epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Бароўскі

Тры елкі дзяцінства

1
2
Эма
Марычка
Арцём Сямёнавіч - ХТЗ
Сустрэча
Аксана
Паратунак
Вераб'іны дзень і месяц
Парадоксы жыцця


1

У кожным з нас жыве ў памяці той даўні і дзівосны час, калі мы яго яшчэ і не ўсведамлялі, не адчувалі, які светлым напамінкам сёння стукаецца ў нашую душу, у нашу памяць. Ён як быццам папракае нас за тое, што мы не ведалі тады, што вялікае шчасце жыць у Краіне Дзяцінства...

Нам могуць прысніцца сябры, клас, настаўніца... Ды прымроіцца з трывогай, што і ўрок не падрыхтаваны, і таму нараджаецца падсвядомае пачуццё пякучага болю і крыўды, што подводзіш настаўніцу, а яна вось-вось павінна назваць тваё прозвішча. І ты сядзіш, сагнуўшы голаў ад страху, ад сораму, што дурнем выглядаць будзеш, калі выкліча класная да дошкі. І ў той жа час сэрца незаўважна ператвараецца ў дзіцячае - цнатлівае і палахлівае, якое адчувальнае да ўсялякіх дробязяў, умее пакутаваць і радавацца...

Калі ж тыя сны прыходзяць часта, як не кажынную ноч, то тое толькі азначае, што ў тваё сэрца пастукалася Яно, Дзяцінства. І паклікалі тыя, з кім ты бегаў навыперадкі босы па халоднай і роснай зямлі. Яны, сябоўкі твае, ўспомнілі пра цябе, праз зорныя міражы часу і прасторы дасылаюць табе вестку і пытаюцца: «Як ты там жывеш, дружа? Ці ўспамінаеш ты нас, сваіх дружбакоў?»

То іх біятокі далятаюць да тваіх мозгу і душы, - і тады табе ўжо нікуды не падзецца, не ўцячы, як ні старайся.

Мама казала некалі, што чалавек - жывы ён ці не, хаця ж і на тым свеце даўно, - наладжвае пярэзвы, цікавіцца тваім станам і жыццём: памагчы хоча, аберагчы ад злога і ліхога, адчуваючы, як спакутваліся твае душа і цела. Мо яно і сапраўды так, не ведаю, аспрэчваць не буду. Але, прызнаюся, што ў гэтым нешта ёсць, быць таго не можа, каб не было...

І ты прахопліваешся ноччу (то я ж, канечне, прачынаюся), нішком ад жонкі ідзеш на кухню, похапкам прыкурваеш ад сярнічкі ці запальнічкі і дзівішся-здзіўляешся - што за насланнё такое з тымі ўспамінамі? Тут клопатаў столькі, што і за стагоддзе не разграбеш, а тут басаногае дзяцінства не дае спаць, брыкаецца, у бакавіну штурхае сваімі парэпанымі пяткамі... І няўцям, што трэба неадкладна, тэрмінова нават, кінуць усё і імчаць туды, у тую дзівосную і цудоўную краіну, у сваю казку, на свой адзіны бераг. Ды не на суд Божы, не на пакаянне ці споведзь нават, хаця і гэта яшчэ наперадзе, а на ачышчэнне, на агульную праверку (акурат, як у войску), на агляд сваіх радоў, - то ж проста душа твая пачала бунтаваць і памкнулася туды, да сяброў, яна вырываецца з грудзей, пакутуе, чакае, калі супакоіш яе, суцішыш...

Але нават і не з-за гэтага кліча Вышні на Поле Дзяцінства. У зямельцы ж закапана твая пупавінка, а нябачны атожылак цягнецца да цябе ўвесь час, як ты жывеш. Ты ж і сілкуешся тымі нябачнымі энергецінкамі з тае мясцінкі, дзе бабка-павітуха схавала той вузельчык, які звязваў цябе з мамай, звязвае назаўсёды з родным краем, які завецца малой радзімай...

Схавала той пупок, як яблыньку пасадзіла. А каб расла ўчэпіста і спорна, кораню трэба жыватворная духоўная вільгаць і сіла. А як толькі яе не хапае, у той жа час у тваёй душы пачынае рабіцца нешта незразумелае і неспакойнае, лядайкае і злое, - яблынька не адчула ад цябе падпіткі, як і ты ад яе. Пачынае ірвацца духоўная сувязь. Вось і пайшоў тады па тоненькай-танюсенькай нітачцы-карэньчыку сігнал бяды і крыку аб дапамозе...

А ты адчуў (я ж, канечне) незразумелы боль пад левай грудзінай і ніяк не можаш даўмецца, што гэта за насланнё такое? Дзівак ты, дзівак... То ж дзяцінства пастукалася ў тваё сэрца...

Нікога не слухай - кідай усё, шукай свае крылы ўзнёсласці і ... Забудзь пра неадкладныя клопаты і праблемы. Неадкладна імчы ў той край, які кліча да сябе, як бы ён далёка ні быў ад цябе - хоць за тысячы і мільёны вёрстаў. Адчуй сябе зноўку малым. Так трэба. Так неабходна. Адчуй сябе зноў хлапчуком, - і ты тады ўбачыш свет зусім іншымі вачыма, і тады для цябе шмат чаго высветліцца і праясніцца, многе стане зразумелым і блізкім.

Кожнаму з нас - хочам таго мы ці не - жыццё дае нам шчаслівы шанец: палячыцца ад даросласці, ад сур'ёзнасці, ад злых і непатрэбных думак, апамятацца, спыніцца і задумацца над сваімі ўчынкамі, сказанымі словамі, зробленым і няздзейсненым. І гора таму, хто не выкарыстоўвае яго, хто адмахнецца ад поклічу і пярэзваў, палічыўшы тое ўсё дурноцтвам, дзіцятвам, і не прызнаецца нікому нават, што нехта клікаў яго ў чароўную і непаўторную краіну. Баючыся, каб не абсмяялі, бо пасада не дазваляла апускацца да такіх прызнанняў і сантыментаў...

Шкада такіх людзей, шкада... Ну, што ж, няхай будзе так, а калі так, то і не зразумець яму ніколі нічога, але ў тым ужо вінаваціць нікога не трэба, апроч самога сябе. Але прыдзе пара, абавязкова прыдзе, хоць і праз тысячу год, - але тады ўжо будзе позна, эадужа позна... І ніхто тады не паможа вярнуць шчаслівыя імгненні вяртання да самога сябе.

Якім жа вырасце тая дзеравінка, якую пасадзіла павітуха? Без добрых успамінаў, без ласкавага слоўца. Бо як сказана ў Евангеллі ад Лукі: «Няма добрага дрэва, якое давала б кепскія плады; і няма кепскага дрэва, якое давала б плод добры; бо ўсялякае дрэва пазнаецца па пладах сваіх, таму што не збіраюць смокваў з цярноўніка і не здымаюць вінаград з кустарніка. Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злых скарбніц сэрца свайго выносіць злое, бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны яго».

Так, добрае і нараджаецца ад добрага. Таму не след адмаўляцца ад духоўнага поклічу, а неабходна прыняць яго, расчыніць і ўпусціць яго ў сваё сэрца, - і тады абавязкова пачуецца палёгка, і цёплая хваля падступіцца да цябе, падорыць табе новыя сілы, пачуцці і адчуванні. Бо мы далучаемся да сваіх вытокаў, не адпрэчыўшы свой пачатак, - мы зноўку нараджаемся для добрых і высокародных учынкаў і здзяйсненняў.

Не ўцякай ад пярэзваў: то Сам Бог стукаецца да цябе ў сэрца, у душу тваю.

Толькі ты ці адчуваеш сваё прызначэнне на сваёй зямлі?

Ці не пячэ цябе сорам, што ад аднаго берага адарваўся - свайго роднага, а на другім пасяліўся, і ад таго не ведаеш да апошняга дня, хто ж ты такі, якога роду-племені, якой ты нацыі, да якога народу належыш?

 

2

...хуткі цягнік нясе мяне ў маё далёкае дзяцінства, у тую саму пару, калі яно заканчвалася і пачыналася юнацтва.

Не ведаю толькі, чаму, але з першых хвілінаў, як я ўбіўся ў чаргу да касы, каб узяць квіток на праезд, мяне адразу ж ахапіла хваляванне - не абы-куды еду, а ў край бесклапотнасці і нястачы, захаплення і горычы, першага кахання і першых расчараванняў...

У жыцці яно як бывае? Імкнешся штодня да нейкай мэты, уздзіраешся, злузваючы да крыві пальцы рук і калені, да нейкіх недасягальных вяршыняў, траціш энергію і розум, ахвяруеш усім дзеля выбранай мэты, і прызнаешся самому сабе, што не было, на жаль, часу азірнуцца на сваё даўняе мінулае, паглядзець на сябе збоку, паглядзець тымі непасрэднымі дзіцячымі вачыма, якія не здрадзяць, не ўмеюць падмануць...

Куды, на якую тайную ці не тайную вячэру-застолле мы баімося спазніцца?

Мы ж верылі ў светлае, чыстае, цнатлівае і правільнае. Верылі напісаным кніжкам, настаўнікам, якія казалі, што шчаслівае дзяцінства нам падарыў бацька Сталін. Пазней даводзілі нам, што толькі ён адзін сваёй мудрасцю выйграў вайну з Гітлерам. І яшчэ далдонілі нам, што Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя дала шчасце і волю кожнаму чалавеку. Прымушалі паверыць, што Бога не існуе, а рэлігія - то опіўм для ўсяго народа, і ад яе трэба пазбаўляцца...

Нас адвучылі маліцца. Адабралі Хрыста, сказаўшы, што заместа яго ёсць другі бог - Ленін. А Біблія казалі, смеючыся, - то байка пра Бога, і яна не адыгрывае той неабходнай ролі ў выхаванні піянераў і камсамольцаў. Мы былі сляпыя бы толькі што народжаныя кацяняты, знаходзіліся ў стане слепаты нават тады, калі сталі дарослымі, не перастаючы верыць, што толькі ў нас усё добра і шчасна...

Ну, дык тое ўсё, як кажуць, да слова. Бо натура ў нас такая - хлебам не кармі, а дай выгаварыцца, навесці крытыку на забітага льва. І няважна ўжо, слухае нас хто-небудзь, ці не. Загана то нашая, ці прасвятленне, не ведаю.

Еду-імчу я ў свой далёкі край. То раней здавалася мне, што за тры-дзевяць зямель той Казацін ад Гомеля. Бо адтуль, як ехаў некалі, ой якім жа цяжкім і доўга-пакутным падаўся мне той адрэзак шляху!

Выбрацца ў дарогу я рашыў нечакана.

Нават і штуршка такога пэўнага не было, пра які я казаў перад гэтым. Хаця, калі шчыра, перад гэтым клікала мяне некуды мая памяць. Проста неяк ноччу ўбачыў я сябе басаногім хлапчуком - з кніжкамі за плячыма, шморгаючы носам ад прастуды. Раскашоўвалася спякотнае лета, апякаў ногі пясок, бы прысак, а я крочыў некуды спешна - ці то ў школу, ці то са школы. І пры тым у мяне было так шчымліва на душы, што я прачнуўся. Такія сны былі і раней, але ім не надаваў асаблівай увагі. То быццам я лётаў над сваёй вёскай, а хлапчукі стаялі ўнізе і нешта крычалі і паказвалі ў мой бок рукамі... А я насіўся птушкай, коршакам, арлом, і адзінае, што мяне турбавала - каб хаця не зачапіцца за тэлеграфныя слупы і драты, што злучалі тыя слупы.

Эх, сны, сны... Мройная ваша фантазія...

 

Наш свідравальны станок з праграмным кіраваннем прайшоў выпрабаванні з высокай адзнакай і галоўны канструктар Арсен Гайкоў нечакана для мяне сказаў:

- Валодзя, за гэтую перамогу я даю табе тыдзень адпачынку. І яшчэ прэмію ўпрыдачу.

Я, канечне ж, не паверыў яго словам. Тады Арсен Робертавіч перапытаў:

- Ці не глухі ты, Уладзімер? Ці то такі няўдзячны, га?

Мне ж толькі заставалася кіўнуць у знак згоды галавой, каб не паказацца доўбілам ці аглушаным яго дарункам-паведамленнем.

Ён як уведаў усё роўна, што мне ой як не хапала ў маім жыцці таго такога неабходнага і жаданага тыдня. Усе суткі і апошнія тыдні мы былі загружаны-перагружаны неймавернай працай. Арсен выціскаў з нас, канструктараў, усё магчымаеі немагчымае - мо так і капіталіст не здзекваўся над сваімі рабочымі. Але ж не, калі шчыра, то прымусу начальніка мы не адчувалі. Нас эксплутаваў самы галоўны начальнік - прымус прэстыжа. А сіла прыдавал хіба толькі тое, што ппярэдні наш станок без стрыманасці хвалілі спецыялісты з Нямеччыны. Нам хацелася і гэты давесці да ладу, бо прэстыж прэстыжам, а і пахла добрай прэміяй - у кожнага з нас на яе ўскладваліся пэўныя планы.

Мяне ж падораны тыдзень абрадваў яшчэ і тым, што я мог сплаціць усе свае даўгі. А іх у мяне накапілася шмат і шмат.

Некалі, з гадоў дзесяць назад, асмеліўся напісаць у абласную газету невялічкі допіс пра нашую брыгаду. Ну, рукі свярбелі, парабіць з сабою нічога не мог. Напісаў пра тое, як мы ствараем станкі. Дзіўна, але мой допіс надрукавалі, і невядомая мне Марыя Шыманоўская напісала кароценькае пісямко, папрасіла, каб я прыслаў яшчэ што-небудзь з жыцця свайго прадпрыемства. Падказала нават і тэмы, якія яе цікавілі. І зноў надрукавалі дасланае. Прызнаюся, тое мне спадабалася. Падабалася глядзець на радкі ў газеце і подпіс пад імі.

Праз год пад маімі заметкамі да майго прозвішча дабаўлялі «няштатны карэспандэнт». І тады я асмеліўся паспрабаваць свае сілы ў цэнтральнай газеце, ды і ў не абы-якой, а ў рабочай. І - во дзіва! - праз месяц убачыў допіс надрукаваным. Праўда, мяне здорава падкарацілі, падправілі напісанае. Мне падалося нават, што надрукаваны тэкст чытаўся лепей і цікавей. Быццам нехта там, з супрацоўнікаў газеты, паклаў маё пісанне пад важкі прэс і выціснуў ўсё лішняе. Я зразумеў, што мне трэба было вучыцца пісаць сцісла...

На той час у мяне ляжаў недапісаны нарыс пра баптыста Сівакова. Папярэдне я напісаў ліст, спытаў, ці цікавіць іх такая тэма. Тэма іх зацікавіла. Але я ўзяўся пакуль што за іншы матэрыял. Прыклаў усе намаганні, творчыя сілы, каб зрабіць матэрыял цікавым. Надрукавалі. Без асаблівых правак, але ўсё ж даводзілі яго «да кандыцыі». Я стаў ужо іх няштатным карэспандэнтам. Мне нават выслалі пасведчанне, чым я вельмі ганарыўся.

А матэрыял пра Сівакова ляжаў, чакаў свайго часу. Я паабяцаў яго скончыць і выслаць у бліжэйшы час. Нават паабяцаў у тэлефоннай размове, што вышлю праз тры дні. Але мінуў дзень, калі я паабяцаў адаслаць яго, а мне ўсё не выпадала часу сесці за стол і скончыць яго - дадому прыходзіў стомлены, і сіл заставалася толькі павячэраць і дайсці да ложка...

А тут на табе - галапузае дзяцінства пастукалася ў маю памяць. Паклікала да сябе ў госці. Маўкліва, без папрокаў. Адно напомніўшы пра сябе нячутнай шчымліва-пяшчотнай нотай меднага горана...

І я махнуў рукой на той нарыс - не ўцячэ нікуды, а тэрміны рэч умоўная, - не надрукуюць цяпер, дык праз год. Для мяне тое ўжо не з'яўлялася галоўным.

Плюнуў на ўсё, адрынуў усё, рашыўся і адгукнуўся на покліч.

 

Са мною ў купэ сядзіць трое дзяўчатак. Адна з іх, бяляначка, у шыкоўным касцюмчыку, з сакаўнымі вуснамі і агністымі вачыма, зіркала туд-сюд, як нешта ці некага шукала. Сяброўкі ж маўклівыя, унураныя ў сябе, заняты сваім, на мяне не звярталі аніякай увагі.

Як праязджалі Сож, пад вагонамі затахкалі гучна на стыках колы: «Ты ку-ды, ты-ку-ды?..» Я выйшаў у тамбур, каб перастаяць якой паўгадзіны і не назаляць сваім спадарожніцам - няхай уладкоўваюцца на ноч.

Ці засну я сёння, адчуваючы на душы няўцямную трывогу і ўзрушанасць? Ці супакоюся, узваліўшы на плечы цяжар пражытых гадоў? Хоць і не курыў, а прыйшлося «стральнуць» «прыміну» у суседа, што дыміў побач. Я на сваіх жа вачах ператвараўся ў хлапчука, які ўсё жыццё хадзіў са мною побач і маўкліва назіраў за мною. Цяпер жа я стаў ім, а ён мною - мы зліваліся з ім у адно цэлае...

І здавалася ўжо, што не ў вагоне я зусім сяджу, а ў нашай школе - у пятым класе, слухаю, пра што гаворыць сваім хрыплым голасам Рыгор Дзяменцьевіч. Пачуў голас - і нешта прымусіла мяне напруціцца захвалявацца...

Адна зацяжка, другая...

 

Эма

Дзе ж ты цяпер, прыгажуня-прынцэса Эма-Эмачка-Эмуся?!

Якія вятры і чые вочы цалуюць тваю прыгажосць? Ці любіш ты і цяпер сустракаць Новы Год?

Дзе ты цяпер, прыгажуня Эмачка?

Дзе?..

Мы сядзім у класе і настаўнік гісторыі Рыгор Дзяменцьевіч расказвае нам пра далёкія гістарычныя часіны, тлумачыць падзеі, прыводзіць па памяці даты... Расказвае так цікава, што муха ляціць пад столлю, і мы чуем вібрацыю яе крыльцаў. Рыгор заўсёды ў сваім нязменным шынельку і ботах, у гімнасцёрцы, якую сам мые і зашывае зашмальцаваныя мясціны і дзіркі. Мы ведаем, што гэта яго адзінае адзенне, і другога настаўнік не мае.

Але як бы ні было нам цікава слухаць аповяды настаўніка, я не зводжу вачэй з беленькага вуха Эмы - яна сядзіць у наступным радзе, справа. Калі гляджу на яе, у мяне замірае сэрца і лёгкія іголачкі паколваюць у скроні. Не магу адарваць позірку... А побач - Колька Кандыбенка сядзіць, вочы прымружыў - уважліва слухае.

Дзяўчына нечакана аглядваецца, адчуўшы, мусіць, мой позірк, і я, прысаромлены, злоўлены як на нечым непрыстойным і сорамным, чырванею, апускаючы вочы долу.

- І не думаў магістр ордэна, што такое можа адбыцца, - чую зноў патаемны і даверлівы голас гісторыка, і мне здаецца ўжо, што ён гаворыць толькі для мяне аднаго, ну, хіба яшчэ і для Эмы, расказвае цікавую гісторыю маёй радзімы, - Боская кара абрынулася на яго ворагаў...

Рыгор ніколі і ні ў якія кніжкі не заглядваў, і не выкладаў нам тое, што ў іх было. Ён меў сваю гісторыю, якую, мусіць, напісаў сам ці склаў, і чытаў яе натнёна і з глыбокім веданнем яе падводных цячэнняў... Я ж ніколі і імён такіх не чуў, якія ён называў - Ульрых, Вітаўт...

Адкуль ён тое ведаў, з якіх крыніцаў тое чэрпаў?

- А ці ведаеце вы, што...

І мы з першых слоў уваходзім у казку, у дзівоснае паданне, у далёкую мінуўшчыну, у падзеі, якія адбываюцца ў Вялікім Княстве Літоўскім...

Спяваюць трывожна трубы, грымяць зазыўна і ўзнёсла барабаны... Вы ўявіце той напал бою, прыслухайцеся да перазвону мячоў і дзідаў... Літоўская конніца рушыла, нарэшце, у атаку. Насустрач ёй рушыла варожая сіла. Але што гэта? Як у прорву правальваюцца вершнікі - і знаку ўжо няма ад іх. То выкапал надоечы непрыкметна яміны і прыкрылі іх гадінамі, замаскіравалі мохам. Другія і трэція рады па целах папярэднікаў прайшлі яшчэ далей і сутыкнуліся з ворагам у няшчаднай сечы. Нельга было замахнуцца яе след мячом - на полі з узгоркаў і ўпадзінаў шырынёй у дзве тысячы крокаў сышліся не меней як шэсцьдзесят тысячаў вояў...

Ламаюцца коп'і, секіры адскокваюць ад каваных шчытоў, лопаюцца як яйкавае шкарлупінне пад ударамі чэканаў шлемы...

Іржуць коні, крычаць параненыя, поўзаючы па крывавай зямлі, цягнучы за сабою свае ж вантробы; воклічы і загады камандзіраў глухлі ў агульным пагрозлівым гуле. Ціўкалі атрутныя стрэлы, звінела набатам сталь...

І вось воі Вітаўта не вытрымалі, здрыгануліся, пахіснуліся - пад магутным націскам важкай рыцарскай конніцы адкаціліся назад. Колькі вы, думаеце, было вояў, што змаглі даць такі адпор?

Настаўнік папытаўся ў нас, але не глядзеў у наш бок, - стаяў каля акна і не адрываў позірку ад засмужанага неба і воблакаў, - мусіць жа, там бачыў усё тое, пра што расказваў. І сам жа адказаў сабе на пытанне:

- Усяго тры палкі са Смаленскай зямлі - гэта на стыку з польскімі харугвамі. Здавалася б, невялічкая па колькасці людзей групоўка вояў, але яна аказалася моцнай і храбрай, бо сваім націскам здолела перашкодзіць крыжакам разбіць усё саюзнае войска. Падалі ў смяротным баі адзін за адным смелыя і бясстрашныя смаляне, але не зрабілі ні кроку назад. Наступіў крытычны момант. І ў гэтыж час зноў пачуўся бадзёры голас зазыўнага грана, рушылі ў наступленне на сваім фланзе палкі Ягайлы...

Крыжаносцы адразу адчулі моцную перашкоду, і таму вымушаны былі спыніць праследванне ліцьвінаў, а свае ўдарныя, адборныя фарміраванні, кінулі супраць палякаў. Але не змаглі вытрымаць іх націску. Не памог ужо і ўвод у бой апошняга рэзерва, кіраваў якім сам магістр Ордэна. Тут знайшоў сваю смерць Ульрых фон Юнгінген, а разам з ім палеглі яго лепшыя рыцары, якія верылі ў свае сілы, у сваю непераможнасць т Боскае бласлаўленне на поспех...

А я пазіраў на шыю Эмы, але бачыў яскрава скрозь яе кудзеркі тых рыцараў, чуў лязгат дзідаў, і вераў, што яны з-за сваіх прыгажуняў клалі свае галовы на полі бітвы. І мне так хацелася пакратак завіток на яе белай шыі, што аж міжволі мая рука падалася да яе... Але мне ўжо не было калі - я скакаў ужо далей і далей. Я быў ужо сярод злучанага войска польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта...

На правым фланзе нашага войска пад ветрам ужо матляліся крывавыя тканіны з выявай герба Пагоні - вершніка з мячом. Вось пад гэтымі харугвамі і выйшлі на бітву воі Вітаўта - з Літвы, Кіеўскай, Валынскай, Смаленскай, Гомельскай, Полацкіх зямель. Я ўжо яскрава бачыў, як хутка, бы палёт юркай стралы, шныралі бунчукі невялікага атрада наёмнікаў татарскай конніцы. А там, дзе знаходзіўся левы фланг, разгарнуліся пад каралеўскім штандарам з белым арлом польскія палкі і наёмнікі з Чэхіі... Са мною побач скакаў Колька Петрушкевіч, нешта крычаў, гледзячы наперад...

То быў Грунвальд. То адбывалася вялікая бітва народаў. Дзякуючы перамозе, яшчэ не адно стагоддзе крыжакі баяліся сунуцца на землі Вялікага Княства...

Настаўнік замоўк, апусціў галаву.

Мне падалося, што і ён скакаў разам з намі, і таму стаміўся, бо цяжка дыхаў, заплюшчыўшы вочы.

- І што ж было далей, Рыгор Дзяменцьевіч? - папыталася Эма, заварожаная, як і я, аповедам настаўніка.

- Далей? - настаўнік не падымаў галавы, глядзеў ужо ў стол, як быццам звяраўся ў праўдзівасці сваіх слоў у нябачнай кнізе. - Далей... Да нас дайшлі абрыўкі гісторыі таго часу. Адныя сцвярджалі, што крыжакі разбілі войска Вітаўта і яно ратавалася бегствам да самай Літвы. Але як можна паверыць у тое, калі яны самі ж сцвярджаюць, што пасля перамогі пад Грунвальдам Вітаўт і Ягайла разам рушылі на сталіцу Ордэна - Марыенбург. Спрачаюцца і сёння, хто ўнёс большы ўклад у перамогу - ваяры-віцязі ўкраінскіх ці беларускіх зямель. Яны аддалі ўсё, што маглі...

У школьных падручніках, у інстытутах і ўніверсітэцкіх працах навукоўцаўцаў адзначана, што то ўяўляла сабой толькі ўтрымліванне напору ворага на землі Прыбалтыі. Але ці можна пагадзіцца з такой думкай, га?.. Думайце самі, гісторыю нельга ні палепшыць, ні пагоршыць... Адно скажу, дарагія мае, што гісторыя толькі пацвярджае - перамога пры Грунвальдзе мае аднолькавае значэнне як для палякаў і летувісаў, так украінцаў і беларусаў.

Ніхто з настаўнікаў не прывучаў нас да роздуму. Рыгор жа абуджаў у нас не толькі цікавасць да розных жыццёвых з'яваў, але і самааналізу, да спрэчак. Ён абвяргаў тое, што пісалася ў падручніках. Не гаварыў нам прама, каб сумняваліся ў напісаным, але як быццам падахочваў нас, дзяцей, каб мы сумняваліся ва ўсім, аналізавалі, узважвалі, пераконваліся самі ў праўдзівасці фактаў жыцця. Ён і гаварыў з намі на мове праўды.

І мы міжволі задумваліся над многімі пытаннямі, хаця ж і не знаходзілі на іх тады пэўнага адказу.

Аднойчы пасля ўрокаў мы засталіся ўдвух з гісторыкам у класе. Ён ведаў, што мне хапала яго ўрокаў, бо я часцей за ўсіх дапытваўся ў яго пра тое, што не зразумеў, што пакінула сумненні. Мо і знарок застаўся - з-за мяне. Мяне ж сапраўды шашалем тачылі балючыя пытанні, якія не мог задаваць у прысутнасці ўсяго класа - не такі быў дурны, але ж і сітуацыя навакольнага трывожнага жыцця вымагала таго, каб мне, з маім дзіцячым розумам, разабрацца.

- Рыгор Дзяменцьевіч, - не вытрымліваю я, і ў прыцемку класа мой голас гучыць неяк напята і занепакоена, - а чаму мы вымушаны жыць між дзвюма праўдамі?

Ён пільна ўглядаецца ў мяне, круціць галавой.

- Чаму ж між дзвюма? - ён ужо дастае з кішэні шынелка капшук з самасадам, просіць, каб я прачыніў акно, чакае, калі я сяду насупраць яго.

- Бо ў кніжках адна праўда, а ў жыцці ж, пра што вы расказваеце, другая... Я заблытаўся. І кніжкам цяжка не паверыць, бо іх пісалі разумныя людзі, і вам веру. Праўда, больш веру.

Гісторык зацягваецца самакруткай, прыжмурваецца, выпускае дым, адвярнушыся ад мяне - да акна. Я бачу яго хударлявы твар, упалыя пашчэнкі, шырокі лоб і залысіну на галаве. Вочы разумныя і добрыя. Ад яго, хоць і на адлегласці, далятала да мяне цеплыня і душэўная пяшчота.

Я люблю свайго настаўніка. Люблю за тое, што ў яго такая выдатная памяць, і што ён ведае столькі незвычайнага і цікавага. Яго трохі за тое і недалюбліваюць завуч школы і дырэктар, але на людзях сваёй непрыязні ці зайздрасці не не паказваюць, тояць у сабе. Але мы ўсё бачым, заўважаем. І знарок на іх уроках хадаваць такія пытанні, каб яны не адказалі, і тым самым ставім іх у тупік. Яны здагадваюцца, адкуль дзьме вецер, адкуль у нас такая незвычайная цікавасць, аказваюць нешта няўцямнае і няпэўнае, - тым самым падаючы ў нашых вачах ой як нізка...

- Ды як табе сказаць, хлопча, - мой маленькі сябра? Я і сам не хутка зразумеў тое. Жыццё прымусіла зразумець. Таму не буду адказваць на тваё пытанне. Бо як бы я правільна ці хораша ні адказаў бы табе, ты мяне ўсё роўна не зразумееш - адказ падрыхтуе і дасць табе само жыццё. Рана ці позна, але дасць. Я стараюся толькі рыхтаваць вас да гэтага, каб кожны зразумеў: чалавек, як птушка, і яму патрэбна воля, прастор. Патрэбны духоўныя крылы - і тады парвуцца любыя ланцугі, якімі скавалі, спавілі, стрыножылі...

- Хто скаваў, Рыгор Дзяменцьевіч?

Настаўнік зноў хмурыцца - ці не крыўдуе ўжо, што задаю яму такія дурныя пытанні, сагнуўся, седзячы на крэсле пра нешта думае. Разумею сёння, колькі ён змог бы мне тады расказаць цікавага і тайнага, каб я быў трошкі сталейшы, лепш, каб дарослым, - тады б ён не асцерагаўся, што мой хлапечы язык можа вынесці за сцены школы. Але я і так быў удзячны яму за тое, што ён смела ўзяў мяне за руку і павёў тымі сцяжынамі, кудой ніхто з настаўнікаў не мог павесці, - каб у мяне, жаўтаротага, пралупіліся збольшага вочы, каб з іх спаўзла паляндра слепаты і веры ў бязгрэшнасць прышчэпленай нам ідэалогіі...

Ён жа разумеў, што яму пагражала, калі б даведаліся тыя, каму належыць ведаць усё, у якія тайны жыцця ён пасвячаў нас. Хаця гісторык ніколі не лаяў ні Сталіна, ні ўладу, - ён абыходзіў гэтую тэму зусім. Ніхто, нават апантаны стукач ці сексот, не маглі сказаць ці сцвердзіць, што гісторык займаецца нечым недазволеным у сваёй працы настаўніка...

Асабліва любіў настаўнік расказваць нам паданні.

Мы слухалі б іх дзень і ноч, і ў нас не прапала б цікаўнасць - мы ж і падумаць не маглі, што ён расказвае нам старонкі з Бібліі. Літаратурная апрацоўка, на мой сённяшні погляд, была таенавітая, бездакорная... Мы ж нідзе такога не чыталі і не чулі, а Біблію дык і ў вочы не бачылі.

Ідэолагі баяліся, каб мы не паверылі ў Бога і не пачалі маліцца на Хрыста замест таго, каб спяваць хорам і па аднаму «Широка страна моя родная...»

- Хто скаваў, пытаеш? Каваль і скаваў... Вялікі Каваль людскога шчасця і яго верныя памочнікі. «Ковалі счастія ключі», а выкавалі сабе ланцугі і кандалы...

Цяпер я ўжо не перапытваў, хаця ж зноўку не разумеў, а толькі здагадваўся пра нешта вялізнае і пачварнае, адчуваў дзіцячым розумам, што не хапае толькі маленькай нейкай дробязі, каб я зразумеў усё-усё... Здагадкі мае былі простыя - чаму настаўнік не можа прыдбаць сабе хаця б простага і прыстойнага касцюмчыка; чаму мая маці ніяк не можа выбіцца з беднасці, хаця ад работы ніколі не разгінала спіну; чаму ў нас больш ворагаў, чам самога народу? Чаму?.. Тысячы «чаму» грызлі мяне і тачылі маю душу штодня, і ў мяне ад таго трашчала і раскалвалася ад болю галава - ніяк не рашаліся задачкі, і ніяк не сыходзіўся ў адно цэлае чаканы адказ...

- Хацеў бы я, мой сябра, дапытлівы Валодзька, сустрэцца з табою гадоў так праз дзесяць-пятнаццаць... - настаўнік з нейкім жалем ці шкадаваннем глядзіць на мяне, пацірае пальцам кончык носа, - і дагаварыць пра ўсё. Не, я табе давяраю, ведаю, што ты хлопец разумны, не балабол. Не скора людзі павераць зноў у Бога, у сябе. Але прыдзе той час, прыдзе... Пры табе яшчэ прыйдзе...

Настаўнік нейкі час маўчыць, уздыхае. Патухла цыгарэціна, але ён не спяшаецца зноў прыкурваць яе.

- Столькі копаці на нашых душах, Валодзька, вельмі шмат. Мы спавіты дротам і ланцугамі, і не можам сказаць пра тое, ні-ні... Цярпі і маўчы. Мы - рабы, мы - паднявольныя, ярма толькі не хапае, хаця і яно ёсць, ды не бачна яго...

Пад акном спыніліся дырэктар і завуч, пра нешта гавораць. Настаўнік адхіснуўся ад мяне, каб, не дай Бог, не заўважылі яго, не падумалі што. Я зразумеў, і сам прыгнуўся. Даляталі ад іх нейкія словы, але зразумець іх нельга было. Нешта абмяркоўвалі, бо завуч згодна ківаў галавой, а дырэктар настойваў, перакноваў...

Я падыходжу да дошкі, крэйдай пішу дату падзей Грунвальда. Хай бачаць дырэктар і завуч, што са мной праводзіць гісторык дадатковыя заняткі.

Мы яшчэ нейкі час сядзім і маўчым, не ведаючы, колькі прайшло часу. Недзе зачакалася маці, - позна са школы я ніколі не прыходзіў.

- Загаварыліся мы з табой, браце, - спахопліваецца Рыгор Дзяменцьевіч, - маці будзе хвалявацца ха цябе, што так доўга няма.

- Не будзе. Яна ў мяне добрая.

- Гэта добра. Але і сапраўды пара позняя. Пойдзем.

Але ў дзвярах затрымліваецца, амаль шэптам дадае:

- Мы яшчэ прадоўжым з табой размову. Яшчэ пагаворым. А пачуць ад мяне ты хочаш шмат чаго, ведаю. І ты пачуеш. Толькі не ўсё адразу.

Калі ж выйшлі ў калідор, і падыходзілі да дзвярэй настаўніцкай, ужо строгім настаўніцкім голасам прамовіў:

- Я думаю, што дадатковыя заняткі памаглі табе разабрацца ў апошняй тэме.

- Дзякую, Рыгор Дзяменцьевіч! Цяпер я ўсе даты запомніў.

 

Я трошкі асмялеў - ужо мог стаяць побач з Эмай і не чырванець. Тое я адзначыў і запісаў добрым радком у свой духоўны кандуіт як першую, хаця і невялічкую, перамогу над самім сабой.

- Эма, - пытаюся я, стараючыся надаць голасу спакойнасць і абыякавасць, - як ты Новы год сустракаць будзеш?

Яна здзіўлена і дапытліва паглядае на мяне, а пасля як бы скушна прызнаецца:

- Аніяк.

- Чаму - аніяк?

- Елкі няма. Не прывезлі. Дзядзька Іван летась прывозіў, а цяпер ён хворы - ляжыць у бальніцы.

Мяне тут жа нечакана апёк сорам - яна, Эма, мая добрая Эма! - на Новы год не мае елкі?! А я і не ведаў пра тое. Божа, быў бы я чараўніком, тут жа, перад ёю, вырасла б яна - Зялёная Прыгажуня. Самая лепшая ў свеце!

- А Дзеда Мароза не прасіла? - папытаўся я ўжо асмялелым голасам - мне чамусьці хацелася па-дурному жартаваць, каб яксьці развесяліць прыгажуню Эму - яе кудзеркі, што развяваліся каля вачэй, абуджалі ўва мне жаданне здзейсніць гераічныя ўчынкі - толькі якія?

- То толькі ў казках Дзяды-Марозы, - горка ўсміхаецца дзяўчына, глядзіць на замарожанае акно, дзе мароз расквеціў дзівоснымі ўзорамі шкло - у двары гарыць чырвоны агонь, і ад таго казачныя лісты з зазубрынамі ўтвараюць нейкі фантастычны малюнак. - А ты хіба верыш у іх, Валодзька?

Ад яе пяшчотнага «Валодзька» я плавіўся, як воск пад сонцам.

- Веру. І веру ў тое, што і табе ён прынясе сёння, пад Новы год, елку. Прыгожую, казачную.

- Дзівак ты і фантазёр, - у яе вачах цеплыня, і падалося мне, надзея, бо такога позірку я дагэтуль не прыкмячаў.

І ў той жа момант у мяне выспеў дзёрзкі план.

- І яшчэ - чараўнік, - дадаў я.

Дадому я забег на хвілінку. Толькі каб узяць невялічкую сякерку - вострую, зручную.

Маці ж адразу накінулася на мяне:

- Дзе гэта цябе чэрці носяць? Галодны цялюсенькі дзень.

- З чаго ты ўзяла? Есці мне не хочацца...

- Ото папружку вазьму, ды па голым азадку насцябаю. Не пагляджу, што бальшун ужо...

Я сёрбаю спехам цёплы крупнік - выстаяўся ў печы, зрабіўся аж чырвоны, смачны-смачны. А перад вачыма - Эма, яе ўмольныя вочы, яе непаверка ў цуд навагодняй ночы, шыкоўныя кудзеркі - цікава, яны сапраўды ў яе такія, ці робіць іх такімі?

І Эма, і я - бязбацькавічы. Я нарадзіўся перад самай вайной, як і яна, Эма. Бацька мой быў артылерыстам, дзесьці пры абароне Гомеля склаў галаву...

Яе бацька дайшоў да Берліна, распісаўся на Брандэбурскіх варотах, а вяртаўся дадому ноччу - прыехаў ужо ў Казацін, - не вытрываў, рваўся так да жонкі і дачкі, - і трэба ж - у лесе перастрэлі бандыты... Нажом саданулі пад грудзі, не папытаўшы, хто і адкуль. А на грудзях у салдата тры ордэны Славы. Дазналася Вера Пятроўна, мама Эмы, у лес бягом пабегла. Як ведала, дзе ляжыць, - прыбегла, на грудзі ўпала, і тут жа збялела ўся, галава як снегам пакрылася... А твар счарнеў, як сопуха...

«Я тую елку, Эма, дастану хоць з-пад зямлі...»

Такую клятву я даў думкава прыгажуні Эме, дасёрбваючы ў місе крупнік.

 

Ноч панавешвала на неба навагоднія гірлянды пераспелых зорак. Там, у небе, плавалі рыбы, блукалі мядзведзі, поўзалі ракі, вагаліся шалі... Купал шэрага неба - як вялізная елка - на палову зямнога абшару. Але мне не трэба такую елку, мне жадалася б хаця адненькую - малюсенькую, якая аздобіла б Эміну хату пахам жывіцы і светлага шчасця.

Я ведаў, куды ішоў.

На ўскрайку поля, пры дарозе, воддалеч ад лясніцтва, раслі тры елкі - вялізныя, разлапістыя. Чаму пра іх я ўспомніў у тую навагоднюю ноч, не ведаю. Вось туды і кіраваў, схаваўшы пад світку сякерку.

Крокі ў марознай цішыні разносіліся, здавалася, на кіламетры.

Пасёлак усцяж пуставаў - усе рыхтаваліся да сустрэчы Новага года. У кожнай хаце гарэла святло. Рэдкі прахожы прасунецца па вуліцы.

Мяне дагнала падвода з людзьмі - я саступіў дарогу. Вазніца, мусіць, быў на добрым падпітку, бо раз-пораз махаў пугай і мацюкаўся. Я глядзеў ім услед і з жахам падумаў, што іх галасы чуваць вельмі далёка: пра тое мне ні ў якім разе нельга забываць.

Над трыма елкамі ўзышоў месяц - круглая поўня. Яна акурат і завісла над шчыкам сярэдняй елкі.

«Месяц указвае, каб выбраў сярэднюю», - чамусьці падумалася ў той момант, і я прыспешыў крок - да елак заставалася яшчэ каля паўгадзіны хады.

Бралася спорна на мароз. Пад падэшвамі чаравікаў рыпеў снег, і, здавалася, што мае крокі чуваць у апошніх хатах пасёлка.

Пад елкамі я насцярожыўся. Выбіраў, на каторую палезу. І выбраў месяцам абраную - у ёй і голле было ніжэй, а таму лягчэй будзе прадзірацца наверх. Перад тым, як падступіцца да дрэва, яшчэ раз зладзеявата азірнуўся, і ўслухаўся ў наваколле. Нічога падазронага не пачуў. Потым толькі, скінуўшы чаравікі, у адных шарсцяных шкарпэтках пачаў ускарасквацца наверх, туды, да самай верхаліны, дзе льга будзе адсячы для Эмы шчык елкі...

Сам здзіўляўся, як хутка дабраўся да верхатуры.

Другая, трэцяя галіна, - як перакладзіны лесвіцы. Мне адсячы б адну з іх, карацейшую, і, ведаю, Эма была б шчаслівейшым чалавекам ад такога дарунка, але мяне нейкая, няхай і нячыстая, сіла, падштурхоўвала вышэй, да самага вільчыка. Не чуў, як пазлузваў калені, не адчуваў, што паабдзіраў у кроў рукі, - мною кіравала толькі адно жаданне, адна мэта, - параўняцца са шчыкам...

Яна, тая вяршыня, азначала для мяне вельмі шмат. Нават больш, чым сама Эма. Мне чуўся ўжо голас майго настаўніка: «Не губляйся, хлопча, у жыцці. Калі ўжо намеціў што для сябе, то толькі наперад, толькі да канца. Каб потым не ўзненавідзеў сябе за здраду, за здраду самому сабе...»

Каму-каму, а сабе здрадзіць я не мог. Не меў такога права.

З кожнай хвілінай падымацца рабілася цяжэй і цяжэй. Мяне ўжо ахапіў страх - ніколі з такой вышыні не бачыў свайго пасёлка. Тым больш у начных гірляндах навагодніх агнёў. Вунь бялела нашая школа, трошкі воддалеч, правей, размяшчаўся клуб цукровага завода, а далей ужо - агні вёскі Махарынцы. Лявей жа ад школы - дом Эмы. У вокнах свяціліся агні. Што яна рабіла ў такі час? Маркоцілася без елкі? Ці сядзела з маці за святочным сталом - без елкі?

Гадзінніка ў мяне не было, і таму я не ведаў, колькі магло быць часу. Але да дванаццаці, меркавалася мне, было яшчэ ладнавата часу. Сякерка замінала хутка скарыць вышыню, вытыркалася, чаплялася за голле, а метал, астудзіўшыся на марозе, непрыемна прыставаў да цела - аж апякаў. На нейкім адрэзку ледзьве не выслізнула сякерка з-за пояса і не шусьнула ў ніз, - нейкім цудам удалося ўтрымаць яе ў руцэ...

Яшчэ вышэй, яшчэ... Ствол танеў і танеў. І калі ўжо было боязна лезці да канца, бо мог абламацца шчык, спыніўся. Пара. Вельмі ж доўга я дабіраўся да апошняй галіны. Заставалася самае апошняе - ссячы вільчык.

Калі ж я ўдарыў раз-другі па змерзлым ствале, па наваколлю панеслася гучнае рэха - як мячык паскакала ў марозную цішыню. І тут жа азваліся ў бліжэйшых хатах сабакі. Голас іх здаваўся мне злосны і ўстрывожаны. Прыходзілася чакаць, калі яны змоўкнуць.

Зноў пачаў секчы - прыслухаўся: з боку лясніцтва пачуў выразныя, чыстыя ў марознай цішыні, словы: «Сякуць елку недзе, пайшлі праверым...»

«От жа дурань, не мог для такой справы нажоўку прыхапіць, - апякла мяне запозненая думка, - хто ж на такую тайную справу з сякераю ідзе - на кіламетры чуваць твае зладзейскія памкненні... Дурань і ёсць дурань, разумны так не зрабіў бы...»

Я зноў чакаў нейкі час, з паўгадзіны, а мо і больш, і калі ўсё аціхла, апантана запрацаваў сякеркай - ужо не прыслухоўваючыся да наваколля: будзе, што будзе, бо, адчуў, што падціскаў ужо час, праз якое паўгадзіны Эме мой падарунак што ўчарашні дзень будзе. Гісторык казаў яшчэ - не адступаць.

Елка падалася. Упала, атрасаючы снег з ніжніх галінаў, на зямлю. Пачуліся зноў галасы з боку лясніцтва і тупат ног - беглі, пэўна, да елак. Я кінуў сякерку ў той бок, куды памкнулася ссечаная елачка.

Не памятаю, як я споўз на зямлю, як ускочыў у чаравікі і ўхапіў адсечаны шчык. А сякерка тырчэла тапарышчам уверх - знайшоў адразу. Бегма кінуўся ў кусты, туды, дзе была рачулка, якую скаваў лёд і па якой льга было ўцячы, не пакідаючы слядоў - снег не паспеў прыцярушыць паверхню.

Страх і радасць адначасна жылі ўва мне, ногі портска неслі мяне ў марозную казачную і таямнічую шэрань. Гарачыня ўжо ўдарыла ў твар - стала горача, як у спёку. А сэрца калацілася ад адчування радасці, што не адступіў, дамогся ўсё ж свайго. Адчуваў сябе адважным ваяром Вітаўта, а на подзвіг паслала мяне прыгажуня Эма. Нават не загадаўшы тое зрабіць...

Доўга блукаў па рачулцы, блытаючы сляды, як заяц, уцякаючы ад звера, хаця ведаў, што дарослых лёд не вытрымае, і ніхто ўжо следам за мной ісці не будзе. То, пэўна, гаварыў ўва мне яшчэ не астылы страх, які я пераступіў ужо, прымусіў перамагчы самога сябе, але поўнасцю яшчэ не пазбавіўся ад яго. Не думаў я тады, як бы аднеслася маці да маёй задумы, калі б мяне злавілі за гэтым непрыстойным (з боку ўлад) заняткам, - паперлі б, мусіць, з працы і пасарамаціў бы я яе на ўсё жыццё. Як і самога сябе. Не думаў і пра тое, што ў шэрых кустах балявалі ваўкі, бо расказвалі, што не так даўно накінуліся яны на жанчыну з дзецьмі, - і ад іх нічагусенькі не засталося... То пасля ўжо, як ачомаўся, уявіўшы, як яно магло абярнуцца для мяне ўсё, мяне пачалі калаціць дрыжыкі. Калацілі яны мяне і пазней, калі стаў дарослым, - ад адных толькі ўспамінаў пра тую ноч. Але ніводнага разу не папракнуў сябе, што зрабіў тады неймавернае глупства. Ніколі.

Калі я ўвайшоў агародамі на галоўную вуліцу пасёлка, мне падалося, што па-ранейшаму гарэлі ў вокнах агні, па вуліцы зрэдзь снавалі людзі. Аднекуль даносілася п'яная гамана і абрыўкі вясёлых песень...

У хаце Эмы толькі на кухні гарэла святло.

Я пастукаў ціхенька ў дзверы. Іх прачыніла Эміна мама - Ніна Пятроўна. Здзіўлена ўспляснула рукамі, пазнаўшы мяне, убачыўшы перад сабою елачку.

- Валодзька! Божачка ты мой! Скуль ты прыйшоў?

Я маўчаў. Толькі адчуў, як страшэнна стаміўся. Адчуў яшчэ, што гарэлі агнём рукі, жывот, ногі - як жару мне хто панакідаў за сарочку і штаны.

- Гэта для Эмы. Яна не верыла, што Дзед Мароз можа пад Новы год прынесці елку.

- Але ж яна ўжо спіць... Пайшлі ў хату, разбудзім.

«Як спіць?! - мяне апякла крыўда. - Значыць, яна з-за гэтай елкі не збіраецца сустракаць новы 1947-ы год?»

Пакой абдаў гарачынёй. Святло зырка ўдарыла ў вочы. Маці пайшла ў другі пакойчык, дзе спала дзяўчынка.

На сцяне ціктакаў гадзіннік. Я зірнуў на цыферблат. Божа ты мой! Было ўжо тры гадзіны ночы! Тры, а не адзінаццаць з паловай, як мне хацелася...

Эма выйшла заспаная, не магла расплюшчыць вачэй. Але калі ўбачыла мяне і пачула пах елкі, ажывілася, радасна войкнула. Нахілілася, дакранулася дакалючых іголак, панюхала іх.

- Елачка! Дзякуй табе, Валодзька! Ніколі мне ніхто не дарыў елак, ды яшчэ ў навагоднюю ноч...

«Тым больш у тры гадзіны ночы, калі пачаўся ўжо Новы год...» - пачуўся мне і папрок аднакласніцы.

- Дзякуй табе, мой добры і смелы Дзед Мароз!

Яна падышла да мяне, узяла за дзве рукі і раптам ўздрыгнула, ускрыкнуўшы:

- Ой, што гэта?!

Я паглядзеў на свае рукі.

- Мама, мамачка! У яго ўсе рукі ў крыві, паглядзі!

Жахнулася запознена і маці. Прымусіла распрануцца, скінуць адзенне. Аказваецца, я пашкодзіў не толькі рукі, а і грудзіну, жывот і ногі. Ніна Пятроўна скрушна хітала галавой, дзівячыся майму неразумнаму і незразумеламу ўчынку, ніяк не магла даўмецца, што мяне падштурхнула да гэтага...

А потым Эма паставіла елку ў вядро з вадой, прычапіла некалькі цацак. Запаліла свечку і прывязала яе на самы вільчык - для нас толькі пачынаўся Новы год! То быў пачатак нашага, майго і Эмінага, года...

Мы пілі пахкую гарачую гарбату з тортам і коржыкамі, а ў вачах Ніны Пятроўны я заўважыў задумлівую радасць - яна свяцілася нейкім пяшчотным шчасцем, унутраным святлом. І ў сонных вачах дачкі свяціліся радасныя агеньчыкі.

Сябе ж я адчуваў найшчаслівейшым чалавекам - усё ж я здолеў падараваць дзяўчынцы некалькі хвілін радасці.

Мяне чакалі харугвы Вітаўта, каб зноў адправіцца ў далёкае падарожжа. Забывалася, што я яшчэ не мог узяць у рукі шклянку з гарбатай, хаця мне акуратна перавязала Эміна мама раны, абмыўшы іх папярэдне і апрацаваўшы пякучым ёдам...

 

Дадому я прыйшоў пад раніцу.

Дзіўна, але маці не сварылася на мяне за позні прыход. Не сварылася і раніцай, калі ўбачыла мяне такога - з ранамі і сінякамі на целе.

- З кім д'ябал не жартуе, калі Бог спіць, - уздыхнула яна, усміхнулася нават, гледзячы на мяне, убачыўшы ўва мне ўжо некага іншага, непадобнага на ранейшага хлапчука, але які стаў яшчэ больш родны і блізкі.

Тады я не зразумеў, што яна сказала. Адчуў толькі, што маці змірылася з тым, што я мяняўся на яе вачах. Можа я тады рабіўся падобны на свайго бацьку, хто ведае...

На яе вачах з хлапчука сын ператвараўся ў мужчыну, у дарослага чалавека.

І заслуга ў тым была прыгажуні Эмы...

Я шчыра верыў у тое.

І яшчэ ў тую ж раніцу маці скрушна, баючыся параніць маю дзіцячую яшчэ душу, паведаміла:

- Сынок... гісторыка ноччу забралі. «Чорны воран» прыязджаў...

«А я тады, пэўна, гарбату з Эмай піў», - падумаў пра сябе і адчуў, як пякучая крыўда за лёс настаўніка апякла мяне, і тады ж падумаў яшчэ, што вельмі цяжка мне будзе без яго.

А праз дзень, калі пачаліся заняткі, дырэктар сабраў школьны сход «па прычыне выкрыцця ворага народа». Даручылі мне выступіць. Але я адразу «асіп», прашаптаў, што гаварыць не магу, што ў мяне ангіна...

Ніхто не выступіў і з класа...

Я ж адчуў сябе сляпым, бездапаможным, без компаса ў руках.

Мне цяпер да ўсяго трэба было даходзіць сваім розумам, сваёй інтуіцыяй, выбраць сваю адзіную дарогу, якія вызначыў перада мною Рыгор Дзяменцьевіч.

 

Марычка

У вагоне ўжо ўсе спяць. Спалі і мае неспакойныя юныя спадарожніцы.

На верхняй паліцы, паклаўшы рукі пад галаву, спала напалову голае дзяўчо. Пры цьмяным святле начніка няцяжка было ўбачыць, як па-маладому напруціліся і гайдаліся дзявочыя грудзі. Дзяўчына адвярнулася да сценкі, і не зразумець было - яна спала, ці, прымружыўшы вочы, задумалася.

Я пасунуў прастыню вышэй да падбароддзя. Яна нешта прамовіла няўцямнае, уздыхнула.

Дзяўчына ляжала на маім месцы, мне ж уступіла сваю, ніжнюю паліцу - уважыла мой узрост і вагу. Мала таго, дык мой ложак быў засцелены і акуратна запраўлены.

Я выключыў зусім святло, але сам зноў выйшаў у калідорчык. Стаў каля акна, прыхінуўшыся ілбом да шкла - глядзеў у цемру.

І чым больш углядваўся, тым яскравей набліжалася да мяне тое даўняе, да якога ехаў, куды мкнулася мая душа і па чым ныла, трымцела маё абуджанае сэрца...

 

Страшэнна хочацца есці. У мяне кружыцца галава і дрыжаць рукі, пякуча-горка смокча пад лыжачкай. Свідравала адна і тая ж думка - хаця б кавалачак ці акрайчык хлеба, на зуб узяць скрылік сала...

Мяне хістае з боку ў бок, быццам я хадзіў у шторм па палубе карабля, і не было магчымасці за што-небудзь учапіцца, каб не ўпасці. Колькі год ужо той карабель плыў у моры без майго шчырага сябра-настаўніка. Божа, як мне не ставала яго, якім жа я адзінотнікам быў ў жыццёвай буры майго змагання за выжыванне...

Імжэў дождж, і ён вымачыў мяне наскрозь, да рубчыка. На мне зашмальцаваная куртэчка, дзіравыя чаравікі. Зуб на зуб не пападае. Не магу сагрэцца - у маім целе, мусіць, скончылася апошняя энергія.

Я брыду прыгарадам - самым трывожным і небяспечным раёнам нашага гарадка, куды я пераехаў са свайго пасёлка, каб набыць якую-небудзь спецыяльнасць Тут здараліся забойствы і рабаванні, тут маглі перастрэць дзяўчыну і згвалтаваць яе, ведаючы, што ніхто не прыдзе на дапамогу. Тут могуць зарэзаць у цемры ці арматурынай праламаць галаву... Такая чорная слава пра гэтую мясціну пераходзіла з вуснаў у вусны, разнеслася далёка за яе межы...

У гэтую ж ноч дарога здалася мне асабліва цяжкай, самай пакутнай. Ногі чапляліся за нябачныя камянюкі ці правальваліся ў калдобіны-ямы. Ведаў, што да сваёй Рабочай вуліцы я магу і не дайсці - падкашваліся ногі, не трывалі.

Калі ж я перайшоў чыгуначныя калейкі, нехта з цемры аклікнуў - ці не мяне:

- Ці не скажаце, дзе ў вас дваццаць чацвёртая школа?

Голас быў дзявочы - няўпэўнены, нясмелы і - затоены.

Я азірнуўся. Пад ліхтаром, які адзіна і свяціў у гэтай цемрадзі, стаяла між дзвюх чамаданаў жанчына. Была ян ў доўгім цёмным паліце і хустцы, у валёнках. Па такой макрэчы? Аказваецца, я прайшоў побач з ёю, паўз яе, у кроку ад яе - і не прыкмеціў, не адчуў яе прысутнасць.

Калі ж вяртаўся, ішоў назад, да яе, то ў вачах яшчэ здалёк заўважыў сполах. Позірк яе як бы адпіхваў мяне - не падыходзь, не падыходзь!..

- Як вы апынуліся ў гэтым раёне? - голас у мяне быў напалову строгі, напалову здзіўлены.

- Я з цягніка. Вось еду па адрасе - дваццаць чацвёртая школа. А што? - устрывожылася яна.

Я прыгледзеўся пільней да незнаёмкі. Пад хламуддзем выглядала ніштаватае дзяўчо, тварык светлы, гожы. Мяккі, грудны голас. Нічога, значыць, не ведае, куды зайшла, якая небяспека можа яе чакаць тут.

- І сам не ведаю, дзе яна, тая школа. Але вам, пэўна, трэба ў некага іншага папытацца, а таму трэба ісці на вакзал. Тут у нас турма, злева - могілкі, а ззаду кар'ер, дзе гліну здабываюць... Ну і месца ж вы сярод ночы выбралі...

- Што ж мне рабіць? - у голасе страх, роспач і адчай.

Ад чамаданаў смачна патыхала прысмакамі - вэнджанай каўбасой, сырам, нечым яшч.. Я пацягнуў носам і ледзьве не асунуўся на зямлю. Але ўзяў сябе ў рукі.

- Пайшлі! - загадаў я амаль строга.

- Куды? - спытала недаверліва і са страхам. Яна глядзела на мяне ўмольна і з патаемнай надзеяй, заклінала не рабіць з ёю бяды.

- Школу шукаць. І хутчэй з гэтага месца. Бо і я тут хадзіць баюся. Чамаданы ў вас лёгкія? Я памагу вам іх данесці.

Божачка! Што ж яна паклала ў іх такое - цэглу, металічныя нарыхтоўкі? Але я здагадваўся, што і чаго яна напакавала ў чамаданы. Не разумеў толькі, для каго і навошта столькі? Цэлы харчовы склад пры ёй.

- Як жа вы іх данеслі сюды?

- Не ведаю... А што рабіць?..

Ад голаду ў мяне дрыжэлі рукі і ногі. Больш не пытаўся ў яе ні пра што, баючыся напалохаць яшчэ больш. І кінуць яе сярод гэтай цёмнай і небяспечнай ночы таксама не мог - не дазваляў юначы гонар. Нечым напамінала яна мне Эмачку, голасам напамінала. І зноў жа на думку прыйшлі словы Рыгора: «Надумаўся, наважыўся, - не адступай, не вяртайся!..»

- Куды мы ідзем? - у голасе незнаёмкі асцярожлівасць і абачлівасць. Яна брыдзе побач - валачэ другі чамадан, які я несці ўжо не мог - мусіць, і яна заўважыла мой стан і баялася даручаць яго мне, - а мо і за злодзея прыняла ці падумала.

- На суседняй вуліцы жывуць мае знаёмыя - мо яны падкажуць, дзе вашая школа.

Кожны крок мне даваўся з вялікай цяжкасцю. Сто разоў, здаецца, я перакладаў з рукі ў руку ручку чамадана, каб хоць як аблегчыць свае неймаверныя пакуты.

- Перадхнем - вы вельмі стаміліся.

- Добра. Пастаім трохі. Вы задлёк едзеце?

- Ды як сказаць - далекавата, - асцярожнічала яна, і я не крыўдаваў на яе - правільна робіць, што не прызнаецца да канца.

Яшчэ прыйшлося трохі правалачыся па вуліцы. Я пакінуў дзяўчыну ля веснікаў, а сам пайшоў да акна гаспадароў. Разбудзіў іх, але і ад іх нічога пэўнага не пачуў, - паціскалі няўцямна плячыма.

- А хрэн яе ведае, дзе тая школа, - пазяхнуў Пятрэнка, рабочы з суедняга цэха нашага завода. - А навошта яна табе?

- Ды тут людзі пытаюцца, здалёку прыехалі...

Размову нашу дзяўчына чула і ўсё зразумела, стаяла, не ведаючы, што рабіць далей.

- От навязалася на вашую галаву... - вінавацілася ўжо яна, і я адчуваю, што ў яе мінуў страх, і што яна цяпер перажывае толькі за такую недарэчную сітуацыю.

- Напэўна, вашае шчасце, што на маю... Добра, што не на іншую.

- Дзякуй вам. Я гэта ўжо адчула і зразумела. І даруйце мне.

- За што?

- Што вы пасля працы, стомлены, галодны, дадому даўно пара, а вы з нейкай дурніцай, што выбралася сярод ночы шукаць адрас, валаводзіцеся.

Я ўздыхнуў, абрадваўся нават, што пачуў такія шчырыя словы ад незнаёмкі.

- Што ж паробіш, калі Бог дорыць нам такія сустрэчы. Значыць, шанцуе мне.

- То мне пашанцавала. А вы верыце ў Бога?

- Я веру ў яго прароцтвы. Значыць, так. Выхад у нас адзін. Я адвяду вас на вакзал, а там вы добра і канкрэтна распытаеце ў людзей, што і да чаго. Добра?

- Калі можна... - нясмела папрасіла, згадзіўшыся, начная госця. Але я адчуў, што голас у яе зрабіўся іншы, нашмат спакайнейшы - зразумела, мусіць, што бяда ад мяне ёй не пагражае.

Нам зноў трэба было пераходзіць чыгунку. Пара калеек, яшчэ, зноў рэйкі... Колькі ж іх будзе?

- Стой, хто ідзе? - пачуўся раптоўна строгі вокліч з цемры.

Я ж і забыўся, што тут яшчэ і ваенны аб'ект, што тут круглыя суткі ходзіць варта.

Да нас падышоў афіцэр і двое салдат.

- Что вы здесь делаете, граждане?

Секунд колькі замінка, і я адказваю першы:

- Мы шукаем дваццаць чацвёртую школу.

- Зачем вам она?

Гэтага ўжо я не ведаў. Таму і маўчаў.

- Там мой брат служыць, - азвалася дзяўчына.

«Чаго ж, дурніца, не сказала адразу? - пакрыўдзіўся я на яе. - Чаго хавалася? Столькі часу ўхайдохалі - я даўно б сны ўжо бачыў, паеўшы ўрэшце-рэшт...»

- Как его фамілія? - афіцэр перайшоў ужо на спакойны лад размовы.

- Ласіцкі.

- Знаем такого. И очень хорошо знаем. Но он сейчас на гаўбвахте. А до нее уже недалеко - пять минут ходьбы.

Нічога сабе - пяць хвілінаў. Яны ж мне здаліся гадзінамі.

Ледзьве даклыпаў да варот. Там ужо, асмялеўшы канчаткова, распараджалася дзяўчына. Распытала ў вартавога, ці ёсць на губе яе брат. Пацікавілася, ці не маглі б яго адпусціць на нейкі час - прыехала ад бацькоў, здалёку.

- Ладно, обождите, - вартавы злітаваўся над дзяўчынай.

Адчуваў, што мая роля ў гэтым начным спектаклі скончылася, і я дакрануўся да локця незнаёмкі:

- Шаноўная, даруйце, але мне пара. Вы знайшлі свайго брата. Каб сказалі адразу, то мы так доўга не блукалі б...

- Выбачайце. Вялікі дзякуй вам, што памаглі. Не ведаю, што было б, каб не сустрэла вас...

- Няма за што. Добра тое, што добра канчаеццца. Я рады, што для вас усё скончылася добра. Бывайце! Шчасліва вам!

Яна глядзела на мяне, мерылася нешта сказаць, значна большае акрамя падзякі, але, напэўна, на той момант не знайшла патрэбных слоў. А я не мог больш стаяць на адным месцы, адчуваў, што вось-вось упаду ля яе ног беспрытомным...

Брыў адваротнай дарогай, нічога не чуў вакол. Мне хацелася есці і спаць, спаць і есці... Каб не холад і вогласць, заваліўся б куды пад плот і праспаў бы да раніцы.

Праз нейкі час пачуўся ззаду тэпат ног - як быццам па дарозе скакаў конь. Я азірнуўся і падумаў, што за мной гоніцца нехта з начных рабаўнікоў. Але страху не адчуваў, хаця і ведаў, што з мяне ён нічога не возьме - толькі кніжкі пад папружкай насіў з сабою. І адбівацца я ўжо не здолеў бы...

- Эй ты, хлопец, падаждзі, - да мяне падбег, запыхаўшыся салдат - у цемры я не бачыў яго твару, але сілуэт выдаваў у ім высокага, шырокаплечага юнака. - Ты сястру прывёў да мяне?

- Можа і я.

- Ты ізвіні, што так вышла. Сястра разгубілася са страху, а цяпер сядзіць і плача, кажа, што не па-людску з табой абышлася. Не саабразіла адразу аддзячыць. Вось сала і каўбаса дамашняя. Ад душы, і дзякуй табе. Дай адрасок, зайду калі, па сто грамаў ударым.

Я сказаў адрас. Ён знайшоў маю руку і моцна паціснуў:

- Ад Марычкі вялікі-вялікі дзякуй. І - ад мяне.

Так я даведаўся, што начную незнаёмку звалі Марычка. Ма-рыч-ка... Прыгожае імя.

Салдат зноў пабег назад - да сястры, а я ўпіўся, як галодны звер, зубамі ў каўбасу - і еў, еў, без хлеба, бо адчуваў, што калі нічога не пакладу на зуб, то ўпаду сярод дарогі...

Прысеў на першую лаўку ля нечыіх варот. З цяжкасцю жаваў пахкі наедак, душыўся слінаю і слабасцю, а пра сябе чамусьці паўтараў:

- Марыч-ка... Ма-рыч-ка-ааа...

На лаўцы я і заснуў, трымаючы ў руцэ марынчыны прысмакі.

І снілася мне дзяўчо, чыгунка, губа, яе брат...

 

Арцём Сямёнавіч - ХТЗ

... - Толькі ты нас можаш выратаваць, - сказал аднойчы хлопцы, параіўшыся між сабой, прыняўшы адзіна правільнае (на іх погляд) рашэнне. На чале іх рады быў майстар цэха Грыцко Гудрыенка, - вясёлы, з агністым позіркам хлопец. Валасы ў яго медзяныя, як не чырвоныя. Арліны нос і кулакі, не раўнуючы, па пудзе. Волат, адным словам. - Толькі ты, Валодзя, можаш пазбавіць нас ад сораму і зрабіць з нас людзей. Толькі ты...

- У якую бяду вас укінула жыццё? - усміхаюся, думаючы, што хлопцы ніяк не могуць дастаць гарэлкі - таму і хочуць паслаць мяне ў раён чыгуначнікаў, дзе гоняць з вінаграду моцны напой, які ў народзе называюць кароткім і ёмкім словам «чача» - хто п'е, а жонка плача.

- Твой бацька ваяваў у партызанскім атрадзе?

- Ваяваў.

- А з кім ваяваў?

- Як з кім? З немцамі, вядома...

- Ды не, мы не пра тое. Хто ў яго сябры былі? Арцём Сямёнавіч, так?

- Дык і што з таго? - паціскаю я плячыма, нічога не разумею, да чаго хіляць мае сябрукі. - А я тут пры чым, хлопцы?

А яны рагочуць з маёй нездагадлівасці. Кожны з іх думаў, што я ведаю пра іх праблемы. Ну, а я ні ў зуб нагой, як кажуць. У мяне і сваіх праблемаў з коптурам.

- Валодзя, тут, братка, такая справа, - майстар цэха пасур'ёзнеў, пацёр даланёй падбароддзе. - Арцём Сямёнавіч - выкладчык інстытута. А ад яго, ну як бы гэта табе далікатней сказаць-растлумачыць, залежыць наш дальнейшы лёс як студэнтаў-завочнікаў. Таму мы просім цябе, не не просім, проста ўмольваем, становячыся перад табой на калені, каб ты паехаў да яго з нашымі залікоўкамі, якіх мала-многа - дванаццаць штук, і папрасіў яго, у сваю чаргу, каб ён падсунуў іх тым выкладчыкам, якія павінны нам паставіць патрэбныя адзнакі...

Я доўга абдумваў іх прапанову. Але ніяк не ўкладвалася ў маёй галаве, што ж яны ад мяне хочуць.

- Галава можа трэснуць ад вашых загадак-рэбусаў, - кручу я галавой, як адмахваюся сядно ад надакучлівых мух. - Вы даеце залікоўкі. А мне трэба ехаць да Арцёма, прасіць, каб выкладчыкі паставілі адзнакі. А вы застаецеся на заводзе. Нічога не разумею. Вы ж вучыцеся, а не я. Гэта ж вучоба, хлопцы! Ву-чо-ба! Эк-за-ме-ны!

- Во-во, экзамены! А мы пра што?

- Вы на што мяне штурхаеце? То ж злачынства. Падсудная справа. Які выкладчык згодзіцца паставіць адзнаку, не бачачы ў вочы студэнта?

- Ведаем, ведаем. Так то яно так, але і не зусім так.

Яны стаялі перада мною як дубы - ніводнага з месца не зрушыш, нават бульдозерам.

- А з работай як?

- Ты на бюллетэні, - сказаў без усмешкі Грыцко. - Мая жонка выпіша табе бальнічны на два тыдні. Хваробу яна сама прыдумае.

- А як...

- Не хвалюйся, і з тым усё добра будзе, - перабіў мяне майстар цэха, - мы ўсе склаліся, і ў агульнай суме выходзіць... некалькі тысячаў. Кармі іх, паі, вадзі па рэстаранах, купай іх у шампанскім... Але твая задача - прывезці залікоўкі з адзнакамі. Зразумеў?

Я маўкліва сеў на металічную скрынку - аслаблі ногі, акурат як тады, калі праводзіў Марычку, ды яшчэ ў дадатак кружылася цяпер галава, як быццам перабраў перад гэтым лішку. Хлопцы не чапалі мяне, як усё роўна давалі час, каб я апамятаўся ад пачутага, прыйшоў да раўнавагі.

Арцёма Сямёнавіча я ведаў добра. Квадратны - што ўшыркі, тое і ў рост. Вясёлы, таварыскі. Такім заўсёды памятаў яго. З бацькам хаўрусаваў да вайны. Разам падаліся ў партызанскі атрад. Потым разам ваявалі. Там, пад Гомелем, калі смяротна параніла бацьку, памёр на руках Арцёма.

Пасля вайны ён часта заходзіў да нас, памагаў, чым мог. Выкладаў у інстытуце. А потым перавялі яго ў Ізмаіл. Гэта ўжо калі абарніўся, стаў кандыдатам педагагічных навук. Кожны раз, калі прыязджаў, стараўся завітаць да нас, да маці. Прызнацца, дык я і без прапановы хлопцаў збіраўся дабрацца ў той горад. Зайсці ў абласную газету. Былі там свае клопаты і нейкія спадзяванні.

Надрукавалі маіх некалькі допісаў. А я асмялеў і паслаў ім некалькі вершаў - аж цэлую нізку. І кожны дзень з хваляваннем чакаў адказу. А яго ўсё не было і не было...

- Хлопцы, вы ж мяне штурхаеце на рызыкоўны і злачынны шлях. Так і за краты нядоўга. А раптам якая прамашка ці недарэчнасць - напаю я іх, накармлю, а нешта возьме ды дасць асечку... Кім жа я буду перад вамі выглядаць? Скажыце, кім? Вы ж самі першыя і скажаце - прапіў вашыя грошыкі і з пшыкам прыехаў. А грошыкі немалыя - ні на адно вяселле добрае хопіць.

Парубкі пераглянуліся, улічылі і такі варыянт, таму адказалі проста і як даўно вырашанае:

- Які ты півака, мы добра ведаем. І ведаем пра тваю прынцыповасць. І Арцёма трошкі ведаем. Так што не аднеквайся. Але на крайні выпадак скажам аднадушна вось што - паводзь сябе смела і раскавана, - шкада будзе не грошай, а нязробленай работы... На тыя экзамены трэба патраціць процьма часу, а для завода дванаццаць чалавек - гэта ж амаль цэлы цэх. Колькі мы прадуцыі не зробім, га? Думаеш, што мы невукі якія, і толькі на грошы спадзяемся? Хаця ж, канечне, веды і не выдатныя, факт. Але ж сітуацыя, разумееш, сі-ту-а-цы-я! Так што выручай, браце, выручай. І не толькі нас, а і завод. Як кажуць, Радзіма не забудзе твой подзвіг.

Я ж усё роўна працягвацца вагацца і сумнявацца. Экспедыцыя цікавая, хаця ж і дужа рызыкоўная. Антымаральная, урэшце рэшт. Хацелася, само сабой, пабачыцца з Арцёмам, бо ён заўсёды быў рады сустрэчы са мною. Ці будзе толькі рады гэтай, нечаканай - і ў прыдачу яшчэ з калектыўным прашэннем? Але што хавацца - будзе рады, яму ўсё тое да спадобы. І ў рэдакцыю зазірну - цікава, хто ж там такі тайны чалавек, што не дае вылучыцца маладым таленавітым паэтам?..

- На галгофу вы мяне адпраўляеце... Але - ладна, няхай будзе так, як вы хочаце. Думаю, што сухары вы мне насіць будзеце за краты, ці не так? Адна толькі, сябры мае, умова. І вельмі сур'ёзная - каб я потым не ўшчуваў сябе ўсё жыццё. Я ўсё буду рабіць сумленна і старанна, каб выканаць вашае заданне-просьбу. Але кал, не дай Божа, нешта не звяжацца, праваліцца, каб не крыўдавалі і не лічылі мяне, ну, самі ведаеце, кім... Каб не пакутваў усё жыццё, што вы будзеце лядайкае пра мяне думаць.

- Ні ў якім разе, - згадзіліся адразу сябры, замахалі радасна і адчайна рукамі, што не адпрэчыў, што згадзіўся ўзяцца за такую валаводзіну. - Мы будзем толькі спадзявацца, што ўсё атрымаецца. З Богам, дружа!

- Калі ад'язджаць хоць?

- Заўтра. Вось і білеты. У мяккім вагоне. Як сакратар абкама партыі будзеш ехаць. Як пан. Як кароль. Мы прыдзем цябе праводзіць. Тады - да заўтра.

Я глыбака ўздыхнуў:

- Што ж - павінуюся і падпарадкоўваюся. Але калі я стану алкаголікам за гэтыя два тыдні - Бог вас пакарае. Усіх да аднаго.

- На любую кару згодны...

Грошы хлопцы дамовіліся прынесці да вагона - каб не было ў мяне з імі лішняй марокі.

 

Адрас Арцёма Сямёнавіча я ведаў, але ніводнага разэчку ў яго не быў. Як і не быў у тым вялікім горадзе, але ў які даўно жадалася з'ездзіць. А тут і нагода падвярнулася. Ехаў жа я не экскурсантам, ні турыстам, ні простым валацугам, а з тайным і сакрэтным заданнем ад працоўнага савецкага калектыву.

Напачатку сам перад сабой храбрыўся - падумаеш, цяжкасці якія, спраўлюся як-небудзь, а пасля, як адстукалі колы вагона паўдарогі (ехаў цэлую ноч), ахапіла дрыготка - навошта паддаўся на ўгаворы, навошта згадзіўся? А раптам бяда якая здарыцца, няшчасце абрынецца на мяне - абрабуюць, згублю тыя грошы, ці ўсе патрачу на тых, ад каго залежыць лёс заліковак, а потым злы выпадак - пан Злы Нечаканы Выпадак - і я застануся ля разбітых начовак... Га? Што тады?..

Толькі пад раніцу мяне ахапіў моцны сон. Праваднік ледзьве дабудзіўся.

Мы прыязджалі ў горад. Чамаданчык увесь час быў пад галавой - замест падушкі, нават і зручней так было.

Час быў ранні, халодны. Не пойдзеш жа адразу на кватэру, яшчэ ж спяць людзі. Але і празяваць не хацелася - раптам пойдзе Арцём у інстытут зарана. Тады, лічы, дзень пройдзе ўпустую. На працу да яго паказвацца і не з рукі - можна сапсаваць усё. І на вакзале боязна заставацца - у такіх месцах атабарваліся кішэннікі і розная шантрапа, якая выглядвала, дзе што кепска ляжыць.

Потым аўтобусам выбраўся ў дарогу. Агледзеўся перад гэтым, вызначыў маршрут - і падаўся, ні ў кога не распытваючы, па адрасе - на вуліцу Тараса Шаўчэнкі.

Дом высокі, шматпавярховы. Адшукаў пад'езд, падняўся на пяты паверх, паглядзеў на дзверы, дзе ён жыў. Але чамусьці не асмельваўся націснуць кнопачку званка - была толькі сёмая гадзіна раніцы.

На пляцоўцы вялікае акно, і я прымасціўся на падваконніку, каб перачакаць якую гадзіну, пакуль гаспадар сны свае дагледжвае. Так я не прміргаю Арцёма, калі ён дома і не з'ехаў куды па сваіх клопатах. Падумалася запознена, што трэба было перад гэтым навесці якія даведкі пра яго, ці хаця б паслаць тэлеграму. А раптам ён у адпачынку, і на працы яго няма? Гэтая думка апякла мяне знянацку, і я пачаў непакоіцца, што так магло здарыцца і сапраўды. Тады - што? Вяртацца назад ні з чым?

Мяне пачало праз нейкі час хіліць у сон, і я не пачуў, як грукнулі побач дзверы Арцёмавай кватэры. Парог пераступіў ён, Арцём. Яго можна было пазнаць здалёк - толькі мне падалося, што ён яшчэ больш пашырэў у плячах. На ім светлы плашч, шэры капялюш, у руцэ скураная папка з заплічкамі.

Дзіўна, але ён аклікнуў мяне першы:

- Валодзя? Што ты тут робіш? Да мяне прыехаў7

Ён абняў мяне, сціснуў у абдымках - аж хруснулі косці, рады быў, што бачыць мяне, - тое я адчуваў дакладна.

- Да вас.

- Здорава! На працу тады я не пайду, пасля абеду наведаюся. Пайшлі ў хату.

Мы прайшлі вузкім і доўгім калідорам. Ён прыклаў палец да губ, кіўнуў на дзверы, паказваючы, што там спала жонка, пацягнуў мяне на кухню.

- Тут з табою мы і пагамонім пакуль, - пасадзіў мяне за столік, сеў насупраць, усё яшчэ радасна паглядаў на мяне, не верачы, што бачыць мяне.

Арцём амаль не перамяніўся. Хіба трошкі сівізны дадалося, ды маршчынаў колькі дабавілася на шчоках, а так мацак мацаком. А было ж чалавеку за пяцьдзесят.

- Як мама?

- Нічога. Але хварэе часта.

- Прведваеш яе?

- Зрэдку. Часта не выпадае - працы шмат ды і вучоба. Але па гаспадарцы памагаю, не пакутуе.

Арцём добразычліва ўсміхаецца, гаворыць:

- А ты - выліты бацька. І гэтак жа губу закусваў, смяяўся. Асабліва падобны, калі ўсміхаешся. Добры чалавек быў твой бацька. Справядлівы і смелы. Потым, калі мы ўліліся ў рэгулярныя войскі, ротным быў. За байцоў мог жыццё аддаць. Як і мы за яго.

Я ўспомніў, што ў маім чамаданчыку ляжала дзве пляшкі каньяку - дарагога, марачнага. Хлопцы разлічылі ўсё, сказалі, каб пад час першай сустрэчы раскалолі іх. Калі паставіў напоі на стол, Арцём Сямёнавіч дужа абрадваўся, вочы ажывіліся яшчэ больш, ён пажывавеў, павесялеў і не адводзіў вачэй ад пляшкі.

- Гэта ж дарэчы, ой як дарэчы! - замітусіўся гаспадар, шукаючы, чым адкаркаваць бутэльку. Потым знайшоў дзве шклянкі і наліў пароўну. Успомніў пра закусь і дастаў з халадзільніка парэзаную каўбасу. - То ж галава пасля ўчарашняга гудзіць-разломваецца, а ты - лекар - тут як тут... Тады, за сустрэчу! За ўсё добрае!

Арцём выліў каньяк у сябе адным махам, не скрывіўся нават, не выдыхнуў гучна, як прывыклі мужчыны пасля гэтага, узяў скрылік каўбасы, прыкусіў. Твар увачавідкі палагаднеў, засвяціўся, зрабіўся спакойным і дабрачым.

- Ну і ўлагодзіў ты мяне, братка. Бог паслаў цябе да мяне.

У яго прыплюснутыя вушы, гарбаносы, бы ў маладога зубы. Шыя кароткая і падбароддзе ляжала амаль на грудзях. На правай шчацэ добра відзён рубец - напамінак пра партызанства. Рукі ў Арцёма не выкладчыцкія, не інтэлігентныя, а шахцёрскія - пальцы кароткія, тоўстыя і ўчэпістыя.

Зноў напоўніліся шклянкі. Гаспаду я наліў больш, чаму ён і не пярэчыў, як і не бачыў. Размова нашая працягвалася, набывала роўны і стройны сэнс.

«Калі ж падступіцца да галоўнага? - непакоіла думка, але я не спяшаўся, чакаў зручнага моманту напомніць пра спецзаданне, з-за чаго, па-сутнасці, і прыехаў. Ведаў, жыццё навучыла ўжо, што ніколі не трэба спяшацца, задуманае павінна выспець, прыйсці жаданая пара сама па сабе. - Усё прыдзе само сабой, немусова...»

- Цягніком ехаў?

- Ага. У пяць прыехаў.

- І столькі часу прасядзеў на падваконніку?

- Не хацелася будзіць. Вельмі ж рана яшчэ было.

- Дарэмна. Але ладна, што было, тое сплыло. Іншым разам не саромся, у любы час...

- Добра. Дзякую.

Зноў паналіваў у чаркі. Арцём не адмаўляўся, і мне боязна, што ён сп'янее і я не змагу сказаць пра залікоўкі. Але што было дзіўным - чым больш ён піў, тым больш рабіўся разважлівым і сур'ёзным. Мне ж нічога не заставалася, як чакаць развязкі нашай размовы. Цярпенне і яшчэ раз цярпенне...

Паднялася ўжо і Аксана, жонка Арцёма - Аксана Гаўрылаўна. Пастукалася, ідучы да нас, заўсміхалася сакаўнымі вуснамі:

- Хто ж гэта ў нас у гасцях?

Я падняўся, глядзеў на гаспадыню, радаваўся, што яна прыязна аднеслася да нашага застолля - яна заўсёды была добразычлівая і спкакойная, - падышла да мяне.

- Ты, Валодзька? Я так даўно бачыла цябе. Ой які парубак стаў! Мусіць жа, дзяўчаты сон згубілі з-за цябе, ці не так? Як мама? Як табе жывецца? А ты зноў жлукціш? Галоўку лечыш? То ж учора набраўся недзе, не раўнуючы, як свіння гразі. На чатырох дадому прыпоз. І гадоў не саромецца сваіх...

Аксана слоў не выбірала, казала так, як думаюць і гавораць амаль усе жынчыны. Тым больш, яна прызнавала мяне сваім, перад кім няма ніякіх сакрэтаў. Я не ведаў, ці то мне адказваць на яе пытанні, ці кінуцца ў абарону Арцёма. Я выбраў трэцяе - сядзеў і маўчаў, трохі чырванеючы ад пытанняў гаспадыні. Пасля таго, як мы абняліся і расцалаваліся.

- Я выходжу, Аксана, а ён сядзіць на падваконніку і дрэмле, чакае, калі хто з кватэры выйдзе. Вось вярнуўся і сядзім, гамонім...

- Бачу, што сядзіцё. І няблага, таксама бачу, сядзіцё. От табе, Арцёмка, райскае жыццё, ці не так?

А потым неяк вінавата звярнулася да мяне:

- Валодзька, ты ж галодны - з дарогі... Мо што згатаваць?

Я адмовіўся, пастараўся пераканаць, што на стале добрая закуска. Гаварыў праўду.

Аксана Гаўрылаўна для сваіх гадоў выглядала маладжавай, ніводнай маршчынкі на твары. Загарэлая, з карчневымі вачыма, рухавая, хаця ж была і мажная, круглатварая, як быццам падладжвалася да мужа, - яна мне заўсёды падабалася, і я прыхільна ставіўся да яе. Адказвала яна мне тым жа.

У байкавым халаце з вялікімі кішэнямі, на нагах такога ж колеру і ходнікі, і свяцілася яна жаноцкасцю, унутранай дабрынёй і пяшчотай.

У іх двое сыноў. І яны, мусіць, пажаніліся і раз'ехаліся. Арцём загадваў кафедрай, быў яшчэ і сакратром партыйнай арганізацыі інстытута.

Гаспадыня ўсё ж падрыхтавала сняданак, перакусіла сама на хуткую руку, запіла кавай, прамовіла:

- Вы тут ужо без мяне ўпраўляйцеся. А я пабегла, з завочнікамі ў мяне процьма працы.

Аксана Гаўрылаўна таксама была выкладчыцай - выкладала эканоміку.

І мы праз колькі хвілін засталіся адны...

 

А вечарам... Вечарам мы апынуліся ў рэстаране.

Арцём ужо на добрым падпітку, кідаў прагныя позіркі на прыгожх дзяўчат і жанчын - доўга праводзіў іх пажадным поглядам, калі яны праходзілі паўз нас. Я ўжо разумеў, што першы дзень прайшоў марна, і не ведаў, ці то шкадаваць пра тое, ці не звяртацьасаблівай увагі.

- Уладзімер, а хочаш сёння мы з табой у прыгожых дзяўчат заначуем, га? Век такіх не ўбачыш.

- А што скажам Аксане Гаўрылаўне потым?

- Ёсць тысячы прычын, чаму мы сёння не можам начаваць дома. Тысячы і тысячы.

- Ды неяк не думаў я пра тое, - у самога ўжо муцілася ў галаве - марыў толькі пра ложак, у вагоне ж амаль не спаў, сцярог рошы.

- Табе, малодшаму, няёмка гаварыць... Але ладна, скажу. У партызанскім атрадзе біліся за мяне жанчыны. У поўным сэнсе гэтага слова. Прыходзілі да мяне са слязьмі: «Арцёмка, пабудзь мужам гадзінку, бо згараю ў агні, што і смерць нястрашная мне...» Паміж сабою чаргу ўстанаваілі, хто будзе да мяне прыходзіць, каб не пасварыцца паміж сабою. За вечар па дзве, а то і па тры прыходзілі. Спачатку мне тое падабалася, радаваўся, што во які я малайчына... Пасля ўжо ўсе на адзін твар былі. Яны згаралі на першай хвіліне, а я ніяк не мог дайсці да канца... Ува мне прачнулася шкадаванне да іх, бо яны не былі вінаватыя, у іх гаварыў тысячагадовы інстынкт - гарэць у агні кахання ночы і нараджаць.

- І нараджалі?

- Што? А-а... Так, некалькі зацяжарнела, і не мог толькі зразумець: радаваліся яны ці не. Але, нараджаючы, яны заставаліся ў партызанскім атрадзе. Праўда, не ўсе. Адна з іх запала на ўсё жыццё - Надзеяй звалі. Ніколі да гэтага, і пасля таго, я не адчуваў такога шчасця, як з ёю. З незямнога матэрыялу была яна злеплена. Бог уклаў у яе ўсё, што павінна мець жанчына - прыгажосць, магнетызм, сілу, унутраны агонь, пяшчоту... Такое прыходзіць адзін раз у тысячу год. І тое прайшло праз мяне, а пасля ўсё жыццё - паўз мяне... І Бог, мусіць, пакараў мяне за ўсё. Даўшы адчуць незямное шчасце, адабраў пазней яго ад мяне. Я не магу адчуць яго так, як тады, з ёю... Не ведаю, чаму...

Я маўчаў, не перабіваў больш. Адчуваў, што не гарэлка вінавата ў тым, што захацелася чалавеку выгаварыцца. Можа мне, малодшаму, ён і мог расказаць такое. Чамусьці ўпэўнены, што пра такое ён не расказваў нікому ў жыцці. Пра другое мог, а пра гэта - не...

- А потым выклікае мяне да сябе камандзір Пятрэнка і гаворыць: «Твая, жарабец, работа? Адсячэш на калодцы сваю машыну... Гэта ж трэба, як калгасны бугай - ніводную не прапусціў...» І, раззлаваўшыся, крутануў вачыма, шавяльнуў вусамі, закрычаў яшчэ грамчэй: «Ды ты ведаеш хоць, што бывае за такое па ваенным часе?!?» Я маўчаў, бо ведаў, што можа быць у такіх выпадках - калі двое-трое скажуць, што гэтая я зрабіў іх маці, то... «Ведаю, - кажу, таварыш камандзір, - карайце, вінаваты...» Выгнаў, канечне ж, мяне кмандзір з зямлянкі сваёй. А потым тыя ж жанчыны мяне на абардаж і ўзялі. Калі ж я заўпарціўся, сказаў, што камандзір расстрэлам пагражаў, павялі са мной іншую размову. Па адной гаварылі. Сказалі, згаварыўшыся, што калі я перастану выконваць свае ранейшыя абавязкі, то яны ўсе разам напішуць камандзіру пісьмо і падпішуцца пад ім, сцвярджаючы, што гэта я іх пад дулам нагана прымусіў да сужыцельства... Я хадзіў па лагеры, як шкілет. Камандзір махнуў на мяне рукой, пэўна, зразумеўшы, што можа быць з таго, калі ўзбунтуюцца партызанкі...

- Цяжка вам прыйшлося, - шчыра шкадую я Арцёма і нават не ўсміхаюся, уяўляючы, як ён праяўляў баявую доблесць на фронце ўцешнага кахання, зноў жа ведаючы, што пахвальбы і бравады ў яго аповедзе не было. - Дык недзе ж і бегаюць вашы сыны і дочкі, іх і не злічыць...

- Тое ўсё страшна і горка, дарагі Валодзька, - уздыхае Арцём, нахмурыўшыся. - Я не хачу ганіць жанчын, то не распуста ў іх гаварыла, куды там, есці не было чаго, галодныя хадзілі, але найстрашнейшы голад быў гэты, пажадны... Вайна... Але, на жаль, і цяпер, як у вайну, не хапае ім нашага брата, а нам іх... А як уяўлю, колькі маіх, як ты кажаш, сыноў і дачок ходзіць па зямлі, сэрца заходзіцца. Колькі часу я патраціў, каб знайсці пасля вайны Надзейку, - не знайшоў. Ноччу снілася, пасміхалася з мяне, цалавала і знікала нечакана. Як помсціла, як здзеквалася з мяне. Бог адвярнуўся ад мяне, - растварылася яна ў прасторы, знікла. Гэта кара Боская, няйначай... Ая думаю часам, Валодзя, што яна не з нашай планеты, што не на зямлі мне трэба было шукаць яе... Э-э, што гэта я кінуўся ў філасофію кахання, даруй мне, старому дурню, не павінен я быў табе расказваць пра такое, не павінен... Грэх на душу ўзяў. Давай яшчэ па адной, калі што ёсць яшчэ ў нас. Ёсць, здаецца, напоўні...

Ён зноў весялее, выпівае разам са мной шкалік. Яго шыя наліваецца чырванню, як падымае што важкае, прыкусвае астачай біфштэкса, а потым нечакана пытаецца, гледзячы ўжо працверазелым позіркам мне ў вочы:

- Слухай, мы цэлы дзень з табою бавім час, я радуюся сустрэчы з табой, расказваю табе глупствы, а ў цябе так і не папытаюся, з-за чаго ты прыехаў да мяне. Нешта ж прывяло, што прыехаў без папярэджання. Мо бяда якая напаткала, ці што іншае? Мо дапамога якая трэба? Не саромся, выкладвай. Я ў норме, не хвалюйся.

Вочы і сапраўды цвярозыя - як і не піў цэлы вечар і дзень. Значыць, магутнае мае здароўе, сапраўды як трактар ХТЗ - не зрушыш з месца, не саб'еш зпанталыку.

Абрадваўшыся, што выбіліся нечакана на тую патрэбную сцежку, усміхаюся, згодна ківаю галавой:

- Так, Арцём Сямёнавіч, прыехаў па пільнай патрэбе. Хлопцы выправілі ў дарогу. Грошай сабрал - поўны чамаданчык. Дванаццаць чалавек аддалі мне свае залікоўкі, папрасілі, каб паставілі выкладчыкі ў іх адзнакі. Можа раздзяліць і даць кожнаму, альбо наладзіць харошую вячэру... Не ведаю, скажыце, як лепей. І ці магчыма ўвогуле тое, з-за чаго я прыпёрся да вас, даказваючы яшчэ дома хлопцам абсурднасць іх прадпрыемства? Але яны сказалі, што вераць вам і спадзяюцца на вашую дапамогу.

- Чаго ж не з'явіліся самі?

- Калі ж яны пакінуць работу, то на заводзе будзе завал. І за год тады яны не навярстаюць сваю адлучку - адказны дужа ўчастак.

- Зразумеў, Уладзімер, зразумеў. Вось яно як атрымліваецца... Гм... Хм...

Арцём уздыхнуў, сашчапіў на стале пальцы ў адзін пудовы кулак, задумаўся. Не кінуўся абяцаць залатыя горы, як тое здараецца за чаркай, а шчыра прызнаўся:

- Задачку ты мне падсунуў са шмат якімі невядомымі. Але, думаю, яе можна будзе рашыць. Заўтра ж пачну перагаворы з выкладчыкамі - з самай раніцы. Перад абедам будзеш ведаць, што рабіць. І колькі сабралі хлопцы - на што можна разлічваць?

Я назваў суму.

- Нямала. Думаю, што на харошы банкет хопіць. І з сабою на кожнага па пляшцы каньяку. Прыблізна так думаю. А астатняе - на мяне ўскладаецца.

- Дык, значыць, ёсць нейкая, хоць і маленькая, надзея?

- Надзея павінна быць заўсёды.

- Добра сказана... Хай будзе добры вынік.

- Вось за тое давай і вып'ем, - ён пашукаў вачыма афіцыянтку, паклікаў да сябе, папрасіў: - Зіначка, золатца маё ненагляднае, нам яшчэ па сто каньячку, і падбі, колькі мы там кіламетраў праехалі... Харошы вечар, Зінулька, сёння, і ты прыгожая сёння незвычайна - быў бы маладзейшы, набіўся б, як піць даць, у кавалеры...

- Скажаце такое, - ружовіцца твар у дзяўчыны, сарамліва адыходзіць ад стала, кіруецца да буфеціка.

Арцём праводзіў яе загадкавым позіркам.

Я ж радаваўся, што ўсё так складна павярнулася, што Арцём сам вывеў на патрэбную сцежку, ды яшчэ і ўзяўся за такую складаную, і недзе недобрасумленную, справу. Падсудную для яго справу. А ён жа яшчэ і партыйны пры гэтым сакратар... Партыйным білетам рызыкуе. Але я ведаў яшчэ і іншае - так займаліся завочна амаль усе студэнты, ну, не ўсе, дык большасць. Пакладзе завочнік у залікоўку дваццацьпятку - і спакойны за адзнаку... Потым, скончыўшы навуку, яны рухалі сваімі ведамі наш сацыялістычны прагрэс, будавалі наша светлае заўтра...

А ён, той прагрэс, вядома на якім быў узроўні.

І вядома, якое нас чакала светлае будучае...

 

Банкет мы арганізавалі не ў рэстаране.

Арцём Сямёнавіч зняў у знаёмай жанчыны хату ў ціхай вулачцы. Мне ж параіў набраць прысмакаў, мяса на рынку, гарэлкі і віна, каньяку і шампанскага...

Гаспадыня, маўклівая жанчына, з вялікай бародаўкай пад носам, унураная ў сябе, прыняла ўсё тое, што я прынёс, абыякава і спакойна. Але потым нарыхтавала такіх смачных страў, што ўсе здзіўляліся з яе кулінарнага таленту. Мы ўсё тое расставілі на доўгім стале. Арцём сказаў, што павінна прысці чалавек дзесяць-дванаццаць - выкладчыкаў і іх сяброў-сябровак.

Прыйшлі ў намечаны час амаль адначасова. Прыстойныя, культурныя і паважныя. Арцём паспяваў пагаварыць з кожным, перакінуцца словам, пахваліць прыгажосць адной і другой жанчыны, адказаць на жарт, кінуць рэпліку. Ён сапраўды рухаўся, як ХТЗ па кукурузным полі, і ўсе адхіляліся ад яго, як быццам баяліся, каб не збіў ненарокам, не прычавіў сваімі гусеніцамі...

Калі ўсё было гатова, Арцём скамандаваў усім сядаць за стол. Папрасіў, калі хто ўмее наліваць, каб напоўнілі шкалікі. Умелі, безумоўна, усе.

Спачатку маўкліва, нават засяроджана, з нейкай напружанасцю пачалося застолле. Ніхто не хацеў праявіць сябе з горшага боку, паказацца нявыхаваным ці прастакаватым. Жанчыны і дзяўчаты стрымлівалі сябе, паводзілі ціхмяна, і толькі ўсміхаліся, калі ім падлівалі.

Першы тост, як і чакалася, быў прапанаваны Арцёмам за прыгожую палову чалавецтва - за іх прыцягальнасць і каханне. Потым Арцём даў слова хударляваму, з пышнай шавялюрай, выкладчыку. Той прамовіў тост верашмі, чым выклікаў гучныя апладысменты.

Потым, асмялеўшы, слова ўзяла Зінаіда Карпаўна. Невядома адкуль у яе руках апынулася гітара, і адразу ж паліўся яе мілагучны і пяшчотны голас. Прыпе «пусть в наших сердцах не погаснет любовь, и ветры не выстудят память» спявалі ўсе. ХТЗ дырыжыраваў - махаў абедзьвума рукамі.

Неўпрыкмет міргануў мне - не хвалюйся, усё ідзе, як мае быць, і ўсё будзе найлепшым чынам. Мне ж радавацца было ранавата - залікоўкі ў чамаданчыку ляжалі без ніводнага запісу, а грошай, адчуваў, ляснула ўжо добрая палова, калі не болей.

Весялосць разгаралася, дасягала свайго апагею. Я стараўся не паказваць сваёй заклапочанасці і трывогі, падпяваў, як мог, весяліўся. Нават гаварыў кампліменты сваёй суседцы, якая прыйшла невядома з кім, і хінулася да мяне, нечага чакала, зазіраючы шматзначна ў вочы. Прытулілася гарачым бокам да мяне, смяялася, прасіла вывесці яе куды ў зацішак на свежае паветра.

Калі ж ХТЗ на час выпусціў са сваіх рук кіраванне банкетам, найперш падсеў да мяне, спытаў:

- Ну, як? Падабаецца кампанія?

- Арцём Сямёнавіч, вечар ідзе да канца, і залікоўкі ў чамаданчыку. Пасля ўсяго ў іх ніхто не здолее распісацца.

Ён ляпнуў мяне па плячы, зарагатаў:

- Не дрэйфі, Валодзька! Усё будзе добра. Весяліся, як і ўсе, і ні пра што не думай. Раз яны ўсе тут, хто згадзіўся, то і зробяць усё, што трэба. Ніхто потым не адмовіцца ад аўтографа ў тых кніжачках. Зразумеў?

Потым Зінаіда Карпаўна лезла цалавацца да хударлявага выкладчыка, клялася яму ў каханні, плакала, што ён не звяртае на яе аніякай увагі. Павісла нейкае дзяўчо і на шыі Арцёма, але ён адразу ж пераправіў яе свайму суседу па стале, паклаў нават яе руку таму на шыю.

Пачыналася тое, што і павінна было адбыцца, калі людзі падагрэліся і разагрэліся спіртным, страцілі пачуццё рэальнасці.

- А хочаш я распрануся, і няхай усе паглядзяць, якое ў мяне прыгожае цела, якое ты не хочаш кахаць, - плакала Зінаіда, расшпільваючы ўжо кофтачку.

- Зіначка, мы бачылі цябе на пляжы, станік у цябе выдатны і фігурка класная, а Пятровіч дурань, што не заўважае ўсяго гэтага, - прытуліў да сябе жанчыну Арцём. - Ён яшчэ пашкадуе пра тое...

- Во, чуеш, пень ты сухі, што Арцёмка кажа, - радавалася Зінаіда, што ў яе ёсць падтрымка, і абняла пяшчотна свайго абаронцу і заступніка: - З табою хачу выпіць, а калі аддамся, то толькі табе...

Упала на падлогу міска, разблася. Нехта зачапіўся за бутэльку, і яна грымотна пакацілася па падлозе.

Па ўсім было бачна, што прыспеў ужо час збірацца і развітвацца, разыходзіцца, і не разумеў я, чаму Арцём зацягвае вечар. Перакананы чамусьці быў, што з залікоўкамі ўжо нічога не выйдзе, і ўжо боязна аддаваць іх - што яны накрэмзаюць у такім стане?

Разыходзіліся мы далёка за поўнач.

Каля хаты дзяжурылі дзве легкавушкі, якіх я папярэдне наняў. Арцём усіх пасадзіў у машыны, і мы засталіся адны.

Сядзелі, маўчалі. ХТЗ няўцямна глядзеў сабе пад ногі, пра нешта думаў. Але, на дзіва, быў зусім цвярозы - як і не піў нічога.

- Пайшлі дадому, - падняўся і пацягнуў некуды за рукаў ХТЗ.

- Ёсць у мяне адзін адрасок.

- Да жанчын? - мяне разбірала ўжо зло, расло шкадаванне, што банкет не прынёс ніякае карысці - заўтра яны ўсе забудуцца пра тое, дзе былі, што абяцалі...

- Не, тут іншае... Толькі на хвілінку. Пайшлі.

Мы крочылі цёмнай вулачкай, а потым зайшлі ў ціхі дворык. ХТЗ загрукаў у дзверы сенцаў - раз, другі... Выйшаў заспаны гаспадар - у кальсонах, босы.

- Ты, Сямёнавіч?

- Я. Выбачай, Лёня, я тут з сябрам - на хвілінку. Ёсць што?

- Знойдзем. Праходзьце на веранду, я зараз.

На стол, каля якога мы прыселі, гаспадар прынёс праз колькі хвілінаў пляшку самагонкі і місу агуркоў.

«У нас жа застаўся там каньяк, віно і выдатная закусь, а ён тут самагонцы рады... Абсурд...»

Але хіба зразумееш ХТЗ, як і не ведаеш, якога коніка ён можа выкінуць праз хвіліну?

Я, як мог, утаймоўваў у сабе нехадаволенасць і здзіўленне. Мне нічога не заставалася рабіць, як сціснуць свае нервы ў кулак і маўчаць, згаджацца ва ўсім з Арцёмам Сямёнавічам.

Ён наліў сабе поўную шклянку, але выпіў палову. Ікнуў, прыкусіў гурком. Маўчаў. Як быццам і не было мяне побач. Ён нешта вырашаў, і пры тым нешта важнае і адказнае. Толькі што - я не ведаў, а толькі здагадваўся.

- Пакладзі на стол дзесятку і пайшлі, - нечакана зноў перамяніў наш курс Арцём.

Мы выйшлі на бальшак, і на нашае шчасце з-за павароткі выруліла таксі. Я прагаласаваў і вадзіцель пад'ехаў да нас.

Спаць мы леглі толькі пад раніцу - пілі яшчэ і дома. Паспелі прысніцца мне хлопцы. Яны пасміхаліся з мяне, паказвалі ў мой бок пальцамі. А мне стала сорамна, не ведаў, куды і схавацца ад іх...

Паміж п'янымі сустрэчамі я выкраіў час і з'ездзіў у рэдакцыю газеты. Аказваецца, мае вершы здалі ў архіў, бо не збіраліся іх і друкаваць. Людзі ў рэдакцыі мне падаліся маўклівымі і нуднымі. Ці то толькі выгояд рабілі, што займаліся адказнай працай, ці сама праца наклала на іх такі адбітак і ўплыў, невядома...

 

Жыў я ў Арцёма два і тры і пяць дзён і начэй...

Мы іх правялі ў суцэльных папойках. Я ўжо аддаўся волі лёсу, не перажываў, не крыўдаваў ні на Арцёма, ні на хлопцаў, што падсунулі мне такую афёру, кінулі мяне на такія пакуты. Не таму яны даручылі такое заданне, не таму. Ад тых оргій я не атрымліваў ніякага задавальнення, наадварот, мяне ванітавала ад усяго - ад выпітага, і ад таго, што я рабіў. Не раз сярод ночы абдымаў у туалеце ўнітаз, сілячыся вырваць з сябе ваніты...

Адной раніцай я пералічыў грошы. Падалося, што іх засталося мала. Другі раз пералічыў - тое ж самае. Яны, выходзіць, раставалі, як сакавіцкі снег пад сонам. Чамусьці прыйшло на думку адкласці дваццацьпятную - схаваў у заднюю кішэню штаноў. Гэта каб не празяваць моманту і было за што вярнуцца дадому.

Наступнай раніцай, пасля цяжкай і доўгай папойкі, таўхануў мяне Арцём пад бок:

- Давай твае залікоўкі. Сам жа пад'язджай да інстытута ў дванаццаць. Цяпер - рашаючы штурм. Без цябе. Здаецца, здаліся ўсе. На гэтым будзем ставіць кропку. Ты адпачывай, а я пабег - на штурм апошняй гары...

Мне цяжка адарваць галаву ад падушкі - балела, і нехта злы шпыраў пастаянна іржавым цвіком у патыліцу, - таўхане і перастане, таўхане і перастане... Каб хаця піў шмат, дык не, баяўся - і заваліць справу, і падарваць здароўе. А перажыванні далі пра сябе знаць, трывога пастаянна жыла ўва мне, тачыла маю душу. У мяне ўжо не было аніякіх сілаў трываць такую нагрузку. Калі ж Арцём загадаў адпачываць, то я гатоў быў расцалаваць яго за такую міласць - ён мне падаўся самым лепшым і дабрачым чалавекам на ўсёй зямлі.

«Ну і рабацёначку вы мне ўсырычылі, хлопчыкі мае парубочкі, - кляў я заадно сяброў, на чым свет стаіць, - добра яшчэ, што не давалі заданняў пераспаць з якой выкладчыцай, з той жа Зінаідай, што хвалілася прыгожым целам, ці з Верачкай, што абдымала і цягнула ў цёмны куточак...»

А вока на мяне паклала маладая выкладчыца, аспірантка, і Арцём падштурхоўваў, каб не губляўся, браў тое, што само ў рукі ішло. Шапнуў нават, каб у хату завёў да Васілісы, паўнагрудай дзяўчыны з тоўстымі сакаўнымі вуснамі, з пастаянна зазыўнай усмешкай... Пад п'яны настрой брала маю руку і совала пад цыцку, пыталася затоена: «Ты чуеш, як б'ецца маё сэрца? Яно б'ецца па табе, мой прыгожы і маладзенькі...»

Ледзьве не праспаў той час, пра які мне казаў ХТЗ.

Прахапіўся каля дванаццаці, як спружына мяне падняла. Падагрэў гарбаты, каўцянуў паўкубка - і хутчэй на аўтобус. Гаспадыні апошнімі днямі я не бачыў, аднаго толькі разу пачуў, як яна ўпікнула Арцёма, як мы клаліся пад раніцу спаць: «Ты ж алкаголікам стаў, мой даражэнькі, на каго падобны цяпер, зірніся ў люстэрка...»

Баяўся, што жонка ХТЗ аднойчы зойдзе да мяне ў залу, дзе я спаў, і строгім голасам загадае: «Вось што я табе скажу, даражэнькі Валодзечка. Каб і духу твайго заўтра не было ў гэтай хаце! Ты ж майго мужа ў гарэлцы дзень і ноч купаеш... Так і ўтапіць можна. Прэч з кватэры!..»

Але ж я самы першы тапельнік і аказаўся.

 

Каля інстытута з'явіўся я амаль а палове першай.

Арцёма не было. Не паказаўся ён і праз гадзіну. Не было і праз тры, і чатыры...

«Накрылася наша афёра лісіным хвастом, - падумалася мне ўжо абыякава. - Не можа зрабіць, таму і саромецца паказацца на вочы. Якімі ж вачыма буду я глядзець на сваіх сяброў, калі прыеду? Што ж яны падумаюць пра мяне? Ды, зрэшты, якая цяпер ужо розніца, мне ўжо ўсё роўна, што хочуць, няхай і думаюць - пайшлі яны са сваімі здзекамі і папрокамі, буду я яшчэ нервы рваць з-за іх...»

Я прыхінуўся спіной да дрэва, што тулілася да лаўкі, страціўшы канчаткова ўсялякую надзею на шчаслівае выбаўленне з дзікай сітуацыі. Сэрца маё адчувала пройгрыш, правал, сны нейкія прарочыя бачыліся. Мяне ахапіла дрымота, ахутала цяпло ўсё цела. І я ўжо крочыў праз заводскую прахадную, імкнучыся на сустрэчу з сябрамі.

Грыцко, абняўшы мяне, ды так, што нельга і трываць было - косці трашчалі, зарагатаў: «Ну, што, парламенцёр, плакалі нашыя грошыкі: Прапіў-прагуляў з б.....? Га-га-га...» І па плячы як урэжа мне, што я ледзьве пад станок не зваліўся, а ён рагоча, за жывот хапаецца, крычыць у самае вуха:

- Усё, Валодзя, усё ўладжана!

Не Грыцко, а Арцём трасе мяне за плечы, будзіць і не можа разбудзіць, крычыць на вуха:

- Прачніся, Валодзька! Чуеш? Вось твае ўсе залікоўкі. Амаль усім траякі паставілі - вышэй нельга было... Так што за якасць прабачай.

Кручу галавой, атрасаю з сябе рэшткі сну, да мяне цяжка даходзіць сэнс таго, што чую, не веру, і ўсё тут...

- Во, усе да адной - дванаццаць. Я ж казаў, што ўсё будзе добра. Абмыем гэта?

- Не ўдалося, Арцём Сямёнавіч?

- Што не ўдалося, прачніся! Усё ўдалося!

На маім твары, мусіць, не было радасці.

- Мне б білет узяць. На самалёт.

Але на самалёт білетаў не было. Толькі на аўтобус. Раніцай. І то на паўдарогі. Там, далей, трэба было дабірацца чыгункай...

Ура-ааа! Ура! Нарэшце я скінуў са сваіх плячэй шматонны груз! Не падвёў Арцём-ХТЗ, не падвёў! Малаток! Хай хлопцы цяпер радуюцца ліпавым адзнакам. Цікава толькі - ці будзе іх грызці за гэта сумленне? Я б, напрыклад, ніколі не пайшоў бы на такі крок. Але як я дазволіў сабе быць іх саўдзельнікам, дык і да сённяшняга часу зразумець не магу.

- Не шкодзіла б і абмыць залікоўкі - як глядзіш на гэта, Валодзя?

Арцём умольна паглядае на мяне, чакае, што адкажу. Дастаю кашалёк, пералічваю грошы, паказваючы, што нашае гулянне скончылася - даехаць бы дадому, перад гэтым жа я не шкадаваў чужых грошай, усе пусціў на ўдачу.

- Во што і засталося, - паказваю я.

- Дык і выдатна! - радуецца ХТЗ, згаджаецца на самае мінімальнае, - то ж на пляшку каньяку з закуссю. Ён, мусіць, не разумее мяне ці не чуе, - то ж апошняя дзесятачка, апошняя! А за што ж я есці буду ў дарозе, у вагоне спаць - у яго ж не папрашу, сам пра тое ведае выдатна.

- У рэдакцыі быў?

- Быў.

- Ну і што?

Я махнуў няўцямна рукой:

- Ніякіх канцоў. Вершы даваць не будуць.

- Не перажывай. Калі добрыя, то рана ці позна надрукуеш. Ні ў гэтай, дык у другой газеце.

Ддаому мы прыехалі зноў позна ноччу. Але не з такім настроем, канечне ж, як перад гэжтым усе разы.

А ранічкай я падаўся на аўтобусны вакзал - нішком, баючыся, каб Арцём зноў не ўсадзіў мяне за стол і не распачалося новае застолле...

Думаў, што на сто гадоў хопіць мне тых п'янак, што я на гарэлку і вокам ніколі не гляну, а не тое, што піць яе буду некалі. Абрыдла мне яна на ўсё жыццё, як горкая рэдзька...

 

Адчуў я незвычайную лёгкасць толькі тады, як аўтобус выбраўся з горада і ўзяў хуткасць на шашы.

Адразу ж кінула ў сон, і я, ад гайданкі і цеплыні, ды яшчэ ад ранішняга часу - не было яшчэ і сямі, хітаючы важкай галавой, праваліўся некуды ва ўтульнае бяздонне.

Заўважаў скрозь сон, што мяне кожным разам нехта адпіхвае ад сябе, гаворачы нешта крыўднае і абразлівае ў мой адрас. Калі ж зноў адчуў, што нечыя рука - настойліва і моцна - штурханула мяне пад бок, прачнуўся.

Побач сядзела дзяўчо са строгім тварам, адвярнулася грэбліва ад мяне. І не глядзела ў мой бок. Я папрасіў прабачэння за сваю бязважкасць, нешта сказаў пра стому, што спаў мала.

- Вы б меней пілі, а то як ад бражніка ад вас нясе.

- Я сапраўды піў усе дні. Ніколі такога не было... Мо і не будзе.

- Я і бачу. Але ж не трэба з-за гэтага замінаць іншым - не вы адныя выбраліся ў дарогу.

- Яшчэ раз даруйце - вінаваты...

Строгі і непрыступны твар. Востры носік, сцятыя паўнаватыя вусны. У голасе незадаволенасць, нават раздражнёнасць; каштанавыя косы з вялікімі кудзеркамі-завіткамі пераліваліся вясёлкай у промнях ранішняга сонца. Яна мружыла вейкі, хавалася ад промняў сонца.

«Сапсаваная дарога, - падумалася з горыччу, - і падсунуў мне Бог такое стварэнне... І спаць не дае, і словам не перакінешся... Кара Боская.»

У аўтобусе пустых месцаў не было - абвязкова перасеў бы. Дарога выпала дальняя - амаль цэлыя суткі ехаць.

На прыпынках аўтобус спыняўся, вадзіцель дазваляў пагуляць хвілін з дзесяць, размяць косці. Я аббягаў на прыпынках сваю суседку, саромеўся і адчуваў сябе перад ёю ніякавата. На нейкай станцыі купіў булачку і гарачай кавы - на большае ў мяне не было грошай. У задняй кішэньцы ляжаў недатыкальны запас - акурат на білет да майго горада з таго прыпынку, да якога выпісалі білет.

Галава выяснілася, святлейшымі сталі думкі. Радаваўся, што скончыліся мае пакуты, што не насварылася, развітваючыся са мною, жонка Арцёма, што ў чамаданчыку ляжала стопка сініх заліковае, што... Сабе ж - у які раз! - даў зарок і клятву: больш ніколі ў жыцці не згаджацца ні на якія агідныя афёры. Караў сябе, дакараў, што згадзіўся на такі ваяж.

Вадзіцель, пажылога веку чалавек, маўклівы і пануры, пасунуўся да аўтобуса, - і тады людзі рушылі следам за ім.

Каб дзе вольнае месца, пераксеў бы, не замінаў бы суседцы, але ніхто не выйшаў на прыпынку. Хацелася папрасіць некага задняга, каб перасеў наперад, але чамусьці адцягваў тую хвіліну, як што замінала мне тое зрабіць. Я схіліў галаву, прымружыў вочы. Спаць ужо не хацелася, але сам сябе прымушаў падумаць, асэнсаваць сваё становішча, кінуўся чамусьці ва ўспаміны. Чамусьці прымроілася Эма, ды тая незвычайная навагодняя ноч. Ведаў, што яна пасля сканчэння школы паехала ў Ленінград, паступіла вучыцца. Эма, Эма, ці ўспамінаеш ты калі мяне і тую елку, што я прынёс табе пад самую раніцу? Пэўна ж, не, бо не адказала на мае лісты, калі я даслаў ёй праз яе сябровак...

І галодная ноч успомнілася, незнаёмка Марычка. Найбольш яе важкі, трохтонны чамадан, - ці не на ўвесь узвод прыезла яна тады яды? Аднаму ж браціку тое не здужаць... Так і не зайшоў ніводнага разу да мяне, як абяцаў, - ці то часу бракавала, ці ў другое месца перавялі служыць, хто ведае...

Я жыў у сваім часе, у сваім вымярэнні, і ўжо рады быў, што побач са мною сядзіць маўклівасць, што ніхто мне не замінае думаць і ўспамінаць, хадзіць маімі сцежкамі і дарогамі, маімі пуцявінамі - ніхто мне не трэба, мне ю пабыць аднаму і не згубіць той настрой, які апанаваў мяне. Туды, ва ўспаміны, трэба адпраўляцца толькі з добрым настроем, каб не сапсаваць фарбы непаўторнасці тых дзён, таго далёкага часу...

Зноў прыпынак. Пятнаццаць хвілінаў мусіў стаяць аўтобус - час адстою. Я прагуляўся па скверы, пасядзеў на лаўцы, пахадзіў трошкі па вуліцы.

Вяртаючыся назад, купіў у кіёску некалькі газет - на апошнюю дробязь.

Безуважна прабег па старонках - хіба чыталася ўважліва ў траскім аўтобусе? Дарога не з лепшых, таму і час цягнуўся марудна і сумна. Калі адгарнуў «Камсамолку», прабегся па радках, ледзьве не ўсклікнуў ад радасці, абвясціў нечакана сваёй суседцы:

- Надрукавалі! Бачце, надрукавалі заметку нашага начальніцка цэха. То ж з-за яго я выправіўся ў гэтае падарожжа!

Дзіўна, але незнаёмка ўзяла газету, прачытала, пахваліла нават, прыхільна ўжо гледзячы на мяне:

- Добра ён напісаў пра сваіх сяброў. І пра вас успомніў?

- І пра мяне.

Я пачаў сумнявацца ўжо, што гэта яна побач, пяць хвілін назад недатыкальніца і сама строгасць. Тая, ранейшая, дэманстравала пагарду і знявагу, голас звінеў металічна і неадрыўна, а тут... А тут зусім іншы голас - мяккі і добразычлівы, погляд цёплы і даверлівы, - як і не яна побач, а зусім іншы чалавек... Я ж не ведаў, як паводзіць сябе - і не рады быў, што зачапіў. Эмоцыі і радасць падвялі. Ведаў, што калі зачэпіш жанчыну, якая хоча пагаварыць, то яна безупынку будзе балаболіць і балаболіць - нават суткамі.

Але адступаць было позна ўжо.

Завязалася размова - ні аб чым, і ні пра што. Куды, адкуль. Найбольш гаварыла суседка. Часцей і часцей заглядвала ў вочы, як што чакала пэўнага ад мяне - а што, я і сам не ведаў, нават і не здагадваўся. Яна ўжо прыціснулася да мяне бокам, а праз нейкі час ад яе пачало патыхаць спапяляльнай гарачынёй.

- Едзем колькі, а незнаёмыя. Дзіўна, праўда?

- Дзіўна.

- Мяне Зінаідай завуць. А вас?

- Уладзімірам.

- У мяне брат - Валодзя.

На крутым павароце, калі аўтобус нахіліўся, Зіна ўсклікнула ад сполаху і ўчапілася ў маю руку. Аўтобус выраўняўся, але яна не выпускала, сціскала маю руку мацней і мацней.

- Валодзя... - яна нахілілася да майго вуха і горча зашаптала: - Ты толькі не здзіўляйся і не палохайся таго, што я табе скажу... Праз паўгадзіны мой гарадок. Я еду да мамы. Давай сыйдзем удвух. Я хачу пабыць з табой. Не ведаю, чаму, але я адчула за гэтыя кароткія хвіліны, што толькі ты зможаш спаліць на тым кастры пякельнага агню. Мой муж у плаванні, прыедзе праз тры месяцы. Мама ў мяне разумная, яна і словам не папракне мяне, ні поглядам. Яна схавае нас ад людскіх вачэй. Я пастараюся падараваць табе хвіліны шчасця, вось пабачыш. Я сама з сябе здзіўляюся, і ніколі не рабіла гэтага, а цяпер не ведаю, што здарылася са мной сёння. Ад цябе нешта сышло на мяне - чароўнае і прыцягальнае. У мяне ніколі нікога не было, акрамя мужа, павер. Перад Богам клянуся...

Я маўчаў. Не адрываў руку, здзіўляўся пачутаму і не мог паверыць у тое. То адпіхнула як самага апошняга нягодніка і прапойцу, а то пускае адразу ў сваё чэрца, не пытаючыся ні пра што... Да мяне слаба даходзіў сэнс прапанаванага ёю, тугі я ўсё-ткі быў на адчуванне жаночага сэрца...

Першае, што мне прыйшло на памяць, дванаццаць заліковак. Імі рызыкаваць я, безумоўна, не мог. Ці не падобна гэта ўсё на вар'яцтва, га?

А Зінка між іншым мне спадабалася. Вусны яе пульхныя прыцягвалі, яе дотык абпальваў гарачынёй і смагай. Я сціснуў яе руку, як бы згаджаўся. І як не паверыць усяму, калі яе сэрца, гатовае выскачыць з грудзей, штурхае мяне ў рабрыну - як неспакойны плод у чэраве маці...

Але голас гаварыў іншае:

- Не ведаю, Зіна... Час падціскае - заўтра трэба быць зрання на працы. І так затрымка на паўмесяца выйшла.

- Прыдумаем што-небудзь. Ты ж можаш «захварэць». Захварэць каханнем.

- На такую хваробу бюллетэняў не даюць.

- Зробім табе бальнічны. Аднакласніца мая ў паліклініцы працуе, выручыць.

Маўчу, думаю, што яшчэ прыдумаць важкае і пэўнае.

- Я хацеў бы застацца. Нават вельмі. І не шкадаваў бы - веру ў тое. Кожнаму слову паверыў. І - сэрцу. Веру і ў тое, што не пашкадавалі б мы аб праведзеным часе, светлым напамінкам было б на ўсё жыццё. Але - работа. Адпусцілі мяне толькі да заўтра.

- Хочаш, сёння ж пазвонім на завод. Ад нас размову закажам. Прашу, валодзечка, вельмі прашу - не адпрэчвай мяне. Я ніколі ні да кога не прыставала, мяне і сорам паліць, сёння я як з глузду з'ехала, месца сабе не знаходжу. Застанься, мой любы, у ногі ўпаду, поўзаць перад табой буду... У агні згараю я, у тваім полымі, і пажар разгарэўся так моцна, што ніхто не здольны яго патушыць, акрамя цябе. Божа, зрабі так, каб ён застаўся, Ты ўсё можаш, Божа, памажы...

Па яе руцэ праходзілі хвалі біятокаў, яны, як па дроце электраэнергія, уваходзілі ў мяне, прымушалі закіпаць кроў. Яна ўжо хлынула ў скроні, скавала мяне, жаданне і прага пахкага і прыемнага цела пачалі авалодваць мною.

Але я зноў пачаў раздумваць, усё ўзважваць. Як падамся да яе - без кветак, без падарунка? Як выглядаць буду? Тым забулдыгам, якім падаўся напачатку? Няёмка... Як растлумачыць ёй гэта, ці зразумее мяне? Мяне раздзіралі супярэчнасці і сумненне. Няўжо меў рацыю ХТЗ, калі расказваў пра жанчын у партызанскім атрадзе? Во яно, наяву перада мною тое праяўленне, і вайна ніякая непатрэбна - што за цеста жаночае стварэнне?

Зінка зразумела маё маўчанне як згоду, паклала ўжо на плячо сваю галаву, прашаптала:

- Дзякуй, Валодзька, дзякуй! Мы будзем з табою самыя шчаслівыя людзі на зямлі. Абяцаю.

І мне стала так хораша, так утульна і суладна, і паверылася нават, што ведаю яе даўно-даўно, і што сто гадоў назад дамовіліся пра гэтае спатканне...

«А залікоўкі? - нехта зноў з'еждіва папытаўся ў мяне з-за пляча. - А раптам што здарыцца, раптам абкрадзе хто? Што тады? Хіба ж павераць дома, што ты ўсё зрабіў, як след?»

То холадна, то спякотна. Такі вінегрэт варыўся ў маіх думках, і я пачынаў зноў вагацца, адступаць назад...

Калі ж сыпніўся аўтобус у яе гарадку, яна ўмольна зноў падступілася да мяне:

- Валодзька, мой нечаканы і добры чалавек, прашу - застанься. Хоць на адну ночачку. Калі турбуешся за рэчы, давай здадзім іх у багажню. Усё будзе добра і так. Клянуся.

На вуліцы яна кінулася мне на шыю, горача шаптала на вуха тыя словы, якіх я не чуў ні да гэтага, ні пасля, умольвала, зневажалася перада мною, згарала адначасна ў пякельным сораме - пэўна, першы і апошні раз у сваім жыцці.

«Эх, быў бы я без нічога... А мо адправіць поштай - заказной бандэроллю, ды і пазбавіцца ўраз ад лішняга грузу?!»

Да нас падышла жанчына, павіталася, узяла сумку ў Зіны, стала воддалеч - не замінала.

- Мама, ідзі дадому, мы цябе дагонім. Валодзя, любы, застанься. Калі ж паедзеш, то на паўшляху цябе будзе чакаць непрыемнасць. Я прадчуваю тое... але... я бачу. У мяне адкрыўся зрок. Другое не скажу. Я хачу ўберагчы цябе ад твайго болю. Калі мне суджана ўберагчы...

Я ўсё ж рашыўся. Мае ваганні скончыліся, і ад таго на сэрцы адразу палягчэла:

- Не, Зінка, любая, не магу. Хаця і ведаю, што раблю глупства. І што потым буду сябе праклінаць за нерашучасць і нязгоду.

Яна цалавала мяне, згараючы, як матылёк, папаўшы ў полымя, дачакаўшы ад мяне ўзаемнасці, але нерэалізаванай ў істотнае і матэрыяльнае... У яе вачах люстраваўся месяц. На яе вуснах кіпеў мёд і прага нерастрачанага кахання. Яна плакала і ўжо больш нічога не гаварыла, адчуўшы сэрцам пра сваё няшчасце. Прыгнечанай і зняважанай падалася яна мне.

- Божа, ці ёсць Ты на свеце, - пачала зноў шаптаць, але ўжо не мне, а Вышняму, не раздымала рук на маёй шыі, - зрабі мяне шчаслівай, на адну ноч і на ўсё жыццё. Валодзька глухі, ён не разумее, што я толькі ад яго магу нарадзіць сына, але ты ўсё разумееш, Ойча!..

Яе рукі абвялі і зрабіліся безжыццёвыя. Агонь прагі гаснуў на маіх вачах, яна вянула на маіх вачах, як пакаёвая кветка, калі ёй не далі вады... Я ж адчуваў сябе каменнай і халоднай сцяной, якую ніхто не мог зрушыць з месца...

А праз колькі хвілінаў аўтобус вёз мяне далей - у цемру, у ноч, у другі горад. На губах яшчэ не астыў смак Зінчыных слёз і мёду. У вушах не аціхаў умольны шэпт мальбы аб мужчынскай лістасці, які яшчэ не дайшоў да майго сэрца, да маёй душы, не апёк мяне горкім шкадаваннем. Пакрысе і павольна даходзіў да маёй свядомасці сэнс падзеі - як праз калючы дрот прадзіраўся...

Не ведаў я тады адной жыццёвай мудрасці - ніколі нельга адпрэчваць жанчын, якія цябе пакахалі. Ніколі ў жыцці, і ні пры якіх абставінах.

Бо за гэта карае Бог... Хаця ж ты і парушаеш адзін з Яго запаветаў. Вось і зразумей пасля гэтага Біблію, вось і зразумей, што такое Каханне...

Але ці трэба тое разумець? Можа дастаткова яго толькі адчуваць, ведаць, што яно існуе і можа ненарокам датыкнуцца сваім крылом да твайго сэрца?

 

На канчатковую станцыю аўтобус прывёз нас каля дзесяці вечара. А праз гадзіну павінен адправіцца цягнік у мой горад. І ранічкай я павінен быць дома. Адно, што мяне тачыла, непакоіла, дык гэта тое, як я абышоўся з Зінкай - маёй нечаканай спадарожніцай. Ды што тут паробіш - мы нешта знаходзім, нешта губляем, потым шкадуем пра тое, але перарабіць не зможам...

Я стаў у хвост чаргі, але яна на дзіва рухалася хутка: ці касірка аказалася рухавая, ці разлікі кароткія. За паўгадзіны я ўжо быў каля акенца касы. Калі перада мною гаваркая цётка ўзяла квіток і адышла ад касы, я ўсунуў галаву ў акенца, папрасіў:

- Мне, калі ласка, адзін квіток да Бердзічава. Купэ ці плацкарт...

- Пятнаццаць сорак.

Я хуценька сунуў руку ў заднюю кішэньку, каб дастаць сваё НЗ, але яна аказалася пустой.

«Не можа таго быць, - узмакрэў я ад хвалявання. - Я ж правяраў у аўтобусе, калі сядзеў з Зінаідай. Дзе яны падзеліся? Мо пераклаў у іншае месца?..»

- Ну, што там капаешся, чаргу затрымліваеш! - крычалі незадаволена ззаду, напіралі на мяне.

- Вы будзеце браць білет? - глядзела на мяне касірка з нафарбаванымі вуснамі.

- Адкладзіце, калі ласка, мой квіток. Грошы не магу адшукаць.

- Трэба, грамадзянін, грошы даставаць загадзя. А мо іх і зусім у вас не было, прасадзілі дзе з сябрукамі...

Яшчэ і яшчэ раз пашнырыў ў задняй кішэньцы. Потым ва ўсіх, што меў. Зноў у задняй. Безвынікова.

«Укралі, - пеканула джалам думка, - і зусім нядаўна. Як стаяў у чарзе. Трое напіралі ззаду, рабілі выгляд, што хвалюцца, што спозняцца сесці на цягнік... Дзе яны цяпер? Няма ў чарзе - уцяклі. Зрабілі сваю справу і змыліся. А потым зноў ашпарыла думка: «Божа, а адкуль пра маё няшчасце ведала Зінка?! Яна ж папярэджвала... Яе ж тут няма, і пра грошы не ведала. Ды і не звязана яна ні з якай бандай, як мне падумалася на нейкі момант, ды і глупства так думаць пра яе. А яна ж яшчэ мерылася сказаць пра нешта, ды не схацела - «пра другое не скажу...» Што яшчэ горшае чакае мяне?»

І вось тут я, па-сапраўднаму ўжо, пашкадаваў, што адпрэчыў Зіну. Падумалася, што недзе ў гэты час пілі б з ёю віно ці шампанскае - яна б усё ўстроіла, зрабіла б сапраўднае свята. Яна ж рашылася на ўсё, скінула з сябе і сорам, і адзенне, і гонар, аддавала мне нават сваю душу... Яна ж упала мне ў ногі, а я... Так такому дурню і трэба. Еж цяпер, давіся тым, што зварыў і заварыў. Ёсць Бог на свеце, ёсць, да Якога звярталася мая спадарожніца! Не пачуў я болю яе сэрца. Затое атрымаў свой боль, нашмат большы, чым яе. І што цяпер наракаць на бандытаў ці зладзеяў, што шныраць па вакзале ў пошуках лёгкай здабычы. Яны не абкралі мяне, яны правучылі, напомнілі пра галоўны пастулат нашага жыцця - трэба быць чалавекам, калі да цябе з адкрытым сэрцам. Асабліва ў адносінах да жанчын.

Я, здаецца, плакаў. І быў у роспачы. З такім ехаў выдатным настроем, і на табе, маеш на закусь... Не пойдзеш жа з працягнутай рукой прасіць капейкі. А наступны цягнік чакаўся толькі на наступны дзень - пад абед. З голаду памерці можна...

Я стаяў каля акна, паклаўшы рукі на чамаданчык. Яго ўжо бярог, каб не ўкралі, - галоўнае маё багацце, апраўдальны груз. Мною авалодала ўжо апатыя, глядзеў перад сабою - і нічога, здаецца, не бачыў: вочы засцілі слёзы. Цяжкі камень ляжаў на душы. Правідчыца і чараўніца Зінаіда... Адкуль ты ўведала, што са мной адбудзецца такое? Цыганка ты ці што?

- Ці не вы гэта, Уладзімір? - голас з глухой цемры вярнуў мяне да жыцця.

Павярнуў галаву на голас, але твару не ўбачыў - адны цьмяныя абрысы, ды чулася за яе спіной людская гамана.

- Хто вы?

- Значыць, не пазналі мяне. Але што з вамі здарылася? У вас няшчасце, Валодзька?

- Ды як сказаць - радасці мала. У мяне ўкралі грошы, а цягнік вось-вось адпраўляецца... А хто вы?

- Дык вы і напраўду мяне не пазналі? Не пазналі?

- Не.

- Няўжо не памятаеце, як я вас нагрузіла аднойчы ноччу важкімі чамаданамі? Як мы шукалі дваццаць чацвёртую школу?

- Божа мой, Марычка? - ледзьве не закрычаў ад радасці, кінуўся да яе, абняў як самага дарагога чалавека, пацалаваў. - Вас мне Бог паслаў. Пазычце мне пятнаццаць рублёў і сорак капеек. Вышлю адразу, як прыеду. Да адпраўкі засталося пятнаццаць хвілінаў - няма калі і пагаварыць, як след.

- Я не пазычу, я куплю білет.

- Адразу ж вышлю...

- Тады будзеце тут і начаваць, - прыгразіла яна, смеючыся.

Касірка аддала мне мой білет, і мы пайшлі на перон. Стаялі, глядзелі адно аднаму ў вочы. Не ведалі, пра што гаварыць, але на языку трымцела тысячы слоў... Потым я ўскочыў у вагон, а Марычка стаяла побач, каля прыступак. Радасна паглядала на мяне. Чамусьці ў вачах яе прачытаў радасць, а можа і нешта большае. Што пакінула ў яе душы тая ноч, якая звяла нас пад бляклым ліхтаром? І чаму ўсё-ткі яе брат так і не завітаў ніводнага разу да мяне?

- Мне трэба было табе шмат чаго сказаць, Валодзька, але я не ведала, дзе цябе адшукаць.

- І мне таксама. Я часта думаў пра цябе, Марычка. Каб прыйшоў твой брат, то я ўзяў бы ў яго твой адрас.

- Ты напішы мне, Валодзя, добра?

- Абавязкова. Я прыеду да цябе. Ты тут жывеш?

- Тут.

- Спраўлюся са сваімі клопатамі і адразу прыеду. Гэта як сон. Я яшчэ не веру, што можа здарацца такое.

- І я. Буду чакаць цябе.

Састаў пакрысе пачаў адыходзіць ад перона. Марычка ішла побач з прыступкамі ўваходу. Потым памахала рукой і засталася стаяць на месцы.

Калі ж я палез у кішэню за насоўкай, то адтуль вылецела тры дзесяткі і ўпалі на падлогу. То яна, Марычка, непрыкметна ўсунула мне на дарогу.

Я папрасіў суседку па купэ - пажылую жанчыну, што сядзела з унучкай, каб прыгледзела за рэчамі, і пабег у вагон-рэстаран. Мае кішкі «ігралі марш». Амаль на ўсе грошы я заказаў сабе вячэру...

Вячэру падмёў, як за сябе выкінуў. Падышла афіцыянтка. Я даў ёй грошы. Дала пяцёрку здачы. Я дастаў кашалёк з унутранай кішэні, каб пакласці рэшту туды, разгарнуў яго... З сярэдняй кішэнькі выглядвала дваццацьпятка. Адкуль яна ў кашальку?! Я ж добра памятаў, што кашалёк быў пусты, што я паклаў НЗ у заднюю кішэньку. Побач з купюрай аркушык белай паперы. Разгарнуў.

 

«Дарагі Вовік!

Ведаю, што абязгрошыўся ты ўшчэнт, улагоджваючы і мяне, і тых, ад каго залежала выкананне твайго задання. Даруй, калі што не так, і не дакарай мяне, што я такі.

Думаю, што мой сціплы ўклад дапаможа табе спакойна даехаць дадому.

Абдымаю. Цалую. Прыязджай, буду рады цябе бачыць. Твой - Арцём.»

 

«Чаго ж я адразу не зазірнуў у кашалёк? Мяне апёк сорам, што я недзе і кепска падумаў пра ХТЗ. А ён паклапаціўся пра мяне, з пустымі кішэнямі з дому не выправіў... Даруй, Божа, што не да канца ацаніў яго!»

Праз гадзіну я соладка спаў на верхняй паліцы. Сніліся Зіначка і Марычка. Яны неслі мой чамаданчык, у якім ляжала дванаццаць заліковак. На душы ў мяне было хораша і спакойна.

Мне тады здавалася і цвёрда ўпэўніўся, што мае ўсе клопаты і жыццёвыя турботы засталіся ззаду, ва ўчарашнім дні.

Каб жа так... Каб жа яно так і адбылося...

 

Сустрэча

Мне так і не ўдалося заснуць, хаця пад раніцу я прылёг на свой засцелены ложак. Дзяўчына абгарнулася прасцінай і зусім адвярнулася да сцяны. Храпла толькі, не даючы засяродзіцца мне на маіх думках...

І думалася мне ў тую ноч, перадумалася шмат...

 

Пачало развідняць, і я не вытрымаў, падняўся з лежака.

Пайшоў у прыбіральню і спаласнуў твар цёплай вадой - а хацелася халоднай, нават ледзяной, гэтая ж не бадзёрыла. Але ўсё роўна стала трошкі лепш - млявасць знікла, на змену ёй вярнулася ранейшае хваляванне, нейкая дзіцячая радасць сустрэчы з тым, што не знікала з маёй душы, непакоіла зрэдку, прымушала агледзецца, азірнуцца.

А мы ўсё ірвемся наперад, баімося некуды спазніцца. Ці можна ўвогуле некуды спазніцца? Як тое мы не разумеем у сваёй апантанасці, духоўнай скнарнасці і жаданні дасягнуць немагчымага. Пэўна ж, меў рацыю прападобны Амросій, старац Опцінай Пустыні, калі казаў: «Хто мае дурное сэрца, не павінен адчайвацца; таму што з дапамогаю Бога чалавек можа выправіць сваё сэрца. Толькі трэба ўважліва сачыць за сабою і не ўпускаць выпадку быць карысным бліжнім, часта адкрывацца старцу і тварыць пасільную міласціну. Гэтага, безумоўна, нельга стварыць адразу, але Гасподзь доўгацярплівы. Ён тады толькі спыняе жыццё чалавека, калі бачыць яго гатовым да пераходу ў вечнасць альбо тады, калі не бачыць аніякай надзеі на яго выпраўленне...»

Адкуль, адкуль толькі тое старцу было вядома? Адкуль ён чэрпаў мудрасць сваю, калі жыў адзін, адгароджаны ад цывільнага свету? Толькі ад неба, толькі - ад сонца і месяца...

Хіба ж можна абагнаць самога сябе?

Ці можна падскочыць вышэй самога сябе?

У мой горад мы прыехалі раніцай. Я загадзя сабраў сваю пасцель, склаў прасціны і аднёс правадніцы. Сакваяж узяў з сабою, каб і не вяртацца ў купэ - не замінаць сваім спадарожніцам, няхай малюцца, чапурацца. У іх свае праблемы, свае клопаты і радасці.

Правадніца, маладая рухавая жанчына з гожым тварам, спытал, ці не трэба мне квіток. Я ўзяў яго. На памяць. Бо такой паездкі, мусіць, ужо і не будзе. Ніколі не будзе. Дзяцінства і мінулае клічуць да сябе толькі аднойчы - адзін раз. Бо дорыць незабыўныя ўражанні. І ты прыязджаеш, як свой, як родзіч, як брат, як цнатлівае дзіця да сваёй маці. А потым, хоць і сотню разоў прыязджай, але без выкліку, то ты будзеш ужо чужым, адрынутым і незразумелым.

Таму ёсць Бог вяртання, Бог узнёсласці. А паўтарэнне не ў Яго ўладзе. І зноў жа некаторыя з нас не ведаюць пра тое, і таму робяць памылкі. Потым скардзяцца на тое, што дзяцінства ўцякло ад іх, не прызнае іх. А яны ж у трэці ці чацвёрты раз наведваліся да яго...

А, можа, яго і зусім не было ў іх - яны адразу і нарадзіліся дарослымі?

Я буду захоўваць квіток у сваё дзяцінства як рэліквію. Як доказ, што яно прызнала мяне, прыняло, як роднага, аблашчыла і атуліла сваім цнатлівым крылом.

Дзверы ў купэ прачыніліся. Дзяўчаты падалі знак, што мне можна заходзіць. Не ведалі, што я пакінуў іх. Я не пайшоў у купэ, толькі павітаўся з імі. Яны пырснулі смехам, быццам і не былі ноччу іншымі, другімі, а сталі цяпер самімі сабой, без падробкі, без фальшу. Яны зноў апранулі маскі бесклапотнасці і шчаслівасці. Падфарбавалі вусны, дадалі ружовасці на шчокі, прычапурыліся. У вачах - гарэзлівасць і ўпэўненасць у сваіх магчымасцях і сіле іх прыгажосці. Эх, дзяўчаткі, дзяўчаткі, якія вы ўсё ж наіўныя, саманадзейныя... Але Бог з вамі, як кажуць, суддзя вам Бог. Не я. Верка, што ляжала на маім месцы, пацікавілася:

- А куды вы, дзядзечка, едзеце?

- Далёка, дзяўчаткі. У сваё дзяцінства.

- Вазьміце нас з сабою.

- Вас жа тады не было - вы і ў праекце яшчэ не значыліся. Ды і цяжка там, холадна і голадна, вы не вытрываеце. Няхай яно са мной будзе. І загіне разам са мною.

Верка засмяялася, паказаўшы белыя зубы:

- Учора вы з намі гаварылі на беларускай мове, а сёння на ўкраінскай. Хто ж вы - беларус? Украінец?

- Я грамадзянік сваёй краіны. А вы і не на беларускай, і не на расейскай - на нейкай трасянцы. Хто ж вы?

- І мы таксама грамадзяне сваёй краіны. Толькі без роднай мовы. Таму і без будучыні.

- Чаму ж так сумна?

Верка паціснула пдячыма:

- Мы ў нечым зайздросцім вам. У вас былі свае надзеі, свае песні, свая перакананасць. У нас жа гэта ўсё адабралі. Замянілі нечым другім, фальшывым і незразумелым... Як быццам часовым, несур'ёзным. І нам трэба разабрацца ў гэтым, навучыцца адрозніваць чорнае ад белага, плевелы ад зерня...

Мне падабаліся думкі Веркі. Значыць, гэтак думалі і яе сяброўкі. А раз задумваюцца, то і парашаюць некалі свае рэбусы і галаваломкі.

- Што ж, жадаю вам поспехаў у вашых клопатах. Бывайце, прыгажунькі! Я пайду ўжо да выхаду.

- І вам добрай сустрэчы з дзяцінствам.

- Дзякую.

На перон ступіў я следам за правадніцай. Падзякаваў і пайшоў да вакзала. Мясціна мне падалася і знаёмай, роднай, але нейкай інакшай, перайначанай. Новыя высокія дамы ўзляецлі ў неба, на балконах прыгожыя арнаменты. І людзі нейкія іншыя, як і іншыя апранахі на іх.

Вось па гэтых вуліцах я хадзіў, калі прыехаў са свайго пасёлка, і дзівіўся, якія высозныя дамы ў горадзе. Для мяне тады ўсё здавалася дзіўным і незразумелым, і кожны дзень радаваў нечым запамінальным і радасным...

Цяпер жа я з нейкай дзіцячай замілаванасцю і здзіўленнем углядаўся ў абрысы новых мікрараёнаў, у вуліцы і вулачкі, у цэрквы і царквушкі, дамы і хаткі...

Дзе ты, маё пругкакрылае юнацтва, дзе ты святая вера ў заўтрашні дзень? Непахісная вера ў моц нашай краіны і яе таленавітых людзей. «Мы наш, мы новый мир построим...» Будавалі дзесяткі гадоў. Думалі, што будавалі... Узрывалі і ламалі, забруджвалі і атручвалі, займаліся самазабойствам... А ўзламанае хіба можна перабудаваць? Аднавіць можна, а вось перабудаваць...

Сонца купалася ў залатым вільчыку храма, толькі вільчык вялікага крыжа зіхацеў у блакіце неба. Промні зыркага сонца аздобілі першы лісцепад - вось-вось упадуць наступныя кляновыя лісты странцыянавымі аскалёпкамі - прасвечваліся наскрозь.

Куды пайсці, з чаго пачаць сваё спатканне, калі ні сяброў ці знаёмых не засталося ў гэтым горадзе? А хто і быў, дык адрасы іх не меў, сувязі даўно парваліся... А чаму б не з'ездзіць на родны завод? З ім жа таксама звязаны ўспаміны, ды і не абы якія. Там я апынуўся праз паўгадзіны. На шыльдзе заводаўпраўлення прачытаў, што гэта быў ужо не завод, а вытворчае аб'яднанне «Металіст». А вялікая афіша паведамляла, што ў клубе аб'яднання адбудзецца сустрэча выбаршчыкаў з кандыдатамі ў народныя дэпутаты з дырэктарам Грыцком Пятрэнкам. Пятрэнка? Грыцко?!? Ці не з тым Грыцком, якія выправіў мяне некалі з эмісарскім заданнем да Арцёма-ХТЗ? Ён, канечне ж, ён...

Завод набыў другі профіль, таму майго цэха не было і ў паміне - памяшканне знеслі, а на яго месцы ўзвышаўся тэрмітны цэх. Таму праводзіць сабе экскурсію па новых карпусах чамусці не хацелася - то было не з таго часу, не адтуль...

Ён, яй-Богу ён!.. Грыцко! Побач з прахадной вісела перадвыбарчая вялікая лістоўка-плакат - друкарская, з вялікім фота. Як узмужнеў! Шырокатвары, але што гэта - з лысыінкай? І ён, і як быццам не ён. Губы яго, вочы... А што калі цяпер адразу накіравацца да яго ў кабінет, паціснуць руку, абняцца... Але ці дапусціць да сябе, ці знойдзе для мяне час? Чалавек жа ён дзяржаўны, сабе не належыць... А мо і рыхтуецца дзе, зачыніўшыся на ўсе замкі, і сакратарцы даў загад нікога не пускаць да яго...

Сустрэча мелася адбыцца вечарам - а дваццатай гадзіне.

Я ж рашыў зрабіць інакш. Паехаў у горад, заказаў сабе гасцініцу - спрацавала пасведчанне няштатнага карэспандэнта «Саціндустрыі». Інакш нельга было - да адміністратаркі не падступіцца, і гаварыць не хацела, але ахвотна гаварыла з прадстаўнікамі паўднёвых народаў...

А потым узяў білет на аўтобус і паехаў у родны пасёлак. Тудыф, куды цягнула мяне штодзённа маё сэрца.

З аўтобуса сышоў трошкі раней, перад пасёлкам. Найперш зайшоў на могілкі. Пасядзеў каля магілкі мамы, у агароджы, якую сам вырабіў некалі на заводзе. Памагаў мне Грыцко з хлопцамі.

Памерла яна праз паўгода пасля таго, як я ездзіў з залікоўкамі да Арцёма.

І помнічак невялічкі зрабілі. Так што ўсё, як у людзей.

Я сядзеў і маўчаў. З сабою ў мяне была пляшка «Каберне». Я памянуў маму, выпіў нагбом поўную шклянку. Адліў палову ў наступную і паставіў на магілку.

Аднекуль прыйшоў да мяне сабака - шэры, стары. Стаў побач і маўкліва глядзеў на мяне разумнымі вачыма. Чый ён і адкуль? Прыблуда?

«Вось і пабачыліся мы, мама, з табою. Пытаешся, што ў мяне новага? Анічога. Жыццё трошкі выраўнялася, а было ж... Ды ты і сама ведаеш усё, а калі і не ведаеш, то адчуваеш... Хто-хто, а маці адчуваюць сынаву радасць і гора, ды толькі шкада, што памагчы не могуць. Ад гэтага ў мацярок і павялічваецца боль у трая...

Я ведаю, што ты дакарала мяне, што здарылася ў нас так з першай жонкай. Бо і папарэджвала не раз: «Глядзі, сынок, каб прыгажосць не засланіла дабрыню яе - няшчасці ад гэтага здараюцца». Я ж не разумеў нічога, быў сапраўды аслеплены каханнем. Але што я мог парабіць тады?

Ты мне даруй, што рэдка наведваюся. Так я ўжо, мусіць, скроены, але пра цябе памятаю - кожны дзень памятаю. Удзячны табе за многае. За маўклівасць тваю. За тое, што не дакарала мяне ні ў чым, прасіла толькі: «Сынок, нікога не падманьвай у жыцці, і сам жыві сумленна». Я жыву па тваім прынцыпе, мама. Цяжка вельмі жыць па праўдзе, але я стараюся. І збочыць з абранай дарогі я ўжо не маю права. Не магу здрадзіць ні табе, ні сабе...»

Сабака дачакаўся мяне, вільнуў хвастом, як даўняму знаёмаму. Я ўспомніў, што ў мяне з сабою быў бутэрброт - жонка паклала ў дарогу, каб перакусіў у вагоне. Я дастаў яго, расзгарнуў паперу і паклаў перад сабакам. Хлеб з каўбасой ён праглынуў маментам, і зноў паглядаў на мяне. Калі ж пагладзіў яго, ён скрушна заскавытаў, лізнуўшы маю руку. Ён скардзіўся мне на сваё сабачае жыццё. У мяне ад гэтага зашчымела сэрца - чаму ён даверыўся мне?

Потым ён бег побач са мною, нюхаў адначасова зямлю і сляды, пазначаў сваю тэрыторыю...

А ногі паміма волі неслі мяне да ўскраіны, туды, дзе знаходзілася лясніцтва. Вось яны, тры елкі. Заімшэлыя, тоўстыя, пахкія. Няўжо і тады былі такія? А мо патаўсцелі за гады?

Сярэдняя з іх трошкі карацейшая, хаця і не вельмі. І колерам зверху іншая - ці то падсохла, ці іголкі свае абнаўляла...

Тры елкі, як тры жанчыны майго жыцця, з якімі знітаваў мяне лёс...

Тры елкі, тры елкі... Як у пушкінскай трагедыі - тры карты, тры карты...

Эму ў разлік я не браў - то дзіцячая цнатлівасць і закаханасць, як казка, якая светла ўспамінаецца час ад часу. Хаця ж нікуды і не падзенешся - сярэдняя елка без вільчыка стала з-за яе, Эмы. Якая нячыстая сіла панесла мяне туды ў марозную вышыню? Што даказаць хацеў і каму? Мог жа сарвацца, паслізнуцца на перамерзлых галінах і ляснуцца вобзем... І ніхто не ўведаў бы, чаго панесла мяне ў навагоднюю ноч на тую елку. Эма ніколі не здагадалася б пра тое, а я не казаў ёй пра сваю задумку.

Дзве другія елкі... То мая першая і другая жонка.

Завіхурыў уверсе вецер, захітаў вяршыні. Яны зашапталіся пра нешта між сабой, убачыўшы мяне, глядзелі на мяне. Пра што думалі елкі - радаваліся, што я спаткаўся з імі, ці пасміхаліся ўсё ж з мяне, за дурня лічылі. Мо яно і так, і я не крыўдаваў на іх, бо сам найперш лічыў сябе такім.

Я ўздыхнуў, гладзячы сабаку па галаве, паглядаў на елкі, і як быццам стараўся запомніць іх, захаваць у сваёй памяці. Хаця ў маёй памяці яны і так трываліся, ніколі не знікалі. Мне так яскрава ўспаміналася тая зорная і марозная ноч пад Новы год, што падавалася кожны раз, што тое здарылася са мною ўчора, ну, заўчора. І Эма заспаная і радасная. І яе здзіўленыя вочы.

Казалі, што яна тройчы выходзіла замуж, але ні з адным мужам не нажыла дзяцей. Быццам матылёк лётала па жыцці, і шукала толькі салодкага жыцця, розных уцех. Не бачыў, ніводнага разу не бачыў Эму, і мне чамусьці не хацелася парушаць вобраз той прыгожай школьніцы з залатымі кудзеркуамі і вялікімі, бы пераспелыя слівы-венгеркі, вачыма. Няхай яна такой і застанецца ў маёй памяці - па-дзіцячы непасрэднай, далёкай ад жорсткага жыцця, ад сваіх няўдач, памылак і расчараванняў... Жыві, Эма, як жывецца, Бог кожнаму вызначыў дарогу, і нікуды ад таго не падзецца, не абысці яе, не аб'ехаць...

На месцы нашага селішча пабудавалі камбінат бытавых паслуг, у якім вязалі кофты і свідэры, шылі сукенкі і паліто.

А возера падалося мне нейкім малым, не тым, што некалі купаўся і лавіў у ім рыбу. Ці то яно зарасло травой і заплыло ілам за гэты час, а мо і было такім заўсёды, толькі ў дзяцінстве мне здавалася, што пераплысці яго мне не ўдасца ніколі...

- Ты камандуй, кіруй, а я буду плысці, - чую яскрава голас свайго аднакласніка Колі Крываручэнкі, - сляпога, адважнага хлопца. - Галоўнае, каб я на карчы не заплыў, і жывот не распароў сабе...

- Добра, плыві! - загадваю я, гавару ўголас, як быццам сябар мой знаходзіўся побач.

Колька сляпы стаў не ад нараджэння. З сябрамі падаўся ўвесну ў гушчарняк. Клікаў і мяне, ды маці даручыла мне нейкую неадкладную работу па гаспадарцы. Хлопцы знайшлі міну і паклалі яе ў касцёр. Доўга не ўзрывалася. Колька нецярпліва выглядваў са схованкі, хацеў ужо ўстаць і ісці туды, да кастра, каб падварушыць агонь. Сябры не пусцілі. Ён адмахнуўся ад іх і пайшоў да агню. Як толькі зрабіў трэці крок, бухнула раптоўна, і нават на адлегласці пашкодзіла хлопцу вочы...

Ён плаваў хутка і нястомна. Ён мог пакарыць любую адлегласць і дыстанцыю, абагнаўшы ўсіх. Колькі разоў клікаў мяне з хаты, прасіў: «Пайшлі, Вовік, на возера! Паможаш мне паплаваць... Пакіруеш мною». Я ніколі не адмаўляўся, і ішоў з ім на возера.

- Плыві, Колька, я тут! - крычу я гучна свайму дзяцінству. - Бяры лявей, наперадзе кусты. А цяпер назад паварочвай, назад! Прама кіруй!

Ён строга выконваў каманды, я толькі паспяваў іх падаваць. Мне здаецца, каб ён быў відушчы, то на першых жа спаборніцтвах стаў ьы чэмпіёнам.

За возерам мост. Але ўжо не той, па якім хадзіў, а новы, жалезабетонны. Значна даўжэйшы, чым той, ранейшы, драўляны. На ўзгорку - млын. Тойт самы. Але даўно не працуе вятрак. У ім мы некалі наладжвалі добрыя хованкі. І гулялі ў вайну. Школа засталася на ранейшым месцы, але і адбудавалі новую, а там зрабілі майстэрню.

У мяне ў грудзях пасяліўся шчымлівы халадок, і ён доўга не адпускаў мяне. І я радаваўся гэтаму, бо не памыліўся, што дзяцінства мяне сустрэне як свайго, як роднага. Ува мне жыла кожная часцінка маёй істоты, тым часам я чуў гукі і адчуваў пахі, чуў, як жыве зямля, як шумяць дрэвы пад ветрам. Яны шумелі адмыслова і толькі так, як могуць шумець у гэтых мясцінах.

Ішоў па пасёлку, і не сустрэў ніводнага знаёмага чалавека. Не напаткаў і ў скверыку, дзе збіраліся звычайна местачкоўцы пакурыць, абмяняцца думкамі, паразважаць пра жыццё і падзяліцца прагнозамі надвор'я на заўтрашні дзень...

У сталоўцы я папрасіў моцнай гарбаты. Яе заўсёды рыхтавалі з мясцовых зёлак. Абрадваўся - традыцыя тая жыла, не згасла. І якой жа для мяне была асалода, калі я зрабіў першы глыток! Міжволі прымружыліся павекі - і я ўжо бег па лугавіне, па пахкім рознатраўі, і чуў, як сакаталі конікі і гулі бухматыя чмялі... Напэўна, гэта і была тая хвілінка і мясціна, якая найбольш чакала мяне, і дачакалася, і нам цяпер стала хораша і ўтульна, - мне і дзяцінству. Божа, дзякуй Табе за гэтыя імгненні, за такое пачуццё радасці і шчасця! Як соладка-пякуча шчыміць мая душа! Ойча наш, які ў нябёсах, няхай свяціцца імя Тваё...

Адчыніліся дзверы, і ў залу, мацаючы паперадзе сябе кійком, зайшоў хударлявы чалавек. У чорных акулярах.

- Маня, Колька прыйшоў! - гукнула дзяўчына з раздачы - крыкнула некуды за перагародку.

- Добра, чую.

Колька рукой дакрануўся да паваконніка, прайшоў колькі крокаў і апусціўся ў крэсла. Сеў і чакаў. Маўчаў, гледзячы некуды ў адну і тую ж кропку. Праз колькі хвілінаў жанчына прынесла яму шніцель і гарбату.

- Еш, Колька...

Ён кіўнуў галавой, падзякаваў, і не адрываўся слыхам ад вуліцы - слухаў яе гукі, а ўражанне было, што некага выглядваў, чакаў, калі пакажацца неабходны яму чалавек. У мяне нарадзілася вялікае жаданне падысці да яго, сесці побач, загаварыць да яго. Я адчуваў нейкую вінаватасць перад ім - што не ўбярог тады ад бяды. Не настояў пайсці разам са мною зусім іншы бок, далей ад бяды. Ды і не едаў ніхто, чым усё тое можа скончыцца...

Колька ўзяў шклянку гарбаты - не памыліўся, нават не гледзячы, дзе яна стаяла, абхапіў рукамі і лавіў цяпло, быццам на вуліцы стаяў траскучы мароз.

Потым нехаця пачаў есці. Жаваў безуважна, як адбываў радоўку. Раз-пораз запіваў гарбатай, а потым, як што ўспомніўшы, зноў калупаў відэльцам шніцэль.

Колька, Колька... Чалавек з майго дзяцінства, аднаго цябе я і напаткаў на сваім шляху. Я быў тваім камандзірам па плаванні. Я быў тваім вядучым. Як вядучыя кіравалі лётчыкамі з зямлі, падавалі каманды, адкуль імчыць варожы самалёт... Любы з нас мог сядзець на беразе і крычаць: «Колька, забірай улева, плыві ўправа!..» Не памятаю, каб ён прасіў каго яшчэ, акрамя мяне, пакіраваць сваім заплывам. Больш не давяраў нікому? А мне верыў, як самому сабе?

Ён зноў павярнуўся да акна, слухаў, што рабілася на вуліцы.

Не вытрымаў, не ўседзеў, устаў і падышоў да яго століка.

- Ці можна сесці побач? - спытаў ціха.

- А што - хіба ўжо і цесна ў нашай сталоўцы? - заўсміхаўся ён, і бліснуў па-маладому белымі зубамі.

- Таму і пытаюся, што прасторна - месца хоць адбаўляй.

- Не шкода. Сядай. Скуль будзеш? Прыезджы, бачу.

- Ды як сказаць, Колька. Як яшчэ паглядзець на тое.

Субяседнік насцярожыўся, унутрана напруціўся, углядаючыся слыхам у мяне. Я паклаў сваю руку на яго, сціснуў, што было сілы.

- Валодзька? - адразу пазнаў ён мяне, прыўзняў галаву, як стараўся разледзець мяне. - Адкуль ты тут? Да каго прыехаў?

- Да маці. Да нашага дзяцінства. Да самога сябе. І да цябе таксама...

Мікола памкнуўся да мяне, і я абняў яго, прытуліў да сябе. Адчуў, як затрымцела, закалацілася ад узбуджанасці яго сэрца.

- Колечка, дарагі мой!.. Сябручок ты мой харошы!..

Мы не маглі расшчапіць рукі, так і сядзелі ў такой паставе.

- Мне хацелася цябе ўбачыць. Твой голас не раз сніўся. Часта снілася, як ты мне каманды падаваў. Ты і цяпер мне падаеш каманды. І не толькі ў плаванні. А і ў жыцці. Піць я пачаў, Валодзька, вельмі. Жыць не хацелася, Воўчык! А потым ты прысніўся. Твой голас. І ты сказаў мне мне строгім голасам: «Спыніся, Колька! Навошта ж так сябе даводзіш? Вазьмі сябе ў рукі, вельмі прашу!» Я паслухаўся цябе, Уладзімер! Не п'ю больш, хай жанчыны скажуць. Усё! Назаўсёды завязаў.

У яго дрыжэў голас. Сябар плакаў, прыклаўшы галаву да маёй. Пра многае гаварылі яго рукі і голас. У мяне ж заходзілася сэрца ад жалю і болю - вось-вось разарвецца...

- Я ўдзячны табе, Колька, што памятаеш мяне, - выпраміўшыся, прамовіў я, паклаўшы ўжо рукі на стол, сашчаміўшы яго. - Як я рады сустрэчы!

- І табе дзякую, што пазнаў мяне, што сеў побач. А я тут харчуюся. А піць я пачаў, Валодзя, пасля таго, як... Я і не сказаў табе - ажаніўся я. Двое дзяцей было. Ехалі аднойчы ў вагоне, а ён адарваўся ад састава... Перакуліўся на схіле. Усе людзі, што знаходзіліся ў вагоне... Вось пасля таго і пачаў піць. А так я нічога жыў. Перад гэтым у клубе са сцэны песні спяваў. Свае. Людзі прасілі. І Верка мая з дочкамі вельмі прасіла. Для іх і спяваў. Не спяваю цяпер... Сэрца на замку. Ты як? Чуў, што не атрымалася жытка з першай жонкай.

- Не атрымалася, Колька. Цяпер двое сыноў - з другой жыву.

- Ото добра. Сыны - то здорава. Дабра ім і шчасця.

- Дзякую.

Мы сядзелі з ім яшчэ якую гадзінку. Атрымлівалі асалоду ад сустрэчы. Мікола стараўся ўжо быць вясёлым, каб не прачнуліся ў мяне ноткі жалю і шкадавання да яго, - шмат расказваў смешнага, весяліў мяне. А боль вострай пякучай стрэмкай сядзеў у маім сэрцы з першай хвіліны, як убачыў яго і пазнаў.

- Мне пара, Колька. Аўтобус хутка адправіцца ў горад.

- Добра, едзь. Я тут пабуду яшчэ трошкі. А табе ўсяго найлепшага. Яшчэ раз дзякую. Як гэта добра, што мы пабачыліся з табою. І я разам з табою пабываў там, у нашых гадах, у нашых гульнях... Ажыў я, Валодзя. Жыць хачу яшчэ больш. Ты прывёз мне тую сілу. І буду жыць, буду, я стану на ногі, абяцаю...

- Станеш. Веру ў тое. Жыць трэба, Колька, трэба.

Я абняў яго на развітанне, прытуліўся да няголенай шчакі. Пайшоў да афіцыянткі, выняў з кішэні сторублёўку і падаў ёй:

- Вазьміце. Я яго з дзяцінства ведаю. Карміце яго, - шапнуў я апошнія словы-просьбу, каб не чуў Колька. - І дзякую за яго.

- Навошта вы? - сумелася дзяўчына. - Мы і так яго харчуем тут.

- Тады купіце што яму...

Афіцыянтка, як бы зразумеўшы мяне, нехаця ўзяла новенькую паперку, моўчкі кіўнула галавой:

- Добра, не пакрыўдзім мы і так нашага Кольку...

Каля ганка сталовай, прама ў крапіве, спаў п'яны чалавек. На яго ніхто не звяртаў увагі.

Сабака чакаў мяне - завіляў радасна хвастом, калі выйшаў на вуліцу. Паклаў перад ім катлету і каўбасу, пакарміў тут жа, ля парога. А каб не адабралі другія сабакі, стаяў побач.

Ён, адзіны, і праводзіў мяне да аўтобуса.

Пасёлак забыў мяне, і адпрэчыў ад сябе. Старэйшыя, каго ведаў, паўміралі, аднагодкі і маладзейшыя параз'яджаліся.

Адзін Колька і спатоліў душу. Хаця боль і яшчэ трызнеў у сэрцы, не аціхаў.

А вось і хата Эмы - толькі перакрыта новым шыферам. Хто ў ёй цяпер жыве? маці даўно няма, памерла. На год перажыла маю маму.

- Ну, што, Джым, пайшлі? - паклікаў я сабаку, даўшы сваю клічку. - Пара мне, Джым...

Ён правёў мяне да дзвярэй аўтобуса.

Як крануліся, нават бег нейкі час следам - аж за пасёлак..

Я глядзеў на яго праз заднюю шыбіну, і падумаў пра тое, што Джым паверыў мне, - бо прылашчыў яго. Тым самым падаў нейкую надзею. І - знік.

Няўжо Джым не верыў у чалавечую здраду? У маю - здраду?..

 

Народу ў клубе набілася шмат. Але то быў не той, што пры нас, Палац. З калонамі, трохпавярховы - было дзе развярнуцца розным гурткам ды секцыям. Калі яны і існавалі яшчэ.

Бо ў жыцці яно як - калі хочаш чым займацца, то няма ўмоў альбо няма дзе, калі ж ёсць дзе, то няма жадаючых...

Зала вялізная, мо і тысячу змесціць. Я прымасціўся ў трэцім радзе, скраёчку.

Калі прайшло ад намечанага часу пачатку імпэзы чвэрць гадзіны, калі людзі занялі ўсе месцы, нават паселі на прыстаўленыя крэслы, праз дзверы, ад мяне, да сцэны накіравалася некалькі чалавек. Яго, Грыцко, я пазнаў адразу. У белай кашулі, пры гальштуку. Шэры касцюм, пастава ўпэўненага ў сабе чалавека. І крочыў ён неяк адмыслова - цвёрда, быццам упячатваў ў падлогу падэшвы бліскучых чаравікаў.

У целе лёгкасць, спружыністасць. З усмешкай паглядзеў на залу, павітаўся з усімі. Грыцко паглядзеў на мяне, здалося, што ён вітаецца са мною асабіста.

Старшыня парткама адкрыў сход. Расказваў пра кандыдата ў народныя дэпутаты, расхвальваў яго, апавядаў пра нялёгкі жыццёвы шлях. Успамінаў той час, як ён быў рабочым, як начальнікам цэха вывеў калектыў у перадавыя. Гэта, значыць, і мяне. Што праўда, то праўда. Грымела нашая тады слава. РМЦ ведалі на заводзе ўсе. Кожны з нас даваў амаль па паўтары нормы. Мы маглі даваць і тры, праўда, з вялікімі намаганнямі, але Грыцко гаварыў нам так: «Хлопцы, пупы не рваць, яны для жонак спатрэбяцца. Працаваць так, як дыктуе сумленне. Гэта значыць: даць план, і да яго яшчэ трошкі. Але - каб ніводнай бракованай дэталі. Бракароб сам, без заявы, павінен пакінуць брыгаду. Усім ясна?»

Мы ж хорам адказвалі: «І казе панятна...»

Зарплата ў нас была ніштаватая, і бачылі ўсе, што мы працавалі на злом галавы.

Потым выступаў дырэктар. Расказваў, колькі атрымалі рабочыя кватэр, колькі будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў наступным годзе аб'ектаў бытавога прызначэння. Сапраўды, размах завода ў сацыяльна-бытавым плане быў унушальны.

Дырэктар чакаў пытанняў - стаяў за трыбунай, глядзеў у залу. Ён цяпер быў як быццам пад расстрэлам людскіх вачэй і эмоцый. Пытанні былі. І нямала. І едкіх, і колкіх, і добразычлівых. Дырэктар спраўляўся адказваць на ўсе - не першы раз, мусіць, трымаў адказ перад людзьмі.

Яго ўпэўненасць і манеры весці дыялог мне спадабаліся. О, ён ведаў сабе цану!

- Ёсць яшчэ пытанні? - прыўзняўся парткомавец, адчуваючы, што сустрэча адбылася, і прайшла, як мае быць.

- Ёсць, - пацягнуў нехта мяне за язык - ці не сам д'ябал. - Грыцко Панасавіч, ёсць у мяне пытаннечка, невялічкае такое. Адкажыце, калі ласка, перавагу якой адукацыі вы аддаяце - завочнай ці стацыянарнай?

Дырэктар пільна паглядзеў на мяне, паціснуў плячыма:

- Я лічу так: што падыходзіць чалавеку, тым няхай і прабівае сабе дарогу ў жыцці і навуку. Школьнік, скончыўшы дзесяцігодку, пойдзе на стацыянар. А той, хто колькі гадоў адпрацаваў за станком, выдатна працаваў, але яму не хапае тэарэтычных ведаў, безумоўна, захоча на звочнае. Бо і сям'ёю абзавёўся, і клопатамі...

- А для завода? Я маю на ўвазе аддачу - якая будзе большай: ад завочнікаў ці вочнікаў?

Дырэктар нахмурыў лоб, нейкі час думаў над маім пытаннем, а потым прызнаўся:

- На жаль, мы не вывучылі гэтае пытанне. І я дзякую, што вы ў мяне пра гэта папыталіся. Вывучым і абавязкова даложым вам у бліжэйшы час. Вашае прозвішча, і ў якім вы цэху працуеце?

- Участак па рамонце грузапад'ёмных механізмаў.

- Няма ў нас такога цэха, дарагі таварыш. У нас даўно рамонт цэнтралізаваны...

Ззаду, чуў, зашапталіся, загаварылі, што нейкі незнаёмы прыплёўся, і ці не з народнага фронту фрукцік, сцвярджалі, што мяне падаслалі спецыяльна, каб узбаламуціць народ. А дырэктара ў крыўду даваць нельга - для рабочых ён нічога не шкадуе. Мне, прызнацца, прыемныя былі іх словы. Значыць, не дарэмна есць Грыцко дырэктарскі хлеб.

Да мяне з сярэдніх дзвярэй, заўважыў, накіроўваліся два маладых і дужых хлопцаў. Ведаў, чаго ішлі, але не глядзеў у іх бок.

«Хутка яму пакажуць, дзе ракі зімуюць, - зноў пачулася ззаду. - Скруцяць рукі ды завязуць у выцвярэзнік... Хай на чыстых прасцінах паспіць, будзе ведаць, як падбухторваць народ... П'яны, мусіць...»

- Няма, дык быў. А прозвішча маё - Бандарэнка. Уладзімір Бандарэнка.

Дырэктар крутануў шыяй, як замінаў яму ўсё роўна гальштук. Прымружыў вейкі, пільна ўгледзеўся ў мяне:

- Ьы, Валодзька?

- Я, Грыцко, я.

Людзі глядзелі то на мяне, то на яго, нічога не разумелі. Спыніліся на паўдарозе і двое, не ведалі, што рабіць далей - адчулі, што нешта перамянілася, а зарыентавацца ў такой сітуацыі не маглі. Нехта цыкнуў на іх, і яны павярнулі назад.

Дырэктар сышоў з трыбуны і са сцэны, пачаў спускаца па прыступках уніз. Я пайшоў насустрач. Паміж сцэнай і першым радам мы сустрэліся і абняліся. Глядзелі адзін аднаму ў вочы, радаваліся нечаканцы.

- Таварышы! Сябры мае! З Уладзімірам Васільевічам я працаваў некалі ў адным цэху, у адной брыгадзе. Потым нашы шляхі разышліся. Не бачыліся дваццаць чатыры гады. І вось нечаканая сустрэча.

Здаецца, наша спатканне аздобілі апладысменты, пляскалі людзі ў далоні, усміхаліся, радуючыся за нас.

Толькі праз тры гадзіны завяршылася сустрэча выбаршчыкаў з дырэктарам. А я хоць на нейкі час адчуў сябе часцінкай гэтага вялікага, некалі майго, калектыву.

 

А вечарам мы з ім сядзелі ў мяне ў гасцінічным нумары - не захацеў я ехаць да Грыцко дадому, як ні ўгаворваў мяне. Мне ж не хацелася ламаць таго ўяўлення, на якое настроіўся - сям'я збіла б усё, і ад сустрэчы атрымалася б нешта іншае, не тое, што жадалася. Паабяцаў наступным разам заехаць - як госць, як сябар, як зямляк... А цяпер - толькі тэт-а-тэт, як і некалі. Каб мы былі адны, і ўспаміны толькі нашыя, і нічые болей.

Грыцко ўзмахнуў сваёй чароўнай палачкай - і я апынуўся ў люксавым нумары, дзе стаяла на стале дзве пляшкі армянскага каньяку, бутэрброды з ікрой, нарэзаная тоненькімі скрылікамі пастрама...

І мы акунуліся-нырнулі ва ўспаміны.

Мы купаліся ў іх, як у цёплым паўднёвым моры сярод лета. Успаміналі нашых хлопцаў. І Арцёма Сямёнавіча. Не стала яго зусім нядаўна - інфаркт. Добрым словам успаміналі заўсёды яго хлопцы. І мяне заадно.

- Дзяцей колькі маеш, Грыцко?

- Трое. Дзве дачкі і сын. А ў цябе?

- Два сыны. Лёшка і Андрэй.

- Быў я на вашым гомельскім заводзе год назад. Шкада, што не ведаў пра тваё існаванне.

- Шкада, канечне.

Дзынкнулі чаркамі. Размова працягвалася, уваходзіла ў сваю галоўную, як кажуць, фазу. Мы і не заўважылі, калі па рыдё ўдарылі куранты і загучэла мелодыя гімна. Ноч як адна хвіліна праляцела. Як адно імгненне...

Грыцко спахапіўся, зірнуў для перакананасці на свой гадзіннік, на мяне зіркануў:

- Прымаем рашэнне. Ты ляжы, адпачывай. Пад вечар я прыязджаю да цябе. Мы шмат не дагаварылі чаго... Можам і да мяне пад'ехаць. Лады?

- Не ведаю, Грыцко.

- Раскажаш пра свае журналісцкія поспехі. Чытаю ў газеце, сустракаю тваё прозвішча, а ўцяміць не магу, што гэта ты, мой стары сябрук.

- То ж з тваёй лёгкай падачы, дарэчы. Прачытаў тады ў «Камсамолцы», што ты пісаў пра брыгаду - і самому закарцела. Не адразу, а значна пазней.

- А я пасля больш і не пісаў. За мяне пісалі газетчыкі, бралі інтэрвью, а потым пісалі. Я толькі падпісваўся пад ім, пацвярджаў, што ўсё правільна напісана.

Ён пазваніў і папрасіў вадзіцеля пад'ехаць да гасцініцы.

- Значыць, да вечара? - паціснуў мне руку.

- Не ведаю...

- Да вечара, Уладзімір Васільевіч. У шаснаццаць пад'еду.

Я прадрамаў з гадзіны дзве. А потым пазваніў у даведку чыгуначнага вакзала.

Праз тры гадзіны я ўжо сядзе ў купейным вагоне і, спустошаны трыма неспакойнымі днямі, безуважна глядзеў у акно. У купэ болей нікога не было, і я радаваўся гэтаму.

«Да-дому, да-дому, - выстуквалі колы пад вагонам. А потым чулася чамусьці: «Грыц-ко, Грыц-ко...»

Ён жа думаў, што я жыву з Аксанай.

А прызнавацца ва ўсім астанім не хацелася. Таму і збег ад яго, збег ад тых успамінаў, без якіх мы ніяк не абышліся б. У мае планы тое не ўваходзіла, як, дарэчы, і сустрэча з ім, Грыцком. Але тое здарылася міжволі, нечакана і для мяне самога. Сарваўся. Ён жа не з майго дзяцінства, ён з дугой краіны, да якой я яшчэ не імкнуўся, - і яна, дарэчы, не клікала да сябе.

Мо і ніколі не пакліча...

 

Аксана

З цябе і пачынаецца маё другое жыццё, калі развітаўся з юнацтвам.

Бачыш, нечакана во і да цябе звярнуўся, хаця ж думаў, што выкінуў са сваёй памяці назаўсёды. Але ты мне даруй ужо, выбачай, што парушаю нашую дамоўленасць і зноў гавару з табой. Цяпер ужо дакладна абяцаю - апошні, апошні раз. У нас як быццам спатканне, і яно ўжо неіснуючае. Чаму - «быццам»? Ды дакладна ўжо, дакладней быць не можа. Я ўжо вырас са сваіх цнатліва-даверлівых штонікаў, у якіх так доўга хадзіў, замінаючы не толькі сабе, а і табе, а мо і ўсяму свету...

Ты пацярпі мяне ўжо такога, пацярпі ўжо апошні раз. У мяне ўжо хопіць сілаў не назаляць табе, не вярэдзіць і свае, і твае раны, калі яны ў цябе былі...

Мы з табой пражываем ужо экраннае жыццё. Як у кіно. Калі ты глядзіш кіналенту, перажываеш за героя, хочаш крыкнуць яму: «Не рабі таго, бо загінеш!..» І ты крычыш, крычыш уголас, ці думкава, а герой цябе не чуе. Ён у другім вымярэнні, і яго жыццё запраграмавана аўтарам і рэжысёрам. І ніхто ўжо не можа памяняць яго, перайначыць. І таму я крычу таксама табе, як таму экрану: «Не кажы ні слова!» Перад тым, як адправіць на той свет чалавека, тыя, хто расстрэльвае, пытаецца ў яго пра апошняе жаданне. «Закурыць бы, - уздыхае няшчасны, і больш нічога не просіць. - Адну зацяжачку...» І ў мяне, перад тым, як набыць другое жыццё, маю апошняе жаданне. Таму і шапчу табе маўкліва: «Не гавары нічога, ні слова, ні паўслова... Бо парушыш тое апошняе, што яшчэ жыло паміж намі... А мо і не жыло, а мы проста яго прыдумалі...»

Ты перамагла. А таму маеш перавагу перада мною. Ты маеш права, ты заслужыла яго - маўчаць. І я не папракну цябе ні ў чым, не буду дакараць. Ты можаш глядзець мне ў вочы, можаш адвярнуцца, а можаш і зусім прымружыць вочы і рабіць выгляд, што зусім не чуеш мяне. Што хочаш рабі, і праўда будзе на тваім баку. І я бяру на сябе ўсю віну. То я, толькі я вінаваты ва ўсім, толькі на мне вялікі грэх, што так адбылося паміж намі. Хаця і запознена, але я прызнаю гэта, прызнаю. Але ж не, я вінаваціўся перад табою і тады, калі паміж намі пачала з'яўляцца маленькая трэшчынка...

Маўчы, маўчы, уздыхай, затойвай дыханне, але толькі маўчы... Гэта мая апошняя споведзь. Ніколі больш такога не будзе. Хаця ж ведаю, што табе ад гэтага - ні холадна, ні спякотна. У тваёй душы накапілася столькі знявагі і крыўды да маёй персоны, што я і за тысячы жыццяў не змагу растапіць твой лёд недаверу і злосці...

Аксана, Аксана...

Незямной мелолыяй загучэла тваё імя, калі ўпершыню яно прагучэла з тваіх вуснаў. Памятаеш, калі тое адбылося? Памятаеш? Так, так, на заводзе...

Пасля дэмабілізацыі я паступіў вучыцца ў той інстытут, дзе выкладчыкам быў Арцём Сямёнавіч. Я не пайшоў да яго з просьбай, каб памог з паступленнем. Ён нават і не ведаў, што я паступаю туды. Пад час экзаменаў жыў у студэнцкім інтэрнаце - для іншагароднікаў зрабілі такую паслугу. Хадзіў на кансультацыі і кожны дзень баяўся чамусьці спаткацца з ХТЗ.

Убачыў ён мяне толькі тады, калі я здаваў апошнія іспыты. Здаваў матэматыку. Не сказаць, каб і ведаў добра я гэты прадмет, але быў чамусьці ўпэўнены, што іспыт я вытрымаю. І на маё шчасце папаўся лёгкі білет, і задачку я рашыў хутка, без памылак.

У той момант, як я заканчваў адказваць на апошняе пытанне білета, рашыўшы перад гэтым дадатковыя задачы, у аўдыторыю завітаў Арцём Сямёнавіч.

Адразу ў вочы кінулася тое, што ён значна пастарэў, асунуўся, пад вачмі вялікія мяшкі. Паходка павольная, замаруджаная. Падалося, што ён яшчэ больш пашырэў, але стаў ніжэйшы ростам.

Ён сеў побач з выкладчыкам, нешта шапнуў яму на вуха, і той згодна кіўнуў галавой. Толькі калі падышоў да дзвярэй і ўзяўся за дзверную ручку, азірнуўся, - як адчуў, што за ім нехта сочыць. І тады ж угледзеў мяне. Здзівіўся, абрадваўся, падышоў да мяне.

- Ты, Валодзя?

- Я.

- Паступаеш?

- Апошні экзамен здаю.

- Як поспехі?

- Без троек паздаваў.

- Гэта вельмі добра. Віншую.

Потым мы гулялі з ім па горадзе. І ён не вытрымаў, папытаўся, гледзячы прама мне ў вочы:

- Чаму ж да мяне не звярнуўся за дапамогай? Не тлуміў бы так галаву.

- Ды не хацелася назаляць. Рашыў сам паспрабваць свае сілы. Лічу з нейкай пара, што на самога сябе спадзявацца трэба.

Гэта ўжо як намёк на маіх аболтусаў, якія камандзіравалі мяне некалі да яго. Ці мог я забыць тую абразу для сябе - здаецца, што ўсё жыццё буду памятаць.

- Ну, табе відней, - хмыкнуў ён і закусіў верхнюю губу.

Так і не ведаю, пакрыўдзіўся ён на мяне, ці не за мой адказ, а мо і сапраўды зразумеў мой стан і падтрымаў мяне. Але сяброўства мы не парывалі - я часта бываў у яго дома, мяне ветліва і прыхільна прымала гаспадыня. Заўсёды частавала смачным украінскім баршчом. Больш таго - жыць прапаноўвала ў іх, - усё роўна пакой адзін пуставаў. Але я не пагадзіўся. Мне жадалася студэнцкай волі, а так, жывучы пры іх, я не адчуваў бы яе, ды і ім замінаў.

Але што пра тое казаць: шчаслівым чалавекам я стаў, студэнтам стаў. А тое для мяне азначала вельмі шмат.

Не ведаў, што праз нейкі час маё шчасце падвоіцца.

Калі ўпершыню я ўбачыў цябе? Так, так, менавіта тады...

Спакойны, сонечны дзень промні сонца пранізваюць першую пазалоту лсця, прасвечваюць наскрозь, - і ад іх сыходзіць жаўтавата-таянічая вясёлка. На душы ў мяне харошы настрой - у душы бесклапотнасць, задаволенасць. Бо я ведаю, што ў мяне будзе за жыццё ў бліжэйшыя пяць гадоў. Вучоба. І таму рана яшчэ думаць пра будучыню, забіваць непатрэбнымі думкамі галаву. Вось скончу, тады няхай і лезуць тыя клопатныя думкі, тады прыдзе акурат іх час.

Я падымаюся па тратуары на галоўную вуліцу, крочу павольна, думаючы пра нешта сваё. І вось у той момант наперадзе, на ўзгорку, наспураць светла-блакітнай царквы з высокімі залацістымі купаламі, ляціць дзяўчо. Так, так, менавіта ляціць, бо ад асяфальту адсвечваліся промні, і таму не было бачна, як яе ногі краналіся зямлі. Яна, дзяўчына, ў кароткай спаднічцы, з даўгімі косамі, якія матляліся ад яе руху, сама ж глядзела некуды наперад - уверх, на вяршыні клёнаў...

Асляпіла мяне не сонца, а той нечаканы прывід. Усё запаволіла свой бег і рух. Акурат так запавольвае хуткаплынны ход кінастужка, і ў кіно той намысны прыём назваецца «рапід» - эфект запаволенасці, засяроджвання на нечым важным, каб мы маглі, напрыклад, убачыць, як вылятае куля з рулі нагана...

Для мяне ў той жа момант усё перастала існаваць вакол - толькі яна, тая дзяўчына, дзяўчына-птушка, дзяўчына-прывід і казка. Белая блузачка з чырвонамі гарохамі па ёй адсвечвала сонца, вакол яе ўтварыўся німб і доўга не прападаў. Я стаіў дыханне, спыніўся, каб лепей прыгледзецца да такога цуду, але яна павярнула на мой бок вуліцы, на тратуар, па якім крочыў я... Я нават як след не паспеў разледзець яе - прабегла-праляцела матыльком паўз мяне, зірканула шчаслівымі вачім ў мой бок, крутанула галавой... Паправілі косы, што прыкрывалі твар, падаваравала мне ўсмешку, нават не бачачы мяне...

Мяне абдаў слабы ветрык з водарам яе невядомых мне духоў. А мо і зусім яна не ведала іх, то яе істота, яе цела, яе неўтаймаваная энергія біла праз край, вылучаючы пах шчасця? Як укапаны стаяў я, шырака раскрыўшы вочы...

Я не адрываў зачараванага і здзіўленага позірку ад цябе. Не здагадаўся спыніць, не асмеліўся падысці да цябе, спытаць пра што-небудзь, абы пра што, - зачапіцца за размову, а потым набіцца і на знаёмства... Потым караў сябе няшчадна за вараняцтва сваё, ночы не спаў, хацеў тую стужку-прывід пракруціць назад у сваёй памяці... Шмат даў бы, каб жыццё тую стужку вярнула напачатку - з таго моманту, як ты ляцела над зямлёю. О, як бы я ўсё павярнуў па-іншаму, нагаварыў бы табе столькі слоў і прызнанняў!.. Ночы не спаў, а калі спаў, то толькі ты прыходзіла да мяне ў снах, здзекліва пасміхалася: «Ты заўсёды такі нясмелы і нягеглы?»

Калі ж ачомаўся, калі зрабіў крок у твой бок, каб дагнаць, каб злавіць за крыло жар-птушку, ты растварылася ў натоўпе, злілася з людзьмі і стала адной шэрай масай. А мне падалося, што то быў нейкі дзівосны сон, праява, хаця ж яскрава ў памяці стаялі твае гарэзлівыя вочы, узнятая, з сумачкай бежавага колеру, рука, цокат тоненькіх і высокіх абцасаў белых туфляў...

Я звар'яцеў, стаў прыдуркам, сам сабе ўсміхаўся, радаваўся нечаму, а чаму, і сам толкам не ведаў. Мяне цягнула ў той бок, куды яна падалася, - невядомая сіла штурхала мяне наперад, хаця адчуваў ўзваленыя на плечы недкладныя клопаты, а ногі як прыраслі да зямлі... Але ж другая, яшчэ большая сіла, цягнула мяне ў адваротны бок. Ну, хоць разарвіся надзве палавінкі...

Тыдні і месяцы я жыў тым успамінам. Блукаў штодня па той вуліцы, дзе сустрэў цябе, спадзяваўся, што зноў убачу, як і тады, - але дзівосна-чароўнага паўтарэння таго шчасця не адбылося.

Убачыў цябе нечакана трошкі пазней, і быў дужа здзіўлены прастаце адкрыцця тайны твайго з'яўлення.

Я пайшоў на завод да знаёмых хлопцаў і, калі гаварыў з Пятром Шукайлам, пачынаючым рабочым паэтам, праз яго плячо ўбачыў на карах дзяўчыну ў блакітнай касынцы. Чамусьці ёкнула сэрца, а ў скроні малаточкамі застукала кроў: «Яна? Няўжо - яна?..»

Ты была трошкі непадобнай на тую, першы раз убачаную. Там ты бачылася дзівоснай птушкай з вялікі і лёгкімі крыламі, а тут падалася простай і зямной. Ды яшчэ амаль нічым і не выдзялялася сярод усіх заводскіх дзяўчат. Але я ўжо ўзнёсся над зямлёю - як і ты тады, як ўбачыў упершыню цябе. Затрымцела сэрца, я аглух і нічога ўжо не бачыў вакол, акрамя цябе. Але зноў жа - ад нечаканкі - я не знайшоў смеласці падысці да цябе.

Нешта казаў мне Пятро пра апошнія рыфмаваныя радкі, але я не чуў яго, думаў пра іншае. Скрозь сілу толькі пацікавіўся ў яго, як зваць тую дзяўчыну, што стаяла на карах. Ён абыякава глянуў у той бок, прамовіў:

- На карах? Ды то Аксана... Амаль год як у нас працуе.

- Петрык, а як пазнаёміцца з ёю?

- Як? Бяры пляшку, ды пойдзем черама да яе ў інтэрнат. Яна з сяброўкай жыве - Тоняй.

- У інтэрнат? З пляшкай?

Ён гаварыў пра такія празаічныя рэчы, што мяне брала і здзіўленне, і зло: да цябе - з пляшкай?! Ты ж падалася мне незямной істотай, дзвоснай казкай, німфай, прыгажуняй, створанай Богам, а тут так празаічна, так шэра... Пятрусь паэт, узнёслая натура, чаму ж не пра кветкі напомніў, а пра віно... Не ўкладвалася ў галаве, і здзіўляла.

- А што? Прыйдзем да іх і скажам: «А вось і мы, прымайце гасцей...» Ну, калі грошай няма, то пляшка за мной.

- Ды не, я не пра тое... Добра, згодзен. Сёння?

- А чаму б і не. Пятніца, а заўтра аб'яўлены выхадны. Я дамоўлюся з ёю, каб не сышла куды ці не з'ехала, - не перажывай, будзе ўсё ў поўным ажуры. Каля шасці прыходзь у інтэрнат, што ля тэатра «Эдзіта». Буду чакаць...

Час бег, не, не бег, а поўз, марудна. Я раз-пораз зіркаў на стрэлкі гадзінніка, а яны паўзлі, як муха па смале. Пакуты, адным словам... Але я радаваўся гэтым пакутам, прымаў, як адпаведнае, як шчасце, якое раптоўна звалілася на маю галаву.

А што адбывалася далей, памятаю, як у сне. Паміма маёй волі, па нечыім іншым сцэнарыі, падзі набывалі свае аброты і разгон. Пятро сустрэў мяне, як і абяцаў, і мы разам прыйшлі ў пакой да дзяўчат. Падалі па чарзе рукі. Я назваўся, і, здаецца, моцна пачырванеў пры гэтым, баючыся зірнуць Аксане ў вочы. Яна ж рагатала, бачачы маю разгубленасць, і што я гавару неўпапад.

Мы пілі гарэлку, і ўсе смяяліся, невядома чаго і з-за чаго. Я найбольш слухаў, і не-не ды і зіркану на цябе, хачу злавіць твой пагляд, а ты як і не разумела, чаго мы завіталі да вас, што за такая важная прычына нарадзілася прыйсці да вас у госці. Я ўсё больш і больш тапіўся ў тваіх вача...

Ты пра тое ўсё ведала, так? І таму паводзіла сябе так, каб яшчэ больш намагніціць мяне? Так, так, маўчы, нічога не гавары, бо магу збіцца і на гэтым спыніць свой аповед.

Першае ўражанне ад цябе не прапала, можа, і наадварот, яшчэ больш узмацнілася. Мяне не пакідалі ўнутраныя дрыжыкі, хваляванне і радасць сустрэчы не праходзілі.

Нешта пачалі гаварыць пра выхадныя - хто куды паедзе ці пойдзе.

А потым Петрык узяў ды сказануў невядома чаму і для чаго:

- А Ўладзіміру заўтра трэба да маці ехаць, бульбу дакапаць, ды во ніяк сабе памочнікаў не можа знайсці. Во якая бяда ў яго, дзяўчаты.

- Як гэта - не можа знайсці памочніка? - на тваім твары наіўнасць і здзіўленне - жартавала ці су'ёзна, і па сёння не магу вызначыць. Глядзіш спачувальна на мяне, і следам за Петрыкам туды ж, у кар'ер. - Валодзька, я ж магу капаць. Вазьмі мяне з сабою, га? Я дорага за работу не вазьму - кубачак малачка, прама з-пад кароўкі. У маці ёсць кароўка?

Я не паверыў пачутам. Ты здзеквалася, канечне ж. Пасміхалася, так? Але ж і непадобна, каб пасміхалася, здаецца, ты вымавіла тое на поўным сур'ёзе.

А я яшчэ больш здурнеў, кідаюся следам за імі ў вір, як мага спакойней прамаўляю:

- Ну, як маеш ахвоту і жаданне, ды ручкі не баішся запэцкаць, то паехалі. А малака знойдзем. Выдатнага малака!

- Во, і згаварыліся! - прыхільна і зацікаўлена ты глядзіш а мяне, і падалася мне зноў той, ранейшай, калі ўбачыў на вуліцы, калі ты свяцілася ўся патаемным і незямным святлом. - Як усё выдатна атрымалася!

Адкуль у табе адбыліся такія рэзкія перамены? Чым сілкавалася тады твая энергія? Пра што ты думала тады, Асана, пра што марыла? Ведама ж, бачыла, што я тады закахаўся ў цябе, як апошні асталоп, і ты магла рабіць са мною, што хацела - віць вяроўкі, загадваць і патрабаваць поўнага падпарадкавання, адабраць у мяне волю і самастойнасць.

Петрык зноў разліваў белую вадкасць па шклянках, абмываючы ўжо і бульбяную паездку і дамоўленасць, агульнае ўзаемапарзуменне. А мне здавалася, што вы, па агульнай дамоўленасці, разыгрываеце мяне, што ўсё падстроена, што вось-вось не вытрымаеце і разрагочацеся ўголас, да слёз, а мне скажаце, паказваючы на мяне пальцамі: «Ну і здорава мы цябе ў лапці абулі, ці не так? Аксана - і раптам на бульбу? От, ёлупень, у такі міф паверыў - як дзіця сядно маленькае. Ды ты прыгледзься, хто яна, - каралева! Ружа-кветка, сонейка, а ты што падумаў?..»На маё вялікае здзіўленне ты прыйшла раніцай да аўтобуснай станцыі, і мы ўзялі квіткі да маёй мясцовасці. Сядзелі ўпобачкі, а ў тваіх вачах ігралі-пераліваліся гарэзлівыя агеньчыкі, пэўна, радавалася, што здзівіла мяне сваім прыходам і згодаю разам ехаць да маці. Я і сапраўды быў агалмошаны і тваім з'яўленнем, і тым, што твой гарачы бок упіраўся ў мяне, бо тады ж адразу пачалі шпыраць мяне калючыя біятокі, адбіраючы мову, розум і адчуванне рэчаіснасці...

- Далёка да твайго пасёлка? - запыталася ты весела, гарэзліва, стараючыся размякчыць абстаноўку, даючы мне магчымасць набыць душэўную раўнавагу.

- Ды не, гадзіку ехаць.

- А не гаваркі ты хлапец, толькі пад чаркай язык развязваецца? - паварочваешся ты да мяне, але не пасміхаешся, бачу добразычлівы дакор, жаданне трошкі пазлаваць мяне, каб я стаў крыху смялейшы - адчувала мой стан?

- Нечакана неяк усё атрымалася, Аксана. Знаёмства нашае, ды і што запрасіў нечакана цябе ў гэтае падарожжа. Пятро падбіў, схлусіўшы. Ляпнуў першае, што прыйшло ў галаву. Цяпер перажываю, хвалююся, як яно ўсё будзе.

- Ты сказаў «нечакана»? Але ж ты прыйшоў да нас з пэўнай мэтай. Убачыў днём, а вечарам з'явіўся...

- Ды не, не так... Убачыў цябе не днём, а задоўга да гэтага. У цэнтры горада ўбачыў. У белай блузцы з гарохамі, у белых туфлях і з сумачкай у руцэ. Ты была шчаслівая ў тыя хвіліны - ты ляцела, а не ішла па зямлі...

- У белай блузцы? - ты здзіўлена перапытваеш і яшчэ пільней глядзіш на мяне. - Не памятаю... І была шчаслівая? Адкуль ты тое ўзяў? Прыдумаў? Ці табе так падалося?

Я паціскаю плячыма:

- Не ведаю. Мне здалося, што так. Ты ляцела, як птушка, і махала крыламі...

- Дзіўна. Ты памятаеш, а я - не...

Маўчым. Гайданка суцішыла нашую размову. Ты прыхінулася да майго пляча. Але я ўсё не асмельваюся абняць цябе, прытуліць да сябе...

 

Маці ж была надта здзіўлена нашым прыездам. Нічога ж не гаварыў, не папярэджваў. Сама ж ведала, што я далёка трымаўся ад дзяўчат, а тут знянацку з дзяўчынаю прыехаў, з'явіўся на парозе, як велікоднае яечка свяціўся.

- Добры дзень вам! - павіталася ты з парога, усміхалася, старалася спадабацца, распранулася, павесіла на вешалку куртачку, апраўдвалася: - Валодзька кажа, што бульбу пара капаць, ну, я і набілася ў госці, памагчы падрадзілася. Калі не выганіце.

- Навошта ж так? Гасцям рады, а памагаць... Там тае і бульбы засталося - суседка памагла.

Маці падаіла карову і як ведала, чым пачаставаць дзяўчыну - наліла поўную конаўку свежага цёплага малака. Аксана засмяялася, прымаючы ад мамы кубак, прамовіла:

- Не працавала, а аплата ўжо прапанавана.

Потым мы выбраліся на агарод. Працавала Аксана, не разгінаючыся, гаварыла найбольш з маці, расказвала пра сябе, распытвала сама. Працавала яна ў пальчатках, на нагах чырвоныя гумовыя боцікі, касынка завязана на галаве, каб не рассыпаліся косы, - і я зноў не пазнаваў яе, быццам гублялася яна ў розных вобразах, пераходзіла ад аднаго стану да другога. Як уцякала ад мяне ў густым лесе, прытваралася, здзеквалася над маёй нездагадлівасцю. А ў маіх грудзях гуляў-раскашоўваўся халодна-шчымлівы халадок - я ўсё не верыў, што тая дзівосная дзяўчына, якая плыла ў павольным руху скрозь зыркія промні сонца, прыехала да мяне і з маці капае бульбу. Я магу дакрануцца да яе, можа нават і абняць, калі застанемся сам-на-сам, і... пацалаваць, калі Бог літасцівы да мяне. Фантастыка! Дзівосы!

Ты згадзілася і пераначаваць - у выхадны клопатаў не было. Мы гулялі вечарам па пасёлку. Здалёк я бачыў тры елкі, але пра іх нічога не сказаў ёй. А што можна было расказаць? Ты паводзіла сябе бесклапотна, але ўжо не так гарэзліва, як перад гэтым, а нейк стрымана, задумліва. Слухала ахвотна, што я расказваў ёй, смяялася, калі чула смешнае што. У клубе ішоў нейкі фільм, але ты не захацела паглядзець яго. «Лепей па вуліцы паходзім, - сказала разважліва, - тут такое добрае паветра, надыхацца нельга. Добрыя і прыгожыя ў цябе мясціны.»

На развітанак маці паставіла на стол пляшку віна. І мы ўсе выпілі па шкаліку. Ты заружовілася, за дзень нават загарэла пад нашым сонцам, папрыгажэла яшчэ больш. Я назіркам цікаваў за маці - як яна адносіцца да цябе, якія пачуцці ты ў яе выклікаеш. Але мацінічым не выдавала сябе.

Калі ад'язджалі з табой, развітваліся каля аўтобуснага прыпынку - ля клуба, затрымала мяне на хвілінку, шапнула на вуха:

- Ой, не ведаю, Валодзька, што і сказаць табе. Калі выбраў ты яе сабе ў жонкі... Прыгожая дужа дзяўчына. Але чамусьці працівіцца мая душа, нейкі холад ад яе зыходзіць. Не ведаю, чаму так думаю.

- Што ты, мама, яна добрая і шчырая.

- Не памыліся, сынок, узваж усё добра. Узваж.

Не паверыў тады я маці, не пачуў яе трывогу, не прыслухаўся да яе насцярожлівасці, да яе папярэджання. Быў я сляпы і глухі на той час - утапіўся ў каханні, у сваіх шчаслівых пачуццях.

Эх, Аксана, Аксана! Ты як той вадаварот, і ты ўцягнула мяне незаўважна ў сваё чароўнае кола-вір, - і я не здолеў вырвацца, нават і не стараўся тое зрабіць, з тваіх абдымкаў, з тваіх чараў... І пайшоў на дно, як той камень, кінуты ў раку, а ўсё думаў, слепа верыў, што лячу насустрач свайму шчасцю. Але ж якім шчаслівым я тады быў! Мо такім ніколі і не быў да таго, і пасля! І - наіўны, дурны. Бо лавіў птушку шчасця і кахання там, дзе яна і не начавала. Была, але то, аказваецца, толькі прыгожы і прывідны яе цень...

Але адкуль мне было ведаць пра тое! Аслеплены бачыць толькі тое, што хоча бачыць, і ніяк тое, што сапраўды ёсць перад вачыма.

То мне з цяперашняга часу і пазіцый лёгка глядзець і ацэньваць той час, саміх сябе, нашае каханне. Самае горкае, Аксана, у нашай гісторыі, мусіць, тое, што і стала ахвярай. Не, не нашага кахання, а свайго прыватнага ўяўлення пра тое шчасце. Але я тады надта і не прыглядваўся, не прыслухоўваўся да тваёй душы, не надаваў асаблівага значэння тваім імкненням і памкненням, жаданням, дробязнай незадаволенасці нечым, - верыў, што ўсё тое часовае, што хутка ўсё прыдзе ў свае берагі, і мы будзем разумець адно аднаго з паўслова, з паўпозірку... Шчыра мне верылася ў тое, жадалася шчасця абаім.

Калі ж пабраліся, калі абое гарэлі ў полымі дзівосных пачуццяў, у полымі вялікага шчасця, ты раз, і другі пачала стрымліваць маю апантанасць і актыўнасць. Тое мяне здзівіла і пакрыўдзіла, пацікавіўся, чаму ж так...

- Уладзімер, я не люблю дзяцей, - прызналася ты і ўсміхнулася. Я ж зразумеў тваё прызнанне як жарт. Хаця жарт з разраду жорсткіх і бесчалавечных.

- Чаму ж пра тое раней не сказала? - тым жа тонам перапытаў я, сціскаючы цябе, узмакрэлую і сцішаную, у сваіх абдымках - грудзі цвёрдыя і вострыя як пікі, білі яшчэ мяне пякучымі біятокамі.

- Не ведаю, не надавала таму значэння, - лашчылася ты да мяне, і здавалася такой безабароннай і пяшчотнай, што ў мяне прачыналася ўжо шкадаванне да цябе.

Не прызнаваўся табе, нават і сабе таксама, што недзе на трэцяй ці чацвёртай спробе пасля такіх размоў, ўва мне нараджалася няўцямнае шкадаванне здзейсненага, не абдуманага, не прыслуханага да поклічу і просьбы роднай маці, у якой той барометр адчування бяды і шчасця быў самы найспраўнейшы, - які не даваў ніколі збою ці асечкі... На памяць прыходзіла Марычка. Ці сказала б яна мне такое ў хвіліны самага высокага пачуцця ў каханні, у самыя шчаслівыя і ўзнёслыя хвіліны яго? Ніколі. У тым я быў перакананы чамусьці цвёрда. Дык чаму ж тады аслеп і кінуўся ў вір з галавой? Хто прымушаў? Хто прыспешваў? Падштурхоўваў хто? Баяўся, што нехта апярэдзіць і адбярэ ад мяне маю прыгажуню? Дык у тым жа і шчасце маё было б!

Ты аднойчы пацікавілася, хто ж то мне прысылае такія тоўстыя лісты. Я ж не ўмеў хлусіць, расказваў табе праўду. І пра ноч з чамаданамі, якія не мог адарваць ад зямлі, і пра тое, як цягнула да сябе Зінка, а я не застаўся... І як на вакзале ў мяне ўкралі апошнія грошы, і на выручку мне Бог паслаў Марычку. Ты ж верыла і не верыла, усміхалася, як шкадавала мяне: «Збавіцелька твая... І чаго ж мяне той Бог не паслаў тады на вакзал у той вечар? Не шанцуе...»

Ты і не раўнавала, ты і не пярэчыла нашай пісьмовай сувязі, бо не бачыла ў тым нешта такое, што магло перашкодзіць твайму ці нашаму шчасцю.

Марычцы прызнаўся, што ажаніўся, сказаў, каб не крыўдавала на мяне. Адбылося ўсё нечакана, паміма маёй волі. І сам не зразумеў тое. Дадаў яшчэ, што можа пра тое і сам буду шкадаваць. Бо засцерагала ад таго кроку і мама. Не дакарала, але папярэджвала, прасіла абдумаць усё, як след. Радавалася за мяне, перадавала прывітанні табе, шчасця бажала.

Не ведаў я, дурань, што рабілася на душы ў Марычцы! Каб жа ведаў... Каб жа ведаў! Тупыя мы, мужчыны, у гэтым плане, дужа тупыя, анічога не адчуваем, калуны мы «бесчуственные». Сама таго не ведаючы, Марычка пакінула глыбокі і прыгожы след у маім жыцці. Усё жыццё шкадаваць буду, дурань я набіты, што не звязаў сваё жыццё з ёю. Прызнаю, што то галоўная памылка майго жыцця...

Дык пра што ж я? А-а, усё пра тое, пра тое... Не ўздыхай, ведаю, што не спіш, чуйна ловіш кожнае маё слова (а мо і не ловіш), я буду аберагаць твой сон, засцерагу ад бяды...

Ты, Аксана, умела быць ласкавай і пяшчотнай, загадкавай і таямнічай, ты і з кожнай ночы рабіла сапраўднае свята, лячыла мяне і лячылася сама ў нашым дадатным энергетычным полі кахання і ўзнёсласці, выкрыквала нейкія беспамятныя гукі, вырываючыся з маіх абдымкаў і нашага цудадзейнага поля; ты лётала побач са мной як дзівосная і казачная птаха, і мне давала такія ж чароўныя крылы, - і мы ўжо разам, упобачкі, узляталі з табою вышэй аблокаў, купаліся ў нябёсах, у тугім блакіце і ў промнях сонца, не хочучы вяртацца назад, у рэальнае жыццё...

Я ніколі там да гэтага не бываў - ні да цябе, ні пасля. І за тое я ўдзячны табе, і Богу кахання, што ён адкрыў мне такія таямніцы незямнога жыцця. А можа гэта мы з табой наведалі рай - так усе жывуць шчаслівыя людзі? Можа то і ёсць нашае другое жыццё, якое мы вымольваем у Бога?!

Няўжо ёсць людзі, якія не зведалі такога пачуцця? Калі ж і ёсць, то мне іх вельмі шкада - самыя няшчасныя яны на планеце. Такі зусім яшчэ нядаўна быў і я...

Але ў той жа час я ні да гэтага, ні пасля не адчуваў такой горычы і палыннай гаркаты ў сваёй душы, як з табой. Аксана, Аксана... Так, прызнаюся ўжо табе, што паробіш. Мо і ты ў гэтым прызнаешся мне, не ведаю, хутчэй за ўсё так яно і будзе... Праўда, дзікае спалучэнне і кантраст? Дзікае і дзіўна.

Шэсць гадоў жылі мы з табой у райскай краіне...

Шэсць гадоў жылі мы з табою, як у пекле...

Мы лёталі з табою як нябесныя стварэннё вечарамі і ноччу, кормам для нас з'яўлялася неабдымнае каханне, якога, верылі мы і спадзяваліся, хопіць нам на некалькі стагоддзяў - нават і пасля жыцця, у раі, дзе мы з табою не раз пабывалі. Пабывалі, як у разведцы, каб потым ведаць, як далей сябе паводзіць, і чаго ў тым раі яшчэ не хапае...

Адчуваў з неймаверным болем, што нешта не так ідзе ў маім жыцці. Разыходзіліся жаданні і ява. Сябры ходзяць са сваімі сынамі ў лазню, хвошчуцца венікамі, атрымліваючы асалоду ад пахкіх венікаў і яднання з дзецьмі, - і ад сыходзіла такая чалавечая цеплыня і шчасце, што добрая зайздрасць пранізвала маё сэрца, і з горыччу думалася: «Чаму, чаму са мною няма нікога побач? Не сын, дык дачушка, каб сядзела ў мяне на каленях, і я расказваў бы ёй самыя прыгожыя казкі, і спяваў бы на ноч самыя лепшыя калыханкі, якія сам і прыдумваў бы, сам укладваў яе спаць...»

Аднойчы (памятаеш?) спытаў у цябе даўно выпакутаванае:

- Няўжо, Аксана, табе не хочацца, каб сын ці дачка называлі цябе мамай? А мяне - татам?

Ты нейкі час маўчыш, як быццам я сыпаўся ў цябе пра нешта агіднае і недазволенае, шморгаеш носам - ці то пачынаеш румзаць, ці імітуеш насмарк, а адказваеш коратка і з нейкім зацятым злом:

- Не!.. Не - і хопіць пра гэта!

Твае словы (у які раз!) апяклі мяне сваёй жорсткасцю і бесчалавечнай логікай, нават антыгуманнасцю. Як, як гэта можна Жанчыне адмовіцца ад падоранага Богам шчасця - быць Маці, быць прадаўжальніцай роду чалавечага, крыніцай усяго прыгожага, шчаслівага, пяшчотнага, любові і дабрыні... Няшчасце для жанчыны, калі яна не можа нарадзіць, а хоча тое зрабіць, і таму аддала б усё, каб пачуць голас немаўляці, нават жыццё... І такія выпадкі былі, калі пачуццё мацярынства брала верх, нават над смерцю...

А тут добраахвотнае адмаўленне ад Мацярынства. Ты сваё гора называеш шчасцем. На якіх кастрах інквізіцыі спальваюць такіх грэшніц - прадстаўніц роду чалавечага? Якая карысць ад іх людзям, чалавецтву? А мо то і не жанчыны яны зусім, а амёбы, пасланыя некім да нас невядомыя стварэнні?

Ты ж сама сябе спальвала на нябачным кастрышчы, і ламачча ў яго ты падкідвала сама, сваімі ж рукамі. Ці ведала ты пра тое? Можа, і ведала, мусіць жа, ведала...

Не, я памыляюся, калі гавару, што ў цябе ёсць і крышынкі нечага прыкрага і нечалавечага. Каюся, памыляюся. Нашае жыццё мы падзяляем на два перыяды - шэсць гадоў і два.

Шэсць гадоў шчасця.

Два гады - пакут і пекла...

На пачатку другога этапу сумеснага жыцця ты аднойчы ноччу ў парыве істэрычнага плачу, адчуўшы ўва мне вялікую перамену - холаду і абякавасці да цябе, - папрасіла як бы вінавата і даўно абдумаўшы:

- Валодзечка! Даруй, што я паслухалася цябе і стала тваёй жонкай. Акрамя няшчасця я табе нічога не прынесла. Пакінь мяне, дурную бабу, незразумела з якога цеста і злепленую. Адчуваю, што няма ўва мне нічога мацярынскага і жаночага. Бог мяне пакарае за маю бяздумнасць, ведаю. Мне трэба нараджаць, каб змацаваць наш саюз, зліцца ў адно цэлае і непарушнае - так яно і магло адбыцца... Але... А я хачу быць ялаўкай. Грэх вялікі бяру на сябе, але нічога парабіць не магу.

- Ды мо яшчэ наладзіцца ў нас, павінна наладзіцца, - пачынаю я ўжо і шкадаваць цябе, радуючыся, што ты над нечым пачала задумвацца, значыць, і табе нешта не падабаецца ў нашым жыцці, значыць, і ты нешта хочаш змяніць, перайначыць. - Ад нас усё залежыць...

- Не, Валодзечка, не, - уздыхаеш ты і плачаш. - Бачу, як ты пакутуеш, перажываеш, што ты толькі муж, а не бацька. На тваім твары кожны дзень пячатка болю і крыўды... Кідай мяне, пакуль не позна, кідай...

- Падумай, Аксана, падумай, - слаба прашу я цябе, сам не верачы ў перамены.

- У нас з табою адзінае выйсце, каб застацца людзьмі: гэта мірна разысціся.

Перад вачыма стаяла Марычка. Чуў яе мяккі і пяшчотны голас. Ён заўсёды саграваў мяне ў цяжкія хвіліны. Ад болю ратавала яна і цяпер. Незадоўга да размовы з табою, паслаў ёй ліст. Не хаваў нічога, усё расказваў пра сябе. Пра сваю памылку, пра сваю бяду. Не плакаўся, але прызнаўся, што натварыў шмат глупстваў. Дзякаваў, што памятае мяне, не забывае, намякнуў, што добра было б пабачыцца...

Мне з вечара стала блага. Кружылася галава, ванітавала беспрычынна, быццам з'еў што неператраўнае і атруціўся. Раніцай ты сабралася на вакзал - ад'язджала на тыдзень у камандзіроўку. Адвозіла чарцяжы ў Кіеў. Бачачы, як я змяніўся з твару, устрывожана папыталася:

- Мо я не паеду? Як жа ты адзін?

- Ды нічога, мне ўжо лепей. Напэўна, з'еў нешта не свежае ў сталоўцы ўчора. Пройдзе.

- Я ж казала, каб асцярожнічаў у сталоўках. Там могуць такога падсунуць.

- Не ўсцярогся, значыць. Зрабі мне моцнай хіба гарбаты, і ўсё пройдзе.

Мне стала зусім блага, але я не прызнаўся табе. І ты, пацалаваўшы мяне халоднымі і даўно чужымі вуснамі ў шчаку, падалася на вакзал.

Калі ж грукнулі за табою дзверы, падалося, што стала лепш, што ад мяне адступіла хвароба. Адсутнасць цябе стварыла добры настрой і ка мне падступіліся свежыя сілы.

Я ўздыхнуў на поўныя грудзі...

 

Паратунак

Потым я трошкі прыдрамнуў і прымроілася мне Марычка, яе важкія чамаданы, якія я паспрабаваў панесці і не змог - чапляліся ногі за калючы дрот, а ногі слізгалі па калюжынах. Чамаданы чамусьці я павінен аднесці Марычцы на вакзал, бо без іх яна не магла выбрацца ў Кіеў.

Я прахапіўся ад нейкай трывогі. Зноў сплятаюцца Марычка і Аксана. Як два берагі маёй ракі.

Нейкі час ляжаў у ложку, прыслухоўваўся да вуліцы. Чуваць дзіцячыя галасы. Нехта клікаў на дапамогу тату, і само гэтае слова «та-та-аа!..» выклікала ўва мне горычнае пачуццё, шкадаванне аб нечым няздзейсненым, неабходным.

Калі я мерыўся падняцца, напруціўся, нехта нябачны сціснуў вобручам галаву - аж затрашчала, здаецца, у нечыіх злых руках. У вачах пацямнела, і мяне пачаў біць неймаверны калатун - як быццам голага выкінулі мяне на мароз, - усё цела калацілася ў дрыготкіх канвульчіях. Падумалася толькі - вось вазьму ды сканаю ў сваёй хаце, ніхто і ведаць не будзе. Пашкадаваў, што не ўгаварыў маці пажыць які месяц у нас. Ведаю цяпер, што яна пра ўсё здагадвалася, яе апасенні пацвярджаліся яшчэ задоўга да таго, як сямейнае жыццё пачало даваць трэшчыну. Яе сэрца балела за мяне, але яна не ведала, як памагчы мне, выправіць маю памылку...

Памятаю, што зрабіўся я ўвесь мокры - быццам аблілі мяне нейкай ліпкай і праціўнай вадкасцю. Адзінае выйсце ў такой сітуацыі - папрасіць суседа Рыгора Пятровіча, інваліда вайны, каб выклікаў для мяне «хутку»... Тэлефона ў нас не было, абяцалі паставіць у бліжэйшы час.

Мне не хацелася, каб ты, Аксана, прысутнічала пры гэтым, і таму быў сапраўды рады, што цябе не было на той час дома. Ды і такія моманты не для цябе, ты ж любіла, калі жыццё працякала весела і бесклапотна, без трывог і хваробаў, без слёз і смерці...

Устаў з ложка, неяк дабрыў да дзвярэй, трымаючыся за сценку, прачыніў іх, але парог пераступіць не здолеў - зачапіўся і ўпаў на бетонную пляцоўку, страціўшы прытомнасць.

 

Казалі, што ў бальніцы доўга не прыходзіў у сябе.

Перад вачыма стаяў шэры туман, цяжка было дыхаць - сціскала грудзі і паколвала ўсярэдзіне. У мяне патрэскаліся губы, языком адчуваў на іх саланаваты прысмак... Хісталася чамусьці пад столлю лямпачка, яна то аддалялася, то зноў прыбліжалася, - здавалася, вось-вось сарвецца і ўпадзе разам з люстраю мне на твар...

Калі трохі прыйшоў у сябе, прыпамінаю, каго мне жадалася ўбачыць у першы момант каля сябе. Не, Аксана, не цябе. Маці прымроілася і... Марычка. Не ведаю, чаму, а я нават чуў яе голас. Яна гладзіла мне валасы, і скрозь слёзы шаптала, умольвала пра нешта, а я не мог выцерці ёй слёзы.

- Ты выжыў, Валодзя... Выжыў, і я такая шчаслівая.

- А чаго я павінен быў памерці? - пытаюся з цяжкасцю і не хачу, каб прывід знікаў, хацелася, каб казка доўжылася і доўжылася, бо яна давала мне сілы і супакой. Ведаў, што калі перастану гаварыць, яна, Марычка, знікне, і я зноў застануся адзін.

- Табе ж зрабілі аперацыю - хіба не памятаеш?

- Неа. Помню, што стала блага ў кватэры, што памкнуўся ісці да суседа, а далей - правал у памяці.

- А дзе ж Аксана, Валодзя?

- У Кіеў паехала. На тыдзень...

- І ведала, што ты хворы?

- Я сам яе адправіў, сказаў, што здаровы, каб не турбавалася...

Яна доўга маўчала, потым, выціраючы чырвоныя ад слёз вочы, уздыхнула:

- Бедны мой... пакутны ў цябе шлях. Сам выбраў такі.

- Сам. І ніхто больш.

Я не пярэчыў, я згаджаўся. Калі ж маўчанне зацягнулася, мне зрабілася страшна, што сон вось-вось павінен скончыцца, і болей не паўторыцца, таму спешна пытаюся:

- Як у цябе жыццё, марычка?

- Маё? Анічога... Сына гадую... Муж ніштаваты, так што жыццё працякае, як і ва ўсіх. Скардзіцца няма на што.

- Слава Богу, што ў цябе добра. Вельмі добра... - прымружваю я вочы, і ў той жа момант мне хочацца, каб больш ніхто не размаўляў са мною - ні прывіды, ні людзі: Марычка, сама не ведаючы пра тое, зрабіла мне балюча.

- Спі, - шэпча яна, мусіць, зразумеўшы мяне, адчуўшы маю слабасць і стому, сціскае маю руку, цалуе горача ў губы, як свайго, як каханага, як нарачонага, уліўшы ў мяне столькі сілы і пяшчоты, святой веры ў шчасце, што я адразу ж і праваліўся, супакоены, як ад калыханкі маці, у небыццё. - Спі, я заўтра зноў наведаюся. Спі, спі...

Я паспрабаваў шавяльнуць губамі, нешта сказаць удзячнае, але не змог - паплыў па сонным цячэнні ракі спакою.

Яна ж, канечне, пачула мяне, здагадалася, пра што хацеў ёй сказаць.

 

На наступны дзень пачуваў я сябе значна лепш.

Марычка зайшла ў палату ў белым халаце - прыгожая, маладая, паходка лёгкая і спружыністая, як усё жыццё займалася спортам. Пазнаваў і не пазнаваў яе - адкуль яна тут, што прывяло яе сюды, да каго прыйшла?

- Ты?! - здзіўленню майму не было мяжы. - Адкуль ты тут?

- Хіба ж не помніш, як я ўчора праведвала цябе?

- Не... Хаця... Пачакай, дык гэта ты была? Ты? А я палічыў, што мне ўсё прымроілася, прыснілася. Ну і лухту, мусіць жа, нёс я несусветную. Забудзь, калі сказануў што брыдкае ці непрыстойнае.

- Не, усё было добра. І гаварыў ты вельмі хораша, раней ніколі такіх слоў ад цябе не чула. Можаш і ты быць пяшчотным і ўважлівым.

- Жартуеш?

- Не, праўду кажу.

Ад Марычкі патыхае лугавымі кветкамі і зёлкамі - што гэта: духі, ці сама яна саткана з колераў і пахаў жывой прыроды? Я нават чую, як гудзяць побач з намі пчолы і чмялі, як стрыкочуць конікі...

Мяне ж непакоіла адно пытанне, і таму не вытрымаў, папытаўся:

- Адкуль ты ўведала, што я тут, у бальніцы?

Яна смяецца з маёй недасведчанасці, хітае галавой:

- Здагадацца не можаш? Атрымала твой ліст. Не спадабаўся мне ён вельмі. Адчула нядобрае... Вось і надумалася прыехаць, разабрацца ў нейкіх пытаннях. Пазваніла ў дзверы - ніхто не адкрыў. А выйшаў сусед...

- Рыгор Пятровіч?

- Ён. Мы з ім пазнаёміліся. У кватэру да сябе запрасіў, расказваў пра цябе. Сказаў, што беспрытомнага ўбачыў на парозе, выклікаў «хуткую дапамогу»... Табе кланяецца.

- Дзякую. Харошы чалавек. Цікавае жыццё пражыў. Усё аддаў дзяржаве, ды толькі да яго па-свінску адносяцца. Дык вось як ты мяне адшукала. Вельмі проста. А дома што сказала, калі паехала?

- Што ў камандзіроўку паслалі.

- Мо і Аксана паехала такім чынам у сваю камандзіолўку? - кісла ўсміхаюся, а ў словах ні крыўды, ні рэўнасці.

Марычка не паддакнула мне, наадварот, мае думкі павярнула па-свойму:

- Дурань. Хіба ж можна так пра ўсіх жанчын думаць?

Яна паважала цябе, Аксана. Ніколі пра цябе ніводнага слова не сказала лядайкага. Як шкадавала цябе ўсё роўна, хаця для цябе яе шкадаванне не ішло, ні ехала. Не бачачы ў табе таго чалавека, з якім можна было б параўняцца. Так, яна ставіла сябе вышэй за цябе, бо яна была Жанчына-Маці. Ма-ці!

Мяне ж яна, Марычка, кахала і, упэўнены быў, кахала да апошняга дня. То я аказаўся дурнем, што не пачуў у час яе болю і воклічу, аб маім жа, ратаванні.

Нагаварыліся мы з ёю, як ніколі да гэтага. Перагаварылі столькі, што і за жыццё столькі не прагаворыш. І падбадзёраным чалавекам вяртаўся я да жыцця.

Развітваючыся, калі нікога не было ў палаце, - усе далікатна пакінулі нас адных, - сказала пра галоўнае:

- Валодзька, мой дарагі чалавек, слухай мяне ўважліва, што я табе скажу. Калі ж некалі здарыцца, што вы з Аксанай зразумеце і адчуеце, што зрабілі памылку, і нельга вам больш заставацца абаім... Калі ж ты захочаш вялікага кахання, сапраўднага кахання, то пакліч мяне. Я ўсё кіну. Я табе сыноў і дачок нараджаю. Ты ажывеш, вось пабачыш, што ажывеш і станеш іншым, ранейшым - добрым і шчырым, харошым маім Валодзечкам...

- Я...

- Маўчы, даслухай, - яна заціснула даланёй мне рот, - бо калі ты нешта скажаш, я разрыдаюся тут, і ўпаду ў беспамятстве... Ты ж ведаеш, як я кахаю цябе. Я цябе ажыўлю і сама вярну да жыцця. Бо і я не жыву, а ліплю на гэтым свеце... У нас была б песня, а не жыццё. Ды не таму, каму трэба, напісаў кампазітар мелодыю кахання. Ты мне кажынную ночачку снішся, клічаш некуды, ці я цябе клічу, а абое заблытваемся ў калючым нейкім дроце, і не можам дацягнуцца адно да аднаго...

- Я ж ха...

- Ц-ссс... Я дагавару і пайду. Не крыўдуй за маю шчырасць, добры і дзіўны мой чалавек. Буду чакаць цябе сто гадоў. Я маю на тое права. Калі ж дасі вестку пра сябе, паклічаш, каб я прыйшла да цябе, я на крылах прылячу. І не знойдзецца ў свеце больш шчаслівейшых людзей, чым мы з табою...

- Я кахаю цябе, і даўно. Толькі нешта перашкодзіла нам быць разам.

- Нейкі злы рок. Але я і сама вінавата. Нерашучасць мая вінавата. Нясмеласць таксама.

Яе гарачыя вусны апяклі мае губы.

І паплыло зноў усё перад маімі вачыма. Разам з тым адчуваў магутны прыліў сілаў, як новае сваё нараджэнне. У мяне Марычка ўдыхнула новае жыццё, новыя спадзяванні...

Чараўніца яна, Марычка...

Ты знаходзілася ў камандзіроўцы не тыдзень, вярнулася праз дзесяць дзён. Так, Кіеў прыгожы горад, і ён не так хутка адпускае гасцей. Не ўстрывожылася, не пазваніла адтуль таму ж суседу, часта карысталася ж яго тэлефонам, бачыла ж, што няладнае са мною творыцца. А магла ж прыехаць на магілу. Выратаваў мяне, як сказаў доктар, цуд. І - на маю думку - Марычка. Выратавала на адлегласці, вымаліўшы мяне ў Бога, каб я жыў, каб я яшчэ пабачыўся з ёю...

Ты адразу ж заплакала, убачыўшы мяне. Ці то выгляд у мяне быў нехлямяжы, ці то ты не хацела паказацца перада мною і людзьмі чэрствай і абыякавай, але твае перажыванні выглядалі ненатуральна і дзесьці смешна. Ты была падобнай на акторку, якая старалася імправізаваць эпізод п'есы, пра якую зусім нічога не ведала...

Не, толькі не падумай, што я стараюся выклікаць да сябе «сострадание» ці твой душэўны ўдзел, не, мне тое без патрэбы ўжо. Наадварот, не хацелася зусім, каб па мне нехта ўбіваўся, плакаў, тым больш, ты, Аксана. Калі ты нават і не прыйшла б да мяне ў бальніцу, то я не здзівіўся б, і ніякай крыўды не нарадзілася б. Павер, то чыстая праўда...

- Што з табою, дарагі мой? - шчырасць і бяда ў тваім позірку, чорная туш распаўзлася па твары, і мне тады ж падумалася, што ты спецыяльна наклала на вейкі яе без меры. А я ледзьве стрымліваў смех...

- Анічога, Аксана. Надакучыла работа, дык я сюды папрасіўся - на паўмесяца адпачынку. Гэта ж выдатна!

- Не жартуй так, Валодзька! У мяне сэрца разрываецца ад усяго гэтага.

- А я і не жартую. У адпачынку я.

- Ад мяне? - ухапілася ты за нітачку, каб выцягнуць мяне на шчырасць, перамагчы і зрабіць мяне вінаватым у маёй жа хваробе. Ты вельмі навучылася тое рабіць, а мо і не навучылася тое рабіць, а мо і не навучылася, такое ты рабіла, пэўна, з дзяцінства - абвінавачваючы ўсіх, толькі не прызнаючы сваіх памылак.

- І ад цябе таксама. Ад усіх. Ад усяго белага тлумнага свету, ад звягаў, ад недаверу, ад злосці.

- Уладзімер, даруй мне, што так атрымалася. Я не павінна была ехаць у Кіеў.

- Гэта так добра, што ты паехала.

- Чаму? - у цябе акруглены ад нечаканага адказу вочы.

- Так. Добра, і ўсё. Я кажу шчыра. Нават і ўдзячны табе за тое.

Ты маўчыш, абняўшы мяне, прытулілася да няголенай шчакі, потым цалуеш = неяк холадна, нават адчуваю, што не мяне цалуеш, а некага іншага, ці не нябожчыка, з якім гідуеш цалавацца, але прымушаюць абставіны. Радасна адзначаю пра сябе, што набліжаецца фінал нашай трагічна-салодка-мройнай камедыі, што развязка ўжо не за гарамі, што яна зусім побач.

- Ты паправішся, і ўсё будзе добра.

- Папраўлюся. Куды цяпер падзенуся. Жыць трэба.

Ты зноў маўчыш, не ведаеш, што сказаць далей. Уздыхаеш, кладзеш галаву на грудзі, а потым вуснамі дакранаешся да вуха, шэпчаш:

- Як даўно мы ходзім босыя з табой па гарачым вуголлі.

- Апякаючы ногі і заадно свае збалелыя душы.

- Усё мы разумеем, даўно разумеем.

- А калі разумеем, то трэба нешта рашаць. Для абаіх добра будзе. Каб у сваёй памяці пакінулі толькі добрае, а не чорныя ўспаміны...

Ты ўздрыгваеш, значыць, плачаш, але я не адчуваю ўжо твайго болю, а мо то і не боль, а аблягчэнне, якое ніяк не давалася табе, уцякала... Плач, плач, каханне маё, гора маё, праклён мой! Божа, усялі ў мяне розум, навучы жыць па Тваіх запаветах!

 

Вераб'іны дзень і месяц

І вось нам выпала дарога ў ЗАГС.

Дарэчы, у той самы, куды восем гадоў назад мы, радасныя і акрыленыя шчасцем, што звалілася на нас, прынеслі заявы, каб нас рапісалі. Ьады, добра памятаю, была залатая восень, цвіло бабіна лета - сонца свяціла зырка і запознена, а лісце, што ападала долу, пад промнямі сонца свяцілася неяк загадкава і адмыслова.

Перад гэтым, за дзень, Аксана сказала мне:

- Пакуль не позна, пакуль мы яшчэ не старыя з табой людзі, давай разарвем наш заблытаны клубок. Ты яшчэ можаш мець дзяцей з новай жонкай. І яшчэ будзеш шчаслівым бацькам.

Скрозь вялікае намаганне і супраціўленне разумення пачутага вымавіў тое выпакутаванае кароткае слова:

- Давай... Згодзен.

І надышла ноч. Можа, смая найпрыгажэйшая і вар'яцкая з усіх начэй, - пякельная і салодкая, горычная і чароўная, дураслівая і загадкавая... Мы сапраўды як звар'яцелі, ведаючы, што яна апошняя ў нашым сумесным жыцці, што болей ужо ніколі і ніякай не будзе. Мы не помнілі ні часу, ні сябе, ні наваколля... Нават без слоў, а толькі ўздыхі і воклічы, стогны і крыкі адчаю, горкай радасці, неймавернага напружання і апантанасці... Божа, што Ты робіш з намі, навошта даеш яшчэ раз дакрануцца да таго святога пачуцця, каб жа і адабраць тут жа і адразу назусім, зрабіўшы нас няшчаснымі людзьмі?..

Недзе пад раніцу, зняможаныя і змэнчаныя, не маючы сілаў падняцца і зварыць хаця б кавы, прашаптала пытанне:

- Колькі часу?

- А палова шостай...

- Божа мой! Мо то ў першую ноч у нас было так. Першая ноч шчасця, апошняя - самая салодкая, якая больш за шчасце.

А мне падалося на момант - а можа і Аксане? - што ўсё наладзілася ў нас, выраўнялася, увайшло ў сваё ранейшае, такое неабходнае рэчышча, - і панесла зноў нас па цнатлівай рацэ нашага прывіднага кахання да вялікага акіяна, які называюць шчасцем.

Але ж цвярозае пачуццё брала верх, нехта грамавым і пераканаўчым голасам крычаў на ўвесь сусвет:

- Адумайся, дурань! То ж толькі прывід шчасця, яго абалонка. Аксана ніколі не будзе маці тваім дзецям, а ты не будзеш бацькам з ёю... Адумайся, ды не спакусіся яшчэ адным првідам!..

- Мы ж спознімся з табою атрымаць развод.

- А можа...

- Ніякіх «а можа»! - загадвае яна, і бярэ ініцыятыву ў свае рукі, бо ведае, што адклад ці адмена нашага рашэння ні да чаго добрага не прывядзе, будзе яшчэ горш, яшчэ бальней для нас...

Можа ўпершыню я з радасцю падпарадкоўваюся ёй, радуюся, што яна не хоча вяртацца назад. Я ўдзячны ёй, я ўдзячны табе за тое, Аксана!

Мы прыбеглі ў дакладны час - хвіліна ў хвіліну.

Жанчына з прыемным голасам і блакітнымі вачыма, ну акурат як у маёй прыгажуні Аксаны, выслухала лагічныя довады маёй жонкі, перапытала ў мяне, ці праўда ўсё, што яна пачула. Я пацвердзіў. А ў думках паклаў руку на Біблію. Гаварыў спакойна і пераканаўча, хаця ж нешта сядзела дзярката ў горле і замінала гаварыць.

- Так, восем гадоў без дзяцей. У мяне сапраўды ёсць жанчына, якая хоча звязаць мой лёс са сваім. У яе нават павінна быць дзіця ад мяне. Жонка ведае пра тое, і нават не супраць нашага шлюбу. Жадае мне дабра.

- Што ж, няхай будзе так, як вы хочаце абое. Хай паможа вам абаім Бог! Шчасця вам!

Гаварыла яна нетрадыцыйна, таму праўдзіва і шчыра, убачыўшы, мусіць у нас нешчаслівых людзей. Мне сапраўды паверылася, паверылася ў тое, пра што яна нам казала. Пэўна, у яе меўся вялікі жыццёвы вопыт па вызначэнню чужых няшчасцяў, таму яна прарочыла нам паасобна будучы лёс. Каб жа так, каралева ЗАГСу, каб жа так было яно і сапраўды...

Як толькі мы ступілі на ганак, бліснула зыркая маланка і пракаціўся важкай калясніцай гром. Асенні запознены гром. Як нябесны салют адбыўся нашаму развітанню. А, можа, то Божанька сварыўся на нас за такое рашэнне, ці, наадварот, ухваляў сваім гімнам.

А потым паліў дождж. У былой жонкі блакітны парасон. Яна раскрыла яго, падняла над нашымі галовамі. Мы ішлі і плакалі, льючы разам з дажджом слёзы. І не саромеліся іх, не хаваліся адно ад другога, бо яны, слёзы, былі выпакутаваныя і ачышчалі нас ад нанесеных адно аднаму крыўдаў, а і нараджалі нас, рабілі новымі, непадобнымі на ранейшых.

- Уладзімір Васільевіч, а давай з табой развітаемся прыгожа, га? - прытулілася да мяне, прытулілася, як чужая. - Добра.

- Як ты хочаш?

- Пайшлі ў рэстаран, вып'ем на развітанне «Шампанскага».

- А пры развітанні п'юць толькі гэта?

- Не ведаю... Але я хачу, каб яно ў нас было на стале. У нас нават і не развітанне. У нас нешта накшталт свята. Свята разводу. Па-дзяржаўнаму - скасаванне шлюбу. Па-расейску - расторженіе брака. Наша сямейнае жыццё - гэта суцэльны брак. Вось мы і павінны пазбавіцца ад браку, і пяройдзем у новую фазу - у якасны стан. Бо ў душы ў нас няма ні злосці адно на аднаго, ні крыўды, адно хіба шкадаванне, што так атрымалася, што не наладзілася жыццё. Ці не так?

- Можа і так. Добра, што мы разумеем адно аднаго.

У рэстаране «Сустрэча» знайшлі ціхі закутачак. Афіцыянтка прыйшла адразу, як мы ўселіся за стол, узяла заказ. Я ж яшчэ заказаў сабе шклянку гарэлкі. Спадзяваўся, што такая доза ўтаймуе маё хваляванне.

Мы дзынкнулі фужэрамі. Яна паднялася, падышла да мяне:

- Дзякуй табе, дарагі Валодзя. Дзякуй за светлыя і радасныя гадзіны, што мне падараваў. Яны застануцца ў памяці на ўсё жыццё.

- І табе дзякуй, - пацавалаваў я руку, не ўставаў. - Мы кахалі адно аднаго. У мяне будзе да цябе просьба.

- Якая?

Я наліў сабе адзін шкалік, другі, прыкусіў жоўтым сырам.

- Дай мне слова, што ты будзеш адказваць на мае лісты дзесяць гадоў. Тое патрэбна і мне, і табе.

- Згода. З ахвотаю буду адказваць, і сама пісаць. Правільна, нам будзе вельмі балюча вось так рэзка абарваць усё і назаўсёды. І ў мяне будзе просьба. Калі будзеш жаніцца, то я хачу пабыць на тваім вяселлі, і пабачыць тваю жонку. Я бласлаўлю вас, і вам пашанцуе ў жыцці.

- Добра, няхай будзе так.

- І яшчэ. Ты гаварыў пра нейкую жанчыну, там, у ЗАГСе, ну, што ў яе дзіця ад цябе... ты схлусіў, так? Каб нас развялі хутчэй? Скажы, Валодзя... Для мяне тое вельмі важна. Хаця ж і праўда, але я не пакрыўджуся...

- Ты ж сама ведаеш, што тое ўсё няпраўда. Адкуль яна, тая жанчына, у мяне можа быць? Я ж табе ніколі не хлусіў.

- Дзякую табе за гэта.

А напой іскрыўся ў фужэрах, як быццам з дна бруіла крынічка. Я адчуваў, што маіх заказаных дзвесце грамаў, што кропля ў моры. Папрасіў яшчэ. Столькі ж.

Была жонка маўчала, дапытатліва глядзела на мяне.

 

Праз тры дні я адбіў тэлеграму Марычцы. Напісаў так: «Усё рашылася. Я клічу цябе з сынам. Чакаю. Валодзя.»

Кожны дзень чакаў адказу ці прыезду жанчыны, не знаходзіў месца.

Марудна паўзлі тыдні, потым месяцы... Я стаміўся чакаць.

«Перадумала, не захацела ламаць усё. Мусіць, спазніўся я вельмі са сваёй рашучасцю. А мо яна не схацела нічога мяняць у сваім жыцці. Хаця ж гаварыла - хоць праз сто гадоў пакліч, прылячу на крылах. З Аксанай парваў канчаткова, з Марычкай не наладзіў. Сны трывожныя наведвалі мяне - у сне Марычка рагатала і паказвала пальцам на мяне. Чамусьці хадзіла ў ваеннай форме. Прачынаўся мокры, хоць прасціны мяняй.

Жылі мы ў адным пакоі з Аксанай. Паабяцаў ёй, што хутка выселюся. Яшчэ тыдзень чакаў вестак ад Марычкі. Прыйшла думка, што паслала яна мяне, цяльпука, туды, дзе Макар коз сваіх пасвіў. І не пакрыўдзіўся на яе - сам жа і вінаваты. Трэ было сказаць ёй, калі праведвала ў бальніцы, каб кідала ўсё і прыязджала ў мой горад. Знялі б кватэру, і зажылі б шчасліва. Хаця ж не - жыць у адным горадзе з былой жонкай? Ведаць, што і яна дзесьці ходзіць па тых жа вуліцах? То ўжо вышэй маіх сілаў. Выбралі б мы з ёю іншы любы горад нашай неабсяжнай краіны, і паехалі б туды жыць: пачыналі б усё з нуля. І будавалі б сваю хату, сваю сям'ю.

Чаму, чаму так лёс няўдзячна паварочваецца да мяне?

Тады, калі здавалася, што ўсё можа наладзіцца, прыйсці ў норму, і я паверыў, а спадзяванне не апраўдалася - і я аказаўся, як падмануты.

Ці не сам я ў тым і вінаваты?

Ці ж не вораг я сам сабе?

 

А пасля на працы мне прапанавалі пуцёўку.

Старшыня прафкама Віктар Панкраценка - калабок з бліскучай лысінай, вясёлы і дабрачы чалавек, сказаў мне, хітаючы галавой:

- Ты мне не гавары, я ведаю, што ў цябе робіцца на душы. Паскудства там, прабач. А прафсаюзы павінны клапаціцца пра здароўе людзей, ці не так? Так, ліна-палавіна, так. Дык ось, паслухай мяне. Здароўе - даражэй за ўсё, ліна-палавіна. Выдзяляю табе шчаслівую пуцёўку. Паглядзі, ліна-палавіна, якія нумары ў яе - адныя пяцёрачкі. Аж цэлых шэсць. Больш, чым зорак у каньяку. А гэта табе не абы-што, ліна-палавіна. Пашанцуе табе, вось пабачыш.

Жартаўнік вялікі наш прайсаюзны бог Панкраценка - ён і з трагедыі мог зрабіць камедыю. І наадварот. Уведаўшы пра маё становішча, адразу прыняў рашэнне аб маім адпачынку. Усё за маёй спіной, я і не ведаў пра тое. З маёй душы быў зняты вялікі цяжар, адчувалася незвычайная палёгка.

- Дзякую табе, Віктар Панцялеевіч, цудоўны ты чалавек, ліна-палавіна.

Разрагаталіся абодва. Я падзякаваў яму за клопаты, выйшаў з кабінета, і да мяне ніяк не даходзіла - чаму я павінен некуды ехаць на адпачынак, калі ні грама ні стаміўся. Ён думаў, што ў мяне катастрофа? А чаму б і не? Ну і дзівак, ліна-палавіна! Няхай будзе так.

Вось з тае пуцёўкі, як прарочыў прафбог, і пачалася мая новая паласа ў маім жыцці. Яно крута ўзяло кірунак у адваротны бок. На ўсе сто восемдзесят, як кажуць...

У высокагорным Дамбаі я сустрэў Веру.

Пасля доўгіх пераходаў і экскурсій у нас выдаўся выхадны, і моладзь наладзіла танцы. Народ быў у асноўным аднолькавага ўзросту - усе ў спартыўным трыко, як быццам заслужаныя трэнеры па асобных відах спорту, у кедах. Бесклапотнасць і весялосць, адкрытасць і таварыскасць - усё спрыяла добраму адпачынку. І праз колькі дзён здзіўляўся, што могуць здарацца ў жыцці непаразуменні і непаладкі, слёзы і крыўды, нават разводы...

- Вы не пойдзеце ў даліну Нарзана? - спытала ў мяне Вера, з якой танцаваў, якая і запрасіла мяне на танец, адарвала мяне ад задумлівага настрою.

- Пайду. Вы мяне запрашаеце?

- Вы мяне запрасіце.

- Тады за чым затрымка? Пайшліце, запрашаю.

Яна выглядала ці то задумлівай, ці то разважлівай, усміхалася ў меру, хаця ж часта жартавала і любіла слухаць, калі жартавалі іншыя. Да мяне яна адносілася, як і да ўсіх, - не выдзяляла, але і не назаляла.

Напрыканцы нашага адпачынку, адчуўшы зноў няяснасць свайго становішча, на мяне зноў нагарнулася маркота ад думак пра заўтрашні дзень. Папрасіў прагуляцца на колькі хвілінаў. Згадзілася. Сказаў напрамую:

- Вера, а выходзь за мяне замуж!

Яна ўсміхнулася, паціснула плячыма, паглядзела ў вочы - ці не жартую. Нешта ўбачыла ў маім позірку, нешта адчула і зразумела, амаль сур'ёзна адказала:

- Ну, калі ты так настойваеш...

- А ў Гомель са мной паедзеш? Сябар мяне кліча туды на працу - на станкабудаўнічы завод.

- У Гомель? Паеду. Я ж сама з Беларусі, ды вось лёс закінуў у Белгарад.

- Тады ў нас усё добра складваецца.

Вось як скончыліся нашы дамбайскія сустрэчы. А мы як хутка рашылі свае пытанні - як задачкі для другога класа. Калі ўсё вядома, ды і адказ нават сыходзіўся. Ці можа такое здарацца ў жыцці?

 

А праз месяц я паклікаў Аксану на нашае вяселле.

Верка не здзівілася - ёй я расказаў пра ўсё, і выглядала тое жартоўна, нават як анекдот - былая жонка жэніць свайго былога мужа.

У разгар вяселля, калі госці, наетыя і напітыя, жадалі толькі танцаваць, запрасіла мяне былая жонка на вальс. Шапнула весела, гледзячы ўбок Веры, якая размаўляла за сталом са сваёй сяброўкай:

- Твой выбар адабраю. Дабра і шчасця вам.

- Дзякую. І табе таксама.

У яе вачах я не заўважыў ні скрухі, ні затоенай крыўды. Я ж не будаваў сваё шчасце на яе няшчасці. Яна ведала пра тое і сама.

Да канца вяселля яна не дабыла. Першым жа цягніком адправілася назад. Нават і не развіталася з намі. Я расцаніў тое так, што яна паступіла вельмі правільна. Пакінула толькі падарунак - крышталёвую чырвоную вазу. Некім перадала.

А вяселле разгаралася. Музыканты папаліся працавіты і нястомныя - уганялі вясельнікаў аж да сотага поту.

Заўтра пачыналася невядомае, але выбранае цяпер назаўсёды. Адступаць ужо не было куды, ды і навошта? Я не згараў у каханні, сэрца было спакойнае і разважлівае. Можа ў такім стане і трэба паравацца, каб потым не мела сэрца раны і парэзы?

Што чакала мяне наперадзе.

 

Парадоксы жыцця

Праляцела-прашмыгнула колькі гадоў.

Праз нейкі час у мяне нарадзіліся Лёшка, потым Андрэй. Занёс мяне лёс у Кіеў. Ды не ўтрымаўся, рашыў давесці да канца гісторыю, распачатую з Марычкай. Не ведаю, чаму, але неймаверна захацелася пабачыцца, бо ў маёй душы сядзела недаўменне такога раптоўнага разрыву ў той момант, калі, здавалася, усё так прыгожа наладжвалася...

Хіба толькі могу яе змяніцца дамашні адрас - мо пераехала куды, мо памяняла кваэру на лепшую. А так неадрыўна сядзеў ў памяці просты адрас - вуліца Караленкі, 2-22.

З клопатамі я справіўся хутка і меў два дні ў запасе. Выправіўся ў той горад, дзе жыла Марычка. Прыехаў туды праз тры гадзіны, пад вечар. Адшукаў без цяжкасцяў вуліцу, потым дом, пад'езд. Падняўся на трэці паверх. Націснуў чырвоную кнопачку званка, і з заміраннем сэрца чакаў - а хто ж адкрые дзверы? А калі ён, муж, то што скажу? Што пераблытаў кватэры, ці прызнацца адразу, што да яе ў госці прыехаў, як да даўняй знаёмай...

Клацнуў замок, расчыніліся дзверы - на парозе стаяла жанчына. Няўжо - Марычка? Пастарэла, асунулася, і следу не засталося ад былой прыгажосці, у вачах сум і стома.

- Ты?! Божачка, адкуль ты з'явіўся? - яна расплакалася і кінулася мне на шыю. Доўга не адпускала. А потым адышла ад мяне, прачыніла больш дзверы. - Праходзь, чаго ж мы на пляцоўцы сталі?

- Ты адна дома?

- Адна. Муж на дзяжурстве - будзе толькі заўтра. Праходзь. Божачка, якая радасная нечаканасць!

Марычка згатавала вячэру, паставіла на стол пляшку каньяку, маю ўсунула назад, у маю валізку, насварылася, што з пляшкай у госці з'явіўся, добра, што хоць на вочы паказаўся...

Выпілі, разгаварыліся. Нешта ныла ўсярэдзіне, і нешта падказвала, каб пільней прыгледзеўся да сітуацыі, а я зазіраў ёй у вочы, шукаў тую пяшчоту да сябе, якой яна мяне адорвала некалі. Не адчуў у яе голасе балючыя ноткі, не заўважыў, як заўсёды, яе болю, быў глухі і няўдзячны. Пень, інакш і не скажаш пра мяне такога...

І неяк неўпрыкмет заўважыў на кніжным серванце фота ў траўрным абрамленні. Юнак з нейкімі да болю знаёмымі абрысамі твару. Маё сэрца працяў кароткі і рэзкі боль, быццам тое тычылася непасрэдна мяне.

- У цябе гора?

Яна дала волю слязам, і не рады ўжо быў, што завітаў да яе ў такі момант. Я, як мог, супакойваў яе, хаця ведаў, што ніхто ў свеце не зможа яе суцішыць.

- Уся бяда ў тым, што яно не толькі маё...

Яе словы як быццам не пачуў, і таму прапусціў міма вушэй.

- Чаму ж не адказала тады на мае тэлеграмы? Я іх паслаў некалькі - адну за другой.

- На якія тэлеграмы? - яна не глядзела на мяне, апусціла роспачна галаву, каб не паказваць асвайго счарнелага твару.

- Я пасля твайго ад'езду тады, праз тыдзень, паслаў табе першую тэлеграму. Клікаў да сябе. Клікаў разам з сынам. Тады ж і развёўся з Аксанай - вызваліўся з яе путаў. А потым і яшчэ некалькі адправіў тэлеграмаў. Хіба ж не атрымала? Я ж пасылаў з пацвярджэннем...

Яна захітала галавой:

- То ён, значыць, перахопліваў, мой даражэнькі муж. Так, ён. Атрымаў, і нічога не сказаў мне. Кожны дзень тады хваляваўся, бегаў і зазіраў у паштовую скрынку - баяўся, што пісьмо прышлеш... На званкі ў дзверы першы выбягаў. Ён жа жаніўся на мне з дзіцём.

- Як - з дзіцём? - зноў нічога не разумеў.

- Ой, Валодзя, Валодзя, ты ж нічога не ведаеш. То твой сынок, Валодзька, загінуў. Я баялася табе гаварыць табе, як ты ляжаў у бальніцы, мог жа падумаць, што падманваю цябе і аблытаць хачу. Тое здарылася пасля таго, як мы прыгожа правялі з табою тыдзень у гасцініцы. Памятаеш? А цяпер адлічы роўна дзевяць месяцаў... Ды што я, па-сутнасці, як апраўдваюся перад табою. Ты паехаў, не сказаў нічога - ні слова, ні паўслова, як пагуляў са мною, і забыўся на мяне. А я ж лічыла ўжо, што стала тваёй жонкай...

Ад пачутых слоў, ад яе прызнання-адкрыцця, мяне заблажыла. Акурат гэтак жа, як і тады, перад самай бальніцай. Я схапіў яе за руку, як ратаваўся ад нечага страшнага і немінучага, здавалася, вось-вось на мяне абрынецца нейкі цяжкі груз і раздушыць, а я не змагу ўцячы ад яго, схавацца.

Маўчым, баючыся прамовіць слова. Думкамі перамаўляліся між сабой.

- Што з ім адбылося, Марычка?

- Афганістан... У першым баі падарваўся на міне. Нічога не засталося... Труну прыслалі цынкавую, апячатаную. Пахавала я яго, але потым сябры яго прыходзілі да мяне, расказалі пра ўсё... Праўду сказалі. Божачка, за што мне такая кара?

«А мне? Няўжо Бог і мяне так карае за маю нерашучасць і дурную разважлівасць. Я як той жыд-каравачнік, які прыкідвае, гадае, каб не прайграць, беручы зношанае ашмоцце людзей, каб ні дай Бог на капейку панесці страты... За што ж так? За Марычку? Так, ёсць за што... Не па-чалавечы абышоўся з ёю, атрымалася гідко і не па-праваслаўнаму. Хіба ж то не кара, калі не ведаць, што ў цябе рос сын, а даведацца пра яго давялося тады, калі не стала яго на свеце?!»

- Не плач, Валодзя. Ты ні ў чым не вінаваты. Каб сказала тады табе, як званіла праз тры месяцы, што ў нас будзе дзіця, усё было б добра, мо выйшла б яно неяк інакш... А так і з ім не нажыла, і ты - не мой...

Я ўткнуўся ў яе грудзі.

Потым выпіў адзін за адным некалькі шкаліка, але смаку не адчуў, як і горычы - гора сваёй чорнай пячаткай пазначыла мяне, праткнула чорнай іголкай, здаецца, сэрца наскрозь... Не хапала дыхання, перад ваччу пацямнела, захісталася сцяна.

Як трохі адпусціла, неадрыўна глядзеў на фота, пазнаваў і не пазнаваў у ім сына. Ён усміхаўся, гледзячы на нас маімі вачыма, як пасміхаўся над нашымі клопатамі і перажываннямі - недасягальны для майго разумення, ніводнага разу не ўбачаны мною...

- То выпускное фота - класам здымаліся, - патлумачыла Марычка, глыбока ўздыхнуўшы, падышоўшы да мяне, стала побач, прытуліўшыся да мяне. - А загінуў ён у той год, як да цябе ездзіла ў бальніцу. Праз тры месяцы пасля таго...

Мы доўга маўчалі, думаючы пра адно і тое ж.

Пад раніцу выклыікалі таксі і Марычка праводзіла мяне, выйшаўшы ў двор - пацепвалася ад холаду.

Нічога не сказала на развітанне - не папракнула, не сказала ніякага пажадння. Пакрыўдзілася? Ды і занадта мала, толькі пакрыўдзіцца на мяне за ўсё...

Болей цяжкага вечара і ночы, як гэтая, у мяне, здаецца, ніколі не было. Горай гора не бывае...

Калі Бог не даў розуму і святога прадчування сваёй будучыні, то адкуль усяму гэтаму ўзяцца?

Жыццё нашае пралятае, як адно імгненне, як росчырк знічкі на шэрым небе.

 

Праз год у маім жыцці адбылася невялічкая падзея.

Рэдкалегія газеты «Саціндустрыя» прызнала мяне пераможцам у конкурсе за нарыс «Поле». А ўручаць каштоўныя падарункі і граматы рашылі чамусьці ў «Праўдзе». Мо хіба для саліднасці?

Перапіска з Аксанай у нас не перапынялася, я ведаў яе маскоўскі адрас - выйшла замуж і пераехала з мужам у сталіцу.

Пасля цырымоніі, якая доўжылася да абеду, я пазваніў сваёй былой жонцы. Яна абрадвалася, пачуўшы мой голас і, даведаўшыся, што я знаходзіўся непадалёку ад яе, прапанавала прыехаць у парк Горкага.

Яна ўжо сядзела на лаўцы і паджыдала мяне, убачыла і кінулася насустрач.

- Добры дзень, Уладзімер! Як я рада цябе бачыць! - яе вочы лучыліся жаноцкім шчасцем. Яна неяк памажнела, акруглілася тварам, па-жаноцку стала прывабнай, дзівіўся такой перамене. - Што ў цябе ў Маскве?

Я расказаў.

- О, віншую. Прыемны поспех. Ты выбіваешся на журналісцкую дарогу, пра якую даўно марыў. А я не верыла некалі, прызнацца, у цябе, лічыла твой занятак нейкай забаўкай. Даруй за маю слепату.

- Ды я і сам не ведаў, таму і не злаваў.

Калі нагуляліся, нагварыліся ўдосталь, Аксана і папыталася ў мяне:

- Ты не зазлуеш, калі я табе ў нечым прызнаюся яшчэ?

- Не, не зазлую.

- Ніколечкі-ніколечкі?

А яна ўсё ж прывабная, прыгожая мая былая жонка Аксана. Яна і сама тое выдатна ведала, і, напэўна, у многіх справах гэтая яе якасць была галоўным козырам. Каб жа не тая прычына, ніколі нам не расстацца б з ёю, ніколі ў жыцці. Былі б мы шчаслівыя з ёю, дакладна ведаю.

- Тады я табе адкрыю невялічкую тайну, якую я хавала ад цябе. У лістах ніколі не пісала пра тое. Ты не паверыш: у мяне дзве дачкі расце - Светка і Волечка. Я - маці! Чуеш - ма-ці!

- Як жа гэта? ты ж...

- Так атрымалася, Валодзечка. Выпадкова. Не ведаю і сама, як тое выйшла. Можа інстынкт прачнуўся, а мо што і іншае... Зацьменне найшло на мяне. Добрае, значыць, зацьменне, як я цяпер разумею...

- Дык чаму ж у нас з табой...

- Не трэба пра тое, Уладзімер Васільевіч. Такі нам лёс, значыць, выпаў.

«Нічога сабе - «лёс выпаў», - мяне пачынала разбіраць зло, не было б нічога дзіўнага, калі і забіў бы я яе там, у парку. - Паламала мне жыццё, столкі глупстваў нарабіў з-за яе, Марычку загубіў, сына свайго страціў, не ўбачыўшы нават... - Ведзьма ты ўсё ж, Аксана, гадзюка. Пра сябе ўсё жыццё думала, пра сябе...»

- Дык ты ж хоць ведаеш, хто ты пасля ўсяго гэтага?

- Ведаю, ведаю. Сцерва, падлюка, гадаўка, ну, і іншы бульварны набор. Усё, што ні скажаш, падыходзіць для мяне. Ты ж даў слова, што злавацца не будзеш.

- Усё роўна ты подлы чалавек, мая былая жонка.

- Так, на вялікі жаль.

- І шкада, што была мне за жонку.

«І некалі ж лёс мяне звёў з гэтай прадстаўніцай нібыта жаночага полу, - дакараў сябе, не гледзячы на яе. - Які ж сляпы быў... Што агульнага магло быць паміж намі? Ложак? І ўсё? Як дурны сон успамінаецца ўсё.»

Больш я ёй не сказаў нічога.

Падняўся з лаўкі, і моўчкі пасунуўся па алеі, не аглядваючыся, адчуваючы на сваёй спіне зневажальную ўсмешку і пагарду над маімі пачуццямі.

Мне нават чулася, як яна рагатала мне ўслед і настаўляла «рожкі», паказваючы, які я дурны, як той баран, як казёл. Азірнуцца баяўся, каб не пацвердзіліся мае здагадкі, бо так магло быць і сапраўды. Адчуваў сябе абражаным і падманутым.

І я назаўсёды пахаваў у сваёй памяці Аксану, сваю былую жонку. Як на сметнік выкінуў непатрэбную прыгожую цацку.

Стала сорамна, што столькі гадоў пісаў ёй, падбіраў для яе прыгожыя і прачулыя словы, стараючыся не пакрыўдзіць, падбадзёрыць яе, каб не сцерці той німб-арэол над яе галавой, які выдумаў, які прывідна лучыўся столькі гадоў...

«Как мало пройдено дорог, как много сделано ошібок...» Так, здаецца, пісаў паэт. Ды то, мусіць, пра мяне. За тое і ненавіджу сябе. За маладушша ненавіджу, за бяздумнасць. Што не кідаўся ў жыццёвы вір, спрабуючы сваю сілу і вынослівасць, а асцерагаўся, аббягаў цяжкасці, і не прымаў імговага рашэння... Соплі жаваў усё жыццё.

Толькі цяпер я зразумеў, успомніў, што не да канца пачуў я свайго настаўніка гісторыі, які раіў мне ніколі не адступаць ад задуманага.

Ён гаварыў і яшчэ адзін аельмі важны, калі не галоўны сказ: «Перад тым, як нешта рабіць, абавязкова падумай, узваж сотню разоў, ці патрэбна табе тое, а потым толькі ідзі напралом - і ты пераможаш». А я тое і рабіў, што ўзважваў. Штурмаваць абставіны чамусьці асцерагаўся.

Не даслухаў, значыць, да канца, і таму нарабіў у жыцці шмат памылак і глупстваў.

Але ці заўсёды згубленае - страчанае назаўсёды?

А гэта ўжо з якога боку на тое паглядзець.

 

Але я не адчуў у свой час галоўнай сваёй трагедыі.

Існаваў вялікі і магутны Савецкі Саюз. У ім па верагоднасці вялікіх тэарэтыкаў вось-вось павінны былі сцерціся грані паміж нацыямі. Бо мацавалі мы ўсе гады дружбу паміж народамі СССР. Так лічыла і магутная, самая мудрая, якая заўсёды з народам і для народа, якая была яго сумленнем.

Але ж знайшліся такія сілы, якія павалілі і магутную імперыю, і «ум, честь и совесть нашей эпохи». Кожная рэспубліка аддзялілася і стала дзяржавай. І тады ж кожная пачала адраджаць і аднаўляць сваю тытульную культуру і мову.

Я стаў уласным карэспандэнтам беларускай газеты, але пісаў для яе толькі на расейскай мове - беларускай, якая стала дзяржаўнай у суверэннай краіне, я не валодаў, хаця за столькі гадоў пачынаў разумець яе. Украінская мова і беларуская - родасныя па сваёй сутнасці. Жонка не абудзіла ўва мне тую цікавасць, наадварот, адмахнулася: «Да брось ты, кто сегодня на этом языке разговаривает?» І зноў жа - не ўзбунтаваўся, не падумаў, што раблю, адрыньваючы мову той дзяржавы, якая забяспечыла мяне жыллём і працай... А я паплыў па цячэнні абыякавасці без вёслаў, без кірунку...

Украінскую мову пачаў забываць, хаця некалі пісаў на ёй і першыя допісы. Расейскую, як след, не асвоіў, бо адчуваў, што слоўнікавы запас хаця і дастатковы, але я не злавіў галоўнага - мелодыю, свабоднай імправізацыі. Вышэй газетнай мовы не падняўся, пра што вельмі шкадую...

А з беларускай дык і ўвогуле сорамна. Напачатку я сябе адчуваў грамадзянінам СССР. Як гэта я магу быць адарваным ад Украіны і Расеі? Мы ж браты-суседзі. Расея - старэйшы брат, а мы - Украіна ці Беларусь - малодшыя. Калі ж расейская імперыя пазбавілася памагатых - калі не рабоў, то наёмных работнікаў, - то пачала кідаць жорсткія каменні ў бок Прыбалтыі - загінуць без нас! Пачалася ліцца кроў у Карабасе, у Абхазіі... І ўсюды расейскія войскі, усюды ім трэба ўплішчыцца...

Аднойчы ўявіў сабе, што я чыстакроўны беларус. І што ж? Крыўда ўзяла мяне, што столькі гадоў расейская імперыя акупавала землі Беларусі, што прыніжала яе, што ўвогуле адмаўляліся называць беларусаў беларусамі, а толькі «жителями Северо-Западного края...» Крыўдна стала за Рэспубліку Беларусь, за яе гісторыю, якую адабралі і падсунулі чужую. Пётра Першы, Сувораў - вялікія быццам бы людзі па гісторыі. А для беларусаў яны забойцы і каты. Колькі жыццяў беларускіх загубілі!

Хто ж тады я - не ўкраінец, не расеец, а ці беларус?

І аднойчы, калі прасвятленне наступіла ў галаве, апамятаўся, з сынамі пагаварыў. Добра, што хоць у пашпарце яны запісаліся беларусамі - па маці.

- Сынкі мае! - кажу ім. - Лёшка і Андурсь! Няхай ваш бацька манкурт - без нацыі і мовы, вы ж хаця не ацурайцеся сваёй радзімы. Вучыце мову і звычаі беларусаў, і я буду разам з вамі вучыць.

- Не хвалюйся, бацька, - супакоілі. - У школе мы вывучаем мову, вучымся размаўляць, хаця і настаўнікаў адвучылі ад гэтага, а вось з табой, бачыш, гаворым. Мы будзем беларусамі, будзем яе працягам...

Спакайней стала ў мяне на душы. Адхлынуў ад сэрца неспакой. На сыноў спадзяванне. На іх розум. На іх адданасць сваёй радзіме, бо яны нарадзіліся на гомельскай зямлі...

Як мне хочацца праз нейкі час, на нейкай вялікай бяседзе беларускай, крыкнуць, вывучыўшы перад гэтым мову, навучыўшыся пісаць на ёй:

- Браткі-беларусы! Хаця ж ўва мне цячэ хахляцкая кроў, але я даўно стаў беларусам. Павіншуйце мяне з такой падзеяй!

І буду я лічыцца шчаслівым чалавекам пасля таго.

Ці не праўда, скажыце, мне, дарагія?

 

... - Пасажыр, прачніцеся, - дакранулся асцярожна да пляча правадніца. - Праз паўгадзіны прыедзем у Гомель.

Я зірнуз у акно: праз шыбы цадзілася ранішняе святло. Па шкле сцякалі дажджавыя змейкі. Значыць, у Гомелі ідзе дождж. То добра, вельмі добра, калі цябе з далёкага дзяцінства сустракае дождж.

На душы лёгка і прыемна. Нараджалася ўпэўненасць у сабе, у заўтрашнім дні. З плячэй упаў нябачны груз, і дыхалася мне прасторна і вольна.

Ці не хлопцы прыйшлі мяне сустракаць - Лёшка і Андрусь? Здаецца, што іх курткі заўважыў у шэрай імжэчы. Адкуль уведалі, што гэтым часам вяртаюся дадому?

Зірнуў на гадзіннік - цягнік прыбываў на станцыю без спазнення - хвіліна ў хвіліну.

Дзень добры, Гомель!

 

Піцунда, Дом творчасці, 1991 г.


1991

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае