Дрымотна ціснуцца кусты
Пад цёплы бок дубровы ціхай.
I ў цішыні за тры вярсты
Чуваць, як п'е ваду ласіха.
О край мой родны! Я прашу:
Ратуючы ад пустазелля,
Я сам расцераблю душу,
А ты мне дай свайго насення,
Каб мог я так сумленна жыць,
Каб і мяне ў ліхую невідзь,
Ніхто не мог закабаліць,
Ніхто не мог ачужаземіць.
Шалеюць скразнякі эпох.
Я чую, як Айчына кліча
На раздарожжы ўсіх дарог
Не разгубіць свайго аблічча.
Якая ноч! Які спакой
На вечаровым аксаміце!
І толькі недзе за ракой
Крычыць зямляк: «Пера-вя-зі-це-е!..»