epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Крэйдзіч

Перон для беспрытульных

Пасля працяглых халадоў было пацяплела. І вось зноў некалькі дзён запар марозіць і дуе калючы сцюдзёны вецер.

Лейтэнант міліцыі Алік Карчэўскі за ўсю дарогу ад райаддзела да чыгуначнага вакзала ні словам не перамовіўся са сваім калегай, старшым оперупаўнаважаным аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю Сцяпанам Няфёдам.

Моўчкі прыкурылі ад адной запальнічкі і гэтак жа моўчкі пыхкалі ў настылае паветра. Каб скараціць шлях, звярнулі ў незаасфальтаваны завулак. Разбітыя камякі гразі скамянелі на марозе, не ліплі да падэшваў, як некалькі дзён назад, але ісці па іх усё адно было нязручна. Нібы па раскіданым паўсюль каменні.

Алік захінуўся ад ветру высокім каўняром уцепленай мехавою падкладкаю курткі. Начальнік зноў выпер іх з цёплага абкуранага кабінета лавіць «тарбешнікаў» - гэтак звных дробных кантрабандыстаў, што скупляюць у крамах кілбасу, вэнджаныя кумпячкі, сыр і нават малако ў літровых цыратовых мяшэчках і вывозяць усё гэта за мяжу, дзе перапрадаюць па даражэйшых цэнах. Прыдумаў жа нехта тыя праклятыя межы. Раней была адна вялікая краіна з аднолькавымі паўсюль цэнамі. Дык во парэзалі, пакраілі на часткі, пааддзяляліся, напладзілі гэтых трутняў-чаўнакоў. Нічога дзеля сваёй краіны не робяць, сядзяць на гарбу ў сваіх жа суайчыннікаў, спусташаюць крамы, дбаюць адно пра сябе, набіваюць кашалькі. А яму, Аліку, лаві іх, псуй нервы за мізэрную зарплату, нажывай сабе ворагаў. Сышоў бы куды з гэтай абрыдлай, няўдзячнай працы, з-за якой не аднаго крэўнага ворага займеў, ды, як сказаў аднойчы начальнік, хто іх пасля двух-трох гадоў службы ў гэтым аддзеле куды возьме на больш-менш прыстойную працу. Адных кіраўнікоў яны штрафавалі, на іншых заводзілі крымінальныя справы... Тыя, праўда, зазвычай адкручваліся, а такія, як ён, шараговыя службоўцы, запісваліся імі ў чорны спіс заклятых ворагаў. Кіраўнікоў зліць, калі пачынаеш пад іх капаць, бо, лічаць яны, без парушэнняў сёння ніяк нельга добра гаспадарыць. І вось атрымліваецца, што мяшаюць ім эфектыўна весці вытворчыя справы якраз яны, праваахоўнікі, якія, нічога не разумеючы, лезуць, куды іх не просяць. Во папаў дык папаў... А тут яшчэ кватэру абяцаюць. У цешчынай двухпакаёўцы цесна з дзіцём-немаўляткам. Трэці год чакаюць жыллё, а яго ўсё не даюць і не даюць. І невядома, калі дадуць, хоць і абяцалі, як запрашалі на працу, сама больш праз паўгода-год. Два аднакласнікі даўным-даўно атрымалі ад завода трохпакаёўкі, трэці - муляр будаўнічай арганізацыі - вунь, чатырохпакаёўку адхапіў. Жывуць сабе прыпяваючы, без стрэсаў, без трывог, гарэлку пасмоктваюць, часам ганяюць, заліўшы бельмы, жонак па раскошных сваіх харомах, а тыя толькі гладчэюць ды свяжэюць. Тым часам ён, прыстойны, адукаваны грамадзянін, паслухмяны, клапатлівы муж, абаронца інтарэсаў дзяржавы, павінен вось гэтак гібець у цеснаце і беднасці. Той аднакласнік, што ў будаўнічай арганізацыі, працуе вахтавым метадам (дзень на рабоце, два - дома) і, аказваецца, таксама камерцыяй грашыць. Учора якраз злавіў его на пероне з велізарнымі бауламі. Але пашкадаваў, адпусціў. Аднакласнік усё ж. А сёння ад начальства такога прачуханча меў - ніводнага пратакола не прынёс, - што цяпер ніяк нельга вярнуцца без «улову». Іначай адразу сядай і пішы рапарт аб звальненні ды зубы на паліцу кладзі.

Вакзал - сіратлівы буданчык за горадам, наводшыбе - здалося, паявіўся надта хутка, нечакана. Тут вецер яшчэ мацней апякаў твар. Рука, у якой сціскаў папку з чыстымі бланкамі пратаколаў, прыхалола нават у пальчатцы. На бетонных плітах перона спыніліся, агледзеліся. З абкладзеных пабеленаю цэглаю клумбаў тырчэлі высахлыя сцябліны ці то кветак, ці зелля. Людзей было няшмат, а галоўнае, побач з імі не ўзвышаліся прычэпы-паклажы.

Першым прамоўленым Алікам словам было: «Колькі?»

- Яшчэ дваццаць хвілін, - быў гэткі ж сухі, ледзь выціснуты з пасінелых вуснаў, адказ.

- Зноў недаспаць прыйдзецца, - незадаволена прабурчэў Алік.

Ранічкою, недзе а палове пятай наступнага дня, на станцыі спыняўся яшчэ адзін «іхні», як яны называлі, цягнік. Да пачатку работы можна было падбегчы да яго і налавіць «жучкоў», г. зн. парушальнікаў, тым больш, што якраз гэтым цягніком звычайна і ездзяць тыя, на каго яны палююць. Невыпадкова ў народзе яго празвалі «таварняком».

Па-першае, у такі час яшчэ зусмім цёмна, і можна непрыкмечаным выскачыць з кустоў і шуснуць у вагон, па-другое, менты сама што спяць, і нават хавацца няма патрэбы. Рэдкія ранішнія аблавы звычайна прыносілі багаты ўлоў. Але ж трэба ўставаць пасярод ночы, у тры гадзіны. Добра яшчэ, калі дзіця дасць крыху паспаць, а калі раскрычыцца, калі давядзецца да поўначы гушкаць-супакойваць яго. І пасля гэтага, змучанаму, пешшу па сабачым холадзе плесціся на гэты ненавісны вакзал? Не, лепш пра такое і не думаць. Эх, як было добра ў школе, у інстытуце...

Штуршок у спіну перабіў думкі-перажыванні.

- Глядзі, - Сцяпан паказаў вачыма на жоўты «Мерседэс», з якога выскачыла жвавая дамачка ў паўкажушку і джынсах.

Вось яна агледзелася, нырнула ў салон, выцягнула вялізны паласаты баул. Вось дастала з багажніка другі. «Мерседэс» буксануў коламі па слізкім цвёрдым таку і знік гэтак жа хутка і нечакана, як і з'явіўся.

- Гэтыя жанчыны па цягавітасці вартыя трох здаравенных мужыкоў, - заўважыў усхваляваны, як кот, што сочыць за мышкаю, Сцяпан, не адрываючы позірку ад жанчыны-мішэні.

Тым часам мініяцюрная маладзіца, нібы мураш, цягнула да перона вялізныя і, па ўсім відаць, цяжкія торбы. Кожны крок адбіваўся на яе твары пакутаю. Яна крывіла вусны, моршчылася, але спыняцца і не думала. Во ўпартасць, во сіла волі, каб гэтак на дзяржаўнай працы шчырава.

- Бяжы, цягнік на падыходзе.

Алік падбег.

- Вам памагчы? - і выцягнуў з нагруднай кішэні чырвонае пасведчанне.

Яна ўскінула аніколькі не спалоханыя, хутчэй гарэзлівыя, вялікія і выразныя вочы.

- Алік? - разгубілася хіба на якое імгненне. А тады неяк самотна ўсміхнулася ўсім тварам, уздыхнула: - Ну, вось і сустрэліся...

Ён нейкі час стаяў з паднятым да грудзей пасведчаннем. Паўз іх прагрукацеў, запавольваючы бег, цеплавоз, мільганулі першы, другі, трэці... вагоны.

- Вой, і пагаварыць некалі, - яна ўпэўнена хапілася за сумкі.

- Не спяшайцеся, прыехалі. - Гэта падышоў Сцяпан і таксама прадэманстраваў чырвоную кніжачку. - Паказвайце, што ў сумках.

- Сцяпан Сцяпанавіч, аднакласніца. - Алік злавіў сябе на здагадцы, што глядзіць на кампаньёна ўмольнымі вачыма, нібы ўпрошвае, каб той дазволіў адпусціць жанчыну.

- Учора аднакласнік, сёння аднакласніца. Хопіць. - І да яе: - што стаіце, адкрывайце сумкі.

Цягнік усё яшчэ не крануўся з месца. За трыма постацямі сачыла з вышыні, з тамбура плацкартнага вагона правадніца. Сачыла спакойна, відаць, прывыкла бачыць такое не толькі на гэтай невялічкай станцыі.

Затрыманая, адчуўшы, што з ёю не збіраюцца жартаваць, бліснула звужанымі вочкамі, перасмыкнула вуснамі, задрыжала, нібы рыхтуючыся да нападу, зрабілася падобнай да ашчэранага звярка.

- Што ж вы, сволачы, вырабляеце, што вам ад мяне трэба! - Яна не пыталася, проста крычала. - Што вы ўсё блытаецеся пад нагамі, жыць мяшаеце. Думаеце, з раскошы цягаю гэтыя праклятыя баулы, думаеце лёгка мне. Не нажывацца ж еду, а каб выжыць, выжыць... Алік, ну скажы яму, скажы...

- Па вашай апратцы нешта не бачна, што выжыць. - Сцяпан і не збіраўся саступаць.

- А што ж мне, па вашаму, у лахманах хадзіць? - Цяпер яе твар скрывіўся нібыта ад болю. У гэтым выразе было ўсё: і разгубленасць, і страх, і нянавісць, і роспач, і маленне... Хацела нешта яшчэ сказаць, але вусны дрыжэлі гэтак моцна, што словы аб іх разбіваліся, растрэсваліся імі, і яна заплакала.

...Некалі ў іх быў раман. Юначы, школьны. Яны нават збіраліся пажаніцца. Пра іх адносіны ведалі не толькі бацькі, але і ўся вёска. Вяселле меркавалася згуляць пасля вяртання Аліка з войска. Здавалася б, невялікі тэрмін - паўтара года. Ды дзявочай вернасці толькі на год хапіла. А тады раптам, ніхто і здзівіцца не паспеў, выскачыла за гарадчука, што прыязджаў на лета да сваякоў, пераехала ў горад. Праз шэсць месяцаў пасля вяселля нарадзіла. Людзі казалі, што доўга яна з тым дурнаватым не нажыла. Разбэшчаны бацькамі і лёгкім, разгульным жыццём муж трымаў яе за хатнюю прыбіральшчыцу, часам распускаў рукі, і яна сышла, развялася, перабралася нібыта на прыватную кватэру.

Толькі цяпер да Аліка, нарэшце, дайшло, чаму яго былая каханая пакінула школу, настаўніцтва, і з галавою акунулася ў небяспечную камерцыю. Успомніў, як нехта ў вёсцы, ужо і забыў, хто, казаў, нібыта яна збіраецца купляць у горадзе двухпакаёўку. Маўляў, няхай усе ўбачаць, чаго варты ён, які і па сённяшні дзень жыве з бацькамі, і яна, у якой і дзіця дагледжана, на адны пяцёркі вучыцца, і зайздроснае жытло з усімі выгодамі займела, і ўся абстаноўка ў тым жытле шыкоўная. Дык вось што, аказваецца, штурхае яе на вярблюджую працу і рызыку. Вось яно якое, яе выжыванне. Можа, каб менш было ў ёй гонару, каб умела цярпець знявагі, саступаць, перамоўчваць, як шмат якія жанкі, дык і жыла б сабе да скону сямейным жыццём. Але не той характар, ведае сабе цану. І, мабыць жа, тут сапраўды ёсць што цаніць.

Алік, магчыма, яшчэ захоўваў да яе нейкія пачуцці. Але не настолькі, каб з-за іх цяпер бараніць былую сваю каханаю цаною ўласнага дабрабыту. Не дай Божа, начальнік дазнаецца, што ён стаў на бок парушальніцы, у лепшым выпадку аблае і аб'явіць вымову, у горшым - вытурыць з работы. Хутчэй за ўсё, яму свеціць апошняе. Але ж і караць яе нібыта нешта не давала. Якраз у гэты момант лезлі ў галаву іх сустрэчы за вёскаю, ля крыніцы, першыя пацалункі, цёплыя густыя туманы, якія, як тады здавалася, закрывалі іх ад чужога вока... Ды што цяпер пра гэта думаць. Цяпер у яго сям'я, дзеці. Вось пра каго трэба дбаць найперш. Не такі ўжо ён невыпраўны летуценнік, каб тое юначае захапленне, якое, да ўсяго, ужо мала хвалявала, зусім адабрала розум, змусіла паступіцца здабыткамі цяжкою, спрэс не нервах і стрэсах, працаю, выгодамі, ці, дакладней, яшчэ толькі надзеямі на тыя выгоды, найперш на кватэру.

І ўсё ж... Яе бацькі сябруюць з ягонымі. Памагаюць адно аднаму, не раўнуючы, нібы самыя блізкія сваякі. Як яны хацелі парадніцца, як шкадавалі, што раскідалася вяселле. І цяпер адносяцца да яго, як да роднага. Што яны скажуць, калі даведаюцца (а даведаюцца ж, абавязкова даведаюцца), што ён, іх любімы Алік, зрабіў іх і без таго няўдачлівую дачку злачынцай. Значыць, толькі прытвараўся, што не трымае зла. Гэты гандаль, якім яна займаецца, у вёсцы не лічаць нечым надта заганным, адносяцца да такога занятку па-філасофску, маўляў, трэба ж неяк жыць. А камерцыяй цяпер не займаецца хіба што самы лянівы. Канечне ж, яны расцэняць яго прынцыповасць як помсту. Помсту за былую знявагу, за здраду дачкі. Уся вёска загаворыць, загудзе, хоць да бацькоў не прыязджай. Скажуць, ага, знайшоў Алік сякеру пад лаўкай. Як бач прысуд вынесуць, без пракурораў і адвакатаў - не адмыешся. Бацькоў, напэўна, пачнуць заступаць на кожным кроку. Эх, чаму ён не нарадзіўся ў горадзе. Хоць бы ў такім маленькім, у якім жыве цяпер. А яшчэ лепш, у вялікім, у гмаху на сотні кватэр, дзе нават суседзі па лесвічнай пляцоўцы нічога адно пра аднаго не ведаюць, не трэба ні на каго азірацца. Тут жа - уся вёска, нібы адна сям'я. Яшчэ і з пакалення ў пакаленне будуць перадаваць гэтую, канечне ж, па-свойму вытлумачаную, гісторыю.

Думкі наплывалі і наплывалі, а рашэнне трэба было прымаць імгненна, зараз жа, не марудзячы. Няма гарантыі, што Сцяпан змаўчыць у аддзеле.

Цягнік тым часам грукнуў коламі, адкаціўся крыху назад, правадніца спытала, ці зачыняць ёй дзверы, жанчына хапілася за сумкі, ірванулася да вагона. Сцяпан дагнаў, схапіў яе за руку, крыкнуў: «Алік, ну што ты стаіш?» - і кінуў раз'юшаны пагляд.

Алік падбег і схапіў яе за другую руку.

Імгненне, і цягнік ужо грукацеў, набіраў разгон, замільгалі вагоны...

- Бярыце мае рукі, бярыце, надзеньце на іх наручнікі. - Палонніца цягнула да іх свае ручаняты, істэрычна крычала, плакала, на Аліка не глядзела, нібы ігнаравала, а калі часам кідала пагляд, дык нічога, акрамя пагарды, у ім нельга было прачытаць.

- Трэба будзе, і наручнікі адзенем. - Сцяпан яшчэ не аддыхаўся, але гаварыў спакойна, яго эмоцыі - чые б яны ні былі - не хвалявалі, як, зрэшты, мала хвалявалі яны і Аліка. Ён толькі шкадаваў, што адпусціў учора аднакласніка...


1995-2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая