epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Крэйдзіч

Янкаў сон

«Сход! Сход! Сход! Усе на сход! Дзынь-дзынь-дзынь», - заклікае званочак дзятву ў самы вялікі клас. І вось усе сабраліся і дырэктар пачаў:

- Сёння, шаноўныя вучні, вам трэба зрабіць важны выбар. Мы з году ў год выслухоўваем вашыя скаргі на тое, што ў праграме навучання шмат лішняга, незразумелага і непатрэбнага. Асабліва гэта датычыцца літаратуры. Таму сёння і правядзем галасаванне па гэтай дысцыпліне. Астатнія пакуль на парадак дня ставіць не будзем. Давайце вызначымся з вамі, якіх пісьменнікаў выкінуць з праграмы, якіх пакінуць, а якіх уключыць у яе».

Пакуль Янка кумекаў-меркаваў, каго ж можна выкінуць з праграмы, першым ускочыў з лаўкі несусветны двоечнік з бандыцкімі замашкамі Пятрок Шыпулька, які за сем гадоў вучобы ні разу не падняў на ўроку рукі.

- А што тут рашаць, - рубануў з-за вуха гэты завугольны аўтарытэт, якога Янка больш за ўсіх у класе баяўся за яго нахабства і помслівы характар. - Усіх, каторыя цяперака ў праграме, трэба вытурыць прэч на які глухі сметнік, а замест іх... Замест іх... Ну, як яго... Гэтага... Ну...

- Забыўся, - хіхікнуў нехта ззаду і прыкрыў галаву рукамі. Але не ўбярогся. Шыпулька таўшчэзнай хрэстаматыяй з усяго маху агрэў насмешніка па карку.

- Мо Чэйза? - шапнуў бяскрыўдны Петракоў сябрук Шурык.

- Якога Чэйза, прыдурак. Трэба гэтага, ну, Жоржа... Жоржа...

- Жорж Санд? - Дык то не ён, а яна. Жорж Санд - жанчына, - здагадалася прыгажуня з восьмага класа па імені Жанна.

- А ну вас, ідыёты! - незадаволена махнуў рукою Шыпулька і сеў.

- А чаму б і Чэйза не ўвесці? Чым нейкімі там Дастаеўскім альбо Гогалем мазгі задурваць, якія пішуць адно, а трэба падразумяваць нешта зусім іншае, дык лепей Чэйза. Там усё зразумела і цікава, - загулі адразу некалькі галасоў, а Янка сядзеў і маўчаў, бо ні Чэйза, ні Жорж Санд не чытаў, затое захопліваўся якраз Дастаеўскім ды Гогалем.

- Ну, а акрамя дэтэктываў? - паставіў пытанне дырэктар.

- Фантастыку!

- Якую?

- Любую!

- Цікавую!

- І прыгоды!

- І Тарзана яшчэ, Тарзана!

- Кнігі з серыі жахаў. Я ад іх мле-е-е-ю.

- А пра ка-ха-а-анне? - праспявала надта ж сентыментальным голасам яшчэ адна школьная прыгажуня Віка, якая з восьмага класа бегала на танцулькі і валачылася за хлопцамі. Жанна падтрымала сяброўку і ўдакладніла:

- Ма-до-о-онну-у-у.

Янка не верыў вачам. Тыя, хто на ўроках сядзеў, як тыя мышы пад дзеркачом, тут паказалі гэтакі спрыт, што Янку зрабілася страшна. Паспрабуй скажы што супраць, калі ўсе гэтак настроены. З іншага боку, Янку вельмі шкада стала тых мілых, разумных і добрых пісьменнікаў, якіх паспеў моцна палюбіць.

 

Калі вэрхал крышачку сціх, ён такі асмеліўся падняць руку. Яго маленькая, як у дзяўчынкі, далонька прыцягнула ўвагу ўсіх. Ведама ж, круглы выдатнік, вундэркінд. Кожнаму цікава, што ж скажа ён?

- Даруйце, - нясмела пачаў Янка, - я не чытаў ні Крысці, ні Чэйза. Тарзана чытаў, і прыгодніцкія кнігі, і фантастыку. Я думаю, навошта ўключаць у праграму Тарзана, яго і так усе прачытаюць. А я дзве першыя кніжкі прагартаў і выкінуў, нічога для душы не знайшоў (сход нягучна зашумеў). Прыгоды і фантастыка таксама розныя ёсць, дык трэба выбраць такія, каб яны рабілі нас лепшымі. Іх можна дадаць да праграмных твораў, а выкідваць нічога не трэба. Хіба ж можна выкінуць Купалу ды Коласа, ці Змітрака Бядулю, ці Кузьму Чорнага, ці, вунь, Някрасава, Лерман...

 

Тут левая шчака Янкі моцна запякла і ён ажно прысеў. З вачэй пырснулі слёзы. Гэта Шыпулька стрэльнуў у яго з маленькай рагаткі. Нехта, па прыкладзе Петрака, агрэў яго партфелем па спіне. А пасля невядома колькі дужых рук запхнулі Янку пад лаўку.

Хлопец яшчэ пачуў, як нейкая дзяўчынка запішчала: «Што вы робіце, што ён такога сказаў, ён жа правільна...» і, войкнуўшы, заплакала. Відаць, нехта балюча тузануў яе за касу.

- Мы што, будзем слухацца гэтага плаксівага слізняка, га? - Грымеў на ўвесь клас Шыпулька, які раптам адчуў у сабе нечуваную сілу. - Давайце галасуйма, бо зараз як...

Янка высунуў з-пад парты галаву і спалохана круціў ёю вакол сябе. За тое, каб выкінуць з праграмы ўсіх пісьменнікаў, якія былі ў ёй, і ўвесці ў яе прапанаваных Жорж Санд, Чэйза, Агату Крысці ды іншых, падняўся лес рук. У хлопца зайшлося сэрца.

- Шыпулька! - крыкнуў, не чуючы і не помнячы сябе ад хвалявання, Янка. - Калі зараз вы прамяняеце Талстога на Чэйза, а Кузьму Чорнага на Крысці, я ніколі больш не дам вам спісваць хатнія заданні. Ні па хіміі, ні па матэматыцы, ні па...

- Ха, напалохаў. - Шыпулька абыякава-задаволена скрывіўся і паказаў цераз плячо вялікім пальцам на крыху смешнага ў сваёй рашучасці, натапыранага Янку. - Атрымаеш у патыліцу, дык дасі. Нікуды не дзенешся.

- Паміраць буду, а не дам. - Увесь Янкаў выгляд пацвярджаў, што і напраўду не дасць.

- Не дасі, і не трэба. Мы прагаласуем яшчэ і за замену гэтых прадметаў іншымі, дзе не трэба ўрокаў рабіць. - Шыпулька пераможна зірнуў на клас: - Ну што, суркі, хто за замену?

Супраць прагаласавалі ўсяго па некалькі чалавек з кожнага класа. З Янкавага, восьмага, трое: Мікола, які хоць вучыўся слабавата, але заўсёды быў сур'ёзны і да яго не чапляўся нават Пятрок, і яшчэ дзве кандыдаткі ў выдатніцы. Яны ўсё марылі дагнаць па вучобе Янку і па-добраму зайздросцілі яму. Зайздросцілі і паважалі. Янка ніколі не выхваляўся сваім розумам, быў сціплым. Чаму ж яго не паважаць. Спісваць ён таксама нікому не шкадаваў. Таму яго, як і Міколу, і дзяўчат-выдатніц, вельмі здзіўляла: чаму тыя, каго Янка часцей за ўсё выручаў, хто часцей за ўсіх карыстаўся ягонымі дабрынёй і працаю, цяпер аднесліся да яго з найбольшай жорсткасцю. А цяпер з рагаткі па ім, сапляком абазвалі, ранцам агрэлі, у каршэнь натаўклі?..

Хлопцу закарцела запратэставаць зноў. Адкуль толькі бралася тая смеласць. Нічога, што галасаванне ўжо запратакаліравана, што цягнік, як той казаў, адышоў. Зараз ён дасць ім разгон, пацягае за чупрыну Петрака, дасць па шыі яшчэ каму...

Але што гэта? Янка намагаецца ўстаць, а быццам стопудовая гіра цягне яго ўніз. Хоча закрычаць, а з горла вырываецца адно толькі шыпенне, як у гусака. Ён яшчэ больш высільваецца, напружваецца, колькі ёсць сілы, і... вочы міжволі расплюшчваюцца.

Янка азіраецца і пачынае смяяцца, задаволены тым, што гэта быў усяго толькі сон. Самы звычайны, няхай сабе і жудасны, сон. Ён ускоквае з ложка, узбрыквае, як тое жарабя, і доўга-доўга гарлае на ўсю хату:

- Ура, гэта сон! Ура, гэта сон!

Ура? Гэта сон?


1995-2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая