epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Крэйдзіч

Мухамор

Пра тое, што вёсачка яшчэ жыве, ліпее, і нават пусціла малады парастак, сведчыць новы, жоўты, нібы сонца, вялізны дом, які годна высіцца па-над дзесяткам згорбленых, счарнелых, увагнаных у зямлю падслепаватых хатак. Спарахнелы пянёк, бывае, таксама выстрэльвае свежанькім немаўляткам-дрэўцам.

Паселішча ўжо невядома колькі - не адзін дзесятак - год ва ўладзе страшнага праклёну. Закінутае, забытае Богам і людзьмі, зарослае быльнягом, а дзе-нідзе ўжо і кустоўем, вербалозам. Адно слова - неперспектыўнае. Горшага праклёну, бадай, і не прыдумаеш.

Тыя, на каго было пастаўлена ракавае таўро, з ім і дажываюць тут свой век. Хто нарадзіўся пасля, уцякалі ад праклёну ў гарады, жылі па дзесяць, дваццаць а хто і болей гадоў у цесных інтэрнатах, дзе трэба займаць чаргу да газавай пліты, каб згатаваць ежу, але ў вёсачку, на прастор, на волю не вярталіся і нават думаць не думалі ні пра якое вяртанне.

Адзін Герасім Грыб не зважаў ні на якія змены, як гусак ваду, абтрос з сябе і таўро, і праклён, нікуды не з'ехаў, хоць і меў такую магчымасць, а цяпер во і сыноў не адпусціў ад сябе, выбудаваў старэйшаму - жанатаму - сапраўдны палац, толькі што драўляны, у якім месца - на тры сям'і. А калі трэба будзе, сказаў, то і малодшым (дваім блізнюкам-аднагодкам) пастаўлю гэткія ж. Яго дом, таксама дабротны, не цесны, хоць ужо і стары, стаіць побач, у некалькіх метрах.

Герасіма, як і ўсё яго сямейства, местачкоўцы за свайго не прызнаюць, не любяць, калі не сказаць, ненавідзяць. Як некалі не любілі, абыходзілі бокам яго бацькоў - цяпер ужо нябожчыкаў.

Як ставіліся людзі да Герасіма, гэткую і мянушку яму прыдумалі. Абразлівую - Мухамор. Балазе, яна якраз дапасоўвалася да прозвішча. Зрэшты, калі толкам разабрацца, то мухамор, можа, яшчэ карыснейшы грыб, чым той жа ўсімі паважаны баравік ці, скажам, падасінавік. Варта толькі занядужыць чалавеку - бегма бяжыць у лес па чырвонае з белымі кропачкамі лякарства. Шмат ад якіх хвароб яно ўратоўвае. Бадай, кожны местачковец ім хоць раз, ды карыстаўся: ці то націраўся, ці прымочкі рабіў, ці адвар прымаў... Аптэку дзе-хто з тутэйшых і ў вочы ніколі не бачыў. Іншая справа, што з гэтым ваўчаком (так у вёсцы называюць усе ядавітыя грыбы) трэба быць вельмі абачлівым, іначай і не прыкмеціш, як атруцішся, і ці выжывеш яшчэ. Як бы яно ні было, якім бы карысным ні быў мухамор, а мянушка такая, вядома ж, не красіць. Гэта добра разумелі і тыя, хто яе прыдумаў, і тыя, хто падхапіў абразу. У рэшце рэшт яна гэтак трывала прыклеілася, што аднойчы, калі Герасім зайшоў у калгасную кантору атрымаць грошы, у ведамасці замест сапраўднага свайго прозвішча прачытаў: «Мухамор...» Маладая касірка і не падазравала, што гэта мянушка. Ей і ў галаве не было пакрыўдзіць чалавека. Ды ад гневу, як ні апраўдвалася, не ўбераглася. Герасім трос перад акенцам сінімі ад наколак кулакамі, пырскаў слінай, гразіўся паскардзіцца «куды следуе», абазваў напалоханае дзяўчо «дзярмом саплівым», нарэшце заявіў, што нагі яго ў канторы больш не будзе, што гэтыя капейкі няхай яны самі жаруць ды задушацца імі...

Герасім не быў калгаснікам, ніколі ў калгасе не працаваў, правіў адно сваю вялізную гаспадарку, а гэта неяк угаварыў брыгадзір параскрываць бурты з бульбаю, бо ўжо зусім няма каму працаваць, адны пенсіянеры нямоглыя, і ён, абмацюкаўшы і ўладу, і калгас, і ўсіх, каго толькі ўспомніў з былога і цяперашняга савецкага начальства, чамусьці здаўся (пастарэў, ці што, раней як бач даў бы ад варот паварот), завіхаўся ля буртоў дні тры. Жанчыны, што перабіралі бульбу, пасля казалі, што рабіў за цэлую брыгаду, толькі што не смяшыў іх, як іншыя мужыкі, якія больш анекдоты травяць ды «чарнілам» абпіваюцца. І вось - удзячнасць: і абазвалі, абразілі, і грошай налічылі - нібы сабаку костку кінулі.

Колькі людзі помняць Герасіма, ён ніколі ні з кім не вітаўся, не загаворваў, не меў ніякіх агульных спраў. Нібыта і не заўважаў нікога. Ніхто ніколі не бачыў яго без якой-небудзь прылады ў руках. Калі ідзе па вуліцы, дык абавязкова або з віламі, або з рыдлёўкай, або з сякерай... Хоць якую дошчачку, ды прыхопіць з сабою, валачэ дахаты. Людзі на світанні яшчэ толькі праціраюць зрэнкі, а ён ужо тупае каля шматлікіх, вялікіх і малых, хлявоў. Пасмейваюцца, маўляў, Мухамор, відаць, і ноччу не спіць, бо калі б ні праснуўся, ён у любы час на нагах. Напэўна, гэты жарт быў не такім ужо і далёкім ад праўды. Колькі разоў то адзін, то другі вясковец, па нейкай прычыне сярод ночы апынуўшыся на двары, прыкмячалі незразумелы рух на Герасімавым падворку. Няйначай нешта краў, бо што яшчэ можна рабіць апоўначы. Дый адкуль у яго гэтулькі сена, саломы (дзесятак стажкоў высяцца за гумном, а яшчэ ж і свірны поўныя), мукі, камбікорму, што выкормлівае штогод па пяць-шэсць вепрукоў, трымае прыгажуна-каня, дзве каровы, цялят... Плоймы гусей вытоптваюць ваколіцы, курэй, па ўсім, яны і самі не ведаюць, колькі. А калгас жа яму і адной соткі сенакосу не дае, як і салому таксама не выдзяляе. Сее, праўда, сваё жыта. Ды колькі там яго. Во толькі нядаўна пачаў займаць суседнія агароды, тыя, што ўжо колькі год нават не пад пустазеллем - дзірваном пакрыліся. Пры жывых гаспадынях, бо гаспадары большасцю следам за моладдзю заспяшаліся пакінуць неперспектыўную вёску, адбегчы хоць на кіламетр, на гэткія ж неперспектыўныя, зарослыя акацыяй ды бярозамі, могілкі, на якіх большая частка крыжоў пачарнелі, скасабочыліся, а самыя старыя пападалі і сатлелі.

Нямоглыя бабулькі самі не здужалі ні ўскапаць грады, ні, тым больш, узараць агарод і пасля з вясны да зімы гарбаціцца на ім, таму дамовіцца з імі на арэнду зямлі было няцяжка. Герасім адшчыкваў кожнай на пражыццё бульбачкі, мукі, прывозіў ім з сяла ці з горада хлеб і крупы... Праўда, рабіў усё гэта без усялякага імпэту, неахвотна. Нібы пад прымусам. Ад каго сыходзіў той прымус - ад Бога, уласнага сумлення, вясковага ладу жыцця, у які, нягледзячы на сваю адасобленасць ад усіх, урос плоццю і крывёю, ці, можа, інстынкт самазахавання дыктаваў свае ўмовы? Хутчэй за ўсё апошняе кіравала Грыбам-Мухаморам, бо з сумленнем у яго нічога агульнага не было, пэўна, ажно з саплівага маленства. Старэйшыя людзі помняць, як ён, ледзь навучыўшыся гаварыць, абзываў усіх, хто праходзіў паўз іх плот. Бывала, стаіць галюткі, белабрысы, і гарлае:

- Дулань, дулань, дулань...

І язык паказвае. Калі хто рабіў выгляд, што хоча злавіць яго, каб пакараць, уцякаў, мільгаючы мурзатым ад наліплага пяску азадкам. З глыбіні двара даносілася ўсё тое ж:

- Дулань, дулань...

Нібыта іншых слоў і не ведаў.

Часам у прахожага ляцелі каменьчыкі, камячкі гразі.

Калі падрос, украў у суседа яйкі. Цэлы дзесятак. Выбраў, не пабаяўся, з-пад квактухі. Пачаў разбіваць, а там птушаняты. Некаторыя жывыя, варушыліся. Яны яго і выдалі.

- Гэта не хлопец, а нейкае чарцяня, - крычаў сусед і цягаў малога за вушы. А з таго, як з гуся вада. Вырваўся, адбег, і зноў за сваё: «Дурань, дурань...» Адно што ўжо «р» выгаворваў правільна, цвёрда.

Гэткім і запомніўся Герасім вяскоўцам. «Увесь у старых Грыбоў», - ківалі яны пры выпадку адно аднаму і скрушна галовы схілялі.

Старыя Грыбы. Нейкія непрыступныя былі. Як ні ўгаворвалі іх, як ні змушалі, чым ні пагражалі - не пайшлі ў калгас. Засталіся аднаасобнікамі, хоць і не былі, здавалася, багацеямі. Каня, праўда, мелі, ды ўсялякі інвентар: плугі, бораны, сошкі, косы, вілы рознай даўжыні, граблі, сякеры, невялічкі млын, сячкарню... Усё гэта было настроена так, што, здавалася, толькі зачапі, само будзе касіць, калоць, грэбці, складваць...

У гэтым сямействе невядома з якога пакалення павялося, што жанчына ў хаце, не раўнуючы, як рабыня. Яна мае права толькі працаваць і ўвогуле рабіць то, што скажа гаспадар. Не дай Бог, згатуе не надта смачную ежу або тае ежы будзе малавата. Тады бяжы куды вочы глядзяць, хавайся па суседзях або дзе ў хмызняку, пакуль не пройдзе гаспадароў гнеў, іначай і зубы паляцяць, і костачкі затрашчаць. Было, гэтак адлупцаваў сваю Параску, што тая тры тыдні ў бальніцы правалялася. На другі дзень пасля тае бурнай разборкі на падворку з'явіўся малады сухаваты дзяцюк з рудым чубам і цёмнымі жвавымі вочкамі, у міліцэйскай форме - участковы. Наслухаўшыся ад людзей пра Герасімаву сквапнасць, пра тое, што ён, напэўна, нячысты на руку, міліцыянт, перш чым пастукацца ў хату, прайшоўся па падворку, зазірнуў у хлявы... За гэтым заняткам і застаў яго Герасім. Ён злосна бліснуў вачыма, са словамі «не смей тут гаспадаром хадзіць, я тут гаспадар» хапіўся за першае, што трапілася пад руку, за вілы-трайчакі. І, доўга не вагаючыся, кінуў у няпрошанага візіцёра. Той спрытна ўскінуў руку, адбіў дабротную, бліскучую, з гладзенькім, адпаліраваным шурпатымі даланямі тронкам сялянскую прыладу. Адно што руку, якраз правую, абдзёр ледзь не да касці, і не меў сілы выцягнуць ёю з кабуры пісталет. Але зброя і не спатрэбілася. Герасім сказаў: «Не бойся, болей не зачаплю. Што, параніўся? Распраніся ды абмыйся во каля калодзежа, а я бінт прынясу». Міліцыянт пасля дзівіўся перад сябрамі: во сіла ў голасе Мухаморавым, што нават ён, службовец, паслухаўся, распрануўся, хоць гэта і было небяспечна.

Герасіма тым часам пасадзілі на два з паловаю гады. За напад на супрацоўніка міліцыі маглі і болей уляпіць, ды, кажуць, некаму даў хабар, адкруціўся, выклапатаў мінімум. А як вярнуўся ўвесь у наколках, пасвяжэлы, распаўнелы - відаць, няблага на «зоне» жылося, адпачываў, набіраўся сіл для гаспадарчых клопатаў - дык яшчэ больш стаў здзеквацца з жонкі. Няйначай, яшчэ больш агрубеў, пасуравеў у турме. Прывучыў: лясне пяцярнёй па назе, гаспадыня тут як тут. Нібы цюцька. Ён тады загады аддае. Праўда, і сам цягне, як вол. Але ж і здароўе ў яго - на траіх. А тут - шчэпка. Ды болей сохне. Гэтак пакутавала Герасімава матка, а цяпер і жонка пакутуе. Затое калі на якое свята ў царкву ні на пагулянку выходзяць, яна гэткае ўбранне апранае, што ўсе раты раскрываюць. І гэткая пекная, статная, толькі што ціхмяная, маўклівая, няўсмешлівая. Сын таксама ўзяў ціхенькую, мяккую (ляпі з яе што хочаш, нібы з гліны) дзяўчыну з суседняй вёскі. Ажаніўся рана - толькі-толькі першы пушок над верхняю губою прабіўся.

Гэтак і жывуць тутэйшыя куркулі Грыбы, перадаючы ў спадчыну ад старэйшых да маладзейшых нажытае дабро, звычкі, характар, цягавітасць ды славу нядобрую.

Калі яшчэ ні ў каго з вяскоўцаў не было ўласнага аўтамабіля, Герасім прыгнаў (зноў-такі невядома адкуль) навюткую «Ніву». Тады на такой машыне нават калгасны старшыня не ездзіў, задавальняўся гарбатым зялёным УАЗам-«козлікам». Цяпер на падворку красуюцца і маленькі трактарык-трапястунчык, і грузавік, і бліскучы перламутравы «Мерседэс». Бывала, падвязе каго, падбярэ па дарозе з райцэнтра да вёсачкі. Натуральна, чалавек пачынае дзякаваць, «спасібкаць». Тады Герасім кідае ў бок пасажыра цяжкі пагляд і з пагардаю выціскае:

- «Спасіба» у карман не пакладзеш.

Або:

- «Спасіба» замного, хапіла б і рубля.

Калі чалавек працягвае грошы, бярэ іх моўчкі і на спадарожніка нат не зірне.

Ніхто ніколі не звяртаўся да Грыбоў з якою просьбаю ці справаю. Адпужваў сам выгляд сядзібы: высокі, нейкі змрочны, пацямнелы ад часу нефарбаваны, толькі пацягнуты аліфаю, плот, масіўныя рыпучыя вароты і веснічкі, якія, толькі крані іх, нібыта незадаволена, па-старэчы крэкчуць: «ну-у, што-о табе-е трэ-э-эба ту-у-ут?» У двары часам падае грамавы голас вялізны лахматы ваўкадаў. Раней Грыбы чамусьці сабак не заводзілі, мо не хацелі лішніх расходаў, бо лічыць капейку яны вой як умеюць, а гэта апошнія гады тры-чатыры, адразу ж, як купілі «Мерседэс», прывялі знекуль унушальных памераў шчанюка. Цяпер ён ростам з добрае цяля: скочыць на плечы - не ўстанеш, у шыю ўчэпіцца - і не хрыпнеш.

Новы дом, праўда, не такі змрочны. Жоўценькі, абшыты светлаю хваёвай шалёўкай. Дах бляшаны. У сонечныя дні бляха блішчыць, асляпляе, нібы гэта не звычайны дах, а царкоўны купал.

Нечым гэты дом падобны да церамка. Высокі, на два, ды яшчэ з дадаткам-паддашкам, паверхі.

Змрочны паркан нагадвае гэткага ж панурага, няўсмішлівага, смуглявага гаспадара. Стаіць, бывала, ля веснічак - і нібы зліваецца і колерам нічым такім не адметнага твару, і настроем з непрыступнаю драўлянаю сцяною штыкетніку. І пазірае спадыбла на свет. Што ў тым позірку - ці пагарда да ўсяго і ўсіх, ці звычайная чорная пустата, ці якое іншае, няйначай, нядобрае, пачуццё - паспрабуй здагадацца. А хутчэй за ўсё ён проста абмазгоўвае чарговую нейкую справу. Можа, задумаў яшчэ што збудаваць або прыдбаць у гаспадарку, хоць, здаецца, чаго ім яшчэ не хапае. Але ж натура... Не дае яна супакоіцца, сядзець склаўшы рукі. Можа, Грыб-Мухамор якраз у гэты час прыкідвае, дзе, у якім найвыгоднейшым месцы паставіць харомы наступным двум сынам, што ірвуцца, як і ўся моладзь, у горад, але іх моцна трымае на гэтай зямлі бацькава цвёрдае, цвярдзейшае за любыя ланцугі, слова.

Усе ў вёсцы помняць, як прыходзіла да яго пасля выпускных экзаменаў дырэктар школы ды ўгаворвала, каб адпусціў сваіх блізнюкоў у інстытут. Маўляў, старэйшага трымаеш тут у глухмені, дык хоць малодшыя няхай у людзі выбіваюцца. У іх светлыя галовы, добрыя веды, выдатныя адзнакі ў атэстаце...

- Што-о-о! - крычаў Герасім на ўсё невялічкае паселішча, бо размова вельмі хутка перакінулася з хаты на вулачку. - Да гэтых басякоў гарадскіх, у нішчымніцу, у бязладдзе... Усіх ужо паадрывалі ад зямлі, і маіх хочаце адарваць? Не бываць гэтаму.

Сказаў, як адрэзаў. Яшчэ і паўшчуваў бедную настаўніцу:

- Надта вы ўсе вучоныя. Развялося вас - працаваць няма каму. Думаеце, не ведаю: не мае сыны вам патрэбны, а каб адрапартаваць, маўляў, з нашай школы во колькі вучняў у інстытуты папаступалі. Падбрэхачы праклятыя.

І грымнуў цяжкімі веснічкамі.

- Мухамора не перапрэш... О-о-о...

- Не бярыце ў галаву, вы ж ведаеце, што гэта за свіння.

- Усім ужо ён як тая костка ў горле...

Гэтак спачувалі дырэктарцы бабулі, што выйшлі на крык. А акрамя іх, старэнькіх, нямоглых, пакручаных жыццём і працаю, ды гэтага куркуля-злыдня, нікога болей у вёсцы і не засталося.

Церам светлы і годны за парканом - як ёсць старэйшы сын Герасімаў. Рослы, светлавалосы, з адкрытым паглядам і гэткаю ж адкрытай, хіба толькі занадта самаўпэўненай, усмешкай. Віктар не ўмеў абразіць, але і не падпускаў блізка да сябе ні старэйшых, ні маладзейшых, ні аднагодкаў. Пра яго казалі: «О-о-о, гэты ведае сабе цану». Аднак адносіліся да яго цярпіма, нібыта нават і паважалі.

Віктар, калі маленькі быў, любіў з цацачнымі машынкамі бавіцца. Колькі ні вазіў іх бацька з горада, усе разбіраў да апошняга вінціка, бывала, што і збіраў нанава і нават вазіў імі пясочак, пілавінне, трэскі... Рана, мо яшчэ ў пятым класе, сеў за руль сапраўднай дарослай «Нівы», а следам і грузавіка, трактара. Старшакласнікам ужо разбіраў і збураў маторы. Улетку цэлымі днямі корпаўся то ў машынах, то ў трактары. Мурзаты, але ўсё адно нейкі светлы. Нібыта і не Герасімаў, не Мухаморавага роду-племені.

Добра, што якраз на яго патрапіла суседка, што бацька быў у ад'ездзе. Прыбегла, завохкала, слязу пусціла: «Гэта ж памірае стары, каб як у бальніцу яго. Хто ж яшчэ выручыць». Тэлефона ў вёсцы няма, а калі б і быў, дык бабуля не ведае, што гэта за апарат такі. Віктар адвёз. Стары працягнуў яшчэ які гадок, болей не падужаў. Суседка і за гэта ўдзячна маладому Грыбу. Прыбегла: «А мой ты сыночак, а мой ты спасіцель. Выручыў раз, выручы і другі. Адмучыўся ж мой небарака. Каб як яго з бальніцы забраць. Ды, можа, і труну памаглі б збіць. Хоць якую. У вас жа, Грыбоў, рукі залатыя, вам гэта раз плюнуць.»

Герасім таксама падышоў, паслухаў.

- Вот жа, скажы ты, - крутануў з'едліва галавою. - Як так то Мухаморы, а як прыперла, то ўжо Грыбы, рукі залатыя...

- Было, Гераська, каюся. Ды што ж мы будзем благое ўспамінаць. Тут такое нарабілася, такая бяда-гора... Няўжо ж не паможаце? Няма ж больш каму...

- А калгас?.. Ты ж у калгасе рабіла.

- Ці ж мне, старой, хадзіць па тых канторах. Далёка. Дый часу няма. Я заплачу, назбірала, во, на чорны дзень...

Яна працягнула чысценькую насовачку, з якой вызіралі паперкі-грошы.

- Ну, пакажы, што ў цябе там за багацце. Цьфу, а не грошы. На, схавай і нікому не паказвай.

- Дык, што ж мне... Як жа я... Памёр жа... Бяда, вой якая бяда, людцы мілыя... Як скажу каму, што не паслухаліся, вас жа ўся дзярэўна пракляне...

- А няхай сабе праклінае, мо яшчэ больш пабагацеем. Вы мяне, напэўна, даўно ўжо праклялі, бо ўсё багацею і багацею. А вось тыя, хто праклінае, звычайна бяднеюць. Вось я і думаю, чаго гэта вы ўсе такія бедныя? - Герасім ядавіта ўхмыльнуўся.

- Нелюдзі, во хто вы. Казалі, вой казалі мне людзі, не ідзі да Мухамора, бо толькі наплачашся. А я яшчэ і заступалася: не, яны цяпера не такія, Віцька во як добра выручыў... Божа ж ты мой Божа, што ж гэта робіцца на свеце, што ж мне цяпер, а дзе ж мне раду шука-а-аць... - суседка пачала ўжо галасіць.

Гэтак, галосячы, яна бразнула клямкай. Свіснулі дзверы.

- Чакай, каза старая. - У Герасіма голас такі, што аслухацца ніяк немагчыма. Хоць, здавалася б, і не гучны, наадварот, прыцішаны. - Зараз хлопцы труну саб'юць. Я пакажу ім, як гэта робіцца. Ёсць тут у мяне колькі дошак. І сухенькіх, і габляваных. Шыхую на новы хляўчук...

- Ды хоць якіх...

- Заадно ўжо і крыжык трэба рабіць. Крыж сам саб'ю - учора толькі брускоў нарэзаў. Ды з'ездзіце, чуеш, Віця, на ГАЗіку.

- Дай вам Бог здароўечка, - суседка ажно рукі заломвала, не знаходзячы, што сказаць і як аддзячыць. - Чула маё сэрца, што не адмовіце. Бачыць Гасподзь усявышні...

- А-а, пра Госпада ўспомніла, - абарваў Герасім. - Ты мне пра Госпада не кажы. Я ўсё сваё жыццё святы ў царкве святкаваў, і дзеці мае гэтак святкуюць. А вы, калі былі маладзейшыя, у лесе, на маёўках на гарэлку маліліся. Бязбожнікі, во хто вы. Дзяцей сваіх хоць бы хрысціцца навучылі, а то гэтак і паразбрыдаліся па свеце без анічога святога ў душы. Пралетарыяты зас...я. На бацькоў сваіх пазабываліся, як мухі якія ці кузакі. Мае хлопцы хай толькі не памоляцца хоць бы раз на дзень, я ім тады...

- Ці ж табе не ведаць, што не засталося ў мяне нікога. Быў адзін сын, дык і таго забілі. Іначай я да цябе зараз не бегла б, ён сам усё зрабіў бы.

- Як жа, зрабіў бы. Ён жа ў цябе нічога цяжэйшага за чарку і ў руках не трымаў. Чаму ж ён не прыязджаў бульбу памагчы пасадзіць, грады ўскапаць...

Суседка сцялася і толькі вінавата ўсхліпвала. Герасім таксама замаўчаў, нешта нібы падказала, што не варта дабіваць старую сваёю праўдаю.

- Дык, значыць, пабягу шыхавацца. - Яна зноў хапілася за клямку.

- Бяжы-бяжы, праз якую хвіліну паедзеце.

- А як жа гэта? - жанчына паказала вачыма на неахайна складзеную насоўку. - Мо ўзяў бы, колькі ўжо е...

- Пакінь сабе смецце гэтае. Якой закусі ў горадзе накупляеш.

На пахаванне сабралася ўся вёсачка. Клыпалі за труною з дзесятак бабулек у чорных хустках ды некалькі аброслых сівою шчэццю дзядкоў. Гаманілі гэтак жа размерана-сцішана, як і ішлі. Хто пра нябожчыка, які і жыў цяжка, і паміраў таксама доўга, пакутліва, хто пра тое, што і ім скора побач з ім у жоўценькім пясочку ляжаць, і ці хто пахавае яшчэ па-людску, а найчасцей слова «Грыб» прамаўлялася. Праўда, шэптам, каб не пачуў Герасім з сынамі - яны неслі труну, жонка, якая згубілася ў нешматлікай працэсіі.

- Кажуць, Грыбы і труну, і крыж змудравалі...

- Дый ладна зрабілі, не абы з рук.

- Дык жа Грыбы...

- А хто ж яшчэ зробіць, як не яны.

- Яны ж і харч далі, каб было што на стол паставіць.

- Грошай, кажуць, пазычылі...

- Ды не, якія грошы. Што яна сама купіла, а што яны прынеслі.

- І гарэлка нібыта іхняя. Хоць паспытаю Грыбавай самагонкі.

- А што ім гарэлка. Бровар, вунь, дзень і ноч куродыміць. Некуды возяць і возяць гэтае зелле. Флягамі, сама бачыла. Няйначай, прадаюць. Адкуль, думаеце, у іх гэтулькі багацця? З зямлі? На зямлі хіба горб заробіш, а не багацце.

- От, і добра, што зарабляюць. Хоць хаўтуры па-людску спраўляем.

- Што праўда то праўда.

Чамусьці ніхто так ні разу і не назваў Грыбоў Мухаморамі. Нібыта і забыліся на мянушку, якую яшчэ нядаўна гэтак смакавалі.

Гэтае пахаванне, гора, раздзеленае на ўсіх вяскоўцаў, нібы зрадніла людзей з Грыбамі. Бабулькі ішлі да Герасіма або яго сыноў ужо без усялякага страху, і прасілі прывезці з горада лекі, звазіць у бальніцу або да знахара, купіць цукру, запалак, узараць гародчык, а яны за гэта восенню памогуць яму бульбу выкапаць.

Нават незварушны, незгаворлівы Герасім не ўстаяў-такі перад націскам. Абы паказаў слабінку, паддаўся аднойчы на ўгаворы. Давялося і вазіць, і прывозіць, і купляць, і араць... Нярэдка за ўсё тое ж «спасіба», ад якога кішэня не рабілася паўнейшай.

Праўда, часам узрываўся. Гэта здаралася тады, калі якая-небудзь старая прасіла заната катэгарычна, нібыта ён абавязаны ёй. Як жа, усіх возіць да доктара, а яе, бачыце, не вязе. Ды яе, можа, першую павінен везці, у яе сын «у Аганістане геройску загінуў», медалі, калі трэба, можа прад'явіць...

- А-а-а, вы гэтак загаварылі, - вырачаў тады зрэнкі неўпрыкмет пастарэлы, напалову ўжо сівы, Герасім. - Дык во вам, во вам, - круціў крэпкія, што каменныя, дулі з накрэсленымі на іх сінімі літарамі-наколкамі. - Калі паважаць не ўмееце, дык хоць на калені ўпасці змажыце. На калені, сказаў! - крык зрываўся на хрып, па куточках вуснаў кіпела пена.

Бабулька хрысцілася і ніяк не магла ўцяміць, што ж гэта робіцца і чым такім яна правінілася. Мо жартуе? Але ж не, рукі во як калоцяцца, як у псіха.

- Я твайго сына на смерць не пасылаў, што ты мне падтыкаеш ім. Сваіх во ледзь адкупіў ад службы. Няхай цябе твая парцея возіць да доктара.

Упасці на калені ён, аднак, не даваў. Злосна буркне: «Ідзі, заеду», - і адвернецца, зоймецца якою справаю, паказваючы тым самым, што размова скончана.

 

Аднаго дня ў вёсачцы з'явіўся карэспандэнт. Даўгавязы, расхрыстаны юнак з сумкай-папкаю на плячы. Ён выскачыў з маціцовай «Волгі», закінуў, віхлянуўшы галавою, на плечы даўгія светлыя валасы, паправіў іх рукою, агледзеўся. Пакуль з машыны выварочваўся салідны дзядзька ў акулярах, беласнежнай накрухмаленай сарочцы і пры гальштуку, хлапец спрытна выцягнуў з папкі блакнот і нешта хуценька запісаў.

Пасля яны стаялі пасярод вуліцы, пра нешта заўзята гаварылі, смяяліся, зноў гаварылі. Пры гэтым ачкасты ўсё паказваў рукою ў бок Герасімавай сядзібы. Бабулі сачылі за незнаёмцамі з-за маленькіх ваконных шыбін, меркавалі: хто гэта можа быць? У адным яны не сумняваліся: начальства.

Тым часам візіцёры зайшлі ў адну, другую хату, а калі рушылі да Герасімавага маёнтка, дзе-хто нават выскачыў на падворак, вызіраў з-за крывых кійкоў-штыкецін, напружваў старэчы зрок, каб як лепш разгледзець гасцей.

Мінула гадзіна, за ёю яшчэ невядома колькі часу, а начальства ад Грыбаў усё не выходзіла. Наадварот, да іх плоту падруліла і прыпаркавалася, нібы прыклеілася, «Волга».

На вулачцы неўпрыкмет сабралася купка людзей. Тыя, хто бачыў гасцей толькі здалёку, абступілі тых, да каго начальства заходзіла ў хату. Усім было цікава, пра што яны гаварылі, чым цікавіліся.

У гэтым вэрхале цяжка было нешта разабраць. Бабулі шмат балбаталі, але слабы ўжо старэчы слых мала што ўлоўліваў. Усе добра засвоілі толькі некалькі слоў, якія і часцей паўтараліся, і гучней вымаўляліся: Герасім, Грыб... Нехта кінуў у натоўпік, нібы запалку ў стажок, здагадку, што начальства, хутчэй за ўсё, прыехала раскулачваць вясковага багацея. «Колькі вяровачцы ні віцца...» - казалі адны. «Як з намі і здароўкацца не хацеў, ніхто не бачыў, а як цяпер памагае, як чалавекам стаў, дык, бачыш ты, прыпёрліся, ужо ён ім мяшае,» - абураліся іншыя. «Гэта ж, відаць, і хату адбяруць, і машыны...» «Што хочаш могуць забраць, і кароў з хлява выведуць, як некалі ў нас павыводзілі». Бабулькі дагаманіліся да таго, што трэба неяк ратаваць Грыбоў. «Калі і праўда заграбуць, хто нам тады паможа, хто ў апошні шлях правядзе».

Пярэсты гаманлівы натоўпік як стаяў, гэтак і рушыў да Грыбавай сядзібы. Самая смелая адчыніла рыпучыя веснічкі, праціснулася ў іх, задрабніла да высокага, з парэнчамі, ганка. І толькі тады згледзела ў глыбіні шырокага, прасторнага двара, каля жоўтай і шэрай горак пяску і шчэбеню, людзей. Яны - і белая сарочка, і валасаты, і Герасім з сынамі ды жонкай - сядзелі за даўгім - вясельным - сталом, на якім стаялі ўсялякія закускі, пляшка.

Жанчына разгубілася. Ісці ў хату ўжо не мела сэнсу, падыходзіць да стала было неяк боязна, павярнуць назад таксама няёмка - яе згледзелі.

- Вы к каму, - азваўся той, што ў акулярах і белай сарочцы.

- Ды да мяне яна, - як заўсёды незадаволена прабурчэў Герасім. - Мо што спытаць хоча. Яны тут часцяком...

- Ну, калі ўжо прыйшлі, дык, калі ласка, просім да стала. - Ачкасты ішоў да яе, голас у яго быў упэўнена-задаволены, твар раздабрэлы, пэўна,ад добрай гарэлкі і яшчэ лепшай (ад стала несла тушанай індычкаю) ежы. - Дазвольце прадставіцца: замясціцель кіраўніка раённай уласці. Пасядзіце з намі, раскажыце, во, карэспандэнту, як вы тут жывяце, як маецеся, бо гаспадар гэтай хаты больш нас слухае, чым сам гаворыць. У цэнтральную газетку патрапіце, можна сказаць, у гісторыю. Прадставіцель са сталіцы хоча мацяр'ял пра неперспектыўную вёску напісаць. Ён думаў, што вы ўжо тут зусім ніякія, здзічэлі, а тут во якія малайцы жывуць. Га (як вас завуць?), ці ж не малайцы? Во дык захалусця, во дык жызня.


1995-2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая