epub
 
Падключыць
слоўнікі

Анатоль Грачанікаў

Казка пра Івана-ганчара і пачвару-цара

Жыў-быў у нейкім царстве цар -

Усемагутнейшы ўладар.

Цар як цар:

Адных любіў,

Тых, хто супраць быў, -

Забіў.

 

Ў гэтым царстве кожны пан

Па тры скуры драў з сялян.

 

Тлусцелі сытыя вяльможы,

Крычалі:

- Цар у нас харошы!

Хоць і навокал жабракоў

Было, як летам камароў.

Штогод касіў прыгонных мор,

Ды весяліўся царскі двор.

Музыкі гралі.

Танцавалі

Там і паненкі і панкі,

І на ўвесь свет

Цара ўслаўлялі

Прыдворныя пісарчукі,

 

І кожны ў дрыжыках глядзеў

На церам, дзе сам цар сядзеў.

Але «намеснік бога» - цар

Нікому не паказваў твар.

Ніхто з вяльможнага двара

Не бачыў у жыцці цара.

Не зналі нават плеткары:

Ці малады ён,

Ці стары?

 

Хацеў пранырлівец аднойчы

Спазнаць:

Каму ж пяюць хвалу?

Дык ранкам на гандлёвай плошчы

Знайшлі нябогу на калу.

 

Прыціхлі тлустыя вяльможы,

Шапталі:

- Цар у нас харошы!

Ніхто асмеліцца не мог

Убачыць:

Хто ж зямны іх бог?

 

На свеце, што ні гавары,

Старэюць нават і цары.

І вось, як цар пачаў старэць

І ўсё часцей прыгадваць смерць,

Рашыў займець ён свой партрэт,

Перш чым пакінуць гэты свет.

Каб на яго маліўся люд

У царстве вечна там і тут.

Усемагутны цар зароў:

- Ану, падаць мне мастакоў!

Пара нахлебнікам, пара

Намаляваць свайго цара!

 

І стражнікі цягнулі іх,

Каму ўрэзаўшы пад дых,

Каго агрэўшы бізуном.

Пад царскім стоячы акном,

Чакаў, гадаў прыдворны люд:

Які ім вынес цар прысуд?

 

Ды ад вышэйшага указу -

Намаляваць цара партрэт -

Яны ўсе пачалі адразу

Смялей глядзець на белы свет.

 

І кожны думаў:

«Мо мяне

Вялікі шанец не міне?

У царскай міласці і ласцы

Я буду жыць тады,

Бы ў казцы...»

 

І выбар ганаровы паў

На мастака, што маляваў

Вяльмож, іх жонак і сынкоў,

Паслоў заморскіх і купцоў.

Яшчэ - ён гэтым ганарыцца -

Намаляваў саму царыцу.

 

На люд зірнуў ён пераможна

І - юрк у церам асцярожна.

Нібы з вясновага загону

Чарвяк які, але шпарчэй

Падпоўз лісліва ён да трону,

Нат не ўзнімаючы вачэй.

А калі глянуў, то заенчыў:

- О, божа!

Хто ж цябе скалечыў?!

 

Была ў цара адна нага,

Нібы зламаная дуга.

І вока выперла на лоб...

Не цар, крый божа,

А цыклоп!

- Малюй! -

Сказаў пагрозна цар,

Усемагутнейшы ўладар.

 

- Я намалюю, намалюю,

Цара ад сораму ўратую.

Ці ж можа быць пачварай цар,

Нам богам дадзены ўладар?

 

Ці мала-доўга маляваў -

І вось партрэт цару падаў.

 

Быў на партрэце гэтым цар -

Ні даць ні ўзяць -

Намеснік Бога.

І вочы, ажывіўшы твар,

Глядзелі ўзвышана і строга.

Яго кульгавая нага -

Не паламаная дуга,

А трону добрая падпорка.

Адразу бачна:

Калі дзе

Хто пад пяту ёй

Пападзе -

Таму навекі

Стане горка...

 

Ды цар пазелянеў ад злосці,

Аж затрашчалі ў целе косці:

- Ты не мастак!

Ты - хлус, лайдак!

 

Дык вось ты марыш пра якога

Усемагутнага цара!

Ну, што ж

Ідзі служыць да Бога!

 

І кат, пакліканы з двара,

Рукой нядрогкай -

Раз і два! -

І паляцела галава...

 

Пасля - у дрыжыках ад страху,

Больш не хаваючы тугі,

Папоўз да трона, як на плаху,

З прыдворных мастакоў - другі!

 

Прыкінуў ён і так і сяк,

Лічыўся ж неблагі мастак,

І ледзь не выкрыкнуў:

- Ура! -

Рашыўшы маляваць цара

Такім, як ёсць на самай справе:

Пачвару хіжага ў няславе.

 

Зрабіў адно суровым вока,

А сапсаванае бяльмом

Прыўзняў ён трошкі над ілбом,

Каб людзі бачылі здалёку,

Што цар і цешыць, і карае,

Што ласку ён і сілу мае.

А той, засохлаю нагою,

Нібыта косткаю якою,

Ён можа кожнага агрэць,

Ды так, што можна адубець...

 

Калі ж

Зірнуў цар на малюнак

Адным крывавым вокам коса,

Мастак адчуў, што паратунак

Яго чакае на нябёсах:

Ці ж можа быць пачварай цар,

Усемагутнейшы ўладар?

 

Цар скалануўся ўвесь ад гневу,

Нібыта ў навальніцу дрэва.

Вяльможаў трэсла, як чарот...

Ад замка ў розныя канцы

З шырокіх крапасных варот

Ляцелі стражнікі-ганцы.

 

- Хто намалюе з вас цара? -

Амаль у кожнага пыталі.

І людзі ў жудасці маўчалі.

Ганцы далей,

Далей скакалі:

- Хто намалюе з вас цара?

 

- А што, мо паміраць пара

Яго вялікасці?

То трэба

Старога падсадзіць на неба, -

Сказаў хлапец,

Ганчар Іван.

- Чакайце,

Дамайструю збан,

Сваёй нявесце падару,

Тады вядзіце ўжо к цару.

 

Ганцы раней, вядома, хлопца

Цягнулі б сілай на вяроўцы,

Паддаўшы добрага ляшча.

Цяпер жа, нібы паніча,

Ды на каня - за рукі, ногі,

А ўсім астатнім -

Прэч з дарогі!

 

І быў прывезены Іван

У замак, як заморскі пан.

- Ты будзеш цар?

Здароў, здароў!

Ты, мабыць,

Як дзіцёнак роў.

Бач, твар распух.

Ці хворы мо?

Тады адвар травы дамо.

Пап'еш яго ты дзень ці два,

І прасвятлее галава.

 

Чаму нягеглы ты, худы?

І з вокам, бачу, нелады.

І нешта левая нага,

Нібы зламаная дуга.

 

Ты, кажуць,

Хочаш мець партрэт,

Які б уславіў на ўвесь свет

Цябе, цара-уладара?

 

Цар здрыгануўся, як гара,

І на Івана так зірнуў,

Нібы стралой яго праткнуў.

 

А што Іван? Іван - не пан.

Да справы прыступіў Іван.

Цара круціў ён так і сяк,

Нібы ў сваёй ганчарні гляк.

 

- Дакруцішся! -

Аж буркнуў цар,

Усемагутнейшы ўладар.

 

«Калі ўжо ўзяўся, як тут быць,

Які з цябе партрэт зрабіць? -

Стаяў у одуме Іван:

Усё-ткі цар жа, а не збан... -

 

Што гэта?

На падлозе кроў.

Відаць, галовы мастакоў

Ляцелі тут, як качаны...

Ці ж вінаватыя яны?»

 

І думы хлопца залуналі,

Што з веку ў век

І з году ў год

Цары народ свой абіралі

І прыгняталі свой народ.

 

І цараванне,

Панаванне,

Твая вялікасць, дабрадзей,

Па сутнасці, ёсць паляванне,

Ёсць паляванне на людзей.

 

Ганчар так думаў,

Маляваў.

А сярод залы - чорным ліхам

Цар на адной назе стаяў

І злосна соп, і цяжка дыхаў.

 

- Ну, вось і ўсё! -

Сказаў ганчар. -

Прымай, гатовы мой тавар.

 

Зірнуў цар коса.

І ажыў.

Малюнак незвычайны быў.

Цар выглядаў на тым малюнку,

Як Бог

Адменнага гатунку.

 

На кургане стаяў там цар,

Усемагутнейшы ўладар.

Прыжмурыўшы сляпое вока,

Ён з лука цэліўся высока

У неба, дзе жывая цэль,

Плыў урачысты журавель.

 

А той засохлаю нагою,

Што выпіналася дугою,

Ён абапёрся на валун...

Быў грозны цар,

Нібы Пярун.

Не дзеля царскага вар'яцтва

Іван карціну маляваў.

Усёю сілаю мастацтва

Ганчар з пачварай ваяваў.

 

Аслупянеў і ўбачыў цар,

Што у мастацтве цар - ганчар.

У царстве побач два цары?!

- Памры! - усклікнуў цар.

Памры!

 

І са сцяны свой лук схапіў.

Але Івана не забіў,

Сам пасінеў, замармытаў,

Упаў ад злосці

І сканаў.

 

Цары трухнеюць і царкі,

Ды ўсемагутна, несціхана

Легендамі цераз вякі

Сягае слава

Пра Івана.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com