры ў галаву - перамелецца ўсё, наладзіцца да лепшага...

- Каб жа так, Алёнка, каб жа так... Чуе толькі мая душа, што не пакіне яна, гадаўка, яго ў спакоі - помсціць будзе... Гэта яна ўмее, гэтаму яна навучана...

- Ён жа далёка ад яе. Ці дастане?

- Для яе адлегласці не існуе. Толькі на Бога і буду спадзявацца. Я потым напішу яму, возьмеш, пашлеш яму праз Віцьку.

- Добра.

У двары брахнуў Рой - раз, другі, ні на кога, проста так, мусіць, пачуўшы брэх на вёсцы.

Жанчыны маўчалі, думаючы пра свае клопаты.

 

17

 

Вінцук Уюноў прыйшоў да свайго ложка.

Выняў з чамадана мыла, зубную пасту, - хацеў пакласці ў тумбачку. Яна стаяла неяк бокам, не роўна. Ён пасунуў яе да сцяны, як і стаяла да гэтага. На падлозе ўбачыў чырвоную густую пляму - кроў ці разліты таматны соўс?

«Калі кроў - то адкуль? Парэзаўся хто? А мо што іншае - толькі што?..»

Нікому нічога не сказаў пра тое, але ўспомніў папярэджванне Барыліна трымаць пільнасць. Сержант Бандарэнка, у распараджэнне якога папалі новенькія, спытаў, ці ёсць у чым патрэба. Патрэбы ні ў кога ніякай не было...

- Лады, - плямкнуў ён таўсматымі губамі, - не - дык не. Так і запішам.

І пайшоў па сваіх клопатах, мармычучы нешта пад нос. Ён ішоў як згорблены, як нёс што на сваіх плячах, а ногі сунуў па падлозе, як не мог іх адарваць ад яе...

- Эй ты, салага, «Мальбара» ёсць? - нехта ў некага спытаў за спіной.

Вінцук не звярнуў на той голас ніякай увагі, чытаў ужо кнігу, седзячы на табурэціку.

- Я ў цябе пытаюся, салага, ты што, глухі? Чытаць многа - урэдна.

Зразумеў, што звярталіся да яго, абярнуўся. У яго нахабным позіркам уперыўся «дзед» - расхлістаны і, здаецца, на падпітку.

- Ты ў мяне пытаеш?

- У цябе, у цябе, салага ванючы. «Мальбара», пытаю, ёсць?

- Я не курашчы. Не навучыўся...

- А ты чаго, салага, сядзіш, калі з табой «дзед» размаўляе? Га?

Вінцук нічога не адказаў - паглыбіўся зноў у чытанне. У руках у яго быў той жа томік Максіма Багдановіча. Тут, у войску, радкі Максіма асэнсоўваліся неяк інакш, і кожны радок набываў зусім іншы сэнс. Было ўражанне, што ён, Вінцук, першы раз узяў у рукі кнігу гэтага славутага паэта...

 

Кінь вечны плач свой аб старонцы!

Няўжо-жа цёмнай ноччу ты

Ня бачыш, што глядзіцца сонца

Ў люстэрка - месяц залаты?

Не згасла сонца! Сонца гляне,

Усіх падыме ада сна.

Ён, гэты дзень, яшчэ настане, -

І ачуняе старана!

Я пад яе зімовай маскай -

Пад снегам - бачу твар вясны,

І вее верш мой дзіўнай казкай,

І ясны ён, як зорак сны...

 

«Божа, дык гэта ж пра мой край, пра Забалацце, пра Радзіму!.. У гэтых радках зусім іншая мелодыя, чым там, дома, калі чытаеш... А тут, нават не на вялікай адлегласці ад роднай хаты, разумееш усё глыбей, трагічней, пафасней... Якую моцную сілу мае слова, асабліва слова Максіма-Чараўніка!..»

- Я яшчэ раз паўтараю, салага, для цябе - чаго рассеўся перад «дзедам»?

«Дзед» ужо стаяў побач, і гугнявіў ужо недзе зверху, на яго Вінцук і не зірнуў - не адрываўся ад радкоў.

- Ну, салага, пагадзі! Не паважаеш, значыць? Ну-ну... Я папярэдзіў. Каб потым не шкадаваў.. Каб потым не казаў, што мы бессардэчныя...

 

І веее верш мой дзіўнай казкай,

І ясны ён, як зорак сны...

 

«Колькі сілы і моцы ў радках! Якая глыбіня, якія пачуцці!...»

 

Сярод ночы, калі сама сон, нехта пабудзіў Вінцука, напаўголаса строга загадаў:

- Пад'ём! Уставай!

Не падазраючы нічога лядайкага, думаючы, што гэта сержант Бандарэнка кліча на нейкае заданне, спытаў?

- Апранацца?

- Навошта? І так добра, салага...

Толькі тады дайшло да яго свядомасці, што дзённая размова цяпер мае яе працяг.

Што рабіць, не ведаў. Нікога з камандзіраў не было - усе спалі дома ў сваіх кватэрах, са сваімі сем'ямі.

Яго завялі ў капцёрку. За вялікім сталом сядзела чалавек з восем хлопыаў. На стале пляшкі з віном, гарэлка, закусь - хлеб, сала, вінаград...

Падвялі за рукі і пасадзілі на табурэтку - як арыштанта, як прыгаворанага да самага строгага пакарання.

Той, што сядзеў з краю, што ікаў раз за разам, наліў поўную шклянку віна, падаў яму.

- Пі, - загадаў зноў ікнуўшы, пракаўтнуўшы ікотку, зморшчыўшыся - тоўсты нос задраўся ўгору, шчарбатыя зубы - жоўтыя і гнілыя - выглядвалі з роту. - Я цябе сёння частую, заўтра - ты мяне. А каб ведаў, хто я, называюся для знаёмства - Славік Хвойны. Пі, дружа, весялей жыць будзеш!

- Я не п'ю.

- І дзевак не трахаеш?

Уюноў маўчаў, ацэньваючы сітуацыю. Дабра ад іх, канечне ж, чакаць не прыходзілася. Паклікалі на здзек, гвалт і расправу. Ведаючы пра тое, што камандзіраў няма, што той жа камандзір Падкаваеў амаль ніколі ноччу ў падраздзяленне не прыходзіць... І сярод ночы ніхто з іх не будзе, бо служкі цемры - стараслужачыя, «дзяды»...

- Маўчанне - знак згоды. І - пакоры. Правільна. Тады мы цябе трахаем усе па чарзе, і будзе ўсё «хакей»... Пі, больш асалоды атрымаеш, сам у тым жа і пераканаешся...

Усе зарагаталі, гледзячы на такую сцэну.

- «Мальбара» маеш?

- Я ж казаў - не куру. Ніколі не курыў.

Нечаканы ўдар локцем прыйшоўся прама ў жывот іі і ад таго адразу пацямнела ў ваччу. Ён паваліўся з табурэткай на спіну, потым, скурчыўшыся, перакуліўся на бок. Сціснуў зубы, застагнаў ад невыноснага болю.

Ніхто не падымаў яго, чакалі, калі сам падымецца.

Як падняўся, атрымаў новы ўдар - ужо ў сківіцу. З носу на падлогу пацякла кроў, - хлынула цэлай калюжынай.

«Во што было пад тумбачкай... Тут канцлагер, а не армія. Тут воўчыя, нечалавечыя законы. Тут забіваюць духоўна і фізічна... Са згоды лейтэнантаў, палкоўнікаў і генералаў. Не на адданасці і доўгу, а на страху ўсё пабудавана...»

Пакуль ён ляжаў, зноў упаўшы, апрытомніваў, «дзяды» паналівалі сабе па поўнай шклянцы - хто гарэлкі, хто віна, а хто наздрынай нюхаў белы парашок, - падагравалі сябе, настрайваліся на асалоду, якую мерыліся атрымаць ад паху і выгляду крыві, ад таго бедламу і жорсткасці, які самі ж і спрычынілі... Раздавалі карты на ўссіх, - і каму выпадала чырвоная дама - дама кахання, - таму і выпадала першым трахнуць першагодка, «пасвяціць» яго ў сапраўднага вайскоўца нечалавечай дзікай арміі...

Нехта ботам ударыў зноў у жывот. Загадаў устаць.

Вінцук, сцякаючы крывёю, падняўся. Адно вока, правае, заплыло крывёю - бачыў толькі левым. Стаяў, чакаў, што ж яны прыдумаюць яшчэ... Літасці не прасіў, бо ведаў, што падымуць на смех, ды і выглядала б тое наіўна, па-дзіцячы...

Ён глядзеў на іх безуважна і абыякава, нават не стараўся запомніць кожнага ў твар - навошта? Калі і застанецца жывы, ды надумае паскардзіцца на іх, то ніхто іх караць не будзе - яны ж выдатна ведаюць пра тое...

- Ну, што, гатоў? Сам хочаш аддацаа ці пад прымусам? Сам? Правільна - супраціўляцца, сабе ж нашкодзіць.

Яго ўхапілі за рукі, жыватом прыціснулі да брыжыка стала, крывавы твар прыціснулі да паверхні стала. Нехта зняў з яго трусы - і яны спаўзлі на падлогу. Нехта халоднымі і слізкімі рукамі абхапіў яго за азадак...

Тое, што адбылося далей, не чакаў ніхто...

Дзверы капцёркі выламаліся разам з замком і завесамі - ад удару чыісьціх ног. З грукатам упалі на таго, першага, каму выпала чырвовая дама, які і стаяў спіной да дзвярэй, супусціўшы свае штаны да каленяў...

Першы ўдар металічнага прута прыйшоўся па галаве Вячаслава Хвойнага, які трымаў Вінцука за левую руку і прыціскаў твар да стала, другому - хто стаяў побач з ім...

У Хвойнага твар адразу заліўся крывёю і ён аснунуўся, страціўшы прытомнасць, на падлогу.

Прэнт хадзіў ужо без разбору па спінах, плячах і рэбрах. Нехта, зразумеўшы безвыходнасць сітуацыі, спрабаваў нырнуць у праём дзвярэй, але, убачыўшы, што там ужо ляжаць у крывё «дзяды», адступіў назад, але і яго дастаў арматурны прэнт - прыйшоўся па шыі, і той таксама «скапыціўся»...

Усе да аднаго ляжалі скрываўленыя на падлозе. Барылін яшчэ ботам спускаў кожнаму юшку з носа. Толькі потым нахіліўся над сваім сябрам:

- Вінцук, ты жывы хоць? Жывы?

Хлопец не мог расплюшчыць вочы, але здолеў пашавяліць распухлымі губамі:

- Жывы, Віцька... жы.. вы..

Барылін ускінуў яго на спіну, панёс да ложка.

На падлозе, скрозь, была кроў, і ён слізгаў па ёй, бы ішоў па слізкім ільду, нёс свайго сябра. Паклаўшы, падышоў да днявальнага, адпіхнуў яго ад сябе, узяў тэлефонную слухаўку:

- Алё! Дзяжуцрны ваеннай пракуратуры? У нас «чп»...

- Прыязджайце... Што здарылася? Самі ўбачыце... Вынік дзедаўшчыны. Тое, на што вы заплюшчваеце вочы... Як прыедзеце, я і назавуся...

Паклаў слухаўку, а днявальнаму гучна загадаў:

- Аб'яўляй трывогу! Ну-у, неадкладна!..

Днявальны здзіўлена глядзеў на акрываўленага танкіста ў парваным адзенні, быццам ён нічога не чуў і не бачыў, быццам нічога гэтага не ведаў, - не рухаўся з месца.

- Я табе што сказаў, ну-ууу!..

Толькі тады паставы ачомаўся, націснуў на чырвоную кнопачку. І ў той жа момант завыла сірэна - трывожна і пагражальна. Гудзела бесперапынна і хвіліну, і ры, і пяць...

Барылін выцер мокрым ручніком скпываўлены твар Вінцука, пачаў змазваць ёдам. Хлопец скрывіўся ад болю, застагнаў.

- Жывы будзем, не памром,, Вінцучок! Добра яны прайшліся па тваім твары. Ну і я ім адпаведна вывескі папсаваў... Будуць помніць. А то, бач, верх над намі ўзялі... Цяпер больш такога не паўторыцца, Вінцук, будзь спак...

Нехта з дзядоў, якія не прымалі ўдзел у начным дзействе, хацеў выцерці кроў на падлозе - узяў у рукі швабру, але Віцька коршакам наляцеў на яго, кулаком з усяе сілы ўдарыў па твары, закрычаў:

- Што, чысціні захацелася? поўзай па ёй, па крыві, што вы наспускалі...

З пракуратуры прыехалі праз некалькі хвілінаў.

У казарму зайшло чацвёра - падпалкоўнік, маёр і два капітаны. Шлянулі на відовішча, спахмурнелі...

- Што тут адбылося? - спытаў маёр і падышоў да першагодка, што сядзеў на сваім ложку, выціраў з твару кроў.

- А вы ў дзядоў спытайце. У Хвойнага, у Моклага, Банадарэнкі, Іванова, - адказаў салдацік і ўсхліпнуў, заплакаў. - Яны сярод ночы завялі Ўюнова ў капцёрку і пачалі здзекавацца над ім, а нас збівалі тут, у ложках...

Аднаго за адным выводзілі стараслужачых у калідор, каб потым пасадзіць у машыну. Адзін Хвойны не падымаўся з падлогі - у яго быў праломлены чэрап...

Камандзір часці прыехаў праз чвэрць гадзіны.

Не паверыў, убачыўшы ўсё, здзіўлена глядзеў на крывавую падлогу, на акрываўленых салдатаў... Ад яго несла гарэлкаю і часнаком, - хістаўся, тлустыя і бліскучыя губы шапталі няўцямнае:

- Бля.. што нарабілі... Казаў жа, каб да крыві не даходзіла... Плугі калгасныя...

Палкоўнік пракуратуры паказаў нейкую паперчыну. Той махнуў няўцямна рукою:

- Валяйце... Сам бачу, не сляпы...

Хлопцаў павезлі некуды ў грузавой машыне. У кузаве іх суправаджалі салдаты з аўтаматамі, забаранілі строгім голасам размаўляць між сабою.

Палкоўнік сеў на табурэтку пасярод казармы, спытаў:

- Сынкі! Дык што ж гэта робіцца, га? Як прымірыць вас - два пакаленні з розніцай у адзін год? Га? Дык, што, выходзіць, няма ніякай дружбы не толькі паміж народамі, і спаміж нават і славянаў, так? Дык чаму ж наш самы галоўны далдоніць пра нейкае славянскае брацтва? Вось яно, брацтва... Блядства, а не братства... Адкажыце вы мне, дурному выпускніку ваеннай акадэміі, чаму ўсё так? Чаму вы ненавідзіце адзін аднаго, а вы ж браты родныя, сынкі незалежнай дзяржавы, якая завецца Беларусь, вы ж нашчадкі ліцьвінаў і вояў Княства Літоўскага...

Ён сядзеў і плакаў. І то плакала не толькі гарэлка, якую ён жлукціў цэлую ноч - адзначаў свой дзень нараджэння, плакала яго спакутаваная душа, якая не ведала, не адчувала болю сыноў яго Айчыны...

Палкоўнік меў сэрца палешука, некалі быў як і яны, малады і дурны, але дурноцтва тое не даходзіла да такіх памераў і не пераступала недазволеных межаў... Ён адчуваў, што з'яўляецца чужым і далёкім, не тым, як яго называлі бацькам-камбатам... Які ж ён «баця», калі ў яго падраздзяленні творыцца такое?

Дык які ж ён бацька, калі не ведае, што ў яго сям'і дзеці купаюцца па вушы ў крыві?..

Да яго падышоў, нават не накінуўшы на цела трусы - не адчуваў, што ён без іх, Вінцук Уюноў - быў амаль без памяці, і яго не ўтрымліваў Барылін.

- Спадар палкоўнік! Паглядзіце на мяне.

Камандзір часці, здаецца, пачаў цверазець, - узняў галаву і зірнуў на салдата.

Я стаю перад вамі такім, як мяне нарадзіла мая матуля. Ніводнага разу за ўсё жыццё мяне не біла маці, нават не сварылася, бо не было на тое прычын... Якія ж былі прычыны ператвараць мяне ў вашай вайсковай катавальні ў кавалак крывавага мяса? Толькі за тое, што я салага? Што я не магу быць слугой «дзядоў», выконваць іх дурныя жаданні, аддаваць ім грошы, купляць віно, гарэлку і цыгарэты «Мальбара»? Але ж я не наркаман, не курыльшчык, не жанчына парэшты, што мяне хацелі згвалтаваць восем чалавек у капцёрцы... Я - механік-вадзіцель, скончыў вучэбку, і заўтра сваімі трапнымі стрэламі ўцэль заваюю вам ачкі, каб вас яшчэ больш павысілі ў званні... Але ж заўтра вы мяне аддасце, закрыўшы вочы, на расцярзанне тым жа «дзядам», каб яны правучылі мяне, зрабілі шаўковага, бо не вы, палкоўнік, а яны кіруюць тут і правяць баль... Вы - днём, а яны - ноччу... Яны служацт Сатане, Уладару цемры, і вы з імі заадно. І вы аддасце мяне на з!ядзенне гэтым ваўкам, і мне тады ўжо не жыць...

- Не аддам! - крыкнуў палкоўнік і стаў перад танкістам на калені, потым абхапіў яго рукамі, прыціснуў з усіх сілаў да сябе. - Не аддам... Не дапушчу больш такога. Слова даю. Калі ж я схлушу, хай тады мяне пакарае Бог!

- У нас кажуць так - дай, Божа, нашаму цяляці воўка з'есці. Пераначаваў бы, ды падушка дужа мулкая...

Палкоўнік не чуў яго слоў, а калі і чуў бы, то нічога не зразумеў бы.

А для Вінцука адкрылася і была зразумела адна выснова: лозунг афіцэраў, што армія - гэта школа мужнасці, поўнасцю дурны і абсурдны. То не школа, а сапраўдны фашысцка-бальшавіцкі канцэнтрацыйны лагер, дзе гарылы запраўляюць усім, і што трэба нечалавечае намаганне, цярпенне, стойкасці і моц, каб выстаяць у гэтай калатнечы, не дазволіць забіць сваю душу... І было зразумела і іншае - колькі ж прыйшлося вытрымаць Віцьку Барыліну, каб навучыцца супрацьстаяць тым гарылам, знайсці ў сабе сілы, каб адпомсціць за здзекі і катаванні - і яго, Віцькі, і яго, Вінцука. Ды і іншых хлопцаў, над якімі здзекаваліся...

- Вінцук! пагукаў слабым голасам Віцька - ляжаў на крайнім ложку, трымаючыся за жывот. - То ж мяне, аказваецца, Хвойны нажом па жываце паласнуў, распароў...

Хлопец лёгка, але настойліва адпіхнуў ад сябе камандзіра, паклыпаў, цягнучы і кульгаючы на адну нагу, да яго.

Скрозь пальцы лілася кроў. Віцька ўвесь збялеў, вось-вось страціць прытомнасць. І ў той жа час у казарму зайшлі ў белых халатах людзі - жанчыны і мужчыны...

- Божачка, што гэта? - усклікнула жанчына, паслізнуўшыся на лужыне крыві - ледзьве не ўпала, яе падхапіў доктар з чамаданчыкам.

- Ратуйце Віцьку! - крыкнуў умольна Вінцук, стоячы каля сябра, - Ён сцякае кроўю - жывот разрэзаны.

Хлопца паклалі на насілкі, спыніўшы крывацячэнне, і подбегам панеслі да «хуткай дапамогі».

Уюноў лёг на акрываўленыя прасціны, абхапіў галаву рукамі. Маліў Бога, каб Віцьку давезлі да шпіаталя, каб з ім нічога не здарылася благога.

Палкоўнік на «газіку» і паехаў следам за «хуткай».

 

18

 

Аксана старалася не сустракацца з Мальвінаю.

У той час, як яна была на ферме, ці была ў хаце, а не ў двары, - паштарка нішком утыркала ў самаробную скрынку газеціну і хуценька адыходзіла ад веснікаў.

Не таму, што ў нечым баялася жанчыну, наадварот, не хацела, каб Уюнова маці ў яе вачах бачыла нянавісць, смагу помсты. Яна старалася душыць у сабе тыя пачуцці, хавала ў душы, не давала вырывацца вонкі. Дакарала сябе за нястрыманасць, за тыя словы, што пры ўсіх сарваліся з языка. Людзі ж чулі, і таму што падумаюць, калі яна здзесніць задуманае? Але старалася і супакоць сябе - ну і што з таго, што сказала, - ці мала што можна мянціць языком.. Да Вінцука яна ж і пальцам не дакранецца - пра тое будзе ўсім вядома.

Спаць у адрынцы было ўжо холадна, і таму яна перабралася ў хату.

На магіле маці яна адшукала маленькі гліняны гаршчэчак. У ім нічога, аказваецца, асаблівага і не было - толькі белы невялічкі каменьчык, памерам з галубінае яйка. Але яна ведала, што гэта такое было... Не простае яечка, нават не залатое, а больш каштоўнае...

Прыйшоўшы дадому, паклала на стол белае яйка. Зажмурыўшы вочы, звярнулася да Ўладара цемры. Прыйшла пара сказаць яму пра свае задумы, пра тое, што яна прыняла яго ўмовы, што толькі цяпер яна згодна здзейсніць тое, да чаго імкнулася, але адцягвала, колькі магла...

«Даўно б так. даўно б так, - прашакаў нячутны голас, але чутны толькі для Аксаны, - я чакаў гэтай хвіліны, бо ведаў, што некалі ж павінна была спаўзці паляндра з тваіх вачэй, з таго прыдуманага, уяўнага кахання. Цяпер ты тая, якой і павінна быць, - толкі ці гатова здзейсніць тое, што задумала?»

«Гатова, мой Пан і натхніцель! Гатова! Усялі ў мяне належную канчатковую сорную сілу, - і я выкарыстаю яе па прызначэнні!»

«Бяры! Карыстайся ёю! І помсці за здзекі над сабой. Ты выпакутавала сваю помсту...»

Белы каменьчык на стале загарэўся яркім ружовым агнём.

Здавалася, пачала хістацца хата - затрашчалі нават вуглы, быцам іх курочыў дужы мароз. А тым часам цела вядзьмяркі Аксаны ахутаў сапраўдны холад, што, здавалася, і кроў змерзла ў венах, і галаву сціснулі ледзяныя вобручы, ды так, што яна не вытрымала - і з грудзей вырваўся немы жудасны крык:

- А-ааа!.. а-ааа!..

Яна не ўпала на падлогу, як пад час апошняй сустрэчы і размовы з ім, а наадварот, стаяла цвёрда і ўпэўнена, і чорная сіла, што ўсялілася ў яе, прагла дзеянняў, прагнула выконваць любыя загады сваёй гаспадыні, любыя яе прыхамаці...

Вочы свідравалі любую рэч, што знаходзілася ў хаце, позірк пранізваў усё наскрозь. Яна бачыла ўжо, што было ў халадзільніку, у шафе, ды і сцен у хаце не было бачна - на вуліцы, за нябачнай глухой сцяной, свяціў з верху слупа ліхтар, ехала машина і бліскала фарамі... Слуп і спыніў яе ўвагу.

Яна пачала пільна ўзірацца ў яго, вадзіла позіркам зверху ўніз, прымружыла вейкі, думкава пасылала каманду. Бетонны слуп затрашчаў каля зямлі, пачаў хіліцца долу. Не вытрымаў, парваўся дрот, пераплёўся між сабою, - і тут жа ад кароткага замыкання ўспыхнула з трэскам зыркая маланка, узарвалася трансфарматарная будка - як хто падклаў яе міну ці бомбу...

«Валодаю! Я валодаю той сілай! - хацелася крыкнуць ад радасці, але стрымалася, прытушыла ў сабе покліч, адчуўшы сябе ўжо ў іншым вымярэнні, без сэрца і без чалавечых пачуццяЎ без эмоцый і кахання, перажыванняў і іншых сантыментаў, якія ўласцівыя чалавеку і яго душы. А каханне дык яна і назусім пахавала, - канчаткова і назаўсёды. І лічыла сябе невінаватай у тым, а вінаваціла толькі яго, Уюна... У яе душы нарадзіўся пастаянны холад, і ўсё тое, што было ў яе людскага, чалавечага, змерзлася, акамянела, - яна стала нічым, увогуле перастала як бы існаваць... - Я і павінна была валодаць гэтымі здольнасцямі, і я цяпер заўжды буду гаспадыняй сваіх жаданняў. І ніхто мне не запярэчыць, і ніхто мяне цяпер не ўказ - ні Нікадым, нават і сам Бог!..

А цяперака няхай уся вёска пабудзе ў цемры, а я з Гаспадаром цемры спакойна прайдуся па вуліцах Забалацця... Мы тут ноччу будзем гаспадарыць, мы будзем выбіраць - каго мілаваць, а каго караць, - цяпер ніякага спуску і жалю не будзе; час слюнцяйства скончыўся; цяпер людзі яшчэ больш будуць ненавідзець адзін аднаго - яшчэ больш будуць жорсткія і агрэсіўныя, - яны перадушаць адзін аднаго, перастраляюць, ператруцяць... А застанемся толькі мы - дзеці і гаспадары цемры...

І будзе так! Няхай будзе так! Мы даможамся, што так яно і будзе!..»

Яна бачыла Вінцука ў крыві, і яе ўжо радавала тое. Няхай не думае, што Бога ўхапіў за бараду, калі пабыў у старога Нікадыма... У яго і жыцця на адзін-два ўздыхі... Не паможа ён табе, Уюнчок-прастачок, не паможа. Ну, як маё другое папярэджванне? Праўда, мацнейшае, чымся гадзюка на пні? А будзе яшчэ і трэцяе... Але ўжо апошняе. То ўжо будзе не папярэджванне, то ўжо - дзейства!

Вядзьмярка рашыла пакінуць яго на дзевяць дзён у спакоі. Каб расцягнуць задавальненне ад расправы над ім, каб адчуў, што не мінуць яму таго, што намечана і наканавана, - каб ведаў і пераканаўся, што ніякая сіла ў свеце цяпер не адвядзе ад яго смерць, помсту за няўважлівасць і пагарду...

«Адпачывай, залечвай-залізвай раны, пабудзь яшчэ на судовым працэсе... са сваім дружком... Можа гэта я і паслала табе яго на дапамогу, паслала за тую адну, падораную (я ж амаль не прымушала, не загадвала, а толькі прасіла) сустрэчу на сене - якая хоць і нічога не дала, але ў мяне было прадчуванне блізкасці будучай жанчыны... То быў мой апошні капрыз, але тое было да майго новага нараджэння. Усё. Масты, так бы мовіць, спалены дашчэнту. І касцёр нават згас. І ні жарынкі няма ў ім, нават і попелу...»

Аксана рагатала, смяялася з самой сябе, з той, ранейшай, дакарала, што позна ўзялася за розум.

Яна хадзіла побач з Вінцуком, чула і бачыла, чым ён займаецца і пра што думае, што жадае. Яе не жадаў, не ўспамінаў...

Хадзіла, але нічым не напамінала яму аб сваёй нябачнай прысутнасці...

 

19

 

І быў суд...

Быў наладжаны паказальны судовы працэс.

І прыехалі на яго Мальвіна Ўюнова, Алена Барыліна і Людміла Хвойная. Прыехалі і іншыя маці сваіх сыноў - «салагаў» і «дзядоў».

«Дзядоў» абвінавачвалі ў «нанясенні цялесных пашкоджанняў, звязаных з пагрозай для жыцця пацярпелых...»

Прысутнічалі і камандзіры часцей - каб самі ведалі і пераканаліся, што робяць «дзяды» у іх адсутнасць.

Мацт схапіліся за галовы, пачуўшы, у чым абвінавачваюць іх сыночкаў. Паверыць не маглі ў тое. Гвалтавалі хлопцаў? Ды быць такога не магло... Дома ж яны не былі такімі, былі рахманыя, спакойныя і спакойныя. То ж такімі во яны сталі тут, у арміі. Такімі іх зрабіла армія...

Людка так і не дабілася ніводнага слова ад сына, калі праведвала яго ў шпіталі. Вячаслаў глядзеў на яе няўцямным позіркам, не разумеючы, што хоча ад яго невядомая жанчына. Ніхто не ведаў, ці пазнае калі-небудзь ён сваю маці...

Віктара Барыліна напачатку хацелі засудзіць на ўсю катушку, але абаронца і адвакат змаглі пераканаць суд, што ў дзеяннях салдата было жаданне не толькі абараніць свайго сябра і аднавяскоўца, але і адпомсціць дзядам за здзекі над сабой, хаця ён і не пайшоў на крайнія меры - у такім стане, стане ўзрушанасці і празе помсты, мог прарвацца да пірамідаў з аўтаматамі... Тады б трагедыі не мінаваць...

Далі ўмоўны тэрмін, а па сканчэнні зняць з яго поўнасцю пакаранне.

Астатнім дзядам свяціў доўгі тэрмін зняволення.

Вадзілі іх да «варанка» ў наручніках...

Галасілі мацяркі, бачачы, як вядуць іх сынкоў, умольвалі запознена суддзяў не судзіць іх так строга і жорстка. Бацькі ж хмурыліся, стараліся не глядзець на людзей, самі да канца яшчэ не маглі паверыць у тое, што адбывалася, і што іх сыны здольны на такое...

- Адпускаю вас на суткі, - сказаў камандзір часці, - можаце ў горад ехаць, можаце ў лес схадзіць, пабыць разам з сынамі, а то і ў нас можаце пераначаваць - ёсць спецыяльны пакойчык...

- Пагаварыць бы... - нясмела прамовіла Мальвіна.

- Вось заўтра, як прыдзеце, і пагаворым, - згадзіўся ён, і скураныя рамянюкі на ім рыпнулі, як маснічыны падлогі, - а потым і на вакзал вас адвязем... Так што ні пра што не думайце, усё мінулася...

- Дзякуй вам...

Дзень быў сонечны, цёплы - другое бабіна лета.

І таму выбралі лес. А Віцька добра ведаў мясціны і павёў кампанію да возера, дзе ляснік абходу зрабіў прыгожую альтанку - у ёй яны і пасядзяць, пагавораць, парадуюцца сустрэчы...

Вінцук трымаў маці пад руку, маўчаў.

Яна ж ледзьве стрымлівала слёзы - і ад радасці сустрэчы з сынам, і ад успамінаў пра тое, што пачула на судовым працэсе.

- Сын... - спрабавала нешта сказаць Мальвіна, усхліпнула, пахітала галавой.

- Не трэба, мама, - перабіў яе Вінцук, - не будзем ні пра што гаварыць - мы жывыя і здаровыя, і дзякуй Богу...

- І праўда, Мальвінка, - падтрымала хлопца Алёна, - не трэба, сёння радавацца трэба, што бачым сваіх дзяцей... Вунь дзень які, а мы сядзем ды на радасцях з табою віна вып'ем - за здароўе нашых сыноў. Ну, весялей, Мальвіна, не наводзь нуду...

Жанчына ўсміхнулася, згодна паківала галавой.

 

20

 

- Як жа такое магло адбыцца, Сымон Міхайлавіч? - папыталася Мальвіна, уздыхнуўшы, у яе голасе былі боль і пакуты, недаўменне.

Яна сядзела побач з Алёнай, без сыноў, у кабінеце камандзіра часці.

Камандзір маўчаў, не ведаючы, як апраўдвацца перад жанчынамі.

- Мы ж вам сваіх сыночкаў далі нябітых і не злых, мы і зусім бы вам іх не далі, дык жа законы нейкія дурныя існуюць - нарадзі, выгадуй, пакладзі на дзяцей усё жыццё, а яны тут для вас не людзі, а...

- Абаронцы Айчыны.

- Абаронцы? Ад каго абараняюць, спадар палкоўнік? Ад Амерыкі? Ад Польшчы? Ад Нямеччыны? Дык жа яны перажываюць за нас, лекі і харч шлюць нам, адзенне... Ці можа ад Расеі ці Ўкраіны? Ад каго? У мяне сын быў, ваш цёзка, Сымонка. Дык яго ў цынкавым адзенні, як казала Макушыха, прывезлі з Афганістана. Хто ў тым вінаваты. я? Для гэтага я яго гадавала, ночы не спала, - для смерці, значыць, гадавала... Каб ён быў забойцам нявінных людзей? Ісус Хрыстос казаў, хто нават і не забівае, а пасылае забіваць іншых, то і таго спасцігне смерць... І тых камандзіраў, што пасылалі майго сына забіваць, насцігне тое ж самае... І Бог пакарае, не я. Я дурная звёскі жанчына, усё жыццё кароў даіла. У гаўне па пояс таўкуся во са сваёй сяброўкай Алёнай, і мо ад нас тым сялянскім гноем і патыхае, бо яго нічым нельга вытравіць з нашага цела, ды вы толькі з-за далікатнасці выгляду не падаеце, як культурны чалавек, што ад нас не французскімі духамі пахне, - дык вось я што вам скажу вам, дарагі камандзір. Армія ваша - гэта нават і не нашая калгасная ферма. Гэта бойня жывёлы, быдла. У быдла вы ператварылі нашых сыноў. Армія - гэта кроў і смерць у мірны час. Добра, калі б у імя каго ці чаго - незалежнасці, пры тым сапраўднай, а не інтэгратарскай, шчаслівай долі, а так...

- Я не збіраюся... - хацеў нешта ўставіць палкоўнік, схіліўшы галаву, але яго настойліва перабіла жанчына, не дала даказаць - у яе душы кіпеў боль за свайго сына, за сына сяброўкі, за ўсіх сыноў, што аддалі мацяркі ў войска:

- ...а так мы, выходзіць, на бойню і здаем сваіх дзяцей. І муж у мяне быў. Узялі на ваенныя зборы. Замест збораў будаваў генералам катэджы. У роў машына скацілася - везлі матэрыялы для будаўніцтва. Удавой я стала, а сыны без бацькі. Дык што, вы хочаце, каб і апошні мой сынок загінуў тут, у вашай часці?

- Вашага сына ніхто больш і пальцам не кране! - цвёрда паабяцаў камандзір - у яго пачырванеў твар, ад сціснутых зубоў перакатваліся жалвакі. - Больш такога не паўторыцца...

- Не паўторыцца?! - Мальвіна пільна паглядзела на палкоўніка. - Слова вашае - пусты гук, прабачайце... То ж у Чачні ільецца кроў нявінных людзей, забіваюць тых, хто і зброі ў руках не трымаў ніколі. У іншых месцах вайна ідзе, дык вы ж туды разам з расейскімі генераламі можаце паслаць на смерць, а потым спісаць на ваенную прысягу...

- Тут ужо іншае.

- Іншае? Смешна чуць ад вас такое... Для вас можа і іншае, ды толькі не для нас... Шкада, што мы, мацяркі, не маем сілы, мацнейшую за вашую, а то б... А то не аддавалі б мы на смерць сваіх сыноў. Самі і ваюйце, самі і ідзіце на смерць, але не пасылайце іншых замест сябе...

Да рукі Мальвіны дакранулася Алёна, умольна папрасіла:

- Мальвінка, не трэба так. Мо Сымон Міхайлавіч і не вінаваты, над ім і яшчэ ёсць камандзіры.

Але ўдава адпрэчыла руку, хацела да канца выказаць сваю думку.

- Не вінаваты? То мы з табою вінаватыя тады, што не бандытамі сваіх сыноў выгадавалі. Тады б ніякая сволач іх не карнула б... Табе во дзякуй за сына, што адзін на такую ваўчыную зграю асмеліўся рынуцца - адзін усіх паклаў. Мой бы не паклаў. Я свайго песціла і аберагала. Бо ён будучы муж і бацька, але не для арміі я яго рыхтавала, не для арміі, як і ты, даруй мне...

- Мальвіна...

- Добра, добра, а то падумаеце яшчэ, што я з глузду з'ехала. Я ніколі і нікому такога не гаварыла. А тут не вытрымала, выгаварылася. І не злуй на мяне, не крыўдуй... І вы, Сымон Міхайлавіч. Але на развітанне вось я што яшчэ скажу. Калі што здарыцца з маім сынам з сынам маёй сяброўкі, як і з іншымі дзецьмі, над вашай сям'ёй і асабіста над вамі павісне цяжкі рок пракляцця. Як і над вашым былым саюзным міністрам абароны - Язавым... Як і над Брэжневым, які падпісаў паперы, каб кінуць дзяцей у афганскае пекла... Запомніце тое. І - выбачайце за шчырасць, даруйце, калі недзе і не да спадобы нашы меркаванні. Але гэта словы жанчыны. Словы - маці.

Сымон Міхайлавіч кісла ўсміхнуўся, моўчкі кіўнуў галавой.

Праводзячы ўжо жанчын да дзвярэй, сказаў ім:

- Праз гадзіну вас вадзіцель адвязе да вакзала. Вас праводзяць сыны. А за шчырасць дзякую. Словы вашыя ьуду памятаць. Добрай вам дарогі!

Мальвіна затрымала дапытлівы позірк на палкоўніку, - як хацела пераканацца ў шчырасці і праўдзівасці яго слоў. І, здаецца, не заўважыла фальшы ці падману. Толькі пасля гэтага пераступіла парог кабінета камандзіра танкавага батальёна...

 

21

 

Поўня круглая і празрыстая, як пераспелая антонаўка пад зыркім сонцам.

Вінцук глядзіць на яе, а думкамі пераносіцца ў сваю вёску - у Забалацце.

У яго добры настрой - Кацярынка прыслала ліст. Шмат чаго цікавага напісала яму. Паступіла ў тэхнікум - тэхналагічны. Нічога асаблівага, здаецца, не паведаміла, найбольш пра вучобу, пра сябровак і пра выкладчыкаў. Ні слова пра нейкія пачуцці і іх адносіны, але Вінцуку ўсё роўна цёпла ад яе радкоў. Ён здолеў па-за тэкстам прачытаць тое, што яму ніхто больш не змог бы так напісаць, і яе словы сталі кропелькамі-глыткамі крынічнай вады ў спёку, калі ён піў каля Ігналявай крынічкі. Кацярына не Аксана - ніколі не надумаецца прымусіць яго, каб пакахаў яе, не папросіць нават пра тое, - і ён ужо думае пра тое, якое пяшчотнае і цёплае пасланне дашле ёй у адказ...

Помніўся яе голас, вочы, усмешка, сакаўныя вусны, да якіх ён першы раз і дакрануўся на праводзінах у вёсцы. Ён праводзіў яе дадому. Прастялі з гадзіну пад ліпай. Тады ж і асмеліўся - прытуліў яе да сябе, абхапіў няўмела за шыю і першы раз пацалаваў. Потым і яшчэ - ужо смялей, адчуўшы, што і яна жадала таго ж... Гулка білася сэрца, у твар ударыла гарачыня. Вусны здаліся салодкімі і былі жаданымі. Упершыню ён адчуў такое.

На развітанне шапнула яму:

- Не забывай мяне, Вінцук!..

І шмат чаго азначалі тыя словы. У лісце яна не пісала іх, але ён добра памятаў пачутае...

Поўня непрыкметна ператвараецца ў твар Кацярыны, і яна па-змоўніцку яму падміргвае, як здзекваецца з яго нясмеласці і маўклівасці, - і Вінцук у адказ міргае ёй, падыгрываючы, радуючыся, што бачыць яе... Хочацца сказаць ёй патаемныя, сагрэтыя сэрцам, словы, але ніяк не можа іх успомніць, таму моршчыць лоб, сіліцца вярнуць іх у памяці... Па-дурному ўсміхаецца, адчуваючы, як да яго сэрца падкатваецца замілаванасць і пяшчота да дзяўчыны...

У ім наступае нейкая перамена - ён як быццам страціў сувязь з наваколлем, і ўжо не чуе хлопцаў, з якімі знаходзіцца ў каравульным памяшканні; яны ў нейкім малочным мроіве, у тумане, іх галасы аддаляюцца ўсё больш і больш, робяцца глухімі, ватнымі...

Поўня то змяншаецца, то павялічваецца ў памерах, - і ён ужо бачыць не Кацярыну, а Аксану - прыгожую, з мяккім голасам; на ёй тая ж, блакітная сукенка, у якой была ў той вечар, як запрасіла на пахкае сена, пяшчотна папыталася:

«Як табе служыцца, Уюн?..»

«Ды нічога, цяпер ужо нічога... Чорныя дні мінулі, цяпер стала жыць весялей і радасней...»

«Ну то і добра... Я радая за цябе... Не бойся мяне, я больш прыставаць да цябе не буду. Толькі давай напаследак, на развітанне, пагуляем з табой у адну школьную гульню. Гэта апошняя-апошняя да цябе просьба. Больш ніколі ты мяне не ўбачыцш, не пачуеш. Памятаеш нашую настаўніцу Вікторыю Кірыкаўну? Як яна замест урока праводзіла ўрок-дыктоўку? Дыктавала тэкст і потым выводзіла сапраўдную адзнаку за пісьменнасць, памятаеш?..»

«Памятаю...»

«Вось і ўяві, што я буду за настаўніцу. І буду дыктаваць табе тэкст... Самы лёгкі - ліст роднай матулі. Мы ёй напішам харошае і прыгожае пісямцо, добра? Я яго і аднясу потым ёй, аддам.... Але ты напісаць павінен без аніводнай памылкі...»

«Добра... Дыктуй...»

Аксана нейкі момант маўчала, як усё роўна абдумвала словы, жартоўна дадала:

«Дамовіліся - без памылак. Бо я строгая настаўніца... Тады слухай тэкст. Пачынаем з абзаца -

Дарагая матуля!

Піша табе Вінцук, твой любімы сынок.

Мама, мне тут добра - служба праходзіць спакойна і цікава. Але маё сэрца з сённяшняга дня будзе належаць Уладару цемры. Таму калі ты атрымаеш мой ліст, то я ўжо буду сярод Сымона і бацькі. Перадам абвязкова ад цябе прывітанне... Яны мяне ўжо клічуць да сябе, і ніхто не прымушаў мяне ісці да іх, я сам, па добрай волі і па сваім жаданні...»

«Напісаў, Уюн?»

«Напісаў... «па сваім жаданні...»

«Малайчына, правільна. Дыктую далей, пакуль пішаш без памылак, гэта вельмі добра...»

Хлопцы не звярталі на яго ўвагі. Усе пісалі, калі былі вольныя пасля дзвюх гадзін стаяння на варце, ахоўваючы ваенны аб'ект. Пісалі каханым, матулям, сябрам... Яны і не чулі патаемнага голасу Аксаны, якая дыктавала страшны тэкст.

Кожнае слова таго тэксту магло забіць таго, каму яны прызначаліся...

«Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і слова было Богам...»

Праз нейкі час ён склаў у чацвёра аркушык паперы, засунуў у канверт з надпісаным адрасам, заклеіў і кінуў да стосіка астатніх, што сябры паспелі напісаць...

На душы стала лёгка-лёгка, як звалілася з плеч вялікая гара.

Заваліўся, усміхаючыся, на нары.

І снілася яму матуля. Усміхалася, чытаючы яго ліст, і на яе твары гулялі блікі ад промняў сонца, якія адбіваліся ад вады - сядзела каля возера? І Сымон глядзіць у ліст, нешта тлумачыць, і бацька потым чытае, увесь час пяцярнёй закідвае назад валасы...

І радасна было ад таго, што ўся сям'я ў зборы, і на матуліным твары і на сэрцы няма болей ніякага смутку і болю...

Праз нейкі час яго катурхнулі за плячо - пабудзілі. І ён прачнуўся бадзёры, з добрым настроем, быццам праспаў усю ноч, а не дзве гадзіны...

Сержант Грынькоў пастротў трох салдат - і ўсе разам пайшлі ў цемру, каб змяніць тых, што адстаялі свой час.

- Стой, хто ідзе? - пачулася з цемры.

- Разводзячы са зменай!

Гэтак жа падышлі да другога, да трэцяга паста.

Вінцук застаўся адзін на адзін з ноччу і зоркамі, што густа высеяліся і выясніліся ў небе. Сам не ведаў, ад чаго ў яго быў узнёслы настрой, чаму так радасна і цёпла было на сэрцы...

Падумаў пра тое, што трэба было б напісаць ліст маці - ужо колькі тыдняў прайшло, як апошняе адправіў... Крыўдзіцца будзе і перажываць, падумае, што зноў нешта здарылася...

Ён любіў назіраць за зоркамі. Гледзячы на іх, добра марылася.

Верылася тады, што ўсе жаданні ператворацца ў яву, што на бранай ім дарозе не будзе калдобін і глыбокіх ямаў...

 

Сонца ціха скацілася з горкі;

Месяц белы заплаканы свеціць,

Аглядае бахматыя зоркі,

Цягне з возера срэбныя сеці.

Ў іх русалкі заблуталі косы, -

Рвуць бліскучыя, яркія ніці;

Ноч плыве над зямлёй, сее росы,

Ноч шапоча русалкам: «Засніце».

 

Чамусьці раптоўна пахаваліся зоркі.

Аднекуль наплылі хмары, абклалі ўсё неба, і знік Валацужны шлях праз усё неба...

Затрашчала над галавой маланка, абрынуўся на зямлю халодны і калючы дождж.

Неба раздзялілася - з аднаго боку было цёмна і даждліва, а з другога, ад захаду, яно было чыстым і светлым, нават з зоркамі...

Вінцук падзівіўся: «Як быццам змагаюцца дзве сілы - цемры і святла, зла і дабрыні...»

- Вінцук, ты чуеш мяне? - голас з цемры - ці то Кацярыны, ці то Аксаны - мілагучны, добразычлівы.

- Чую, - не здзівіўся вартавы, хаця ведаў, што яму не дазволена размаўляць, перад ім ужо была не ноч, а быў дзень, і на яго глядзелі вочы ці то Аксаны, ці Кацярыны, ды не, то ж вочы матулі... - То ты, мама?

- Пазнаў, - абрадавалася маці. - То пайшлі, сынок, прагуляемся з табою - камандзір дазволіў нам прагуляцца з табою, я і дранікаў табе нарыхтавала з дамашняй каўбасой... пайшлі...

У руках маці кошык з прысмакамі - пачуў пахі і пракаўтнуў сліну.

- Я ж не магу, мама, пакінуць пост, - запярэчыў слаба, робячы ўсё ж крок да яе. - Вось змянюся, тады і прыходзь да мяне...

- Нікуды твой пост не падзенецца, - супакойвала Мальвіна, - ды мы доўга і не будзем - пасядзім на грудочку, ты пад'ясі - і вернемся. Там і Віцька чакае цябе... А то даўно мы з табой не бачыліся... Пайшлі, сынок...

Яна вяла яго за сабой, пратоптваючы дарогу, махала рукой - прыспешвала яго крок. А ногі былі як ватныя, як хіто навешаў на іх важкіх камянёў, - і ён з цяжкасцю перастаўляў іх, як марудзіў нечага, супраціўляўся.

- Не адставай, сынок, у нас мала часу... ідзі хутчэй за мной...

Як да дзеда Нікадыма акурат ідуць, гэтак жа падахвочвае яго да хады.

Ужо і дарога не дарога, а нейкая лесвіца, якая вяла некуды вышэй і вышэй - да аблокаў, а маці ўсё махае і махае рукой, просіць паспяшацца...

Зноў жыхаюць маланкі, ілье праліўны дождж... Але - во дзіва! - ні ён, ні матуля, што была без плашча ці якой накідкі, - ані кроплі на іх, сухія, як і не пад дажджом былі...

- Ідзі, сынок, паспяшай... Хутка вернешся... Вунь Віцька нам рукой махае...

Ён не заўважае, што яны ідуць па сцяне недабудаванага высотнага - у дзевяць паверхаў... дома, на апошнім паверсе...

Ужо і да вугла заставалася крокаў з дзесяць, не больш...

Калі ж зноў жыханула маланка і асвяціла наваколле і іх, то Вінцук угледзеў, што то і не маці зусім перад ім, а вядзьмярка Журавель, і праз тоўшчу адлегласці і часу да яго даляцеў слабы старэчы голас: «... калі што адчуеш, то чытай «Ойча наш»...

- Ойча наш, які ў нябёсах... Няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыдзе Валадарства Тваё, няхай будзе воля Твая на зямлі, як і на небе...

Ён прашаптаў толькі некалькі слоў, як адразу перакрывіўся твар у Аксаны. А побач з ёю вырасла постаць Нікадыма - ён узняў над сабою рукі, гледзячы ў неба, крыкнуў з апошніх ужо сілаў:

- Абарані, Божа!..

Розум і асэнсванне рэчаіснасці пачыналі яснець, як быццам нараджалася раніца, як быццам ён пачаў абуджацца ад сну...

Зноў крыкнуў дзед, але ўжо зусім аслабелым голасам:

- Жыві, хлопча! Бог пачуў тваю малітву!

Аксана тут жа, на вачах, ператварылася ў нейкую чорную птушку - ці не крумкача, але памерам з бусла; паспрабавала ўзляцець, мусіць, уцячы, ды не здолела - з дзікім жудасным крыкам шусьнула ўніз і наткнулася на вострыя пікі арматуры...

Загайдаўся, бы здань, і дзед Нікадым, радасна ўздыхнуў, заўсміхаўся, - і растаў у начной цемрадзі...

Нехта падхапіў Вінцука дужымі рукамі - ледзьве не зляцеў, паслізнуўшыся, следам за чорным крумкачом-буслам, адна нага ўжо вісела над безданню...

- Ты што, Вінцук?! Чаго цябе занесла сюды? Чаго?

- Куды, Віцька?

- На гэтую будоўлю. Мы ж на дзевятым паверсе стаімо - на самай верхатуры, то ж для афіцэраў дамы ўзводзяць...

- Будоўля? Дзевяты паверх? І ты дурыш мяне, як Аксана. То яна мяне... сюда заманіла-зацягнула, паклікала...

- Аксана? - падзівіўся ўжо і Віктар. - Наша вясковая вядзьмярка?

- Яна. Падобнай стала на маці. Голасам і тварам. Але, мусіць, ужо больш ніколі не пакліча. Здаецца, разбілася... Як убачыла дзеда Нікадыма і пачула, як я пачаў чытаць малітву... Паляцела ўніз, ператварыўшыся ў вялізнага гругана...

Барылін верыў і не верыў у тое, што казаў сябар. Туліў яго да сябе - быў рады, што ўратьаваў яму жыццё. Уратаваў у другі раз.

- Добра, добра, я ўсё зразумеў. Ты ў парадку? Ты ўсё разумееш, што з табой адбываецца?

- Разумею, а што?

- Тады аддай мне свой аўтамат - ён зараджаны і ўзведзены. Прымі палец з пускавога кручка, ну-ууу!..

- Яна загадала, каб я ў канцы дарогі стрэліў сабе ў грудзі.

- Усё. Аддай. Страляць не трэба. Забудзь пра ўсё.

Вінцук скрыгатнуў зубамі, заплючыў вочы, выпусціў з рук зброю - і страціў прытомнасць.

Не чуў, як яго, беспрытомнага, знеслі на насілках уніз, як завезлі ў шпіталь.

Спаў ён, не прачынаючыся, трое сутак.

Віцька расказаў доктару - пажылому чалавеку ў акулярах, што адбылося з хлопцам, і што таму было прычынай. Той здзіўлена матлянуў галавой і зрабіў вывад, што салдату Ўюнову не патрэбны ніякія лекі і ўколы. Каб вывесці яго з таго стрэсавага стану, галоўным і дастатковым лякарствам для яго неабходны глыбокі і доўгі сон.

На трэція суткі Віцька ўбачыў, што ў Вінцука стала белай галава - як прыцярушыў валасы першы сняжок з маладым марозівам...

 

Аксану Журавель пастухі ўбачылі пад вялікім старым дубам - сядзела, трымаючы ў руках канверты. Думалі, што заснула. Калі ж дакрануліся да пляча, яна ўпала на бок - няўцямна глядзела ў неба...

Побач з ёю ляжала мёртвая ці то варона, ці крумкач - не зразумець было, такіх птушак ніхто не бачыў...

Казалі людзі, што днём, калі паштарка ішла па сваіх адрасах і села адпачыць пад дуб, каб схавацца ад дажджу, то ў сухі шчык ударыў пярун - і забіў паштарку...

Вяскоўцы знайшлі ў паштовай сумцы Аксаны і лісты, якія яна чамусьці не аддала адрасатам.

Пісьмо там было і з Кіева - ад Адама Камка., Віці Барыліна да маці, дзе ён пісаў пра дружбу з Вінцуком. І яшчэ некалькі пісем...

Сярод тых лістоў, якія яна збіралася разнесці, было і перадсмяротнае пісьмо Вінцука да маці.

Было ў сумцы і белае каменнае яечка.

Людзі здагадаліся кінуць яго ў агонь - і яно выбухнула, як граната, рассыпалася на дробныя пясчынкі...

Алёна ўзяла ліст ад Вінцука, і не ведала, што рабіць - з вайсковай часці не было ніякага паведамлення, а ў пісьме вунь што напісана... Гора якое... Не вытрымае Мальвіна такога ўдару, разарвецца ў яе сэрца...

З цяжкім каменем на сэрцы ішла да сяброўкі, а ногі не слухаліся. У самой разрывалася сэрца на кавалачкі ад прачытанага, міжволі на вочы набеглі слёзы...

«Значыць, цяжка было, значыць, зноў збілі, таму і не вытрымаў... - падумала пра сябе. - А палкоўнік даваў жа слова, бажыўся, што з імі нічога не здарыцца...»

- Алёна, го Алёна! - з парога будынка ашчаднай касы пагукала касірка Ўлляна Аўсяюк. - От добра, што цябе ўбачыла. То ж твой сынок табе звоніць... Просіць да тэлефона.

Подбегам, подбегам, як маладуха, дапяла да парога, ускочыла на высокія прыступкі, ухапіла слухаўку, паднесла да вуха:

- Віцечка, ты?

- Я, мама! Мы з Вінцуком у горадзе, у звальненні. Рашылі пазваніць. Дык віншую цябе з днём нараджэння! Як ты там, як цётка Мальвіна?

У яе адняло мову. Адзервянеў язык, і яна не магла вымавіць ні слова. Сілілася нешта сказаць, але атрымалася нейкае мычэнне...

- Алё, мама, алё!..

«Што ён гаворыць? Пра дзень нараджэння я і забылася зусім...А... З Вінцуком гуляюць? Як гэта?..»

- Ві... Ві... Віцька, а Вінцук жывы? З табой побач? Кажы!

- Жывы! А чаго ён павінен быць нежывы? Ды што з табой, мама?! Чаго ты плачаш? Што там у цябе, ц вас?

- Дык ён жа, Вінцук, пісьмо такое напісаў, што рукі наклаў на сябе. У Аксанінай сумцы мы ўзялі, у нежывой узялі, яе перун забіў - пад дубам сядзела.

- Якое пісьмо? Ён кажа, што не пісаў ніякіх пісем! Ды жывы ён, жывы! Вінцук сам табе пра тое і скажа. Вінцук!..

На другім канцы лініі нешта зашамацела, потым нехта кашлянуў, і тады пачуўся голас Уюнова:

- Дзень добры, цётка Алёна! Што там здарылася, што за перапалах? Я не пісаў ніякіх пісем. Збіраюся маме напісаць. Перадавайце ёй прывітанне. Скажыце, што я жывы і здаровы. І ад камандзіра часці нашага вам абедзбвюм прывітанне - асабіста прасіў перадаць.

- Дзякуем. І яму перадавайце...

У душы Алёны перавярнулася на лепшае. Унутраны боль, што невыносна пёк, некуды прапаў, знік. Толькі не ппраходзіў халадок на патыліцы.

Пакрысе падступалася да яе радасць. Думалася толькі пра светлае і вясёлае...

Папрасіла ў Улляны сярнічкі. Тут жа, на яе вачах, спаліла чорнае пісьмо, - каб і не напамінала ні пра што. Яно доўга не загаралася - як мокрае было, і толькі недзе з пятай ці шостай запалкі нечакана ўспыхнула - як было паліта бензінам. І - дзіўна - ад яго не засталося ніводнай чорнай парушынкі. Толькі попельнае воблачка павісла на імгненне перад вачыма - і знікла.

«Значыць, не просты ліст быў, - заключыла жанчына, - значыць, падроблены... Але хто ж яго тады напісаў? Почырк жа Вінцукоў... Прыклала руку вядзьмярка? На адлегласці нават?... Ці можа такое быць?..»

Ой і харошую вестку прынясе Алёна ў хату Мальвіны!

«Зайду ў краму, куплю з гэтай радаснай нагоды магазіннай гарэлкі, - падумала Алёна радасна, - ох і вып'ем мы з сяброўкай за сыноў, за іх здароўе, і во, за мой дзень нараджэння, пра які я, дарэчы, і забылася зусім, выветрылася з памяці з-за гэтых пастаянных і неадкладных турботаў!..»

Бадзёра і шчасліва крочыла жанчына па вуліцы роднай вёскі.

 

Дзед Нікадым памёр у той жа дзень, калі пярун забіў вядзьмярку - праз некалькі гадзінаў, перад заходам сонца.

Хавалі Чарадзея ўсёй вёскай.

Мальвіна ўзяла Міхаську да сябе.

А ён паўтараў і паўтараў скрушна кожны дзень:

- Я ж казаў дзеду Нікадыму, каб не гнуўся дужа пад ветрам людскіх хваробаў.. А ён не паслухаўся. Надарваўся. А так бы пражыў яшчэ гадоў з дзесяць... Затое ваш Вінцук жывы застаўся, абараніў яго дзед ад Аксанкі...

- Дзеду дзякаваць, і табе, Міхаська, што разумееш усё і ведаеш...

На вачах Міхаські слёзы. Яму шкада дзеда, шкада ўсіх, шкада, што застаўся адзін.

Але ён нікому не гаварыў, што ўсе хваробы, якія прыставалі да людзей, якія не мог ужо вылечыць Чараўнік, ён узяў на сябе.

І нёс іх на сабе, як сын Божы, нёс крыж, ідучы на Галгофу...

 

Тое ўсё я пачуў ад стогадовай бабулькі Дамінюські ў вёсцы Рудня, што на Мазыршчыне.

Скончыўшы аповед, уздыхнула, гледзячы ў блакітнае неба, наклаўшы на сябе крыж:

- Ніколі нельга нікога ні ў чым прымушаць, скажу табе, нябожко, ісці супраць волі чалавека. Тым больш у каханні, ды прымяняць для дасягнення сваёй задумы чорныя сілы... Прымус - як гадзюкі ўкус...

 

Санаторый «Алеся», Янова

21 лістапада - 7 снежня 1999 года


07.12.1999

Тэкст падаецца паводле выдання: Анатоль Бароўскі. Вужык: [аповесць]: Голуб на плячы; Дак: [апавяданні]. - Гомель: Полеспечать, 2012. - 733, [1] с.?