epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Крэйдзіч

Мурашнік

«Як людзі.., як мой народ».

Алесь Наварыч

 

Чалавек ужо і не думаў, і не гадаў, што мурашнік, які вырас ля самай лясной сцяжынкі, выжыве, адродзіцца. Некалі ён быў такі маленькі, што не закрываў нават напаўструхлага пянька. Але паступова рудая варушлівая горка большала, спачатку яна падабрала пад сябе пянёк, а пасля пачала няспешна прыцярушваць збіты на ток падзол - светла-шэрую стужку між травы і ігліцы.

Па сцежцы людзі хадзілі не часта, хоць і бывалі дні, калі сноўдалі адзін за другім: то пехатою, то на роварах, а то і на матацыклах.

Тым часам мурашнік рос. Дробненькія, але дужыя і ўпартыя стварэнні з усяго наваколля безупынна сцягвалі сюды патрэбны будаўнічы матэрыял, і да восені горка заняла ўсю сцяжыну.

- Дурніцы, - скрушна схіліў галаву чалавек у форменнай апратцы з дубовым лісцем на пятліцах. - Што ж вы, гіцлі, лепшага месца не знайшлі, га? Чорт матацыклам як шмаргане, ад вашага дома адно ашмоцце і застанецца.

Чалавек прыпаў на адно калена, схіліўся:

- Ну, чаго ты тузаешся? А бач жа, якое ўпартае. Ледзь здужае, а пнецца. Дзіва, такое бервянішча. Каб у цябе хто спытаў - для чаго стараешся? Для жыцця, можа? Не, скажу я вам, не для жыцця, а каб зараза якая ўсё гэта параскідала і прабачэння не папрасіла. Папомніце маё слова.

Мураш трымаў перад сабою разоў у пяць большую за яго трэсачку, тузаўся то ў адзін, то ў другі бок, упіраўся то задам, то перадам, але, здавалася, не пасоўваўся ні на крок. Зрэшты, такое ўражанне было падманлівым - праз хвіліну чалавек зноў глядзеў сабе пад ногі, туды, дзе толькі што поркалася няшчаснае насякомае, і не ўбачыў яго. Светлая трэсачка варушылася каля самага падножжа рудога конуса.

- Бач, ледзь варушацца, а работа спорыцца. - Мужчына неяк спачувальна ці то вінавата пасміхнуўся і падаўся прэч.

Што ні дзень - мурашнік большаў. Ён ужо перагарадзіў сцежку, і калі ехаць па ёй не зварочваючы, лінія праходжання колаў размясцілася б зусім блізка да вяршыні конуса. Ва ўсе бакі ад мурашніка працягнуліся крывымі, нібы карані дрэў, стужачкамі прыкметныя здалёк мурашыныя сцяжыны. А людзі пачалі вытоптваць па адным з яго бакоў дугу, змяняць форму свайго ляснога тратуара. Пройдуцца, абмінаючы перашкоду, прыгнуць траву, уціснуць у зямлю якую ламачыну, адфутболяць да бліжэйшай хвоі сухую і таму растапыраную, як злы індзюк, шышку, спатыкнуцца аб схаваны ў яшчэ зусім слаба вытаптанай траве тоўсты смаляны корань, тупнуць нагой, страсаючы мураша - і абхадны шлях пазначаны. А тыдзень-другі зацішку зноў зацягвае дугу зялёна-рудым дываном.

Мурашоў, праўда, нічога, акром сваёй справы, не хвалявала - ні людзі, ні іх сцежка, ні што б там ні было. Яны нібыта заведзеныя цягнулі і цягнулі да горкі-хаты ўсялякае лясное смецце ды пажыткі - зялёных вусеняў, чорных жучкоў, белых тлустых лічынак.

Аднаго разу на мурашоў неспадзеўкі абрушылася бяда. Яна мела выгляд вузкіх веласіпедных колаў з чорнымі пакрышкамі і бліскучымі нікеляванымі абадамі і гарластых няўрымслівых падшыванцаў. Першы - рабы і ўскудлачаны - угледзеў наперадзе перашкоду і набраў разгон, каб не завязнуць у рыхлай горцы. Паляцелі пырскі лёгкага друзу. След у след за сваім нячэсаным атаманам праляцеў, тузаючы педалі, каб затармазіць, другі. Трэці імчаў крыху воддаль. Ён паспеў зарыентавацца, прытармазіў і абагнуў разрэзанае на дзве амаль роўныя паловы жытло мурашоў. Чацвертым ехала малое і замурзанае. Яно вісела, падобнае да малпы, пад рамаю і неяк ухітралася круціць босымі, чорнымі парэпанымі нагамі скрыўленыя педалі. Адолець мурашнік яно не паздужала і мякка апусцілася на яго левую палову. Заенчыла. Грабянула задубелымі падэшвамі тое, што па крупіцах, гадамі збіралі маленькія будаўнікі, дый саміх будаўнікоў таксама, адскочыла, абабіла падгорнутыя да лытак калашыны, пачало пад смех старэйшых выцягваць ровар, руйнуючы жалезнаю рамаю правую палову конуса.

Калі б нехта ў гэты час пільна зірнуў на дол, то ўгледзеў бы, што параскіданыя мурашы не раздумвалі, як весці сябе пасля вялікай катастрофы, а хапаліся за бліжэйшы кавалачак галінкі ці то за якую трэсачку і, нібыта нічога не здарылася, цягнулі да горкі. Нібыта ніхто і не наязджаў на іхняе жытло, ніхто іх не раскідваў, не здзекваўся.

- А божачкі... Ну, што я вам казаў. Ай што нарабілі, сволачы праклятыя. Казаў жа, казаў я вам - не будзе вам тут жыцця. - Стары з дубовым лісцем на пятліцах ці то радаваўся, што яго папярэджанне было разумным, трапным, ці бедаваў? Але тое, што спачуваў мурашам - гэта без сумненняў. Ён схадзіў па сякеру, вырубаў і затачыў чатыры бярозавыя слупкі, убіў іх вакол мурашніка, пасля пакараваў восем танклявых альховых жардзінак, прыбіў да слупоў. Атрымалася агароджа.

Прайшоў час. Той самы чалавек, толькі пастарэлы і ў цывільнай апратцы, наведаўся да мурашніка і як узгледзеў яго - знямеў. Больш ад здзіўлення, што жытло ўпартых цягавітых насякомых не толькі вярнула сабе правільную форму конуса, але і прыкметна пабольшала і сваёю вяршыняю даставала яму да пояса, чым ад абурэння, што агародка з гэтага боку аказалася паламанай, і канцы ўсіх чатырох палавінак жэрдзяў хаваліся ў мурашніку. Памеркаваўшы, што веласіпеду жэрдку не адолець, бо яна яшчэ зусім здаровая, высахлая да звону, а аўтамабілі тут не ездзяць, стары зрабіў вывад: «На матацыкле, паршывец, улез». Ён ужо намерыўся выцягнуць абломкі, ды спахапіўся: «Ці варта зноў варушыць адбудаваную другім разам хату?» Пакінуў як ёсць. А перад тым, як пайсці, сказаў:

- Мусіць, сам Бог даў вам тут месца для жыцця, і ён жа наказаў вам пакутаваць. Значыць, я тут ніякім не магу быць ні памочнікам, ні дарадцай. Усё лёс. Усё лёс, дарагія мае...

Пасля гэтага ў старога было яшчэ дзве сустрэчы з мурашнікам. Першая - праз год. Тады чалавек праслязіўся, бо ўбачыў, што горка зноў здорава пацярпела. На гэты раз сур'ёзна - не дакажа ні ровар, ні матацыкл. Хату мурашоў прыціснуў да зямлі шырокім колам трактар, пакінуўшы на зямлі след пратэктара - малюнак доўгай, бясконца доўгай ёлкі. Зніклі і слупы, і жэрдкі. Адно валяліся наўкол рэшткі таго, што нядаўна называлася агароджаю. Стары сабраў іх і кінуў пад хвою. Пасля моўчкі пастаяў, павярнуўся, цяжка ўздыхаючы, і паплёўся па сцежцы...

Другая, апошняя сустрэча чалавека, што насіў некалі вопратку з дубовым лісцем на пятліцах, з мурашамі адбылася незадоўга да ягонай смерці. Адзіны слупок, які ўцалеў ад наезду трактара, цяпер ледзь вытыркаўся з горкі-хаты. Яна зноўку мела правільную форму конуса і вырасла настолькі, што вяршыня раўнялася з плячыма чалавека. А дуга, што некалі то паяўлялася, то знікала па адным з бакоў горкі, цяпер злілася са сцежкаю, быццам бы апошняя ўсё жыццё была скрыўленаю ў гэтым месцы.

Чалавеку падалося, што знішчыць або хоць бы спыніць мурашоў наогул не пад сілу аніякай трасцы, і што гэтае іхняе зацятае баруканне на сваіх выпаленых уласнымі пякучымі выдзяленнямі пуцявінах можа прывесці да небяспекі - аднойчы мурашнік пахавае пад сабою ўвесь навакольны хвойнік.

Стары падумаў, што мурашы сваёю абыякавасцю і да зла, і да дабра, якія чыніць ім чалавек, дэманструюць сваю пагарду да апошняга. І ён размахнуўся сваім пружыністым моцным кіем, які змайстраваў сабе са ствала старога ядлоўца і без якога ўжо не здужаў хадзіць, і апусціў яго на маленькіх ганарліўцаў, што мітусіліся пад нагамі. Некалькі мурашоў брыкнулі на спіну, патузаліся, паварушылі лапкамі, перавярнуліся, знайшлі кожны свой груз і, нібыта нічога не здарылася, заспяшаліся да свайго жытла.


1995-2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая