epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Грачанікаў

Зоры спяваюць

1

 

Палохае мяне гадзіннік пясочны,

Стрэлка секундная,

Дванаццаты ўдар апоўначы,

Тэлефонны званок сярод ночы.

Выгнаннікам адчуваю сябе

У натоўпе вялізным

I кожнаму стрэчнаму рады

Дзе-небудзь у лесе ці ў полі.

 

2

 

Яшчэ ўчора, табой аблашчаны,

Меў я крылы, і зоркі, і неба,

Меў цябе і сонца.

Птушкі адляцелі ў вырай.

Хмары пахмурныя вяшчуюць ноч.

...Як цяжка быць вязнем

Сваіх успамінаў!

 

3

 

Адпачнём з дарогі.

Дойдзем толькі

Вунь да таго ўзгорка,

Што падпірае зорнае неба.

Распалім касцёр —

Хай пагрэюцца зоркі.

Самую сквалчэлую, як птушанятка,

За пазухай адагрэю.

 

4

 

Чуеш, спяваюць зоры,

Якія дзіўныя галасы

У гэтым нябесным хоры!

Журлівыя, светла-звонкія,

Натомленыя, як дзіцячыя,— тонкія.

Самотныя, бесклапотныя,

Радасныя, гаротныя.

Чуеш, спяваюць зоры.

Якія дзіўныя галасы

У гэтым нябесным хоры!

 

5

 

Крылы свае адагрэўшы на ўзгорку,

Як дзікія галубы, пырхнулі зоркі.

Пырхнулі зоркі і ў небе расталі,

А нашу журбу з сабою не ўзялі.

Пойдзем, каханая, сцежкай надрэчнаю,

Недзе пад вечар нагонім зоры.

Пойдзем, каханая, першаму стрэчнаму

Скажам: «Дзень добры!»


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Грачанікаў, Анатоль Сямёнавіч. Выбранае : Вершы і паэмы / Анатоль Грачанікаў. - Мн. : Маст.літ., 1988. - 383с.,1л.партр.
Крыніца: скан