epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Крэйдзіч

Партрэт

Стаўровіч вельмі шкадаваў, што забыўся прыхапіць цыгарэты. Ён заўсёды што-небудзь забываўся, бо па прыродзе сваёй быў чалавекам мітуслівым і не сабраным. Праўда, зацятым курцом яго ніхто са знаёмых назваць не мог. Закурваў, толькі калі вельмі расчульваўся, а гэта з ім здаралася з кожным годам усё радзей і радзей.

Цяпер, калі, здавалася, найлепей было б адкінуць лішнія, а тым больш гнятлівыя думкі і аддацца працы, яны - гэтыя думкі - наваліліся на яго з такою сілаю, быццам бы вырашылі ў адзін момант дагнаць прапушчанае. І тут яму закарцела моцна зацягнуцца хоць бы самай смярдзючай цыгарэткай. Стаўровіч ажно матнуў галавой і прыцмокнуў - дома ў шуфлядзе стала ляжаў, вабіў да сябе непачаты пачак ягоных любімых, балгарскіх...

Стаўровіч ніяк не мог зразумець, чым выкліканы гэты раптоўны наплыў меланхоліі, і ў рэшце рэшт падазраваў толькі аднаго віноўніка - ім, напэўна, быў стары восеньскі парк, які агортваў яго залаціста-рудой, з прымессю чырвона-барвовых плямін завірухай, гудзеў і стагнаў пад парывамі ветру галасамі ўпрыгожаных вялізнымі зорачкамі-лістамі клёнаў, жылістых скрыпучых вязаў, мускулістых прысадзістых дубоў, удумліва-інтэлігентных ясеняў...

 

Парк, трэба меркаваць, быў некалі дужа прыгожай, дагледжанай чалавечымі рукамі і чалавечым імкненнем да дасканаласці мясцінаю. А з часам ён як бы распалавініўся. Тая яго частка, што ўваходзіла ў рысу горада, выглядала больш-менш прыстойна: алея вымашчана бетоннымі прастакутнікамі сучаснага ўзору, па вечарах яе асвятлялі некалькі мігатлівых клюшак-ліхтароў, а на аблезлых сініх лаўках часта з'яўляліся маладыя пары. У гарачы летні дзень, дый у асенні, калі сонечна, іх маленькія квяцістыя постаці прыемна ўпісваліся ў велічны стракаты пейзаж.

Стаўровіч спыніўся са сваім цяжкаватым мальбертам у той палове парку, якая ў рысу горада не ўваходзіла і выгляд мела занядбаны да здзічэласці. Само ж месца, дзе ён стаяў перад чыстым бялюткім палатном і нервова пакусваў кончык тоненькага пэндзліка, праз некалькі дзесяткаў крокаў межавала з мігатліва-серабрыстаю стужкаю рэчкі, густым кустоўем арэшніку, вербалозу, а дзе-нідзе і някідкай, сарамліва-знябожанай крушыны.

Аднойчы, даўно, мастак трапіў сюды і прыкмеціў стары напаўразбураны мур. Тады даў сабе слова вярнуцца ў гэты забыты Богам і людзьмі кут і ўпрыгожыць выявамі таямнічых рэшткаў некалі грознай каменнай сцяны сваю чарговую карціну. Ён ніколькі не сумняваўся, што пейзаж у яго атрымаецца на славу. З некаторага часу ён наогул развучыўся пісаць дрэнныя рэчы, якія пасля саромеўся б выстаўляць у мастацкіх салонах.

Праўда, было ў гэтым яго трывалым, працяглым поспеху адно «але» (нібы закансерваваны да пары да часу вірус у жывым арганізме), якое цяпер быццам бы і без прычыны раптам балюча пранізала свядомасць і выклікала цэлую плойму пачуццяў, схіліла да пакутлівага роздуму.

Аднойчы Стаўровіч знайшоў у кнізе водгукаў на сваю чарговую выставу запіс, які тады хоць і не прыняў розумам, бо ледзь паспяваў адказваць на віншаванні і быў на сёмым небе ад шчасця, ды які ўсё ж пакінуў на сэрцы не проста бяскрыўдны след, а небяспечны, калі яго зачапіць, шрам. Цяпер шрам неспадзеўкі азваўся вострым болем.

«Шаноўны спадар Стаўровіч, - помніцца, гэтак пачынаўся запіс. - Да Вашых карцін камар носа не падточыць, выкананы па ўсіх законах жывапісання. Адразу бачна - тэхніка, майстэрства адточаны да дасканаласці. Толькі глядзець Вашыя карціны не хочацца. Не грэюць і не студзяць. А чаму - не ведаю. Яны ж досыць эмацыянальныя...»

Раней, калі ён толькі-толькі ўбіраўся ў сілу і пачынаў бачыць сябе асобаю ў мастацтве, гэты водгук неяк зацёрся, згубіўся ў лабірынтах свядомасці, забыўся за шматлікімі творчымі ды гаспадарчымі клопатамі, а цяпер вось усплыў, нібыта які няпрошаны госць. Памяць сэрца аказалася такі мацнейшаю за памяць розуму.

Каб неяк упарадкаваць думкі, канчаткова вызначыць для сябе, ці такая ўжо істотная тая тонка паднесеная заўвага, Стаўровіч вярнуўся ва ўспамінах да пачатку творчасці. Пакорпаўшыся ў памяці, выцягнуў адтуль адзін эпізод, і чым больш думаў пра яго, тым мацнела ў ім перакананасць, што згубіў нешта важнае не толькі ў творчасці, але і ў жыцці яшчэ тады, калі рабіў першыя крокі ў якасці мастака.

Дробка за дробкаю, Стаўровіч паслядоўна рэстаўрыраваў тую частку перажытага, якая павінна была дапамагчы адказаць на пытанне: наколькі рацыянальны і апраўданы злашчасны запіс у кнізе водгукаў?

Так. Быў час, калі Стаўровіч умеў плакаць. Гэты факт ніяк нельга абмінаць, бо ён можа стацца тым грунтам, ад якога трэба адштурхнуцца, каб знайсці адказ. Тады, калі ён яшчэ ўмеў плакаць, яму прыснілася прыгажосць. Па квяцістым лузе, дакладна такім, як каля хаты ягоных бацькоў, адно ярчэйшым і багацейшым на кветкі, да яго бегла зусім юная, свежая, як вецер, светлавалосая (валасы хвалямі ўздымаліся за плячыма), у лёгкай беласнежнай сукенцы, раскінуўшы для абдымкаў гуткія, што пруткі, рукі (так ён падумаў у сне) дзяўчына. Яна звонка-звонка смяялася, радая сустрэчы з ім, не толькі целам, але і вачыма мкнулася да яго, ды толькі чамусці ніяк не магла наблізіцца. Наадварот, з кожнай хвілінай усё аддалялася і аддалялася. Бегла да яго і ў той жа час няўмольна аддалялася. А можа гэта ён, ператварыўшыся ў парасонік-дзьмухаўца, адносіўся ад яе ветрам. Калі прачнуўся і пачаў да драбніц успамінаць тое, што прымроілася, па шчаках пабеглі гарачыя ручаінкі. О, які ён быў тады шчаслівы. Няўжо толькі з-за таго, што ўмеў плакаць?

Неўзабаве ў яго атрымалася цудоўная карціна. Яна таксама была падобная на сон. Узіраешся ў яе, і здаецца, - дзяўчына, што бяжыць па лузе, і праўда аддаляецца, а не набліжаецца да цябе. І яшчэ што цікава, твар яе напамінаў мастаку твар жонкі, які, праўда, прыкметна патлусцеў за гады сумеснага жыцця, дый сама яна пакруглела і можна было чакаць, што неўзабаве нехта востры на язычок абавязкова абзаве яе торбаю. А можа ён сам прыдумаў тую падобнасць, бо жонка нічога такога не прыкмеціла, толькі буркнула, маўляў, малюеш усякіх прастытутак, лепш бы хатаю заняўся... (Цяпер, калі збіраўся ў парк, зноў не ўтрымалася, каб не папракнуць: «Ты знарок сыходзіш куды-небудзь лайдакаваць, калі дома свет работы...»).

З той карціны, якую так і назваў - «Сон», і пачалося ягонае прызнанне як мастака.

Дзякуючы карціне Стаўровіч адчуў сваю моц і грунтоўна заняўся тэхнікаю малявання, бо быў напалову самавучкай. Хацеў дасягнуць дасканаласці, і, здаецца, дабіўся зайздроснага поспеху: пэндзлік у ягоных руках адчуў сябе гэтак упэўнена, быццам быў жывы...

Аддаючыся год за годам любімай працы, бадай, і не адыходзячы ад мальберта, Стаўровіч зусім не заўважыў, што развучыўся проста, па-чалавечы, з дзіцячай уражлівасцю глядзець на свет. І карціны згубілі тое важнае, што не дасць ніякая тэхніка. А можа прычына ў тым, што пасля той карціны ён занадта заўзята заняўся сваёю персонаю, і хоць шмат прыдбаў праз гэта, усё ж нешта і страціў. Ці, што таксама верагодна, жонка сваёю жалезабетоннай непрабіваемасцю вынішчыла ў ім дзіцячую чысціню думак, непасрэднасць, шчырую ўражлівасць?

Як бы там ні было, цяпер Стаўровіч у поўнай разгубленасці стаяў перад чыстым палатном, круціў заціснуты ў зубах танюткі пэндзлік. Пісаць пейзаж з мурам, расшчэпленым ствалом вяза, золатам восені і срэбрам ракі, якое ўпарта прабівалася праз густую сетку кустоўя, расхацелася канчаткова.

Ён раскаркаваў паўлітэрку ліманаду, што засталася ў дарожнай сумцы ад папярэдняга паходу на аб'ект, і толькі паспеў адчуць прыемнае пашчыпванне ў горле, як нібыта з-пад зямлі вырасла жанчына. Яна мела спіты твар, скуласты, азызлы, а замест румянцу на шчоках праступалі барвовыя плямы. Плечы як у мужчыны, рукі шырокія, пазногці на закарэлых пальцах цёмна-жоўтыя ад частага смалення.

- Мужык, - яна абвяла Стаўровіча няўцямным, з хмяльною павалокаю, поглядам. - Я пачакаю на той лаўцы, пакуль ты дап'еш, і вазьму ў цябе бутэльку. Ага?

- Ага, - абыякава згадзіўся Стаўровіч.

Жанчына ўселася на лаўку. Да яе падбег руды паскубаны сабака, абнюхаў парваную спадніцу, сеў каля нагі, якою яна нязлосна, а таму, відаць, не балюча таўханула яго.

Перад вачыма мастака сядзелі два бадзягі, і Стаўровіч злавіў сябе на думцы, што яны вельмі падобныя адно да аднаго. Нармальны чалавек, можа, на яго месцы паспяшаўся б хутчэй рэціравацца, знікнуць, буркнуўшы пад нос нешта накшталт «два боты - пара», а Стаўровіч паставіў на спарахнелы пянёк недапітую бутэльку, запэцкаў фарбамі і без таго густа заплямленую палітру, і над белым палатном хутка і ўпэўнена замільгацелі старыя, выпрабаваныя на дзесятках карцін пэндзлікі.

- Мужык, ну што, дапіў? - гукнула жанчына, працягваючы абаякава штурхаць сабаку ў аблезлы бок брудным гумавіком. - Га? Не дапіў? То дапівай, колькі чакаць цябе. Што? Памалюеш, а тады?.. Ты што, мастак? Ого. То памалюй, а я паліць буду... - і жанчына дастала з кішэні ватоўкі ёмісты, яшчэ не памяты бела-блакітны пачак «беламору», задыміла густа, як паравоз. А Стаўровіч усё завіхаўся над палатном, страціўшы пачуццё часу, а хутчэй за ўсё і пачуццё рэальнасці. І нават не заўважыў, што работа ішла як ніколі хутка і ладна.

Хвіліны ператварыліся ў гадзіны, а мастак, які б павінен даўно адчуць у руках і нагах стому ад працяглай напругі, нястомна тыцкаў пэндзлікамі ў палітру, нешта выводзіў імі на палатне, засяроджана пакусваючы вусны.

Жанчына аказалася цярплівай. Яна, ведама ж, не была ў палоне творчага экстазу, як Стаўровіч, а таму адчувала і час, і, наколькі дазваляў прытуплены хмелем розум, рэальнасць. Але гадзіна за гадзінаю сумленна чакала, не падганяючы болей і наогул не чапляючыся да мастака. Толькі раз-пораз кідала на яго няўцямны пагляд, доўга таропілася на ссутуленую вуглаватую постаць, быццам бы імкнучыся зразумець, чаму ён так доўга не дапівае ліманад. Адначасова жанчына высмыкала з кішэні беленькія трубачкі, гучна дзьмула ў іх, пасля твар засланяўся густым кудлатым дымам, а яшчэ крыху пазней пад нагамі большала яшчэ на адзін акурак. Толькі калі блакітна-белы пачак у кішэні ватоўкі апусцеў і быў злоўлены на ляту ўчэпістай галінкай шыпшыны, мужчынская постаць у жаночай спадніцы варухнулася, адкінула нагою рудога бадзягу на раскіслую чорную сцежку, пасунулася, ляпаючы шырокімі халявамі, да бутэлькі.

Стаўровіч ускінуў галаву і незадаволена-запытальна зірнуў на жанчыну. Тая спачатку сумелася, пашукала вачыма сабаку, нібыта ён мог яе падтрымаць, падбадзёрыць, заўважыла яго, і ўжо крыху з большай упэўненасцю ў голасе працягвала:

- Мужык, у мяне, бач ты, папяросы кончыліся... Адненькую, ага?

- Няма, дома засталіся, - ляпнуў Стаўровіч сябе па сцёгнах, шчыра шкадуючы, што не мае чым дапамагчы ні ёй, ні сабе. Хаця яму ўжо быццам бы і расхацелася паліць.

- То давай дапівай ды пасуну ў краму бутэльчыну. Або я дап'ю, калі не здужаеш. Яна каўтанула сліну, пасоўваючыся бліжэй да мастака. Мабыць, ад палення перасохла ў горле і самы час быў прамачыць яго хоць ліманадам.

- Бутэлькі не хопіць нават на «беламор»!.

- Ага, адной не хопіць. У мяне во шчэ адна, - жанчына ляпнула сябе даланёй па кішэні.

Стаўровіч усміхнуўся, глынуў з бутэлькі і працягнуў ёй рэшту.

Асушыўшы пасудзіну, жанчына шмарганула па вуснах зацёганым рукавом, крактанула, са словамі «Ну, і што ты тут намалякаў?» зайшла за мальберт, ажыла, павесялела.

- О-о-о, то ты праўда мастак. Гэта ж мо мяне намаляваў? Ты бачыш, а якая прыгожая. У мяне дома картачка ёсць, то там я копія во як тут - і маладзенькая, і пекная во такая, і ў белым... Хочаш, прынясу пакажу?

- Не, не хачу.

Жанчына доўга ўзіралася ў амаль завершаную каціну, і па нейкай адной ёй вядомай прычыне (можа, занадта напружвала вочы, а мо наплылі разам з успамінамі шчымлівыя пачуцці) беражкі яе павекаў пачырванелі, заблішчалі. З карціны на яе... Не, не на яе, а некуды ўдалеч глядзела натхнёным позіркам статная дагледжаная маладзіца. Яна сядзела на беласнежнай лаўцы, паклаўшы адну руку на яе спінку, а другою вітаючы некага далёкага, і ледзь улоўна ўсміхалася поўненькімі, сакавітымі вуснамі. Усё яе цела, твар, адкрытыя далікатныя рукі, здавалася, дыхалі свежасцю і жыццём. Пад нагамі прыгажуні згарнуўся калачыкам выкармлены дварняк, рыжая шорстка якога ажно свяцілася, нібы пафарбаваная бліскучымі сонечнымі промнямі. І ўсё гэта - на фоне гіганцкага асенняга парку і разбуранага, хоць і захаваўшага былую веліч, мура.

- От, бачыш, бываюць жа такія людзі. Гэтак цябе намалякае, што здаецца, глядзела б і глядзела. Ну, проста вачэй не адвесці. А я і праўда была такою, ага. Не думай, што маню. Я картачку магу...

Жанчына змоўкла, нейкая сіла прыдушыла ў ёй голас. Яна ціхенька абышла мальберт і пайшла. Відаць, у бліжэйшую краму па «беламор».

Тым часам сонца ўжо збіралася запаліць далягляд за блізкімі стваламі і далёкімі кронамі. Вецер неўпрыкмет сціх, і парк ад гэтага быццам бы пасур'ёзнеў. Дрэвы, здавалася, выраслі ўдвая, выцягнуліся, і стаялі самотныя і гордыя, нібы гіганцкія дзіды. Яшчэ якая гадзіна, і ў вечаровым паўзмроку яны будуць выглядаць пагрозліва.

Стаўровіч правёў неспадзяваную натуршчыцу паглядам, зірнуў на карціну, вакол сябе, угару, на схіленыя над галавой цёмныя вершаліны, адышоў колькі крокаў ад недапісанага партрэта, нарэшце паваліўся на мяккі дыван з толькі што апалых лісцяў і пажухлай травы, ляжаў і ўзіраўся ў ціхае-ціхае вечаровае неба. Цёплыя ручаінкі прабеглі па скронях, заблыталіся ў валасах, прыемна казытнулі вуха.

Парк засяроджана сачыў за чалавекам, маўчаў, баючыся парушыць ягоны шчаслівы спакой.


1995-2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая