epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Крэйдзіч

Белы крэмень

Я жывы яшчэ. Я жывы.

Яму хацелася крычаць, галасіць па сабе, як па нябожчыку. Ён і крычаў, і галасіў, толькі што моўчкі.

...У руках спрытна мільгала сякерка. Удар - і сухое, счарнелае ад часу паленца расколвалася, яшчэ ўдар - і расколваліся палавінкі. Каля самай топкі металічнага дзіркаватага кормазапарніка, пераробленага ў самагонны апарат, расла, большала горка чорных і жоўтых, смалянейшых, шчэпак. Час ад часу дзверцы топкі прачыняліся, агонь як бач аблізваў і паглынаў падкінутыя дроўцы, а сякера ўсё цюкала ды цюкала.

Петрык сядзеў насупраць топкі на паштовай фанернай скрынцы і звыклымі рухамі распраўляўся з круглячкамі. Маленькі, а ў прыцемку і зусім нейкі дробны, ён дужа выдаваў на падлетка, адно што зусім не па-дзіцячы пыхкаў цыгаркай, якую трымаў куточкам тонкіх самкнутых вуснаў. Галаву нахіліў убок. Пэўна, каб дым не еў вачэй. З ноздраў сачыліся два квёлыя ядавітыя белыя струменьчыкі, расплываліся, гайдаліся празрыстымі хвалямі-воблачкамі, узнімаліся, ужо ледзь заўважныя, угару, пад столь, дзе разам з дымным вэлюмам гайдалася мноствам малюсенькіх гамачкоў чорнае павуцінне.

Вось ён дакалоў апошняе паленца, падкарміў агонь, туды ж, у топку, шпурнуў акурак, падняўся, пакруціў калаўрот над вечкам апарата, каб не прыгарэла брага, праверыў пальцам ваду ў карыце з утопленаю ў ёй пакручанаю спружынаю-трубачкаю, узяў вядро, пачаў літровым слоікам пераліваць у яго з карыта. Вынес цёплую ваду і прынёс халоднай. Тады зноў выйшаў з буданчыка, агледзеўся, зашпіліў прасторную целагрэйку, паправіў на галаве чорную вязаную шапачку-пеўніка. Знерухомеў на якое імгненне. Ціша і цямрэча. Ані агеньчыку ў чыім-небудзь акне, ані сабачага брэху. Ноч. Вёска спіць. Адно ў хмарным небе мігцяць некалькі цьмяных зорак. Халаднавата.

- Ат. Скажы ты...

І не заўважыў, як загаварыў сам з сабою ўголас.

- Ат. Ну, што ўжо тут... Як тут...

Думкі блыталіся, а словы блыталіся яшчэ больш. Нейкая ўсяленская трывога сядзела ў грудзіне. Цяжкая, незварушная, што камень. Сэрца ірвалася некуды, да нечага светлага і велічнага. Аднак, прыдушанае каменем, як ён сам гэтаю магільнаю цішшу і моракам, здаецца, не здужала хоць бы варухнуцца, не тое што ўзляцець. І толькі смылела, траціла энергію адно на змаганне з цяжарам, каб зусім не расплішчыцца на аладку.

Цяжар з'явіўся не адразу - спакваля. У старэйшых класах ён зрабіўся амаль невыносным. Гэта быў якраз той узрост, калі яшчэ не надта задумваешся пра жыццё, аднак ужо не-не дый спрабуеш унікнуць, што дзеецца навакол, і што такое варушыцца там, усярэдзіне, у глыбіні самога сябе.

З-за хмары тым часам выплыла нязвыкла вялікае белае вока поўні, і зрабілася відно, як у вечаровым горадзе. Высвецілася, акрэслілася прыгорбленая хата ў некалькіх кроках адсюль, бліснулі халадком шыбіны. Воддаль купкамі яблынь, груш, высокіх акацый і ніжэйшых ліп пазначыліся суседнія, па-хутаранску адасобленыя адна ад адной, сядзібы, нават можна было згледзець крыж на недалёкім скрыжаванні дарог з белаю плямінаю-ручніком на ім. Адна з гэтых дарог павілася ў вялікае сяло. Туды ён бегаў нядаўна ў школу, а цяпер, гэтыя некалькі дзён, што мінуліся пасля вяртання з горада, ездзіць на ровары ў краму па хлеб і цукар. Другая - у недалёкім лесе згубілася.

Пераступіў з нагі на нагу. Зашамацела пад кірзавымі ботамі даўно апалае чорнае лісце. Чакае не дачакаецца яно снегу.

Позірк спыніўся на светлай пляміне пад шэраю пенаблочнаю сцяною буданчыка. Крэмень... Вялізны - велічынёю з ладную авечку - белы крэмень. Гарбаты, абрысамі дужа падобны да зубра.

- Ляжыш?.. Ну-ну. Ат, скажы ты...

Гэты крэмень ляжыць тут, колькі ён сябе помніць. Матка некалі казала, ляжаў, як тут яшчэ і сядзібы іхняе не было. Трэба ж, ніхто не зачапіў яго, калі будаваліся. Нат і з месца не скранулі. Ці то паленаваліся, ці не зважалі на яго, ці ўбачылі ў ім які добры знак, ідала-ахоўніка. Зрэшты, гэта ўжо ён, Петрык, прыдумаў для крамянёвай глыбы таямнічае - язычніцкае - прызначэнне: ідал-ахоўнік. Адным сваім - цямнейшым, нібы абсыпаным попелам - бокам крэмень пазірае якраз на падворак чорнымі паглыбленнямі-вачыма. Калі добра прыгледзецца, можна прыкмеціць крыху ніжэй скрыўлены і неверагодна шырокі, з мноствам малых і вялікіх ноздраў, нос, яшчэ больш скрыўлены, нібыта застыглы ў дзікунскай усмешцы, рот. Ён пазначаны брудна-жоўтым колерам, якога, праўда, досыць паўсюль на гладзенькім каменным целе. Пры жаданні можна знайсці хутчэй конскія, чым чалавечыя, вушы, трэшчыны-бровы... Аднак тут ужо павінна памагаць вачам і фантазія.

Некалі хацеў Петрык перавезці дзіва-крэмень у школьны музей (ён шчыра верыў у тое, што гэта сапраўдны ідал старажытных продкаў), аднак дарослыя толькі пасмяяліся з яго, маўляў, у ваколіцах поўна меншых крамянёў, (так многа, што нават яго вёсачку назвалі Малыя Крамяні, а сяло ў двух-трох кіламетрах адсюль - Вялікія Крамяні). І кожны на некага ці нешта падобны. А гэты хіба толькі кранам і паднімеш. Ён жа палову маленькага школьнага музея зойме, пазакрывае іржавыя гільзы, рулі кулямёта і аўтамата, штыхі, асколкі мін, сабраныя ў ваколіцах... А ніхто і не падумаў, што, можа, памеры - найбольшая вартасць глыбы. Нідзе ж больш крамянёўцы такога велікана не бачылі. Неяк, даўно, заязджалі да іх карэспандэнты, фатаграфавалі крэмень з усіх бакоў, казалі, што гэта ўнікальная знаходка, што такога болей нідзе няма, змервалі яго і рукамі, і знойдзеным на падворку абрыўкам матузка, дзівіліся пляскатаму светламу боку, бо яшчэ не бачылі ў сваім жыцці белых, няхай сабе і не цалкам, крэменяў. Цікава, друкаваліся дзе тыя здымкі ці не?

- Э-хе-хе... Крэмень-крэмень, - хацеў сказаць «бялееш», а сказалася «бяльмо». - Бяльмо ты, во хто... - Сказалася, нібы пра жывую істоту. - Ляжыш без толку.

Петрык сцепянуўся ці то ад холаду, ці з нейкае ўнутранае прычыны, крэкнуў па-старэчы, шуснуў у дрывотню насупраць, накідаў на руку лёгкіх сухіх паленцаў, вярнуўся ў цёплы закураны буданчык... Зноў замільгала-задрабніла ў паўзмроку сякерка, затрашчалі круглячкі, задыміла ў самкнутых вуснах цыгарка...

Ат, і што ты за ахова такая? Можа, гэта д'ябальскі ідал, падкінуты старажытнымі продкамі? Падкідваюць жа людзі адно аднаму загавораныя вузельчыкі, урабляюць паскудства. А тут... Самі ж на вузельчыку-камені і пасяліліся. І пайшло-паехала. Маці казала, пакуль не пабудаваліся тут, усё ў іх ішло як мае быць. Дзесяць год пражылі ў дзеда з бабаю мірна і пяшчотна. І як будаваліся, усё ў іх ладзілася. Бывала, праўда, што і пасварацца, і бацька кіне інструмент ды адыдзе за бярвенні, пыхкае махоркай. Але ж як бач святлее, дабрэе. Ужо ў новай хаце нарадзіўся ён, Петрык. Запознены, Першы і апошні ў сям'і. Слабенькі задаўся, хварэў, ледзь акрыяў.

Каб не матчыны ўспаміны, і не ведаў бы, што бацька быў некалі гэткім жа добрым, як шмат якія іншыя - клапатлівыя - бацькі. А ён колькі ні напружваў сваю ўласную памяць, не знаходзіў у ёй таго светлага, што было ў матчыных словах.

Петрык ускінуў галаву, пабегаў вачыма па чорнай запавуціненай столі, нібы хацеў там нешта прачытаць.

- Ат. Чаму ж не было...

Быў жа, быў адзін такі светлы дзень, калі бацька прыехаў аднекуль цвярозы. Прывёз яму, Петрыку, нейкай дзіўнай смакаты: паламаную на дробныя кавалачкі салодкую плітку з арэхамі. Цвёрдая, аж балелі зубы, як еў, а спыніцца ўсё ніяк не мог, хацелася запакаваць ёю ўвесь рот. Бацька пагладзіў яго па галаве, спытаў, што прынёс са школы. Петрык тады якраз адхапіў тройку. Бацька, аднак, не накрычаў і не набіў. Што значыць цвярозы.

Петрык ад узрушэння ажно перастаў цюкаць, знерухомеў на імгненне, адляпіў ад вуснаў прысохлы акурак, падзьмуў на яго дымам, шпурнуў у бок дзвярэй. Чырвоная зорачка прашыла паўзмрок і стаілася, затухаючы, ля парожка.

Калі падрос, калі пераваліла яму за чортаву дзюжыну, тады толькі зразумеў: бацька хворы. Сябры падказалі, што ён, калі некуды знікаў, не ў камандзіроўкі ездзіў, а лячыцца ад алкагалізму. І тое смакоцце прывёз яму, вяртаючыся з чарговага лячэння, якое, аднак, усё ляцела кату пад хвост.

...І вось гэты камень у грудзях. Спачатку не заўважаў яго, не хацеў заўважаць, не разумеў, што гэта надоўга. Дый наваліўся ён неяк неўпрыкмет. Гэтаксама неўпрыкмет прыходзіла здагадка і пра матуліну хваробу, тую самую, якая адолела здаравяка-бацьку. Навучыўшыся адрозніваць п'янага чалавека ад цвярозага, ужо не здзіўляўся, чаму гэта яны, нібы звар'яцелыя, забіваюць адно аднаго да крыві, да пасінення. Забіваюць чым папала: штыкецінай, чыгунком, кулакамі... Яшчэ больш здзіўляла тое, што бацькі заставаліся жывыя. Раніцою як ні ў чым не бывала матка будзіла яго, карміла вялізным, на ўсю патэльню, таркаванцам, праводзіла ў школу. Як яна ні захіналася тоўстаю рудою хусткай-апінянкай, пацёкі, драпіны, сінякі на твары цяжка было не згледзець. Яны былі паўсюль: на ілбе, носе і пераноссі, шчоках, губах і барадзе. Бацька ў такі час альбо спаў у запеччы, альбо некуды знікаў, каб вярнуцца ці то позна ўвечары, ці - і такое здаралася часцей - праз некалькі дзён. Маці, як прыходзіў са школы, ужо чаплялася плячыма за вушакі, прасіла, каб сам выцягнуў дзе-што з печы, бо ёй «нешта нездаровіцца», завальвалася на покуць...

Ва ўсім гэтым ён жыў, і, трэба ж, не надта браў да галавы, у якой ганьбе меў няшчасце нарадзіцца і расці. Досыць было сваіх, дзіцячых, клопатаў. Яны паглыналі ўсяго, разам з думкамі. Нейкі час свет для яго сышоўся на буданчыку-шалашы, які збіў-сплёў з дошак ды галля высока на дубе, што красаваўся над бліжэйшым узлескам. Так высока, што не надта і прыкмеціш з зямлі. Затое ён адтуль бачыў усё, што дзеецца навокал. Як на далоні пад ім квітнела ўвесну, зелянела цэлае лета і ірдзелася ўвосень вось гэтая, родная і ненавісная, сядзіба, абы-як абнесеная крывулякамі-жэрдкамі. Адтуль, з вышыні, нават высокі плячысты бацька здаваўся дробненькім і зусім не страшным. Ён аж млеў ад асалоды ў сваім зацішным утульным жытле, мог сядзець там цалюткі дзень без аніякага занятку. Альбо чытаў прыгоды ці фантастыку. Украў быў у бацькі некалькі беламорын і ўпершыню паспрабаваў па-даросламу зацягнуцца. Закашляўся, цёк слязьмі. Ды не кінуў куродыміць, пыхкаў і пыхкаў. І тое было для яго важным заняткам, забірала ўсю ўвагу. Нават радаваўся, што нікому надта не патрэбен, хоць начуй тут, хоць лятуй. Мабыць жа, і начаваў бы, калі б пад вечар не адольвалі страх і голад.

І вось зляцеў Пятрок са свайго высознага гнязда-схованкі, расправіў крылы, скінуў, як самалёт бомбу, цяжкі камень, прызямліўся на брукаванку ў незнаёмым велічным горадзе, падхапіла яго людская рака, паплыў з усімі па прасторным праспекце, аслеплены мноствам яркіх палотнішчаў, размаляваных белым па чырвонаму, а чырвоным па беламу...

...Звягнулі дзверы.

- Заснуў ты тут, ці што?

Прахапіўся. Няўжо і праўда задрамаў? Сякерка ў адной руцэ, паленца ў другой. А карак як скамянеў: галавы не ўзняць. Спаў-такі. Сагнуўся крукам над дровамі - не разагнуцца.

- Заснуў, кажу, ці што? - Бацька паўтарыў гучней.

- Мае быць, заснуў. - У горле запяршыла, адказ атрымаўся прыглушаны. Цюкнуў па круглячку сякеркай, раскалоў яго, кінуў долу, адчыніў дзверцы топкі - там ужо дагаралі, то схопліваючыся квёлым агеньчыкам, то гаснучы, галавешкі - падкінуў шчэпак. Яны ўспыхнулі, што салома.

- Цурчыць?

- Мае быць... - У горле пяршыла, голас дрыжэў.

- От, заладзіў: мае быць, мае быць. Зараз паглядзім, што тут у нас, гэ-кхэ-гэ, нацубрылася.

Бацька быў у адной майцы і сподніках. Толькі на плечы накінуў стары аблезлы кажушок. Нейкі нязвыкла худы (а які быў крутаплечы ды крутагруды), старая майка звесілася анучай, агаліла высахлую грудзіну, згамталася складкамі на жываце. На некалі паўнаватым, самаўпэўненым твары чарнелі парослыя густою шчэццю шчокі. Трэба ж, толькі зараз прыкмеціў гэткую перамену ў бацькавым абліччы. Пэўна, таму, што тут яе, перамену, падкрэслівалі цемра, морак.

- От, бляха, у цябе ж ужо поўны слоік, на зямлю цячэ. Давай хуценька якую пасудзіну, бо... Самагоншчык хрэнаў. Ну!

Петрык ледзь разагнуў здранцвелыя ногі, падаў бацьку літровік, якім выбіраў нядаўна з карыта ваду. Танюткі струменьчык звонка забарабаніў аб шкляное гулкае дно.

Бацька крыху праспаўся, быў цвярозы, і таму хутка суцішыў злосць. Ён асцярожна, каб не разліць, перанёс паўнюткі трохлітровы слоік на загрувашчаны нейкаю старызнай дашчаны стол, адарваў ад газеты шматок, абмакнуў у гарэлку, чыркнуў запалкай. Блакітнае полымя палезла аж на пальцы. Выхаплены з цемры азызлы твар на хвілінку нібы расправіўся, пагладчэў, вочы задаволена бліснулі і патухлі, як толькі агеньчык згас.

- Спірт, а не гарэлка. Маладзец. Аднак жа і нагнаў бы ты, каб не я. Вой і бедны быў бы ў мяне... - Цяпер у бацькавым голасе злосці як і не было. Ён падставіў пад хабаток на земляную падлогу (добра, што земляная, не відно, колькі разлілося) большы слоік, літровік паднёс да керасінкі, ад якой, што праўда, святла было не болей, чым ад дзірак у топцы, ускалыхнуў яго: - А гэтую мы зараз паспытаем, ці часам не прыпаліў ты яе? - панюхаў: - не, кажысь, добрая.

Ён зняў з кручка на сцяне стограмоўку, дзьмухнуў у яе, наліў палову, падняў слоік, нешта прыкінуў сам сабе, даліў яшчэ крыху, моўчкі каўтануў, крэкнуў, і толькі тады выцягнуў з кішэні скарынку ды зморшчаны салёны гурок. Занюхаў. Паклаў на стол, на газетку.

- Бяры і ты глыні. Зарабіў. Ды глядзі, не спі болей. Ён апаражніў слоік: «Бач ты, як роўна падзяліў. Ну, бяры-бяры, смялей, а то нейкі ні рыба ні мяса. Не бойся, яна не пякучая - хлебная».

Сапраўды, гарэлка не апякла, а сагрэла. Адзін глыток, а па целе ўжо расплыліся лагода і цяпло.

- То, кажаш, пагналі цябе з інсцятута? - бацька зацягнуўся цыгаркай.

Памаўчалі.

- Даміцінгаваўся, маць тваю...

Петрыку не хацелася адказваць. Гэта ж з-за яго, алкаша беспрабуднага, з-за іх абодвух збег ён у горад, каб не вяртацца сюды да канца вучобы, а мо і болей, аж пакуль не ўладкуецца на добрую працу ды не разбагацее. Сорам, ганьба, камень у грудзях, іх камень, пагналі яго далей адсюль. Гэта ён, Петрык, павінен, калі ўжо на тое, дакараць бацькоў. Але ж маўчаў, цярпеў. І во дамаўчаўся.

- От жа, скажы ты, смаркач нейкі - а і той міцінгаваць лезе. Што ўжо ты там згубіў, дзяроўня дурная.

- Ды не міцінгаваў я, што ты прычапіўся.

- За што ж цябе, за тройкі ці мо за двойкі вытурылі, га? То чаго было лезці не ў сваё. Паступаў бы, вунь, у хабзарню, калі кацялок не варыць.

- Я ж казаў: выйшлі з хлопцамі паглядзець на мітынг. А там міліцыя. Як ужо ўсе разыходзіліся, пачалі хапаць тых мітынгоўшчыкаў. Я не ўцякаў. Я ж ні прычым быў. Але схапілі, пратакол склалі...

- Ні пры чым, ні пры чым. Не можа быць, каб проста так узялі дый заарыштавалі. Мо п'яны быў. Мяне цвярозага ні разу яшчэ і пальцам не зачапілі. П'янага, дык і лупцавалі, і на суткі саджалі. І правільна. Парадак ёсць парадак.

Петрык ужо шкадаваў, што загаварыў з бацькам. І не проста загаварыў, а нібы апраўдваўся. Хоць ён проста хацеў давесці праўду. Ды ўсё роўна нічога яму не дакажаш. Нашто было вяртацца сюды? Але ж куды яшчэ яму падацца, адзін жа адзінюткі ва ўсім белым свеце. Па праўдзе, у той дзень, якраз выхадны, ён-такі быў нападпітку. Выпілі з хлопцамі на чацвярых паўлітэрак «белай», пайшлі паназіраць, што робіцца на мітынгу. Пасля ён неўпрыкмет змяшаўся з натоўпам, згубіў сябрукоў. Мітынгоўшчыкі акурат разыходзіліся, цяжка было разабраць, дзе ён і куды можна сігануць. Недзе зусім блізка луналі над галовамі бела-чырвона-белыя палотнішчы. А пасля ў паперы, перададзенай у дэканат яго геаграфічнага факультэта, было пазначана: затрыманы ў нецвярозым стане, брыдкасловіў... Калі шчыра, дык і вучыўся ён слабавата, ніжэй сярэдзінкі, хоць і зубрыў да пацямнення ўваччу... Праз год, лічыў, узаб'ецца і на пяцёркі, развітаецца назаўжды з траякамі. І вось на табе, адлічылі...

- Дык, значыць, надумаў паступаць зноў?

- Надумаў, а што?

- Ты мне не штокай. Расштокаўся, бляха. Калі табе трэба ехаць?

- Хутка.

- Калі гэта хутка?

- Праз тыдзень. На падрыхтоўчае трэба спачатку. А мо аднаўлюся. Буду прасіцца.

- Во і прасіся, калі галавы няма. А пакуль паедзеш, будзеш чамергес ціснуць. У нас заказ. Людзі харошыя падкінулі прыработак. Яны заплацяць. Усе грошы - табе. Бяры і едзь к чорту, паступай. І не рабі больш так, як тады зрабіў. Нікому нічога не сказаў, збег, панімаеш, знік. Ты вось нас з маткаю цураешся, я ж бачу, а мы хоць і п'яніцы, ды разумнейшыя за цябе, жыць умеем. Без нас, бач, усё адно не абышоўся. Разумнік. Ну, давай яшчэ па ядзінай.

Ён дастаў аднекуль з-пад стала, з-за перакрыжаваных негабляваных ножак закаркаваную паперай недапітую пляшку - «Бачыш ты, стаіць, не знайшла старая», - наліў поўную стограмоўку, залпам выпіў, занюхаў рэштаю гурка, наліў яму, Петрыку...

- Вышэй нос, студэнт. - Бацька, бачна было, захмялеў. - Ды глядзі тут, як набяжыць гэтая, падстаўляй яшчэ адну і ўсё, больш не тапі, няхай паціху гасне. Ранкам старая разбярэцца.

Ён прыкурыў, і чырвоны агеньчык знік за дзвярыма.

Пасля другой чаркі Петрык ажывіўся, шпарчэй зацюкаў сякераю. Дакалоў апошняе паленца, паддаў жару, выцягнуў з топкі танчэйшую шчэпку, падкурыў ад яе, падумаў, што, можа, дарма ён гэтак часта дыміць, і піць, мабыць жа, не трэба было. І так мала піў. А пасля адлічэння з інстытута і зусім завязаў. Напэўна, таму і захмялеў гэтак хутка. А мо і добра, што сцебануў. Хоць развесяліўся. Можа, хоць не так будуць даймаць успаміны-перажыванні. Адпачывай, душа, гуляй. Да абеду адсыпацьмемся, а з абеду - за кнігі. І... вучыцца, вучыццца ды яшчэ раз вучыцца. Мы ўсім дакажам, хто такі Петрык. Зайздросціць будуць яшчэ. Скажуць, бачыш ты, Петрык у людзі выбіўся, дарам што бацькі алкашы, бач, які малайчына. І не трэба будзе ехаць дадому альбо з домы хаваючыся.

Ат, а чаго хавацца. Не злодзей жа і не злачынца, каб хавацца. А бацькі... Ну, што там бацькі... Яны - адно, ён - другое...

Аднак ужо камень навальваўся з новаю сілаю.

- От, скажы ты...

Скуль ты ўзяўся? Як скінуць гэту чортаву навалу? Які ж то клас быў? Восьмы? Дзевяты? Ах, як рэзанула тады чыёсьці: «Пі. Племя алкашоўскае. Куды табе дзявацца: бацькі п'юць, і ты піць будзеш... Глядзіце, - звяртаўся той, ужо і забыўся, хто, да хлопцаў, - яшчэ і крывіцца». Гэта быў восьмы клас, хлопцы ўжо ладна выпівалі, а яго як адрэзала. Залёг за кнігі: не, я не здамся, я дакажу, дакажу. Збягаў да слабенькай ужо, добрай, аж салодкай, як каштэлі ў яе гародчыку, бабулі Хрысціны, і вучыў-вучыў. Тады ўжо дапяў, што іначай няма яму ходу ў белы свет. Заходзіў да бабы Хрысці і бацька, прасіў грошай, а яго, сына, нібы і не заўважаў. Сядзіць сабе за сталом, і хай сабе сядзіць. Акурат тады дайшло, які ён чужы ў сям'і, і камень налёг на сэрца ўсім сваім непераможным цяжарам.

І быў-ныў той камень доўга, аж пакуль не прызямліўся на брукаванку ў вялікім няродным горадзе. І цяжка было зрабіцца гэтаму гораду сваім. І не стаў ім, аднак там, між муроў і зіхоткасці людской, дзявочай, электрычнай і яшчэ невядома якой, неспазнанай, таямнічай, адпусціла - сэрца вольна лётала-гуляла па-над паднебнымі дахамі і шпілямі.

- От жа, эх-хе-хе...

Светлае адлятала, адлятала...

Смяяліся з яго і там. Смяяліся, як ён выгаворваў няправільна «шчыкалада», «цюкеркі»... Так яго і празвалі - «цюкерка». Няхай бы і смяяліся, абзывалі, але смяяліся дзяўчаты - здзекліва, пагардліва... Ну, і смяяліся, і добра... Затое камень... Пра камень у грудзях забыўся і не ўспамінаў. Эх-ге-хе, цюкерка-шчыкалада...

Пятрок падкінуў у топку апошнія шчэпкі.

- Кхэ-ге-е...

Варухнуў плячыма. Камень сядзеў. Ці то ў падплеччы, ці ў грудзіне. Аднекуль зверху ціснуў, і моцна ціснуў на сэрца. Ат, бляха... Памяняў слоік. Наліў з поўнага ў стограмоўку. «Ат, к чорту камень». Перакуліў. Занюхаў скарынкай. Пацяплела. Ат, гуляй, душа, згінь, камянюка праклятая. Выйшаў на двор. Вецер узяўся, кідаў вохлае лісце. Цёплы ветрык, як і не зімовы. Дуб, як ты там? Цямнела над узлескам цёмная пляма. «Эх, дуб ты мой, хата мая». Зачапіўся за нешта цвёрдае. «А-а, гэта ты, крэмень мой. Ну-ну». Бялеў, свяціўся белым, абцясаным волатам-векам, бокам, крэмень. Абняў яго. «Волат мой, зубр, зубрышча. Ану, пабораемся. Я зварухну, зварухну цябе». Крэмень, аднак, як урос. «Ух ты, вернідуб». Вярнуўся ў буданчык, пастаяў. «Ух-х». Перакуліў яшчэ стограмоўку. Занюхаў. Прыслухаўся. Не, камень сядзеў, як і сядзеў на сэрцы. Ціснуў, пракляты. Петрыку здалося, што калі ён зварухне, перакуліць крэмень пад сцяною, то скіне яго і з сэрца. «Ух-х. Я цябе...». Наліў яшчэ адну і зноў выпіў. «Ух-х, глядзі ў мяне...» Выйшаў, падчапіў рукамі з-пад нізу, напружыўся: «Гэ-эх-гэ-кхэ-гэ». Ну і камянюка, ну і глыба, халера. Адышоў. Агледзеў крэмень. «Во, цюкерка-шчыкалада». Прыгледзеўся. Уваччу плыло. Эге, ты не зубр, ты карта. Ну, як ёсць карта. Беларусь. Як на далоні. Во тут - тыцнуў пальцам пасярэдзіне - я вучыўся. А вось тут - тыцнуў крыху ніжэй - ганю самагон. Агледзеўся, хацеў да некага звярнуцца, каб пахваліцца адкрыццём, але вакол былі цемра і вецер. І чорнае лісце то ўзлятала, то апускалася долу, шамацела. Поўня зноў выйшла з-за хмар, і крэмень-карта, здалося, аж заблішчэў. Заімжыла. Твар пацёк халодным потам. Камень сядзеў на сэрцы, і так карцела яго зварухнуць, зараз жа, адным махам вылузнуцца з-пад цяжару. «Ну, цюкерка-шчыкалада, ух-х, я цябе...» Падчапіў крэмень рукамі і з новаю сілаю ўзяўся перакульваць-варушыць яго. Здалося, нават і зварухнуў, і так хацелася, каб хто памог, каб яшчэ хоць адзін чалавек. Ды не, няма нікога. «Ну, чакай, я зараз, ух, я цябе». Уварваўся ў буданчык, перакуліў яшчэ стограмоўку, выскачыў. Памуляў пад целагрэйкай. Не, камень сядзеў па-ранейшаму ёмка. Хоць ужо зрабілася горача. Мо і дарма піў. Цвярозаму лягчэй было б, з розумам падышоў бы. Крутануў галавою. І толькі паддзеў крэмень з-пад нізу, напружыўся, як нехта зусім блізка гукнуў:

- Хто тут?

Выпрастаўся. Стаяць ці то тры, ці чатыры постаці.

- Хто тут, што за звер?

Нечый голас, нібы рэха:

- Петрык? Ты? Ну, здароў, стары.

Нехта ёмка штурхануў ці то ў грудзі, ці ў плячо. Аж не ўстаяў, уплішчыўся ў шчыліну між крэменем і сцяною буданчыка.

- Гляньце, Петрык напіўся. Я ж казаў, яблык ад яблыні не далёка падае.

Гэта быў той самы бэйбус-аднакласнік, які найбольш здзекваўся з яго ў школе. Падхапіўся, намагаўся засяродзіцца, аднак уваччу плыло і плыло. Плыў маладзік, плылі твары і хмары.

- Што, напіўся, стары?

Аднакласнік і тыя, што былі з ім, зарагаталі.

- Самагонкі нагнаў, га? Ану, адыдзі, зараз праверым, што ў цябе там. Вой, як смачна пахне.

Петрык адышоў, закрыў сабою дзверы. Хацеў папрасіць, каб памаглі перакуліць крэмень, але язык не слухаўся, замест слоў вылятала яму самому незразумелае сіпенне.

- Во, дапіўся, шыпіць, як гусак, і дзяліцца не хоча.

- Гэта мо той, міцінгоўшчык?.. - З цемры, з-за аднакласніка вылезла нечая постаць. Яны сутыкнуліся твар у твар. Петрык адхіснуўся: гэта ж той, той самы «зэк»... Ага, яго ўсе ў вёсцы «зэкам» завуць. Усе, і старыя, і малыя, баяцца яго.

- Той, той... Ягоны стары казаў, што не з-за вучобы, а за тое, што міцінгаваў, пагналі к чорту з вучобы.

- А-а, уласць не нравіцца? Жывецца блага? Папівае сабе, бач, самагоначку, і рыпаецца яшчэ. Ну, мы цябе навучым...

- Ды не чапай ты яго, - уступіўся аднакласнік. - Ён і так загнецца не сёння-заўтра.

- То няхай цягне самагон, бо зараз адною пстрычкай заб'ю. Ну, што стаіш, адчыняй, пакуль добры, або адыдзі, не блытайся пад нагамі.

Петрык, можа, і адышоў бы, ды ногі не слухаліся, падгіналіся ў каленях. Ён паспрабаваў варухнуць рукамі, але і яны не слухаліся, толькі пальцы няўлад торгаліся, нібы ножкі пачварнай жамярыны. Пад каменем у грудзях, адчуў, нясцерпна заныла. Ад страху, ці што?

- Ён не чуе! - гукнуў «зэк». - Ён нас не чуе!

- Зараз пачуе. - Падбегла трэцяя постаць. Петрык не пазнаў, хто гэта. Ён толькі адчуў востры боль у грудзіне. Сагнуўся. Нехта паддаў у вуха і па карку. Зваліўся на нешта цвёрдае і вострае, убачыў, як па бліскучым мокрым баку крэменя, яго белага крэменя, пацякла барвовая ручаінка... Пацякла няроўна, выгінаючыся, пераломваючыся на трэшчынах і саслізгваючы з іх. Як рака на карце. «Мая рака» - падумаў, губляючы сябе ў беспрытомнасці.


1995-2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая